«Кожны чалавек мае права індывідуальна і сумесна з іншымі імкнуцца абараняць і ажыццяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнародным узроўні, а таксама прасоўваць такую канцэпцыю».
Артыкул 1, Дэкларацыя ААН аб праваабаронцах

Што такое НГА?

Уставай, падымайся, абараняй свае правы!
Боб Марлі

Тэрмін «няўрадавы» або «некамерцыйны» звычайна выкарыстоўваецца для абазначэння катэгорыі арганізацый, якія імкнуцца ўносіць уклад у фарміраванне грамадзянскай супольнасці. Такія арганізацыі, як правіла, характарызуюцца тым, што мэтай іх існавання з'яўляецца не фінансавы прыбытак, а нешта іншае. Аднак гэта «нешта» можа ўключаць велізарнае мноства мэт і самыя разнастайныя ініцыятывы і дзеянні. Круг НГА уключае як невялікія ініцыятыўныя групы, якія ўзнікаюць, напрыклад, у сувязі з нейкімі прыродаахоўнымі праблемамі або канкрэтнымі парушэннямі правоў чалавека, так і дабрачынныя арганізацыі ў сферы адукацыі, прытулкі для жанчын, культурныя асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі, юрыдычныя фонды, праграмы гуманітарнай дапамогі (гэты спіс можна працягнуць) і, нарэшце, вялізныя міжнародныя арганізацыі з сотнямі ці нават тысячамі аддзяленняў і членаў у розных частках свету.
У гэтым раздзеле мы коратка разгледзім тую істотную ролю, якую такія арганізацыі сыгралі (і працягваюць іграць) у абароне правоў чалавека ва ўсім свеце. Практычна на любым узроўні, дзе робяцца спробы абараніць годнасць асобных грамадзян ад замахаў дзяржаўнай улады, НГА іграюць вырашальную ролю:

  • змагаючыся з асобнымі парушэннямі правоў чалавека альбо непасрэдна, альбо звяртаючыся з нагоды «знакавых» выпадкаў у адпаведныя судовыя органы
  • аказваючы прамую дапамогу тым, чые правы былі парушаны
  • дамагаючыся змяненняў у нацыянальным, рэгіянальным ці міжнародным заканадаўстве
  • садзейнічаючы ўдасканаленню зместу гэтага заканадаўства
  • распаўсюджваючы сярод насельніцтва веды аб правах чалавека і культывуючы павагу да іх.

Уклад НГА важны не толькі з пункту гледжання дасягнутых вынікаў, і, адпаведна, аптымізму, які яны абуджаюць адносна абароны правоў чалавека ў нашым свеце, але і таму, што НГА ў самым прамым сэнсе ўяўляюць сабой сродак абароны, даступны як для асобных людзей, так і для груп асоб ва ўсім свеце. Яны – як і многія іншыя арганізацыі – кіруюцца і каардынуюцца прыватнымі асобамі, але апроч гэтага іх сіла ў немалой ступені абумоўлена добраахвотнай падтрымкай іх справы іншымі членамі грамадства. Гэты факт надае ім асаблівую значнасць у вачах тых людзей, якія хацелі б унесці свой уклад у паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў свеце.

Віды праваабарончых НГА

На Сусветнай канферэнцыі ААН па правах чалавека 1993 года, вядомай як Венская канферэнцыя, прысутнічалі прадстаўнікі 841 НГА з усяго свету, кожная з якіх вызначыла сваю місію як праца з правамі чалавека. Хоць гэта лічба сама па сабе ўражвае, яна ўяўляе толькі малую крыху ад агульнай колькасці дзеючых у свеце праваабарончых НГА.

Большасць арганізацый, якія абвясцілі сябе «праваабарончымі», як правіла, займаюцца абаронай грамадзянскіх і палітычных правоў. Найбольш вядомымі з такіх арганізацый, па меншай меры, на міжнароднай арэне, з'яўляюцца Amnesty International, Human Rights Watch, Міжнародная федэрацыя за правы чалавека, Human Rights First і InterRights. Аднак, як мы ўжо бачылі, грамадзянскія і палітычныя правы з'яўляюцца толькі адной з многіх катэгорый розных правоў чалавека, прызнаных міжнароднай супольнасцю. Больш за тое, новыя правы працягваюць узнікаць нават сёння. Калі мы прымем усё гэта пад увагу і ўключым у гэты спіс НГА, якія супрацьстаяць беднасці, гвалту, расізму, бяздомнасці, праблемам аховы здароўя і аховы прыроды, не кажучы пра шматлікія іншыя, то сапраўдная колькасць НГА, занятых абаронай правоў чалавека ў той ці іншай форме, будзе лічыцца ва ўсім свеце сотнямі тысяч.

Пытанне: Ці ведаеце вы якую-небудзь НГА, якая змагаецца за правы чалавека ў вашай краіне?

Як яны ўздзейнічаюць на працэс?

Гасподзь дае нам рукі, але сам Ён за нас масты не будуе.
Арабская прыказка

НГА могуць спрабаваць удзельнічаць у працэсе абароны правоў чалавека на многіх розных напрамках і ўзроўнях, і ў адпаведнасці з характарам іх мэт будуць змяняцца стратэгіі, што імі прымяняюцца: мэты могуць быць больш агульнымі ці больш канкрэтнымі, доўгатэрміновымі або кароткатэрміновымі, мясцовага, нацыянальнага, рэгіянальнага або міжнароднага маштабу і г. д.

А. Непасрэдная дапамога

Агульнай адметнай рысай НГА, якія дзейнічаюць у сферы сацыяльных і эканамічных правоў, з'яўляецца аказанне прамой дапамогі ахвярам парушэнняў правоў чалавека ў той ці іншай форме. Гэта можа быць гуманітарная дапамога, абарона ці навучанне новым навыкам. Калі права абаронена законам, гэта можа быць юрыдычная дапамога або кансультацыі па пытаннях падачы іску.
Аднак у многіх выпадках прамая дапамога чалавеку, які папакутаваў ад парушэння правоў чалавека, ці праваабаронцу альбо не ўяўляецца магчымай, альбо з'яўляецца не лепшым спосабам выкарыстоўваць рэсурсы арганізацыі. У такіх выпадках, а іх, відаць, большасць, НГА павінны працаваць на перспектыву і адшукваць іншыя шляхі, каб альбо выправіць сітуацыю з парушэннем правоў, альбо прадухіліць з'яўленне падобных сітуацый у будучыні.

Б. Збор дакладнай інфармацыі

Калі і існуе фундаментальная стратэгія, якая ляжыць у аснове розных формаў дзейнасці НГА, то, магчыма, гаворка ідзе пра спробьу выявіць вінаватых у несправядлівасці. Вельмі часта ўрады могуць ухіляцца ад абавязацельстваў па падпісаных імі міжнародных пагадненнях або ад іншых прававых стандартаў, таму што вынікі іх палітыкі проста невядомы шырокай публіцы. Збор такой інфармацыі і яе выкарыстанне для таго, каб прасоўваць празрыстаць дзеянняў урадаў у галіне правоў чалавека, неабходны для прыцягнення вінаватых да адказнасці і таму часта прымяняюцца НГА.
Яны імкнуцца аказаць ціск на людзей ці на ўрады, выяўляючы выпадкі, якія заклікаюць да чалавечага пачуцця справядлівасці, а затым даводзяць іх да агульнага ведама.Дзве найбольш вядомыя арганізацыі, якія добра зарэкамендавалі сябе дакладнасцю маніторынгу і складання справаздач, – AmnestyInternational і Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа. Абедзве арганізацыі маюць аўтарытэт не толькі сярод шырокай публікі, але і ў ААН, дзе іх справаздачы разглядаюцца як частка афіцыйнага маніторынгу дзейнасці ўрадаў, якія пагадзіліся лічыць сябе звязанымі ўмовамі міжнародных пагадненняў.

В. Правядзенне кампаній і лабіраванне

Пацешна перапісвацца з кіраўнікамі аўтарытарных ці рэпрэсіўных рэжымаў. Дыктатар – твой сябар па перапісцы, і ты яго гэтымі сваімі лістамі дастаеш.
Стынг

Міжнародныя арганізацыі часта праводзяць кампаніі і дзеянні па адстойванні інтарэсаў, каб выклікаць змены ў палітыцы. Зноў жа, існуюць шматлікія формы, і НГА паспрабуе прыняць найбольш прыдатныя, улічваючы мэты, якія яна мае, характар «аб’екта» і, вядома ж, яе ўласныя наяўныя рэсурсы. Ніжэй прыведзены некаторыя распаўсюджаныя метады ўздзеяння:

  • Кампаніі па адпраўцы лістоў – метад, якім эфектыўна карыстаюцца Amnesty International і іншыя НГА. Арганізацыі «бамбардзіруюць» урадавых чыноўнікаў лістамі ад тысяч сваіх членаў па ўсім свеце.
  • Вулічныя акцыі або дэманстрацыі з асвятленнем у СМІ, якія звычайна праяўляюць цікавасць да такіх мерапрыемстваў, могуць выкарыстоўвацца, калі арганізацыі хочуць заручыцца грамадскай падтрымкай або прыцягнуць да чаго-небудзь увагу грамадскасці і «прысароміць» урад.
  • СМІ і надалей часта будуць іграць важную ролю ў практыцы лабіравання, але цяпер усё большае значэнне набываюць сацыяльныя сеткі і Інтэрнэт.
  • НГА падаюць свае ценявыя справаздачы кантрольным органам ААН, ствараючы, такім чынам, больш агульную карціну рэальнага становішча правоў чалавека ў той ці іншай краіне.

У дадатак да дэманстрацый падтрымкі або грамадскага абурэння, НГА таксама могуць праводзіць неафіцыйныя сустрэчы або брыфінгі для службовых асоб. Часам простай пагрозы зрабіць што-небудзь здабыткам галоснасці бывае дастаткова, каб дамагчыся змен у палітыцы ці практыцы, як паказана ў прыведзенай ніжэй гісторыі. Калі калісьці для гэтага выкарыстоўваліся касеты, плакаты або факс, зараз для гэтага служаць кампаніі электронных рассылак і падачы петыцый, інтэрнэт-сайты, блогі і сацыяльныя сеткі.
Наогул, чым шырэй падтрымка з боку грамадскасці або нейкіх іншых уплывовых інстытутаў (напрыклад, іншых урадаў), тым большая верагоднасць таго, што кампанія дасягне сваіх мэт. Нават калі НГА не заўсёды звяртаюцца да такой падтрымкі наўпрост, указання на магчымасць мабілізацыі супраць урада ці некалькіх урадаў шырокага народнага руху бывае дастаткова, каб да іх голасу прыслухаліся.

Пытанне: Ці праводзіліся ў вашай краіне якія-небудзь прыкметныя кампаніі? Які быў вынік?

Г. Адукацыя ў галіне правоў чалавека і павышэнне дасведчанасці

Задача адукацыі ў галіне правоў чалавека – засяродзіцца на пытаннях удзелу, даступнасці і інклюзіўнасці.
Форум «Вучыцца, жыць і змагацца за правы чалавека», 2009 г.

Многія праваабарончыя НГА займаюцца, па меншай меры, у якасці аднаго з напрамкаў сваёй дзейнасці, інфармаваннем грамадскасці або адукацыйнай працай. Разумеючы, што аснову іх падтрымкі складае шырокая грамадскасць, НГА імкнуцца данесці да асобных людзей як мага больш інфармацыі аб праблемах, звязаных з правамі чалавека. Чым лепш людзі дасведчаны пра гэтыя праблемы і пра метады абароны правоў чалавека, тым большая верагоднасць выканання такіх правоў, што, у сваю чаргу, дае больш магчымасцей мабілізаваць падтрымку ў выпадку канкрэтных парушэнняў правоў чалавека. Менавіта гэтая падтрымка або патэнцыйная падтрымка ляжыць у аснове поспехаў НГА ў паляпшэнні становішча ў галіне правоў чалавека.

Прыклады паспяховага актывізму

Цэнтр па жыллёвых правах і высяленнях

Гэта праваабарончая арганізацыя была створана ў 1994 годзе, і яе праца накіравана на абарону жыллёвых правоў і прадухіленне прымусовых высяленняў ва ўсім свеце. Цэнтр кіруецца міжнароднымі прававымі дакументамі, пры гэтым разумеючы, што «жыллё» – гэта нешта большае, чым дах над галавой. Цэнтр падкрэслівае, што «прыкладна палова насельніцтва зямлі не мае доступу да годнага жылля, хоць гэта права гарантавана ў міжнародных дакументах па правах чалавека». У сваёй працы па абароне правоў на годнае жыллё гэты цэнтр і яго партнёры ва ўсім свеце займаюцца аналізам, прапагандай, асветай і падрыхтоўкай кадраў для працы ў судзе па такіх пытаннях, як:

  • прымусовыя высяленні
  • гарантыі супраць беспадстаўнага высялення
  • доступ да зямлі
  • водазабеспячэнне і каналізацыя
  • жанчыны і жыллёвыя правы
  • судовая і прававая абарона
  • рэстытуцыя (аднаўленне першапачатковага прававога становішча) і вяртанне
  • уплыў катастрафічных падзей на жыллёвыя правы.

Гл. вэб-сайт Цэнтра па жыллёвых правах і высяленнях: 
http://www.cohre.org

У лістападзе 2010 года ў адным са сваіх нядаўніх знакавых рашэнняў, выкладзеным у дакуменце «Цэнтр па жыллёвых правах і высяленнях супраць Італіі», Камітэт Савета Еўропы па сацыяльных правах (які кантралюе выкананне перагледжанай Еўрапейскай сацыяльнай хартыі) канстатаваў, што Італія парушыла правы яе насельніцтва ў асобе этнічнай групы цыганоў-рама, руйнуючы іх лагеры і выганяючы іх з краіны. Масавыя высылкі з краіны прадстаўнікоў этнічнай групы цыганоў-рама, якiя з'яўляюцца грамадзянамi iншых дзяржаў Еўрасаюза, але не Італіі, істотна павялічыліся пасля 2008 года. Былі выяўлены наступныя парушэнні: дыскрымінацыя і парушэнне правоў цыганоў-рама на годнае жыллё, на сацыяльную, прававую і эканамічную абарону, абарону ад беднасці і сацыяльнага выгнання, а таксама парушэнне права вандроўных сем'яў цыганоў-рама на абарону і дапамогу. Італію таксама крытыкавалі за правядзенне палітыкі, з-за якой цыганы-рама падвяргаюцца жыллёвай сегрэгацыі і пражываюць у вельмі нездавальняючых жыллёвых умовах.

Артыкул 31 – права на жыллё

З мэтай забеспячэння эфектыўнага ажыццяўлення права на жыллё Бакі абавязваюцца прымаць меры, накіраваныя на:

- садзейнічанне доступу да жылля адэкватнага ўзроўню

- прадухіленне і зніжэнне ўзроўню бяздомнасці з мэтай яе паступовай ліквідацыі

- забеспячэнне даступнай цаны на жыллё для маламаёмасных людзей.

Еўрапейская сацыяльная хартыя (перагледжаная), 1996 г.

Клопат пра экалогію ў Швейцарыі

Таксічная спадчына хімічнай прамысловасці не павінна легчы цяжарам на плечы будучых пакаленняў.
Стэфан Вэбер, актывіст Грынпіс

З 1961 па 1976 г. некалькі буйных хімічных заводаў скінулі больш 114 000 тон таксічных адходаў хімічнай вытворчасці ў былы гліняны кар'ер у Бонфале (Швейцарыя). Сёння скідаць адходы было б супрацьзаконна, але ў 1961 годзе, калі пачалося запаўненне кар'ера, закон падобных звалак не забараняў. Таксічныя адходы там і засталіся, працягваючы атручваць мясцовасць і навакольнае асяроддзе сумессю арганічных і неарганічных забруджвальнікаў.
14 мая 2000 года каля 100 актывістаў арганізацыі «Грынпіс» занялі тэрыторыю хімічнай звалкі ў Бонфале і запатрабавалі, каб хімічныя кампаніі, якія скідалі туды таксічныя адходы, узялі на сябе ўсю адказнасць за яе ачыстку. Актывісты заявілі, што яны будуць заставацца на тэрыторыі звалкі да таго часу, пакуль хімічныя кампаніі не абавяжуцца ачысціць яе так, каб яна больш не ўяўляла небяспекі ні для здароўя людзей, ні для навакольнага асяроддзя.

Гл. вэб-сайт Грынпіс:
www.greenpeace.org                 

Захоп тэрыторыі звалкі вымусіў хімічныя прадпрыемствы пайсці на сустрэчу з прадстаўнікамі мясцовых суполак і Грынпіс, і, у выніку, яны, нарэшце, падпісалі пагадненне, па якім падрыхтоўка тэхніка-эканамічнага абгрунтавання ачысткі павінна быць завершана да лютага 2001 года, і ў гэтым жа годзе павінны пачацца ачышчальныя работы. Прадпрыемствы таксама пагадзіліся на паўнавартасны ўдзел мясцовых суполак і экалагічных арганізацый у працэсе ачысткі і абавязаліся інфармаваць мясцовыя суполкі аб ступені забруджвання грунтавых вод і пітной вады ў выніку скіду адходаў. 7 ліпеня 2001 г. Грынпіс спыніў сваю акцыю на тэрыторыі звалкі.

Супрацьдзеянне дыскрымінацыі – Еўрапейскі цэнтр па правах цыганоў-рама

Гл. вэб-сайт Еўрапейскага цэнтра па правах цыганоў-рама: http://www.errc.org

Цэнтр імкнецца да таго, каб праблемы, звязаныя з правамі чалавека ў адносінах да суполак цыганоў-рама, былі выразна прадстаўлены ў палітычным парадку дня ў Еўропе і за яе межамі. Праводзячы дбайныя даследаванні, цэнтр падае падрабязную актуальную інфармацыю пра стан правоў чалавека ў дачыненні да цыганоў-рама, у прыватнасці пра гвалт, з якім яны сутыкаюцца, пра структурныя формы дыскрымінацыі ў адносінах да іх і пра адмову ў доступе да эканамічных і сацыяльных правоў. Цэнтр імкнецца палепшыць сітуацыю з правамі чалавека ў адносінах да суполак рама, падвышаючы інфармаванасць, распрацоўваючы адпаведную палітыку і стратэгію судовых працэсаў. Праведзеныя кампаніі выявілі выпадкі вуснай праявы гвалту і нянавісці ў адносінах да прадстаўнікоў этнічнай групы цыганоў-рама, сегрэгацыі ў галіне адукацыі, прымусовага высялення і стэрылізацыі.
Праца гэтага цэнтра ў сферы адукацыі ў галіне правоў чалавека накіравана, перш за ўсё, на пашырэнне правоў актывістаў рама ў іх барацьбе за нацыянальную роўнасць. Для гэтага арганізуюцца стажыроўкі, даюцца стыпендыі на навукова-даследчую працу, арганізуюцца семінары і публікуюцца навучальныя дапаможнікі, такія як «Ведаць свае правы і змагацца за іх: дапаможнік для актывістаў руху за правы цыганоў-рама».

«Даследаванні, праведзеныя Еўрапейскім цэнтрам па правах цыганоў-рама ў Балгарыі, Венгрыі, Чэшскай Рэспубліцы, Славакіі і Румыніі ў пачатку 2010 года пры садзейнічанні паліцыі, НГА і службаў па барацьбе з гандлем людзьмі, паказалі, што на долю цыганоў-рама прыпадае 50–80 % ахвяр [гандлю людзьмі] у Балгарыі, 40–80 % у Венгрыі, 70 % у Славакіі і да 70 % у некаторых раёнах Чэшскай Рэспублікі». Інфармацыйны бюлетэнь па правах цыганоў-рама, Еўрапейскі цэнтр па правах цыганоў-рама.

Алмазныя войны

Гл. іх вэб-сайт:
http://www.globalwitness.org

Global Witness – гэта НГА, якая праводзіць кампаніі для вырашэння канфліктаў, звязаных з прыродакарыстаннем і карупцыяй, што прыводзяць да парушэння адпаведных экалагічных правоў і правоў чалавека. Гэта НГА імкнецца даводзіць да агульнага ведама факты праявы жорсткасці, што вынікаюць з вышэйзгаданага, і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.
У цэнтры ўвагі адной з яе кампаній апынуліся канфлікты вакол «крывавых алмазаў» або «спрэчных алмазаў»: справа ў тым, што алмазы залягаюць на тэрыторыях, падкантрольных узброеным бандам і групоўкам, якія не падпарадкоўваюцца законным і прызнаным на міжнародным узроўні ўрадам. Алмазы выкарыстоўваюцца для фінансавання ўзброенай барацьбы супраць гэтых урадаў або для процідзеяння рашэнням Савета Бяспекі ААН. Global Witness сабрала дастаткова доказаў таго, што гэтыя прыродныя рэсурсы выкарыстоўваліся на аплату канфліктаў у Афрыцы, што прывяло да гібелі і перамяшчэння мільёнаў людзей. Тэрарыстычныя групы, такія як Аль-Каіда, таксама выкарыстоўвалі алмазы для фінансавання сваёй дзейнасці і як сродак адмывання грошай. Global Witness у супрацоўніцтве з іншымі НГА актыўна праводзіла бесперапынныя лабісцкія акцыі, у выніку чаго разгарнулася глабальная кампанія за кантроль над алмазаздабыўнай прамысловасцю.
У маі 2000 года прадстаўнікі вядучых краін, што здабываюць алмазы і гандлююць імі, прадстаўнікі алмазнай прамысловасці, а таксама НГА, у тым ліку Global Witness, сустрэліся ў Кімберлі, ПАР, і абвясцілі аб стварэнні ў 2003 годзе міжнароднай сістэмы сертыфікацыі алмазаў, якая атрымала назву «Кімберлійскі працэс». Згодна з гэтай схемай, усе алмазы, прадаваныя краінамі – удзельнікамі пагаднення, павінны быць сертыфікаваны так, каб пакупнікі былі ўпэўнены, што прадукцыя паступіла з тэрыторый, свабодных ад канфліктаў. Global Witness афіцыйна сочыць за выкананнем гэтай сістэмы і працягвае кампанію за ўмацаванне і эфектыўнае выкананне яе правілаў. Яшчэ адна мэта гэтай кампаніі – зрабіць так, каб алмазы больш ніколі не былі «палівам» для канфліктаў, а сталі рухаючай сілай развіцця.
У 2003 годзе Global Witness стала адным з намінантаў на Нобелеўскую прэмію міру за яе ўклад у барацьбу супраць «алмазных» канфліктаў.

Пандусы для інвалідных вазкоў у Тузле

З поўнай перакананасцю заяўляю, што ва ўсёй Босніі і Герцагавіне Тузла з'яўляецца самым зручным горадам для людзей у інвалідных вазках.
Удзельнік кампаніі, Тузла

У 1996 годзе НГА, якая займаецца праблемамі людзей з інваліднасцю, у г. Тузле (Боснія і Герцагавіна), вырашыла правесці кампанію па інфармаванні грамадскасці аб транспартных праблемах. Арганізацыя пад назвай «Лотас» паставіла мэтай прыцягнуць увагу людзей да праблем, з якімі сутыкаюцца людзі з абмежаванымі магчымасцямі, і транспартных праблем і намеціла канкрэтныя задачы, уключаючы стварэнне спецыяльных парковак для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, палягчэнне доступу ў грамадскі транспарт і забеспячэнне зручнага ўезду на тратуары і на дарогі. Мерапрыемствы праводзіліся на працягу тыдня, як раз напярэдадні выбарчай кампаніі. У выніку дасведчанасць грамадскасці павысілася, а ўсе тратуары ў Тузле былі абсталяваны пандусамі для інвалідных вазкоў!