Image: Theme 'Health' by Pancho

Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) дае наступнае азначэнне здароўя: «стан поўнага фізічнага, псіхічнага і сацыяльнага дабрабыту, а не проста адсутнасць хваробы або нядужасці».2
Чалавецтва дасягнула значнага прагрэсу ў паляпшэнні стану здароўя па ўсім свеце. Мы навучыліся лячыць і кантраляваць захворванні, ад якіх раней гінулі мільёны. Мы палепшылі доступ да крыніц вады і да санітарных умоў, а таксама стварылі комплексныя сістэмы аховы здароўя. Нашы веды і досвед у галіне аховы здароўя хутка пашыраюцца, і мы маем больш рэсурсаў для аховы здароўя, чым калі-небудзь раней.
Аднак прагрэс у галіне аховы здароўя адбываецца вельмі нераўнамерна. Дзіця, якое нарадзілася сёння ў Швецыі, можа спадзявацца, што пражыве больш за 80 гадоў, але яно пражыве менш за 72 гады, калі народзіцца ў Бразіліі, менш за 63 гады, калі народзіцца ў Індыі, і менш за 50 гадоў, калі народзіцца ў Лесота. У Ірландыі рызыка для жанчыны памерці падчас цяжарнасці ці родаў складае 1 з 47 600; а ў Афганістане 1 з 8. Наша верагодная працягласць жыцця і здароўе могуць значна адрознівацца ў залежнасці ад таго, дзе мы жывём і расцём; аднак неверагодная няроўнасць у стане здароўя існуе не толькі паміж рознымі краінамі, але і ўнутры адной краіны. Дзіця, якое нарадзілася ў Келтане, раёне ў шатландскім горадзе Глазга, можа пражыць на 28 гадоў менш, чым дзіця, якое жыве ў Лэнзі, шатландскай вёсцы, якая знаходзіцца ўсяго ў 13 кіламетрах ад Келтана. У Балівіі дзеці, народжаныя ад жанчын без адукацыі, маюць 10 % шанцаў памерці ва ўзросце да 1 года, у той час як смяротнасць дзяцей, якія нарадзіліся ад жанчын, якія маюць, па меншай меры, сярэднюю адукацыю, у гэтым узросце складае 0,4 %. У Злучаным Каралеўстве паказчыкі смяротнасці дарослых у бедных раёнах у 2,5 разы вышэй, чым у багацейшых.3

«Сярод найбольш важных свабод мы можам назваць свабоду ад вылечных хвароб і ад смяротнасці, якой можна пазбегнуць».1
Амарція Сен

Паводле статыстычных даных, велізарная няроўнасць у сферы здароўя не можа быць растлумачана біялогіяй. Адрозненні ў стане здароўя паміж краінамі і ўнутры краін з'яўляюцца вынікам сацыяльна-эканамічнай палітыкі, што вызначае асяроддзе, у якім нараджаюцца, растуць, жывуць і працуюць людзі.5 Няроўнасць у сферы здароўя з'яўляецца несправядлівай і яе можна пазбегнуць. У большасці выпадкаў гэта нават не пытанне эканамічнага росту. Хоць эканамічны рост і мае важнае значэнне для развіцця, без роўнага размеркавання рэсурсаў нацыянальны эканамічны рост можа нават павялічыць няроўнасць у сферы аховы здароўя. СААЗ адзначае, што некаторыя краіны, якія развіваюцца, напрыклад, Куба, Коста-Рыка або Шры-Ланка, здолелі дасягнуць добрага ўзроўню аховы здароўя, нягледзячы на адносна нізкі рост нацыянальнай эканомікі.6 Барацьба з няроўнасцю ў галіне аховы здароўя з'яўляецца пытаннем сацыяльнай справядлівасці і правоў чалавека.

Сусветная прыхільнасць да забеспячэння здароўя для ўсіх абвяшчаецца ў Мэтах развіцця тысячагоддзя. Нашы ўрады абяцалі да 2015 года выканаць восем мэт па скарачэнні беднасці. Аднак гэтыя ўсеагульныя намаганні не прывядуць да мэт без актыўнага ўдзелу грамадзянскай супольнасці. Людзі павінны ведаць свае правы і абавязкі сваіх урадаў; трэба патрабаваць, каб сацыяльная і эканамічная палітыка распрацоўвалася і ажыццяўлялася ўрадамі такім чынам, каб яны не пагаршалі адрозненні ў сферы аховы здароўя. Здароўе – гэта не толькі імкненне да дабрабыту; гэта права чалавека.

Права на здароўе

Права на здароўе прызнаецца ў шматлікіх міжнародных і рэгіянальных дакументах, пачынаючы з Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (артыкул 25) разам з Міжнародным пактам аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах (артыкул 12), Канвенцыяй аб правах дзіцяці (артыкулы 6, 24), Канвенцыяй аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (артыкулы 10, 11, 12, 14) і Еўрапейскай сацыяльнай хартыяй.
Права на здароўе не варта разумець як права быць здаровымі: немагчыма забяспечыць абарону ад усіх магчымых прычын парушэнняў здароўя чалавека. Гаворка ідзе пра права кожнага, без дыскрымінацыі, на доступ да розных паслуг, структур і тавараў, а таксама на доступ да адпаведных умоў жыцця, што неабходны для таго, каб быць як мага больш здаровым. Права на здароўе ўключае ў сябе не толькі медыцынскія паслугі, але і ўмовы, якія вызначаюць наша здароўе, у тым ліку: доступ да бяспечнай пітной вады, належных санітарных умоў і жылля, дастатковага харчавання, здаровых умоў працы і навакольнага асяроддзя, а таксама доступ да адукацыі і інфармацыі, звязаных са здароўем.7

Пытанне: Ці павінны ўсе мець права на медыцынскую дапамогу незалежна ад статусу і эканамічных магчымасцей?

Права кожнага, без дыскрымінацыі, на доступ да розных паслуг, структур і тавараў, а таксама на доступ да адпаведных умоў жыцця, што неабходны для таго, каб быць як мага больш здаровым.

У адпаведнасці з міжнароднымі дакументамі па правах чалавека, паслугі і ўстановы аховы здароўя павінны рэальна існаваць, быць даступнымі, прымальнымі і добрай якасці для ўсіх без дыскрымінацыі.

У верасні 2010 года Савет ААН па правах чалавека прыняў рэзалюцыю, што прызнае доступ да вады і санітарных умоў правам чалавека.

Даступнасць азначае, што дзяржаўныя ўстановы аховы здароўя, тавары і паслугі, а таксама праграмы, павінны быць даступнымі ў дастатковай колькасці па ўсёй краіне.

Даступнасць азначае, што медыцынскія ўстановы, тавары і паслугі павінны быць фізічна і эканамічна даступнымі для ўсіх без дыскрымінацыі, і павінна быць магчымасць шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю па пытаннях аховы здароўя. Напрыклад, медыцынскія ўстановы для маладых людзей павінны быць размешчаны непадалёк ад тых месцаў, дзе жывуць маладыя людзі (у тым ліку ў сельскіх раёнах і малых гарадах), і што павінен існаваць грамадскі транспарт, што дазволіць людзям лёгка дабірацца да медыцынскіх устаноў. Гадзіны працы павінны быць зручнымі для маладых людзей. Медыцынскія ўстановы павінны быць бясплатнымі або вельмі таннымі, каб маладыя людзі маглі сабе іх дазволіць. Інфармацыя пра стан здароўя, у тым ліку інфармацыя пра сексуальнае і рэпрадуктыўнае здароўе, павінна быць лёгка, без дыскрымінацыі, даступнай для маладых людзей.

Прымальнасць азначае, што тавары і паслугі павінны быць прыдатнымі з культурнага пункту гледжання і адпавядаць медыцынскай этыцы. Напрыклад, лекары і медсёстры павінны быць навучаны таму, як размаўляць з маладымі людзьмі і дзецьмі. Атмасфера ў медыцынскім цэнтры павінна быць прасякнута пачуццём падтрымкі, а персанал мусіць ставіцца да моладзі непрадузята.

«…здароўе, нарэшце, будзе разглядацца не як жаданае блаславенне, а як права чалавека, за якое трэба змагацца».
Кофі Анан

Якасць азначае, што медыцынскія ўстановы, тавары і паслугі павінны быць з навуковага і медыцынскага пунктаў гледжання адпаведнымі і добрай якасці8. Напрыклад, інфармацыя аб стане здароўя павінна быць навукова абгрунтаванай, а паслугі, як і лекі, павінны быць добрай якасці.

Пытанне: Ці павінны асобы, якія шукаюць прыстанішча, і асобы без дакументаў мець доступ да медыцынскай дапамогі, дзе вы жывяце?

Удзел

Яшчэ адным важным аспектам права на здароўе з’яўляецца актыўны і свядомы ўдзел насельніцтва, у тым ліку маладых людзей, у прыняцці звязаных са здароўем рашэнняў на мясцовым, нацыянальным і міжнародным узроўні.9 Камітэт ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правах тлумачыць, што «дзяржавы-ўдзельнікі павінны забяспечваць бяспечнае і спрыяльнае асяроддзе для падлеткаў, што будзе даваць магчымасць удзельнічаць у прыняцці рашэнняў, якія ўплываюць на іх здароўе, будаваць жыццёвыя навыкі, здабываць патрэбную інфармацыю, атрымліваць кансультацыі і абмяркоўваць выбар паводзін у адносінах да здароўя, які яны павінны зрабіць».10    

Маладыя людзі могуць і павінны быць стратэгічнымі партнёрамі ў дзейнасці або праграмах, якія маюць справу з праблемамі здароўя. Існуе цэлы шэраг міжнародных арганізацый і сетак, якія працуюць у партнёрстве з маладымі людзьмі над рознымі тэмамі, звязанымі са здароўем, сярод якіх: Міжнародная федэрацыя супольнасцей Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, Еўрапейская сетка школ умацавання здароўя, Маладзёжная сетка роўнага навучання, Міжнародная федэрацыя асацыяцый студэнтаў-медыкаў  і іншыя.

Еўрапейскі маладзёжны форум таксама падкрэслівае ролю маладзёжных арганізацый як ключавых зацікаўленых бакоў у распрацоўцы палітыкі ў галіне аховы здароўя, якая мае дачыненне да моладзі. У сваім праграмным дакуменце 2008 года, прысвечаным здароўю і дабрабыту маладых людзей, гэта арганізацыя пісала: «Яны [маладзёжныя арганізацыі] з'яўляюцца добрым месцам для арганізацыі кансультацый сярод моладзі і з'яўляюцца таксама самым прадстаўнічым органам, які агучвае праблемы шырокага кола моладзі. Многія маладзёжныя арганізацыі валодаюць пэўнымі кампетэнцыямі ў сферы аховы здароўя і таму з'яўляюцца неабходнымі партнёрамі для такіх кансультацый».11

Пытанне: Як вы можаце ўдзельнічаць у прыняцці звязаных са здароўем рашэнняў у вашай супольнасці або краіне?

Падсправаздачнасць

Правы чалавека патрабуюць ад урадаў несці адказнасць за свае дзеянні: дэманстраваць, растлумачваць і абгрунтоўваць тое, якім чынам дзяржава выконвае свае абавязкі ў дачыненні да права на здароўе.
НУА і актывісты па ўсім свеце выкарыстоўваюць розныя метады, каб патрабаваць падсправаздачнасці наконт права на здароўе, у тым ліку кампаніі ў СМІ, што прадстаўляць ценявыя даклады міжнародным дагаворным органам, падаюць скаргі ў нацыянальныя, рэгіянальныя і міжнародныя суды, якія выступаюць за права на ахову здароўя перад нацыянальнымі і рэгіянальнымі выбарамі, а таксама актыўна ўдзельнічаюць у ініцыятывах па маніторынгу.

Як вы можаце дамагчыся падсправаздачнасці ўрада вашай краіны ў дачыненні да права на здароўе?

Права на здароўе і Еўрапейская сацыяльная хартыя

У Еўропе права на здароўе падтрымана ў Еўрапейскай сацыяльнай хартыі. Галоўным артыкулам, у якім асноўная ўвага надаецца праву на здароўе, з'яўляецца артыкул 11, што абавязвае еўрапейскія дзяржавы прымаць меры па ўмацаванні здароўя і аказанні медыцынскай дапамогі ў выпадку хваробы.

Еўрапейская сацыяльная хартыя – Артыкул 11 – Права на ахову здароўя

У мэтах забеспячэння эфектыўнага ажыццяўлення права на ахову здароўя Дагаворныя бакі абавязваюцца альбо непасрэдна, альбо ў супрацоўніцтве з дзяржаўнымі ці прыватнымі арганізацыямі прымаць адпаведныя меры, у прыватнасці:
1. ліквідаваць, наколькі гэта магчыма, прычыны праблем са здароўем
2. аказваць кансультацыйныя і адукацыйныя паслугі для ўмацавання здароўя і заахвочвання асабістай адказнасці ў пытаннях здароўя
3. прадухіляць, наколькі гэта магчыма, эпідэмічныя, эндэмічныя і іншых захворванні.

Хартыя кантралюецца Еўрапейскім камітэтам па сацыяльных правах. Штогод Камітэт разглядае справаздачы, атрыманыя ад дзяржаў-удзельнікаў, і прымае рашэнне аб тым, ці адпавядае сітуацыя ў краіне ў дачыненні да права на здароўе і іншых сацыяльныя і эканамічных правоў патрабаванням Еўрапейскай сацыяльнай хартыі. У дадатак да гэтага некаторыя еўрапейскія арганізацыі і нацыянальныя НУА могуць падаць калектыўную скаргу супраць дзяржавы ў Камітэт.

Савет Еўропы і здароўе

Няхай не будзе дрэннага здароўя ў бедных людзей.
Савет Еўропы, вэб-сайт «Палітыка ў сферы аховы здароўя»

Акрамя працяглай працы па маніторынгу і рэалізацыі Еўрапейскай сацыяльнай хартыі, Савет Еўропы разам з Камітэтам экспертаў па належным кіраванні ў галіне аховы здароўя аказвае дапамогу дзяржавам-членам у ажыццяўленні падыходу «здароўе і правы чалавека для ўсіх», прымаючы да ўвагі меншасці і ўразлівыя групы. Еўрапейскі дырэктарат па якасці лекавых сродкаў і ахове здароўя спрыяе праву чалавека на доступ да лекаў добрай якасці шляхам узгаднення і каардынацыі стандартызацыі, рэгулявання і кантролю якасці лекавых сродкаў, пералівання крыві, трансплантацыі органаў, фармацэўтычных сродкаў і паслуг.

У пастаянна зменлівай галіне біяэтыкі Савет Еўропы імкнецца знайсці баланс паміж свабодай даследаванняў і абаронай асоб. Еўрапейская канферэнцыя нацыянальных камітэтаў па этыцы садзейнічае супрацоўніцтву паміж нацыянальнымі органамі па пытаннях этыкі ў дзяржавах-членах і адыгрывае пэўную ролю ў прасоўванні дыскусіі па пытаннях, паднятых распрацоўкамі ў галіне біямедыцынскіх і медыцынскіх навук. У Канвенцыі Аўеда 1997 года аб правах чалавека і біямедыцыне фармулююцца асноўныя прынцыпы біямедыцынскай этыкі. З тых часоў было створана тры дадатковыя пратаколы, што тычацца забароны кланіравання чалавека, трансплантацыі органаў і біямедыцынскіх даследаванняў.

Моладзь і здароўе

«Калі мы, медыцынскія работнікі, або настаўнікі, або студэнты, або дзяржаўныя служачыя, не адчуваем, што мы самі і групы і арганізацыі, якія мы прадстаўляем, маем права мяняць палітыку, якая ўплывае на наша жыццё або на жыццё тых, хто нас акружае, то навошта мы ўстаём па раніцах?»
Гіл Уолт4

Здаровы лад жыцця азначае розныя паняцці для кожнага чалавека. Увогуле можна пагадзіцца, што здаровы лад жыцця дае чалавеку магчымасць жыць такім чынам, які спрыяе яго фізічнаму і псіхічнаму дабрабыту. Існуюць розныя фактары рызыкі для маладых людзей, якім яны падвяргаюцца на працягу дзяцінства і юнацтва і якія часта могуць прывесці да дрэннага харчавання, адсутнасці фізічнай актыўнасці і (або) залежнасці – і ўсе маюць наступствы, якія могуць працягвацца да канца жыцця.
Для маладых людзей, якія пачынаюць працаваць у вельмі маладым узросце, ёсць прафесійныя рызыкі для здароўя, што таксама часам могуць прывесці да пажыццёвых наступстваў. У Еўропе моладзь мае па меншай меры на 50 % больш шанцаў атрымаць траўму на працы, чым старэйшыя людзі, і маладыя людзі значна часцей пакутуюць ад прафесійных захворванняў.12
У маладзёжнай палітыцы Савета Еўропы дабрабыт моладзі таксама разглядаецца як важная мэта маладзёжнай палітыкі ў рамках «Парадку дня 2020» маладзёжнай палітыкі Савета Еўропы. Гэта вынікае з таго, што ў апошнія гады трывожнай тэндэнцыяй у многіх еўрапейскіх краінах быў рост спажывання алкаголю, наркотыкаў і тытуню маладымі людзьмі ў спалучэнні з пагаршэннем перспектыў сацыяльна-эканамічнай аўтаноміі.

Тытунь: ва ўсім свеце 5,4 мільёна чалавек паміраюць ад тытунёвай эпідэміі кожны год – больш, чым ад ВІЧ/СНІДу, малярыі і сухотаў разам узятых. У Еўропе курэнне з'яўляецца прычынай 21 % усіх выпадкаў смерці. У сярэднім 24 % маладых людзей ва ўзросце 15 гадоў кураць кожны тыдзень.13

Пытанне: Ці трэба зрабіць тытунь незаконным?

Алкаголь: паводле СААЗ, спажыванне алкаголю ў Еўропе ў два разы перавышае сярэдні паказчык па свеце. Алкаголь з'яўляецца другім па велічыні фактарам рызыкі смерці і інваліднасці сярод дарослага насельніцтва, а таксама самым вялікім фактарам рызыкі для маладых людзей. У Еўропе алкаголь выклікае 618 000 смерцяў штогод. Празмернае ўжыванне алкаголю выклікае не толькі пагаршэнне стану здароўя, але і страту прадукцыйнасці ў сферы адукацыі і на працоўным месцы, злачыннае прычыненне шкоды і гвалт.14

«ACTIVE – цвярозасць, сяброўства і мір» – гэта еўрапейская арганізацыя, якая аб'ядноўвае маладых людзей, якія вырашылі жыць цвярозымі і падзяляюць ідэалы «дэмакратычнага, разнастайнага і мірнага свету, вольнага ад алкаголю і іншых наркотыкаў, дзе любы чалавек можа жыць, цалкам рэалізуючы свой патэнцыял».
www.activeeurope.org

Наркотыкі: паводле даных Упраўлення Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па наркотыках і злачыннасці, паміж 155 і 250 мільёнаў чалавек ва ўсім свеце, або 3,5–5,7 % насельніцтва ва ўзросце 15–64 гадоў, выкарыстоўвалі незаконныя наркотыкі хаця б адзін раз у 2009 годзе. Большую частку тых, хто выкарыстоўвае незаконныя наркотыкі, складаюць спажыўцы марыхуаны; пры гэтым з пункту гледжання шкоды найбольш небяспечнымі з'яўляюцца апіяты.15

Пытанне: Ці ведаеце вы, якія існуюць наступствы для маладых людзей, якія празмерна ўжываюць алкаголь і забароненыя наркотыкі?

Атлусценне: паводле даных СААЗ, 30–80% дарослых у Еўропе і каля 20 % дзяцей і падлеткаў маюць залішнюю вагу, і 7 % пакутуюць ад атлусцення.16 Атлусценне павышае рызыку сардэчна-сасудзiстых захворванняў, дыябету, артапедычных праблем і псіхічных расстройстваў. Справаздачы паказваюць, што дыскрымінацыя, здзекі і кпіны могуць быць як прычынамі, так і наступствамі павелічэння вагі.17

Вельмі лёгка сказаць, што людзі цалкам адказныя за сваё здароўе, і, такім чынам, калі яны пачынаюць курыць, есці нездаровую ежу або ўжываць наркотыкі, то гэта іх выбар. Абвінавачванне ахвяры – гэта папулярны падыход да «рашэння» нездаровых паводзін, і, на жаль, ён рэалізуецца ў рамках палітыкі і праграм у галіне аховы здароўя ў шэрагу еўрапейскіх краін. Спецыялісты ў галіне аховы здароўя сцвярджаюць, што, калі палітыка ў галіне аховы здароўя ігнаруе існуючыя няроўнасці і засяроджвае сваю ўвагу толькі на адукацыйных і інфармацыйных кампаніях, вялікая колькасць людзей не зможа карыстацца сваім правам на здароўе. Напрыклад, даклад СААЗ па праблеме атлусцення ў Еўропе паказвае, што дзеці з сем'яў з нізкім сацыяльна-эканамічным статусам і ніжэйшым узроўнем адукацыі выбіраюць менш здаровую ежу, чым дзеці з сем'яў з больш высокім узроўнем адукацыі і больш высокімі сацыяльна-эканамічным статусам.18

Пытанне: На вашу думку, чаму адносна больш забяспечаныя групы грамадства з меншай верагоднасцю будуць спажываць нездаровыя прадукты ці пакутаваць ад наркаманіі?

Яшчэ адна прычына, што можа прывесці да нездаровых паводзін, – гэта каштоўнасці і жыццёвыя мэты, якія вітаюцца ў грамадстве і прапагандуюцца ў сродках масавай інфармацыі. У заходніх індустрыялізаваных грамадствах усё больш і больш распаўсюджваюцца жыццёвыя мэты, такія як фінансавы поспех, папулярнасць, улада, прэстыж, сацыяльны статус і спажыванне. Рэкламныя кампаніі часта арыентаваны на тое, каб маладыя людзі думалі, што яны недастаткова добрыя, калі яны не маюць пэўнага новага гаджэту або моднай вопраткі, не п'юць нейкі новы тып напою або не маюць ідэальных валасоў або дасканалага цела, якія транслююцца па тэлебачанні. Велізарны ціск, што абавязвае добра выглядаць і мець новыя рэчы, адмоўна ўплывае на псіхічнае і фізічнае здароўе маладых людзей. СААЗ назвала здзекі, нізкую самаацэнку, сацыяльны ціск, цяжкасці ў пераадоленні стрэсу і праслаўленне стройнасці ў сродках масавай інфармацыі фактарам рызыкі ў развіцці парушэнняў харчовых паводзін, такіх як анарэксія і булімія.19

Забарона мадэлей з «нулявым памерам»

У 2006 годзе на тыдні моды ў Мадрыдзе мадэлям з занадта малой вагай было забаронена прымаць удзел у паказах, пасля чаго Мілан прыняў такое ж рашэнне. Арганізацыі па ахове здароўя і групы грамадзянскіх супольнасцей праводзяць кампаніі для таго, каб і іншыя гарады прымалі такія ж рашэнні, але пакуль з абмежаваным поспехам. Іспанская забарона была распачата пасля таго, як у Паўднёвай Амерыцы ад галадання і анарэксіі памерлі дзве маладыя мадэлі.20

Сексуальнае і рэпрадуктыўнае здароўе

Сексуальнае і рэпрадуктыўнае здароўе часта закранаюць далікатныя і спрэчныя пытанні для маладых людзей, іх сем'яў і спецыялістаў у галіне аховы здароўя. Падлеткі і маладыя людзі сутыкаюцца з многімі праблемамі, звязанымі з іх сексуальным і рэпрадуктыўным здароўем. У выніку працэсу сталення і хуткага псіхалагічнага развіцця, якія праходзяць маладыя людзі, яны становяцца ўразлівымі да ціску грамадства і сваіх равеснікаў і паводзяць сябе такім чынам, які стварае шмат рызыкоўных для здароўя сітуацый, што часта ўключае ў сябе рызыкоўныя сексуальныя паводзіны. У многіх супольнасцях сексуальнасць падлеткаў з’яўляецца вельмі праблемнай тэмай, і людзі задаюцца пытаннем, ці павінны маладыя людзі атрымліваць сексуальнае выхаванне па-за сям'ёй або ці павінны маладыя людзі ва ўзросце да 18 гадоў атрымліваць ананімныя кансультацыі або лячэнне без згоды іх бацькоў. Да таго ж, сексуальнае і рэпрадуктыўнае здароўе ўплывае на жанчын і мужчын па-рознаму.

Пытанне: Якія меркаванні, што існуюць у вашай краіне, могуць негатыўна паўплываць на сексуальнае і рэпрадуктыўнае здароўе маладых людзей?

Сексуальнае і рэпрадуктыўнае здароўе ў лічбах

Кожную хвіліну ў свеце па меншай меры адна жанчына памірае пры родах ці ад ускладненняў, звязаных з цяжарнасцю; што азначае 529 000 жанчын штогод.21
Паводле ацэнак ЮНФПА, па меншай меры 200 мільёнаў жанчын ва ўсім свеце хочуць выкарыстоўваць бяспечныя і эфектыўныя метады планавання сям'і, але не маюць доступу да іх.
Штогод больш за чвэрць жанчын, якія зацяжарылі, робяць аборт; большасць гэтых абортаў робіцца ўпотай і ў небяспечных умовах.22
Згодна з аналізам, праведзеным у 2008 годзе, 33,4 мільёна чалавек, якія жывуць з ВІЧ/СНІДам, пераважная большасць з іх жыве ў краінах з нізкім і сярэднім узроўнем даходу.23 Каля 40 % усіх новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі ва ўсім свеце прыходзілася на маладых людзей (15–24 гадоў).

Дрэнны стан здароўя становіцца парушэннем права чалавека, калі гэта адбываецца праз няздольнасць дзяржавы паважаць, абараняць і выконваць абавязкі ў галіне правоў чалавека.24 Нашы дзяржавы абавязаны зрабіць усё магчымае, каб абараніць нас ад дрэннага стану здароўя, у тым ліку прымаць такія меры, як адукацыя ў галіне сексуальнага і рэпрадуктыўнага здароўя, адпаведнае кансультаванне, забеспячэнне даступных медыка-санітарных паслуг добрай якасці, а таксама развіццё праграм, што вядуць барацьбу супраць стыгматызацыі, дыскрымінацыі і небяспечных культурных практык.

Справа «K.L. супраць Перу» і свабода ад жорсткага і бесчалавечнага абыходжання

K.L., 17-гадовая дзяўчынка, была цяжарнай анэнцэфалічным зародкам (зародкам з частковай або поўнай адсутнасцю мозгу, які б не перажыў нараджэння або памёр бы на працягу некалькіх гадзін або дзён пасля нараджэння). Нягледзячы на тое, што закон Перу аб абортах дазваляе аборт у выпадку, калі жыццё або здароўе маці знаходзіцца ў небяспецы, K.L. было адмоўлена ў аборце і яна была павінна нарадзіць дзіця і карміць яго тыя чатыры дні, якія дзіця пражыла.
У 2005 годзе Камітэт па правах чалавека Арганізацыі Аб'яднаных Нацый пастанавіў, што Перу парушыла права K.L. на свабоду ад жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання (артыкул 7 МПГПП) і права на недатыкальнасць прыватнага жыцця (артыкул 17). Камітэт пастанавіў, што дзяржава павінна была аказаць ёй падчас і пасля яе цяжарнасці «медыцынскую і псіхалагічную дапамогу, неабходную ў канкрэтных абставінах яе сітуацыі».25

Псіхічнае здароўе

Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) вызначае псіхічнае здароўе як «стан дабрабыту, пры якім чалавек можа рэалізаваць свой уласны патэнцыял, спраўляцца са звычайнымі жыццёвымі стрэсамі, можа прадуктыўна і плённа працаваць, а таксама здольны зрабіць уклад у жыццё сваёй супольнасці».26
Паводле СААЗ, кожны чацвёрты чалавек ва ўсім свеце ў нейкі момант свайго жыцця будзе пакутаваць ад псіхічных або неўралагічных разладжванняў.27 У асаблівай небяспецы развіцця парушэнняў псіхічнага здароўя знаходзяцца маладыя людзі, бо перажываюць пераход ад стану залежнасці да незалежнага або дарослага жыцця. Новыя формы ціску і змены, такія як палавое паспяванне, новыя зносіны, зыход з бацькоўскага дому ў першы раз, фінансавая нестабільнасць, занятасць ці трывожнасць, звязаныя з адукацыяй, могуць выклікаць высокія ўзроўні напружання, якія могуць прывесці да псіхічных разладжванняў. Лічыцца, што такія разладжванні, як дэпрэсія, шызафрэнія, расстройства харчовых паводзін і злоўжыванне псіхаактыўных рэчываў, бяруць свой пачатак у маладым узросце.28 У дадатак да гэтага самагубства з'яўляецца другой вядучай прычынай смерці сярод дзяцей і маладых людзей ва ўзросце 10–24 па ўсім свеце.

«Непатрэбныя хваробы і пакуты абяздоленых, не важна ў бедных або багатых краінах, з'яўляюцца вынікам таго, як мы арганізуем жыццё ў грамадстве».
Майкл Мармат30

Паводле ацэнак, толькі 10–15 % маладых людзей з праблемамі псіхічнага здароўя атрымліваюць дапамогу ад прафесіяналаў.29 Таму важна не толькі мець даступныя паслугі ў галіне псіхічнага здароўя, але і інфармаваць шырокую грамадскасць аб існаванні прафесійнай дапамогі, а таксама змагацца супраць прадузятасці і стэрэатыпаў, якія перашкаджаюць маладым людзям звяртацца па дапамогу.

Пытанне: Ці ведаеце вы, дзе маладыя людзі могуць атрымаць адаптаваную для моладзі дапамогу ў сферы псіхічнага здароўя там, дзе вы жывяце?

Беднасць і доступ да лекаў

Дзяржаўныя выдаткі на ахову здароўя ў краінах і з высокім, і з нізкім узроўнем даходу ў асноўным ідуць на карысць багатым, а не бедным. Больш за 90 % сусветнай вытворчасці лекаў спажываецца толькі 15 % насельніцтва Зямлі. Напрыклад, у перыяд паміж 1975 і 2004 гг. 1556 новых прэпаратаў былі ўхвалены для сусветнага рынку. Аднак толькі 21 з іх былі распрацаваны спецыяльна для лячэння трапічных захворванняў і туберкулёзу, у той час як гэтыя хваробы складаюць 11,4 % захворванняў у свеце.31 Трапічныя захворванні, такія як малярыя, праказа, хвароба Шагаса і іншыя, называюць «забытымі хваробамі», таму што, нават калі яны закранаюць больш за адзін мільярд чалавек ва ўсім свеце, іх часта забываюць, бо яны ўплываюць на самыя бедныя і найбольш маргіналізаваныя групы насельніцтва.32 Акрамя таго, лічыцца, што ў краінах, якія развіваюцца, пацыенты павінны аплачваць 50–90 % кошту асноўных лекавых сродкаў са сваёй уласнай кішэні.

Штогод больш за 100 мільёнаў чалавек аказваецца ў галечы праз тое, што яны павінны плаціць па рахунках аховы здароўя.33

Амаль два мільярды чалавек ва ўсім свеце не маюць доступу да асноўных лекавых сродкаў. Высокі кошт лекавых сродкаў з'яўляецца адной з асноўных прычын, чаму людзі, якія маюць патрэбу, не могуць атрымаць неабходныя ім лекі. Спецыяльны дакладчык ААН па пытаннях аб праве на здароўе сцвярджае, што палягчэнне доступу да існуючых лекавых сродкаў магло б захаваць 10 мільёнаў жыццяў штогод.34

Непатэнтаваныя лекавыя сродкі (джэнерыкі)

Адным з найлепшых спосабаў панізіць кошт і пашырыць доступ да лекавых сродкаў з'яўляецца дазвол і распаўсюджанне джэнерыкаў. Джэнерыкі з'яўляюцца копіяй фірменнай фармацэўтычнай прадукцыі. Джэнерыкі настолькі ж эфектыўныя, як іх фірменныя аналагі; вялікае адрозненне заключаецца ў кошце. Вырабляць непатэнтаваныя лекавыя сродкі атрымліваецца танней, таму што вытворцы не павінны пакрываць выдаткі на вынаходніцтва лекаў і шматлікія клінічныя выпрабаванні бяспекі і эфектыўнасці. З-за нізкага кошту джэнерыкі часта з’яўляюцца адзінымі лекамі, якія могуць дазволіць сабе людзі, якія жывуць у беднасці.
Фармацэўтычныя кампаніі сцвярджаюць, што джэнерыкі памяншаюць іх даходы і такім чынам падрываюць іх магчымасці інвесціраваць у даследаванні і распрацоўку новых лекаў. Для таго каб дапамагчы фармацэўтычным кампаніям, якія вынаходзяць новыя лекі, вярнуць грошы, што яны выдаткавалі на стварэнне лекаў, і дазволіць ім атрымаць прыбытак ад свайго вынаходства, ім выдаецца патэнт. Патэнт, або права інтэлектуальнай уласнасці, уяўляе сабой сукупнасць выключных правоў, прадстаўленых дзяржавай вынаходніку для таго, каб ён мог вырабляць, выкарыстоўваць, прадаваць і прапаноўваць прадаваць або імпартаваць вынаходства. Як правіла, дзеянне патэнта доўжыцца дваццаць гадоў, і на працягу гэтага перыяду іншыя кампаніі не могуць вырабляць, прадаваць, прапаноўваць прадаваць або імпартаваць запатэнтаваныя лекі.

Пытанне: Ці маюць фармацэўтычныя кампаніі абавязкі ў галіне правоў чалавека?

Пытанні інтэлектуальнай уласнасці спарадзілі сур'ёзную напружанасць паміж глабальнымі Поўначчу і Поўднем. Развітыя краіны выступалі за права фармацэўтычнай прамысловасці патэнтаваць свае лекі. Краіны, якія развіваюцца, сцвярджалі, што сусветныя стандарты інтэлектуальнай уласнасці перашкаджаюць іх развіццю, бо гэтыя краіны былі недастаткова падрыхтаваны і не маюць дастатковых структур для таго, каб карыстацца гэтымі стандартамі. Міжнароднае пагадненне аб гандлёвых баках правоў інтэлектуальнай уласнасці (ТРЫПС) уступіла ў сілу ў 1995 годзе і знаходзіцца ў падпарадкаванні Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА). Заканадаўства павінна было мець вялікі ўплыў на вытворчасць джэнерыкаў; таму краінам, якія развіваюцца, быў дадзены час на пераходны перыяд і ім было дазволена працягваць распрацоўку джэнерыкаў да 2000 года, а найменш развітым краінам быў дадзены пераходны перыяд да 2016 года для фармацэўтычных патэнтаў i нераскрытай iнфармацыi.35

Уплыў правоў інтэлектуальнай уласнасці на права на здароўе

«Наступствам Пагаднення ТРЫПС з'яўляецца тое, што новыя больш якасныя прэпараты даступны толькі ў тых краінах, якія маюць магчымасць пакрыць высокі кошт. [...] Ёсць меркаванне, што калі існуе магчымасць забяспечваць з дапамогай джэнерыкаў эфектыўнае і таннае лячэнне СНІДу, у краінах, што развіваюцца, то будзе амаральна не дазваляць вытворчасць лекаў, якія выратуюць мільёны жыццяў».36
AVERT – міжнародная дабрачынная арганізацыя, што займаецца пытаннямі ВІЧ і СНІДу (www.avert.org)
Па даных арганізацыі «Ўрачы без меж» (MSF), шматлікія краіны, якія развіваюцца, адчуваюць на сабе ціск для таго, каб яны прадугледжвалі больш абмежавальныя ўмовы ў сваім патэнтавым заканадаўстве, чым гэта патрабуецца Пагадненнем ТРЫПС. Нягледзячы на тое, што краіны, якія развіваюцца, не абавязаны згодна з міжнародным правам зрабіць больш жорсткім свае патэнтавыя законы, вельмі часта яны не маюць ніякага выбару, бо ўмовы абмежаванняў з’яўляюцца часткай гандлёвых пагадненняў са Злучанымі Штатамі або Еўрапейскім саюзам.37
У якасці рэакцыі на перамовы аб пагадненні аб свабодным гандлі паміж ЕС і краінамі Азіі і Лацінскай Амерыкі арганізацыя «Ўрачы без меж» распачала кампанію пад назвай «Еўропа! Рукі прэч ад нашай медыцыны».
Вы можаце даведацца больш пра кампанію на сайце www.msfaccess.org

Канцавыя зноскі

1 Амарція Сен, «Здароўе ў развіцці», бюлетэнь Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (1999 г.): 77:620.
2  Прэамбула Канстытуцыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, прынятая Міжнароднай канферэнцыяй па пытаннях аховы здароўя, Нью-Ёрк, 19–22 чэрвеня 1946 г.; падпісана 22 ліпеня 1946 г. прадстаўнікамі 61 дзяржавы (Афіцыйныя пратаколы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, № 2, с. 100) і ўступіла ў сілу 7 красавіка 1948 г.
3 Камісія па сацыяльных фактарах здароўя, «Пераадолець разрыў пакаленняў: роўнасць у сферы аховы здароўя праз уздзеянне на сацыяльныя фактары здароўя», Выніковы даклад (СААЗ: 2008).
4 Гіл Уолт, Палітыка ў галіне аховы здароўя: уводзіны ў працэс і моц, с.
5 Прэс-рэліз, http://www.who.int/mediacentre/news/releases/2008/pr29/en/index.html
6 там жа.
7 Камітэт па эканамічных, сацыяльных і культурных правах, Заўвага агульнага парадку 14, Права на самы высокі дасягальны ўзровень здароўя (Дваццаць другая сесія, 2000 г.). Тэкст гл. у дакуменце ААН E/C.12/2000/4 (2000): Зборнік заўваг агульнага парадку і агульных рэкамендацый, прынятых органамі дамовы аб правах чалавека, U.N. Doc. HRI/GEN/1/Rev.6 85 (2003).
8 Заўвага агульнага парадку 14, вышэй, № 7, параграф 12.
9  Заўвага агульнага парадку 14, вышэй, № 7, параграф 11.
10 Заўвага агульнага парадку 14, вышэй, № 7, параграф 23.
11Еўрапейскі маладзёжны форум, 2008 г., Рамачны дакумент аб здароўі і дабрабыце маладых людзей, с. 14.
12 http://osha.europa.eu/en/priority_groups/young_people
13 http://www.euro.who.int/en/what-we-do/health-topics/disease-prevention/tobacco/facts-and-figures
14 Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) (2010 г.) «Найлепшая практыка ў ацэнцы выдаткаў, звязаных з алкаголем, – рэкамендацыі для будучых даследаванняў», с.
15 Упраўленне Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па наркотыках і злачыннасці (2010 г.), Сусветны даклад аб наркотыках 2010 г.
16 СААЗ (2007 г.) Праблема атлусцення ў еўрапейскім рэгіёне СААЗ і стратэгіі рэагавання, с. 1.
17 СААЗ (2007 г.) Праблема атлусцення ў еўрапейскім рэгіёне СААЗ і стратэгіі рэагавання, с. 158.
18 СААЗ (2007 г.) Праблема атлусцення ў еўрапейскім рэгіёне СААЗ і стратэгіі рэагавання, с. 
19 СААЗ (2004 г.) Прафілактыка псіхічных расстройстваў: эфектыўнае ўмяшанне і варыянты палітыкі.
20 http://www.telegraph.co.uk/news/uknews/1540595/Fashion-leaders-refuse-to-ban-size-zero-models.html
21 http://www.who.int/research/en/
22 Фонд ААН у галіне народанасельніцтва; http://www.unfpa.org/rh/planning.htm
23 http://www.who.int/research/en/
24 Paul Hunt, Judith Bueno de Mesquita. (2005) The Right to Sexual and Reproductive Health, University of Essex.
25 «K.L. супраць Перу», Паведамленне № 1153/2003, U.N. Doc. CCPR/C/85/D/1153/2003, 2005.
26  СААЗ (2005 г.) Умацаванне псіхічнага здароўя: канцэпцыі, новыя даныя, практыка: даклад Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, Дэпартамент па пытаннях псіхічнага здароўя і злоўжывання псіхаактыўных рэчываў, у супрацоўніцтве з Віктарыянскім фондам садзеяння здароўю і Мэльбурнскім універсітэтам. Сусветная арганізацыя аховы здароўя. Жэнева.
27 СААЗ (2001 г.) Псіхічнае здароўе: новае разуменне, новая надзея.
28 СААЗ (2010 г.) Умацаванне псіхічнага здароўя ў моладзі – інвестыцыя ў будучыню.
29 СААЗ (2010 г.) Умацаванне псіхічнага здароўя ў моладзі – інвестыцыя ў будучыню.
30 Marmot, M. Health in an unequal world. Lancet, (2006) p. 2,081.
31 http://www.dndi.org/index.php/media-centre.html?ids=6 
32 http://www.who.int/neglected_diseases/en/
33 Справаздача аб падтрымцы і абароне ўсіх правоў чалавека, грамадзянскіх, палітычных, эканамічных, сацыяльных ікультурных правоў, уключаючы права на развіццё, 31 сакавіка 2009 года, A/HRC/11/12.
34 Справаздача Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб праве кожнага чалавека на найвышэйшы дасягальны ўзровеньфізічнага і псіхічнага здароўя, 11 жніўня 2008 года, A/63/263, с. 15.
35 http://www.wto.org/english/thewto_e/whatis_e/tif_e/agrm7_e.htm
36 http://www.avert.org/generic.htm
37 http://www.msfaccess.org/main/access-patents/introduction-to-access-and-patents/trips/going-beyond-trips-trips-plus-provisions/