Migration
Міграцыя і мігранты
«Паводле археолагаў, практычна ўсе людзі на зямлі з’яўляюцца мігрантамі, бо чалавецтва ўзнікла ў Афрыцы каля 200 000 гадоў таму і адтуль распаўсюдзілася па ўсім свеце – у Еўропу, Азію, Аўстралію, Паўднёвую і Паўночную Амерыкі. … У наш час у свеце налічваецца каля 200 мільёнаў мігрантаў, і праблемы і магчымасці, звязаныя з міграцыяй, зараз горача абмяркоўваюцца як палітыкамі, так і простымі людзьмі па ўсім свеце. … Можна назваць XIX стагоддзе «векам мігрантаў».
Барыс Альтнер, журналіст1
У сучасным глабалізаваным свеце людзі пастаянна знаходзяцца ў стане руху. Міграцыя разбурае традыцыйныя межы паміж культурамі, этнічнымі групамі і мовамі і садзейнічае разнастайнасці, культурнаму і эканамічнаму багаццю. Акрамя гэтага, многія людзі ўспрымаюць міграцыю як выпрабаванне або нават пагрозу. Яна з’яўляецца выклікам для механізмаў правоў чалавека, задача якіх заключаецца ў тым, каб забяспечваць ажыццяўленне правоў чалавека для ўсіх, у тым ліку для мігрантаў, бо правы чалавека мігрантаў часта парушаюцца.
Міграцыя – гэта працэс пераезду ў іншую краіну або ўнутры краіны, які ахоплівае любы від перамяшчэння людзей, незалежна ад прычын. Сфармуляваць азначэнне тэрміна «мігрант» больш складана. Паводле Еўрапейскага камітэта па міграцыі, «тэрмін «мігрант» выкарыстоўваецца … у залежнасці ад кантэксту, адносна эмігрантаў, мігрантаў, якія вяртаюцца, імігрантаў, бежанцаў, перамешчаных асоб і асоб з імігранцкім паходжаннем і (або) членаў груп этнічных меншасцей, што былі створаны ў выніку іміграцыі».2
Міжнародная арганізацыя па міграцыі (МАM) вызначае мігранта як тэрмін, «што ахоплівае ўсе выпадкі, калі рашэнне аб пераездзе было зроблена чалавекам свабодна па прычынах «асабістай зручнасці», без умяшання знешняга прымусовага фактару».3
Два прыведзеныя вышэй азначэнні адлюстроўваюць звычайнае адрозненне паміж добраахвотнымі і вымушанымі мігрантамі. У выпадку добраахвотнай міграцыі людзі з’язджаюць з дому па сваім уласным выбары, у асноўным праз так званыя «фактары прыцягнення», такія як лепшыя магчымасці кар’ернага росту, нягледзячы на тое, што выбар можа быць досыць абмежаваным. Прымусовая міграцыя ў асноўным з’яўляецца вынікам «фактараў выцяснення», такіх як пераслед, вайна або голад, калі людзі збягаюць ад парушэнняў сваіх асноўных правоў. Аднак заўсёды існуе сумесь фактараў выцяснення і прыцягнення. Многія мігранты пакідаюць сваю краіну як па эканамічных прычынах, так і каб пазбегнуць парушэнняў правоў чалавека. Нават эканамічных мігрантаў можна лічыць вымушанымі мігрантамі, калі яны збягаюць ад сітуацый, у якіх парушаюцца іх эканамічныя правы.
Паводле Ўпраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ ААН), бежанцы і асобы, якія шукаюць прытулак, складаюць асобную групу людзей, бо яны пакінулі свае дамы ў адказ на сур’ёзныя пагрозы свайму жыццю і свабодзе. УВКБ ААН папярэджвае пра рызыкі размыцця мяжы паміж бежанцамі і іншымі групамі мігрантаў, якія пераехалі з адной краіны ў іншую па сацыяльных і эканамічных прычынах, каб палепшыць умовы свайго жыцця, у той час як бежанцы былі вымушаны збегчы дзеля выратавання свайго жыцця або захавання сваёй свабоды.4
Пытанне: Як міграцыя ўплывае на вашу краіну? Ці з’яўляецца яна краінай прызначэння, паходжання або транзіту?
У гэтым дапаможніку тэрмін «мігрант» выкарыстоўваецца ў шырокім сэнсе, у дачыненні да ўсіх людзей, якія пакінулі свае дамы на працяглы адрэзак часу. Пры гэтым, пры неабходнасці, адрозненні будуць адзначаны. Да таго ж слова «міграцыя» будзе азначаць міжнародную міграцыю, калі гэта паняцце не ўдакладняецца дадаткова.
Тыпы міграцыі
Пазнай сябе ў ім або ёй – у тых, хто не падобны да цябе і мяне.
Карлас Фуэнтэс
Формы міграцыі могуць адрознівацца ў адпаведнасці з рознымі фактарамі, напрыклад, матывамі, юрыдычным статусам асоб або працягласцю пражывання ў краіне.
Некаторыя агульнаўжывальныя катэгорыі мігрантаў:
- Часовыя працоўныя мігранты (таксама вядомыя як працаўнікі-мігранты)
- Высокакваліфікаваныя і бізнес-мігранты: прафесіяналы, якія перамяшчаюцца ў межах унутраных рынкаў працы транснацыянальных карпарацый і міжнародных арганізацый
- Нерэгулярныя (недакументаваныя, самавольныя) мігранты: людзі, якія ўязджаюць у краіну без неабходных дакументаў і дазволаў
- Вымушаныя мігранты: бежанцы, асобы, якія шукаюць прытулак, і людзі, вымушаныя пераехаць праз знешнія фактары, такія як узброеныя канфлікты і экалагічныя катастрофы
- Члены сям’і: тыя, хто далучаецца да сваякоў, якія ўжо імігравалі
- Мігранты, якія вяртаюцца: людзі, якія вяртаюцца ў свае родныя краіны пасля пэўнага часу, праведзенага ў іншай краіне.
Бежанцы, асобы, якія шукаюць прытулак, і унутрана перамешчаныя асобы карыстаюцца асаблівай абаронай у адпаведнасці з міжнародным правам. УВКБ вызначае гэтыя групы наступным чынам.
Бежанец – гэта «асоба, якая не можа або не жадае вяртацца ў сваю краіну паходжання па прычыне абгрунтаванага страху пераследу на падставе расы, рэлігіі, нацыянальнасці, прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы або сваіх палітычных поглядаў».5
Асобы, якія шукаюць прытулак – гэта «асобы, якія папрасілі абароны ў іншай краіне, але на чыю заяву аб атрыманні афіцыйнага статусу бежанца пакуль яшчэ не быў дадзены адказ».6
Перамешчаныя ўнутры краіны асобы – гэта людзі, «якія былі вымушаны ці абавязаны пакінуць свае дамы або месцы звычайнага пражывання, у прыватнасці ў выніку ўзброеных канфліктаў, паўсюдных праяў гвалту, парушэнняў правоў чалавека, экалагічных або выкліканых чалавекам катастроф, або каб пазбегнуць іх наступстваў, і якія не перасеклі міжнародна прызнаную дзяржаўную мяжу».7
Існуе яшчэ адна група асоб, члены якой сустракаюцца з падобнымі праблемамі і парушэннямі правоў чалавека, нягледзячы на тое, што яны не мянялі месца свайго пражывання: асобы без грамадзянства. Гэта людзі, якіх не прызнае сваімі грамадзянамі ніводная дзяржава; таму на іх не распаўсюджваюцца правы, прадугледжаныя толькі для грамадзян. Ёсць шэраг прычын, па якіх людзі могуць стаць асобамі без грамадзянства, у тым ліку і распад краіны, як гэта адбылося з Савецкім Саюзам і Югаславіяй, або ўтварэнне новых краін у выніку дэкаланізацыі. Паводле падлікаў, у свеце жывуць каля 12 мільёнаў асоб без грамадзянства. УВКБ было даручана Генеральнай Асамблеяй ААН прадухіляць і скарачаць адсутнасць грамадзянства ва ўсім свеце і абараняць правы асоб без грамадзянства.
Міграцыя сёння
«Мы прызнаём, што маштаб міграцыі працягвае павялічвацца, рухомы векавымі пошукамі лепшага жыцця і лепшым разуменнем такіх з’яў, як кліматычныя змены…»
Пан Гі Мун, генеральны сакратар ААН.8
Абмеркаванні пытанняў міграцыі звычайна пачынаюцца ў кантэксце краін «першага свету» і акцэнтуюць увагу на плынях паміж краінамі, якія развіваюцца, і развітымі краінамі. Аднак большая частка мігрантаў перамяшчаюцца ў межах сваіх уласных краін. Колькасць унутраных мігрантаў прыкладна ў чатыры разы большая за колькасць міжнародных мігрантаў. Акрамя таго, нават калі засяродзіцца на людзях, якія перасякаюць дзяржаўныя межы, большая частка такіх пераездаў адбываецца паміж краінамі з падобным узроўнем развіцця. Прыкладна 60 % міжнародных мігрантаў пераязджаюць з адной краіны, якая развіваецца, у такую ж іншую або з развітай у развітую, толькі 37 % міжнародных мігрантаў пераязджаюць з краіны, якая развіваецца, у развітую, і 3 % – з развітай краіны ў краіну, якая развіваецца.9 Што датычыцца бежанцаў, дысбаланс яшчэ больш выразны, бо краіны, якія развіваюцца, прымаюць чатыры пятыя ад колькасці бежанцаў па ўсім свеце. Такім чынам, цяжар аказання дапамогі асобам, якія шукаюць прытулак, і бежанцам выпадае на некаторыя з самых бедных краін свету.
Глабальныя тэндэнцыі10
- Агульная колькасць міжнародных мігрантаў павялічылася з прыкладна 150 мільёнаў у 2000 годзе да 214 мільёнаў у 2010 годзе, прычым 57 % з іх выпадае на краіны з высокім узроўнем даходаў.
- Нягледзячы на тое, што колькасць мігрантаў у працэнтным суаднясенні да насельніцтва свету заставалася стабільнай на працягу перыяду паміж 2000 і 2010 гадамі, колькасць грошай, якія мігранты адпраўлялі дадому, рэзка павялічылася. Аб’ём афіцыйных і неафіцыйных пераводаў грашовых сродкаў у краіны, якія развіваюцца, можа быць у тры разы большым, чым аб’ём афіцыйнай дапамогі ў мэтах развіцця.
- Доля бежанцаў сярод мігрантаў панізілася з 8,8 % у 2000 годзе да 7,6 % у 2010 годзе.
- Па прыблізных падліках, каля 36 мільёнаў людзей былі пераселены з-за экалагічных катастроф у 2008 годзе.
- 43,7 мільёна чалавек былі прымусова пераселены ў сувязі з канфліктамі і пераследам у 2010 годзе, што з’яўляецца самай вялікай лічбай за апошнія 15 гадоў. У гэтую лічбу ўваходзяць 15,4 мільёна бежанцаў, 27,5 мільёна ўнутрана перамешчаных асоб і больш за 837 500 асоб, якія шукаюць прытулак.
- 44 % бежанцаў і 31 % асоб, якія шукаюць прытулак, былі ва ўзросце да 18 гадоў у 2010 годзе. У гэтым жа годзе былі пададзены 15 500 заяў на атрыманне прытулку дзецьмі без суправаджэння або разлучанымі са сваімі сем’ямі.
Міграцыя ў Еўропе
Міжнародная арганізацыя па міграцыі – гэта міжурадавая арганізацыя, дзейнасць якой прысвечана прасоўванню гуманнай і ўпарадкаванай міграцыі на карысць усіх. Яна рэалізуе гэту задачу шляхам аказання паслуг і кансультацый для ўрадаў і мігрантаў.
www.iom.int
Па даных Сусветнай справаздачы па міграцыі за 2010 год, падрыхтаванай МАМ, Еўропа прыняла 73 мільёны мігрантаў у 2010 годзе, што складае трэцюю частку колькасці мігрантаў ва ўсім свеце.11 Самая вялікая колькасць мігрантаў выпадае на Расійскую Федэрацыю і як на краіну паходжання, і як на краіну прызначэння: больш за 12 мільёнаў чалавек, народжаных у гэтай краіне, жывуць за мяжой, і 12 мільёнаў чалавек замежнага паходжання зараз жывуць у гэтай краіне.12
Сярод мігрантаў агульная колькасць бежанцаў у канцы 2010 года складала 1,6 мільёна чалавек. Еўропа атрымала 11 500 заяў аб забеспячэнні прытулкам ад дзяцей без суправаджэння або разлучаных з сям’ёй, што складае 74 % ад такіх заяў, пададзеных у гэтым годзе, і 5400 заяўнікаў былі прызнаны ў якасці бежанцаў або атрымалі дадатковую форму абароны.13 У 2010 годзе асноўнымі краінамі прызначэння для новых асоб, якія шукаюць прытулак, былі Францыя, за якой ішла Германія, у той час як асноўнай краінай паходжання была Сербія (разам з Косава).14 У той жа час, паводле даных УВКБ ААН, Сербія мае самую вялікую колькасць пераселеных асоб у Еўропе: больш за 228 000 унутрана перамешчаных асоб і 73 600 бежанцаў.
У Еўропе пражывае вялікая колькасць унутрана перамешчаных асоб, у тым ліку больш за 600 000 на Балканах і каля 1,1 мільёна ў Арменіі, Азербайджане, Грузіі і Расійскай Федэрацыі.15 Адсутнасць грамадзянства, асабліва ў выніку распаду былога Савецкага Саюза, па-ранейшаму выклікае заклапочанасць. Невядома дакладная колькасць асоб без грамадзянства, якія жывуць ва Усходняй Еўропе, але яна можа дасягаць да 120 000 чалавек.16
Пытанне: Колькі людзей эмігруюць з вашай краіны штогод? Куды яны ад’язджаюць? Чаму?
Кожны чалавек павiнен валодаць усiмi правамi i ўсiмi свабодамi, што абвешчаны гэтай Дэкларацыяй, без якога б там нi было адрознення.
Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека
Міграцыя і правы чалавека
Права на свабоднае перамяшчэнне ў краіне і выезд з яе прызнаецца ва Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (УДПЧ). У артыкуле 13 заяўляецца, што «кожны чалавек мае права свабодна перамяшчацца і выбiраць сабе месцапражыванне ў межах кожнай дзяржавы» і што «кожны чалавек мае права пакiдаць любую краiну, уключаючы сваю ўласную, i вяртацца ў сваю краiну». Аднак не існуе аніякіх міжнародных дакументаў, якія б прызнавалі выбар краіны месцапражывання як права чалавека.
Як і ўсе людзі, мігранты маюць правы чалавека. Палажэнні дакументаў аб правах чалавека датычацца ўсіх, у тым ліку мігрантаў. Аднак часта ўзнікае вялікі разрыў паміж правамі, якія міжнароднае права ў галіне правоў чалавека гарантуе бежанцам, асобам, якія шукаюць прытулак, мігрантам і іншым падобным групам, і тымі рэаліямі, з якімі яны сутыкаюцца. Іх правы чалавека часта парушаюцца, у тым ліку права на жыццё, свабоду і бяспеку.
Іх асаблівая ўразлівасць вынікае з іх статусу замежнікаў: яны перайшлі міжнародную мяжу, каб увайсці ў краіну, грамадзянамі якой яны не з’яўляюцца і дзе яны звычайна могуць заставацца, жыць і працаваць легальна толькі са згоды ўладаў краіны. Будучы іншаземцамі ў прымаючым грамадстве, яны могуць не ведаць мясцовую мову, законы і сацыяльныя звычаі, што зніжае іх здольнасць ведаць і адстойваць свае правы. Яны могуць падвяргацца дыскрымінацыі на працы і ў паўсядзённым жыцці, а таксама могуць сутыкнуцца з расізмам і ксенафобіяй і стаць ахвярамі злачынстваў на глебе нянавісці.
Мігранты, якія трапляюць на тэрыторыю транзітнай краіны або краіны прызначэння без неабходных дакументаў (або страцілі свой легальны статус пазней), могуць быць затрыманы ўладамі на доўгі перыяд часу і падвяргацца бесчалавечнаму або зневажальнаму стаўленню без доступу да юрыдычнай падтрымкі. Мігранты, якія працуюць незаконна, таксама вельмі ўразлівыя да злоўжыванняў і эксплуатацыі з боку работадаўцаў, агентаў па міграцыі, карумпіраваных чыноўнікаў і крымінальных груповак. Жанчыны могуць лёгка стаць мішэнню для сексуальнай эксплуатацыі. Кантрабандысты і гандляры людзьмі таксама часта выкарыстоўваюць нерэгулярных мігрантаў.
Пытанне: Якія правы чалавека мігрантаў часцей за ўсё парушаюцца ў вашай краіне?
Абарона правоў чалавека мігрантаў: міжнародныя дакументы і механізмы
Існуе шэраг дакументаў і механізмаў, што забяспечваюць правы чалавека мігрантаў, у тым ліку дакументы, што засяроджваюць сваю ўвагу на асобных групах мігрантаў.
Права на прытулак. Абарона бежанцаў
Права шукаць прытулак ад пераследу прызнаецца правам чалавека ва Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (УДПЧ). Гэта права з’яўляецца асновай прынятай ААН у 1951 годзе17 Канвенцыі аб статусе бежанцаў, якая разам са сваім Пратаколам 1967 года стала ўсеагульным стандартам у галіне права на прытулак.
14-ы Далай-лама
Гіём Апалінэр
Аляксандр Грэям Бел
Джозеф Конрад
Альберт Эйнштэйн
Ганна Франк
Ісмаіль Кадарэ
Генры Кісінджэр
Рухала Мусаві Хамейні
Карл Маркс
Рыгаберта Менчу
Жан Рэно
былі бежанцамі.
Гэтая канвенцыя, вядомая яшчэ як Жэнеўская канвенцыя, з'яўляецца краевугольным каменем абароны бежанцаў і абапіраецца на шэраг асноўных прынцыпаў, у першую чаргу, такіх як прынцып недыскрымінацыі, прынцып адмовы ад пакарання і прынцып адмовы ад высылкі. Прынцып адмовы ад пакарання азначае, што асоба, якая прыбыла з тэрыторыі, на якой яе жыццё або свабода былі пад пагрозай на падставе яе расы, рэлігіі, нацыянальнасці, прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы або яе палітычных меркаванняў, і просіць ва ўлады прытулак адразу пасля перасячэння мяжы, не можа быць пакарана за незаконнае перасячэнне мяжы або незаконнае знаходжанне на тэрыторыі краіны. Прынцып адмовы ад высылкі азначае, што таго, хто шукае прытулак, нельга вяртаць у межы тых тэрыторый, на якіх яго жыццё або свабода будзе пад пагрозай на падставе прычын пералічаных вышэй. Паводле Канвенцыі, свабода перамяшчэння бежанцаў можа быць абмежавана толькі ў неабходнай ступені.
У 1950 годзе Генеральная Асамблея ААН заснавала Ўпраўленне Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па справах бежанцаў, чыя задача ў тым, каб забяспечыць права ўсіх людзей шукаць прытулак. УВКБ ААН узначальвае і каардынуе міжнародную дзейнасць па абароне бежанцаў, а таксама ажыццяўляе нагляд за выкананнем дадзенай Канвенцыі.
Група, што патрабуе асаблівай абароны, – дзеці, асабліва дзеці без суправаджэння, бо яны асабліва ўразлівыя да парушэнняў правоў чалавека. УВКБ ААН выдала спецыяльныя рэкамендацыі для органаў, што займаюцца міграцыяй, адносна таго, як найлепей вызначаць інтарэсы дзіцяці.18 Камісар Савета Еўропы па правах чалавека заклікае ўрады забяспечыць, каб інтарэсы дзяцей-бежанцаў прымалі да ўвагі пры правядзенні афіцыйных працэдур.19
Паводле ацэнак, на працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў у Афрыцы каля 10 мільёнаў чалавек былі вымушаны міграваць па прычыне апустыньвання або пагаршэння стану навакольнага асяроддзя.
Міграцыя, выкліканая змяненнямі клімату, якую яшчэ называюць «экалагічная міграцыя», – гэта адносна новая з’ява, якая стварае новыя праблемы ў галіне правоў чалавека. Паводле Жэнеўскай канвенцыі, бежанцы, якія вымушаны былі пакінуць свае дамы ў сувязі з кліматычнымі зменамі, не могуць атрымаць статус бежанца; у цяперашні час магчымай абаронай можа стаць атрыманне пасведчання на права на жыхарства, выдадзенае на гуманітарных падставах. Многія зараз разглядаюць правы «кліматычных бежанцаў» як тыя, што могуць у будучыні стаць правам чалавека.
Пытанне: Ці павінны мігранты, якія пакінулі свае дамы па прычыне экалагічных праблем, карыстацца такой жа абаронай, як і бежанцы?
Абарона працоўных мігрантаў
Спецыяльны дакладчык па правах чалавека мігрантаў
У 1999 годзе Камісія па правах чалавека ААН прызначыла спецыяльнага дакладчыка па правах чалавека мігрантаў «для вывучэння шляхоў і сродкаў пераадолення перашкод, што стаяць на шляху да поўнай і эфектыўнай абароны правоў чалавека гэтай уразлівай групы».20 Спецыяльны дакладчык Габрыэла Радрыгез Пісара заўважыла, што існуе «прабел у міжнароднай судовай практыцы ў галіне правоў чалавека ў гэтай сферы. Практычна ўніверсальная сістэма абароны бежанцаў азначае, што парушэнні іх грамадзянскіх і палітычных правоў могуць быць заўважаны і выпраўлены… Аднак не існуе такога ж прызнання парушэнняў эканамічных, сацыяльных і культурных правоў, якія могуць стаць дастаткова сур’ёзнай падставай для таго, каб вымусіць людзей пакінуць свае месцы паходжання».21
Міжнародная канвенцыя ААН аб абароне правоў працоўных мігрантаў і членаў іх сем’яў, прынятая ў 1990 годзе, – гэта найбольш усёабдымная міжнародная дамова ў галіне міграцыі і правоў чалавека. Аднак па стане на жнівень 2011 года толькі 44 дзяржавы ратыфікавалі яе, і ніводная з іх не з’яўляецца буйной краінай для іміграцыі. Што датычыцца членаў Савета Еўропы, то толькі Албанія, Азербайджан, Боснія і Герцагавіна і Турцыя ратыфікавалі яе. Канвенцыя не стварае новыя правы для мігрантаў, а толькі прадугледжвае, што стаўленне і ўмовы працы павінны быць аднолькавыя з тымі, якія маюць грамадзяне адпаведных дзяржаў. Канвенцыя абвяшчае, што ўсе мігранты павінны мець доступ да мінімальнага ўзроўню абароны. Яна патрабуе, каб дзяржавы прадухілялі незаконнае перамяшчэнне і найманне мігрантаў на незаконную працу, а таксама падкрэслівае, што асноўныя правы чалавека недакументаваных мігрантаў павінны быць забяспечаны.
«Міграцыя – гэта натуральны феномен, што існаваў у мінулым, актыўны зараз і будзе жывы ў будучыні. Міграцыя нагадвае мне хвалі на моры: такія ж прылівы, віры і падводныя плыні. І пацешна глядзець, як некаторыя палітыкі сцвярджаюць, што яны могуць забараніць гэтыя хвалі».
Анастасія Дзянісава, праваабаронца
Праблема, якая непасрэдна датычыцца міграцыі і правоў чалавека, – гэта гандаль людзьмі. Так як магчымасці міграваць законна ў людзей абмежаваныя, яны часта ідуць на рызыку і звяртаюцца да пасярэднікаў, якія могуць скарыстацца сваёй перавагай у гэтай сітуацыі і, напрыклад, вымушаюць мігрантаў пакрыць кошт міграцыі тым, што абавязваюць іх працаваць толькі на гандляра людзьмі.
Артыкул 4 Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод (ЕКПЧ) выразна і катэгарычна забараняе рабства і прымусовую працу. Савет Еўропы прыняў Канвенцыю аб барацьбе з гандлем людзьмі (уступіла ў сілу ў 2008 годзе), якая ўключае ў сябе абавязкі дзяржаў па прадухіленні гандлю людзьмі, пераследу гандляроў і абароне ахвяр. У сувязі з таемнай прыродай такога гандлю ніхто не ведае дакладна, колькі людзей у свеце з'яўляюцца ахвярамі гандлю людзьмі, але, па ацэнках, іх ад некалькіх соцень тысяч да некалькіх мільёнаў чалавек. У Еўропе ў любы момант знаходзіцца больш за 140 000 ахвяр гандлю людзьмі, і шмат з іх прымушаны да занятку прастытуцыяй.22 Мігранты, якія з’яўляюцца ахвярамі гандлю людзьмі, могуць знаходзіцца ў сітуацыях ідэнтычных рабству, калі іх пашпарты канфіскаваны або калі іх сапраўды трымаюць пад замком.
Абарона асоб без грамадзянства
Статус асоб без грамадзянства рэгулюецца Канвенцыяй ААН аб статусе апатрыдаў23, прынятай у 1954 годзе, і Канвенцыяй ААН аб скарачэнні безграмадзянства.24 УВКБ ААН, якому даручана абараняць правы асоб без грамадзянства, працуе з урадамі, іншымі ўстановамі ААН і грамадзянскай супольнасцю ў мэтах вырашэння гэтай праблемы.
Міграцыйная палітыка ЕС
Шэнгенскія пагадненні (1985 г., 1990 г.) прадугледжваюць свабоднае і неабмежаванае перамяшчэнне для грамадзян краін Шэнгенскай зоны (на дадзены момант гэта 22 дзяржавы – члена ЕС разам з Ісландыяй, Нарвегіяй, Ліхтэнштэйнам і Швейцарыяй), якія могуць жыць, вучыцца і працаваць, дзе пажадаюць. Аднак разам з адменай былога кантролю на межах ЕС пабудаваў яшчэ большую «мяжу» для абароны гэтай прасторы.
У выніку міграцыйных працэсаў і мадэляў у Еўропе паміж дзяржавамі – членамі ЕС паступова развівалася агульная палітыка ў галіне міграцыі і забеспячэння прытулкам. Дзякуючы шэнгенскай сістэме механізмаў памежнага кантролю і Дублінскай канвенцыі (1997 г.), якая датычыцца «рэгулявання ў адносінах да небяспечнай трэцяй краіны» і робіць рэалізацыю кантролю і дэпартацыі непажаданых мігрантаў, якія прыехалі ў адну з краін Шэнгенскай зоны, лягчэйшай, паменшылася колькасць асоб, якія шукаюць прытулак, і павялічылася колькасць нерэгулярных мігрантаў.
Падобная бязвізавая сістэма прысутнічае і ў некаторых каінах – членах Садружнасці Незалежных Дзяржаў (у тым ліку ва ўсіх постсавецкіх дзяржавах акрамя балтыйскіх дзяржаў і Грузіі), і многія мігранты з Афганістана і іншых краін Цэнтральнай Азіі карыстаюцца ёй, каб прыехаць у Расію або Украіну як у краіны канечнага прызначэння або як транзітныя краіны на шляху ў ЕС.
Дублінскі рэгламент Еўрапейскага саюза
Дублінскі рэгламент (які замяніў папярэднюю яму Дублінскую канвенцыю) вызначае, якая дзяржава – член ЕС нясе адказнасць за разгляд заявы аб забеспячэнні прытулкам. На аснове рэгламенту ствараецца база даных адбіткаў пальцаў асоб, якія шукаюць прытулак, якая называецца EURODAC.
Асобы, якія шукаюць прытулак, абавязаны падаваць заяву аб забеспячэнні прытулкам у першай краіне ЕС, у якую яны прыбываюць, і там жа ў іх бяруць адбіткі пальцаў. Асобы, якія шукаюць прытулак, могуць быць вернуты ў іншую дзяржаву – член ЕС, калі можа быць даказана, што яны або прыбылі ў ЕС (паветраным, марскім або наземным шляхам), або падалі заяву аб забеспячэнні прытулкам менавіта ў той іншай дзяржаве. Тэрыторыя, якая падпарадкоўваецца Дублінскаму рэгламенту, была пашырана і на некаторыя краіны, якія не з’яўляюцца членамі ЕС, такія як Нарвегія, Ісландыя і Швейцарыя.
Гэтая сістэма стварае велізарную нагрузку на некаторыя краіны – члены ЕС, якія праз сваё геаграфічнае становішча з большай верагоднасцю становяцца краінамі прыбыцця ў ЕС для асоб, якія шукаюць прытулак.
ЕС усё больш і больш спадзяецца на тое, што краіны, якія з ім мяжуюць, будуць спыняць мігрантаў ад перасячэння мяжы. Задача кантролю мяжы ЕС паступова ўскладаецца на транзітныя краіны і краіны паходжання мігрантаў. Размяшчэнне мігрантаў у цэнтры ўтрымання, размешчаныя ў некаторых краінах у межах і па-за межамі ЕС (нават у Афрыцы), і іх дэпартацыя сталі руціннай практыкай у Еўропе, якая стварае шмат магчымасцей для парушэнняў правоў чалавека. Крытыкі адзначаюць, што, у той час як Еўропа сцвярджае, што будуе «агульную прастору» для свабоды, справядлівасці і бяспекі, яна на самай справе стварае ізаляваны ніжэйшы клас грамадзян з краін, якія не з'яўляюцца членамі ЕС, і будуе «Крэпасць Еўропу».
Паводле даных, сабраных маніторынгавай групай «Крэпасць Еўропа», па стане на 8 жніўня 2011 года, з 1988 года па меншай меры 17 738 чалавек загінулі пры спробе трапіць у Еўропу.25
Візавыя патрабаванні для грамадзян, якія прыбываюць з-за мяжы Еўропы, сталі вельмі жорсткімі, а перавозчыкаў строга караюць за перавозку пасажыраў без дакументаў. Тое ж самае адбываецца і ва ўсходнееўрапейскіх краінах. Вельмі жорсткая палітыка многіх еўрапейскіх краін можа прымусіць імігрантаў звяртацца да незаконных метадаў пранікнення ў Еўропу. Яны часта становяцца ахвярамі арганізаваных гандляроў людзьмі. Большасць ніколі не дасягаюць Еўропы, у той час як некаторыя паміраюць па дарозе.
Мігранты – не злачынцы
«Яны прыбываюць з-за акіяна ў хісткіх і небяспечных лодках, многія губляюць сваё жыццё на гэтым шляху, а іх ананімныя целы часам выкідваюцца на еўрапейскія берагі. Яны прыбываюць наземным шляхам, схаваўшыся ў грузавіках гандляроў людзьмі, праехаўшы тысячы міль у цесных і небяспечных умовах. Яны знаходзяць спосабы таемна перасекчы сухапутныя межы або праходзяць памежны кантроль з падробнымі дакументамі. … Еўрапейскія краіны, як правіла, разглядаюць такое насельніцтва як «пагрозу бяспецы». Імкнучыся абараніць свае межы, яны крыміналізуюць такіх мігрантаў, размяшчаюць іх у турэмных умовах і выганяюць іх як мага хутчэй – нават у тыя краіны, дзе ім пагражае пераслед і катаванні.
Гэтыя замежнікі не з'яўляюцца злачынцамі; яны вінаваты толькі ў тым, што імкнуліся да лепшага жыцця, працы або, у самых сумных і драматычных выпадках, да абароны ад пераследу. Ва ўсіх мігрантаў ёсць правы чалавека, і яны павінны паважацца».
Томас Хамарберг, камісар Савета Еўропы па правах чалавека26
Калі яны дасягаюць меж Еўропы, яны сутыкаюцца з іншымі небяспекамі, у тым ліку з затрыманнямі і высылкамі. Паводле еўрапейскіх законаў аб абароне правоў чалавека, дзяржавам не забаронена затрымліваць нерэгулярных мігрантаў. Артыкул 5(1)(f) ЕКПЧ дазваляе «законнае затрыманне або арышт асобы з мэтай прадухілення яе незаконнага ўезду ў краіну або асобы, супраць якой прымаюцца меры, звязаныя з дэпартацыяй або экстрадыцыяй».
Дакументы Савета Еўропы і механізмы, якія прымяняюцца да мігрантаў
Паводле ЕКПЧ, краіны – члены Савета Еўропы гарантуюць правы, замацаваныя ў Канвенцыі, не толькі сваім грамадзянам, але і кожнай асобе ў межах іх юрысдыкцыі.
Прымяненне Дублінскага рэгламенту шматразова разглядалася Еўрапейскім судом па правах чалавека. Напрыклад, у справе «M.S.S. супраць Бельгіі і Грэцыі» (2011 г.) Суд пастанавіў, што Бельгія парушыла ЕКПЧ, калі выслала асобу, якая шукала прытулак, у Грэцыю, дзе ўмовы затрымання і жыцця былі бесчалавечнымі і прыніжальнымі; належны разгляд просьбы аб забеспячэнні прытулкам не быў забяспечаны з-за недахопаў сістэмы забеспячэння прытулкам; Бельгія ведала пра гэтыя ўмовы, але ўсё адно адправіла бежанца назад. Паколькі Грэцыя з'яўляецца не адзінай краінай, якая не забяспечвае гарантыі затрымання, пад пытанне стала «дублінская сістэма» ЕС, так як яна заснавана на памылковай перадумове, што ўсе дзяржавы – члены ЕС з’яўляюцца бяспечнымі і ў стане справіцца з бежанцамі.
Многія іншыя скаргі таксама звязаны з высылкай замежнікаў. У справе «Бадэр і іншыя супраць Швецыі» (2005 г.) Суд пастанавіў, што, калі б заяўнік быў вернуты ў Сірыю, ён бы сутыкнуўся з рэальнай пагрозай абуральнай адмовы яму ў справядлівым судзе і патэнцыяльнага смяротнага пакарання; такім чынам, абавязкі Швецыі па абароне права кожнага чалавека на жыццё ў рамках Канвенцыі былі б парушаны. У справе «D. супраць Злучанага Каралеўства» (1997 г.) Суд разгледзеў справу высылкі чалавека, які паміраў ад СНІДу, у краіну, дзе ён напэўна не змог бы атрымаць доступ нават да базавага медыцынскага лячэння, якое павінна быць забяспечана паводле артыкула 3, і таму Суд пастанавіў, што высылка ў гэтым выпадку ўяўляла б сабой парушэнне правоў чалавека. У справе «Нолан і К. супраць Расіі» (2009 г.) Суд пастанавіў, што прымусовае разлучэнне з адзінаццацімесячным сынам у выніку высылкі заяўніка з Расіі з'яўляецца парушэннем права на павагу сямейнага жыцця.
«Дзіця – гэта перш за ўсё і толькі дзіця. Ён або яна маюць усе правы дзіцяці ў адпаведнасці з Канвенцыяй ААН аб правах дзіцяці і іншымі міжнароднымі дакументамі па правах чалавека».
Даклад камітэта Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы аб пытаннях міграцыі, бежанцаў і народанасельніцтва за 2011 год27
Міжнародная канвенцыя Савета Еўропы аб прававым статусе працоўных мігрантаў (1997 г.) дае аснову для забеспячэння правоў працоўных мігрантаў і членаў іх сем'яў, а таксама садзейнічае іх сацыяльнаму росту і дабрабыту. Савет Еўропы на працягу многіх гадоў зрабіў шмат рэкамендацый, якія ахопліваюць гарманізацыю нацыянальных працэдур, якія тычацца прытулку, падрыхтоўкі службовых асоб, адказных за працэдуры забеспячэння прытулкам, затрымання асоб, якія шукаюць прытулак, вяртання асоб, якім было адмоўлена ў забеспячэнні прытулкам, а таксама забеспячэнні дапамогай і часовай абаронай.
У Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) ёсць Камітэт па міграцыі, бежанцах і народанасельніцтве. Камітэт засяроджвае сваю працу на аналізе найбольш праблемных тэм, звязаных з яе мандатам, сярод якіх, апроч іншага, становішча бездаглядных непаўналетніх асоб, роля міграцыі ў дэмаграфічных працэсах, а таксама абарона правоў мігрантаў і бежанцаў. У сваім дакладзе за 2011 год Камітэт выказаў занепакоенасць у сувязі з адсутнасцю нацыянальнага заканадаўства і рэкамендацый па абароне дзяцей, якія не маюць дакументаў, і заклікаў дзяржаў-членаў прыняць належныя заканадаўчыя меры і ліквідаваць бар'еры, такія як адміністрацыйныя перашкоды, дыскрымінацыя або адсутнасць інфармацыі, для поўнага ажыццяўлення гэтых правоў на практыцы.
Інтэграцыя мігрантаў у Еўропе
У многіх краінах можна назіраць уздым расізму, ксенафобіі і антыімігранцкіх настрояў. Мігранты часта становяцца мішэнню для расісцкіх або ксенафобных палітыкаў, якія абвінавачваюць іх у сацыяльных і эканамічных праблемах у сваіх супольнасцях. «Мігрантафобія» стала сур’ёзнай праблемай, такой, якая перашкаджае інтэграцыі і ўзаемнаму разуменню і вядзе да адчужэння і гвалту ў адносінах да мігрантаў у многіх еўрапейскіх краінах. Шэраг высокапастаўленых палітыкаў, сярод якіх ёсць лідары буйных еўрапейскіх краін, сцвярджае, што мультыкультуралізм пацярпеў няўдачу.
Тэрор супраць «мультыкультуралізму»
Андэрс Берынг Брэйвік, нарвежскі правы экстрэміст, прызнаўся ў ажыццяўленні 22 ліпеня 2011 года выбухаў ва ўрадавых будынках у Осла, Нарвегія, у выніку якіх восем людзей загінулі, і ў масавым расстрэле ў лагеры маладзёжнай лігі Працоўнай партыі на востраве Утоя, дзе загінулі па меншай меры 68 чалавек, у асноўным падлеткаў. Брэйвік заявіў, што з’яўляецца кансерватыўным хрысціянінам, які выступае супраць мультыкультуралізму.
«Міжкультурны дыялог дазваляе нам рухацца наперад разам, мець справу з нашымі рознымі ідэнтычнасцямі канструктыўна і дэмакратычна на аснове агульных універсальных каштоўнасцей».
Белая кніга па міжкультурным дыялогу
Еўропа сутыкаецца з сур'ёзнымі дэмаграфічнымі зменамі, якія ў рознай ступені падкрэсліваюцца міграцыйнымі плынямі. Існуючыя падыходы да інтэграцыі і да кіравання культурнай разнастайнасцю ставяцца пад пытанне. «Як мы разумеем гэта цяпер, мультыкультуралізм дазваляе паралельным грамадствам развівацца ў межах дзяржаў... Гэта павінна быць спынена». Гэта было сказана Турб'ёрнам Ягландам, генеральным сакратаром Савета Еўропы.28 Калі мультыкультуралізм пацярпеў няўдачу, якім можа быць рашэнне? Адказам можа быць нешта, што называюць «інтэркультуралізмам», які выступае за індывідуальныя правы для ўсіх, без аніякай дыскрымінацыі. У інтэркультурным грамадстве людзі маюць права захоўваць сваю этнічную, культурную і рэлігійную ідэнтычнасць, а таксама такія формы ідэнтычнасці, да якіх з памяркоўнасцю ставяцца іншыя. Тым не менш уся супольнасць павінна прытрымлівацца стандартаў у галіне правоў чалавека, а культурныя адрозненні не могуць быць прыняты ў якасці апраўдання за парушэнне правоў іншых груп. Такі падыход забяспечвае максімальную памяркоўнасць да выбару індывідуума і мінімальную – да ідэй, якія маглі б падарваць самі асновы дэмакратычнага грамадства.
Пытанне: Ці лічыце вы, што прыказка «У чужую парафію са сваім звычаем не прыходзь» таксама адносіцца і да мігрантаў?
У 2008 годзе Савет Еўропы прыняў Белую кнігу па міжкультурным дыялогу – «Жыць разам у роўнай годнасці». Гэты праграмны дакумент «сцвярджае ў імя ўрадаў 47 дзяржаў – членаў Савета Еўропы, што наша агульная будучыня залежыць ад нашай здольнасці абараняць і развіваць правы чалавека, замацаваныя ў Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека, дэмакратыю і вяршэнства права і садзейнічаць узаемаразуменню. … інтэркультурны падыход прапануе перспектыўную мадэль для кіравання культурнай разнастайнасцю. … Калі еўрапейская ідэнтычнасць будзе створана, то яна будзе грунтавацца на агульных фундаментальных каштоўнасцях, павазе да агульнай спадчыны і культурнай разнастайнасці, а таксама павазе да роўнасці і годнасці кожнага чалавека».29
Цэнтр адаптацыі і адукацыі дзяцей-бежанцаў
Дадзены цэнтр з'яўляецца адным з праектаў НУА Камітэта «Грамадзянскае садзейнічанне», што быў створаны ў 1996 годзе, калі шмат бежанцаў з Чачні збягалі ад вайны і накіроўваліся ў Маскву. Маскоўскія школы – у парушэнне закону – адмаўляліся прымаць дзяцей, чые бацькі не мелі афіцыйнай рэгістрацыі ў сталіцы. Шэраг маладых людзей пачалі вучыць дзяцей, якіх не прымалі ў школы. У 2001 годзе ў Камітэта атрымалася пераадолець такую дыскрымінацыйную практыку, але патрэба ў такім цэнтры не знікла, бо многім дзецям-мігрантам, якія перанеслі стрэс, патрабаваліся дадатковыя заняткі.
Моладзь і міграцыя
"Intercultural education methods … should be introduced in schools in order to develop students' competences for intercultural dialogue."
Ragusa Declaration of the Euro-Arab Youth Conference on Youth, Migra-tion and Development30
Гістарычна маладыя людзі складаюць значную долю мігрантаў. Тым не менш пункт гледжання моладзі рэдка прымаецца да ўвагі ў нацыянальных і міжнародных дыскусіях па пытаннях міграцыі. Неабходна лепей разумець патрэбы маладых мігрантаў, і варта прызнаваць іх ролю ў еўрапейскім грамадстве. Рамачны дакумент Савета Еўропы па маладзёжнай палітыцы – «Парадак дня 2020» – надае асаблівую ўвагу падтрымцы маладзёжнай працы з маладымі бежанцамі, асобамі, якія шукаюць прытулак, і перамешчанымі асобамі.
З аднаго боку, маладыя людзі карыстаюцца станоўчымі аспектамі мабільнасці і выкарыстоўваць такія еўрапейскія праграмы, як Erasmus Mundus, Еўрапейская валанцёрская служба, што рэгулююцца ЕС, Саветам Еўропы і іншымі суб'ектамі, у тым ліку маладзёжнымі арганізацыямі. З іншага боку, маладыя мігранты сутыкаюцца са шматлікімі праблемамі. Паводле ацэнак, каля 12 мільёнаў маладых людзей у Еўропе нарадзіліся і выраслі ў грамадстве, да якога іх бацькі не належалі. Нягледзячы на тое, што яны выраслі ў гэтых краінах, многія з іх усё яшчэ лічацца імігрантамі.
Міжкультурны дыялог адыгрывае важную ролю ў барацьбе з нецярпімасцю і ва ўмацаванні ўзаемаразумення. Адукацыйныя праграмы як у сферы фармальнай, так і ў сферы нефармальнай адукацыі, маладзёжныя абмены і маладзёжная праца з'яўляюцца эфектыўнымі інструментамі для развіцця міжкультурных кампетэнцый, павышэння інфармаванасці аб праблемах міграцыі і інтэрпрэтацыі этнічнай, рэлігійнай, моўнай і культурнай разнастайнасці як крыніцы росту, а не як праблемы.
У 2008 годзе Еўрапейскі маладзёжны форум апублікаваў дакумент аб маладзёжнай міграцыі31, дзе звярталася ўвага на становішча дзяцей-мігрантаў, асабліва непаўналетніх, разлучаных са сваімі бацькамі і іншымі апекунамі; яны знаходзяцца ў асаблівай небяспецы жорсткага абыходжання, і іх таксама часта размяшчаюць умесцы пазбаўлення волі, хоць гэта і парушае Канвенцыю ААН аб правах дзіцяці і рэкамендацыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы «Аб абароне і дапамозе дзецям без суправаджэння, якія шукаюць прытулак».32 Маладзёжны сектар Савета Еўропы таксама пачаў, у супрацоўніцтве з УВКБ ААН, ажыццяўленне праекта па правах і інтэграцыі дзяцей без суправаджэння і маладых бежанцаў і асоб, якія шукаюць прытулак, у перыяд пераходу да дарослага жыцця.
18 снежня
18 снежня – гэта не толькі Міжнародны дзень мігрантаў, але і назва арганізацыі, што знаходзіцца ў Бельгіі і працуе, «каб гарантаваць, што правы чалавека ўсіх мігрантаў будуць вядомы, прызнаны і абаронены эфектыўна, і каб ствараць асяроддзе для мігрантаў, каб тыя былі паўнапраўнымі ўдзельнікамі ў любым грамадстве».33 «18 снежня» пры актыўным удзеле радыёстанцый і арганізацый з розных краін свету арганізуе штогадовае міжнароднае радыёмерапрыемства на Міжнародны дзень мігрантаў для таго, каб усталяваць кантакты паміж супольнасцямі мігрантаў ва ўсім свеце, а таксама каб адзначыць дасягненні мігрантаў і расказаць пра іх праблемы. У 2010 годзе ў гэтым мерапрыемстве прынялі ўдзел 147 радыёстанцый з 49 краін на 4 кантынентах.
Шматлікія арганізацыі, якія ўдзельнічаюць у вырашэнні пытанняў, звязаных з мігрантамі, шукаюць супрацоўніцтва. Арганізацыя «Галасы маладых бежанцаў у Еўропе» працуе над тым, каб аб'яднаць і ўзмацніць галасы маладых бежанцаў і іх арганізацый у Еўропе. Дзейнасць гэтай арганізацыі ўключае ў сябе пашырэнне магчымасцей маладых бежанцаў і іх арганізацый, актывізм і кампаніі, узмацненне глабальных і рэгіянальных сетак маладых бежанцаў, забеспячэнне доступу да адпаведнай інфармацыі і абмен эфектыўнымі практыкамі.
Еўрапейскі савет па справах бежанцаў і выгнаннікаў, агульнаеўрапейскі альянс, у які ўваходзяць каля 70 арганізацый з 30 краін свету, мае мэту заахвочваць новае мысленне ў адносінах да бежанцаў і прытылку ў Еўропе праз ініцыятыўную палітычную працу і даследаванні. Ён працуе над умацаваннем кантактаў паміж няўрадавымі арганізацыямі, якія аказваюць дапамогу бежанцам, шляхам стварэння сетак і арганізацыі розных мерапрыемстваў. Яны таксама прапануюць курсы па правах бежанцаў для юрыдычных кансультантаў і адвакатаў з розных краін Еўропы.
Канцавыя зноскі
1 Барыс Альтнер. Век мігрантаў (на рускай мове) http://www.rosbalt.ru/main/2006/06/28/258300.html
2 Еўрапейскі камітэт па міграцыі, вэб-сайт, http://www.coe.int/t/dg3/migration/European_committee_on_Migration/default_en.asp
3 Гласарый па міграцыі, МАМ, http://www.iom.int/jahia/webdav/site/myjahiasite/shared/shared/mainsite/published_docs/serial_publications/Glossary_eng.pdf
4 Уклад УВКБ ААН у Глабальны форум па міграцыі і развіцці (Брусель, 9–11 чэрвеня 2007 года), http://www.unhcr.org/468504762.pdf
5 Канвенцыя і пратакол адносна статусу бежанцаў, УВКБ ААН, http://www.unhcr.org/3b66c2aa10.pdf
6 Глабальныя тэндэнцыі 2009 года: бежанцы, асобы, якія шукаюць прытулак, мігранты, якія вяртаюцца назад, унутрана перамешчаныя асобы і асобы без грамадзянства, УВКБ ААН, http://www.unhcr.org/4c11f0be9.html
7 Кіруючыя прынцыпы перамяшчэння асоб унутры краіны, ААН, http://www.unhcr.org/43ce1cff2.html
8 Зварот да Сусветнага форуму па міграцыі і развіцці, 10 ліпеня 2007 г.
9 Справаздача аб развіцці чалавечага патэнцыялу, 2009 г., ААН, 2009 г.; http://hdr.undp.org/en/media/HDR_2009_EN_Complete.pdf
10 Крыніцы: Факты і лічбы, МАМ (http://www.iom.int/jahia/Jahia/about-migration/facts-and-figures/lang/en); Маніторынг перамяшчэнняў у выніку бедстваў ва ўмовах змянення клімату, УКГП, IDMC і Нарвежскі савет па справах бежанцаў, 2009 г.; (http://www.internal-displacement.org/8025708F004BE3B1/(28httpInfoFiles)29/12E8C7224C2A6A9EC125763900315AD4/$file/monitoring-disaster-displacement.pdf); Глабальныя тэндэнцыі 2010 года УВКБ ААН (http://www.unhcr.org/4dfa11499.html)
11 Сусветная справаздача па міграцыі, МАМ, 2010 г., http://migration.ucdavis.edu/mn/more.php?id=3668_0_5_0
12 Сусветная справаздача па міграцыі, МАМ, 2010 г., http://publications.iom.int/bookstore/free/WMR_2010_ENGLISH.pdf
13 УВКБ ААН http://www.unhcr.org/4dfa11499.html
14 УВКБ ААН http://www.unhcr.org/4d8cc18a530.html
15 http://www.coe.int/t/dg4/sport/sportineurope/ballonsrouges_en.asp
16 УВКБ ААН http://www.unhcr.org/cgi-bin/texis/vtx/page?page=49e48d1e6
17 Гэту канвенцыю часта называюць «Жэнеўскай канвенцыяй», хоць яна і не з’яўляецца адной з Жэнеўскіх канвенцый, якія датычацца дапушчальных паводзінаў падчас вайны.
18 Дапаможнік УВКБ ААН па вызначэнні найлепшых інтарэсаў дзіцяці, 2008 г.; http://www.unhcr.org/4566b16b2.html
19 http://commissioner.cws.coe.int/tiki-view_blog_post.php?postId=71
20 Рэзалюцыя Камісіі па правах чалавека 1999/4, http://ap.ohchr.org/documents/E/CHR/resolutions/E-CN_4-RES-1999-44.doc
21 Даклад Спецыяльнага дакладчыка па правах чалавека мігрантаў сп-ні Габрыэлы Радрыгез Пісара, 2000 г., http://www.unhchr.ch/Huridocda/Huridoca.nsf/0/a88193001b1c7492802568a3005c421e/$FILE/G0010036.pdf
22 Інфармацыйны бюлетэнь па гандлі людзьмі, Упраўленне ААН па наркотыках і злачыннасці, на аснове даных за 2010 год, http://www.unodc.org/documents/human-trafficking/UNVTF_fs_HT_EN.pdf
23 http://www2.ohchr.org/english/law/stateless.htm
24 http://untreaty.un.org/ilc/texts/instruments/english/conventions/6_1_1961.pdf
25 http://fortresseurope.blogspot.com
26 Дырэктыўны дакумент аб правах мігрантаў у незаконным становішчы, 24 чэрвеня 2010 года, https://wcd.coe.int/wcd/ViewDoc.jsp?id=1640817
27 Дзеці-мігранты без дакументаў, якія знаходзяцца ў незаконным становішчы: сапраўдная прычына для непакою, 2011 г., Парламенцкая асамблея http://assembly.coe.int/Documents/WorkingDocs/Doc11/EDOC12718.pdf
28 Савет Еўропы папярэджвае пра мультыкультуралізм, Financial Times, 16 лютага 2011 года; http://www.ft.com/intl/cms/s/0/72c02d9a-39c6-11e0-8dba-00144feabdc0.html#axzz1bhKInsit
29 http://www.coe.int/t/dg4/intercultural/source/white%20paper_final_revised_en.pdf
30 http://www.coe.int/t/dg4/youth/Source/Resources/Documents/2010_Ragusa_Declaration_en.pdf
31 Policy paper on Youth and Migration// European Youth Forum, 2008
32 http://assembly.coe.int/main.asp?Link=/documents/adoptedtext/ta05/erec1703.htm
33 «Снежань 18» – Штогадовая справаздача за 2010 год, http://www.december18.net/sites/default/files/d18_annual_report_2010.pdf
compass-key-date
- 20 JuneWorld Refugee Day
- 18 DecemberInternational Migrants Day
Мы патрабуем радзімы для ўсіх, хто быў прыніжаны.
Пабла Нэруда