Image: Theme 'Discrimination and Intolerance' by Pancho

Дыскрымінацыя і нецярпімасць

Што азначаюць словы «дыскрымінацыя» і «нецярпімасць»?

Дыскрымінацыя – ва ўсіх яе магчымых формах і праявах – з'яўляецца адной з найбольш распаўсюджаных формаў парушэнняў правоў чалавека і злоўжыванняў правамі. Яна закранае мільёны людзей у паўсядзённым жыцці і з'яўляецца адной з тых з'яў, якія цяжэй за ўсё выявіць. Дыскрымінацыя і нецярпімасць – гэта дзве звязаныя паміж сабой канцэпцыі. Нецярпімасць – гэта адсутнасць павагі да практык або перакананняў, якія адрозніваюцца ад уласных. Яна таксама ўключае адчужэнне людзей, якіх мы лічым іншымі, напрыклад членаў сацыяльнай ці этнічнай групы, якая адрозніваецца ад нашай, ці людзей, якія прытрымліваюцца іншай палітычнай ці сексуальнай арыентацыі. Нецярпімасць можа праяўляцца ў шырокім наборы дзеянняў – ад імкнення пазбегнуць зносін праз мову нянавісці да нанясення фізічных траўмаў ці нават забойстваў.

Дыскрымінацыя ўзнікае тады, калі з людзьмі абыходзяцца горш, чым з іншымі людзьмі ў аналагічнай сітуацыі, толькі таму, што яны належаць, або мяркуецца, што яны належаць да пэўнай групы ці катэгорыі асоб. Людзі могуць падвяргацца дыскрымінацыі ў сілу свайго ўзросту, інваліднасці, нацыянальнасці, паходжання, палітычных перакананняў, расавай прыналежнасці, рэлігіі, палавой або гендарнай ідэнтычнасці, сексуальнай арыентацыі, мовы, культуры і па многіх іншых прыкметах. Дыскрымінацыя, якая часта з'яўляецца вынікам забабонаў людзей, робіць людзей бездапаможнымі, перашкаджае ім стаць актыўнымі грамадзянамі, абмяжоўвае іх у тым, каб развіваць свае навыкі і ў многіх выпадках не дазваляе атрымаць ім доступ да працы, паслуг аховы здароўя, адукацыі ці жылля.

Дыскрымінацыя мае прамыя наступствы ў дачыненні да тых людзей і груп, якія падвяргаюцца дыскрымінацыі, але таксама ўскосныя і глыбокія наступствы для грамадства ў цэлым. Грамадства, у якім дыскрымінацыя дазволена або да яе ставяцца з памяркоўнасцю, з'яўляецца такім грамадствам, у якім людзі пазбаўлены магчымасці свабодна і поўнасцю рэалізаваць свой патэнцыял для сябе і грамадства.

У гэтым раздзеле апісваюцца розныя аспекты дыскрымінацыі: тое, як яна закранае правы чалавека, а таксама меры і ініцыятывы, якія ўжо ажыццяўляюцца або павінны быць укаранёны для процідзеяння нецярпімасці і дыскрымінацыі і для садзейнічання культуры міру і правоў чалавека. Некаторыя з найбольш распаўсюджаных формаў дыскрымінацыі, такія як дыскрымінацыя па прыкмеце інваліднасці, гендарнай ідэнтычнасці або рэлігіі, больш падрабязна абмяркоўваюцца ў іншых раздзелах гэтай главы.

УДПЧ абвяшчае наступныя прынцыпы роўнасці і недыскрымінацыі: «Усе людзі нараджаюцца свабоднымі і роўнымі ў сваёй годнасці і правах» (артыкул 1). Гэта канцэпцыя роўнасці ў годнасці і правах надзейна ўбудавана ў сучасную дэмакратыю такім чынам, што дзяржавы абавязаны абараняць розныя меншасці і ўразлівыя групы ад няроўнага абыходжання. У артыкуле 2 замацавана свабода ад дыскрымінацыі: «Кожны чалавек павiнен валодаць усiмi правамi і ўсімі свабодамі, што абвешчаны гэтай Дэкларацыяй, без якога б там нi было адрознення».

Дзяржавы – члены Савета Еўропы таксама маюць абавязацельствы ў дачыненні да недыскрымінацыі ў адпаведнасці з артыкулам 14 Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека. Гэты артыкул забяспечвае абарону ад дыскрымінацыі ў сувязі з карыстаннем іншымі правамі, выкладзенымі ў Канвенцыі. Пратакол 12 да ЕКПЧ, распрацаваны дзеля таго, каб даць больш моцнае асобнае права на роўнасць і забяспечыць агульную забарону дыскрымінацыі, змяшчае наступнае палажэнне: «Карыстанне любым правам, прызнаным законам, павінна быць забяспечана без якой бы там ні было дыскрымінацыі...».1 Такім чынам, гэты Пратакол пашырае сферу дзеяння ЕКПЧ, паколькі ён ахоплівае дыскрымінацыю ў дачыненні да любога юрыдычнага права, нават калі гэта права канкрэтна не згадваецца ў Канвенцыі.

Пытанне: Ці ратыфікавала ваша краіна Пратакол № 12 да ЕКПЧ?

Прамая і ўскосная дыскрымінацыя

Дыскрымінацыя можа ажыццяўляцца прамым або ўскосным чынам. Прамая дыскрымінацыя характарызуецца намерам дыскрымінаваць чалавека ці групу людзей; прыкладам з'яўляюцца выпадкі, калі служба занятасці адхіляе заявы прэтэндэнтаў на працу, якія належаць да нацыянальнай меншасці цыганоў-рама, або калі ўладальнікі жылля не здаюць кватэры імігрантам. Ускосная дыскрымінацыя праяўляецца тады, калі знешне нейтральнае палажэнне, крытэрый або практыка дэ-факта ставіць прадстаўнікоў пэўнай групы ў неспрыяльнае становішча ў параўнанні з іншымі. Прыклады тут могуць быць розныя – ад патрабаванняў да мінімальнага росту для пажарных (што можа выключаць намнога больш кандыдатаў-жанчын, чым мужчын) да выпадкаў, калі крама не бярэ на працу людзей, якія носяць галаўныя хусткі. Гэтыя правілы, знешне нейтральныя па сваіх фармулёўках, у рэчаіснасці могуць несуразмерным чынам ставіць у неспрыяльнае становішча членаў пэўнай сацыяльнай групы. Дакументы ў галіне правоў чалавека забараняюць як прамую, так і ўскосную дыскрымінацыю; ускосная дыскрымінацыя часта больш распаўсюджана і яе цяжэй даказаць, чым прамую дыскрымінацыю.

Пытанне: Ці адчувалі вы калі-небудзь, што вы падвяргаліся дыскрымінацыі?

Структурная дыскрымінацыя

Ключавым элементам структурнай дыскрымінацыі з'яўляецца не намер, а эфект утрымання груп меншасцей у падпарадкаваным становішчы.
Фрэд Пінкус

Структурная дыскрымінацыя заснавана на самім спосабе арганізацыі нашага грамадства. Сама сістэма ставіць у неспрыяльнае становішча пэўныя групы людзей. Структурная дыскрымінацыя дзейнічае праз нормы, звычайную практыку, адносіны і паводзіны, якія ствараюць перашкоды ў дасягненні сапраўднай роўнасці або роўных магчымасцей. Структурная дыскрымінацыя часта праяўляецца ў выглядзе інстытуцыйнай прадузятасці, механізмаў, якія рэгулярна робяць памылкі на карысць адной групы і дыскрымінуюць пры гэтым іншыя групы ці іншых людзей. Гэта выпадкі, калі дыскрымінацыя не базіруецца цалкам на перакананнях аднаго чалавека ў дачыненні да іншага чалавека або груп людзей, аднак яна з'яўляецца сутнасцю саміх інстытуцыйных структур – юрыдычных, арганізацыйных і г. д. Праблема структурнай дыскрымінацыі заключаецца ў тым, што яе трэба выявіць, бо мы часта расцём і ўспрымаем яе як нешта відавочнае і безумоўнае.

Наяўнасць структурнай дыскрымінацыі ставіць дзяржавы перад праблемай прыняцця такой палітыкі, якая тычылася б не толькі юрыдычных асноў, але і іншых стымулаў, для таго каб улічваць схемы паводзін і адрозненні ў дзейнасці інстытутаў. Адным са спосабаў вырашэння гэтай праблемы можа быць адукацыя ў галіне правоў чалавека.

Пазітыўныя дзеянні

Структурная няроўнасць – гэта стан, які ўзнікае тады, калі пэўныя групы займаюць нераўнапраўнае месца ў параўнанні з іншымі групамі ў выніку няроўнага размеркавання роляў, функцый, правоў і магчымасцей. Барацьба супраць дыскрымінацыі павінна перайсці з судоў у сферу адукацыі і палітыкі.
Мір'яна Найчэўска, старшыня Рабочай групы экспертаў ААН па праблемах асоб афрыканскага паходжання.

У некаторых выпадках для таго, каб паспрабаваць ліквідаваць ці выправіць шкоду, нанесеную структурнай дыскрымінацыяй, можа спатрэбіцца прэферэнцыйнае або пазітыўнае абыходжанне з людзьмі, якія належаць да пэўных груп. Такія, так званыя пазітыўныя дзеянні, якія часам называюць «пазітыўнай дыскрымінацыяй», могуць не толькі дазваляцца, але нават і вітацца дзеля пераадолення няроўнасці. Напрыклад, эканамічныя адрозненні паміж сельскімі і гарадскімі раёнамі могуць прыводзіць да рознага ўзроўню доступу да паслуг. Вынікам гэтага можа стаць няроўнасць, калi не будуць зроблены асаблівыя намаганні для выраўноўвання наступстваў першапачатковага эканамічнага дысбалансу. У такіх выпадках, замест таго каб умацоўваць няроўнасць, неабходна прэферэнцыйнае абыходжанне для забеспячэння эфектыўнай роўнасці.

Міжнародная канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі прадугледжвае, што для выпраўлення сістэматычнай дыскрымінацыі ад тых краін, якія ратыфікавалі гэту Канвенцыю, могуць спатрэбіцца праграмы пазітыўных дзеянняў. Такія меры, аднак, «не павінны ні пры якіх абставінах мець сваім наступствам захаванне няроўных ці асаблівых правоў для розных расавых груп пасля дасягнення тых мэт, дзеля якіх яны былі ўведзены».

Множная дыскрымінацыя

Кожны з нас належыць або ідэнтыфікуе сябе з шэрагам сацыяльных груп. Калі гаворка ідзе пра асабліва ўразлівую сацыяльную групу, важна разумець унутраную разнастайнасць гэтай групы і магчымасць існавання мноства прыкмет, па якіх ажыццяўляецца дыскрымінацыя. Такі множныя спосабы ідэнтыфікацыі не толькі ствараюць магчымасць для дадатковай дыскрымінацыі, але і для дыскрымінацыі па некалькіх напрамках: напрыклад, лесбіянка цыганскага паходжання можа сутыкнуцца з множнай дыскрымінацыяй з боку гетэрасексуалаў нецыганскага паходжання, і адначасова з гамафобіяй з боку суайчыннікаў, і з расізмам з боку ЛГБТ-супольнасці. У большасці выпадкаў множная дыскрымінацыя адбываецца ў адносінах да так званых «бачных» меншасцей, жанчын і людзей з інваліднасцю.

Большасці і меншасці

Цывілізацыя павінна ацэньвацца па яе абыходжанні з меншасцямі.
Махатма Гандзі

Дыскрымінацыя звычайна ажыццяўляецца большасцямі ў дачыненні да меншасцей, але таксама сустракаецца і дыскрымінацыя з боку меншасцей. Быць большасцю – гэта статычная або дынамічная сітуацыя, якая залежыць ад шматлікіх фактараў. Калі мы знаходзімся на баку пераможцы ў дэмакратычных выбарах, мы з’яўляемся большасцю ў выніку нашых перакананняў, рашэння або, напрыклад, вынікаў галасавання. Калі ж нашы перакананні мяняюцца або партыя, якую мы падтрымліваем, прайграе наступныя выбары, то мы губляем і наш статус большасці. Існуюць і больш статычныя сітуацыі ў дачыненні да большасці і меншасці, калі адзін або некалькі аспектаў нашай ідэнтычнасці (нацыянальнасці, рэлігіі, сексуальнай арыентацыі, гендарнай ідэнтычнасці, ладу жыцця, інваліднасці) адпавядае групе, якая складае менш (звычайна намнога менш), чым 50 % усяго насельніцтва ў дадзеным геаграфічным раёне.

Дэмакратыі з'яўляюцца ўразлівымі перад небяспекай «тыраніі большасці»: сітуацыяй, у якой праўленне большасці прыгнятае настолькі, што яно цалкам ігнаруе патрэбы і пажаданні асоб, якія належаць да меншасцей. Рамкі правоў чалавека не толькі абараняюць грамадзян ад падаўлення з боку асобнага чалавека або невялікай групы асоб, але і з'яўляюцца сродкам абароны меншасці ад большасці.

Пытанне: Ці можаце вы ўявіць каго-небудзь, хто можа ніколі не сутыкацца з дыскрымінацыяй?

Роля стэрэатыпаў і забабонаў

Дайце мне прадузятасць, і я перавярну свет.
Габрыэль Гарсія Маркес

Стэрэатып – гэта распаўсюджанае перакананне або меркаванне ў дачыненні да той ці іншай групы людзей, напрыклад аб тым, што ўсе прадпрымальнікі амбіцыйныя, дзяржаўныя служачыя пазбаўлены пачуцця гумару, а ў жанчын доўгія валасы і яны носяць спадніцы. Асноўная задача стэрэатыпаў – спрасціць рэальнасць. Як правіла, стэрэатыпы заснаваны на пэўным асабістым вопыце ці на тых уражаннях, якія мы набылі падчас нашага дзяцінства, размаўляючы з дарослымі дома ці ў школе або праз сродкі масавай інфармацыі, і якія пасля распаўсюджваюцца на ўсіх людзей, з якімі такія стэрэатыпы могуць быць звязаны.3

Усялякае прадстаўленне рэальнасці – гэта яе скажэнне ў той ці іншай форме.
Эдвард Саід

Забабоны – гэта меркаванні, звычайна негатыўныя, якія мы робім у дачыненні да якой-небудзь асобы або іншых людзей, пры гэтым па-сапраўднаму іх не ведаючы. Як і стэрэатыпы, забабоны ўзнікаюць у працэсе нашай сацыялізацыі. Адно з адрозненняў паміж стэрэатыпамі і забабонамі складаецца ў тым, што, калі мы атрымліваем дастатковую інфармацыю аб той ці іншай асобе ці пра тую ці іншую сітуацыю, то мы пазбаўляемся нашых стэрэатыпаў. Забабоны ж больш падобны да фільтра, праз які мы ўспрымаем любы аспект рэальнасці: такім чынам, сама па сабе інфармацыя звычайна не дазваляе пазбавіцца ад забабонаў, бо забабоны скажаюць наша ўспрыманне рэальнасці; мы будзем перапрацоўваць інфармацыю, якая пацвярджае нашы забабоны, і не будзем заўважаць ці будзем «забываць» тое, што ім супярэчыць. Такім чынам, забабоны вельмі цяжка пераадолець; калі ім супярэчаць факты, то мы хутчэй будзем адмаўляць факты, чым пазбавімся ад забабонаў («гэта не па-хрысціянску», «яна – выключэнне з правілаў»).

Дыскрымінацыя і нецярпімасць часта свядома ці несвядома грунтуюцца на забабонах і стэрэатыпах у дачыненні да людзей і сацыяльных груп ці апраўдваюцца імі; яны з'яўляюцца ўвасабленнем забабонаў на практыцы. Структурная дыскрымінацыя ўяўляе сабой вынік устойлівых форм забабонаў.

Формы нецярпімасці і дыскрымінацыі

Ксенафобія

Оксфардскі слоўнік англійскай мовы вызначае ксенафобію як «паталагічны страх у дачыненні да іншаземцаў або замежных краін». Іншымі словамі гэта азначае ірацыянальную агіду ў дачыненні да незнаёмцаў або замежнікаў; яна з'яўляецца ірацыянальнай, паколькі неабавязкова заснавана на якім-небудзь прамым канкрэтным вопыце пагрозы з боку замежнікаў. Ксенафобія – гэта прадузятасць, звязаная з ілжывым прадстаўленнем аб тым, што людзі з іншых краін, груп, культур, або якія размаўляюць на іншых мовах, уяўляюць пагрозу.
Ксенафобія цесна звязана з расізмам: чым больш «іншымі» ўспрымаецца іншы чалавек, тым, як правіла, мацней страх і негатыўныя пачуцці. Ксенафобія з'яўляецца адной з найбольш распаўсюджаных формаў і падстаў для дыскрымінацыі, і таму яна ўяўляе сабой пагрозу для рэалізацыі правоў чалавека.

Пытанне: Супраць каго накіравана ксенафобія ў вашым грамадстве?

Расізм

Прадузятасць ніколі не глядзіць у вочы і заўсёды хлусіць.
Лора Жуно, герцагіня д'Абрантэс

Некаторыя забабоны могуць трансфармавацца ў ідэалогіі і падсілкоўваць нянавісць. Адной з такіх ідэалогій з'яўляецца расізм. Расізм звязаны з дыскрымінацыяй або абразлівымі паводзінамі ў адносінах да людзей з-за іх уяўнай «непаўнавартаснасці». Існуе шырока распаўсюджанае перакананне ў тым, што сярод чалавечых істот ёсць расы людзей, якія можна адрозніць зыходзячы з фізічных асаблівасцей. Аднак навуковыя даследаванні паказваюць, што «чалавецтва не складаецца з паасобных, выразна вызначаных, біялагічна адметных груп»4 і што раса з'яўляецца ўяўнай катэгорыяй або сацыяльнай канструкцыяй. Усе людзі належаць да аднаго і таго ж біялагічнага віду, і таму няма сэнсу казаць пра «расы».

Уплыў расісцкіх ідэалогій меў разбуральныя наступствы для чалавецтва; яны апраўдвалі рабства, каланіялізм, апартэід, гвалтоўную стэрылізацыю і знішчэнне народаў. Гэта стала асновай для нацысцкай ідэалогіі і праграм па знішчэнні яўрэяў і іншых «непаўнавартасных народаў».

На жаль, расізм па-ранейшаму прысутнічае ў сучасных еўрапейскіх грамадствах і палітыцы. І хоць раса не ўспрымаецца больш як біялагічная катэгорыя, і толькі невялікая колькасць людзей верыць цяпер у «вышэйшыя расы», якія маюць права на кіраванне тымі, хто лічыцца «ніжэйшымі», тым не менш, уплыў расізму захоўваецца і ён набывае розныя формы, такія як культурны расізм або этнацэнтрызм, вера ў тое, што некаторыя культуры, звычайна свая ўласная, вышэй або што іншыя культуры, традыцыі, звычаі і гісторыя несумяшчальны са сваёй культурай.

Міжнародны дзень ліквідацыі расавай дыскрымінацыі

21 сакавіка адзначаюцца гадавіна масавага расстрэлу ў Шарпевілі ў 1960 годзе, калі ў Шарпевілі ў Паўднёвай Афрыцы паліцыя адкрыла агонь і забіла 69 чалавек падчас мірнай дэманстрацыі супраць законаў аб апартэідзе.
UNITED у падтрымку міжкультурных дзеянняў – еўрапейская сетка супраць нацыяналізму, расізму, фашызму і ў падтрымку мігрантаў і бежанцаў – каардынуе Агульнаеўрапейскі тыдзень дзеянняў, прысвечаны гэтаму дню, для садзейнічання талерантнасці і роўным правам і для праслаўлення разнастайнасці ў Еўропе.7

Дыскрымінацыя, ксенафобія і расізм шырока распаўсюджаны ў многіх краінах: у Індыі пражываюць каля 160 мільёнаў далітаў (недатыкальных), якія пакутуюць ад каставай сістэмы. У ЗША раса з'яўляецца ключавым фактарам у вынясенні смяротных прысудаў. У бальніцах Чэхіі, Славакіі і Венгрыі ў XXI стагоддзі практыкавалася прымусовая стэрылізацыя цыганскіх жанчын.6

Шырока распаўсюджаная практыка дэпартацыі і няроўнага абыходжання з мігрантамі, а таксама структурная дыскрымінацыя ў дачыненні да некаторых этнічных меншасцей, такіх як цыганы-рама, з боку многіх урадаў падсілкоўвае ксенафобію і латэнтныя расісцкія пачуцці. Паведамленні аб злачынствах на глебе нянавісці, заснаваных на расісцкай ідэалогіі, рэгулярна з'яўляюцца ў навінах у многіх дзяржавах – членах Савета Еўропы.

Пытанне: Ці можаце вы адзначыць нядаўнія выпадкі расісцкага гвалту ў вашай краіне?

Антысемітызм

Антысемітызм можна вызначыць як «варожасць у дачыненні да яўрэяў як рэлігійнай групы або групы меншасці, якая часта суправаджаецца сацыяльнай, эканамічнай і палітычнай дыскрымінацыяй».9 Антысемітызм быў шырока распаўсюджаны ў еўрапейскай гісторыі да цяперашняга часу. Да канца XIX стагоддзя яўрэйскія абшчыны ў Расіі часта станавіліся ахвярай пагромаў, якія былі арганізаваны як сістэматычныя акты дыскрымінацыі і гвалту ў дачыненні да яўрэйскіх абшчын з боку мясцовага насельніцтва, часта пры пасіўнай згодзе або актыўным удзеле праваахоўных органаў, што заахвочвалася антысеміцкай палітыкай урадаў. Напады на яўрэйскія абшчыны былі таксама распаўсюджаны і ў іншых еўрапейскіх краінах, у тым ліку ў Францыі і Аўстрыі.

Уздым фашызму ў першай палове XX стагоддзя прывёў да шматлікіх пакут многіх яўрэяў у Еўропе, так як антысемітызм стаў часткай расісцкай ідэалогіі ва ўладзе. Гэта тычылася фашысцкіх рэжымаў і партый, якія супрацоўнічалі прама ці ўскосна з нямецкім нацысцкім рэжымам падчас халакосту, але таксама гэта адбівалася і на іншых грамадствах і сістэмах, дзе адчуваўся ўплыў расісцкай ідэалогіі.
Падчас халакосту, здзейсненага нацысцкай Германіяй і яе саюзнікамі ў перыяд Другой сусветнай вайны, вядомага таксама як Шоа (слова на іўрыце, якое азначае «катастрофа»), прыкладна 6 мільёнаў яўрэяў падвергліся сістэматычнаму знішчэнню толькі па той прычыне, што яны былі яўрэямі.

Пасля перамогі бальшавіцкай рэвалюцыі спыніліся пагромы ў Савецкім Саюзе, аднак антысемітызм захоўваўся ў іншых формах, у тым ліку ў выглядзе гвалтоўнага перасялення, канфіскацыі маёмасці і пастановачных судовых працэсаў. Пры камуністычных рэжымах антысемітызм таксама маскіраваўся афіцыйнай «антысіянісцкай палітыкай».

Расізм набыў новае прызнанне як рашэнне актуальных палітычных праблем, якое адпавядае здароваму сэнсу. Вядома, мы не называем гэта расізмам. Мы называем гэта антытэрарызмам або іміграцыйнай палітыкай. 
Алана Ленцін8

У нашы дні антысемітызм па-ранейшаму распаўсюджаны ў Еўропе, нават калі ў некаторых выпадках грамадскасці яго цяжэй выявіць і прызнаць. У апошнія гады падвяргаліся апаганьванню яўрэйскія могілкі, яўрэі станавіліся рэгулярнай мішэнню для нянавісці і часам падвяргаліся фізічным нападам. Даследаванні, якія рэгулярна праводзяцца, сведчаць аб высокім узроўні антысемітызму сярод асноўных еўрапейскіх супольнасцей, што суправаджаецца яго нерэгулярнымі ўздымамі.
Як адзначыла Еўрапейская камісія супраць расізму і нецярпімасці (ЕКРН), гэта трывожная тэндэнцыя ў Еўропе, а менавіта што, нягледзячы на ўсе намаганні, антысемітызм «па-ранейшаму прасоўваецца, адкрыта або закадзіраваным чынам, некаторымі палітычнымі партыямі і лідарамі, прычым не толькі экстрэмісцкімі партыямі, але і некаторымі асноўнымі партыямі»10, і ў многіх выпадках існуе талерантнасць і нават прыняцце гэтых заяў з боку некаторых слаёў насельніцтва.

Пытанне: Што адбывалася з яўрэямі ў вашай краіне падчас Другой сусветнай вайны?

Моладзь дзейнічае супраць антысемітызму

Рух супраць нецярпімасці (Іспанія)
Студэнты ВНУ перамалявалі часткі карціны Пікаса «Герніка» і сабралі іх на вялікай сцяне ў рамках грамадскіх дзеянняў з мэтай прадэманстраваць, што трагічная рэальнасць мінулага прысутнічае тут і цяпер. Падчас гэтага мерапрыемства аўдыторыі было расказана пра сімвалізм, які выкарыстоўваецца ў гэтай карціне, і яго сувязь з халакостам і разнёй падчас «Крыштальнай ночы».

Цэнтр і фонд «Халакост» (Расія): міжнародныя конкурсы «Урокі халакосту – шлях да талерантнасці»
З 2002 года гэты Цэнтр ажыццяўляе праграмы памяці і міжнародныя мерапрыемствы ў сферы адукацыі, прысвечаныя талерантнасці і халакосту, у тым ліку праводзіць штогадовы конкурс для навучэнцаў і выкладчыкаў з Расіі, іншых еўрапейскіх краін і краін СНД, Ізраіля і ЗША.

У Рэзалюцыі 1563 (2007) Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы да дзяржаў-членаў робіцца заклік да крыміналізацыі і (або) ужывання такога заканадаўства, якое асуджае антысемітызм, у тым ліку, сярод іншага, у дачыненні да адмаўлення халакосту, незалежна ад таго, здзяйсняецца гэта асобамі, групамі або нават палітычная партыямі.11

Агенцтва па фундаментальных правах (АФП) Еўрапейскага саюза публікуе агляды становішча ў дачыненні да антысемітызму ў сваіх дзяржавах-членах. У абноўленым выданні па пытаннях антысемітызму ў ЕС Агенцтва адзначыла, што «у большасці дзяржаў-членаў не маецца афіцыйных ці нават неафіцыйных даных і статыстыкі аб інцыдэнтах антысеміцкага характару». Агенцтва прызнала важнасць адукацыі ў галіне халакосту як сродку барацьбы з антысемітызмам і на працягу многіх гадоў выступала з ініцыятывамі і ўдзельнічала ў шэрагу сумесных праектаў у гэтай галіне.12

Дыскрымінацыя ў дачыненні да цыганоў-рама:
цыганафобія і антыцыганскія настроі

Image: Romaphobia and Antigypsyism by PanchoНазва рама або цыганы-рама – гэта калектыўнае абазначэнне вельмі разнастайнай этнічнай групы людзей, якія самаідэнтыфікуюцца як члены розных падгруп, грунтуючыся, напрыклад, на існуючым або мінулым геаграфічным месцы знаходжання, дыялекце або занятках. У Еўропе налічваецца прыкладна 10 мільёнаў цыганоў-рама. Некалькі груп жывуць у вандроўках без пастаяннага месца жыхарства, аднак большасць у нашы дні пражываюць ва ўмовах аселасці: існуюць урбанізаваныя групы цыганоў-рама, а таксама шматлікія, якія жывуць у больш ці менш сегрэгаваных раёнах або месцах малых гарадоў або вёсак. Цыганы-рама прысутнічаюць практычна ва ўсіх еўрапейскіх краінах.

Цыганафобія, або рамафобія, можа быць вызначана як спецыфічная форма расізму, ідэалогіі расавай перавагі, форма дэгуманізацыі і ўзаконенага расізму ў адносінах да цыганоў-рама. «Яна заснавана, з аднаго боку, на ўяўных страхах, негатыўных стэрэатыпах і міфах і, з другога боку, на адмаўленні або спробе выдаліць з грамадскай свядомасці шматвяковую гісторыю дыскрымінацыі ў дачыненні да цыганоў-рама».13

Дыскрымінацыя ў дачыненні да цыганоў-рама – гэта глыбока ўкаранелая і агульная рэальнасць па ўсёй Еўропе. Як адзначыў Камісар Савета Еўропы па правах чалавека, у Еўропе назіраюцца трывожныя тэндэнцыі, якія відавочна нагадваюць нацысцкую ідэалогію і аргументы ў дачыненні да цыганоў-рама, такія як асцярогі за бяспеку і грамадскае здароўе. Заявы, у якіх сцвярджаецца аб злачынных схільнасцях усіх цыганоў-рама, вельмі распаўсюджаны ва ўсіх дзяржавах-членах.14
Паколькі існуе вялікая верагоднасць таго, што цыганы-рама падвергнуцца дыскрымінацыі, то цыганскае насельніцтва з'яўляецца непамерна больш уразлівым у дачыненні да ўзброеных канфліктаў, прыродных бедстваў або эканамічных крызісаў. У многіх краінах цыганы-рама сталі ахвярай расісцкіх груп, якія прымяняюць гвалт (у Балгарыі, Венгрыі, Італіі, Румыніі і г. д.), што прыводзіць і да забойстваў. Цыганы-рама апынуліся пад крыжаваным агнём падчас узброеных канфліктаў у былой Югаславіі; раёны і вёскі цыганоў-рама часта сегрэгаваны і ізаляваны.15 Многія цыганы-рама растуць у варожым сацыяльным асяроддзі, дзе адзіная падтрымка і прызнанне для іх – гэта іх уласная абшчына або сям'я. Ім адмаўляюць у многіх асноўных правах, такіх як права на адукацыю або здароўе, або яны маюць абмежаваны доступ да іх.

Пытанне: Прыкладна якую частку насельніцтва вашай краіны складаюць цыганы-рама?

Дэпартацыя румынскіх і балгарскіх цыганоў-рама ў 2010 годзе

У 2010 годзе ўрад Францыі аб'явіў аб барацьбе з незаконнымі паселішчамі цыганоў-рама, якія нядаўна імігравалі ў Францыю, і выслала некалькі тысяч жыхароў гэтых паселішчаў назад у Румынію і Балгарыю, заявіўшы пры гэтым, што паселішчы цыганоў-рама сталі асноўнай крыніцай злачыннасці і шкоды грамадству.
Камітэт ААН па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі рэзка раскрытыкаваў дзеянні Францыі і заявіў, што расізм і ксенафобія перажываюць «значнае адраджэнне». У той жа час апытанні грамадскай думкі паказваюць, што па крайняй меры 65 % французаў падтрымліваюць жорсткую лінію свайго ўрада.16 Еўрапейскі камітэт па сацыяльных правах прыйшоў да аднадушнага меркавання, што гвалтоўная высылка цыганоў-рама уяўляе сабой парушэнне правоў, якія апісваюцца перагледжанай рэдакцыяй Еўрапейскай сацыяльнай хартыі, у тым ліку права на свабоду ад дыскрымінацыі і права на жыллё.17

Параймас – гэта генацыд еўрапейскіх цыганоў-рама, які ажыццяўляўся нацыстамі і іх саюзнікамі ў 1933–1945 гадах. Паводле наяўных ацэнак з розных крыніц, колькасць ахвяр складае ад паўмільёна да 2 мільёнаў чалавек, што азначае знішчэнне да 70 % даваеннага насельніцтва цыганоў-рама.

Пытанне: Як звычайна распавядаюць пра цыганоў-рама у навінах у вашай краіне?

Паступова ўзнікае большае разуменне і заклапочанасць у дачыненні да лёсу цыганоў-рама. Дзесяцігоддзе інтэграцыі цыганоў-рама ў 2005–2015 гады з'яўляецца беспрэцэдэнтным палітычным абавязацельствам еўрапейскіх урадаў палепшыць сацыяльна-эканамічны статус і сацыяльную інтэграцыю цыганоў-рама.19 Дзеянні і праграмы моладзі таксама спрыялі барацьбе з нецярпімасцю і забабонамі ў дачыненні да цыганоў-рама, дзякуючы разбурэнню стэрэатыпаў, з якімі многія з нас выраслі. Міжнародная кампанія «Тыповы цыган-рама?», напрыклад, была прысвечана стыгматызацыі і стэрэатыпам як глыбінным прычынам сацыяльнай адчужанасці цыганоў-рама.20

Уплыў [цыганафобіі] на маладых людзей праяўляецца ў такіх формах, як пасіўнасць, расчараванне, маргіналізацыя, а таксама фарміраванне ўзаемных стэрэатыпаў і страхаў, якія перашкаджаюць узаемадзеянню з іншымі, у адказ на сегрэгацыю і няправільныя прадстаўленні аб «іншых», а таксама з-за адсутнасці магчымасцей для ўзаемадзеяння.18

Савет Еўропы пачаў дзейнічаць супраць дыскрымінацыі цыганоў-рама ў 1969 годзе, прыняўшы свой першы афіцыйны дакумент аб становішчы цыганоў-рама і іншых вандроўных у Еўропе. У 2006 годзе Савет Еўропы разгарнуў кампанію «Доста!» у падтрымку цыганоў-рама – інфармацыйную кампанію, накіраваную на тое, каб зблізіць цыганоў-рама з нецыганскім насельніцтвам.
У 2010 годзе на сустрэчы на высокім узроўні была прынята Страсбургская дэкларацыя аб цыганах-рама, у якой дзяржавы-члены дамовіліся аб тым, каб у прыярытэтным парадку дзейнічаць у падтрымку недыскрымінацыі і сацыяльнай інтэграцыі цыганоў-рама, у тым ліку пры актыўным удзеле саміх цыганоў-рама.

У 2012 годзе маладзёжны сектар Савета Еўропы сумесна з еўрапейскімі сеткамі і арганізацыямі цыганоў-рама пачаў ажыццяўляць План дзеянняў у падтрымку цыганскай моладзі для паляпшэння ўдзелу цыганскай моладзі ў еўрапейскай палітыцы, прысвечанай цыганам-рама і моладзі, і процідзейнічаць наступствам дыскрымінацыі ў дачыненні да іх.

ЕКРН таксама надае ўвагу становішчу цыганоў-рама у Еўропе; у яе агульнапалітычнай рэкамендацыі 13 (2011 г.) аб барацьбе з антыцыганскімі настроямі і дыскрымінацыяй у дачыненні да цыганоў-рама падкрэсліваецца, што антыцыганскія настроі ўяўляюць сабой «асабліва ўстойлівую форму гвалту, якая характарызуецца жорсткасцю, пастаянна адраджаецца і распаўсюджваецца», і заклікала ўрады змагацца з антыцыганскімі настроямі ў галіне адукацыі, занятасці, жылля і аховы здароўя, а таксама процідзейнічаць гвалту на глебе расізму і злачынствам супраць цыганоў-рама.

Цыганы з'яўляюцца сапраўднымі еўрапейцамі.
Гюнтэр Грас

Еўрапейскі саюз таксама ўсё больш прызнае неабходнасць процідзейнічаць наступствам дыскрымінацыі ў адносінах да цыганоў-рама у сваіх дзяржавах-членах. У красавіку 2011 года Еўрапейская камісія прыняла «Рамкі ЕС па нацыянальных стратэгіях у падтрымку інтэграцыі цыганоў-рама да 2020 года»21, у якіх заяўляецца, што «нягледзячы на пэўны прагрэс, дасягнуты як у дзяржавах-членах, так і на ўзроўні ЕС у апошнія гады, мала што змянілася ў штодзённым становішчы большасці цыганоў-рама».

Нецярпімасць, заснаваная на рэлігіі

Свабода рэлігіі і рэлігійная нецярпімасць – гэта асноўныя каштоўнасці, якія прысутнічаюць у любой еўрапейскай краіне, і, тым не менш, акты дыскрымінацыі, заснаваныя на рэлігіі, яшчэ не зніклі. Рэлігійная нецярпімасць часта звязана з расізмам і ксенафобіяй – перш за ўсё з антысемітызмам і ісламафобіяй. У той час як у мінулым Еўропа характарызавалася канфліктамі і дыскрымінацыяй, звязанымі з пратэстантамі альбо католікамі, заходняй і ўсходняй праваслаўнай цэрквамі ці ж «афіцыйнымі» цэрквамі і групамі нязгодных, цяпер палітычныя разыходжанні сярод хрысціянскіх канфесій сталі адыгрываць менш важную ролю. У той жа час многія рэлігійныя суполкі, якія знаходзяцца ў меншасці, працягваюць квітнець па ўсёй Еўропе, у тым ліку бахаісты, будысты, хрысціяне, індуісты, яўрэі, мусульмане і растафарыяне. Усё большая рэлігійная разнастайнасць часта ігнаруецца, гэтак жа як і тое, што мільёны еўрапейцаў не з'яўляюцца рэлігійнымі.

Больш падрабязную інфармацыю аб дыскрымінацыі на аснове рэлігіі можна знайсці ў раздзеле, прысвечаным рэлігіі і перакананням.

Рэлігійная нецярпімасць і дыскрымінацыя часта звязаны з расізмам і ксенафобіяй і таму, як правіла, выклікаюць множную дыскрымінацыю.

Пытанне: Якія рэлігіі меншасцей існуюць у вашай краіне?

Дыскрымінацыя, заснаваная на гендарнай ідэнтычнасці, гендарнай або сексуальнай арыентацыі

Гендарная дыскрымінацыя ўключае дыскрымінацыю жанчын у параўнанні з мужчынамі (гэту форму дыскрымінацыі называюць таксама «сексізм» або «дыскрымінацыяй па прыкмеце полу») і дыскрымінацыю ў дачыненні да трансгендарных або транссексуальных асоб, чыя гендарная ідэнтычнасць не адпавядае іх полу ці не асацыіруецца з ім у кантэксце адпаведнай культуры. Дыскрымінацыя, заснаваная на сексуальнай арыентацыі, закранае гомасексуалаў і бісексуалаў. Роўнасць паміж жанчынамі і мужчынамі падрабязна абмяркоўваецца ў раздзеле, прысвечаным гендарным пытанням, а тут мы абмяркоўваем толькі іншыя формы гендарнай або сексуальнай дыскрымінацыі.

Гамафобія часта апісваецца як «ірацыянальны страх і агіда ў адносінах да гомасексуалаў, лесбіянак, геяў, бісексуалаў і трансгендараў (ЛГБТ22), заснаваныя на забабонах, аналагічных расізму, ксенафобіі, антысемітызму і сексізму»23, а таксама ў дачыненні да асоб, якія, як мяркуецца, належаць да ЛГБТ. Калі яна накіравана супраць трансгендараў, то яна называецца «трансфобіяй». Розныя таталітарныя рэжымы ў XX стагоддзі зрабілі гамафобію часткай сваёй палітычнай ідэалогіі, як, напрыклад, нацызм у Германіі, сталінізм у Савецкім Саюзе ці фашызм у Іспаніі. Пры гэтым дэмакратычныя рэжымы ў Еўропе на працягу доўгага часу апраўдвалі гамафобнае заканадаўства, уключаючы стаўленне да гомасексуальнасці як да паталогіі і крымінальнае праследаванне гомасексуальнасці, што мела на ўвазе і структурную дыскрымінацыю асоб, якія належаць да групы ЛГБТ. У цяперашні час ва ўсіх грамадствах у Еўропе па-ранейшаму назіраецца дыскрымінацыя ў дачыненні да ЛГБТ, нягледзячы на тое, што многія дзяржавы прынялі антыдыскрымінацыйнае заканадаўства. Многія асобы, што належаць да ЛГБТ-супольнасці, не могуць у поўнай меры скарыстацца сваімі ўніверсальнымі правамі чалавека, сутыкаюцца з рызыкай стаць ахвярай злачынства на глебе нянавісці і могуць не атрымаць абарону, калі на вуліцы на іх нападуць суграмадзяне.

Калі я служыў у войску, мне далі медаль за тое, што я забіў двух мужчын, і выгналі за тое, што я любіў яшчэ аднаго.
Эпітафія на магіле Леанарда Матлавіча, гея і ветэрана вайны

У многіх рэгіёнах свету асобы з ЛГБТ-супольнасці падвяргаюцца розным формам гвалту – ад славесных абразаў да забойства. У многіх краінах свету гомасексуальныя акты па-ранейшаму лічацца злачынствам, а ў некаторых з гэтых краін за гэта прадугледжана пакаранне ў выглядзе турэмнага зняволення або смяротнае пакаранне.24

61 % маладых геяў, лесбіянак, бісексуалаў і транссексуалаў з 37 еўрапейскіх краін заявілі, што яны адчувалі на сабе прадузятасць і (або) дыскрымінацыю ў школе, а 51 % – у сям'і. 38 % рэспандэнтаў заявілі, што яны сутыкаліся з прадузятасцю і (або) з дыскрымінацыяй у суполцы, да якой яны належаць, а 30 % – сярод сяброў.25

Асобам з ЛГБТ-супольнасці часта адмаўляюць у іх правах чалавека, напрыклад, у праве на працу, бо работадаўцы звальняюць або падвяргаюць іх дыскрымінацыі з-за іх сексуальнай арыентацыі ці гендарнай ідэнтычнасці. Вельмі часта парушаецца і права на бяспеку і нармальнае жыццё, калі над (маладымі) людзьмі здзекуюцца ў школе або іх праследуюць на працоўным месцы. У многіх краінах Еўропы пары лесбіянак і геяў адчуваюць дыскрымінацыю ў такіх галінах, як права на заключэнне шлюбу, на стварэнне сям'і ці на ўсынаўленне дзяцей.

Пытанне: У якіх сферах жыцця асобы з ЛГБТ супольнасці падвяргаюцца дыскрымінацыі ў вашай краіне?

Работа Савета Еўропы

Еўрапейскі суд па правах чалавека часта адыгрываў ролю першапраходцы ў санкцыях супраць гамафобіі. Па шэрагу спраў Суд пастанавіў, што дыскрымінацыйнае ўжыванне крымінальнага права ў дачыненні да добраахвотных сувязяў паміж паўналетнімі ў прыватным жыцці супярэчыць праву на павагу прыватнага жыцця, прадугледжанаму ў артыкуле 8 ЕКПЧ (працэсы «Даджэён (Dudgeon) супраць Вялікабрытаніі», 1981 г., «Норыс (Norris) супраць Ірландыі », 1988 г., «Мадзінас (Modinos) супраць Кіпра», 1993 г.). Еўрапейскі суд сапраўды стаў першым міжнародным органам, які ўстанавіў, што крымінальнае праследаванне ў сувязі з сексуальнай арыентацыяй парушае правы чалавека, і праводзіў самую доўгую і шырокую юрыдычную практыку па пытаннях сексуальнай арыентацыі. Суд таксама разгледзеў некалькі спраў, звязаных з усынаўленнем адным з бацькоў.

У 2011 годзе Камісар Савета Еўропы па правах чалавека апублікаваў свой даклад аб дыскрымінацыі па прыкмеце сексуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці. У гэтым дакладзе вітаецца прагрэс у сферы правоў ЛГБТ у большасці дзяржаў-членаў і заяўляецца, што «стаўленне ў Еўропе да гомасексуальнасці як да паталогіі і крымінальнага правапарушэння відавочна адышло ў мінулае». У той жа час у дакладзе адзначаецца, што захоўваецца сур'ёзная заклапочанасць у дачыненні да многіх сфер правоў ЛГБТ-асоб, і гэта перш за ўсё тычыцца правоў трансгендарных асоб.26
Савет Еўропы стварыў аддзел па пытаннях ЛГБТ для таго, каб каардынаваць працу па гэтай тэме. Было заяўлена, што такая структура ствараецца ў міжнароднай міжурадавай установе ўпершыню і што гэта сведчыць пра важнасць пытанняў ЛГБТ у кантэксце правоў чалавека ў Еўропе.

Галоўную ролю ў памяншэнні і выкараненні забабонаў у дачыненні да ЛГБТ адыгрывае адукацыя, як фармальная, так і нефармальная. Толькі дзякуючы адукацыі, можна змагацца з існуючымі забабонамі і пераадольваць іх. У праграмы Еўрапейскіх маладзёжных цэнтраў і Еўрапейскага маладзёжнага фонду на рэгулярнай аснове ўключаецца адукацыя ў галіне правоў чалавека і навучальныя матэрыялы для выкладчыкаў і актывістаў, якія змагаюцца супраць гамафобіі. Гэта ўключае і адукацыйныя сесіі, арганізаваныя ў супрацоўніцтве з маладзёжнымі арганізацыямі, такімі як Міжнародная арганізацыя моладзі і студэнтаў лесбіянак, гомасексуалаў, бісексуалаў, трансгендараў (IGLYO) і Асацыяцыя студэнцкіх арганізацый Паўночных краін і Пол-Балт ЛГБТК (ANSO).

Барацьба з дыскрымінацыяй

Адукацыя

Гендарныя пытанні
У 2007 годзе маладзёжны сектар Савета Еўропы апублікаваў дапаможнік «Гендарныя пытанні», каб дапамагчы адукатарам і маладзёжным лідарам працаваць па гендарных пытаннях і пытаннях гвалту на аснове гендарных адрозненняў, якія закранаюць моладзь.

Існуе шэраг падыходаў да антыдыскрымінацыйнай і антырасісцкай дзейнасці, у тым ліку:

  • юрыдычная дзейнасць па ўмацаванні права на недыскрымінацыю
  • адукацыйныя праграмы, прысвечаныя павышэнню дасведчанасці, накіраванай супраць механізмаў забабонаў і нецярпімасці, якія спрыяюць дыскрымінацыі і падаўленню людзей, а таксама на заахвочванне разнастайнасці і садзейнічанне талерантнасці
  • актывізм з боку грамадзянскай супольнасці, які ставіць сваёй мэтай дамагацца асуджэння дыскрымінацыі і забабонаў, змагацца са злачынствамі на глебе нянавісці і ўзбуджэннем нянавісці, аказваць падтрымку ахвярам дыскрымінацыі і прасоўваць унясенне адпаведных змен у заканадаўства.

Работнікі сферы адукацыі прызнаюць неабходнасць развіваць у кожным чалавеку талерантнае, недыскрымінацыйнае стаўленне і ствараць такое асяроддзе для навучання, у якім прызнаецца каштоўнасць разнастайнасці і выкарыстоўваюцца яе перавагі, замест яе ігнаравання або ізаляцыі. У рамках гэтага працэсу тыя, хто працуе з дзецьмі або моладдзю, а таксама самі дзеці і моладзь павінны ўсвядоміць, ці дапускаюць яны самі дыскрымінацыю ў адносінах да іншых, або разумець, калі дыскрымінацыя ажыццяўляецца іншымі людзьмі. Так, напрыклад, адукацыйныя мерапрыемствы ў галіне правоў чалавека могуць дапамагчы іх удзельнікам развіць усведамленне і спачуванне, з аднаго боку, а таксама набыць навыкі процідзеяння і настойлівасці, з другога боку, дзякуючы чаму людзі змогуць пазбягаць дыскрымінацыі, папярэджваць яе ці змагацца з гэтай з'явай.

Адукацыйная праграма «Усе розныя – усе роўныя» была распрацавана Саветам Еўропы ў мэтах павышэння ўсведамлення і актывізацыі дзеянняў супраць расізму, антысемітызму, ксенафобіі і нецярпімасці.
www.coe.int/compass

Міжкультурная адукацыя – гэта працэс навучання разнастайнасці, і менавіта на яго аснове будуецца праца з моладдзю ў Еўропе. У маладзёжнай сферы дзейнасці Савета Еўропы міжкультурная адукацыя вызначаецца як «працэс сацыяльнай адукацыі, які накіраваны на садзейнічанне пазітыўным узаемаадносінам паміж людзьмі і групамі рознага культурнага паходжання»27, што садзейнічае ўзаемнай павазе і салідарнасці.

Міжнародныя арганізацыі за правы чалавека

Арганізацыя Аб'яднаных Нацый

Адным з асноўных інструментаў барацьбы з дыскрымінацыяй у сістэме ААН з'яўляецца Міжнародная канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі, якая абавязвае краіны, якія яе падпісалі, выкараняць расавую дыскрымінацыю. Гэта Канвенцыя ўключае ў сабе механізм індывідуальных скаргаў, а маніторынг яе выканання праводзіць Камітэт па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі (CERD) – орган незалежных экспертаў. Усе дзяржавы-члены абавязаны прадстаўляць Камітэту рэгулярныя даклады, а ён, у сваю чаргу, выкладае дзяржаве-члену свае заклапочанасці і рэкамендацыі ў форме «заключных заўваг». У гэтага Камітэта маецца тры дадатковыя механізмы, якія забяспечваюць яго задачы ў галіне правядзення маніторынгу: працэдура ранняга папярэджання, разгляд міждзяржаўных скаргаў і разгляд індывідуальных скаргаў.
Існуюць і іншыя Канвенцыі ААН, звязаныя з пытаннямі дыскрымінацыі ў дачыненні да канкрэтных груп, а менавіта Канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын або Канвенцыя аб правах інвалідаў.

Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ)

АБСЕ – гэта рэгіянальная арганізацыя, якая займаецца пытаннямі бяспекі, у склад якой уваходзяць 56 дзяржаў-членаў з трох кантынентаў, уключаючы ўсе дзяржавы – члены Савета Еўропы. АБСЕ ўдзельнічае таксама ў барацьбе з усімі формамі расізму, ксенафобіі і дыскрымінацыі, уключаючы антысемітызм і дыскрымінацыю ў дачыненні да хрысціян і мусульман. Адным з яе органаў з'яўляецца Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ), размешчанае ў Варшаве, якое:

  • Збірае і распаўсюджвае інфармацыю і статыстычныя даныя аб злачынствах на глебе нянавісці
  • Прасоўвае найлепшую практыку ў барацьбе з нецярпімасцю і дыскрымінацыяй
  • Аказвае дапамогу дзяржавам-членам у падрыхтоўцы і пераглядзе заканадаўства аб злачынствах, учыненых на глебе нецярпімасці і дыскрымінацыі.

АБСЕ ўвяла пасаду Вярхоўнага камісара па справах нацыянальных меншасцей, у паўнамоцтвы якога ўваходзяць выяўленне і праца па ўрэгуляванні на раннім этапе напружанасці, звязанай з пытаннямі нацыянальных меншасцей.

Еўрапейскі саюз і палітыка, накіраваная супраць дыскрымінацыі

Мы ... прызнаем, што рабства і гандаль рабамі з'яўляюцца злачынствам супраць чалавечнасці ... і з'яўляюцца аднымі з важных крыніц і праяў расізму, расавай дыскрымінацыі, ксенафобіі і звязанай з імі нецярпімасці.
З Дурбанскай дэкларацыі і Праграмы дзеянняў28

У адпаведнасці з артыкулам 21.1 Хартыі асноўных правоў Еўрапейскага саюза, «забараняецца ўсякая дыскрымінацыя, у прыватнасці, па прыкмеце полу, расы, колеру скуры, этнічнага або сацыяльнага паходжання, генетычных рыс, мовы, рэлігіі або перакананняў, палітычных ці любых іншых поглядаў, прыналежнасці да нацыянальнай меншасці, маёмаснага становішча, нараджэння, інваліднасці, узросту ці сексуальнай арыентацыі».
ЕС прыняў шэраг антыдыскрымінацыйных дырэктыў. Дырэктыва аб расавай роўнасці забяспечвае роўнае абыходжанне ўсім людзям, незалежна ад расавага або этнічнага паходжання. Рамачная дырэктыва аб роўнасці ў сферы занятасці забараняе дыскрымінацыю на працоўным месцы па прыкмеце абмежаваных магчымасцей, сексуальнай арыентацыі, рэлігіі або перакананняў і ўзросту. Роўнасць паміж мужчынамі і жанчынамі забяспечваецца двума дырэктывамі, адна з якіх прысвечана праблемам занятасці і прафесійнай дзейнасці, а іншая – доступу да тавараў і паслуг і іх забеспячэнню.29
Заканадаўства ЕС таксама патрабуе, каб кожная дзяржава-член мела асобны нацыянальны орган па пытаннях роўнасці, з якім можна было б звязацца для атрымання кансультацый і падтрымкі.

Пытанні, звязаныя з адмовай у забеспячэнню прыстанішча бежанцам, гібеллю многіх мігрантаў на межах ЕС, ісламафобіяй і дэпартацыяй цыганоў-рама, па-ранейшаму падзяляюць членаў Еўрапейскага саюза і з'яўляюцца плямай на яго дасягненнях у намаганнях па барацьбе з дыскрымінацыяй. Пагроза для правоў чалавека зыходзіць і ад палітычных партый, якія, знаходзячыся ва ўладзе, прымаюць дэ-факта дыскрымінацыйнае заканадаўства. Усе гэтыя праблемы могуць быць пераадолены толькі дзякуючы комплекснай палітыцы, уключаючы і маладзёжную палітыку ў сферы недыскрымінацыі, барацьбы з расізмам і нецярпімасцю.

Савет Еўропы

Барацьба з расізмам і нецярпімасцю была ў аснове стварэння Савета Еўропы ў 1949 годзе, і яна дагэтуль застаецца адным з яго прыярытэтаў. Акрамя Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека і іншых канвенцый, Савет Еўропы стварыў канкрэтныя інструменты па супрацьдзеянні расізму, дыскрымінацыі і нецярпімасці. У 1993 годзе была заснавана ЕКРН – незалежны праваабарончы орган для маніторынгу сітуацыі ў сферы расізму, расавай дыскрымінацыі, ксенафобіі, антысемітызму і нецярпімасці ва ўсіх дзяржавах-членах, якая заклікана таксама даваць пэўныя рэкамендацыі асобным урадам і агульныя рэкамендацыі ўсім дзяржавам-членам.

У той час як ЕКРН з'яўляецца асноўным органам Савета Еўропы па барацьбе з расізмам і нецярпімасцю, у дасягненне гэтай задачы таксама ўносяць свой уклад і іншыя органы і падраздзяленні Арганізацыі, такія як Камітэт міністраў, Парламенцкая асамблея, Камісар па правах чалавека, Кансультатыўны камітэт па Рамачнай канвенцыі аб абароне нацыянальных меншасцей і Еўрапейскі суд па правах чалавека.

У Рамачнай канвенцыі аб абароне нацыянальных меншасцей прызнаецца, што «абарона нацыянальных меншасцей і правоў і свабод асоб, якія належаць да гэтых меншасцей, з'яўляецца неад'емнай часткай міжнароднай абароны правоў чалавека» (артыкул 1). Дзяржавы – члены Канвенцыі прынялі на сябе абавязацельства гарантаваць нацыянальным меншасцям права на роўнасць перад законам, а таксама ва ўсіх абласцях эканамічнага, сацыяльнага, палітычнага і культурнага жыцця; забяспечваць іх права на свабоду мірных сходаў, аб'яднанняў, выказванне свайго меркавання, думкі, сумлення і рэлігіі; а таксама даць магчымасць членам нацыянальнай меншасці падтрымліваць, развіваць і захоўваць сваю культуру. Канвенцыя таксама забараняе гвалтоўную асіміляцыю.30

ЕСПЧ асудзіў сегрэгацыю цыганскіх дзяцей у Чэшскай Рэспубліцы31

«Заяўнікамі выступалі школьнікі цыганскага паходжання, якія былі накіраваны ў «спецыяльныя школы», прызначаныя для вучняў з абмежаванымі магчымасцямі навучання. Яны заявілі, што ў сферы адукацыі з імі мела месца іншае абыходжанне ў параўнанні з дзецьмі, якія не былі цыганамі-рама, паколькі іх змясцілі ў спецыяльныя школы без абгрунтавання, яны атрымлівалі істотна больш нізкі ўзровень адукацыі, чым ён забяспечваецца ў звычайных пачатковых школах, у выніку чаго ім было адмоўлена ў доступе да сярэдняй адукацыі, акрамя прафесійных падрыхтоўчых цэнтраў». Суд устанавіў парушэнне артыкула 14 (забарона дыскрымінацыі) у спалучэнні з артыкулам 2 Пратакола № 1 (права на адукацыю).32

Пытанне: Якія дзяржаўныя органы нясуць адказнасць за барацьбу з дыскрымінацыяй у вашай краіне?

Еўрапейская маладзёжная палітыка традыцыйна ўключала ў сабе такі моцны аспект, як міжкультурная адукацыя і барацьба з расізмам і забабонамі. У «Парадку дня 2020» – асноўным дакуменце ў сферы маладзёжнай палітыкі Савета Еўропы – асаблівы ўпор робіцца на «папярэджанне і супрацьдзеянне ўсiм формам расізму і дыскрымінацыі па любой прыкмеце» і прызнаецца важнасць міжкультурнай адукацыі ў якасці метаду нефармальнай адукацыі – як асабліва актуальнага для садзейнічання міжкультурнаму дыялогу і барацьбе з расізмам і нецярпімасцю».33 Адным з найважнейшых напрамкаў дзейнасці ў маладзёжнай працы і маладзёжнай палітыцы, накіраванай супраць дыскрымінацыі, сталі Еўрапейскія маладзёжныя кампаніі – «Усе розныя – усе роўныя», якія мабілізавалі моладзь на барацьбу з расізмам, антысемітызмам, ксенафобіяй і нецярпімасцю і на падтрымку разнастайнасці, правоў чалавека і пашырэння ўдзелу. У рамках гэтай кампаніі тысячы маладых людзей удзельнічалі ў розных мерапрыемствах па ўсёй Еўропе.
У 2008 годзе Саветам Еўропы была прынята Белая кніга пра міжкультурным дыялогу «Жыць разам у роўнай годнасці», у якой змяшчаюцца кіруючыя прынцыпы, а таксама аналітычныя і метадалагічныя інструменты для заахвочвання міжкультурнага дыялогу з боку палітыкаў і практыкаў. У ёй прасоўваюцца міжкультурныя падыходы да рэгулявання культурнай разнастайнасці, заснаваныя на чалавечай годнасці і якія ахопліваюць «нашу агульную чалавечнасць і агульны лёс».

Нягледзячы на шырокі спектр існуючых інструментаў і падыходаў да барацьбы з расізмам, ксенафобіяй і дыскрымінацыяй, варожасцю ў дачыненні да замежнікаў, парушэннем правоў меншасцей, у Еўропе, тым не менш, высокія ўзроўні агрэсіўнага нацыяналізму і звычайныя формы дыскрымінацыі па-ранейшаму застаюцца паўсядзённай рэальнасцю ў большасці супольнасцей. Менавіта таму сёння гэтак важна быць актыўным і праяўляць творчы падыход у прасоўванні разнастайнасці, роўнасці, недыскрымінацыі і правоў чалавека.

Канцавыя зноскі

1 Пратакол № 12 да Канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод
2  Mario Peucker, "Racism, xenophobia and structural  discrimination in sports", Country report, Germany, Bamberg, 2009, p26:
www.efms.uni-bamberg.de/pdf/RACISM_in_SPORT_2010.pdf
3 Вучэбны пакет «Усе розныя – усе роўныя» – «Ідэі, рэсурсы, метады і мерапрыемствы для нефармальнай міжкультурнай адукацыі з моладдзю і дарослымі» (перагледжанае выданне), Савет Еўропы, 2005 г.
4 Гл., напрыклад, заяву Амерыканскай антрапалагічнай асацыяцыі пра «Расу»: www.aaanet.org/stmts/racepp.htm
5 Расізм і адпраўленне правасуддзя, Amnesty International, 2001 г., Індэкс AI: 40/020/2001: www.amnestymena.org/Documents/ACT%2040/ACT400202001en.pdf
6 Lydia Gall, Coercive Sterilisation – an Example of Multiple Discrimination, 2010: www.errc.org/cikk.php?page=10&cikk=3564
7 www.unitedagainstracism.org
8 Алана Ленцін, «Прыхільнасць зменам. Расізм, антысемітызм, ксенафобія і нецярпімасць і іх уплыў на моладзь у Еўропе» (даклад сімпозіума), 2006 г.
9 Трэці новы міжнародны слоўнік Уэбстэра
10 Агульнапалітычная рэкамендацыя ЕКРН № 9: барацьба з антысемітызмам, чэрвень 2004 г., CRI (2004) 37
11 http://assembly.coe.int/main.asp?Link=/documents/adoptedtext/ta07/eres1563.htm
12 http://fra.europa.eu/fraWebsite/attachments/Antisemitism_Update_2010.pdf
13 Валерыу Нікалаэ, эргасетка: www.ergonetwork.org/antigypsyism.htm
14 «Пазіцыі па цыганах-рама у дачыненні да правоў чалавека», Дакумент аб пазіцыі Камісара па правах чалавека:
https://wcd.coe.int/ViewDoc.jsp?id=1631909
15 «Доста!» («Хопіць!») Даведачная інфармацыя аб кампаніі. www.dosta.org/en/node/55 
16 Пытанні і адказы: высылка цыганоў-рама з Францыі, артыкул Бі-бі-сі www.bbc.co.uk/news/world-europe-11027288
17 Рэзалюцыя CM/ResChS(2011)9 Калектыўная скарга № 63/2010 https://wcd.coe.int  
18 Інгрыд Рамберг, «Прыхільнасць зменам. Расізм, антысемітызм, ксенафобія і нецярпімасць і іх уплыў на моладзь у Еўропе» (даклад сімпозіума), 2006
19 Дадатковая інфармацыя: www.romadecade.org
20 Дадатковая інфармацыя: www.typicalroma.eu
21 http://ec.europa.eu/justice/policies/discrimination/docs/com_2011_173_en.pdf
22 Інтэрсекс (разнастайнасць умоў, у якіх нарадзіўся чалавек з пэўнай рэпрадуктыўнай або палавой анатоміяй, якая не адказвае, верагодна, тыповым вызначэнням жанчыны ці мужчыны) і тыя, хто вызначае сябе як «квір», могуць асацыяваць сябе з супольнасцю ЛГБТ, якая ў гэтым выпадку агульна пазначаецца як ЛГБТІК.
23 Рэзалюцыя Еўрапейскага парламента аб гамафобіі ў Еўропе (P6_TA(2006)0018), 18 студзеня 2006 г., www.europarl.europa.eu/sides/getDoc.do?type=TA&reference=P6-TA-2006-0018&language=EN
24 ILGA «Гамафобія, спансіраваная дзяржавай», май 2009 г.: www.ilga.org/statehomophobia/ILGA_State_Sponsored_Homophobia_2009.pdf
25 «Сацыяльная ізаляцыя маладых лесбіянак, гомасексуалаў, бісексуалаў і трансгендараў (ЛГБТ) у Еўропе», ILGA-Европа і IGLYO, красавік 2006 г., www.iglyo.com/content/files/2006-Report-SocialExclusion.pdf
26 www.coe.int/t/Commissioner/Source/LGBT/LGBTStudy2011_en.pdf
27 Група Клавес, цытуецца па выданні «Міжкультурная адукацыя ў еўрапейскай маладзёжнай рабоце: які шлях вядзе наперад?», Інгрыд Рамберг (выдавец), Савет Еўропы, 2009 г.
28 Сусветная канферэнцыя ААН супраць расізму, расавай дыскрымінацыі, ксенафобіі і звязанай з імі нецярпімасці: www.un.org./WCAR/durban.pdf
29 Дырэктывы (2000/43/EC), (2000/78/EC), (2006/54/EC) і (2004/113/EC) адпаведна.
30 Рамачная канвенцыя аб абароне нацыянальных меншасцей, http://conventions.coe.int/Treaty/en/Treaties/Html/157.htm
31 Працэс «D.H. і іншыя супраць Чэшскай Рэспублікі (Заява № 57325/00), Пастанова, Страсбург, 13 лістапада 2007 г.:  www.asil.org/pdfs/ilib071214.pdf
32 60 гадоў Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека: правы цыганоў-рама, 2010 г., Савет Еўропы
33 Выніковая дэкларацыя: будучыня маладзёжнай палітыкі Савета Еўропы: Парадак дня 2020 г., 8-я канферэнцыя міністраў па справах моладзі краін – членаў Савета Еўропы, Кіеў, 2008 г.: www.coe.int/t/dg4/youth/ig_coop/8_cemry_declaration_EN.asp

compass-key-date
  • 27 JanuaryInternational Day of Commemoration in memory of the victims of the Holocaust
  • 21 MarchInternational Day for the Elimination of Racial Discrimination
  • 8 AprilWorld Roma Day
  • 17 MayInternational Day Against Homophobia and Transphobia
  • 20 JuneWorld Refugee Day
  • 2 AugustInternational Remembrance Day of the Roma Holocaust
  • 9 NovemberInternational Day against Fascism and Antisemitism
  • 16 NovemberInternational Day for Tolerance
  • 18 DecemberInternational Migrants’ Day