Image: Theme 'Citizenship and Participation' by Pancho

Што такое грамадзянскасць?

Традыцыі грамадзянскасці і адносіны да яго мяняюцца на працягу гісторыі і ва ўсім свеце ў залежнасці ад краін, гісторый, супольнасцей, культур і ідэалогій, а іх разнастайнасць прыводзіць да розных разуменняў канцэпцыі грамадзянскасці.

Быць добрым чалавекам і добрым грамадзянінам – не заўсёды тое ж самае.
Арыстоцель

Грамадзянскасць паходзіць са Старажытнай Грэцыі, дзе «грамадзянамі» былі тыя, хто меў законнае права ўдзельнічаць у справах дзяржавы. Аднак гэта не значыць, што кожны быў грамадзянінам: рабы, сяляне, жанчыны або іншаземцы лічыліся падданымі. Для тых, хто меў прывілеяваны статус грамадзяніна, ідэя «грамадзянскай дабрачыннасці», або разуменне таго, што такое «добры» грамадзянін, была важнай часткай канцэпцыі, паколькі ўдзел разглядаўся не толькі як права, а таксама, і перш за ўсё, як абавязак. Грамадзянін, які не выконваў свае абавязкі, лічыўся чалавекам, які падрывае асновы грамадства.

Грамадзянства – гэта складаная і мнагамерная рэчаіснасць, якую трэба разглядаць у палітычным і гістарычным кантэксце… Дэмакратычная грамадзянскасць, у прыватнасці, азначае актыўны ўдзел індывідуумаў у сістэме правоў і абавязкаў, што з’яўляецца лёсам грамадзян у дэмакратычных супольнасцях.
Кансультатыўная сустрэча па праграме Савета Еўропы «Выхаванне дэмакратычнай грамадзянскасці», 1996 г.

Гэта канцэпцыя грамадзянскасці адлюстроўваецца таксама і ў сённяшнім найбольш агульным разуменні грамадзянскасці, якое звязана з юрыдычнымі адносінамі паміж індывідуумам і дзяржавай. Большасць людзей у свеце з’яўляюцца юрыдычнымі грамадзянамі адной ці іншай дзяржавы, і гэта дае ім пэўныя прывілеі і правы. Статус грамадзяніна таксама накладае пэўныя абавязкі з пункту гледжання таго, што дзяржава чакае ад індывідуумаў, якія знаходзяцца пад яе юрысдыкцыяй. Такім чынам, грамадзяне выконваюць свае абавязкі перад дзяржавай, а ўзамен могуць чакаць, што яна будзе абараняць іх жыццёвыя інтарэсы.

Аднак канцэпцыя грамадзянскасці мае значна больш значэнняў, чым проста юрыдычнае грамадзянства. Сёння «грамадзянскасць» – гэта не толькі юрыдычныя адносіны. Яна звязана, апрача іншага, з асабістым пачуццём прыналежнасці, напрыклад прыналежнасці да супольнасці, якое вы можаце фарміраваць і на якое можаце непасрэдна ўплываць.

Такую супольнасць людзей можна вызначыць праз яго розныя аспекты, напрыклад, агульны маральны кодэкс, аднолькавы набор правоў і абавязкаў, вернасць сумеснай цывілізацыі або пачуццё ідэнтычнасці. У геаграфічным сэнсе «супольнасць» звычайна вызначаецца па двух галоўных узроўнях, калі праводзіцца адрозненне паміж мясцовай супольнасцю, дзе чалавек жыве, і дзяржавай, да якой людзі належаць.

У адносінах паміж асобным чалавекам і грамадствам можна адрозніваць чатыры вымярэнні, якія суадносяцца з чатырма падсістэмамі, характэрнымі для грамадства і важнымі для яго існавання: палітычнае/юрыдычнае вымярэнне, сацыяльнае вымярэнне, культурнае вымярэнне і эканамічнае вымярэнне.1

Палітычнае вымярэнне грамадзянскасці адносіцца да палітычных правоў і абавязкаў у межах палітычнай сістэмы. Развіццё гэтага вымярэння павінна дасягацца дзякуючы веданню палітычнай сістэмы і прасоўванню дэмакратычных поглядаў і навыкаў удзелу.

Сацыяльнае вымярэнне грамадзянскасці звязана з паводзінамі паміж індывідуумамі ў грамадстве і патрабуе пэўнай ступені лаяльнасці і салідарнасці. Для развіцця гэтага вымярэння неабходны сацыяльныя навыкі і веданне сацыяльных адносін.

Да культурнага вымярэння грамадзянскасці адносіцца ўсведамленне агульнай культурнай спадчыны. Гэта культурнае вымярэнне павінна развівацца на аснове ведання культурнай спадчыны і гісторыі, а таксама базавых навыкаў (веданне мовы, уменне чытаць і пісаць).

Эканамічнае вымярэнне грамадзянства датычыцца да ўзаемаадносін паміж індывідуумам і рынкам працы і спажывання. Пад гэтым маецца на ўвазе права на працу і мінімальны ўзровень існавання. Ключавую ролю ў рэалізацыі эканамічнага вымярэння адыгрываюць эканамічныя навыкі (звязаныя з працай і іншай эканамічнай дзейнасцю) і прафесійная падрыхтоўка. Image: Chair - dimensions of citiizenship 

Гэтыя чатыры вымярэнні грамадзянскасці рэалізуюцца праз працэсы сацыялізацыі, якія адбываюцца ў школе, у сем’ях, грамадзянскіх арганізацыях, палітычных партыях, а таксама праз асацыяцыі, СМІ, сацыяльнае акружэнне і групы равеснікаў.
Гэтак жа, як і ў стула ёсць чатыры ножкі, кожны чалавек павінен умець рэалізоўваць гэтыя чатыры вымярэнні збалансавана і аднолькавым чынам, інакш поўная грамадзянскасць не будзе збалансаванай.

Пытанне: Якія пачуцці прыналежнасці вы маеце?

Калі мы з’яўляемся часткай супольнасці мы можам на яе ўплываць, прымаць удзел у яе развіцці і садзейнічаць яе дабрабыту. У сувязі з чым грамадзянскасць таксама разумеецца, як і практыка – практыка ажыццяўлення актыўнай ролі ў нашым грамадстве. Такі ўдзел можа ажыццяўляцца ў нашым непасрэдным акружэнні, у фармальнай ці нефармальнай сацыяльнай групе, у нашай краіне або ва ўсім свеце. Паняцце актыўнага грамадзянства падразумявае дзейнасць, накіраваную на ўдасканаленне сваёй супольнасці дзякуючы ўдзелу для паляпшэння жыцця для ўсіх членаў гэтай супольнасці. Дэмакратычная грамадзянскасць – цесна звязаная з гэтым канцэпцыя, у якой падкрэсліваецца вера ў тое, што грамадзянскасць павінна быць заснавана на дэмакратычных прынцыпах і каштоўнасцях, такіх як плюралізм, павага чалавечай годнасці і вяршэнства права.

Пытанне: Ці можаце вы лічыць сябе актыўным грамадзянінам?

Грамадзянскасць, удзел і правы чалавека

Кожны чалавек мае права свабодна ўдзельнічаць у культурным жыцці супольнасці, атрымліваць асалоду ад мастацтва, а таксама ўдзельнічаць у навуковым прагрэсе і карыстацца яго выгадамі.
УДПЧ, артыкул 27

У артыкуле 15 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека прызнаецца права на грамадзянства, права змяняць сваё грамадзянства і права не быць пазбаўленым грамадзянства. Права на грамадзянства пацвярджаецца ў многіх іншых міжнародных дакументах, у тым ліку ў Еўрапейскай канвенцыі Савета Еўропы аб грамадзянстве (1997 г.). У кантэксце міжнародных норм «нацыянальнасць» і «грамадзянства» звычайна выкарыстоўваюцца як сінонімы. Гэта датычыцца і вышэйзгаданай Канвенцыі, у Тлумачальным дакладзе4 якой падкрэсліваецца: нацыянальнасць «…адносіцца да канкрэтных юрыдычных адносін паміж індывідуумам і дзяржавай, якія прызнаюцца гэтай дзяржавай. …у дачыненні да дзеяння гэтай Канвенцыі тэрміны «нацыянальнасць» і «грамадзянства» з’яўляюцца сінанімічнымі».

У артыкуле 15 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека прызнаецца права на грамадзянства, права змяняць сваё грамадзянства і права не быць пазбаўленым грамадзянства. Права на грамадзянства пацвярджаецца ў многіх іншых міжнародных дакументах, у тым ліку ў Еўрапейскай канвенцыі Савета Еўропы аб грамадзянстве (1997 г.). У кантэксце міжнародных норм «нацыянальнасць» і «грамадзянства» звычайна выкарыстоўваюцца як сінонімы. Гэта датычыцца і вышэйзгаданай Канвенцыі, у Тлумачальным дакладзе4 якой падкрэсліваецца: нацыянальнасць «…адносіцца да канкрэтных юрыдычных адносін паміж індывідуумам і дзяржавай, якія прызнаюцца гэтай дзяржавай. …у дачыненні да дзеяння гэтай Канвенцыі тэрміны «нацыянальнасць» і «грамадзянства» з’яўляюцца сінанімічнымі».
Хаця кожная краіна мае права вырашаць, хто з’яўляецца яе грамадзянамі і якія правы і абавязкі яны маюць, міжнародныя дакументы ў галіне правоў чалавека ўстанаўліваюць некаторыя абмежаванні адносна суверэнітэту дзяржавы ў тым, што датычыцца рэгулявання грамадзянства. Дакладней кажучы, такія ўсеагульныя прынцыпы ў вобласці правоў чалавека, як недыскрымінацыі і прынцып пазбягання адсутнасці грамадзянства, абмяжоўваюць паўнамоцтвы дзяржавы ў дачыненні грамадзянства.

Удзел у палітычным і культурным жыцці з’яўляецца фундаментальным правам чалавека, прызнаным у шэрагу міжнародных дамоўленасцей у галіне правоў чалавека, пачынаючы з Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, у якой прадугледжваецца права на ўдзел у кіраванні дзяржавай і свабодных выбарах, права ўдзельнічаць у культурным жыцці супольнасці, права на мірныя сходы і аб’яднанні і права ўступаць у прафсаюзы. Удзел – гэта асноўны прынцып правоў чалавека, а таксама ўмова для эфектыўнай дэмакратычнай дзяржаўнасці для ўсіх людзей.

Удзел – гэта адзін з кіруючых прынцыпаў Канвенцыі аб правах дзіцяці. У дадзеным дагаворы гаворыцца, што ўсе дзеці (усе людзі ва ўзросце да 18 гадоў) маюць права на тое, каб быць пачутымі дарослымі, калі апошнія прымаюць рашэнні ў адносінах да іх, а іх погляды павінны належным чынам быць прыняты да ўвагі ў адпаведнасці з узростам і сталасцю дзіцяці. Яны маюць права на свабоднае выказванне сваіх думак, а таксама атрымліваць і дзяліцца інфармацыяй. Канвенцыя прызнае патэнцыял дзяцей у тым, каб уплываць на прыняцце рашэнняў у дачыненні да іх, абменьвацца меркаваннямі і, такім чынам, удзельнічаць як грамадзяне і ініцыятары змен.

Без усёй сукупнасці правоў чалавека цяжка, а можа і зусім немагчыма, забяспечыць удзел. Дрэннае здароўе, нізкі ўзровень адукацыі, абмежаванні ў адносінах да свабоднага выказвання сваіх меркаванняў, беднасць і г. д. – усё гэта ўплывае на нашу магчымасць прымаць удзел у працэсах і структурах, якія закранаюць нас і нашы правы. У роўнай ступені без удзелу цяжка забяспечыць многія правы чалавека. Менавіта дзякуючы ўдзелу мы можам пабудаваць грамадства, заснаванае на правах чалавека, развіваць сацыяльную згуртаванасць, дабіцца таго, каб наш голас быў пачуты кіраўнікамі, дасягнуць змен і ўрэшце стаць суб’ектамі, а не аб’ектамі свайго ўласнага жыцця.

Пытанне: Якія формы далучэння да жыцця грамадства і ўдзелу ў ім, акрамя галасавання на выбарах, магчымы для звычайнага грамадзяніна?

Ажыццяўленне грамадзянскасці

Кожны чалавек мае права прымаць удзел у кіраванні сваёй краінай непасрэдна або праз свабодна выбраных прадстаўнікоў.
УДПЧ, артыкул 21

Шматлікія дыскусіі ў дачыненні да грамадзянскасці прысвечаны праблеме нізкага далучэння і ўдзелу ў працэсах дэмакратычнага грамадства. Усё часцей узнікае ўсведамленне таго, што перыядычнае галасаванне грамадзянамі з’яўляецца недастатковым для таго, каб, напрыклад, дабіцца ад кіраўнікоў поўнай справаздачнасці ў прамежкавы перыяд або садзейнічаць разуменню сваіх паўнамоцтваў сярод звычайных грамадзян. Акрамя таго, нізкі ўзровень яўкі на выбарах сведчыць пра палітычную апатыю сярод насельніцтва, што сур’ёзна падрывае эфектыўнае функцыянаванне дэмакратыі.

Кожны чалавек мае права на свабоду мірных сходаў і аб’яднанняў.
УДПЧ, артыкул 20

Занепакоенасць таксама выклікаюць тыя індывідуумы, якія па нейкім прычынам не маюць усе выгады, звязаныя з грамадзянствам. Адным з вынікаў гэтага з’яўляецца захаванне дыскрымінацыі ў грамадстве: групы меншасцей вельмі часта фармальна могуць мець грамадзянства ў краіне, дзе яны пражываюць, але ўсё роўна не ўдзельнічаць у поўнай меры ў жыцці гэтага грамадства.

Другі аспект праблемы – наступствы глабалізацыі, якая ўключае новыя формы працы і міграцыі, у выніку якой значная колькасць людзей ва ўсім свеце пражывае за мяжой і не можа прэтэндаваць на афіцыйнае грамадзянства. Сярод такіх людзей могуць быць працаўнікі-імігранты, бежанцы, тыя, хто часова пражываюць у краіне, і нават тыя, хто вырашыў выбраць іншую краіну ў якасці пастаяннага месца жыхарства.

Пытанне: Ці павінны працаўнікі-імігранты прэтэндаваць на права на пэўныя прывілеі, звязаныя з грамадзянствам, або нават і на афіцыйнае грамадзянства?

Па ацэнках, 70 000–80 000 цыганоў па ўсёй Еўропе з’яўляюцца асобамі без грамадзянства.5 

Трэці аспект – пытанне адсутнасці грамадзянства. І хаця права на грамадзянства гарантуецца на падставе міжнароднага права ў галіне правоў чалавека, мільёны людзей ва ўсім свеце не з'яўляюцца грамадзянамі ніякай краіны. Па даных Упраўлення Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па справах бежанцаў, Агенцтва ААН па справах бежанцаў, у канцы 2010 года налічвалася 12 мільёнаў асоб без грамадзянства. Адсутнасць грамадзянства часта з'яўляецца вынікам распаду краін, як гэта было з Савецкім Саюзам або Югаславіяй, але сярод асоб без грамадзянства могуць быць перамешчаныя асобы, выключаныя мігранты і тыя, чыё нараджэнне не было зарэгістравана ўладамі.

Ідэя грамадзянскага ўдзелу ў нечым падобна да таго, як ядуць шпінат: у прынцыпе ніхто не супраць гэтага, бо гэта лічыцца карысным для вас.6
Шэры Р. Арнстэйн

Формы ўдзелу

Удзел грамадзян у кіраванні сваёй краінай разглядаецца як краевугольны камень дэмакратыі, і гэта можа ажыццяўляцца праз розныя механізмы, у розных формах і на розных узроўнях. Было распрацавана некалькі мадэлей удзелу, сярод якіх самай першай і, верагодна, самай вядомай была «лесвіца ўдзелу» Шэры Арнстэйн (1969 г.).

Арнстэйн вылучыла восем узроўняў удзелу, пры гэтым кожны з іх адпавядае адной ступені лесвіцы, калі ў адным яе канцы існуе неістотны ўдзел або ён зусім адсутнічае, а ў другім канцы – форма, для якой характэрна поўнае кіраўніцтва з боку грамадзян. Чым вышэй вы знаходзіцеся на лесвіцы, тым больш паўнамоцтваў вы маеце ў вызначэнні вынікаў. На дзвюх ніжніх ступенях – маніпуляцыя і тэрапія – удзел адсутнічае, і іх трэба пазбягаць. Наступныя тры ступені – інфармаванне, кансультацыя і прымірэнне – з’яўляюцца сімвалічнымі; яны даюць магчымасць грамадзянам выбіраць і быць пачутымі, але іх погляды могуць належным чынам не ўлічвацца ўладамі. Апошнія тры ступені – партнёрства, дэлегаваныя паўнамоцтвы і кантроль грамадзян – уяўляюць сабой сапраўдную ўладу грамадзяніна і найбольш поўную форму грамадзянскага ўдзелу.

Правы ў параўнанні з рэчаіснасцю

Супольнасці цыганоў зведваюць пастаянную дыскрымінацыю ў многіх частках Еўропы. У некаторых выпадках цыганам адмаўляюць у атрыманні грамадзянства тых краін, дзе яны пражываюць. Калі ў 1990-х гадах распаліся Чэхаславакія і Югаславія, некаторыя цыганы засталіся без грамадзянства, бо дзяржавы-пераемнікі лічылі, што яны адносяцца да іншых краін, і прымянялі заканадаўства, паводле якога ім адмаўлялася ў атрыманні грамадзянства. Акрамя таго, бацькі-цыганы, якія не маюць грамадзянства і імігравалі ў іншую краіну, часта не маглі зарэгістраваць сваіх дзяцей, нават нягледзячы на тое, што такія дзеці маюць права на атрыманне грамадзянства згодна з міжнародным правам. У выніку гэтыя дзеці не маюць доступу да некаторых сваіх фундаментальных правоў, такіх як права на ахову здароўя ці адукацыю. З аналагічнымі праблемамі могуць сутыкацца іншыя супольнасці, якія вядуць качавы лад жыцця, напрыклад вандроўнікі ў Злучаным Каралеўстве.
І нават тады, калі цыганы фармальна прызнаюцца грамадзянамі, яны могуць быць выключаны з удзелу ў сваіх супольнасцях у поўнай меры і на практыцы з імі абыходзяцца як з грамадзянамі другога сорту ў сувязі з шырока распаўсюджанай дыскрымінацыяй і прадузятасцю.

Дзяржавы-ўдзельнікі прызнаюць правы дзіцяці на свабоду аб’яднанняў і мірных сходаў.
Канвенцыя аб правах дзіцяці

Мадэль Арнстэйн была далей развіта Роджэрам Хартам і адаптавана да праблем удзелу дзяцей і моладзі. Харт заяўляў, што ўдзел з’яўляецца асноўным правам грамадзянства7, таму што менавіта так можна даведацца пра значэнне статусу грамадзяніна і спосабы ім стаць. Маладзёжны ўдзел можа таксама разглядацца як форма партнёрства паміж моладдзю і дарослымі. Існуюць розныя ступені таго, як моладзь можа прымаць удзел або браць на сябе адказнасць, што залежыць ад мясцовай сітуацыі, рэсурсаў, патрэб і ўзроўню вопыту. «Лесвіца ўдзелу» Харта адлюстроўвае розныя ступені ўдзелу дзяцей і моладзі ў праектах, арганізацыях і супольнасцях. Існуюць восем узроўняў маладзёжнага ўдзелу:

Зямля – адна краіна, а чалавецтва – яе грамадзяне.
Бахаула

Ступень 8: Сумеснае прыняцце рашэнняў
Ініцыятарамі праектаў і ідэй з’яўляецца моладзь, якая запрашае дарослых прыняць удзел у працэсе прыняцця рашэнняў у якасці партнёраў.

Ступень 7: Пад кіраўніцтвам і па ініцыятыве моладзі
Ініцыятарамі і кіраўнікамі праектаў і ідэй з’яўляецца моладзь; дарослых можна папрасіць аказаць неабходную дапамогу, але сам праект можа выконвацца без іх умяшання.

Ступень 6: Па ініцыятыве дарослых і сумесныя рашэнні з моладдзю
Ініцыятарамі праектаў з’яўляюцца дарослыя, аднак моладзь запрашаецца да сумеснага ўдзелу ў прыняцці рашэнняў і ажыццяўленні адказнасці ў якасці роўных партнёраў.

Ступень 5: Моладзь інфармуецца і з ёй кансультуюцца
Ініцыятарамі і кіраўнікамі праектаў з'яўляюцца дарослыя, аднак моладзь дае кансультацыі і ўносіць свае прапановы і затым інфармуецца аб тым, як гэтыя прапановы былі задзейнічаны ў канчатковых рашэннях або выніках.

Ступень 4: Моладзь атрымлівае заданне і інфармуецца
Ініцыятарамі і кіраўнікамі праектаў з'яўляюцца дарослыя; моладзі прапаноўваецца ўзяць пэўную ролю або выканаць заданні ў межах праекта, і яны ведаюць, які ўплыў аказваюць на самай справе.

Удзел азначае быць уцягнутым у агульную справу, мець заданні, а таксама падзяляць і браць на сябе адказнасць. Гэта значыць мець доступ і быць уключаным у агульную справу.
Пітэр Лаўрытцэн3

Ступень 3: Сімвалізм
Моладзь атрымлівае некаторыя ролі ў праекце, аднак яна не мае рэальнага ўплыву на рашэнні. Ствараецца фальшывае знешняе ўяўленне (спецыяльна ці ненаўмысна), што моладзь прымае ўдзел, хаця на самай справе яна не мае ніякага выбару ў дачыненні да таго, што і як выконваецца.

Ступень 2: Дэкаратыўная роля
Маладыя людзі патрэбны ў праекце для таго, каб прадставіць моладзь як групу, якая валодае меншымі правамі. Яны не маюць значнай ролі (акрамя прысутнасці) і выконваюць ролю дэкаратыўнага афармлення, іх ставяць у бачнае становішча ў межах праекта або арганізацыі, каб іх маглі лёгка заўважыць знешнія назіральнікі.

Гл. таксама лесвіцу ўдзелу на старонцы 239.

Ступень 1: Маніпуляцыя
Моладзь запрашаецца прыняць удзел у праекце, хаця яна не мае рэальнага ўплыву на рашэнні і вынікі. На самай справе яе прысутнасць выкарыстоўваецца для дасягнення іншых мэт, напрыклад, для перамогі на мясцовых выбарах, стварэння лепшага ўражання аб арганізацыі або атрымання дадатковых грашовых сродкаў ад арганізацый, якія падтрымліваюць маладзёжны ўдзел.

Існуе многа шляхоў для таго, каб моладзь магла іграць актыўную ролю ў якасці гараджан сваіх супольнасцей. У 2011 годзе сярод маладых людзей ва ўзросце ад 15 да 30 гадоў, якія пражываюць у дзяржавах – членах ЕС, было праведзена апытанне для вывучэння таго, як маладыя гараджане ЕС прымаюць удзел у жыцці грамадства. У ім асноўная ўвага ўдзялялася ўдзелу ў арганізацыях (напрыклад, у спартыўных клубах, дабрачынных арганізацыях), палітычных выбарах, дабрачыннай дзейнасці і праектах па ўмацаванні супрацоўніцтва з маладымі людзьмі ў іншых краінах.
Былі зроблены наступныя вывады:

  • Ва ўсіх краінах меншая частка маладых людзей заявіла, што яны былі ўцягнуты ў дзейнасць, накіраваную на ўмацаванне супрацоўніцтва з маладымі людзьмі з іншых краін; гэта лічба складала ад 4 % у Італіі да 16 % у Аўстрыі.
  • Прыкладна чвэрць маладых дарослых была ўцягнута ў арганізаваную дабрачынную дзейнасць у 2010 годзе. Самыя высокія ўзроўні назіраліся ў Славеніі, Даніі, Ірландыі і Нідэрландах (36–40 %).
  • Сярод маладых людзей, якія дасягнулі ўзросту для ўдзелу ў выбарах, прыкладна 8 з 10 заявілі, што яны ўдзельнічалі ў галасаванні на палітычных выбарах на мясцовым, рэгіянальным, нацыянальным узроўні або на выбарах у органы ЕС на працягу апошніх трох гадоў. Гэта лічба складала ад 67 % у Люксембургу да 93 % у Бельгіі (дзе галасаванне з’яўляецца абавязковым).
  • Прыкладна трэцяя частка маладых людзей у ЕС былі актыўнымі ўдзельнікамі спартыўных клубаў у 2010 годзе. Прыкладна шостая частка прымала ўдзел у маладзёжных арганізацыях, а кожны сёмы ўдзельнічаў у культурных мерапрыемствах арганізацыі.8

Пытанне: Як вы можаце дабіцца таго, каб вас пачулі ў маладзёжнай групе, арганізацыі ці навучальнай установе?

Маладзёжны ўдзел у працы Савета Еўропы

Мэта маладзёжнай палітыкі Савета Еўропы – даць маладым людзям – дзяўчатам і хлопцам – роўныя магчымасці і вопыт, якія дазволяць ім развіваць веды, навыкі і кампетэнцыі, каб у поўнай меры іграць сваю ролю ва ўсіх аспектах жыцця грамадства.9

Савет Еўропы адыгрывае найважнейшую ролю ў аказанні падтрымкі і садзейнічання ўдзелу і актыўнага грамадзянства. Удзел займае цэнтральнае месца ў маладзёжнай палітыцы Савета ў розных формах:

Удзел і актыўная грамадзянская пазіцыя прадугледжваюць наяўнасць правоў, сродкаў, прасторы і магчымасцей, а таксама, дзе неабходна, падтрымкі ў тым, каб быць уцягнутымі і ўплываць на рашэнні і ўдзельнічаць у мерапрыемствах дзеля стварэння лепшага грамадства.
Перагледжаная Еўрапейская хартыя аб удзеле моладзі ў мясцовым і рэгіянальным жыцці

  • Маладзёжная палітыка прызначана для прасоўвання ўдзелу моладзі ў розных сферах грамадства, асабліва тых, якія непасрэдна маюць да іх адносіны. Сюды ўваходзіць падтрымка маладзёжных арганізацый, стварэнне маладзёжных платформ ці кансультатыўных органаў, прызнанне ролі студэнцкіх саветаў і саюзаў у кіраванні навучальнымі ўстановамі і г. д.
  • Маладзёжная палітыка павінна быць распрацавана, рэалізавана і ацэнена моладдзю, у прыватнасці, з дапамогай такіх спосабаў, якія прымаюць ва ўвагу прыярытэты, перспектывы і інтарэсы маладых людзей і ўцягваюць іх у сам працэс. Гэта можна ажыццяўляць праз маладзёжныя саветы і форумы (нацыянальныя, рэгіянальныя або мясцовыя) і (або) іншымі спосабамі правядзення кансультацый з моладдзю, уключаючы формы электроннага ўдзелу.
  • Маладзёжная палітыка і праграмы павінны падтрымліваць падыходы ў дачыненні да навучання і дзеяння, у аснове якіх знаходзіцца сам удзельнік, напрыклад, у сферы адукацыі ў галіне правоў чалавека, калі спалучаюцца і ўдзел, і навучанне ўдзелу і грамадзянскасці.

Гэтыя вымярэнні маладзёжнага ўдзелу адлюстроўваюць падыходы, выкладзеныя ў перагледжанай Еўрапейскай хартыі аб удзеле моладзі ў мясцовым і рэгіянальным жыцці, дзе падкрэсліваецца, што:
Удзел азначае аказанне ўплыву і рэалізацыю адказнасці за рашэнні і дзеянні, якія закранаюць жыццё маладых людзей або проста важны для іх. Такім чынам, на практыцы гэта можа азначаць галасаванне на мясцовых выбарах, а таксама стварэнне маладзёжнай арганізацыі або інтэрнэт-форуму для абмену інфармацыяй пра хобі і інтарэсы або цікавыя спосабы правядзення вольнага часу. Вызначэнне ўдзелу, выкладзенае ў Хартыі, таксама дэманструе зрух у падыходзе да моладзі і маладзёжнага ўдзелу. Маладыя людзі не разглядаюцца як ахвяры або ўразлівая група, якая патрабуе абароны і дапамогі (так званы праблемны падыход). Да маладых людзей не ставяцца як да аб’ектаў умяшання дарослых, якія дапускаюць, што ведаюць іх патрэбы. Зараз маладыя людзі разглядаюцца як актыўныя ўдзельнікі арганізацый або жыцця супольнасці; у іх бачаць партнёраў з вялікім патэнцыялам, талантамі і добрымі якасцямі. Ім неабходна даць магчымасць выказаць свае патрэбы і знайсці спосабы іх задавальнення.Image: RMSOS approach to young people’s participatipation10

Еўрапейская хартыя аб удзеле моладзі ў мясцовым і рэгіянальным жыцці11 (распрацавана ў 1992 годзе і перагледжана ў 2003 годзе) – гэта міжнародны палітычны дакумент, прыняты Кангрэсам мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы. Хартыя складаецца з трох частак, звязаных з рознымі аспектамі маладзёжнага ўдзелу на мясцовым узроўні. У першай частцы мясцовыя і рэгіянальныя ўлады могуць знайсці кіруючыя прынцыпы па рэалізацыі палітыкі, якая закранае моладзь у шматлікіх абласцях. У другой частцы змяшчаюцца інструменты для садзейнічання ўдзелу моладзі. І, нарэшце, у трэцяй частцы даюцца рэкамендацыі, як ствараць прававыя ўмовы для ўдзелу моладзі.

Have your Say! (Скажы сваё слова) – гэта дапаможнік Савета Еўропы, у аснове якога ляжыць перагледжаная Еўрапейская хартыя аб удзеле моладзі ў мясцовым і рэгіянальным жыцці12, даступны ў Інтэрнэце на 11 мовах.

У Хартыі пералічаны 14 абласцей, у якіх моладзь павінна прымаць удзел. Сярод іх:
1. спорт, вольны час і дзейнасць аб’яднанняў
2. праца і працаўладкаванне
3. жыллё і транспарт
4. адукацыя і прафесійная падрыхтоўка
5. мабільнасць і міжкультурныя абмены
6. здароўе
7. роўнасць мужчын і жанчын
8. моладзь у сельскай мясцовасці
9. доступ да культуры
10. устойлівае развіццё і навакольнае асяроддзе
11. гвалт і злачыннасць
12. антыдыскрымінацыя
13. любоў і сексуальная арыентацыя
14. доступ да правоў і законаў.

Савет Еўропы знайшоў унікальны спосаб забяспечыць удзел моладзі ў маладзёжнай палітыцы: была створана сістэма сумеснага кіравання ў маладзёжным сектары, згодна з якой прадстаўнікі еўрапейскіх няўрадавых маладзёжных арганізацый і прадстаўнікі органаў улады працуюць сумесна дзеля распрацоўкі прыярытэтаў і падрыхтоўкі рэкамендацый, якія датычацца моладзі. Гэта сістэма сумеснага кіравання складаецца з трох органаў: Еўрапейскі кіруючы камітэт па справах моладзі, Кансультатыўны савет па справах моладзі і Сумесны савет па справах моладзі.
У склад Кансультатыўнага савета ўваходзяць 30 прадстаўнікоў з маладзёжных НУА і сетак, якія прапаноўваюць свае погляды і ўносяць уклад ва ўсю дзейнасць маладзёжнага сектара. Задача Савета складаецца ў тым, каб выказваць меркаванні і прапановы па ўсіх пытаннях у дачыненні да моладзі ў межах кампетэнцыі Савета Еўропы.
Еўрапейскі кіруючы камітэт па справах моладзі (CDEJ) складаецца з прадстаўнікоў міністэрстваў і арганізацый, адказных за маладзёжныя пытанні ў дзяржавах – удзельніках Еўрапейскай культурнай канвенцыі. Гэты камітэт заахвочвае больш цеснае супрацоўніцтва паміж урадамі па маладзёжных пытаннях і забяспечвае дзейнасць форуму для параўнання нацыянальных маладзёжных палітык, абмену перадавым вопытам і падрыхтоўкі нарматыўных дакументаў. CDEJ таксама арганізуе канферэнцыі міністраў еўрапейскіх краін па справах моладзі і рыхтуе законапраекты па маладзёжнай палітыцы і нарматыўныя дакументы ў дзяржавах-членах.
Сумесны савет па справах моладзі аб’ядноўвае CDEJ і Кансультатыўны савет у орган сумеснага прыняцця рашэнняў, які распрацоўвае прыярытэты, мэты і бюджэт маладзёжнага сектара.

Еўрапейскі маладзёжны форум
Еўрапейскі маладзёжны форум з’яўляецца незалежнай, дэмакратычнай і дзеючай пад кіраўніцтвам моладзі платформай, якая прадстаўляе больш за 90 нацыянальных маладзёжных саветаў і міжнародных маладзёжных арганізацый з усёй Еўропы. Маладзёжны форум працуе для таго, каб пашырыць магчымасці і забяспечыць актыўны ўдзел маладых людзей у грамадстве дзеля паляпшэння іх уласнага жыцця, прадстаўляючы і абараняючы іх патрэбы і інтарэсы, а таксама інтарэсы іх арганізацый.13

Канцавыя зноскі

1 Гэтыя чатыры вымярэнні грамадзянскасці былі распрацаваны Рудам Велдхёйсам (Ruud Veldhuis) у дакуменце «Адукацыя ў падтрымку дэмакратычнай грамадзянскасці: вымярэнні грамадзянскасці, асноўныя кампетэнцыі, пераменныя вымярэнні і міжнародная дзейнасць», Страсбург, Савет Еўропы, 1997 г., дакумент DECS/CIT (97) 23, цытуецца тут з Дапаможніка № 7 – на этапе стварэння, дапаможнік па еўрапейскай грамадзянскасці, Савет Еўропы і Еўрапейская камісія, Страсбург, 2003 г.
2  Дапаможнік № 7 – на этапе стварэння, дапаможнік па еўрапейскай грамадзянскасці, Савет Еўропы і Еўрапейская камісія, Страсбург, 2003 г.
3 Пітэр Лаўрытцэн, асноўны даклад па тэме ўдзелу, прадстаўлены на вучэбным курсе па развіцці і рэалізацыі праектаў, прысвечаных удзелу, на мясцовым і рэгіянальным узроўні, Еўрапейскі маладзёжны цэнтр, чэрвень 2006 г.
4 Тлумачальны даклад да Еўрапейскай канвенцыі аб грамадзянстве, артыкул 2, параграф 23:
http://conventions.coe.int/Treaty/en/reports/html/166.htm#FN2
5 Меган Роўлінг цытуе Томаса Хамарберга, камісара Савета Еўропы па правах чалавека, у публікацыі: «Галоўны праваахоўнік заклікае Еўропу зрабіць грамадзянамі цыганоў, якія не маюць грамадзянства», AlertNet 23 жніўня 2011 г.: www.trust.org/alertnet/news/interview-eu-governments-should-give-stateless-roma-citizenship-commissioner
6 Sherry R. Arnstein, "A Ladder of Citizen Participation", JAIP, Vol. 35, No. 4, July 1969, p 216.
7 Роджэр Харт, «Удзел дзяцей: ад сімвалізму да грамадзянскасці», даследчы цэнтр «Іначэнці» ЮНІСЕФ, Фларэнцыя, 1992 г.
8 «Моладзь у стане руху», аналітычны даклад, Еўрапейская камісія, май 2011 г. http://ec.europa.eu/public_opinion/flash/fl_319a_en.pdf
9 Рэзалюцыя Камітэта міністраў (2008 г.)23 наконт маладзёжнай палітыкі Савета Еўропы
10 «Скажы сваё слова!», дапаможнік, створаны на аснове перагледжанай Еўрапейскай хартыі аб удзеле моладзі ў мясцовым і рэгіянальным жыцці, выдавецтва Савета Еўропы, 2008 г.
11 Хартыяй можна азнаёміцца тут: 
www.salto-youth.net/downloads/4-17-1510/Revised%20European%20Charter%20on%20the%20Participation%20of%20YP.pdf
12 www.coe.int/t/dg4/youth/Source/Coe_youth/Participation/Have_your_say_en.pdf
13 Больш падрабязную інфармацыю глядзіце на вэб-сайце Еўрапейскага маладзёжнага форуму:  www.youthforum.org

compass-key-date
  • 18 MarchFirst Parliamentary election with universal suffrage in Europe (1917)
  • 5 MayEurope Day (Council of Europe)
  • 12 AugustInternational Youth Day
  • 19 SeptemberSuffrage day
  • Week including 15 OctoberEuropean Local Democracy Week
  • 5 DecemberInternational Volunteer Day for Economic and Social Development
  • 10 DecemberHuman Rights Day