Image: Theme 'Religion and Belief' by Pancho

Рэлігія і перакананні – што гэта?

Усе рэлігіі, віды мастацтва і навукі з'яўляюцца галінамі аднаго дрэва. Усе гэтыя памкненні накіраваны на тое, каб акультурыць жыццё чалавека, падняўшы яго са сферы простага фізічнага існавання і прывесці да свабоды.
Альберт Эйнштэйн

Перакананні – гэта такі стан розуму, калі мы лічым нешта верным, нават калі мы не ўпэўнены на 100 %, што зможам гэта даказаць. Кожны чалавек мае перакананні, якія датычацца жыцця і таго свету, у якім ён жыве. Перакананні, якія ўзаемна падтрымліваюць адно другое, уяўляюць сабой сістэму перакананняў, якая можа быць рэлігійнай, філасофскай або ідэалагічнай.
Рэлігіі – гэта такія сістэмы перакананняў, якія звязваюць чалавецтва з духоўнасцю. Наступнае вызначэнне з Вікіпедыі дае добры агляд шматлікіх вымярэнняў рэлігіі:
Рэлігія – гэта сукупнасць сістэм культуры, сістэм перакананняў і светапоглядаў, якія звязваюць чалавецтва з духоўнасцю і часам з маральнымі каштоўнасцямі. У многіх рэлігіях існуюць вусныя паданні, сімвалы, традыцыі і святыя тэксты, якія закліканы надаць сэнс жыццю або растлумачыць паходжанне жыцця або Сусвету. Як правіла, маральнасць, этыка, рэлігійныя законы ці пераважны стыль жыцця заснаваны на ідэях аб космасе і чалавечай прыродзе, якія ўтрымліваюцца ў рэлігіях. [...] Многія рэлігіі змяшчаюць пэўны кодэкс паводзін, наяўнасць служыцеляў культу, а таксама вызначэнне зместу прыняцця ўдзелу ці членства ў рэлігійнай суполцы, жыцця вернікаў; прадугледжваюцца рэгулярныя сходы або службы з мэтай глыбокай пашаны бажаства або для малітвы, святыя месцы (прыродныя альбо архітэктурныя) і (або) святыя тэксты. Рэлігійная практыка можа ўключаць таксама пропаведзь, услаўленне дзеянняў Бога ці багоў, ахвярапрынашэнне, фестывалі, святы, стан трансу, прысвячэнні, пахавальныя службы, шлюбныя службы, медытацыю, музыку, мастацтва, танцы, публічныя службы і іншыя формы чалавечай культуры. Пры гэтым існуюць прыклады такіх рэлігій, у якіх некаторыя або многія з гэтых аспектаў структуры, веры або практыкі адсутнічаюць.1

Вера ў духоўнае вымярэнне жыцця існавала з спрадвечных часоў. Многія чалавечыя грамадствы пакінулі нам пасведчанні аб сваіх сістэмах веры, сярод якіх магло быць пакланенне Сонцу, багам і багіням, паняцце дабра і зла і канцэпцыя святога. Стоўнхендж, Буды Баміяна, сабор Альмудэна ў Мадрыдзе, Улуру ў Эліс-Спрынгс, Бахайскія сады ў Хайфе, Фудзіяма, святая гара Японіі, Кааба ў Саудаўскай Аравіі або Залаты храм у Амрытсары – усё гэта ўвасабляе чалавечы вопыт духоўнасці, адлюстроўвае як аб'ектыўную рэальнасць, так і вынік імкнення чалавека да тлумачэння сэнсу жыцця і нашай ролі ў свеце.
У самым простым сэнсе рэлігія апісвае «стаўленне чалавека да таго, што ён лічыць свяшчэнным, святым, духоўным або чароўным».2 Гэта, як правіла, суправаджаецца пэўным зводам арганізаванай практыкі, якая аб'ядноўвае супольнасці людзей, якія падзяляюць такую веру. Як паказвалася вышэй, перакананні – гэта больш шырокі тэрмін, які ўключае таксама «погляды, якія адмаўляюць вымярэнні існавання за межамі гэтага свету».3

Рэлігіі і іншыя формы перакананняў у нашым асяродку ўплываюць на нашу ідэнтычнасць, незалежна ад таго, лічым мы сябе рэлігійнымі або духоўнымі ці не. У той жа час іншыя аспекты нашай ідэнтычнасці, наша гісторыя, наш падыход да іншых рэлігій і груп, якія лічацца «іншымі», будуць уплываць на тое, як мы самі тлумачым гэту рэлігію або сістэму перакананняў.

Пытанне: Якія рэлігіі існуюць у вашай краіне?

Рэлігіі і звязаныя з імі сацыяльныя і культурныя структуры адыгралі важную ролю ў гісторыі чалавецтва. Як структуры ментальнасці, яны ўплываюць на тое, як мы ўспрымаем навакольны свет, і на тыя каштоўнасці, якія мы прымаем або не прымаем. Як сацыяльныя структуры, яны ствараюць сетку ўзаемадзеяння і пачуццё прыналежнасці. У многіх выпадках рэлігіі станавіліся асновай сістэмы ўлады і перапляталіся з ёй. Гісторыя, як старажытная, так і нядаўняя, напоўнена прыкладамі «тэакратычных» дзяржаў – хрысціянскіх, індуісцкіх, мусульманскіх, іўдзейскіх і іншых. Падзел паміж дзяржавай і рэлігіяй уяўляе сабой нядаўняю з'яву і існуе не ўсюды: у Еўропе ёсць афіцыйныя дзяржаўныя рэлігіі і фактычна дзяржаўныя рэлігіі. У большасці выпадкаў гэта не стварае асаблівых праблем, калі гэта ўраўнаважваецца каштоўнасцямі талерантнасці.

Я лічу нерэлігійных людзей першапраходцамі.
Анандабаі Джошы, першая індуская жанчына і першая індыйская жанчына, якая атрымала медыцынскую ступень

Статыстычныя даныя аб прыхільніках рэлігіі або веры ніколі не могуць быць дакладнымі, улічваючы тое, як хутка змяняецца характар гэтай з'явы, а таксама той факт, што многія людзі яшчэ жывуць ва ўмовах, у якіх няма свабоды рэлігіі і перакананняў. Таму статыстычныя даныя згаданы ніжэй толькі для таго, каб прывесці прыклад разнастайнасці глабальнай карціны. Гэтыя лічбы адлюстроўваюць ацэнку колькасці прыхільнікаў найбольш распаўсюджаных рэлігій4:

Афрыканскія традыцыйныя рэлігіі і дыяспара:

100 млн

Бахаі:

7 млн

Будызм: 376 млн
Каадай: млн
Традыцыйная рэлігія Кітая: 394 млн
Хрысціянства: 2.1 млрд
Індуізм: 900 млн
Іслам: 1.5 млрд
Джайнізм: 4.2 млн
Іўдаізм: 14 млн
Неапаганства: 1 млн
Першабытна-карэнныя (рэлігіі плямёнаў, этнічныя рэлігіі або анімісты): 300 млн
Растафарыянства: 600 тыс.
Сінтаізм: 4 млн
Сікхізм: 23 млн
Спірытызм: 15 млн
Тэнрыкё: 2 млн
Унітарыянства-ўніверсалізм: 800 тыс.
Зараастрызм: 2.6 млн

Колькасць асоб, якія прытрымліваюцца свецкіх поглядаў, нерэлігійных асоб, агностыкаў і атэістаў ацэньваецца як 1,1 мільярда.

Пытанне: Якія рэлігіі адсутнічаюць у гэтым спісе?

Кожны дыктатар выкарыстоўвае рэлігію як апору для таго, каб захаваць сваю ўладу.
Беназір Бхута

Розныя рэлігіі і вераванні даўно існавалі і ў еўрапейскім рэгіёне. На пэўных гістарычных этапах Еўропа давала прытулак рэлігійным групам, якія праследаваліся, і забяспечвала ўмовы для разнастайнасці і працвітання розных рэлігій і вераванняў. У той жа час еўрапейскія краіны станавіліся і ахвярамі фанатызму і «загразалі ў рэлігійных войнах», такіх як 30-гадовая вайна (1618–1648), якая прывяла да знішчэння адной траціны насельніцтва кантынента.
Злоўжыванні рэлігійнымі догмамі або спрэчкі вакол іх прыводзілі да апраўдання вострых канфліктаў і войнаў, да ганення і нецярпімасці. Незалежна ад таго, як мы ўспрымаем гэту гістарычную спадчыну, у Еўропе існуе мноства рэлігій і перакананняў, і яны ўздзейнічалі і працягваюць уплываць на наша грамадства. У гэтым сэнсе рэлігіі і перакананні – важныя фактары, якія неабходна ўлічваць у дачыненні да моладзі і маладзёжнай працы, паколькі, прама ці ўскосна, яны ўплываюць на ідэнтычнасць маладых людзей і на іх пачуццё прыналежнасці.

Свабода рэлігіі або перакананняў у дакументах аб правах чалавека

Кожны чалавек мае права на свабоду думкі, сумлення і рэлігіі; гэта права ўключае свабоду мяняць сваю рэлігію або перакананні і свабоду вызнаваць сваю рэлігію або перакананні як аднаасобна, так i разам з iншымi, публiчным або прыватным парадкам, у вучэнні, богаслужэнні і выкананні рэлігійных і рытуальных абрадаў.
Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, артыкул 18

Ніколі не навязвай іншым тое, што ты не выбраў бы для сябе.
Канфуцый

Пазней гэта было пацверджана ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама ў шэрагу дакументаў, якія маюць абавязковы характар у галіне правоў чалавека, такіх як Афрыканская хартыя правоў чалавека і народаў (артыкул 8) і Еўрапейская канвенцыя аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод (артыкул 9).
Камітэт па правах чалавека ААН падкрэслівае, што гэта свабода з'яўляецца «маштабнай і глыбокай» і што яна «уключае свабоду думкі па ўсіх пытаннях, асабістыя перакананні і прыхільнасць да рэлігіі або веры, якая можа спавядацца індывідуальна ці сумесна з іншымі людзьмі», што свабода сумлення павінна быць роўнай свабодзе рэлігіі і веры, а абарона павінна забяспечвацца для «тэістычных, нетэістычных і атэістычных перакананняў, гэтак жа як і права не вызнаваць якую-небудзь рэлігію або веру».5 Такім чынам, у рамках гэтага права можа быць абаронена любая сур'ёзная вера або перакананне – незалежна ад таго, ці з'яўляецца чалавек сікхам, ці выступае ён супраць палявання, ці ж ён пацыфіст, мармон, вегетарыянец або перакананы ў неабходнасці змагацца са змяненнем клімату.

Пры забеспячэнні гэтай свабоды ў міжнародным плане гістарычна галоўная ўвага надавалася рэлігійнай свабодзе меншасцей. У нашы дні законы, якія забяспечваюць свабоду рэлігіі і перакананняў, ужо не сканцэнтраваны на неабходнасці падтрымліваць статус-кво, для таго каб не падрываць рэгіянальную бяспеку, а адлюстроўваюць цэлы шэраг праблем, у тым ліку і недыскрымінацыі, забеспячэння роўнасці і павагі годнасці. Аказанне падтрымкі гэтай свабоды мае шэраг як грамадскіх, так і індывідуальных абгрунтаванняў, бо гэта дае чалавеку прастору для (адкрытых) выказванняў, (энергічных) абмеркаванняў і (вольнага) выказвання сваіх перакананняў, якія яны выбралі, як індывідуальна, так і разам з іншымі. Дасягненне спрыяльных умоў для гэтай свабоды патрабуе не толькі неўмяшання па прыкмеце рэлігіі або перакананняў з боку дзяржавы, але пазітыўных мер для дасягнення і падтрымання такога асяроддзя ў грамадстве ў цэлым. На практыцы гэта павінна ўключаць, напрыклад, магчымасць стварэння месцаў для выканання рытуальных абрадаў або для маральнага і рэлігійнага выхавання.

Пытанне: Ці з'яўляецеся вы членам якой-небудзь рэлігійнай суполкі? Як вы сталі ў ёй удзельнічаць?

Не рабі іншым тое, чаго ты сам больш за ўсё баішся.
Надпіс на старажытнаегіпецкім папірусе

Не рабі іншым тое, што раззлавала бы цябе, калі б з табой гэта зрабілі іншыя.
Ісакрат

Як і ўсе іншыя правы чалавека, гэта свабода не павiнна быць «вышэй» за іншыя свабоды, і часам узнікаюць супярэчнасці паміж ёй і іншымі правамі чалавека, такімі як свабода выказвання меркавання і свабода слова, а таксама свабода ад дыскрымінацыі па прыкмеце полу ці сексуальнай арыентацыі. Гэта адлюстроўваецца, напрыклад, у тым, як складзены артыкул 9 Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека: прадугледжана абсалютная абарона свабоды думкі, сумлення і рэлігіі, аднак у адносінах да свабоды вызнаваць думкі, сумлення і рэлігіі прадугледжана толькі абумоўленая абарона – яны не павінны парушаць іншых правоў чалавека.
 

Еўрапейская канвенцыя аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод

Артыкул 9
1.  Кожны чалавек мае права на свабоду думкі, сумлення і рэлігіі; гэта права ўключае свабоду мяняць сваю рэлігію або перакананні і свабоду вызнаваць сваю рэлігію або перакананні як аднаасобна, так i разам з iншымi, публiчным або прыватным парадкам, у богаслужэнні, вучэнні і выкананні рэлігійных і рытуальных абрадаў.
2.  На свабоду вызнаваць сваю рэлігію або свае перакананні накладваюцца толькі тыя абмежаванні, якія прадугледжаны законам і з'яўляюцца неабходнымі ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах грамадскай бяспекі, для аховы грамадскага парадку, здароўя або маралі, або для абароны правоў і свабод іншых асоб.

Свабода рэлігіі і перакананняў – у тым ліку і свабода мяняць рэлігію – мае вельмі важнае значэнне для ўсіх нас, у нашых пошуках сэнсу жыцця, для нашага ўсебаковага развіцця, нашай ідэнтычнасці і нашага адлюстраванне сябе як членаў грамадства або суполкі. Ці ёсць у нас цвёрды рэлігійны погляд або перакананні, ці мы яшчэ не вызначыліся, або мы надаём мала значэння рэлігіі або перакананням – гэта свабода важна для людзей і таго грамадства, якое яны будуюць.

Ці шмат у вашай краіне супольнасцей, якія не маюць такога ж узроўню свабоды рэлігіі і перакананняў, як і іншыя людзі?

Праблемы са свабодай рэлігіі або перакананняў і парушэнне гэтай свабоды

Рэлігійныя групы, як і любыя іншыя групы, павінны трываць крытычныя публічныя заявы і спрэчкі аб іх дзейнасці, вучэннях і вераваннях пры ўмове, што такая крытыка не азначае наўмыснай і незаслужанай абразы і не з'яўляецца падбухторваннем да парушэння грамадскага спакою або дыскрымінацыяй прыхільнікаў той ці іншай рэлігіі.
Венецыянская камісія Савета Еўропы

На працягу ўсёй гісторыі рэлігіі многія рэлігійныя і грамадскія характарыстыкі глыбока ўкараніліся ў тым асяроддзі, у якім спавядалася пэўная рэлігія, і яны знайшлі сваё адлюстраванне ў культуры і палітыцы. У рэлігіі сыходзяць сваімі каранямі многія літаратурныя творы, вершы, мастацтва і музыка, манера апранацца і форма арганізацыі сумеснага жыцця. Рэлігія пакінула моцны след у культуры, што можна ўбачыць, напрыклад, падчас царкоўных свят, на ўрачыстасцях, на шлюбных цырымоніях, у рытуалах пахавання, падчас паломніцтваў, ці калі носяць рэлігійныя сімвалы (напрыклад, дэталі ўпрыгожанняў або вопраткі) або пры выкананні фізічных аперацый з целам чалавека, напрыклад, пры здзяйсненні абраду абразання хлопчыкаў.
Уплыў рэлігій можа быць яшчэ мацнейшы, калі краіны прымаюць дзяржаўную рэлігію або рэлігійную ідэалогію. У такіх выпадках рэлігія і рэлігійныя пастулаты могуць змешвацца з палітычнымі, эканамічнымі ці сацыяльнымі вымярэннямі грамадства.

Тое, у якой ступені свабода думкі, сумлення і рэлігіі дазваляе асобнай практыцы суполкі вернікаў адрознівацца ад астатняга грамадства, часта абмяркоўваецца ў праваабарончых супольнасцях. У якасці прыкладаў можна прывесці стаўленне да жанчын на кіруючых пасадах у рэлігійнай суполцы, традыцыйныя цырымоніі з удзелам дзяцей, законы, звязаныя са шлюбам, разводам або пахаваннем, забарона на стварэнне выяў боскіх істот ці іншых рэлігійных фігур і г. д.

Не прыпісвайце іншай душы таго, што вы не хацелі б, каб прыпісвалася вам, і скажыце «не», калі вы гэтага не рабілі.
Бахаула

У такіх умовах органы, якія займаюцца правамі чалавека, будуць крытыкаваць тую практыку, якая шкодзіць гэтым правам, незалежна ад таго, ці з'яўляецца гэта традыцыяй для асобных культур, народаў ці рэлігій. Такая крытыка накіравана не на культуру, нацыянальнасць ці рэлігію, а з'яўляецца спробай дабіцца раўнавагі паміж правамі чалавека на сваю ўласную рэлігію і перакананне і іншымі правамі чалавека, паколькі некаторыя тыпы такой практыкі могуць прыводзіць да сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека. Да шкодных традыцыйных практык адносяцца жаночае абразанне, жаданне мець сына, а не дачку (што можа прывесці да селектыўных абортаў па прыкмеце полу, да адмовы ад догляду за нованароджанымі дзяўчынкамі, да дыскрымінацыі ў адукацыі на карысць сыноў, да дыскрымінацыі ў харчаванні), а таксама дагаворныя або прымусовыя шлюбы, шлюбы сярод дзяцей, злачынствы, звязаныя з пасагам, злачынствы, якія апраўдваюцца меркаваннямі «гонару», поўнае або частковае пазбаўленне некаторых правоў тых, хто не вызнае пэўную рэлігію на карысць дамінуючай рэлігійнай групы ў пэўнай супольнасці, сегрэгацыя па прыкмеце рэлігіі і г. д. Такія традыцыі непамерна больш закранаюць жанчын і дзяцей, таму што менавіта спасылкі на традыцыі выкарыстоўваюцца для абгрунтавання дыскрымінацыі па прыкмеце полу і ўзросту. Акрамя таго, у некаторых выпадках узнікаюць сітуацыі, якія з пункту гледжання правоў чалавека з'яўляюцца парушэннямі чалавечай годнасці, і яны застаюцца непрызнанымі, пра іх забараняюць гаварыць або яны застаюцца беспакаранымі. Некаторыя віды такой практыкі грунтуюцца на рэлігійных запаведзях; а той факт, што яны глыбока ўкараніліся ў культуры і традыцыях, яшчэ больш ускладняе іх выкараненне. Перамен варта дамагацца на аснове змен у заканадаўстве, адукацыі і дзякуючы пашырэнню правоў і магчымасцей асобных людзей. 
На працягу ўсёй гісторыі рэлігіі адыгрывалі вельмі важную ролю ў стварэнні абмежаванняў наконт дзеянняў чалавека, для таго каб абараніць фізічную і псіхалагічную цэласнасць або годнасць іншых людзей. І хоць рэлігійныя погляды спрыялі развіццю ўсведамлення правоў і годнасці чалавека, тым не менш, правы чалавека, звязаныя з рэлігіяй і перакананнямі, не пазбаўлены напружанасці і супярэчнасцей, адлюстраваных у дакументах у галіне правоў чалавека, у параўнанні з іншымі правамі. Як было паказана ў дачыненні да шкоднай традыцыйнай практыкі, часам перакананні або вера выкарыстоўваюцца для таго, каб апраўдаць відавочную фізічную шкоду людзям, якая мае сур'ёзныя наступствы для здароўя.

Пытанне: Ці існуе ў вашым(-х) супольнасці(-ях) рэлігійная практыка, якую вы лічыце шкоднай?

Дыскрымінацыя і нецярпімасць па рэлігійных прыкметах або на аснове перакананняў

Не крыўдзі іншых, каб самому не апынуцца пакрыўджаным.
Уданаварга

Рэлігійная нецярпімасць можа выяўляцца на розных узроўнях: сярод прыхільнікаў адной рэлігіі (унутрырэлігійная нецярпімасць); паміж адной рэлігіяй ці рэлігійнымі пазіцыямі і іншай рэлігіяй, што прыводзіць да разнастайных канфліктаў паміж асобнымі людзьмі ці групамі асоб (міжрэлігійная нецярпімасць); у форме ваяўнічага атэізму ці ваяўнічага тэізму, якія нецярпіма ставяцца да свабоднага выбару і практыкі іншых рэлігій або да прыхільнасці іншым перакананням; або ў форме антысекулярызму. Рэлігійную нецярпімасць часта блытаюць з ксенафобіяй і іншымі формамі дыскрымінацыі; часам гэта выкарыстоўваецца для апраўдання дыскрымінацыі.
Большасць парушэнняў правоў чалавека, звязаных са свабодай рэлігіі і перакананняў, звязаны і з дыскрымінацыяй. Дыскрымінацыя на падставе рэлігіі або перакананняў супярэчыць правам чалавека, аднак з гэтай з'явай кожны дзень па-ранейшаму сутыкаюцца многія людзі ў Еўропе. Той факт, што рэлігію і перакананні часта блытаюць з культурай, нацыянальнасцю і этнічнай прыналежнасцю, робіць сітуацыю яшчэ больш складанай, а таксама больш балючай на індывідуальным узроўні: вы можаце падвергнуцца дыскрымінацыі на падставе рэлігійнай прыналежнасці, нават калі вы і не вызнаеце тую рэлігію, з якой вас асацыююць.

Дыскрымінацыя і нецярпімасць аказваюць негатыўнае ўздзеянне на грамадства ў цэлым і перш за ўсё на моладзь, якая з імі сутыкаецца. Сярод наступстваў можна адзначыць наступнае:

  • Нізкі ўзровень самаацэнкі
  • Самаізаляцыя
  • Унутранае адчуванне прыгнечанасці
  • Адмова ад удзелу ў школьных мерапрыемствах
  • Немагчымасць рэалізаваць свой патэнцыял
  • Уцягванне ў экстрэмісцкія ідэалогіі, якія прапаведуюць гвалт
  • Датэрміновае выгнанне са школы
  • Праблемы са здароўем, дэпрэсія.6

Рэлігійная нецярпімасць выкарыстоўваецца і для культывацыі нянавісці ва ўзброеных канфліктах і для іх распальвання, прычым не таму, што яна з'яўляецца прычынай канфлікту, а таму, што рэлігійная прыналежнасць выкарыстоўваецца для стварэння раздзяляльных ліній, як гэта было прадэманстравана падчас канфліктаў на Балканах і на Каўказе. Наступствы міжнароднага тэрарызму і «войнаў з тэрорам» былі асабліва разбуральнымі ў Еўропе і за яе межамі, перш за ўсё таму, што рэлігійная нецярпімасць змешваецца з ксенафобіяй і расізмам.
Ні ў адной сацыяльнай групы, рэлігіі ці супольнасці няма манаполіі ў сферы дыскрымінацыі. І хоць узровень абароны свабоды рэлігіі і перакананняў у розных краінах – удзельніках Савета Еўропы вельмі адрозніваецца, тым не менш, рэлігійная нецярпімасць і дыскрымінацыя закранае ў Еўропе ўсіх і кожнага.

Нецярпімасць і дыскрымінацыя ў дачыненні да мусульман (ісламафобія)

Бо ўвесь закон у адзін сказ укладваецца: палюбі блізкага свайго, як самога сябе.
Апостал Павел

Асаблівую заклапочанасць у шэрагу еўрапейскіх краін выклікае ўздым ісламафобіі, страху і нянавісці ў дачыненні да ісламу, што прыводзіць да дыскрымінацыі ў адносінах да мусульман і асоб, асацыяваных з ісламам. Іслам з'яўляецца самай распаўсюджанай рэлігіяй у Еўропе пасля хрысціянства і рэлігіяй большасці насельніцтва ў шэрагу краін – удзельнікаў Савета Еўропы. Варожасць у дачыненні да ісламу як рэлігіі і ў дачыненні да мусульман, асабліва пасля «войнаў з тэрорам», выявіла глыбока ўкаранелыя забабоны ў дачыненні да мусульман у многіх еўрапейскіх грамадствах. З-за таго, што іслам успрымаецца як рэлігія, звязаная толькі з тэрарызмам і экстрэмізмам, ісламафобія пагоршыла негатыўнае стаўленне да ісламу і мусульман, паколькі неабгрунтавана распаўсюджвала стаўленне да ваяўнічага рэлігійнага экстрэмізму і ўльтракансерватызму на ўсе мусульманскія краіны і на мусульман у цэлым. Такая нецярпімасць і стэрэатыпы ва ўспрыманні ісламу мелі розныя наступствы – ад славесных або пісьмовых абраз мусульман, дыскрымінацыі ў школах і на працоўных месцах і псіхалагічнага праследавання і націску да прамых нападаў на мячэці і асобных людзей, асабліва жанчын, якія носяць мусульманскія хусткі.7 У гэтым кантэксце пэўную ролю адыгралі і СМІ, прадстаўляючы часам мусульман у скажоным выглядзе, і перыядычна распаўсюджваючы пра іх негатыўныя стэрэатыпы і паклёп.
Як і ў дачыненні да іншых ахвяр дыскрымінацыі па прыкмеце рэлігійнай прыналежнасці, дыскрымінацыя ў дачыненні да мусульман можа спалучацца з іншымі формамі дыскрымінацыі і ксенафобіі, такімі як антыімігранцкі настрой, расізм і сексізм.

Шэсць распаўсюджаных забабонаў у дачыненні да мусульман

Яны ўсе аднолькавыя:
Мусульмане разглядаюцца як аднолькавыя людзі, нягледзячы на іх грамадзянства, сацыяльны клас і палітычныя погляды, а таксама незалежна ад таго, ці вызнаюць яны сваю веру і ажыццяўляюць рэлігійную практыку.
Яны ўсе натхняюцца рэлігіяй: Лічыцца, што самае галоўнае для мусульман пры любых абставінах – гэта іх рэлігійная вера. Таму калі мусульмане ўдзельнічаюць у актах гвалту, то мяркуецца, што гэта адбываецца з-за таго, што іх рэлігія выступае за гвалт.
Яны зусім «іншыя»: Мусульмане разглядаюцца як цалкам «іншыя»: да іх ставяцца як да людзей, у якіх мала, а можа нават і наогул няма агульных інтарэсаў, патрэб або каштоўнасцей з людзьмі немусульманскага паходжання.
Яны займаюць больш нізкую пазіцыю ў культурных і маральных адносінах: Мусульмане разглядаюцца як тыя, хто займае больш нізкую пазіцыю ў культурным і маральным сэнсе, і як здольныя на ірацыянальныя і гвалтоўныя акты, як нецярпімыя ў сваім стаўленні да жанчын, як пагардлівыя да поглядаў на свет, якія адрозніваюцца ад іх уласных, як варожыя і адмоўна настроеныя ў дачыненні да «Захаду» без якіх-небудзь на тое падстаў.
Яны – гэта пагроза: Мусульмане разглядаюцца як пагроза бяспецы, бо яны маўкліва ці адкрыта падтрымліваюць міжнародны тэрарызм і схільны да «ісламізацыі» тых краін, у якіх яны пражываюць.
З імі немагчыма супрацоўнічаць: У выніку папярэдніх пяці формаў успрымання заяўляецца, што не існуе якой-небудзь магчымасці для актыўнага партнёрства з мусульманамі і з асобамі іншага рэлігійнага або культурнага паходжання.

Кіруючыя прынцыпы для выкладчыкаў у галіне процідзеяння нецярпімасці і дыскрымінацыі ў дачыненні да мусульман, АБСЕ/БДІПЧ, Савет Еўропы і ЮНЕСКА.

Антыхрысціянскія настроі (хрысціянафобія)

Хрысціянафобіяй называюць любую форму дыскрымінацыі і нецярпімасці ў дачыненні да асобных ці ўсіх хрысціян, хрысціянскай рэлігіі або хрысціянскіх абрадаў. Як і іншыя формы дыскрымінацыі, заснаваныя на рэлігіі, антыхрысціянскія пазіцыі могуць прытрымлівацца прадстаўнікамі іншых рэлігій – часта рэлігій большасці – а таксама свецкімі інстытутамі. Варожасць у адносінах да хрысціян выяўляецца ў нападах на храмы, вусных абразах, а ў краінах, дзе хрысціяне складаюць меншасць, – у абмежаваннях на будаўніцтва храмаў і часам на захаванне цэркваў або манастыроў.
Асаблівую занепакоенасць выклікае павелічэнне колькасці нападаў на хрысціян на Блізкім Усходзе. У рэкамендацыі Парламенцкай асамблеі па гэтым пытанні змяшчаецца заклік, апроч іншага, да таго, што неабходна «падымаць узровень інфармаванасці аб барацьбе з усімі формамі рэлігійнага фундаменталізму і маніпуляцыі рэлігійнымі вераваннямі ў палітычных мэтах, што вельмі часта ў нашы дні з'яўляецца крыніцай тэрарызму. Адукацыя і дыялог уяўляюць сабой два важных інструмента, якія маглі б садзейнічаць папярэджанню такога зла».8

Пытанне: Ці сутыкаліся вы калі-небудзь з забабонамі ў дачыненні да вас з-за вашай рэлігіі або перакананняў? Як вы на гэта рэагавалі?

Антысемітызм

Абыходзьцеся з людзьмі так, як бы вы хацелі, каб людзі паступалі з вамі; і не рабіце нікому тое, што вы не хочаце, каб рабілі вам.
Прарок Мухамед

Антысемітызм – варожасць у дачыненні да яўрэяў як рэлігійнай групы ці меншасці, якая часта суправаджаецца сацыяльнай, эканамічнай і палітычнай дыскрымінацыяй; гэта прыклад спалучэння расізму і рэлігійнай дыскрымінацыі. І хоць часта прамымі мішэнямі антысемітызму з'яўляюцца яўрэі, сама матывацыя дыскрымінацыі і гвалту неабавязкова звязана з іўдаізмам як рэлігіяй, а хутчэй з яўрэямі як народам.
Даклады праваабарончых арганізацый рэгулярна сведчаць аб трывожным росце колькасці антысеміцкіх актаў, якія ў некаторых краінах суправаджаюцца адкрытымі антысеміцкімі заявамі палітычнага характару. Гэта ўключае і напады на яўрэйскія школы, «у ходзе якіх усё часцей вучні-яўрэі падвяргаюцца нападам, ганенню і атрымліваюць траўмы, ідучы ў школу і са школы або ў класе, у тым ліку і з боку сваіх аднакласнікаў. Настаўнікі паведамляюць, што тэрмін «яўрэй» стаў папулярнай абразай сярод моладзі».9 Пры гэтым антысемітызм не абмяжоўваецца экстрэмісцкімі коламі, а ўсё больш становіцца асноўнай плынню.
У сваёй Рэкамендацыі № 9 аб барацьбе з антысемітызмам, прынятай у 2004 годзе, Еўрапейская камісія супраць расізму і нецярпімасці рэкамендуе, апроч іншага, дзяржавам-удзельнікам забяспечваць, каб на падставе крымінальнага права прадугледжваліся пакаранні за такія антысеміцкія акты, як:
публічныя заклікі да гвалту, нянавісці, дыскрымінацыі, публічныя абразы, дыфамацыя і пагрозы, накіраваныя на асобу або групу асоб на аснове іх сапраўднай або меркаванай яўрэйскай ідэнтычнасці або паходжання
публічнае, з антысеміцкай мэтай, абвяшчэнне ідэалогіі, якая прыніжае ці абражае групу асоб у сувязі з іх яўрэйскай ідэнтычнасцю або паходжаннем;
публічнае адмаўленне, баналізацыя, апраўданне або сімпатыі ў дачыненні да Шаа і злачынстваў генацыду, злачынстваў супраць чалавечнасці або ваенных злачынстваў, учыненых у адносінах да асоб у сувязі з іх яўрэйскай ідэнтычнасцю або паходжаннем
здзек, у антысеміцкіх мэтах, з яўрэйскай уласнасці і помнікаў, і іх прафанацыя
стварэнне ці ўзначаленне групы, якая распаўсюджвае антысемітызм.

Рэлігійная нецярпімасць і дыскрымінацыя не абмяжоўваюцца антысемітызмам, хрысціянафобіяй або ісламафобіяй. Сярод мноства форм дыскрымінацыі існуе непрызнанне некаторых рэлігій і рознае абыходжанне з імі. Рэлігіі і сістэмы перакананняў могуць быць, такім чынам, забаронены, падвяргацца ганенню або жорсткаму кантролю з-за іх так званага «сектанцкага характару» або з-за таго, што ў іх мала паслядоўнікаў і таму яны «нязначныя».Важна памятаць, што свабода рэлігіі і перакананняў уключае ў сябе права на тое, каб змяніць рэлігію або права не быць прыхільнікам якой-небудзь рэлігіі або не заяўляць пра гэта.

Пытанне: Што адбываецца, калі вы вырашаеце прыняць рэлігію, якая адрозніваецца ад рэлігіі вашай сям'і і супольнасці?

Чалавек ніколі не павінен рабіць іншаму тое, што ён лічыць абразлівым для самога сябе. У гэтым, сцісла, і складаецца правіла вучэння дхармы.
Брыхаспаці Махабхарата

Нягледзячы на рост і шырокае распаўсюджанне праяў рэлігійнай нецярпімасці, важна памятаць, што рэлігія і правы чалавека цалкам сумяшчальныя і што толькі рамкі правоў чалавека могуць забяспечыць свабоду рэлігіі і перакананняў для ўсіх.
Сапраўды, гісторыя Еўропы мае шмат прыкладаў гвалту і варварства ў імя рэлігіі. Гэтыя акты здзяйсняліся ў мінулым і працягваюць здзяйсняцца ў сучаснасці людзьмі, якія кіруюцца не рэлігійнымі запаветамі, а сваімі пэўнымі інтарэсамі.
На шчасце, гісторыя і рэальнасць нашага часу дазваляе з аптымізмам ацэньваць жывую карціну рэлігійнай разнастайнасці: няма ніводнага грамадства, якое было б монарэлігійным, і няма адзінай сістэмы мыслення, якая б дамінавала, нават у найбольш экстрэмальных формах таталітарызму. Акрамя таго, прыкладаў людзей, якія прымаюць адзін аднаго, нягледзячы на рэлігійныя адрозненні, а часта і аб'ядноўваюцца ва ўмовах разнастайнасці, значна больш, чым прыкладаў нецярпімасці.

Работа Савета Еўропы

У Белай кнізе Савета Еўропы аб міжкультурным дыялогу «Жыць разам у роўнай годнасці» (2008 г.) прызнаецца, што шэраг рэлігійных і свецкіх канцэпцый жыцця ўзбагаціў культурную спадчыну Еўропы, а таксама адзначаецца важнасць міжрэлігійнага, унутрырэлігійнага і іншых формаў дыялогаў для садзейнічання ўзаемаразуменню паміж рознымі культурамі. Там жа падкрэсліваецца, што Савет Еўропы «будзе заставацца нейтральным у дачыненні да розных рэлігій і пры гэтым абараняць свабоду думкі, сумлення і рэлігіі, правы і абавязкі ўсіх грамадзян, а таксама адпаведную аўтаномію дзяржавы і рэлігіі».10
Садзейнічанне рэлігійнай талерантнасці і міжканфесійнаму дыялогу з'яўляецца таксама адным з прыярытэтаў маладзёжнай палітыкі Савета Еўропы. У ходзе мерапрыемстваў, арганізаваных у межах кампаніі «Усе розныя – усе роўныя» ў 2007–2008 гадах, былі распрацаваны рэкамендацыі і планы дзеянняў па прасоўванні міжрэлігійнага дыялогу ў еўрапейскай маладзёжнай працы, у тым ліку Стамбульская маладзёжная дэкларацыя аб міжрэлігійным і міжкультурным дыялогу ў маладзёжнай рабоце12, і План дзеянняў, прыняты ў Казані.13 Усе гэтыя дакументы падкрэсліваюць вельмі важную ролю моладзі і маладзёжных арганізацый у садзейнічанні пераменам у імя рэлігійнай талерантнасці.

Для больш падрабязнай інфармацыі гл. навучальны дапаможнік для школьнікаў, выдадзены Саветам Еўропы «Рэлігійная разнастайнасць і міжкультурная адукацыя».11

Сфера адукацыі можа стаць і вобласцю напружанасці ў адносінах да правоў чалавека, звязаных з рэлігіямі і перакананнямі, паколькі ў шэрагу выпадкаў змест адукацыі падвяргаўся крытыцы, таму што ён абмяжоўвае свабоду рэлігіі і перакананняў, або ў выпадках, калі рэлігійныя сімвалы, якія выкарыстоўваюцца ў школах або навучэнцамі, прыводзілі да канфліктаў. У той жа час адукацыя з'яўляецца адной з найбольш важных сфер жыцця, дзе можна процідзейнічаць стэрэатыпам і забабонам. У гэтым духу БДІПЧ, Савет Еўропы і ЮНЕСКА апублікавалі Кіруючыя прынцыпы для выкладчыкаў па супрацьдзеянні нецярпімасці і дыскрымінацыі ў дачыненні да мусульман.14 Гэты дакумент закліканы аказаць падтрымку настаўнікам, выкладчыкам па падрыхтоўцы настаўнікаў, экспертам у сферы адукацыйнай палітыкі, а таксама няўрадавым арганізацыям, якія займаюцца нефармальнай адукацыяй, у іх працы супраць ісламафобіі.

Рэлігія і перакананні ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека

Працэс «Фальгера (Folgerø) і іншыя супраць Нарвегіі» (2007 г.)

Бацькі звярнуліся ў суд у Страсбургу і выйгралі працэс, які заключаўся ў тым, што дзеці не абавязаны наведваць абавязковыя рэлігійныя заняткі па адной канкрэтнай хрысціянскай канфесіі. Суд пастанавіў, што дзяржава парушыла артыкул 2 Пратакола № 1, які прадугледжвае, што «нікому не можа быць адмоўлена ў праве на адукацыю. Дзяржава пры выкананні функцый, якія яно прымае на сябе ў галіне адукацыі і навучання, паважае права бацькоў забяспечваць такую адукацыю і такое навучанне, якое адпавядае іх рэлігійным і філасофскім перакананням».

Працэс «Лаўтсі (Lautsi) супраць Італіі» (2011 г.)
Дзеці сп-ні Лаўтсі наведвалі дзяржаўную школу, дзе ў класе на сцяне вісела распяцце, што яна палічыла супярэчаннем прынцыпу свецкасці, у духу якога яна хацела выхоўваць сваіх дзяцей. Яна паскардзілася ў суд на парушэнне артыкула 9 (свабода думкі, сумлення і рэлігіі) і артыкула 2 Пратакола № 1 (права на адукацыю).
Суд пастанавіў, што парушэння не было; ён палічыў, у прыватнасці, што пытанне аб рэлігійных сімвалах у класах з'яўляецца, у прынцыпе, пытаннем, якое адносіцца да дзяржаўнай кампетэнцыі, пры ўмове, што рашэнні ў гэтай вобласці не будуць прыводзіць да якой-небудзь формы індактрынацыі і што няма нічога, што паказвае на нецярпімасць уладаў у дачыненні да вучняў, якія вызнаюць іншыя рэлігіі, няверуючых ці тых, хто прытрымліваецца нерэлігійных філасофскіх перакананняў.

Працэс «Эрсэп (Ercep) супраць Турцыі» (2011 г.)
Гэты працэс тычыўся адмовы заяўніка, які належаў да ліку Сведак Іеговы і які адмовіўся па меркаваннях сумлення ад вайсковай службы, праходзіць службу ў войску, за што пазней ён быў асуджаны.
Суд устанавіў парушэнне артыкула 9 і парушэнне артыкула 6 (права на справядлівы судовы разбор). Ён заклікаў Турцыю прыняць заканадаўства аб асобах, якія адмаўляюцца праходзіць ваенную службу па меркаваннях сумлення, і ўвесці альтэрнатыўную форму службы.

Рамачная канвенцыя аб абароне нацыянальных меншасцей таксама абараняе рэлігію як адзін з аспектаў ідэнтычнасці меншасцей, прадугледжваючы, што «бакі абавязваюцца заахвочваць стварэнне спрыяльных умоў, якія дазваляюць забяспечыць асобам, якія належаць да нацыянальных меншасцей, магчымасці падтрымліваць і развіваць сваю культуру, а таксама захоўваць асноўныя элементы іх самабытнасці, а менавіта: рэлігію, мову, традыцыі і культурную спадчыну» (артыкул 5), і забараняе прымусовую асіміляцыю.

Рэлігія і перакананні ў рабоце з моладдзю

Нішто з таго, што дыхае, існуе, жыве або мае сутнасць ці патэнцыял жыцця, не павінна падлягаць знішчэнню, авалоданню або заваяванню, і яму не можа быць нанесена шкода або адмоўлена ў наяўнасці яго сутнасці або патэнцыялу. Падобна таму, як смутак або боль не пажаданы для вас, яны таксама непажаданы для ўсяго, што дыхае, існуе, жыве або мае сутнасць жыцця.
Акаранга Сутра

Рэлігія з'яўляецца тым пытаннем, з якім моладзь сутыкаецца ў сваім паўсядзённым жыцці дома, у грамадстве, на працы ці ў школе. Работа з моладдзю можа дапамагчы зрабіць рэлігійныя адрозненні фактарам культурнага ўзбагачэння для моладзі замест таго, каб гэта рабілася крыніцай канфрантацыі, перш за ўсё дзякуючы выхаванню ўзаемнага разумення, талерантнасці і прыняцця адрозненняў.

Незалежна ад таго, ці працуюць маладзёжныя работнікі на мясцовым, рэгіянальным або міжнародным узроўні, ім неабходна аналізаваць патэнцыяльную ролю і ўплыў рэлігіі і перакананняў падчас любога мерапрыемства, а таксама пры планаванні задач сваёй дзейнасці. Добрай стартавай пляцоўкай з'яўляецца прыняцце разнастайнасці; калі грунтавацца на разнастайнасці, то гэта стане крыніцай эфектыўнага працягу ўсёй дзейнасці. Усё больш маладзёжных арганізацый актыўна працуе ў галіне міжрэлігійнага дыялогу, заахвочваючы дыялог паміж роўнымі і зыходзячы з самакрытычнага падыходу да сваіх уласных рэлігійных традыцый з мэтай павышэння ўзроўню ўзаемаразумення.

Улік рэлігійных адрозненняў у час працы з групай, да і пасля мерапрыемства, можа з самага пачатку спрыяць стварэнню больш утульнай атмасферы ў групе. Веды аб рытуалах і практыках розных рэлігій могуць быць вельмі карыснымі і важнымі для эфектыўнага правядзення і поспеху маладзёжных мерапрыемстваў. Улік правілаў харчавання, месца і часу малітваў, рэлігійнага календара і паўсядзённай практыкі розных рэлігійных груп (напрыклад, шабата, пятнічных малітваў, Рамадана, нядзельных службаў, свят) можа дапамагчы арганізатарам міжнародных мерапрыемстваў стварыць паважлівую і мірную атмасферу, а таксама пазбягаць праблем пры праездзе, планаванні і забеспячэнні эфектыўнасці мерапрыемстваў. Гэтак жа важны асаблівасці месца правядзення падзеі і меркаванні ў дачыненні да акружэння, каб забяспечыць павагу да патрэб удзельнікаў групы.
Ступень уважлівасці да рэлігійнай разнастайнасці ў групе створыць пэўнае пазітыўнае і стымулюючае стаўленне, а таксама зацікаўленасць у дачыненні да рэлігійнай практыкі і вераванняў іншых людзей. Гэта можа таксама дапамагчы ўмацаваць узаемную павагу і разуменне, садзейнічаючы пераадоленню любых моцных забабонаў, звязаных з рэлігійнымі вераваннямі і практыкай.

Пытанне: Якое значэнне мае рэлігійная талерантнасць у вашай рабоце з моладдзю?

Палюбі блізкага свайго, як самога сябе.
Левіт

Вялікі аб'ём маладзёжнай работы звязаны з рознымі канфесіямі; існуе шмат маладзёжных арганізацый, створаных па канфесійнай прыкмеце. Маладзёжны сектар Савета Еўропы цесна працуе з многімі міжнароднымі маладзёжнымі арганізацыямі, створанымі па канфесійнай прыкмеце, і заахвочвае супрацоўніцтва паміж імі. У вучэбных і падрыхтоўчых сесіях у Еўрапейскім маладзёжным цэнтры рэгулярна ўдзельнічаюць такія арганізацыі, як:

  • Экуменічны савет моладзі Еўропы
  • Еўрапейскі альянс YMCA
  • Еўрапейскі маладзёжны савет Бахаі
  • Еўрапейскае братэрства хрысціянскай моладзі
  • Еўрапейскі саюз яўрэйскіх студэнтаў
  • Форум еўрапейскіх мусульманскіх маладзёжных і студэнцкіх арганізацый
  • Міжнародная федэрацыя каталіцкіх маладзёжных арганізацый
  • Міжнародны рух каталіцкай сельскагаспадарчай і сельскай моладзі Еўропы
  • Міжнародныя маладзёжныя каталіцкія студэнты – Міжнародны рух каталіцкіх студэнтаў
  • Ісламская канферэнцыя маладзёжнага форуму за дыялог і супрацоўніцтва
  • Маладзёжны форум Пакс Крысці
  • Syndesmos – Сусветнае братэрства праваслаўнай моладзі
  • Альянс «Сірыяк Юніверсал»
  • Еўрапейская асацыяцыя маладых жанчын-хрысціянак
  • Сусветная студэнцкая хрысціянская федэрацыя

Выгаду блізкага свайго лічы сваёй уласнай выгадай, а страты блізкага свайго лічы ўласнымі стратамі.
Тай Шан Кан Ін П'ень

Некаторыя з гэтых арганізацый сабраліся ў рамках Еўрапейскага маладзёжнага форуму і стварылі канфесійныя групы маладзёжных арганізацый для таго, каб вучыцца адзін у аднаго, прасоўваць разнастайнасць і змагацца з дыскрымінацыяй і нянавісцю. Сабраўшыся пад эгідай Еўрапейскай арганізацыі па падрыхтоўцы паміж равеснікамі, Еўрапейскага саюза яўрэйскіх студэнтаў, Экуменічнага савета моладзі Еўропы, Форуму еўрапейскіх мусульманскіх маладзёжных і студэнцкіх арганізацый, Міжнароднай федэрацыі каталіцкіх маладзёжных арганізацый, Маладзёжнага форуму Пакс Крысці і Сусветнай студэнцкай хрысціянскай федэрацыі, у 2008 годзе група экспертаў падрыхтавала набор інструментаў па міжрэлігійным дыялогу ў маладзёжнай рабоце – «Жыць сумесна ў веры». Гэты набор інструментаў, апублікаваны Еўрапейскім маладзёжным форумам, змяшчае інфармацыю аб монатэістычных рэлігіях, і ў ім прапануецца шэраг метадалогій і мерапрыемстваў для разумення і пераадолення забабонаў і стэрэатыпаў, звязаных з рэлігіяй, і для прасоўвання міжрэлігійнага дыялогу. З гэтым наборам інструментаў можна азнаёміцца на сайце Еўрапейскага маладзёжнага форуму (www.youthforum.org) або на сайце арганізацый-супрацоўнікаў. 

Канцавыя зноскі

1 http://en.wikipedia.org/wiki/Religion (па стане на 9 ліпеня 2012 г.)
2  Рэлігія (2007) Брытанская энцыклапедыя: www.britannica.com/eb/article-9063138
3 LindaWoodhead, with Rebecca Catto: "Religion or belief": Identifying issues and priorities. Equality and Human Rights Commission, 2009, p. iii: www.equalityhumanrights.com/uploaded_files/research/research_report_48__religion_or_belief.pdf
4 Асноўныя рэлігіі свету па колькасці прыхільнікаў: www.adherents.com/Religions_By_Adherents.html
5 Заўвага агульнага парадку № 22 Камітэта па правах чалавека ААН аб артыкуле 18 МПГПП.
6 АБСЕ/БДІПЧ, Савет Еўропы і ЮНЕСКА, Кіруючыя прынцыпы для выкладчыкаў па супрацьдзеянні нецярпімасці і дыскрымінацыі ў дачыненні да мусульман, 2011 г.
7 FAIR (Форум супраць ісламафобіі і расізму), гл. па адрасе: www.fairuk.org/introduction.htm
8 Рэкамендацыя 1957 (2011) Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы аб барацьбе з гвалтам супраць хрысціян на Блізкім Усходзе.
9 АБСЕ/БДІПЧ і Яд Вашэм, «Пра антысемітызм: Чаму і як?», Дапаможнік для выкладчыкаў, 2007 г.
10 Савет Еўропы, Белая кніга аб міжкультурным дыялогу «Жыць разам у роўнай годнасці», зацверджана міністрамі замежных спраў краін – удзельнікаў Савета Еўропы на 118-й сесіі міністраў (Страсбург 7 мая 2008 года), с. 23, даступна па спасылцы: www.coe.int/t/dg4/intercultural/Source/Pub_White_Paper/White%20Paper_final_revised_EN.pdf, Гл. таксама Сан-Марынскую дэкларацыю ад 2007 г.
11 www.coe.int/t/dg4/education/edc/Source/Pdf/Coordinators/2006_14_CDED_ReligiousDiversity.pdf
12 «Стамбульская маладзёжная дэкларацыя аб міжрэлігійным і міжкультурным дыялогу ў маладзёжнай рабоце», сімпозіум па міжрэлігійным і міжкультурным дыялогу ў маладзёжнай рабоце, Стамбул, Турцыя, 27–31 сакавіка 2007 г.: www.coe.int/t/dg4/youth/Source/Resources/Documents/2008_Istanbul_Declaration_en.pdf
13 «Казанскі план дзеянняў», Міжнародны еўрапейскі форум «Міжкультурны дыялог і яго рэлігійнае вымярэнне», Казань, Рэспубліка Татарстан, Расійская Федэрацыя, 30 лістапада – 4 снежня 2008 г.: www.coe.int/t/dg4/youth/Source/Resources/Documents/2008_Kazan_Action_Plan_en.pdf
14 Кіруючыя прынцыпы для выкладчыкаў у галіне процідзеяння нецярпімасці і дыскрымінацыі ў дачыненні да мусульман, АБСЕ/БДІПЧ, Савет Еўропы і ЮНЕСКА, 2011 г.: www.coe.int/t/dg4/education/edc/resources

compass-key-date
  • 27 JanuaryHolocaust Memorial Day
  • 21 MarchInternational Day for the Elimination of Racial Discrimination
  • 15 MayInternational Day of Conscientious Objection
  • 21 MayWorld Day for Cultural Diversity for Dialogue and Development
  • 9 AugustInternational Day of Indigenous People
  • 21 SeptemberInternational Day of Peace
  • 16 NovemberInternational Day for Tolerance