Пытанне: Калі вы бачыце несправядлівасць ці не верыце, што палітыка вядзецца сумленна, што вы робіце ў такой сітуацыі? Як вы паказваеце іншым людзям, што вы адчуваеце?

Адысці ад адказнасці ў канфлікце паміж моцным і слабым азначае стаць на бок моцнага, а не застацца нейтральным.
Паулу Фрэйрэ

У гэтым раздзеле разглядаюцца некаторыя падыходы да арганізацыі адукацыі ў галіне правоў чалавека, якія вы зможаце выкарыстоўваць у вашай супольнасці. Гэтыя прапановы не з'яўляюцца чымсьці радыкальным і незвычайным, і вы, хутчэй за ўсё, ужо карыстаецеся многімі з іх у вашай працы: дызайн плакатаў, правядзенне дэбатаў, арганізацыя культурных мерапрыемстваў, сустрэчы з прадстаўнікамі розных арганізацый, адпраўленне лістоў і гэтак далей. Такія, на першы погляд, нескладаныя метады на самай справе выкарыстоўваюцца прафесійнымі актывістамі, і яны эфектыўныя!

Прыведзены ніжэй спіс – гэта толькі прыклад таго, што вы маглі б зрабіць разам са сваёй групай. Яго прызначэнне – абудзіць ідэі, а не даць гатовыя рэцэпты для дзеяння. Падыходзьце творча, спытайце ўдзельнікаў, якая справа, на іх думку, будзе больш карыснай або больш цікавай і будзе адпавядаць кваліфікацыі выканаўцаў.

Публічныя мерапрыемствы

Публічныя мерапрыемствы, такія як вулічны тэатр, марш пратэсту, петыцыі або сядзячыя забастоўкі, маюць розныя мэты, але пералічаныя ніжэй з'яўляюцца, верагодна, самымі важнымі:

  • Павысіць ступень дасведчанасці па вызначаным пытанні
  • Прыцягнуць іншых людзей да справы
  • Дамагчыся асвятлення ў сродках масавай інфармацыі
  • Паказаць палітыкам і службовым асобам, што грамадства назірае за іх дзеяннямі!

Калі вы плануеце публічнае мерапрыемства, памятайце, што важна рабіць тое, што прыцягне ўвагу: рассмяшыце людзей ці неяк па-іншаму прымусьце іх спыніцца і паглядзець; магчыма, вы нават вырашыце шакіраваць іх. Вам неабходна разгаварыць людзей!

Крытычная маса

У многіх еўрапейскіх гарадах, як правіла, у апошнюю пятніцу кожнага месяца дзясяткі, а часта і сотні веласіпедыстаў збіраюцца, каб пратэставаць супраць загружанасці вуліц машынамі. Гэты акт спантанны: няма ні арганізатараў мерапрыемства, ні запланаванага маршруту. Вялікая колькасць веласіпедыстаў разам едуць па вулiцах, каб запаволіць рух транспарту, прыцягнуць увагу да праблем забруджвання або небяспекі язды на веласіпедзе па запоўненых аўтамабілямі дарогах ці проста, каб паказаць, што ва ўладзе людзей знізіць тэмп звыклага гарадскога жыцця, і адчуць радасць ад падзеленых агульных мэт і ідэалаў. Матывы ў людзей розныя, і многія веласіпедысты едуць з плакатамі і лозунгамі, якія яны хочуць давесці да ўвагі грамадскасці. Тое, што пачыналася з некалькіх веласіпедыстаў, якія едуць разам, ператварылася ў масавае мерапрыемства і ў многіх гарадах стала штомесячнай традыцыяй.
Для атрымання дадатковай інфармацыі гл. www.critical-mass.info.

Прапановы для групы:

Спасылкі на практыкаванні:

Многія з практыкаванняў падымаюць агульныя пытанні, якія могуць быць тэмай кампаніі па павышэнню дасведчанасці, напрыклад: «Гісторыя Ашыка» (дзіцячая праца), «Пагаворым пра секс» (гендарныя пытанні/гамафобія), «Адказ расізму» (расізм, дыскрымінацыя).

  • Напішыце песню, мюзікл або сваю ўласную п'есу і сыграйце іх на вуліцы.
  • Зрабіце плакат і ўстройце дэманстрацыю каля будынка мясцовай кампаніі ў знак пратэсту супраць забруджвання навакольнага асяроддзя, аўтсорсінгу працоўнай сілы, парушэння працоўных правоў – супраць усяго, што ўяўляецца важным на цяперашні момант.
  • Вырабіце постары ці лістоўкі з інфармацыяй аб вашай праблеме і раздайце іх ці раскладзіце ў публічных месцах.
  • Стварыце старонку ў Facebook для абмеркавання вашай праблемы, а затым выкарыстоўвайце іншыя сродкі ўзаемадзеяння ў сацыяльных сетках, каб прыцягнуць паслядоўнікаў.

Пытанне: Людзі часта кажуць, што дэманстрацыі з'яўляюцца пустой тратай часу, але на што будзе паказваць той факт, што ніхто не хоча ўдзельнічаць у дэманстрацыях па пэўнай праблеме?


 

Голас «99 %»

Рух «Захапі!» распаўсюдзіўся амаль на 1000 гарадоў у больш за 80 краінах у 2011 годзе. Часткова пад уплывам «Арабскай вясны», калі дэманстранты адмовіліся разысціся, пакуль іх патрабаванні не былі выкананы, актывісты, моладзь і многія іншыя ўсталявалі палаткі і стварылі невялікія самадастатковыя суполкі, якія «захапілі» адкрытыя прасторы ў цэнтрах гарадоў па ўсім свеце. Сваім лозунгам «Мы – 99 %» яны хацелі прыцягнуць увагу да таго факту, што велізарнае багацце, назапашанае ў руках адзінак, падрывае прынцып дэмакратыі, і выказвалі пратэст супраць рэзкага скарачэння выдаткаў на сацыяльныя паслугі, якія закранаюць большасць насельніцтва.

Маладыя людзі ў ролі педагогаў

Тым, хто хоча вучыцца, часта перашкаджае аўтарытэт тых, хто навучае.
Цыцэрон

Праз публічныя мерапрыемствы, падобныя тым, якія прыведзены ў папярэднім раздзеле, ажыццяўляецца не столькі навучанне, колькі перадача імгненных і нескладаных пасланняў, якія абуджаюць свядомасць і прымушаюць задумацца («сеюць насенне» думак). Маладыя людзі могуць быць выдатнымі адукатарамі і часта больш эфектыўнымі ў прыцягненні да справы новых асоб, у змяненні поглядаў да праблем, асабліва калі аўдыторыяй з'яўляюцца іх равеснікі. Тлумачэнне іншым якой-небудзь праблемы таксама дапаможа маладым людзям удакладніць свае пазіцыі і здабыць яшчэ большую ўпэўненасць.

Праект «Пауэрпод» (Powerpod Project) - http://www.edinburgh-powerpod.org

Эдынбургская арганізацыя «Вудкрафт Фоўк» (Woodcraft Folk) выйграла грант на выкарыстанне прычэпа з сонечнымі панэлямі і ветранымі турбінамі ў якасці практычнага навучальнага дапаможніка па аднаўляльных крыніцах энергіі. Праект быў прадстаўлены перад маладымі людзьмі ў Лотыяне, Шатландыя. Прычэп, вядомы як «Пауэрпод» (Powerpod), быў выраблены студэнтамі мясцовага ўніверсітэта для дэманстрацыі дзеяння сонечнай электрычнай і сонечнай цеплавой энергіі, а таксама альтэрнатыўнай ветраной энергіі.
Першая група актывістаў-адукатараў «Вудкрафт Фоўк» адправілася ў Цэнтр альтэрнатыўных тэхналогій, дзе яны азнаёміліся з навуковымі і тэхнічнымі аспектамі «Пауэрпода». Па вяртанні яны распрацавалі цыкл заняткаў для дзяцей і моладзі іх узросту. На гэтай аснове была арганізавана сістэма курсаў і семінараў з удзелам іншых груп «Вудкрафт» у гэтым раёне.
Семінары выклікалі вялікую цікавасць у сферах як фармальнай, так і нефармальнай адукацыі.
Крыніца: http://www.scotland.gov.uk/Topics/SustainableDevelopment/EWFenergytrailer

Спасылкі на практыкаванні:
Выкарыстоўвайце практыкаванні «Дзе вы стаіце?» або «Выбірай!» tкаб знайсці пытанні, якія прадстаўляюць інтарэс для маладых людзей, і дапамагчы ім папрактыкавацца ў аргументацыі і вядзенні дыскусіі.
Выкарыстоўвайце практыкаванне «Сыграем гэта!», каб актывізаваць творчае мысленне аб праблемах правоў чалавека, а таксама ў якасці матэрыялу для пантамімы або інсцэніроўкі. 
Выкарыстоўвайце практыкаванне «Адукацыя для ўсіх», каб задумацца аб адукацыі, аб тым, што яна значыць, чаму яна важна і як яна закранае ўсе бакі жыцця.

Прапановы для групы:

  • Арганізуйце публічныя дэбаты па пытанні, якое ўяўляе інтарэс, напрыклад скарачэнне выдаткаў на адукацыю, непарушэнне правоў чалавека ў дачыненні да злачынцаў, скарачэнне ваенных праграм дзеля зніжэння ўзроўню беднасці. Запрасіце да ўдзелу службовых асоб і вашых сяброў.
  • Зрабіце сваё ўласнае відэа ці арганізуйце тэатральную пастаноўку на тэму правоў чалавека.
  • Напішыце артыкул для мясцовай (ці агульнанацыянальнай) газеты або папрасіце ў мясцовага радыё або тэлебачання ўзяць у вас інтэрв'ю. Ці можаце вы дадаць такую карцінку, каб яна прыцягвала ўвагу?
  • Выберыце праблему, у якой група добра разбіраецца, і распрацуйце праграму навучання, якое будзе праводзіцца ўдзельнікамі групы, з іншымі групамі або вучнямі мясцовай школы. Вы маглі б правесці з групай маладых людзей гутарку аб правах чалавека або выканаць якое-небудзь практыкаванне з главы 2?



     

Праект «Жывая бібліятэка»

Група з Вроцлава (Польшча) арганізавала «Жывую бібліятэку», дзе кнігі прадстаўлены людзьмі з розных культурных, сацыяльных груп або супольнасцей іншага роду. «Кнігі» можна «пазычыць» для паўгадзіннай гутаркі. Гаворка ідзе пра групы людзей, у дачыненні да якіх існуе тэндэнцыя сацыяльнага адчужэння і парушэння правоў чалавека, напрыклад асобы з нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй, цыганы-рама, асобы з інваліднасцю, рэлігійныя меншасці і г. д. На працягу 2 дзён працы бібліятэкі прыйшлі 600 чалавек і больш за 100 чалавек пазычылі «кнігу». Мерапрыемства асвятлялася дзяржаўнымі і прыватнымі тэле- і радыёканаламі, а таксама ў друкаваных выданнях.

Ідэя «Жывой бібліятэкі» складаецца ў тым, каб развеяць забабоны. Яна дазволіла наведвальнікам, якія, магчыма, мелі прадузятае меркаванне пра тыя ці іншыя групы насельніцтва, сустрэцца, пагаварыць і выслухаць. Пасля размовы з «кнігамі» «чытачы» зрабілі наступныя каментарыі:
«Гэта дапамагло мне прыняць рашэнні, якія датычацца майго жыцця».
«Я шмат чаго зразумеў; размовы з некаторымі людзьмі літаральна зламалі мае стэрэатыпы».

Больш поўная інфармацыя аб метадалогіі «Жывой бібліятэкі» знаходзіцца на сайце www.coe.int/compass.

Рабіце гэта самастойна

Тэрмін «тэатр герылья» (партызанскі тэатр) выкарыстоўваецца для апісання спантанных, нечаканых выступленняў у не прызначаных для гэтых мэт грамадскіх месцах. Як правіла, гэтыя выступы накіраваны на тое, каб сродкамі сатыры, пратэсту і «карнавальных» прыёмаў звярнуць увагу публікі на палітычныя/сацыяльныя праблемы.
Вікіпедыя

Ёсць некалькі спосабаў, з дапамогай якіх ваша група можа дамагчыся змен непасрэдна, не звяртаючыся да палітыкаў, грамадскасці або іншых пасярэднікаў. Гэта можа стаць самай удзячнай справай, таму што вынік адразу відаць і члены групы бачаць, што менавіта іх дзеянні зрабілі перамены магчымымі.

Многія маладзёжныя групы, напрыклад, актыўна аказваюць непасрэдную дапамогу неабароненым групам насельніцтва, чые правы парушаюцца. Нярэдка такім людзям павінна дапамагаць дзяржава, таму што менавіта дзяржава нясе адказнасць за тое, каб правы грамадзян не парушаліся. Тым не менш, калі дзяржава не выконвае сваіх абавязацельстваў, грамадству часта даводзіцца ўмешвацца і аказваць патрэбную дапамогу.

Маладыя людзі могуць дапамагчы запоўніць гэты прабел – часта досыць проста знаходзіцца побач, рэгулярна сустракацца з тымі, хто перажывае цяжкасці, выслухваць іх праблемы або скласці ім кампанію, падтрымаць размову. Такі вопыт заўсёды карысны для абодвух бакоў. Наведванне людзей або груп, якія з'яўляюцца неабароненымі, і выяўленне недапрацовак з боку дзяржавы таксама можа надаць вялікую важкасць аргументам маладых людзей пры звароце да адпаведных службовых асоб або сродкаў масавай інфармацыі з мэтай публічнага асвятлення праблемы.

Пытанне: Падумайце пра канкрэтную групу насельніцтва: якія праблемы, звязаныя з правамі чалавека, дапамагло б вырашыць наведванне маладымі людзьмі?

Спасылкі на практыкаванні:
Выкарыстоўвайце практыкаванне «Варыянты нашай будучыні», каб людзі задумаліся пра свой раён і пра тое, як тут выкарыстоўваецца прастора.
Выкарыстоўвайце практыкаванне «На лесвіцы», каб знайсці спосабы, з дапамогай якіх маладыя людзі маглі б быць у большай ступені ўцягнутымі ў жыццё мясцовай супольнасці.
Выкарыстоўвайце практыкаванне «Барацьба за багацце і ўладу», каб вывучаць ідэі справядлівасці, а таксама пачуцці тых, хто падвяргаецца сацыяльнаму адчужэнню.

Іншыя прапановы для групы:

  • Паклапаціцеся пра занядбаную частку вашага раёна: пасадзіце кветкі ці гародніну і зрабіце месца такім, каб людзі захацелі тут бываць.
  • Прапануйце жыхарам раёна свае паслугі ў галіне садаводства ці іншую дапамогу. Ці можа ваша група стаць цэнтрам навучання, як Свабодны ўніверсітэт, згаданы ў пачатку гэтай главы?
  • Папытайце ў суседзяў старую фарбу, аздобныя матэрыялы: прывядзіце ў парадак маладзёжны цэнтр або мясцовы грамадскі цэнтр, ці нават чый-небудзь дом!
  • Спячыце што-небудзь і прынясіце ў прытулак для бяздомных або самотнаму суседу. Альбо раздайце выпечку разам з лістоўкамі – выкарыстоўвайце гэта як спосаб прыцягнення ўвагі да вашай справы.



     

«Сеяць насенне»
У многіх краінах свету атрымалі развіццё ініцыятывы па выкарыстанні пустак для стварэння садоў. Гэта часам называюць «партызанскім садаводствам» (guerrilla gardening), ад іспанскага слова guerrilla, які азначае «маленькая вайна». 1 мая групай «Брусельскія фермеры» было абвешчана Міжнародным днём партызанскага садаводства сланечніку. У 2010 годзе каля 5000 чалавек па ўсім свеце прынялі ўдзел у абвешчаным мерапрыемстве і пасеялі насенне сланечніку ў сваіх раёнах.

Змена палітыкі ці паводзінаў прадстаўнікоў дзяржавы

Паколькі, як мы памятаем, менавіта дзяржава або прадстаўнікі дзяржавы абавязаны забяспечваць выкананне правоў чалавека, змены ў палітыцы ці ў законах і нарматыўных актах часта з'яўляюцца канчатковай мэтай кампаній за правы чалавека.

Свет з'яўляецца небяспечным месцам не з-за тых, хто чыніць зло, а з-за тых, хто глядзіць на гэта і нічога не робіць.
Альберт Эйнштэйн

Гэта можа здацца занадта «сур'ёзнай» вобласцю для маладых людзей або вобласцю, дзе яны наўрад ці могуць што-небудзь памяняць. Тым не менш змяненне палітыкі адбываецца на нацыянальным, міжнародным ці лакальным узроўні ў выніку сукупнасці актаў ціску, якія часта ідуць адзін за адным па розных каналах уздзеяння. Не выключана, што маладыя людзі, якія ўключаюцца ў барацьбу за правы чалавека, будуць здольны ўнесці такі ж уклад у гэты працэс, як і вопытныя актывісты. У іх, мабыць, больш шанцаў на поспех на лакальным узроўні або на ўзроўні ўстаноў, таму што тут маштабы меншыя і больш рэальна атрымаць доступ да людзей, што ўдзельнічаюць у прыняцці важных рашэнняў. Тым не менш не выключайце працу на нацыянальным або нават на міжнародным узроўні, калі група вырашыць паспрабаваць гэта.

Часам лепшы спосаб аказаць ціск на прадстаўнікоў дзяржавы – гэта супрацоўніцтва і давядзенне вашых аргументаў да іх разумення. Часам праз пратэст або ціск. Як правіла, палітыка змяняецца ў выніку ўздзеяння па розных напрамках – праз супрацоўніцтва і праз канфрантацыю.

Пытанне: Ці ведаюць маладыя людзі, з якімі вы працуеце, хто прадстаўляе іх палітычныя погляды на мясцовым, нацыянальным і еўрапейскім узроўні?

Адукацыйныя рэформы, адкладзеныя ў выніку студэнцкіх пратэстаў

Існуе пераканаўчая гісторыя студэнцкіх пратэстаў у многіх краінах, і лічыцца, што студэнцкія выступленні часта аказвалі прамы ўплыў на палітыку ці служылі штуршком для іншых груп, гатовых выказаць сваю незадаволенасць палітычнымі рашэннямі. У 2008 годзе французскі ўрад прапанаваў унесці шэраг змяненняў у навучальны працэс, у тым ліку істотна скараціць колькасць выкладчыкаў і паменшыць колькасць вучэбных гадзін. Студэнты выйшлі на вуліцы ў гарадах па ўсёй краіне, і ўрад быў вымушаны адкласці рэформы.

Спасылкі на практыкаванні:
Выкарыстоўвайце практыкаванне «Колькі нам патрэбна?», каб разгледзець «Мэты развіцця тысячагоддзя» і абавязацельствы ўрада па іх выкананні. 
Выкарыстоўвайце практыкаванне «Чахал супраць Вялікабрытаніі», каб разыграць судовы разбор у Еўрапейскім судзе. Удзельнікі могуць разгледзець рашэнні, вынесеныя супраць іх уласнай краіны, і ўбачыць, які ўплыў гэта аказала на яе палітыку.
Выкарыстоўвайце практыкаванне «Пасяджэнне прафсаюза», каб папрактыкавацца ў навыках вядзення перамоў і разгледзець адносіны паміж працаўнікамі і працадаўцам.

Прапановы для групы:

  • Звяжыцеся з мясцовымі службовымі асобамі, адказнымі за канкрэтнае рашэнне, з апазіцыйнымі палітыкамі ці з яшчэ якімі-небудзь асобамі, што маюць уплыў на палітыку. Папрасіце аб сустрэчы або арганізуйце грамадскія слуханні і запрасіце іх прыняць удзел у гэтых мерапрыемствах.
  • Складзіце петыцыю і збярыце як мага больш подпісаў. Запрасіце журналістаў, калі вы будзеце ўручаць свой зварот таму, на каго збіраецеся паўплываць.
  • Даведайцеся пра абавязацельствы ўрада па выкананні правоў чалавека і аб дагаворах, якія былі ім падпісаны. Звяжыцеся з адвакатамі або НГА, якія працуюць у гэтай галіне, і папрасіце ў іх параду. Затым звярніцеся з лістом да вашага дэпутата ў парламенце або да мясцовага палітыка, што мае дачыненне да вашай праблемы, даведайцеся, якія дзеянні яны ажыццяўляюць, каб забяспечыць выкананне гэтых абавязацельстваў. Інфармуйце СМІ!
  • Пацікаўцеся, якія існуюць механізмы на нацыянальным або міжнародным узроўні, якія вы можаце выкарыстоўваць для звароту са скаргай або запытам у афіцыйны орган.




 

Назіранне за працай паліцыі

LegalTeam – гэта група маладых кансультантаў, актывістаў і экспертаў у сферы прававых адносін, якія працуюць у Расіі. Яны спецыялізуюцца на аказанні юрыдычнай дапамогі і абароне правоў людзей, якія прымаюць удзел у грамадскіх сходах ці дэманстрацыях. Многія з такіх людзей з-за свайго ўдзелу ў такіх мерапрыемствах адчуваюць ціск з боку паліцыі. Аналагічныя ініцыятывы існуюць у многіх краінах.

Група ў Расіі першапачаткова была створана, каб адсочваць і прадухіляць парушэнні правоў чалавека падчас саміту «Вялікай васьмёркі» ў Санкт-Пецярбургу ў 2006 годзе. Затым яна перарасла ў арганізацыю, якая займаецца навучаннем актывістаў заканадаўству аб пратэстнай дзейнасці і таму, як выстаўляць абвінавачанні супраць уладаў, што, магчыма, злоўжываюць сваімі паўнамоцтвамі. Група праводзіць семінары і выпусціла шэраг інфармацыйных матэрыялаў. Іх старонка ў LiveJournal стала віртуальным месцам сустрэчы для дыскусій і кансультацый і служыць сродкам для каардынацыі дзеянняў.
(http://community.livejournal.com/legal_team).

Звяжыцеся з іншымі групамі або рухамі

Пахвальна, калі маладыя людзі ініцыююць свае ўласныя акцыі, але часта бывае карысна прыняць удзел у больш шырокім руху і набрацца вопыту праз сумесную працу з іншымі арганізацыямі. Ёсць шмат арганізацый, як «прафесійных» НГА, так і спантанных нізавых рухаў, якія займаюцца правамі чалавека, і многія з іх будуць рады далучыць да справы маладых людзей і атрымаць іх падтрымку. Памятайце, што сама арганізацыя не заўсёды пазіцыянуе сваю працу як працу ў галіне «правоў чалавека»; аднак займаючыся праблемамі бяздомных, дзіцячай беднасці, гвалту ў сям'і, расізму, дыскрымінацыі і многімі іншымі, арганізацыя, зразумела, дбае пра правы чалавека, незалежна ад таго, заяўляе яна пра гэта прама ці не.

Калі пашанцуе, то адна фантазія можа цалкам пераўтварыць мільён рэальнасцей.
Мая Энджэлау

Маладыя людзі могуць прымаць удзел у кампаніях, якія праводзяцца такімі арганізацыямі, або для больш актыўнага ў іх удзелу могуць прапанаваць дапамогу ў планаванні і падрыхтоўцы мерапрыемства. Нізавыя ініцыятывы, не забяспечаныя належным фінансаваннем, заўсёды будуць рады дапамозе добраахвотнікаў, ды і ў прынцыпе яны даюць больш магчымасцей для праяўлення ўласнай ініцыятывы. Буйнейшыя НГА могуць падзяліцца практычным вопытам у абмен на дапамогу маладых людзей у якасці пазаштатных валанцёраў. Такі шлях дазваляе маладым людзям атрымаць магчымасць папрацаваць з прафесійнымі актывістамі і набыць карысны практычны досвед, а таксама даведацца больш аб рабоце трэцяга сектара.

Пытанне: Ці ведаеце вы, якія мясцовыя арганізацыі займаюцца пытаннямі правоў чалавека? Ці існуюць нейкія канкрэтныя пытанні, якім не надаецца дастатковай увагі?

Рух «Ежа замест бомбаў»

«Ежа замест бомбаў» гэта нізавы рух за мір, які ўзнік у Злучаных Штатах і ў цяперашні час ахоплівае многія краіны свету. Невялікія групы добраахвотнікаў, даведаўшыся пра гэты рух, прапануюць бясплатную вегетарыянскую ежу не толькі бяздомным, але любому, хто пажадае, без усялякіх абмежаванняў. Яны робяць гэта не толькі для таго, каб дапамагчы тым, хто галадае, але і для таго, каб звярнуць увагу на той факт, што перанакіраванне ваенных выдаткаў і ліквідацыя страт і разбазарвання прадуктаў маглі б спыніць голад у свеце. Рух не мае афіцыйнай арганізацыі, але заклікае людзей ствараць «мясцовыя аддзяленні» і раздаваць ежу ў якасці палітычнай акцыі. Аддзяленні руху «Ежа замест бомбаў» існуюць усюды ў ЗША і ў многіх гарадах Еўропы. Для атрымання дадатковай інфармацыі гл. http://www.foodnotbombs.net/.
«Я лічу, што рух «Ежа замест бомбаў» вытрымаў выпрабаванне часам, таму што яго ўдзельнікі могуць адразу бачыць вынік, і потым людзі мяняюцца, калі бачаць, што яны могуць збіраць ежу і непасрэдна ўплываць на жыццё іншых людзей, дзелячыся ежай і раздаючы прадукты. Іншы аспект, які спрыяе даўгавечнасці гэтага руху, закладзены ў нашым прынцыпе не мець лідараў і заахвочваць кожную групу шукаць кансэнсусу пры прыняцці рашэнняў. Добраахвотнікі адчуваюць, што, выконваючы гэту працу, яны дзейнічаюць па сваёй волі, а не па загадзе, і ведаюць, што ніхто не зарабляе грошы на іх працы. Яны нясуць асабістую адказнасць за тое, каб «Ежа замест бомбаў» дзейнічала». Кіт МакГенры, заснавальнік руху «Ежа замест бомбаў»

Прапановы:

  • Высветліце, якія мясцовыя арганізацыі займаюцца праблемамі, што цікавяць групу: арганізуйце сустрэчу з іх прадстаўнікамі і папрасіце групу падумаць пра тое, у чым можа заключацца яе ўдзел.
  • Разгледзьце кампаніі, якія праводзяць больш буйныя вядомыя арганізацыі па правах чалавека, такія як «Урачы без меж», Amnesty International, Save the Children, «Міжнародная федэрацыя лігі за правы чалавека» (FIDH) або «Грынпіс», і абмяркуйце з групай, над якімі праблемамі яны хацелі б папрацаваць і ў якіх кампаніях хацелі б прыняць удзел.
  • Звярніцеся да раздзела «Планаванне і дзеянні» ў гэтай главе і пацікаўцеся, ці не захоча група стварыць сваю ўласную арганізацыю для працы па канкрэтнай праблеме. Яны могуць звязацца з іншымі маладзёжнымі групамі або прыцягнуць сяброў з карыснымі навыкамі і ідэямі для папаўнення сваіх шэрагаў. Менавіта так і ствараюцца арганізацыі па правах чалавека!

«Міжнародны маладзёжны праваабарончы рух»

«Міжнародны маладзёжны праваабарончы рух» (YHRM) з'яўляецца міжнароднай сеткай маладых людзей і арганізацый, галоўным чынам, з краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Маладыя людзі працуюць разам, каб абараняць і прасоўваць ідэі і прынцыпы правоў чалавека, падтрымліваць акцыі адзін аднаго і фарміраваць новае пакаленне абаронцаў правоў чалавека. YHRM паўстаў у 1998 годзе па ініцыятыве невялікай групы маладых людзей. Сёння гэты рух аб'ядноўвае больш за 1000 чалавек з 37 краін. Больш падрабязная інфармацыя даступна на сайце www.yhrm.org.

Збор даных

Маладыя людзі і іх уцягнутасць – «Што вам трэба?»

У невялікім польскім гарадку мясцовае маладзёжнае аб'яднанне было занепакоена нізкім узроўнем уцягнутасці маладых людзей у грамадскае жыццё. Яны ведалі, што мясцовыя ўлады маюць слабае ўяўленне пра моладзь горада і пра яе патрэбы, таму яны вырашылі сабраць інфармацыю для таго, каб даць больш поўную карціну пра інтарэсы моладзі. Яны выкарыстоўвалі цэлы шэраг розных інструментаў і метадаў, напрыклад сацыяльныя сеткі, тэкставыя паведамленні, інтэрв'ю на вуліцах і размовы са сваімі сябрамі, калегамі і сем'ямі. Затым па выніках даследавання група арганізавала публічную выстаўку. З дапамогай экспертаў яны склалі афіцыйны дакумент, выклаўшы ў ім атрыманыя вынікі, і адправілі яго мэру. Гэта быў першы выпадак у горадзе, калі галасы маладых людзей былі пачуты.

Даследаванні і маніторынг з'яўляюцца важнымі інструментамі ў працы любога актывіста як для таго, каб прадставіць групе, якая рыхтуецца да актыўных дзеянняў па пэўным пытанні, карціну патрэб і праблем, так і ў якасці рычагоў уздзеяння на ўлады або сродку інфармавання грамадскасці. Ведаць праблему з розных бакоў неабходна для таго, каб паспяхова планаваць мерапрыемствы. Або, як у прыведзеным вышэй прыкладзе, інфармацыя сама па сабе можа быць эфектыўным спосабам уздзеяння на ўлады.

Як могуць групы займацца зборам інфармацыі, напрыклад такім, які прыведзены вышэй, і быць упэўненымі, што інфармацыя карысная не толькі ім самім, але таксама і для вырашэння канкрэтнага пытання? Іншымі словамі, як быць упэўненым у тым, што збор інфармацыі з'яўляецца не толькі адукацыйнай дзейнасцю, але і пачаткам акцыі?

Спасылкі на практыкаванні:
Паспрабуйце практыкаванне «Галасаваць ці не галасаваць?», каб маладыя людзі набраліся вопыту ў правядзенні даследаванняў.
Выкарыстоўвайце практыкаванне «Сетка жыцця» для вывучэння пытанняў, звязаных з навакольным асяроддзем і яго забруджваннем; затым знайдзіце «вугляродны калькулятар» у Інтэрнэце і дапамажыце ўдзельнікам разлічыць іх вугляродны след.

  • Варта быць упэўненым, што ваша інфармацыя свежая, ці сенсацыйная, ці малавядомая – напрыклад, яна змяшчае даныя пра тое, што ў вашым родным горадзе вось столькі маладых людзей начуюць на вуліцах, даныя пра іх узрост, пра тое, як яны апынуліся на вуліцы і што яны кажуць аб сваіх патрэбах.
  • Падумайце, каму патрэбна інфармацыя і як бы вы хацелі, каб ёю распарадзіліся. Ці паспрабуеце вы самі пераканаць мясцовых палітыкаў або будзеце старацца аказваць на іх ціск праз грамадскую думку альбо ж з дапамогай міжнародных арганізацый?
  • Падумайце аб формах прадстаўлення інфармацыі: напрыклад, выстаўка, падобная той, што была арганізавана польскай групай, можа быць больш прывабнай для шырокай публікі, чым радок статыстычных даных!
  • Таксама праінфармуйце СМІ аб выніках вашага даследавання, нават калі ўздзеянне на іх меркаванні не было галоўнай мэтай вашай акцыі. Гэта стане гарантыяй таго, што ўзнятае вамі пытанне проста так не «разыйдзецца».


 

Маладыя людзі – назіральнікі на выбарах
На парламенцкіх выбарах у Арменіі маладым людзям з гэтай і іншых краін была дадзена магчымасць прыняць удзел у назіранні за выбарамі. Перш за ўсё, быў выпушчаны «Дапаможнік для маладога назіральніка», які змяшчаў усю неабходную інфармацыю для назірання за ходам працэсу выбараў. У дапаможніку былі асветлены прававыя пытанні, растлумачана само паняцце выбараў і іх неабходнасць, расказана аб палітычных партыях, якія дзейнічаюць у Арменіі, і задачах місіі назірання.

Каля 82 маладых людзей прынялі ўдзел у назіранні за выбарамі. Па завяршэнні яны апублікавалі даклад, які быў распаўсюджаны сярод зацікаўленых бакоў.

З ім можна азнаёміцца на сайце Федэрацыі маладзёжных клубаў Арменіі: www.youthclubs.am.