Той, хто не адстойвае ўласныя перакананні, будзе скакаць пад чужую дудку.

Малкальм Ікс

Агляд

Гэта практыкаванне нацэлена на даследаванне рознагалосся ў сувязі з будаўніцтвам новай мячэці ў раёне з традыцыйна хрысціянскім насельніцтвам з дапамогай інсцэніроўкі пасяджэння муніцыпальнага савета.

Звязаныя правы
  • Свабода ад дыскрымінацыі
  • Свабода рэлігіі і перакананняў
  • Свабода думкі і інфармацыі
Мэты
  • Перажыць вопыт рэальнага канфлікту, які можа ўзнікнуць падчас задавальнення запытаў разнастайных груп насельніцтва
  • ывучыць права на свабоду рэлігіі і перакананняў
  • Развіць навыкі вядзення дэбатаў і аналізу
Матэрыялы
  • Папера для картак з імёнамі
  • Папера для фліпчарта
  • Гадзіннік або секундамер
  • Невялікі званочак для мэра
Падрыхтоўка
  • Падрыхтуйце фотакопіі ролевых картак у раздатачным матэрыяле, апісанне праблемы і правілы правядзення дэбатаў (па жаданні).
  • Падрыхтуйце карткі з імёнамі для розных партый (груп), якія будуць прысутнічаць на пасяджэнні.
  • Адлюструйце розныя ролі на фліпчарце, каб усім было бачна..
  • Пераканайцеся, што ў вас дастаткова месца для «пасяджэння савета» і ёсць асобныя месцы для розных груп, дзе яны змогуць абмеркаваць сваю пазіцыю загадзя або праводзіць сустрэчы.
Key Date
  • 21 верасняМіжнародны дзень міру

Інструкцыі

1. Прачытайце ўслых апісанне праблемы ў раздатачным матэрыяле . Растлумачце, што ўсе ўдзельнікі – жыхары Сліпівіля і што ўсіх турбуе праблема будаўніцтва мячэці на закінутым участку зямлі, які належыць муніцыпалітэту.
2. Пакажыце ўдзельнікам спіс розных роляў і папрасіце выбраць сабе адну з іх. Раздайце ролевыя карткі і апісанне праблемы, пакажыце, дзе групы могуць сустрэцца для абмеркавання і дзе будзе пазней праходзіць «пасяджэнне савета».
3. Растлумачце правілы вядзення дэбатаў, якія будуць дзейнічаць падчас пасяджэння.
4. Растлумачце, што да пасяджэння ва ўсіх будзе 30 хвілін для сустрэчы з іншымі грамадзянамі, падрыхтоўкі выступлення і прыняцця рашэння аб галасаванні. Раскажыце, што пасяджэнне гарадскога савета будзе працягвацца 40 хвілін і што з-за вялікай колькасці ўдзельнікаў час на выступленне кожнага вельмі абмежаваны. Па гэтай прычыне ўсе павінны падрыхтаваць адзін-два пункты, якія яны хочуць асабліва падкрэсліць.
5. Падчас фазы падрыхтоўкі паклапаціцеся пра месца правядзення «пасяджэння савета». Пажадана, каб усе сядзелі паўколам або ў форме падковы, а мэр – наперадзе на некаторым узвышшы. Партыі або групы павінны мець магчымасць сесці разам, на сталах перад імі вам трэба размясціць карткі з імёнамі.
6. Па заканчэнні адведзенай паўгадзіны абвясціце пачатак пасяджэння (або папрасіце мэра зрабіць гэта). Ён павінен нагадаць удзельнікам асноўныя правілы правядзення дэбатаў і сказаць уступнае слова.
7. Пасля заканчэння пасяджэння, праз 40 хвілін, мэр павінен заклікаць удзельнікаў да галасавання. Калі галасы будуць падлічаны і аб'яўлены вынік, вы абвесціце заканчэнне практыкавання і папросіце ўдзельнікаў сесці кругам для аналізу.

Аналіз і ацэнкаGoto top

Пачніце падвядзенне вынікаў, павітаўшы ўсіх удзельнікаў па іх сапраўдным імені або выкарыстаўшы іншы метад, які дапаможа ім выйсці з настрою, у якім яны былі падчас мадэліравання. Гэта трэба зрабіць перад пачаткам аналізу.
Спытайце ўдзельнікаў, што яны думаюць пра працэс, які толькі што завяршыўся:
• Ці здзівілі вас вынікі галасавання і ці адлюстравалі яны пазіцыю чалавека, якога вы ігралі?
• У якой ступені, на вашу думку, вы здолелі аказаць уплыў (у вашай ролі) на вынік?
• Ці змяніўся ваш падыход або стаўленне да праблемы пасля абмеркавання з іншымі ўдзельнікамі або групамі?
• Наколькі проста ці няпроста вам было атаясамліваць сябе з роллю? Чаму?
• На вашу думку, ці можа такая сітуацыя здарыцца ў рэальным жыцці? Ці можаце вы прывесці прыклады?
• Як бы вы адрэагавалі, калі б падобны выпадак адбыўся ў вашым горадзе (раёне)? Ці змяніла гэта гульня ў нейкай ступені ваша стаўленне?
• Што вы разумееце пад правам свабоды думкі, сумлення і рэлігіі? Ці ведаеце вы якія-небудзь прыклады з гісторыі (або сучаснасці), калі ў такіх правах адмаўлялі?
• Чаму вы лічыце, што свабода рэлігіі павінна быць адным з асноўных правоў чалавека?
• У якой ступені, на ваш погляд, гэта права выконваецца ў вашай супольнасці?

Парады для фасілітатараўGoto top

Калі ёсць магчымасць, лепш праводзіць гэту гульню разам з яшчэ адным фасілітатарам, каб была магчымасць адначасова адказваць на пытанні і каардынаваць кожны этап выканання практыкавання. Практыкаванне можа быць больш плённым, калі ў распараджэнні маецца больш часу, асабліва для самога пасяджэння, каб ва ўдзельнікаўбыла магчымасць адрэагаваць на каментарыі іншых. Таксама можна размеркаваць ролі загадзя або ў выпадковым парадку, каб сэканоміць час занятку. Падчас фазы падрыхтоўкі варта правяраць, што ўдзельнікі сустракаюцца з іншымі ўдзельнікамі і плануюць, што яны збіраюцца сказаць падчас пасяджэння.
Пры размеркаванні роляў не забывайце, што роля мэра з'яўляецца вельмі няпростай і што чалавек, які будзе яе выконваць, павінен быць упэўнены ў сваіх сілах. Ён павінен умець весці пасяджэнне і пры неабходнасці ўмець спыніць выступоўцаў, каб даць магчымасць выказацца ўсім. Вы павінны абмеркаваць гэту задачу з удзельнікам, які будзе выконваць ролю мэра, да пачатку практыкавання.
Пажадана, каб пасля гэтага вы пакінулі ўсю фасілітацыю пасяджэння на ўдзельніка, які іграе мэра, каб ён адчуваў, што яму давяраюць, і каб іншыя ўдзельнікі паважалі яго рашэнні, а не глядзелі ўвесь час на вас. Зразумела, калі ўзнікнуць цяжкасці, вы можаце ўмяшацца, аднакзрабіць гэта трэба так, каб не падарваць аўтарытэт «мэра».
Калі мадэліраванне выйдзе з-пад кантролю, напрыклад таму, што ўдзельнікі адыдуць ад тэмы або пачнуць абмяркоўваць новую інфармацыю, або калі савет зойдзе ў тупік і не зможа прыйсці да кансэнсусу, звярніце ўвагу ўдзельнікаў на тое, што менавіта так можа здарыцца і ў рэальным жыцці, і гэта не значыць, што практыкаванне не атрымалася. Вы можаце абмеркаваць гэту тэму ў канцы аналізу, каб абмеркаваць цяжкасці, з якімі даводзіцца сутыкацца ў рэальным жыцці пры вырашэнні такіх складаных пытанняў, як гэта.
Падчас аналізу важна пазбегнуць паўтораў мадэліравання. Удзельнікам неабходна абстрагавацца ад ролі, якую яны ігралі, каб аб’ектыўна разважаць пра тое, што адбылося. Вы павінны дапамагчы ім паглядзець на сітуацыю з іх пункту гледжання, а не з пункту гледжання персанажаў, якіх яны ігралі.
Каб падрыхтаваць правядзенне аналізу і ацэнкі, вы можаце прачытаць даведачную інфармацыю пра рэлігію і перакананні ў Главе 5.

ВарыянтыGoto top

У залежнасці ад кантэксту, у якім вы працуеце, магчыма, будзе больш прыдатным правесці практыкаванне па тэме «Царква ў Сліпівілі» або «Храм у Сліпівілі» і размясціць іх, напрыклад, у пераважна мусульманскім раёне. Ці вы можаце выбраць нейкую іншую камбінацыю. Вы можаце ўключыць у практыкаванне журналістаў, якія будуць асвятляць працэс і дапамогуць атрымаць незалежны пункт гледжання, але гэта падоўжыць выкананне практыкавання, асабліва калі вы збіраецеся абмеркаваць рэпартажы з групай (глядзіце прапановы ніжэй).

Прапановы па далейшай працыGoto top

Абмяркуйце аспекты свабоды рэлігіі і перакананняў, а таксама спрэчкі, якія ўзнікалі ў вашай краіне. Рэальныя інцыдэнты (гісторыі, апісаныя ў навінах), якія маюць дачыненне да пытання, могуць паслужыць добрым зыходным пунктам, асабліва для абмеркавання ў невялікіх групах. Вы можаце развіць дыскусію, больш падрабязна вывучыўшы погляды ўдзельнікаў на рэлігію і яе ўплыў на жыццё моладзі пры дапамозе практыкавання «Вернікі».

Калі ў пасяджэнні ўдзельнічаюць журналісты, вы можаце выкарыстаць выкананы імі аналіз падзей падчас асобнага занятку. Асабліва будзе карысна разглядзець адрозненні паміж рэпартажамі, каб абмеркаваць ролю і ўплыў СМІ. Практыкаванне «Першая паласа» даследуе механізм фарміравання і змены меркаванняў, асабліва ў СМІ.

Можна сканцэнтравацца на развіцці навыкаў дэбатаў, аналізу ці пераканання, узяўшы за аснову спрэчныя або супрацьлеглыя сцверджанні, якія ўзніклы падчас аналізу, і правёўшы практыкаванне «Выбірай!».

Ідэі для дзеянняGoto top

Папрасіце ўдзельнікаў паглядзець на сваё ўласнае асяроддзе і паспрабаваць ацаніць, у якой ступені выконваюцца правы розных рэлігійных супольнасцей. Паспрабуйце арганізаваць сустрэчы з прадстаўнікамі некаторых з гэтых супольнасцей і выслухаць, як яны бачаць сітуацыю з захаваннем сваіх правоў.
У залежнасці ад кантэксту, у якім вы і ўдзельнікі жывяце і працуеце, а таксама ад актуальных пытанняў, якія абмяркоўвае гарадскі савет, можа быць цікава наведаць яго пасяджэнне і прыняць удзел у мясцовых палітычных дыскусіях, якія закранаюць правы чалавека на мясцовым узроўні.

Дадатковая інфармацыяGoto top

Права на свабоду рэлігіі ў міжнародных стандартах у галіне правоў чалавека: магчыма, вы захочаце скапіраваць прыведзеную ніжэй інфармацыю для прадстаўнікоў Мусульманскай асацыяцыі Сліпівіля і групы «Маладыя сліпівільцы за правы чалавека!».

Еўрапейская канвенцыя аб правах чалавека, артыкул 9:
1. Кожны чалавек мае права на свабоду думкі, сумлення і рэлігіі; гэта права ўключае свабоду мяняць сваю рэлігію або перакананні і свабоду вызнаваць сваю рэлігію або перакананні як аднаасобна, так i разам з iншымi ў публiчным або прыватным парадку падчас богаслужэння, навучання і выканання рэлігійных і рытуальных абрадаў.
2. У адносінах да свабоды вызнаваць сваю рэлігію або перакананні дзейнічаюць толькі такія абмежаванні, якія ўстаноўлены законам і з'яўляюцца неабходнымі ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах грамадскай бяспекі, аховы грамадскага парадку, здароўя або маралі ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, артыкул 18:
Кожны чалавек мае права на свабоду думкі, сумлення і рэлігіі; гэта права ўключае свабоду мяняць сваю рэлігію або перакананні і свабоду вызнаваць сваю рэлігію або перакананні як аднаасобна, так i разам з iншымi ў публiчным або прыватным парадку падчас навучання, богаслужэння і выканання рэлігійных і рытуальных абрадаў.

Канвенцыя аб правах дзіцяці, артыкул 30:
У тых дзяржавах, дзе існуюць этнічныя, рэлігійныя або моўныя меншасці ці асобы з ліку карэннага насельніцтва, дзіцяці, што належыць да такіх меншасцей або карэннага насельніцтва, не можа быць адмоўлена ў праве сумесна з іншымі членамі сваёй групы карыстацца сваёй культурай, вызнаваць сваю рэлігію і выконваць яе абрады, а таксама карыстацца роднай мовай.

Гэта практыкаванне было распрацавана на аснове практыкавання «Мячэць у Сліпівілі» з кнігі «Кампаньён» – дапаможніка для кампаніі па навучанні і адукацыі для пераўтварэнняў у галіне разнастайнасці, правоў чалавека і ўдзелу, апублікаванага Саветам Еўропы. Ідэя практыкавання: Сусана Ульрых. 2000. Achtung (+) Toleranz – Wege demokratischer Konfliktlösung. Verlag Bertelsmann Stiftung

Нягледзячы на тое, што гэта практыкаванне прадугледжвае мадэліраванне выдуманай сітуацыі, у Еўропе і за яе межамі існуе мноства падобных спрэчак, якія тычацца будаўніцтва месцаў адпраўлення культу для рэлігійных меншасцей. У лістападзе 2009 года па выніках нацыянальнага рэферэндуму была ўхвалена канстытуцыйная папраўка, якая забараняе будаўніцтва новых мінарэтаў у Швейцарыі. Такі вынік рэферэндуму патэнцыяльна парушае права мусульман адкрыта практыкаваць сваю рэлігію шляхам пакланення, навучання, выканання абрадаў, якое з'яўляецца неад'емнай часткай права на свабоду думкі, сумлення і рэлігіі. Да таго ж такая тэндэнцыя набірае моц у шэрагу еўрапейскіх і іншых краін, дзе нядаўна былі прыняты законы ці зараз разглядаюцца законапраекты аб забароне нашэння ісламскіх галаўных убораў (ці то паранджа, нікаб або хіджаб) у публічных месцах, што таксама стварае аснову для дыскрымінацыі па прыкмеце рэлігійнай прыналежнасці. «Артыкул 19», праваабарончая арганізацыя, мэтай якой з'яўляецца абарона права на свабоду выказвання меркавання па ўсім свеце, апублікавала прававы каментарый адносна забароны нашэння ўбораў, якія закрываюць увесь твар (www.article19.org). Магчыма, вас зацікавяць праблемы, з якімі ў цяперашні час сутыкаюцца іншыя рэлігійныя меншасці ў Еўропе.

Спіс удзельнікаў
Паспрабуйце сфарміраваць збалансаваныя групы з аднолькавай колькасцю прадстаўнікоў кожнай палітычнай партыі і кожнай грамадзянскай групы. Колькасць «звычайных грамадзян» можа быць любой.
• Мэр Сліпівіля
• Члены гарадскога савета: у ім павінны быць прадстаўлены 3 партыі, у кожнай з іх можа быць па 1 ці 2 удзельнікі
• «Маладыя сліпівільцы за правы чалавека!»: 1 або 2 прадстаўнікі
• Аб’яднанне «Мінулае і сучаснасць»: 1 або 2 прадстаўнікі
• «Мусульманская асацыяцыя Сліпівіля»: 1 або 2 прадстаўнікі
• Звычайныя грамадзяне: столькі, колькі неабходна
• Па жаданні: 1 ці 2 журналісты, якія вядуць рэпартаж аб пасяджэнні

Правілы правядзення дэбатаў
Вы можаце змяніць гэтыя правілы ў залежнасці ад памеру групы і часу, які ў вас ёсць.
• Пасяджэнне будзе ўзначальваць мэр, і яго рашэнне па ўсіх пытаннях будзе канчатковым.
• Калі вы хочаце выступіць, вы павінны падняць руку і атрымаць дазвол ад мэра.
• Каментарыі павінны быць кароткімі, не даўжэй за 2 хвіліны.
• Пасяджэнне закончыцца праз 40 хвілін галасаваннем наконт таго, ці трэба будаваць мячэць.
• Усе, хто прысутнічаюць на пасяджэнні, маюць права ўдзельнічаць у дэбатах і галасаванні.

Ролевыя карткіGoto top

PDFHandout

Мячэць у Сліпівілі (для ўсіх удзельнікаў)

Вы жывяце ў маляўнічым горадзе Сліпівілі з насельніцтвам каля 80 000 чалавек. За апошнія 60 гадоў склад насельніцтва радыкальна змяніўся, часткова таму, што маладыя людзі спрабуюць пераехаць у вялікія гарады, бо там больш магчымасцей працаўладкавання, але таксама і таму, што ў рэгіён прыбыла вялікая колькасць імігранцкіх сямей, многія з іх – з мусульманскіх краін. Некаторыя з гэтых сямей жывуць у горадзе ўжо ў трэцім пакаленні, але ўсё роўна многія ставяцца да іх з падазрэннем, як да прыезджых. Яны складаюць амаль 15 % ад агульнай колькасці насельніцтва.
Мусульмане ў Сліпівілі хочуць пабудаваць мячэць на закінутым участку зямлі, які належыць муніцыпалітэту, што выклікае актыўнае супрацьстаянне ў горадзе. Гэтая зямля была занядбана і з'яўлялася крыніцай скаргаў у гарадскі савет многія гады, таму што яна знаходзіцца каля асноўнай гандлёвай вуліцы, і доўгі час там квітнелі вандалізм і наркотыкі.
Таму калі багаты бізнесмен прапанаваў муніцыпалітэту дапамогу, каб пазбавіцца ад набалелай праблемы, мэр падумаў, што яму вельмі пашанцавала. Савет з гатоўнасцю пагадзіўся аддаць зямлю пад будаўніцтва новай мячэці і фінансаваць 20 % яго кошту. Астатнія 10 % выдаткаў на будаўніцтва, якія бізнесмен не мог пакрыць, павінна была сабраць мусульманская супольнасць. Будаўніцтва павінна было пачацца на гэтым тыдні, але раззлаваныя жыхары, якія выступаюць супраць праекта, закідалі савет скаргамі. Гарадскі савет арганізаваў спецыяльнае пасяджэнне, на якое запрасілі ўсіх, каб знайсці рашэнне праблемы. Пасяджэнне адбудзецца праз паўгадзіны і будзе асвятляцца СМІ.

Ролевая картка: мэр Сліпівіля
Вы з'яўляецеся старшынёй пасяджэння, і ў вашы абавязкі ўваходзіць як прывітанне ўдзельнікаў напачатку пасяджэння, так і абвяшчэнне правілаў правядзення дэбатаў. Падчас пасяджэння вы павінны даць кожнаму магчымасць выказацца і сачыць за тым, каб гэта не зацягвалася надоўга. Вас вельмі непакоіць негатыўная афарбоўка, якую атрымаў гэты праект, і вы плануеце да пачатку пасяджэння паспрабаваць пагаварыць з некаторымі прадстаўнікамі груп, каб пераканаць іх змякчыць сваю пазіцыю.

Ролевая картка: член гарадскога савета (традыцыяналісцкая партыя, 1–2 удзельнікі)
Вы прадстаўляеце ў гарадскім савеце традыцыяналісцкую партыю і рашуча выступаеце супраць мячэці. Вы лічыце няправільным, што гарадская зямля і рэсурсы савета павінны быць выкарыстаны на будаўніцтва мячэці, якая не адлюстроўвае традыцыі гэтай краіны і гэтага горада. Вы лічыце, што сем'ям імігрантаў ужо досыць пашанцавала, што ім дазволена жыць у гэтым горадзе, і што яны не павінны навязваць іншы стыль жыцця жыхарам краіны, у якой яны госці. Вы таксама заклапочаны тым, што мячэць можа стаць месцам вярбоўкі тэрарыстаў.

Ролевая картка: член гарадскога савета (папулісцкая партыя, 1–2 удзельнікі)
Вы прадстаўляеце ў гарадскім савеце папулісцкую партыю. Вы падтрымліваеце рашэнне аб будаўніцтве мячэці на ўчастку, часткова таму, што разумееце, што мусульманская супольнасць аказала дабратворны ўплыў на эканоміку горада, і вы не хочаце настроіць яе супраць горада. Аднак вы занепакоены скаргамі жыхароў і не хочаце распальвання непатрэбнага канфлікту сярод мясцовых жыхароў. Вы таксама хочаце захаваць месца ў савеце ў наступных выбарах у савет і хутчэй за ўсё падтрымаеце той варыянт, які будзе здавацца найменш супярэчлівым.

Ролевая картка: член гарадскога савета (партыя разнастайнасці, 1–2 удзельнікі)
Вы прадстаўляеце ў гарадскім савеце партыю разнастайнасці. Вы ўпэўнены, што досыць вялікая частка насельніцтва Сліпівіля родам з розных куткоў свету ўзбагаціла культурнае жыццё горада, і лічыце несправядлівым, што горад пазбавіў многіх з гэтых людзей магчымасці вызнаваць сваю рэлігію. Вы таксама разумееце, што занядбаная зямля з'яўляецца крыніцай сацыяльных праблем у горадзе і што ў савета ў цяперашні час няма грошай, каб самому заняцца асваеннем гэтага ўчастка.

Ролевая картка: члены сліпівільскага аб’яднання «Мінулае і сучаснасць» (2–4 удзельнікі)
Вы прадстаўляеце адну з асноўных груп, якія выступаюць супраць мячэці. Вы з'яўляецеся членам традыцыйнай (немусульманскай) супольнасці Сліпівіля і лічыце важным захаваць старажытную культуру горада, дзе большасць жыхароў пражылі ўсё сваё жыццё. Месца для будаўніцтва мячэці знаходзіцца недалёка ад цэнтра горада, і яе будзе бачна з усіх бакоў; акрамя таго, мячэць можа засланіць від на галоўную царкву з цэнтральнай плошчы. Вы лічыце, што характар вашага роднага горада вось-вось зменіцца намаганнямі людзей, якія прыехалі сюды зусім нядаўна. Вы не разумееце, чаму людзі, якія прыехалі ў вашу краіну з іншых мясцін, не могуць жыць па тых жа правілах, па якіх жывяце вы.

Ролевая картка: члены ініцыятыўнай маладзёжнай групы «Маладыя сліпівільцы за правы чалавека!» (2–4 удзельнікі)
Ваша група была сфарміравана, каб вырашыць некаторыя з самых вострых праблем моладзі ў сучасным Сліпівілі. Вы разглядаеце будаўніцтва мячэці як забеспячэнне патрэбы мусульманскай супольнасці ў месцы пакланення і рашэнне мноства сацыяльных праблем, якія ўзніклі ў выніку таго, што зямля так доўга была ў занядбаным стане. Вы падтрымліваеце будаўніцтва гэтай мячэці, але занепакоены тым, што іншыя сацыяльныя праблемы не атрымаюць належнай увагі з-за таго, што гарадскі савет будзе часткова фінансаваць праект. Гэта ў асаблівасці тычыцца маладзёжнага бюджэту, які за апошнія 5 гадоў быў урэзаны да такога ўзроўню, што больш не ў стане забяспечыць патрэбы гарадской моладзі.

Ролевая картка: члены «Мусульманскай асацыяцыі Сліпівіля» (2–4 удзельнікі)
Вы ўжо некалькі гадоў просіце гарадскі савет даць вам месца для правядзення мусульманскіх набажэнстваў, але вам пастаянна адмаўляюць па фінансавых прычынах. Вы лічыце несправядлівым, што мусульманская супольнасць павінна фінансаваць 10 % выдаткаў на будаўніцтва, у той час як эканамічныя ўмовы большасці яе членаў такія цяжкія, а ў хрысціянскай супольнасці 11 месцаў для правядзення набажэнства, пры тым што ходзяць на іх намнога менш людзей, чым будуць хадзіць у мячэць. Вы лічыце, што ўклад, які ўнесла мусульманская супольнасць у развіццё горада, не шануецца і што супраць людзей вашай супольнасці вядзецца дыскрымінацыя ў розных аспектах жыцця. Адмаўляючы ў будаўніцтве мячэці, гарадскі савет адмаўляе членам вашай супольнасці ў асноўным праве на свабоду веравызнання.

Ролевая картка: жыхары Сліпівіля
Вы занепакоены канфліктам, які захліснуў Сліпівіль, і хочаце наведаць пасяджэнне гарадскога савета, каб прагаласаваць. Пакуль што вы не ведаеце, за які варыянт будзеце галасаваць, вам неабходна пагаварыць з як мага большай колькасцю прадстаўнікоў розных груп, каб прыняць рашэнне.

КОМПАС

Дапаможнік па адукацыі ў галіне правоў чалавека з удзелам моладзі