Вы калі-небудзь спрабавалі гуляць у баскетбол, седзячы ў інвалідным вазку?

Агляд

Гэта практыкаванне патрабуе вялікіх выдаткаў энергіі. Удзельнікі выкарыстоўваюць сваю фантазію і творчыя задаткі для стварэння новых гульняў.

Звязаныя правы

• Права карыстацца сваім фізічным і разумовым здароўем
• Роўнасць чалавечай годнасці і правоў
• Права на адпачынак i вольны час

Мэты

• Прыцягнуць увагу да таго факта, што людзей адхіляюць ад заняткаў спортам па сацыяльных і палітычных прычынах
• Развіць навыкі працы ў групе, крэатыўнасць і ўменне супрацоўнічаць
• Прывіць павагу і развіць інклюзіўнасць, асабліва ў адносінах да людзей з інваліднасцю

Матэрыялы

• Адкрытая прастора
• Капялюш
• Ролевыя карткі
• Павязкі на вочы (лепш эластычныя)
• Брусок з дрэва або падобнага матэрыялу (каб прымацаваць папружкі пад ступню) памерам прыкладна 30 см х 12 см х 10 см
Вам таксама спатрэбіцца набор рэквізіту для кожнай малой групы. Рэкамендуем:
• Вялікае вядро або кошыкі для папяровага смецця
• Клубок тоўстай вяроўкі
• Мячы
• Газеты
• Крэйда для адзнакі меж
• Нажніцы і бінты для вырабу рэквізіту

Падрыхтоўка

• Вызначце, якія фізічныя недахопы вы хочаце ўключыць у гэта практыкаванне, і падрыхтуйце ролевыя карткі; раскладзіце па адпаведных наборах павязкі на вочы, вушныя тампоны, бінты і г. д.
• Падрыхтуйце ролевыя карткі і раскладзіце іх па наборах для кожнай групы
• Раскладзіце астатні рэквізіт так, каб атрымаўся адзін набор на кожную малую групу

compass-key-date
  • 26 маяМіжнародны дзень масавага спорту

Інструкцыі

1. Раскажыце ўдзельнікам пра Міжнародны дзень масавага спорту і растлумачце, што яны павінны прыдумаць новую гульню ў духу ідэі «Спорт для ўсіх». Адзіная ўмова: такая гульня павінна ўключаць нейкі тып актыўнасці, які на працягу 15 хвілін будзе падтрымліваць ва ўдзельнікаў павышанае сэрцабіцце.
2. Папрасіце ўдзельнікаў разбіцца на малыя групы.
3. Вазьміце капялюш з ролевымі карткамі і прапануйце кожнаму ўдзельніку выцягнуць адну з іх. Тым, каму выпала картка з назвай фізічнага абмежавання, дайце некалькі хвілін, каб увайсці ў ролю, напрыклад надзець павязку на вочы ці прывязаць руку за спіну.
4. Дайце групам трыццаць хвілін на стварэнне гульні ў духу ідэі «Спорт для ўсіх», г. зн. такой, у якой зможа ўдзельнічаць кожны. Можна выкарыстоўваць любыя прадметы рэквізіту або ўсе адразу. Мэты і правілы новай гульні вызначаюць групы, прычым у іх распрацоўцы павінен прыняць удзел кожны.
5. Запрасіце групы згуляць у гульні, прыдуманыя іншымі групамі.

Аналіз і ацэнкаGoto top

Пачніце з агляду таго, як члены груп узаемадзейнічалі адзін з адным і ці атрымалі яны задавальненне ад практыкавання. Цяпер перайдзіце да абмеркавання саміх гульняў, магчымасцей удзелу ў іх і абмежаваных фізічных магчымасцей увогуле.
• Як ішла распрацоўка гульні? Якія фактары вы прымалі да ўвагі? Што змянілася ад таго, што ў групе некаторыя ўдзельнікі мелі інваліднасць?
• Як ішла праца ў групах? Як прымаліся рашэнні: дэмакратычна ці аднаасобна?
• Пытанне да тых, хто іграў ролю чалавека з інваліднасцю: ці цяжка было іграць гэту ролю? Як вы лічыце, ці ўдалося вам сыграць яе рэалістычна? Ці задаволены вы сваім укладам у канчатковы вынік?
• Пытанне да здаровых удзельнікаў: што вам давялося ўлічваць у ходзе гульні для пераадолення бар'ераў, якія маглі б перашкодзіць поўнаму і актыўнаму ўдзелу людзей з інваліднасцю?
• На якія кампрамісы вы пайшлі, ствараючы такія гульні, каб потым можна было сказаць, што гэта сапраўды быў «Спорт для ўсіх»?
• Як вы думаеце, што значыць быць маладым чалавекам з інваліднасцю ў вашай краіне? З якімі асаблівымі цяжкасцямі вы б сутыкнуліся?
• Ці лічыце вы, што правы людзей з інваліднасцю цалкам выконваюцца? Калі не, скажыце, якія з іх выконваюцца менш за ўсё, і назавіце асноўныя прычыны.
• На якіх падставах асобныя групы людзей выключаюцца са спорту ў рэальным жыцці? Ці можна гэта лічыць парушэннем іх правоў чалавека?

Парады для фасілітатараўGoto top

Паспрабуйце зрабіць так, каб склад груп быў змяшаным: каб у іх уваходзілі і высокія, і нізкарослыя, людзі ў акулярах і без акуляраў, прадстаўнікі абодвух палоў, людзі рознага ўзросту, целаскладу і г. д.

Размяркуйце ролі так, каб у кожнай групе было не больш за два чалавекі з інваліднасцю. У кожнай групе могуць быць людзі з аднолькавымі або рознымі формамі інваліднасці. Калі ў кожнай групе апынуліся ўдзельнікі з аднолькавымі формамі інваліднасці, пазней можна будзе параўнаць, як яны справіліся з аднымі і тымі ж праблемамі. Калі ж у групе апынуліся ўдзельнікі з рознымі формамі інваліднасці, то будзе цікава даведацца, ці падыходзіць створаная групай гульня для людзей з любымі формамі інваліднасці ці толькі з тымі, якія прадстаўлены ў іх групе.

У залежнасці ад групы вам, магчыма, лепш будзе пачаць занятак з мазгавога штурму паняцця гульні ў цэлым. Напрыклад, высветліць, што ў гульні павінны быць выразныя мэты або задачы, а таксама правілы. Можа спатрэбіцца вызначыць нейкія абмежаванні, напрыклад, адносна таго, што гульня павінна праводзіцца ў пэўным месцы ці працягвацца не больш за 20 хвілін.

Калі групам ніяк не ўдаецца выканаць заданне ці ж яны не задаволены вынікам, падкрэсліце, што так здараецца і ў рэальным жыцці, але гэта не азначае, што гэта практыкаванне (ці праца групы) не ўдалося. Падчас аналізу не забудзьце абмеркаваць, што канкрэтна не дазволіла дасягнуць поспеху і чаму некаторыя ўдзельнікі расчараваны вынікам.

Падчас аналізу ўдзельнікі могуць заўважыць, што выключэнне і дыскрымінацыя ў спорце не такія вялікія праблемы, бо людзі, як правіла, выбіраюць тыя віды спорту, якімі ім лягчэй займацца ад прыроды. Напрыклад, высакарослы аддае перавагу баскетболу, а менш атлетычны гуляе ў більярд або ў шахматы. Аднак праблема ўзнікае тады, калі ўсю ўвагу і магчымасці ўдзельнічаць у спаборніцтвах атрымліваюць перспектыўныя маладыя людзі, а тыя, хто жадае займацца спортам на аматарскім узроўні, атрымліваюць значна менш. У некаторых відах спорту адсяванне адбываецца па прыкмеце матэрыяльнага дабрабыту, напрыклад, з-за дарагоўлі экіпіроўкі і заняткаў з трэнерамі.

ВарыянтыGoto top

Калі вы хочаце выкарыстаць гэта практыкаванне ў першую чаргу для развіцця навыкаў працы ў групе, дайце адной групе заданне прыдумаць гульню з упорам на супрацоўніцтва, а другой – на саперніцтва. Падчас аналізу параўнайце, ад якой гульні ўдзельнікі атрымалі больш задавальнення.

Вы можаце выкарыстаць гэта практыкаванне, каб падкрэсліць, што роўнасць, справядлівасць і правы чалавека таксама з'яўляюцца «правіламі гульні». У такім выпадку вы можаце адкінуць элемент «інваліднасці» і засяродзіць увагу на тым, як удзельнікі разам стваралі свае гульні, а пытанне аб тым, ці ўсе, у тым ліку людзі з інваліднасцю, маглі ўдзельнічаць, пакіньце на агульнае абмеркаванне.

Добрыя правілы, як і правы чалавека, існуюць для таго, каб зрабіць гульню сумленнай і абмежаваць перавагу адных гульцоў над іншымі. Правілы гульні распаўсюджваюцца на ўсіх гульцоў, г. зн. носяць такі ж усеагульны характар, як і правы чалавека. Многія правілы прадугледжваюць як правы, так і абавязкі. Напрыклад, футбаліст мае права біць нагамі мяч, але не саперніка. У выпадку парушэння правілаў прымяняецца пакаранне.
Працэс прыняцця рашэнняў аб змене правілаў можна параўнаць з унясеннем паправак у прававыя нормы ў «рэальным жыцці». Як гэта робіцца: шляхам выдання ўказаў, змены законаў або правядзення рэферэндуму, праз кансультацыі з НГА ці іншымі грамадскімі групамі?
Падчас аналізу можна абмеркаваць:
• Якія гульні спадабаліся ўдзельнікам больш за ўсё? Што трэба, каб стварыць «добрую гульню»?
• Наколькі важны выразныя і справядлівыя правілы для ўключэння ў гульню максімальнай колькасці ўдзельнікаў?
• Розныя артыкулы УДПЧ можна разглядаць як правілы жыцця ў плюралістычным свеце. Але ці добрыя гэтыя правілы? Напрыклад, ці прымальныя яны для ўсіх «гульцоў» (для ўсіх людзей у свеце)? Ці дастаткова гэтых правілаў або іх занадта шмат? Ці справядлівыя яны? Ці ўсе «гульцы» (усе краіны) выконваюць правілы?

Прапановы па далейшай працыGoto top

Калі групе цікава папрацаваць над іншымі аспектамі роўнасці, прапануйце ёй практыкаванне «Шлях у краіну Роўнасці», дзе ідзе гаворка аб праблемах гендарнай роўнасці. Практыкаванне з мадэліраваннем сітуацыі «Барацьба за багацце і ўладу» дазваляе звярнуць увагу на няроўнасць у размеркаванні багацця. Яно таксама падымае пытанні роўнасці магчымасцей людзей з інваліднасцю.

Ідэі для дзеянняGoto top

Арганізуйце ўсеагульны «Дзень спорту». Запрасіце маладых людзей з іншых клубаў згуляць у вашы новыя гульні. Групе трэба падумаць, як зрабіць гульню максімальна даступнай для ўсіх.
Звяжыцеся з Міжнароднай асацыяцыяй садзейнічання развіццю масавага спорту ТАФІСА, і няхай прыдуманыя вамі гульні стануць укладам у Міжнародны дзень масавага спорту.
Устанавіце кантакты з мясцовымі арганізацыямі, якія аказваюць падтрымку людзям з інваліднасцю, і пацікаўцеся, як вы можаце дапамагчы ім і быць карыснымі.
Правядзіце даследаванне ў вашай школе, клубе або ў месцах сходаў і ўнясіце прапановы, якія дазволяць зрабіць наваколле больш зручным для людзей з інваліднасцю.

Дадатковая інфармацыяGoto top

ТАФІСА – буйная міжнародная арганізацыя, якая прасоўвае ідэю «Спорт для ўсіх» і налічвае больш за 200 арганізацый-удзельнікаў з больш чым 130 краін на ўсіх кантынентах. Яна арганізуе практычныя праграмы і спартыўныя мерапрыемствы ў цесным супрацоўніцтве, напрыклад, з МАК, СААЗ, Міжнародным саветам спартыўнай навукі і фізічнага выхавання і ЮНЕСКА.

ТАФІСА – арганізатар Міжнароднага дня масавага спорту. Міжнародны дзень масавага спорту – гэта міжнародныя спаборніцтвы ў рамках фізкультурнай і спартыўнай праграмы «Спорт для ўсіх», у якіх удзельнічаюць прадстаўнікі супольнасцей з усіх краін свету. Выпрабаваць сябе могуць усе жадаючыя: прадстаўнікі як супольнасцей, якія налічваюць толькі некалькі тысяч чалавек, так і найбуйнейшых гарадоў свету. Мэта заключаецца ў падтрымцы фізічнай культуры і спорту ў рамках праграмы «Спорт для ўсіх», прычым не толькі сярод людзей, якія і так знаходзяцца ў добрай фізічнай форме і любяць актыўна праводзіць час, але і ўцягванне ў спорт людзей любога ўзросту, полу і ўзроўню падрыхтоўкі. Адзіная ўмова: у гульні павінна прысутнічаць нейкая форма актыўнасці, якая падтрымлівае ва ўдзельнікаў павышанае сэрцабіцце на працягу 15 хвілін.

Маладзёжныя Алімпійскія гульні: Мэта Маладзёжных Алімпійскіх гульняў (МАГ) – заклікаць моладзь усяго свету займацца спортам і жыць у адпаведнасці з алімпійскімі каштоўнасцямі.

Паралімпійскі рух: Задача Міжнароднага паралімпійскага камітэта (МПК) – спрыяць таму, каб удзельнікі Паралімпіяд дамагаліся найвышэйшых спартыўных дасягненняў, а таксама развіваць магчымасці для ўдзелу ў спартыўных мерапрыемствах для ўсіх людзей з інваліднасцю – ад пачаткоўцаў да спартсменаў вышэйшага ўзроўню. Акрамя таго, МПК падтрымлівае паралімпійскія каштоўнасці, сярод якіх мужнасць, рашучасць, натхненне і роўнасць.

Вам і ўдзельнікам важна ведаць і ўлічваць розніцу паміж тэрмінамі «глухі», «тугавухі» і «чалавек са слабым слыхам»:

Глухі: культурная, лінгвістычная і палітычная ідэнтычнасць, якая характарызуе шматлікіх людзей, пазбаўленых слыху. Члены супольнасці глухіх прымаюць адзіныя культурныя нормы, каштоўнасці і традыцыі гэтай групы. Яны звычайна выкарыстоўваюць мову знакаў і жэстаў у якасці «першай» мовы.

Тугавухі: тэрмін, якім абазначаюць няздольнасць чуць нармальную гаворку і навакольныя гукі; гэта медыцынскі тэрмін для абазначэння адсутнасці слыху.

Чалавек са слабым слыхам: людзі з рознай ступенню страты слыху, якія маюць зносіны ў асноўным з дапамогай гукавой гаворкі, дапамагаючы сабе чытаннем па вуснах. Такія людзі могуць карыстацца дапаможнымі прыладамі і (або) кахлеарнымі імплантатамі і падтрымліваць рэшткавы слых спецыяльнымі прыстасаваннямі. У медыцынскім плане такі чалавек можа лічыцца глухім, але пры выкарыстанні тэхнічных сродкаў можа атрымаць паўнавартаснае выхаванне і адукацыю нават пры абмежаваннях слыху.

Азначэнні і інфармацыя па тэме правоў чалавека і дыскрымінацыі па прыкмеце інваліднасці знаходзяцца ў раздзеле «Інваліднасць і дыскрымінацыя па прыкмеце інваліднасці» ў главе 5.

Раздатачныя матэрыялыGoto top

PDFDownload as PDF

Ролевыя карткі

Вы – глухі чалавек.
Устаўце ў вушы тампоны. Вы не можаце ні чуць, ні гаварыць; вы маеце зносіны на мове жэстаў, а таксама з дапамогай малявання і пісьма.
Іграйце сваю ролю натуральна, не пераігрывайце і пазбягайце стэрэатыпаў.
 

Вы слаба чуеце.
Устаўце вату ў вушы. Іграйце сваю ролю натуральна, не пераігрывайце і пазбягайце стэрэатыпаў.

Вы перамяшчаецеся ў інвалідным вазку.
Сядзьце ў інвалідны вазок і патрэніруйцеся кіраваць ім. Іграйце сваю ролю натуральна, не пераігрывайце і пазбягайце стэрэатыпаў.

У вас няма адной рукі.
Прывяжыце адну руку за спіну з дапамогай бінту. Іграйце сваю ролю натуральна, не пераігрывайце і пазбягайце стэрэатыпаў.

У вас няма абедзвюх рук.
Звяжыце бінтам абедзве рукі за спінай. Іграйце сваю ролю натуральна, не пераігрывайце і пазбягайце стэрэатыпаў.

Вы кульгаеце.
Прывяжыце бінтам драўляны брусок да адной ступні, каб адна ваша нага стала даўжэй за іншую. Іграйце сваю ролю натуральна, не пераігрывайце і пазбягайце стэрэатыпаў.

У вас няма адной нагі.
Прывяжыце бінтам ступню да задняй часткі сцягна, быццам у вас няма нагі ніжэй калена. Устаньце на мыліцы. Іграйце сваю ролю натуральна, не пераігрывайце і пазбягайце стэрэатыпаў.

Вам дрэнна даецца вучоба.
Вы нервуецеся, у вас няма ўпэўненасці ў сабе, і вам усё трэба тлумачыць вельмі падрабязна. Іграйце сваю ролю натуральна, не пераігрывайце і пазбягайце стэрэатыпаў.

Вы маеце парушэнне зроку.
Надзеньце павязку на вочы. Іграйце сваю ролю натуральна, не пераігрывайце і пазбягайце стэрэатыпаў.

Вы – глуханямы чалавек.
Устаўце ў вушы тампоны. Вы не можаце ні чуць, ні гаварыць; вы маеце зносіны на мове жэстаў, а таксама з дапамогай малявання і пісьма.
Іграйце сваю ролю натуральна, не пераігрывайце і пазбягайце стэрэатыпаў.

Вы – абсалютна здаровы чалавек без фізічных абмежаванняў.
Іграйце сваю ролю натуральна, не пераігрывайце і пазбягайце стэрэатыпаў.