За добрую працу належыць адпаведная аплата!

Агляд

Гэта практыкаванне ўяўляе сабой мадэліраванне перагавораў аб памеры заработнай платы і ўмовах працы паміж працадаўцам і працаўнікамі з удзелам прадстаўнікоў прафсаюза. Сярод іншых абмяркоўваюцца наступныя пытанні:
• Роля прафсаюзаў
• Калектыўныя перагаворы на рабочым месцы
• Правы рабочых

Звязаныя правы

• Права на працу
• Права на справядлівыя ўмовы працы
• Права на стварэнне прафсаюзаў і ўступленне ў іх, права на забастоўку

Мэты

• Пашырыць разуменне працы і ролі прафсаюзаў у грамадзянскай супольнасці
• Развіць навыкі прыняцця рашэнняў метадам кансэнсусу
• Спрыяць актыўнаму ўдзелу ў жыцці грамадства, развіццю пачуцця адказнасці і салідарнасці

Матэрыялы

• Копіі раздатачнага матэрыялу 1 «Сітуацыя», па адной на кожнага ўдзельніка
• Копіі раздатачнага матэрыялу 2 «Кароткі гласарый па тэрміналогіі працоўных адносін», па адной на кожнага ўдзельніка
• Біркі для распазнавання (па жаданні)
• Папера, каляровыя маркеры і ручкі (па жаданні)
• Два памяшканні (пажадана, але неабавязкова)

Падрыхтоўка

• Прачытайце апісанне практыкавання, у тым ліку раздатачныя матэрыялы, каб быць гатовым адказаць на пытанні гульцоў.
• Падрыхтуйце пакой. Расстаўце ў круг пяць крэслаў для прадстаўнікоў бакоў, якія ўдзельнічаюць у перагаворах, і для старшыні пасяджэння. За імі расстаўце крэслы для астатніх удзельнікаў.

Related rights
Key Date
  • 1 маяДзень міжнароднай салідарнасці рабочых

Інструкцыі

1. Раскажыце пра практыкаванне: растлумачце, што яно прадугледжвае інсцэніроўку сустрэчы працадаўцаў, з аднаго боку, з працаўнікамі і прадстаўнікамі прафсаюза – з другога. Канчатковая мэта сустрэчы – дасягнуць пагаднення па пытаннях зарплаты і ўмоў працы працаўнікоў шляхам калектыўных перагавораў.
2. У якасці размінкі папрасіце групу вырашыць, якой будзе назва кампаніі і ў якой галіне яна будзе дзейнічаць. Гэта можа быць рэальная ці выдуманая кампанія, якая вырабляе рэальную ці выдуманую прадукцыю. Няхай удзельнікі прыдумаюць назву і для прафсаюза.
3. Падзяліце ўдзельнікаў на дзве групы ў адносінах 2:1. Меншая група будзе прадстаўляць працадаўцаў, а большая – працаўнікоў і прадстаўнікоў прафсаюза.
4. Раздайце ўдзельнікам копіі матэрыялу 1 «Сітуацыя» і матэрыялу 2 «Кароткі гласарый па тэрміналогіі працоўных адносін». Дайце ўдзельнікам 10 хвілін на азнаямленне з матэрыяламі, затым пераканайцеся, што ўсе іх зразумелі.
5. Коратка абмалюйце, як будзе праходзіць інсцэніроўка. Пасяджэнне арганізавалі працадаўцы, адзін з якіх старшынствуе на ім. Яны першыя выкладуць сваю прапанову, затым настане чарга прафсаюза і працаўнікоў. Пасля гэтага бакі павінны пастарацца прыйсці да пагаднення.
6. Папрасіце ўдзельнікаў узгадніць рэгламент сустрэчы, напрыклад, ці варта абмяжоўваць выступленні ў ходзе перагавораў па часе, скажам, дзвюма хвілінамі? Якая будзе агульная працягласць сустрэчы? Ці будуць кароткія перапынкі для кансультацый прадстаўнікоў з тымі, каго яны прадстаўляюць, і г. д. Хто ўвогуле мае права выступаць акрамя прадстаўнікоў?
7. Пасля высвятлення ўсіх дэталей папрасіце ўдзельнікаў разысціся па сваіх групах для падрыхтоўкі да перагавораў (30 хвілін). Працадаўцы павінны выбраць двух прадстаўнікоў і старшыню пасяджэння. Работнікі і прафсаюз павінны выбраць двух прадстаўнікоў. Затым абедзве групы павінны:
• Распрацаваць новую прапанову і прадставіць яе на пасяджэнні.
• Вызначыць паўнамоцтвы сваіх прадстаўнікоў па вядзенні перагавораў.
• Дамовіцца аб мінімальных патрабаваннях, г. зн. аб найгоршым варыянце і мінімальных умовах, на якія яны будуць гатовы пайсці.
8. Калі групы падрыхтуюцца, запрасіце іх прадстаўнікоў сесці ў пяць крэслаў, якія стаяць кругам, а астатніх – заняць месцы за імі. Дайце старшыні знак адкрыць пасяджэнне.
9. Пасля завяршэння перагавораў зрабіце невялікі перапынак, каб удзельнікі маглі выйсці з роляў, і пераходзьце да аналізу і ацэнкі.

Аналіз і ацэнкаGoto top

Спачатку даведайцеся, ці спадабалася ўдзельнікам практыкаванне, а затым пераходзьце да абмеркавання таго, што адбылося і што новага яны даведаліся:
• Як дзве групы супрацоўнічалі, каб прыняць рашэнне па сваіх першапачатковых прапановах? Складана ім было ці лёгка?
• Ці ўлічвалі групы толькі свае ўласныя інтарэсы пры распрацоўцы першапачатковых прапаноў або таксама прымалі да ўвагі інтарэсы кампаніі?
• Ці распрацавалі групы канкрэтную тактыку вядзення перагавораў?
• Як прайшло пасяджэнне? Ці ўсе жадаючыя мелі магчымасць выказацца?
• Ці здолелі бакі прыйсці да ўзаемапрымальнага рашэння?
• Права быць членам прафсаюза – гэта прызнанае права чалавека. Наколькі важнае гэта права? Якімі былі б наступствы адсутнасці гэтага права?
• Наколькі добра людзі ведаюць, што такое прафсаюзы і чым яны займаюцца?
• Наколькі моцныя прафсаюзы ў вашай краіне? Ці ёсць у вас арганізацыі працадаўцаў?
• Ці ёсць сярод удзельнікаў члены прафсаюзаў? Чаму яны ўступілі ў прафсаюз? У чым плюсы і мінусы такога рашэння?

Парады для фасілітатараўGoto top

Перш чым праводзіць гэта практыкаванне, неабходна высветліць грамадскае меркаванне і агульнае стаўленне да прафсаюзаў у вашай краіне. Напрыклад, гэта ідэя можа сустрэць супраціўленне ў былых сацыялістычных краінах, дзе яшчэ памятаюць той час, калі прафсаюзы абвяшчаліся «школай камунізму». У такім выпадку, магчыма, варта пачаць практыкаванне з разбору ўяўленняў і стэрэатыпаў аб прафсаюзах у грамадстве. Вы таксама можа папрасіць удзельнікаў звязацца з мясцовай прафсаюзнай арганізацыяй, каб атрымаць інфармацыю з першых рук, і правесці дадатковыя даследаванні па праблемах працоўных адносін у іх краіне. Акрамя таго, можаце падкрэсліць важнасць і актуальнасць прафсаюзаў у абароне правоў працаўнікоў незалежна ад палітычнай сістэмы.

У залежнасці ад групы можа спатрэбіцца даць дадатковыя рэкамендацыі па працэсе вядзення калектыўных перагавораў. Вы можаце даць удзельнікам некалькі падказак па асноўных пытаннях, якія варта ўлічыць падчас распрацоўкі пазіцый і прапаноў, напрыклад:
• Ці згодны працаўнікі адмовіцца ад павышэння зарплаты ў інтарэсах захавання ўсіх працоўных месцаў?
• Звальненне якіх катэгорый працаўнікоў было б прымальным у выпадку непазбежнасці скарачэння штату?
• Ці рэалістычныя вашы прапановы? Ці не пацягнуць яны за сабой занадта цяжкія эканамічныя наступствы для кампаніі?

Дайце сустрэчы і перагаворам ісці сваім парадкам. Калі, напрыклад, працаўнікі і прафсаюзы лічаць мэтазгодным аб'явіць забастоўку для дасягнення сваіх мэт, забяспечце іх фламастарамі і паперай, каб яны маглі падрыхтаваць плакаты для ўдзельнікаў пікета. Калі ж працадаўцы вырашаць не дапускаць рабочых да працы, г. зн. абвясціць лакаўт, падрыхтуйце другі пакой, куды маглі б пайсці рабочыя.

У большасці краін Еўропы калектыўныя перагаворы рэгламентуюцца законам. Можа быць, мае сэнс знайсці тэкст такога закона і зрабіць копіі яго важнейшых артыкулаў, каб удзельнікі маглі рэалізаваць увесь патэнцыял гэтага практыкавання.

ВарыянтыGoto top

Яшчэ адным прыкладам сітуацыі, якая патрабуе перагавораў аб правах, з'яўляецца пасяджэнне ў школе, прысвечанае канфлікту з-за «праблемнага» навучэнца. У пасяджэнні могуць прыняць удзел навучэнец і яго бацькі, з аднаго боку, і дырэктар разам з прадстаўнікамі школьнай адміністрацыі і бацькоўскага камітэта – з другога.

Прапановы па далейшай працыGoto top

Запрасіце прадстаўніка прафсаюза выступіць перад удзельнікамі. Тэлефоны прафсаюзаў вы знойдзеце ў мясцовым тэлефонным даведніку. Як правіла, прафсаюзы з гатоўнасцю адгукаюцца на такія просьбы, імкнучыся быць бліжэй да моладзі, і гэта стане для вас цудоўнай магчымасцю!

Калі групе спадабалася абмяркоўваць такія ідэі, ёй можа прыйсціся даспадобы практыкаванне «Дзе вы стаіце?», у якім удзельнікі павінны адстойваць свае погляды па цэлым шэрагу пытанняў, звязаных з правамі чалавека.

Ідэі для дзеянняGoto top

Знайдзіце інфармацыю аб правах працоўных у вашай краіне. Незалежна ад таго, поўная ў вас занятасць ці вы зарабляеце на «кішэнныя» выдаткі, няпоўны ў вас працоўны дзень або вы рабочы-студэнт ці заняты на летніх работах, пацікаўцеся, якія ў вас ёсць правы, напрыклад права на больш высокую аплату начной працы або працы ў выхадныя дні, права быць добрасумленным падаткаплацельшчыкам, права на страхаванне, на выкарыстанне належнага абсталявання і г. д.; таксама вывучыце заканадаўства аб ахове здароўя і бяспекі.
Распрацуйце разам з мясцовым прафсаюзам праект з мэтай папулярызацыі прафсаюзнага руху сярод моладзі.

Дадатковая інфармацыяGoto top

Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў (МКП) прадстаўляе інтарэсы 176 мільёнаў працаўнікоў у 151 краіне і адміністрацыйнай тэрыторыі і мае 301 нацыянальны філіял. Яна штогод расследуе выпадкі парушэння прафсаюзных правоў і публікуе падрабязныя справаздачы пра выпадкі абмежавання правоў, напрыклад, на ўступленне ў прафсаюзы, на забастоўкі, на вядзенне калектыўных перагавораў і абарону працаўнікоў ва ўсіх краінах свету, уключаючы многія краіны Еўропы. Гл. www.ituc-csi.org.

Заўвага

Гэта практыкаванне падрыхтавана пры ўдзеле брытанскага прафсаюза GMO, Еўрапейскага прафсаюзнага каледжа (ETUCO) і Асацыяцыі па еўрапейскай падрыхтоўцы рабочых да ўздзеяння новых тэхналогій (AFETT).

23 сакавіка 2010 г. МКП распачала кампанію з мэтай звязаць прафсаюзную дзейнасць ва ўсім свеце з працаўладкаваннем моладзі і яе ўдзелам у розных арганізацыях. У новай Маладзёжнай кампаніі выкарыстоўваецца шырокі набор інструментаў, уключаючы відэапрадукцыю, сацыяльныя сеткі, плакаты і вэб-сайты, а таксама спецыяльнае кіраўніцтва па правядзенні кампаніі.
Больш звестак аб удзеле моладзі ў прафсаюзах можна знайсці ў раздзеле дадатковай інфармацыі па тэме працы ў главе 5.

 

 

Раздатачныя матэрыялыGoto top

PDFDownload as PDF

Раздатачны матэрыял 1. Сітуацыя

Дзеянне адбываецца на пасяджэнні з удзелам працадаўцаў і працаўнікоў, а таксама прадстаўнікоў прафсаюза, чые спробы прыйсці да згоды па пытанні аб павышэнні заработнай платы зайшлі ў тупік.
Фабрыка працуе кругласутачна 365 дзён у год. На прадпрыемстве налічваецца 1000 працаўнікоў, у тым ліку кіраўніцтва. Усе рабочыя – члены прафсаюза.
Фірма перажывае фінансава-эканамічныя цяжкасці, але банкруцтва ёй пакуль не пагражае. Прыбыткі застаюцца высокімі, але за апошні год з-за спаду ў галіне пайшлі на спад і яны. За апошнія тры гады рэальная зарплата знізілася на 3 %, колькасць занятых скарацілася на 10 %.
Работнікі патрабуюць павышэння зарплаты адпаведна павышэнням у іншых галінах прамысловасці.

Кіраўніцтва ў сваю чаргу заявіла, што любое павышэнне зарплаты пацягне за сабой скарачэнне штату. Яно прапанавала работнікам і прафсаюзу абмеркаваць наступны варыянт:
• Павышэнне стаўкі зарплаты па індывідуальных кантрактах на 4 % (бягучая інфляцыя складае 2 % у год) на працягу года.
• Налічэнне зарплаты, зыходзячы з колькасці гадзін, адпрацаваных за год, а не за дзень ці тыдзень, і адмена звышурочнай працы.
• Скарачэнне штату (на 10 % у першую чаргу за кошт сумяшчальнікаў, занятых няпоўны час і стажораў па прынцыпе «апошнім наняты – першым звольнены») і звальненне па ўласным жаданні.

Прапанову кіраўніцтва агульны сход працаўнікоў адхіліў, асцерагаючыся значнага пагаршэння ўмоў (на той час у 40 % працаўнікоў плата за звышурочныя складала значную частку зарплаты). Прафсаюзы і працаўнікі прадставілі сустрэчную прапанову:
• Павысіць стаўкі на 9 % за два гады.
• Звышурочныя і прэміяльныя пакінуць без змен.
• Штат не скарачаць, а любых працаўнікоў, звольненых па скарачэнні штатаў, адправіць на перападрыхтоўку за кошт прадпрыемства.
• Калі кампанія не задаволіць патрабаванні, працаўнікі пачнуць забастоўку.

Гэта сустрэчная прапанова была адхілена кіраўніцтвам, якое сцвярджала, што прапанаваныя прафсаюзам і працаўнікамі захады не вырашаюць праблем кампаніі.
Перамовы працягваюцца ўжо два месяцы.
Палітыка кампаніі прадугледжвае правядзенне спецыяльнага пасяджэння з удзелам усіх зацікаўленых бакоў у выпадку недасягнення згоды за два месяцы. Менавіта гэта пасяджэнне і з'яўляецца тэмай інсцэніроўкі. На ім абодва бакі павінны прадставіць новыя, рэалістычныя прапановы, каб закласці аснову для дасягнення ўзаемапрымальнага пагаднення.
Усяго за сталом перагавораў павінна знаходзіцца пяць чалавек: два прадстаўнікі кіраўніцтва, старшыня пасяджэння (прызначаны працадаўцамі) і два прадстаўнікі прафсаюза. Паколькі спецыяльнае пасяджэнне праходзіць адкрыта, на ім могуць прысутнічаць усе працаўнікі.

 

Раздатачны матэрыял 2. Кароткі гласарый па тэрміналогіі працоўных адносін

Калектыўныя перагаворы: Гэта працэс перагавораў, падчас якога прадстаўнікі працадаўцаў і працаўнікоў імкнуцца сумеснымі намаганнямі дасягнуць пагаднення і вырашыць такія пытанні, як памер заработнай платы і ўмовы працы.
Лакаўт: Адзін з самых радыкальных спосабаў праяўлення ўлады працадаўца.
Пры лакаўце працадавец забараняе работнікам з'яўляцца на працоўным месцы, г. зн., літаральна пакідае іх за дзвярыма прадпрыемства, спрабуючы прымусіць іх прыняць свае патрабаванні.
Скарачэнне штату: Скарачэнне штату адбываецца тады, калі працаўнікоў звальняюць з прычыны рашэння працадаўцы спыніць свой бізнес. Звольненыя па скарачэнні могуць мець права на адпаведныя выплаты ў якасці кампенсацыі.

Выхадная дапамога:

Калі пастаянны працаўнік звольнены несправядліва ці з прычыны рэарганізацыі кампаніі, ён мае права на атрыманне кампенсацыі, названай выхадной дапамогай. Памер выхадной дапамогі звычайна вызначаецца, зыходзячы з былой зарплаты працаўніка, напрыклад, яна можа быць роўнай тыднёвай зарплаце, памножанай на колькасць прапрацаваных гадоў.
Забастоўка: Права на забастоўку з'яўляецца асноўным сацыяльным правам чалавека, якое разглядаецца як неабходны элемент паспяховых калектыўных перагавораў і сродак ураўнаважвання першапачаткова няроўных адносін паміж працадаўцам і работнікам. Забастоўка – гэта адмова працаўнікоў ад выканання работы або стварэнне перашкод для яе выканання. Рабочыя не могуць абвясціць забастоўку, калі ім захочацца. Для гэтага ім неабходна выканаць шэраг умоў, якія звычайна апісваюцца ў заканадаўстве і адрозніваюцца ад краіны да краіны.
Прафсаюз: Прафсаюз – гэта аб'яднанне, якое існуе для абароны інтарэсаў працаўнікоў, уключаючы ў пытаннях аплаты і ўмоў працы. Прафсаюз звычайна прадстаўляе рабочых на перагаворах з працадаўцамі. У многіх краінах прафсаюзы аб'яднаны ў канфедэрацыі.

 

КОМПАС

Дапаможнік па адукацыі ў галіне правоў чалавека з удзелам моладзі