Image: Theme 'Education' by Pancho

Адукацыя – гэта працэс, з дапамогай якога грамадства перадае назапашаныя веды, навыкі і каштоўнасці ад аднаго пакалення да іншага. У самым шырокім сэнсе адукацыя можа ўключаць у сябе любое дзеянне або вопыт, які мае ўплыў на розум, характар або фізічныя здольнасці чалавека і спрыяе іх развіццю. Яна мае істотны ўплыў на магчымасці і патэнцыял асобных людзей і суполак для дасягнення развіцця, а таксама сацыяльнага і эканамічнага поспеху. Гэта адзін з ключавых фактараў развіцця, а таксама для пашырэння правоў і магчымасцяў людзей. Адукацыя дае людзям веды і інфармацыю, а таксама спрыяе ўмацаванню пачуцця ўласнай годнасці і ўпэўненасці ў сабе і рэалізацыі свайго патэнцыялу.

Адукацыя адначасова з'яўляецца адным з правоў чалавека і неабходным сродкам для рэалізацыі іншых правоў чалавека. У якасці пашырэння магчымасцей права на адукацыю з'яўляецца асноўным сродкам, з дапамогай якога дарослыя і дзеці, якія знаходзяцца на самай нізкай эканамічнай і сацыяльнай ступені грамадства, могуць пераадолець беднасць і атрымаць сродкі для таго, каб у поўнай меры ўдзельнічаць у грамадскім жыцці. Адукацыя адыгрывае жыццёва важную ролю ў пашырэнні магчымасцей жанчын, абароне дзяцей ад непасільнай і небяспечнай працы і сексуальнай эксплуатацыі, заахвочванні рэалізацыі правоў чалавека і ўстанаўленні дэмакратыі, ахове навакольнага асяроддзя і кантролі за ростам насельніцтва.

Заўвага агульнага парадку № 13 да права на адукацыю, аб якім гаворыцца ў артыкуле 13 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах1

Пытанне: Як адукацыя паўплывала на сённяшні лад вашых думак, пачуццяў і дзеянняў?

Адукацыя ў свеце

Упершыню сістэма ўсеагульнай пачатковай адукацыі была створана ў Прусіі в 1717 годзе. На працягу першай паловы XIX стагоддзя яна значна распаўсюдзілася і была перанята іншымі еўрапейскімі краінамі і ЗША. На працягу XX стагоддзя многія краіны скарысталіся гэтым прыкладам, таму колькасць людзей, здольных чытаць, пісаць і лічыць, ва ўсім свеце значна павялічылася.

Па інфармацыі ЮНЕСКА, глабальны ўзровень пісьменнасці ў 1950 годзе склаў 56 %, а ў 1990 годзе – 76 %. З тых часоў было рэалізавана некалькі міжнародных ініцыятыў, накіраваных на тое, каб павялічыць узровень пісьменнасці да 100 %. У 1990 годзе на Сусветнай канферэнцыі па адукацыі ў Джамцьене (Тайланд) была пастаўлена мэта «Адукацыя для ўсіх». Сусветны форум па адукацыі (WEF), які адбыўся ў Дакары (Сенегал) у 2000 годзе, прыняў так званыя «Дакарскія рамачныя меры» па забеспячэнні якаснай базавай адукацыі для ўсіх да 2015 года. Ініцыятыва WEF супала з прыняццем Мэт развіцця тысячагоддзя (МРТ). Такім чынам, былі вызначаны восем мэт па барацьбе з беднасцю, голадам, хваробамі, адсутнасцю належнага жылля, гендарнай няроўнасцю, а таксама па заахвочванні адукацыі і экалагічнай устойлівасці да 2015 года. Мэты 2 і 3 непасрэдна тычацца адукацыі.

Агульнае апісанне сітуацыі ў галіне адукацыі ва ўсім свеце ў канцы перыяду рэалізацыі праекта даецца ў Справаздачы па Мэтах развіцця тысячагоддзя за 2015 г. (un.org):

«Вызваліце патэнцыял дзіцяці, і вы адкрыеце яму ўвесь свет».
Марыя Мантэсоры

Мэта 2: забяспечыць усеагульную пачатковую адукацыю

  • Чысты ахоп пачатковай адукацыяй у рэгіёнах, якія развіваюцца, дасягнуў 91 % у 2015 годзе, у параўнанні з 83 % у 2000 годзе.
  • Колькасць дзяцей малодшага школьнага зросту, якія не наведваюць школу, паменшылася ва ўсім свеце амаль у два разы, ці, паводле ацэнак, да 57 мільёнаў у 2015 годзе ў параўнанні з 100 млн у 2000 годзе.
  • Лепшы паказчык паляпшэння ў сістэме пачатковай адукацыі сярод усіх рэгіёнаў з часу прыняцця МРТ зафіксаваны для краін Афрыкі, што находзяцца на поўдзень ад Сахары. У гэтым рэгіёне дасягнуты 20%-ны рост чыстага ахопу адукацыяй у перыяд з 2000 па 2015 год у параўнанні з ростам на 8 % у перыяд з 1990 па 2000 год.
  • Узровень пісьменнасці сярод моладзі ва ўзросце ад 15 да 24 гадоў ва ўсім свеце павялічыўся з 83 да 91 % у перыяд з 1990 па 2015 год. Скараціўся разрыў паміж мужчынамі і жанчынамі.

Мэта 3: садзейнічаць гендарнай роўнасці і пашырэнню правоў жанчын

  • У параўнанні з сітуацыяй, якая мела месца 15 гадоў таму, намнога больш дзяўчынак наведваюць школу ў цяперашні час. Рэгіёны, якія развіваюцца, у цэлым дасягнулі мэты ліквідацыі няроўнасці паміж мужчынамі і жанчынамі ў сферы пачатковай, сярэдняй і вышэйшай адукацыі.
  • У Паўднёвай Азіі ў 1990 годзе толькі 74 дзяўчынкі на кожныя 100 хлопчыкаў вучыліся ў пачатковай школе. Зараз гэты паказчык складае 103 дзяўчынкі на кожныя 100 хлопчыкаў.

Па інфармацыі ЮНЕСКА, глабальны ўзровень пісьменнасці ў 2014 годзе склаў 84 %. Пісьменнасць – уменне чытаць і пісаць – гэта адна з найбольш важных мэт адукацыі. У якасці аднаго з кампанентаў базавай адукацыі і адной з асноў для навучання пісьменнасць спрыяе ўмацаванню чалавечага патэнцыялу і забяспечвае перавагі не толькі для чалавека, але і для сям'і, абшчыны і грамадства. Пісьменнасць спрыяе ліквідацыі галечы і пашырэнню ўдзелу ў жыцці грамадства.

У 2015 годзе налічвалася 757 мільёнаў дарослых, якія ўсё яшчэ не валодаюць базавымі навыкамі чытання і пісьма, у тым ліку 115 мільёнаў юнакоў і дзяўчат, якія да гэтага часу не ўмеюць ні чытаць, ні пісаць нават кароткія сказы. Прыкладна дзве траціны з іх складаюць жанчыны. Пісьменнасць сярод моладзі (ва ўзросце ад 15 да 24 гадоў) па ўсім свеце няўхільна павялічвалася да 91 %, дзякуючы таму, што гэта пакаленне мае лепшы доступ да школьнай адукацыі. Але ў Афрыцы на поўдзень ад Сахары і Паўднёвай і Заходняй Азіі ўзровень пісьменнасці сярод моладзі па-ранейшаму складае толькі 70 % і 84 % адпаведна. У Паўднёвай і Заходняй Азіі і краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары сітуацыя з роўнасцю мужчын і жанчын з’яўляецца далёкай ад ідэалу: у жанчын ва ўзросце ад 15 гадоў і болей на 24 % менш шанцаў стаць пісьменнымі, чым у мужчын у той жа ўзроставай групе. Між тым моладзь ва Усходняй Азіі і Ціхаакіянскім рэгіёне дасягнула гендарнай роўнасці, якая стала нормай для дарослых і моладзі ў краінах Цэнтральнай Азіі, Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна, а таксама Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Нягледзячы на поспехі, мэты праграмы «Адукацыя для ўсіх» і МРТ не былі выкананы, і ёсць яшчэ шмат працы, якую трэба будзе зрабіць. З гэтай мэтай ААН на саміце па ўстойлівым развіцці ААН у Нью-Ёрку (ЗША) у верасні 2015 года быў прыняты парадак дня «Пераўтварэнне нашага свету: парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года». Існуе 17 «Мэт устойлівага развіцця» (МУР), і мэта 4, якая ўключае ў сябе сем задач, прысвечана адукацыі.

Гэта мэта патрабуе забеспячэння ўсебаковай і аднолькава якаснай адукацыі і спрыяе магчымасцям бесперапыннага навучання для ўсіх.

Задачы мэты 4:

  • 4.1         Да 2030 года забяспечыць, каб усе дзяўчынкі і хлопчыкі завяршалі атрыманне бясплатнай, раўнапраўнай і якаснай пачатковай і сярэдняй адукацыі, якая дазваляе дамагчыся запатрабаваных і эфектыўных вынікаў навучання.
  • 4.2          Да 2030 года забяспечыць, каб усе дзяўчынкі і хлопчыкі мелі доступ да якасных сістэм развіцця, догляду і дашкольнага навучання дзяцей малодшага ўзросту, з тым каб яны былі гатовы да атрымання пачатковай адукацыі.
  • 4.3          Да 2030 года забяспечыць для ўсіх жанчын і мужчын роўны доступ да недарагой і якаснай прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыі, у тым ліку да ўніверсітэцкай адукацыі.
  • 4.4         Да 2030 года істотна павялічыць колькасць маладых і дарослых людзей, якія валодаюць патрэбнымі навыкамі, у тым ліку прафесійна-тэхнічнымі навыкамі, для працаўладкавання, атрымання годнай працы і заняткаў прадпрымальніцкай дзейнасцю.
  • 4.5          Да 2030 года ліквідаваць гендарную няроўнасць у сферы адукацыі і забяспечыць роўны доступ да адукацыі і прафесійна-тэхнічнай падрыхтоўкі ўсіх узроўняў для ўразлівых груп насельніцтва, у тым ліку інвалідаў, прадстаўнікоў карэнных народаў і дзяцей, якія знаходзяцца ва ўразлівым становішчы.
  • 4.6          Да 2030 года забяспечыць, каб усе маладыя людзі і значная доля дарослага насельніцтва, як мужчын, так і жанчын, умелі чытаць, пісаць і лічыць.
  • 4.7         Да 2030 года забяспечыць, каб усе навучэнцы набывалі веды і навыкі, неабходныя для садзейнічання ўстойліваму развіццю, у тым ліку з дапамогай навучання па пытаннях устойлівага развіцця і ўстойлівага ладу жыцця, правоў чалавека, гендарнай роўнасці, прапаганды культуры міру і ненасілля, грамадзянства свету і ўсведамлення каштоўнасці культурнай разнастайнасці і ўкладу культуры ва ўстойлівае развіццё.

Правы чалавека нельга аддзяліць ад мэт у галіне ўстойлівага развіцця. Для даведкі, існуе сувязь паміж Мэтай 4 (якасць адукацыі) і міжнароднымі дамовамі па правах чалавека:

  • Права на адукацыю (Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, арт. 26; Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, арт. 13), асабліва ў дачыненні да дзяцей (Камітэт па правах дзіцяці, арт. 28, 29); асоб з абмежаванымі магчымасцямі (Камітэт па правах дзіцяці, арт. 23(3), Канвенцыя аб правах інвалідаў, арт. 24); і карэнных народаў (Дэкларацыя аб правах карэнных народаў, арт. 14)
  • Роўныя правы жанчын і дзяўчынак у галіне адукацыі (Канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын, арт. 10) 23(4), 28(3)), асоб з абмежаванымі магчымасцямі (Канвенцыя аб правах інвалідаў, арт. 32), і карэнных народаў (Дэкларацыя аб правах карэнных народаў, арт. 39) (www.ohchr.org)
  • Права на працу, у тым ліку на тэхнічную і прафесійную адукацыю (Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, арт. 6), міжнароднае супрацоўніцтва (Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, арт. 28; Дэкларацыя аб праве на развіццё, арт. 3–4), асабліва ў дачыненні да дзяцей (Камітэт па правах дзіцяці, арт.

Адукацыя і жанчыны

«Інвестыцыі ў распаўсюджванне пісьменнасці сярод жанчын прыносяць вельмі высокую аддачу: яны забяспечваюць больш сродкаў да існавання, паляпшаюць здароўе маці і дзіцяці і спрыяюць пашырэнню доступу дзяўчынак да адукацыі. Інакш кажучы, жанчыны, якія авалодалі граматай, аказваюць комплексны ўплыў на ўсе паказчыкі ў галіне развіцця». Пасланне генеральнага дырэктара ЮНЕСКА сп-ні Ірыны Бокавай з нагоды Міжнароднага дня пісьменнасці 2010 года, абвешчанага годам пісьменнасці і пашырэння правоў і магчымасцей жанчын.
Згодна з паказчыкамі ЮНЕСКА за 2010 год, жанчыны складалі каля двух трацін з 796 мільёнаў непісьменных дарослых у свеце. Даныя на 2015 год значна не адрозніваюцца. З 757 мільёнаў непісьменных дарослых жанчыны складалі 63 %.

Пытанне: Як вы думаеце, чаму сярод непісьменных людзей жанчын у два разы больш, чым мужчын?

Права на адукацыю як адно з правоў чалавека

Права на адукацыю ляжыць у аснове самой ідэі правоў чалавека. У 1948 годзе Ўсеагульная дэкларацыя правоў чалавека абвясціла, што бясплатная і абавязковая пачатковая адукацыя з'яўляецца адным з асноўных правоў чалавека. Аднак адукацыя разглядаецца не толькі як права, але і як сродак для поўнага і эфектыўнага ажыццяўлення іншых правоў чалавека. Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, які ўступіў у сілу ў 1976 годзе і быў ратыфікаваны 160 краінамі4, пацвердзіў права на адукацыю ў якасці абавязацельства, якое мае абавязковую юрыдычную сілу. Артыкул 13 з'яўляецца самым доўгім палажэннем у Пакце і самым вялікім і ўсёабдымным артыкулам аб праве на адукацыю ў міжнародным заканадаўстве аб правах чалавека.

Плануеце на год – сейце рыс; плануеце на дзесяцігоддзе – саджайце дрэвы; плануеце на ўсё жыццё – вучыце людзей.
Кітайская прыказка

Артыкул 13

1.  Дзяржавы – ўдзельніцы гэтага Пакта прызнаюць права кожнага чалавека на адукацыю. Яны згаджаюцца, што адукацыя павінна быць накіравана на поўнае развіццё чалавечай асобы і пачуццё яго годнасці і павінна ўмацоўваць павагу да правоў чалавека і асноўных свабод. Таксама яны згаджаюцца ў тым, што адукацыя павінна даць магчымасць усім быць карыснымі ўдзельнікамі свабоднага грамадства, спрыяць паразуменню, памяркоўнасці і дружбе паміж усімі нацыямі і ўсімі расавымі, этнічнымі і рэлігійнымі групамі і садзейнічаць рабоце Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па падтрыманні міру.
2. Дзяржавы – ўдзельніцы гэтага Пакта прызнаюць, што для поўнага ажыццяўлення гэтага права:
(a) Пачатковая адукацыя павінна быць абавязковай і бясплатнай для ўсіх;
(b) Сярэдняя адукацыя ў яе розных формах, уключаючы прафесійна-тэхнічную і сярэднюю адукацыю, павінна быць зроблена адкрытай і даступнай для ўсіх шляхам прыняцця ўсіх неабходных мер і, у прыватнасці, паступовага ўвядзення бясплатнай адукацыі;
(c) Неабходна, каб вышэйшая адукацыя была зроблена аднолькава даступнай для ўсiх на падставе здольнасцей кожнага шляхам прыняцця ўсіх неабходных мер і, у прыватнасці, паступовага ўвядзення бясплатнай адукацыі;
(d) Неабходна заахвочваць або інтэнсіфікаваць элементарную адукацыю, па магчымасці, для тых, хто не праходзіў ці не скончыў поўнага курса сваёй пачатковай адукацыі;
(e) Неабходна, каб актыўна праводзілася развіццё сеткі школ усіх ступеняў, неабходна стварыць здавальняючую сістэму стыпендый, а матэрыяльныя ўмовы выкладчыцкага персаналу павінны пастаянна паляпшацца.
3. Дзяржавы – ўдзельніцы гэтага Пакта бяруць абавязацельствы паважаць свабоду бацькоў і, у адпаведных выпадках, законных апекуноў, выбару для сваіх дзяцей не толькі заснаваных дзяржаўнымі ўладамі школ, але і іншых школ, якія адпавядаюць такім мінімальным патрабаванням да адукацыі, якія могуць быць вызначаны або зацверджаны дзяржавай, і забяспечваць рэлігійнае і маральнае выхаванне сваіх дзяцей у адпаведнасці са сваімі ўласнымі перакананнямі.
4. Ніякая частка гэтага артыкула не павiнна тлумачыцца ў сэнсе прымяншэння свабоды асобных людзей і арганізацый ствараць навучальныя ўстановы і кіраваць імі пры нязменнай умове захавання прынцыпаў, выкладзеных у пункце 1 гэтага артыкула, і патрабавання, каб адукацыя, якая даецца ў такіх установах, адказвала таму мінімуму патрабаванняў, які можа быць вызначаны дзяржавай.

«Той, хто адкрывае школы, зачыняе турмы».
Віктор Гюго

Права на адукацыю таксама дэкларуецца ў шматлікіх іншых дакументах па правах чалавека, у тым ліку ў Канвенцыі аб правах дзіцяці, а таксама ў розных рэгіянальных дамовах (напрыклад, у Еўрапейскай сацыяльнай хартыі, або Афрыканскай хартыі правоў чалавека і правоў народаў, або ў перагледжанай Арабскай хартыі) і канвенцыях, якія датычацца канкрэтных груп людзей (такія як Канвенцыя аб правах інвалідаў або Канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын).

Усе дакументы ў галіне правоў чалавека ў значнай ступені абапіраюцца на веды і асвету ў галіне іх стандартаў і мэт. У прэамбуле да Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека вызначаецца, што «агульнае разуменне гэтых правоў і свабод мае велiзарнае значэнне для поўнага выканання гэтага абавязацельства» і садзейнічае ўсеагульнай павазе да правоў чалавека і іх ахове. Гэта прадугледжвае, што адукацыя па пытаннях правоў чалавека мае важнае значэнне для стварэння свету, у якім паважаюцца правы чалавека.

Адукацыя павінна быць даступнай, адкрытай, прымальнай і здольнай прыстасоўвацца. Канцэпцыя гэтых чатырох якасцей была распрацавана Катарынай Тамашэўскі, былым спецыяльным дакладчыкам ААН па пытанні аб праве на адукацыю.

  • Даступнасць: адукацыя з'яўляецца бясплатнай і фінансуецца дзяржавай; існуюць належныя інфраструктуры, уключаючы падрыхтаваных настаўнікаў.
  • Адкрытасць: сістэма з'яўляецца недыскрымінацыйнай і адкрытай для ўсіх, прымаюцца належныя меры для ахопу асоб, якія знаходзяцца на нізкай ступені ў соцыуме.
  • Прымальнасць: змест адукацыі з'яўляецца актуальным, недыскрымінацыйным і культурна прымальным, пры гэтым гарантуецца яго якасць.
  • Здольнасць прыстасоўвацца: адукацыя можа развівацца адначасова са зменлівымі патрэбамі грамадства, і сістэма адукацыі можа прыстасоўвацца да мясцовых умоў.

Урады павінны выконваць, абараняць і рэалізоўваць права на адукацыю, забяспечваючы яе даступнасць, адкрытасць, прымальнасць і здольнасць прыстасоўвацца. Пры гэтым існуюць і іншыя зацікаўленыя бакі, якія маюць пэўныя абавязкі ў працэсе адукацыі, у тым ліку дзеці, якія карыстаюцца перавагай права на адукацыю і, як маецца на ўвазе, павінны выконваць абавязковыя патрабаванні да адукацыі, бацькі дзяцей, якія з'яўляюцца «першымі выхавацелямі» і нясуць адказнасць за выхаванне дзіцяці, а таксама спецыялісты ў сферы адукацыі.

Пытанне: Ці з'яўляецца адукацыя ў вашай краіне даступнай і адкрытай для ўсіх?

Адукацыя і дыскрымінацыя

«Калі дыскрымінацыя не да канца раскрыта і выкрыта, з ёю нельга эфектыўна змагацца».
Катарына Тамашэўскі

Прынцып недыскрымінацыі ў галіне адукацыі звязаны з шэрагам пытанняў.
1.  Першы заключаецца ў тым, што адукацыя на ўсіх узроўнях павінна быць адкрытай і даступнай для ўсіх без выключэння.
2.  Другі заключаецца ў тым, што сам чын выкладання, якасць і змест адукацыі павінны ўмацоўваць недыскрымінацыю.
3. Трэцяе пытанне заключаецца ў тым, што сама па сабе адукацыя накiравана на выхаванне павагі і памяркоўнасці.

Што тычыцца першага пытання, то Ўсеагульная дэкларацыя правоў чалавека вызначае ў якасці мэты тое, што пачатковая адукацыя павінна быць бясплатнай і абавязковай. Тэхнічная і прафесійная адукацыя павінна быць агульнадаступнай, а вышэйшая адукацыя павiнна быць аднолькава даступнай для ўсiх на падставе здольнасцей. Камітэт ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правах пацвердзіў, што абавязацельства не дапускаць дыскрымінацыі ў дачыненні да адукацыі распаўсюджваецца на ўсіх асоб, якія пражываюць на тэрыторыі дзяржавы-ўдзельніка, уключаючы неграмадзян, і заявіў, што «ажыццяўленне права на элементарную адукацыю не абмяжоўваецца па ўзросце або поле, яна распаўсюджваецца на дзяцей, моладзь і дарослых, у тым ліку на пажылых людзей».5 Камітэт прызнаў права на доступ да дзяржаўнай адукацыі на недыскрымінацыйнай аснове як мінімальнае асноўнае абавязацельства краін у дачыненні да права на адукацыю. Забеспячэнне недыскрымінацыі ў дачыненні да доступу да адукацыі патрабуе пераадолення стэрэатыпаў у падыходах, напрыклад сярод тых, хто перашкаджае ажыццяўленню права дзяўчат або груп, якія знаходзяцца ў неспрыяльным становішчы, атрымаць доступ да адукацыі.
Другое пытанне звязана з ідэяй аб тым, што сама адукацыя павінна ажыццяўляцца на недыскрымiнацыйнай аснове. Камітэт па эканамічных, сацыяльных і культурных правах падкрэсліў «прымальнасць» як найважнейшы аспект карыстання правам на атрыманне адукацыі. Важна, каб якасць адукацыі была эквівалентнай ва ўсіх дзяржаўных адукацыйных установах аднаго і таго ж узроўню. Калі існуюць асобныя навучальныя ўстановы для канкрэтных груп людзей, такіх як групы, сфармаваныя па поле або па рэлігійнай ці этнічнай прыкмеце, то якасць выкладчыкаў, а таксама школьных памяшканняў і абсталявання, павінна быць эквівалентнай.

Пытанне: Ці атрымліваюць хлопчыкі і дзяўчынкі аднолькавае абыходжанне ў навучальных установах вашай краіны? Калі не, то ў чым заключаецца гэта адрозненне?

«Чаму грамадства адчувае сваю адказнасць толькі за выхаванне дзяцей, а не за выхаванне ўсіх дарослых людзей любога ўзросту?»
Эрых Фром

Калі вы думаеце, што адукацыя каштуе дорага, прыкіньце, у колькі вам абыдзецца невуцтва.
Невядомы аўтар

У апошнія гады пытанне аб інтэграцыйнай у параўнанні з сегрэгацыйнай адукацыяй стала прадметам вострых дыскусій. Права на інклюзіўную адукацыю прызнана ў міжнародным заканадаўстве ў галіне правоў чалавека. Канвенцыя ААН аб правах інвалідаў змяшчае канкрэтнае палажэнне аб тым, што адукацыя для дзяцей-інвалідаў павінна быць інклюзіўнай. Аднак інклюзіўная адукацыя не павінна абмяжоўвацца навучэнцамі з абмежаванымі магчымасцямі або асаблівымі патрэбамі, а распаўсюджвацца на ўсіх ізаляваных, адчужаных асоб ці асоб, на якія распаўсюджваюцца стэрэатыпы, у тым ліку на этнічныя меншасці. Умовы навучання, якія распаўсюджваюцца на ўсе тыпы людзей, маюць перавагу і для больш прывілеяваных асоб, бо гэта дазваляе развіць уважлівасць да патрэб іншых людзей, тым самым умацоўваючы сацыяльную інтэграцыю і талерантнасць.

Пытанне: Ці існуюць у вашай супольнасці сегрэгацыйныя школы? Для якіх груп людзей?

Што тычыцца трэцяга пытання, Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека прадугледжвае, што адукацыя павінна быць накіравана на поўнае развіццё чалавечай асобы, правоў чалавека і міру, а Канвенцыя аб правах дзіцяці змяшчае дадатковае палажэнне аб павазе да прыроднага навакольнага асяроддзя. Пісьменнасць і ўменне лічыць, як кампаненты пачатковай адукацыі, якія ўяўляюць сабой аснову для адукацыі на працягу ўсяго жыцця, з'яўляюцца ключавымі фактарамі ў развіцці чалавечых здольнасцей; аднак права на адукацыю ахоплівае значна больш. Адукацыя – гэта падрыхтоўка асобы да «адказнага жыцця ў свабодным грамадстве ў духу разумення, міру, цярпімасці, роўнасці мужчын і жанчын і дружбы паміж усімі народамі, этнічнымі, нацыянальнымі і рэлігійнымі групамі, а таксама асобамі з ліку карэннага насельніцтва»6. Усё шырэй прызнаецца яе ключавая роля ў супрацьдзеянні экстрэмізму і радыкалізацыі, у садзейнічанні сацыяльнай згуртаванасці, пераадоленні гендарных і іншых стэрэатыпаў, развіцці павагі да плюралізму і ўмацаванні здольнасцей людзей эфектыўна ўдзельнічаць у жыцці дэмакратычных і плюралістычных грамадстваў.

Мы ўсе маем права на адукацыю, накіраваную на стварэнне і падтрыманне культуры правоў чалавека. Нам неабходна мець магчымасць атрымліваць веды аб правах чалавека і вучыцца ва ўмовах, у якіх гэтыя правы выконваюцца. Менавіта ў гэтым заключаецца адукацыя ў галіне правоў чалавека. Такім чынам, мы можам зрабіць выснову аб тым, што права на адукацыю таксама ўключае ў сябе права на адукацыю ў галіне правоў чалавека.

Права на адукацыю таксама ўключае ў сябе права на адукацыю ў галіне правоў чалавека

Як гаварылася вышэй, інструменты ў галіне правоў чалавека гарантуюць права на адукацыю для ўсіх, але гэтага нельга дабіцца без забеспячэння роўнасці магчымасцей. Акрамя таго, каб зрабіць адукацыю адкрытай і даступнай для ўсіх без дыскрымінацыі, можа спатрэбіцца прыняцце асаблівых часовых мер, а таксама падтрымліваць уразлівыя групы або ўразлівых асоб у тым, каб яны атрымалі роўныя магчымасці. Напрыклад, дадатковая дапамога можа спатрэбіцца асобам з абмежаванымі псіхічнымі або фізічнымі магчымасцямі або тым, хто проста мае цяжкасці ў навучанні, а таксама членам сацыяльна неабароненых або маргіналізаваных груп ці этнічных меншасцей, якія сутыкаюцца з моўнымі і культурнымі бар'ерамі.

Адукацыя і становішча ўразлівых груп у Еўропе

Нягледзячы на тое, што ў многіх дакументах у галіне правоў чалавека, якія маюць абавязковую сілу, прадугледжваецца права кожнага на адукацыю без дыскрымінацыі, у рэчаіснасці не кожны можа карыстацца гэтым правам у аднолькавай ступені. Існуюць некаторыя сацыяльныя групы, чыё права парушаецца часцей, чым права іншых людзей. Эксперты Савета Еўропы вылучылі тры асноўныя групы моладзі, якая з'яўляецца асабліва ўразлівай у рамках адукацыйных сістэм:
1.  Маладыя людзі з незабяспечаных сем'яў.
2.  Маладыя людзі, бацькі якіх маюць абмежаваны вопыт у сферы адукацыі.
3.  Этнічныя меншасці, імігранты і асобы без пастаяннага месца пражывання (так званыя «вандроўнікі»).

У Еўропе, паводле афіцыйных статыстычных даных, апублікаваных Еўрастатам, у 2009 годзе ўстановы сістэмы адукацыі пакінула 14,4 % маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў.8 Гэта азначае, што больш за шэсць мільёнаў чалавек, або кожны сёмы малады чалавек, пакідае навучальную ўстанову, маючы толькі першы ўзровень сярэдняй адукацыі або нават яшчэ ніжэйшы. Аднак у 14 дзяржавах-членах гэты паказчык перавышае сярэднееўрапейскі. Самы высокі ўзровень спынення ўдзелу ў сістэме адукацыі адзначаецца на Мальце (36,8 %), у Партугаліі (31,2 %) і ў Іспаніі (31,2 %).
Цыганы-рама, якія складаюць самую вялікую этнічную меншасць у Еўропе, асабліва ўразлівыя ў дачыненні да парушэнняў правоў чалавека ў сферы адукацыі. Сацыяльная маргіналізацыя, беднасць, моўныя цяжкасці і культурныя адрозненні могуць перашкаджаць ім у поўнай меры карыстацца адукацыяй, нягледзячы на тое, што яна юрыдычна з'яўляецца даступнай для ўсіх. У некаторых краінах дзеці цыганоў часта размяшчаюцца ў «спецыяльных» класах або школах, нягледзячы на тое, што ў іх няма якіх-небудзь абмежаваных псіхічных магчымасцей або цяжкасцей у навучанні, ці накіроўваюцца ў спецыяльныя школы, прызначаныя толькі для цыганоў. Згодна са справаздачай ЮНЕСКА9прыкладна 50 % дзяцей-цыганоў так і не завяршаюць пачатковую адукацыю. Пачатковая адукацыя з'яўляецца абавязковай у адпаведнасці з нормамі міжнароднага права ў галіне правоў чалавека, таму зацікаўленыя бакі павінны прыкласці ўсе намаганні, каб забяспечыць яе выкананне.

Пытанне: Ці можаце вы назваць якія-небудзь іншыя групы, што не названы ў гэтым спісе, якія знаходзяцца ў асабліва ўразлівым становішчы ў вашай супольнасці?

Сучасныя праблемы ў галіне адукацыі

«Што рабіць, калі мы выявім, што наш цяперашні лад жыцця несумяшчальны з нашым прызначэннем быць чалавекам у поўным сэнсе гэтага слова?»
Паўла Фрэйрэ

У 1996 годзе ЮНЕСКА прадставіла спіс, які складаецца з сямі асноўных формаў напружанасці, з якімі сутыкаецца свет і якія закранаюць адукацыю ў XXI стагоддзі10:
1.  Напружанасць паміж глабальным і мясцовым
2.  Напружанасць паміж універсальным і індывідуальным
3.  Напружанасць паміж традыцыяй і сучаснасцю
4.  Напружанасць паміж духоўным і матэрыяльным
5.  Напружанасць паміж кароткатэрміновымі і доўгатэрміновымі фактарамі
6.  Напружанасць паміж канкурэнцыяй і роўнасцю магчымасцей
7. Напружанасць паміж празмерным распаўсюджваннем ведаў і магчымасцю людзей засвоіць гэтыя веды.
Што тычыцца стратэгіі, якая магла б дапамагчы вырашыць гэтыя праблемы, то ЮНЕСКА выдзеліла «чатыры слупы» адукацыі:
1. Вучыцца жыць сумесна: Канкрэтна гэта азначае, што адукацыя павінна ўмацаваць сярод навучэнцаў навыкі і здольнасці, неабходныя для таго, каб яны ўсведамлялі сваю ўзаемазалежнасць у адносінах да іншых людзей; рэгулявалі канфлікты; працавалі і планавалі сумесна з іншымі для вырашэння агульных задач і агульнай будучыні; паважалі плюралізм і разнастайнасць (напрыклад, у гендарнай, этнічнай, рэлігійнай і культурнай сферах) і актыўна ўдзельнічалі ў жыцці супольнасці.
2. Вучыцца атрымліваць веды: Гэта азначае, што адукацыя павінна дапамагаць навучэнцам атрымліваць інструменты ведаў: найважнейшыя інструменты навучання зносінам і вусным выказванням меркаванняў, пісьменнасці, уменню лічыць і вырашаць праблемы; здабываць больш шырокія веды і паглыбленае разуменне шэрагу абласцей; разуменню правоў і адказнасці; і, што найбольш важна, навучанню таму, як трэба вучыцца.
3. Вучыцца дзейнічаць: Адукацыя павінна дапамагаць навучэнцам набываць прафесійныя навыкі і сацыяльную і псіхалагічную кампетэнтнасць, якія дазволяць ім прымаць інфармаваныя рашэнні ў розных жыццёвых сітуацыях, існаваць у сістэме сацыяльных і працоўных адносін, удзельнічаць у мясцовым і глабальным рынку, выкарыстоўваць тэхналагічныя інструменты, задавальняць асноўныя патрэбы і павышаць якасць свайго ўласнага жыцця і жыцця іншых людзей.
4. Вучыцца існаваць: Адукацыя павінна садзейнічаць развіццю асобы і дапамагаць людзям дзейнічаць больш самастойна, развіваць меркаванні, крытычнае мысленне і асабістую адказнасць. Яна павінна быць накіравана на развіццё ўсіх аспектаў патэнцыялу: тых, якія ўключаюць памяць, мысленне, эстэтычныя пачуцці, духоўныя каштоўнасці, фізічныя магчымасці і навыкі зносін; здаровы лад жыцця, заняткі спортам і тое, як бавіць вольны час; уменне шанаваць уласную культуру кожнага; наяўнасць этычнага і маральнага кодэкса; уменне выказваць сваё меркаванне і абараняць сябе; здольнасць да самааднаўлення.

Узаемадапаўняльныя ролі фармальнай і нефармальнай адукацыі

Паколькі наш свет мяняецца як ніколі хутка, здабыццё новых навыкаў і здольнасцей становіцца вельмі важным, бо яны дазваляюць лепш рэагаваць на новыя праблемы. Існуюць дзве асноўныя канцэпцыі, якія ўключаны ў еўрапейскую палітыку ў галіне адукацыі: «адукацыя на працягу ўсяго жыцця» і «грамадства, якое навучаецца». Гаворка ідзе пра грамадства, у якім людзі маюць магчымасць развіваць свае здольнасці праз уласнае жыццё. З аднаго боку, для таго каб задаволіць такую патрэбу, фармальныя сістэмы адукацыі павінны стаць больш адкрытымі і гібкімі. З іншага боку, нефармальная адукацыя, дзякуючы шырокаму набору яе методык і гібкім падыходам, можа дапамагчы больш хутка і лёгка адаптавацца да патрэб грамадства і супольнасці і запытаў асобных навучэнцаў, якія пастаянна змяняюцца. 

Пытанне: Якім чынам нефармальная адукацыя прадстаўлена ў вашай уласнай супольнасці?

Аднак нефармальная адукацыя рэдка прызнаецца на тым жа ўзроўні, што і навучанне ва ўстанове фармальнай адукацыі, як з адміністрацыйнага пункту гледжання, так і ва ўспрыманні людзей. Дзве асноўныя выклікі, якія стаяць перад нефармальнай адукацыяй, – гэта забеспячэнне якасці і сертыфікацыя навыкаў. У палітычных ініцыятывах у Еўропе таксама падымаецца пытанне аб прызнанні і сертыфікацыі нефармальнага навучання. У наш час існуе ўсё большае прызнанне не толькі ролі фармальнай адукацыі, але і тых магчымасцей, якія адкрываюцца дзякуючы нефармальнай адукацыі, і гэта праграмы, якія знаходзяцца па-за фармальнай сістэмай адукацыі. Кіраванне такімі праграмамі часта ажыццяўляецца няўрадавымі грамадскімі арганізацыямі, у тым ліку і маладзёжнымі.
У 1998 годзе Канферэнцыя міністраў еўрапейскіх краін па справах моладзі вызначыла нефармальную адукацыю як прыярытэт Савета Еўропы і падкрэсліла важнасць прызнання і пашырэння кампетэнцый, якія набываюцца з дапамогай нефармальнай адукацыяй. У рамках партнёрскіх сувязяў паміж Еўрапейскай камісіяй і Саветам Еўропы па пытаннях моладзі каардынуюцца стратэгіі абедзвюх арганізацый і іх партнёраў у падтрымку нефармальнай адукацыі, у прыватнасці дзякуючы агульнаму дакументу «Шляхі да прызнання»11.

Эксперты ў сферы адукацыі кажуць пра важнасць «пераадолення межаў» паміж фармальнай і нефармальнай адукацыяй, садзейнічання камунікацыі і супрацоўніцтву, якое дапаможа сінхранізаваць дзейнасць у сферы навучання і стварыць такія ўмовы атрымання адукацыі, якія даюць навучэнцам скаардынаваны набор магчымасцей.

Роля Савета Еўропы

Савет Еўропы падтрымлівае супрацоўніцтва сярод 47 дзяржаў-членаў у многіх галінах, у тым ліку і ў сферы адукацыі. Агульная мэта складаецца ў тым, каб развіваць паслядоўнае бачанне ролі адукацыі, надаючы пры гэтым асаблівую ўвагу абароне і прасоўванню правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства права, а таксама здольнасці нашых супольнасцей падтрымліваць міжкультурны дыялог. Гэта праграма грунтуецца на шырокім бачанні адукацыі, якое ўключае як каштоўнасці, так і навыкі. Вызначаюцца агульныя праблемы, прапануюцца рашэнні, адбываецца абмен эфектыўнай практыкай.

Праграма Савета Еўропы «Песталоці» імкнецца рэалізаваць на практыцы прынцыпы і інструкцыі, распрацаваныя ў рамках вышэйзгаданых мерапрыемстваў па супрацоўніцтве, і прапануе магчымасці для прафесійнага развіцця, абмену і супрацоўніцтва для настаўнікаў, школьных адміністратараў і прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасці.

Дзяржавы-члены распрацавалі шэраг важных дакументаў, у якіх змяшчаюцца арыенціры і шляхі ажыццяўлення дзейнасці на нацыянальным узроўні, а таксама распаўсюджвання перадавой практыкі і павышэння стандартаў па ўсёй Еўропе. Сярод гэтых дакументаў – Хартыя Савета Еўропы аб выхаванні дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыі ў галіне правоў чалавека (CM/Rec (2010) 7), Рэкамендацыя аб прасоўванні і прызнанні нефармальнай адукацыі/навучання моладзі (CM/Rec (2003) 8), Рэкамендацыя Камітэта міністраў дзяржаў-членаў аб адукацыі цыганоў і вандруючых асоб у Еўропе (CM/Rec (2009) 4), Рэкамендацыі аб дзяржаўнай адказнасці за вышэйшую адукацыю і даследаванне (CM/Rec (2007) 6) і Рэкамендацыі аб міжкультурным дыялогу і вобразе Іншага ў выкладанні гісторыі (CM/Rec (2011) 6E).

Яшчэ адна галіна супрацоўніцтва – гэта права на якасную адукацыю, распрацоўка палітыкі і практыкі ў дачыненні да права на адукацыю для кожнага чалавека, як права, якое забяспечвае магчымасці, бо гэта робіць якасную адукацыю папярэдняй умовай для поўнага выканання іншых правоў чалавека. Гэта праца ўключае вызначэнне дзяржаўнай адказнасці ў дачыненні да права на якасную адукацыю, а таксама прызнанне, абарону і прасоўванне разнастайнасці праз ажыццяўленне права на якасную адукацыю.

Роля няўрадавых грамадскіх арганізацый

Роля НГА мае найбольш важнае значэнне для садзейнічання праву на адукацыю і звязаным з ім іншым правам. Незаменную ролю сярод гэтых НГА, асабліва на мясцовым і нацыянальным узроўні, адыгрываюць прафсаюзы, студэнцкія саюзы, асацыяцыі настаўнікаў і бацькоў.

На еўрапейскім узроўні маладзёжныя арганізацыі знайшлі шляхі для дасягнення таго, каб іх голас быў пачуты і па пытаннях адукацыі. Гэтага дамагліся, напрыклад, студэнцкія арганізацыі, такія як AEGEE - Еўрапейскі студэнцкі форум, Еўрапейскі студэнцкі саюз (ESIB) і Арганізацыйнае бюро еўрапейскіх саюзаў навучэнцаў школ (OBESSU), якое з'яўляецца еўрапейскай платформай нацыянальных арганізацый саюзаў навучэнцаў школ, якія дзейнічаюць у сферы агульнай сярэдняй і сярэдняй прафесійнай адукацыі. Гэтыя арганізацыі працуюць над заахвочваннем абменаў інфармацыяй, вопытам і ведамі паміж студэнцкімі арганізацыямі і адыгрываюць важную ролю ў тым, каб прадстаўляць погляды студэнтаў у Еўропе. Як і іншыя маладзёжныя і студэнцкія арганізацыі, яны працуюць непасрэдна над тым, каб пакласці канец дыскрымінацыі ў сістэмах адукацыі еўрапейскіх краін, заахвочваць павышэнне якасці і пашырэнне даступнасці адукацыі ў Еўропе, а таксама займаюцца такімі пытаннямі, як роўнасць і доступ у сферы адукацыі.

Еўрапейскі маладзёжны форум – асноўная платформа маладзёжных арганізацый у Еўропе – разглядае адукацыю як стратэгічны прыярытэт маладзёжнай палітыкі. Форум заклікае да выкарыстання ўсёабдымных падыходаў да адукацыі, у якіх прызнавалася б і падтрымлівалася якасная фармальная адукацыя, нефармальная адукацыя і неафіцыйная падрыхтоўка. Асноўная задача форуму заключаецца ў тым, каб «будаваць грамадства з сапраўднай адукацыяй на працягу ўсяго жыцця і з улікам усяго жыццёвага вопыту, у якім шанавалася б усялякая адукацыя, а моладзь магла б сама прымаць рашэнне аб сваім шляху ў атрыманні ведаў, і дзе маладзёжныя арганізацыі прызнаваліся б як найбольш важныя арганізатары якаснай нефармальнай адукацыі для моладзі».12

Сетка DARE – Адукацыя ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека ў Еўропе – гэта агульнаеўрапейская сетка НГА і іншых арганізацый, якая займаецца распаўсюджваннем інфармацыі пра выхаванне дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыю ў галіне правоў чалавека, прасоўваннем транскультурнага і міжнацыянальнага супрацоўніцтва і павышэннем якасці адукацыі ў гэтых абласцях. Адна з ініцыятыў гэтай сеткі – гэта сінхранізаваныя дні дзеянняў (SynAct), якія праходзяць кожны год і прысвечаны Дню правоў чалавека (10 снежня).

Асацыяцыя спецыялістаў у адукацыі па правах чалавека (HREA) – гэта міжнародная няўрадавая грамадская арганізацыя, якая падтрымлівае навучанне ў галіне правоў чалавека, падрыхтоўку актывістаў і спецыялістаў, распрацоўку навучальных матэрыялаў і праграм, а таксама стварэнне супольнасцей праз інтэрнэт-тэхналогіі (такія як спіс рассылкі электроннай пошты HREA).

Канцавыя зноскі

1 Заўвага агульнага парадку № 13 да права на адукацыю – артыкул 13 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, 08/12/99. E/C.12/1999/10, параграф 1; http://www.unhchr.ch
2  Справаздача па Мэтах развіцця тысячагоддзя за 2010 г., www.un.org/millenniumgoals/pdf/MDG Report 2010 En r15 -low res 20100615 -.pdf
3 Пісьменнасць дарослых і моладзі: глабальныя тэндэнцыі ў гендарным парытэце, бюлетэнь Iнстытута статыстыкі ЮНЕСКА, верасень 2010 г., № 3, апублікаваны Інстытутам статыстыкі ЮНЕСКА: www.unesco.org/education/ild2010/FactSheet2010_Lit_EN.pdf
4 Па стане на жнівень 2011 г.
5 Заўвага агульнага парадку № 13 аб артыкуле 13 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, 08/12/99. E/C.12/1999/10, параграф 24.
6 Канвенцыя аб правах дзіцяці, UN Doc A/44/49 (1989), параграф 29(1)(d)
7 Забеспячэнне роўнасці магчымасцей у галіне адукацыі, Даклад спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб праве на адукацыю Кішора Сінгха (Kishore Singh) GE.11-12940, 18 красавіка 2011 г.: www2.ohchr.org/english/bodies/hrcouncil/docs/17session/A-HRC-17-29.pdf
8 Паведамленне Камісіі Еўрапейскага парламента, Еўрапейскаму эканамічнаму і сацыяльнаму камітэту і Камітэту рэгіёнаў: Рашэнне праблемы датэрміновага спынення школьнай адукацыі: Асноўны ўклад у Парадак дня Еўропы на 2020 год, ec.europa.eu/education/school-education/doc/earlycom_en.pdf
9 Рэгіянальная справаздача аб доглядзе за дзецьмі і адукацыі дзяцей малодшага ўзросту – Еўропа і Паўночная Амерыка, ЮНЕСКА, WCECCE/Ref.4, 27 жніўня 2010 г., unesdoc.unesco.org/images/0018/001892/189211e.pdf
10 Навучанне: схаваны скарб, ЮНЕСКА, Парыж, 1996 г. www.see-educoop.net/education_in/pdf/15_62.pdf
11 http://youth-partnership-eu.coe.int
12 www.youthforum.org