Image: Theme 'Disability and Disablism' by Pancho

Што такое інваліднасць?

Інваліднасць не з’яўляецца індывідуальнай характарыстыкай, а хутчэй уяўляе сабой складаны набор умоў, многія з якіх ствараюцца сацыяльным асяроддзем.
Міжнародная класіфікацыя функцыянавання, абмежавання жыццядзейнасці і здароўя, 2002 г. (СААЗ)

Агульнапрызнанага вызначэння «інваліднасці» не існуе, хаця былі зроблены шматлікія спробы, каб яго вызначыць. Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) у сваёй Міжнароднай класіфікацыі функцыянавання, абмежавання жыццядзейнасці і здароўя (МКФ) улічвае сацыяльныя аспекты інваліднасці і не разглядае інваліднасць толькі як разлад медыцынскага або біялагічнага характару. СААЗ вылучае два асноўныя паняцці:
Парушэнне: любая страта або ненармальнасць псіхічнай, фізіялагічнай ці цялеснай структуры або функцый, напрыклад параліч ці слепата.
Інваліднасць: любое абмежаванне або адсутнасць (звязаная з парушэннем) магчымасці выконваць дзейнасць пэўным чынам або ў межах, якія лічацца нармальнымі для чалавека1.

У Канвенцыі ААН аб правах людзей з інваліднасцю (2006 г.) сцвярджаецца, што «інваліднасць – гэта паняцце, якоеэвалюцыяніруе, і што інваліднасць з'яўляецца вынікам узаемадзеяння, якое адбываецца паміж людзьмі з разладамі ібар'ерамі, абумоўленымі міжасабовымі адносінамі і асяроддзем, і якое замінае іх поўнаму і эфектыўнаму ўдзелу ў жыцціграмадства нароўні з іншымі». У адпаведнасці з артыкулам 1 «Да людзей з інваліднасцю адносяцца асобы з устойлівыміфізічнымі, псіхічнымі, інтэлектуальнымі ці сэнсарнымі парушэннямі...»2. Тая ступень, у якой гэтыя парушэнні пазбаўляюць чалавека магчымасцяў, залежыць ад узроўню бар'ераў, якія існуюць у грамадстве.

У апошні час міжнародныя арганізацыі занялі пазіцыю, якая зводзіцца да таго, што наяўнасць інваліднасці – гэта вынік дынамічнага ўзаемадзеяння, з аднаго боку, паміж здароўем асобы і іншымі асабістымі фактарамі (такімі як узрост, пол, асаблівасці характару або ўзровень адукацыі) і, з іншага боку, сацыяльным і фізічным асяроддзем, у якім яна знаходзіцца. Гэты падыход называецца «сацыяльнай мадэллю інваліднасці».

Хто такія людзі з інваліднасцю?

Інваліднасць – гэта пытанне ўспрымання. Нават калі вы можаце рабіць добра хоць нешта адно, вы камусьці патрэбны.
Марціна Наўрацілава

Паводле ацэнак СААЗ, больш за адзін мільярд людзей, а гэта значыць каля 15 % насельніцтва свету, маюць тую ці іншую форму інваліднасці3 і толькі ў прыкладна 5 % гэтыя формы інваліднасці з'яўляюцца прыроджанымі. 80 % асоб з інваліднасцю жывуць у краінах, якія развіваюцца, паводле Праграмы развіцця ААН (ПРААН)4. Сусветны банк лічыць, што 20 % самых бедных людзей у свеце маюць інваліднасць.5
Людзі з інваліднасцю лічацца самай вялікай меншасцю ў свеце, але ў адрозненне ад большасці іншых груп меншасцей гэта група заўсёды адкрыта: кожны з нас можа стаць яе ўдзельнікам у любы час у выніку няшчаснага выпадку, захворвання або старэння. Такім чынам, інваліднасць – гэта частка чалавечай сутнасці. У пераважнай колькасці выпадкаў інваліднасць, як мяркуецца, з'яўляецца вынікам сацыяльных, эканамічных ці палітычных фактараў, няшчаснага выпадку або ўзброенага канфлікту. У цяперашні час існуе больш фактараў, якія прыводзяць да парушэння здароўя, у тым ліку забруджванне навакольнага асяроддзя, ВІЧ/СНІД і ўжыванне наркатычных рэчываў. Інваліднасць – гэта пытанне развіцця з-за двухбаковай сувязі з беднасцю: інваліднасць можа павялічваць рызыку беднасці, а беднасць можа павялічваць рызыку інваліднасці.6 Да 50 % выпадкаў інваліднасці можна было б папярэдзіць, і яны непасрэдна звязаны з беднасцю.7

Паводле дадзеных СААЗ, каля 10 % дзяцей і моладзі ў свеце, прыкладна 200 мільёнаў, маюць сэнсарныя, інтэлектуальныя ці псіхічныя парушэнні здароўя.

Групы ў супольнасці людзей з інваліднасцю могуць мець аднолькавую сацыяльна-культурную гісторыю. Некаторыя групы маюць агульную мову, напрыклад амерыканскую ці французскую мову жэстаў, шрыфт Брайля або нават некаторыя асобныя тэрміны, якія яны выкарыстоўваюць у размове пра інваліднасць ці пра сябе. Яны часта маюць агульныя звычаі і традыцыі, напрыклад, святкаванні, прысвечаныя ўсведамленню аб інваліднасці і гонару. Сёння да людзей з інваліднасцю часта ставяцца як да асобнай культурнай групы ў разнастайным грамадстве. Культура інваліднасці можа прызнаваць і ўшаноўваць жыццё людзей з інваліднасцю, сцвярджаючы пры гэтым, што яно неабавязкова трагічнае і не павінна абясцэньвацца.

Пытанне: Якія вы ведаеце фільмы ці кнігі, дзе героямі з’яўляюцца людзі з інваліднасцю? Ці ствараюць яны станоўчы вобраз інваліднасці?

Інваліднасць як пытанне правоў чалавека

Еўгеніка і пагроза жыццю

Дзяржавам трэба садзейнічаць змяненню негатыўнага стаўлення да пытанняў шлюбу людзей з інваліднасцю, іх палавога жыцця і права мець дзяцей, якое па-ранейшаму пераважае ў грамадстве, асабліва ў дачыненні дзяўчат і жанчын з інваліднасцю.
Стандартныя правілы ААН забеспячэння роўных магчымасцей для людзей з інваліднасцю

Права на жыццё з'яўляецца самым асноўным правам чалавека; аднак на працягу гісторыі былі эпохі, калі жыццё людзей з інваліднасцю знаходзілася пад пагрозай, паколькі яны ўяўлялі сабой меншую каштоўнасць у параўнанні з «нармальнымі» людзьмі. Тэорыя сацыяльнага дарвінізму і звязаны з гэтым еўгенестычны рух прасоўвалі ідэю аб тым, што чалавечы «генетычны фонд» мог бы быць палепшаны дзякуючы ўмяшанню чалавека, і адыгралі сур'ёзную ролю ў тым, што на людзей з інваліднасцю прыклейвалі ярлыкі «людзей другога сорту». Еўгеніка дасягнула свайго піку ў нацысцкай Германіі, што прывяло да забойства больш чым 200 000 людзей з інваліднасцю, якія сталі самымі першымі ахвярамі канцэнтрацыйных лагераў падчас Другой сусветнай вайны.8 І хоць гэты рух у значнай ступені быў дыскрэдытаваны, ідэі і практыкі еўгенікі працягваюць існаваць у розных формах і ў наш час. У тым ліку гэта тычыцца прымусовай стэрылізацыі і селектыўных абортаў. Негатыўная еўгеніка – гэта тэрмін, які даецца дзейнасці, мэтай якой з’яўляецца процідзеянне або забарона людзям, якіх лічаць «непрыдатнымі» для нараджэння дзяцей, мець патомства. З развіццём медыцынскай навукі ідэі неаеўгенікі знаходзяць новых прыхільнікаў. Дародавыя даследаванні і амніяцэнтэз даюць будучым бацькам магчымасць вырашаць, «хто павінен і хто не павінен жыць у гэтым свеце».

Прымусовая стэрылізацыя ў Еўропе

Пяць праваабарончых груп аб'ядналіся супраць прымусовай стэрылізацыі жанчын з інваліднасцю ў Францыі. У жніўні 2011 года яны падалі пісьмовыя каментарыі9 Еўрапейскаму суду па правах чалавека наконт справы «Гоэр (Gauer) і іншыя супраць Францыі»10, узбуджанай па заяве пяці маладых жанчын з псіхічнымі расстройствамі, якія былі стэрылізаваны без інфармавання ці згоды. Заяўнікі сцвярджалі, што былі парушаны іх права на сямейнае жыццё, права на ўступленне ў шлюб і на тое, каб не падвяргацца зневажальнаму абыходжанню і дыскрымінацыі, як гэта прадугледжана ў Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека. Кааліцыя з пяці груп чакае, што Суд прыме станоўчае рашэнне і тым самым умацуе аўтаномію жанчын з інваліднасцю ў дачыненні да іх рэпрадуктыўнага здароўя. На момант падрыхтоўкі дадзенага выдання рашэнне па гэтай справе яшчэ не было прынята.

Права выбіраць?

Рух за правы людзей з інваліднасцю часта ўздымаў пытанне пра «селектыўныя аборты», або аборты з улікам парушэнняў эмбрыёна. У той час як рух за правы жанчын, які заклікае да каштоўнасцей свабоды і самастойнасці жанчын, як правіла, прызнае безумоўнае права жанчын на аборт, актывісты, якія змагаюцца за правы людзей з інваліднасцю, рашуча выступаюць супраць селектыўных абортаў. Яны заяўляюць, што будучых бацькоў неабходна забяспечыць аб'ектыўнай і непрадузятай інфармацыяй аб інваліднасці і прапанаваць падтрымку. Калі б гэта выконвалася, то верагодна, што менш жанчын вырашалі б рабіць аборт у сувязі з адхіленнямі ў эмбрыёна. Стандартныя правілы ААН па забеспячэнні роўных магчымасцей для людзей з інваліднасцю (1993 г.) садзейнічаюць у той ці іншай меры прызнанню не толькі права людзей з інваліднасцю мець сексуальныя адносіны і быць бацькамі, але і неабходнасці пераадольваць забабоны супольнасцей у гэтай сувязі. Канвенцыя ААН аб правах людзей з інваліднасцю вызначае права на тое, каб не падвяргацца катаванням і жорсткаму абыходжанню, мець павагу прыватнага і сямейнага жыцця, мець сям'ю і не падвяргацца дыскрымінацыі па прыкмеце інваліднасці.

Пытанне: Ці трэба бацькам дазваляць рабіць аборт на падставе таго, што ў эмбрыёна ёсць парушэнні развіцця? Што можна лічыць парушэннем?

Рух за правы людзей з інваліднасцю

Мне таксама не падабаюцца людзі, якія ў размове са мной спрабуюць апусціцца да майго разумення. Яны падобныя да тых, хто, ідучы разам з вамі, спрабуе скараціць свае крокі да памераў вашых; у абодвух выпадках крывадушнасць выклікае аднолькавае раздражненне.
Хелен Келер, актывіст супольнасці слепаглухіх і аўтар

Найбольш актыўныя і добра арганізаваныя рухі за правы людзей з інваліднасцю дамагліся ключавых змяненняў у парадыгме – змены ад стаўлення да інваліднасці як да асабістай трагедыі да стаўлення да інваліднасці як да пытання правоў чалавека. Дзейнасць такіх рухаў у падтрымку людзей з інваліднасцю прывяла да таго, што да гэтага пытання ставяцца зыходзячы з прынцыпу «нічога ў дачыненні да нас без нас». Адбыўся зрух палітыкі ад медыцынскай да сацыяльных мадэляў і мадэляў, заснаваных на правах чалавека: ад «пацыента» да грамадзяніна. Асноўнае пытанне складаецца ў тым, што людзі з інваліднасцю павінны валодаць такімі ж правамі, як і ўсе іншыя людзі, і што дыскрымінацыя па прыкмеце інваліднасці павінна быць поўнасцю забаронена.

Медыцынская і сацыяльная мадэлі інваліднасці

Да 1970-х гадоў людзі з інваліднасцю разглядаліся як ахвяры медыцынскай няўдачы і абставін, якія заслугоўвалі толькі жалю. Гэта былі асноўныя характарыстыкі «медыцынскай мадэлі» інваліднасці, у якой праблема выразна асацыявалася з чалавекам, і пры гэтым зыходзілі з таго, што яе можа ліквідаваць медыцынскім «лячэннем».
На фоне гэтай дамінуючай мадэлі асноўнае змяненне ў мысленні адбылося ў 1960-х гадах, першапачаткова ў ЗША, са з’яўленнем «руху за незалежнае пражыванне». Гэта змяненне парадыгмы звязвае рашэнне праблемы інваліднасці са зменай у грамадстве і ліквідацыяй бар'ераў. Такое разуменне інваліднасці адносіцца да «сацыяльнай мадэлі». Увага засяроджваецца на ліквідацыі бар'ераў, прасоўванні станоўчага стаўлення і забеспячэнні таго, каб законы і палітыкі падтрымлівалі поўны ўдзел і недыскрымінацыю. Маецца на ўвазе, што індывідуальныя і калектыўныя праблемы, з якімі сутыкаюцца людзі з інваліднасцю, з'яўляюцца вынікам комплекснай інстытуцыйнай дыскрымінацыі, якая глыбока ўкаранілася ў нашым грамадстве, як сексізм або расізм.

Медыцынская мадэль падыходу да людзей з інваліднасцю: Сацыяльная мадэль падыходу да людзей з інваліднасцю:
Што з вамі здарылася? Што здарылася з грамадствам? Якія сацыяльныя, эканамічныя, палітычныя і (або) экалагічныя ўмовы трэба змяніць, каб забяспечыць усім людзям з інваліднасцю поўную рэалізацыю ўсіх правоў?
Вашы цяжкасці ў разуменні людзей у асноўным узнікаюць з-за праблем са слыхам? Вашы цяжкасці ў разуменні людзей у асноўным узнікаюць з-за іх няздольнасці мець зносіны з вамі?
Вы пераехалі сюды з-за вашых праблем са здароўем? Якія недахопы вашых жыллёвых умоў сталі прычынай вашага пераезду сюды?
Ці мяшаюць праблемы са здароўем/ваша інваліднасць выходзіць вам так часта ці так далёка, як вам таго хацелася б? Ці існуюць транспартныя ці фінансавыя праблемы, з-за якіх вы не можаце выходзіць так часта ці так далёка, як вам таго хацелася б?12
   

Падыход да інваліднасці, заснаваны на правах чалавека, накіраваны на пашырэнне правоў асоб з інваліднасцю і забеспячэнне іх актыўнага ўдзелу ў палітычным, эканамічным, сацыяльным і культурным жыцці ў такой форме, у якой паважаюцца і ўлічваюцца іх адрозненні.
Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека

 

Сёння ў многіх краінах па-ранейшаму дамінуе медыцынская мадэль, а сацыяльная мадэль яшчэ не знайшла ўсеагульнага прызнання і прымянення. Нягледзячы на тое, што ў сацыяльнай мадэлі асаблівая ўвага надаецца сацыяльным фактарам, яна можа выпускаць з-пад увагі некаторыя найважнейшыя індывідуальныя фактары, напрыклад боль, звязаны з крайняй формай інваліднасці. Адзін актывіст з інваліднасцю выказаўся наступным чынам: «Мы можам настойваць на тым, што грамадства пазбаўляе нас магчымасцей у выніку сваіх забабонаў і няздольнасці задаволіць патрэбы, звязаныя з інваліднасцю; аднак адмаўленне асабістага вопыту інваліднасці, у рэшце рэшт, азначае ўдзел у нашым падаўленні».13 Актывісты з інваліднасцю прызнаюць, што сацыяльная мадэль не павінна абмяжоўвацца выказваннем, што «інваліднасць ствараецца асяроддзем». Яны сцвярджаюць, што важна не разглядаць людзей з інваліднасцю ні як пасіўных ахвяр медыцынскіх парушэнняў, ні як пасіўных ахвяр асяроддзя. Наадварот, іх неабходна ўспрымаць як актыўных удзельнікаў, якія валодаюць усімі правамі і здольны самастойна распараджацца сваім уласным жыццём.

Сістэмы сацыяльнай абароны часта перашкаджалі таму, каб людзі з інваліднасцю ажыццяўлялі поўны кантроль над сваім жыццём. Замест гэтага такія сістэмы павінны спрыяць іх актыўнаму ўдзелу ў жыцці грамадства. Гэта, аднак, павінна спалучацца з прызнаннем таго, што людзі з інваліднасцю маюць права на сацыяльную падтрымку, незалежна ад іх патэнцыяльнага ўкладу ў грамадства. Уключэнне людзей з інваліднасцю патрабуе таксама распрацоўкі палітыкі і праграм, якія б ліквідавалі бар'еры і гарантавалі ажыццяўленне грамадзянскіх, культурных, эканамічных, палітычных і сацыяльных правоў.

Роўнасць і недыскрымінацыя

Сусветная канферэнцыя па правах чалавека яшчэ раз пацвярджае, што ўсе правы чалавека і асноўныя свабоды з’яўляюцца ўсеагульнымі і тым самым бясспрэчна ахопліваюць асоб з інваліднасцю.
Дэкларацыя Сусветнай канферэнцыі па правах чалавека, 1993 г.

Большая частка занепакоенасці, звязанай з правамі чалавека ў кантэксце інваліднасці, адносіцца да дыскрымінацыі. Людзям з інваліднасцю належаць тыя ж правы чалавека, што і людзям, якія не маюць інваліднасці, аднак яны падвяргаюцца прамой і ўскоснай дыскрымінацыі і ізаляцыі амаль ва ўсіх сферах жыцця.
Гэта адбываецца або з-за забабонаў у грамадстве, або з-за структурных праблем у грамадстве, або з-за іх уласных парушэнняў здароўя. Гэта азначае, што ім часта патрэбны станоўчыя ўмовы з боку грамадства, каб у іх былі роўныя шанцы на ўдзел. У прыватнасці, гэта мае дачыненне да такіх сфер, як доступ да інфармацыі, аховы здароўя, адукацыі і занятасці. Станоўчыя меры накіраваны на прасоўванне прадстаўніцтва пэўных груп, якія традыцыйна пакутавалі ад дыскрымінацыі, з мэтай стварэння больш раўнапраўнага грамадства.

Разумнае прыстасаванне

Недыскрымінацыя ўключае паняцце разумнага прыстасавання, якое павінна быць прадугледжана для людзей з інваліднасцю. Разумнае прыстасаванне азначае ўнясенне, калі гэта трэба ў канкрэтным выпадку, неабходных і прыдатных мадыфікацый і змен, што не з’яўляюцца несуразмерным або неапраўданым цяжарам, у мэтах забеспячэння рэалізацыі або ажыццяўлення людзьмі з інваліднасцю нароўні з іншымі ўсіх правоў чалавека і асноўных свобод14. Такое разумнае прыстасаванне прымяняецца, напрыклад, да тых выпадкаў, калі людзі з інваліднасцю забяспечваюцца адаптаванымі рашэннямі і доступам да інфармацыі, транспарту, працоўнага месца, аб’ектаў і паслуг. Агульная мэта гэтага – садзейнічаць удзелу чалавека ў жыцці супольнасці.

Інваліднасць і дакументы ў галіне правоў чалавека

Поўны спіс ключавых дакументаў, якія былі прыняты раней за КПЛІ ААН, можна знайсці на вэб-сайце http://www.hrea.org

Аб інваліднасці не гаворыцца канкрэтна ні ў адным з асноўных міжнародных дакументаў у галіне правоў чалавека, распрацаваных да 1961 года, калі была прынята Еўрапейская сацыяльная хартыя – першы міжнародны дагавор, які змяшчаў дакладныя палажэнні аб правах людзей з інваліднасцю. У дадатак да Міжнароднага біля аб правах правы людзей з інваліднасцю канкрэтна разглядаюцца ў наступных асноўных дакументах:

1971 г. Дэкларацыя аб правах разумова адсталых15
1975 г. Дэкларацыя аб правах людзей з інваліднасцю
1982 г. Сусветная праграма дзеянняў у адносінах да людзей з інваліднасцю
1983–1992 гг. Міжнароднае дзесяцігоддзе людзей з інваліднасцю
1993 г. Стандартныя правілы ААН забеспячэння роўных магчымасцей для людзей з інваліднасцю
1993 г. Венская дэкларацыя аб правах чалавека
2006 г. Канвенцыя ААН аб правах людзей з інваліднасцю (КПЛІ ААН)

Да ўступлення ў сілу Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю ААН Канвенцыя аб правах дзіцяці была адзіным прававым інструментам ААН, якая відавочна забараняла дыскрымінацыю на падставе інваліднасці.

Распрацоўцы многіх асноўных дакументаў у галіне правоў чалавека быў нададзены імпульс з боку рухаў людзей з інваліднасцю. У той час як асноўныя міжнародныя дакументы ў галіне правоў чалавека прапаноўваюць значныя магчымасці для прасоўвання і абароны правоў людзей з інваліднасцю, у поўнай меры да гэтага часу гэтыя магчымасці так і не былі выкарыстаны. Гэта і стала асноўнай прычынай распрацоўкі новай Канвенцыі ААН аб правах людзей з інваліднасцю.

Канвенцыя ААН аб правах людзей з інваліднасцю

Дадзеная Канвенцыя была прынята ў 2006 годзе і з'яўляецца першым юрыдычна абавязвальным міжнародным дакументам ААН па пытаннях інваліднасці, у якім выкладаюцца тыя мінімальныя стандарты, што павінны выконваць урады для забеспячэння таго, каб людзі з інваліднасцю маглі б эфектыўна карыстацца сваімі грамадзянскімі, палітычнымі, эканамічнымі і сацыяльнымі правамі. Канвенцыя яўна прызнае інваліднасць як пытанне правоў чалавека. Хаця Канвенцыя не стварае новых правоў, яна выразна забараняе дыскрымінацыю ў дачыненні да людзей з інваліднасцю ва ўсіх сферах жыцця, у тым ліку ў дачыненні да грамадзянскіх правоў, доступу да правасуддзя і права на адукацыю, паслуг аховы здароўя і доступу да транспарту. Факультатыўны пратакол да КПЛІ ААН дае магчымасць звяртацца ў Камітэт КПЛІ з боку асоб і груп асоб, якія заяўляюць, што іх правы былі парушаны дзяржавамі – удзельнікамі Пратакола16.

Пачынаючы з 2006 года, 105 дзяржаў ратыфікавалі і 153 дзяржавы падпісалі КПЛІ ААН; Факультатыўны пратакол да КПЛІ ААН падпісалі 90 дзяржаў і ратыфікавалі 63 дзяржавы. (даныя па стане на верасень 2011 года)

У Канвенцыі падкрэсліваецца больш высокая рызыка беднасці для людзей з інваліднасцю і адзначаецца шматлікая дыскрымінацыя, з якой сутыкаюцца меншасці, жанчыны ці дзяўчаты з інваліднасцю. Асабліва важна тое, што Канвенцыя падкрэслівае ўнікальнае абавязацельства актыўна ўцягваць арганізацыі грамадзянскай супольнасці людзей з інваліднасцю ў яе выкананне. У артыкуле 3 Канвенцыі вызначаюцца галоўныя прынцыпы, якія служаць тлумачэнню і ажыццяўленню Канвенцыі:

  • Павага годнасці, якая ўласціва чалавеку, і яго асабістай самастойнасці, у тым ліку свабоды рабіць свой уласны выбар, і незалежнасці асоб
  • Недыскрымінацыя
  • Поўнае і эфектыўнае ўцягванне і ўключэнне ў жыццё грамадства
  • Павага асаблівасцей людзей з інваліднасцю і іх прыняцце ў якасці кампанента людской разнастайнасці і часткі чалавецтва
  • Роўнасць магчымасцей
  • Даступнасць
  • Роўнасць мужчын і жанчын
  • Павага развіцця здольнасцей дзяцей з інваліднасцю і павага іх права захаваць сваю індывідуальнасць.

Міжнародны саюз людзей з інваліднасцю спрыяе эфектыўнаму ажыццяўленню КПЛІ ААН па ўсім свеце шляхам каардынацыі ўключэння ў гэты працэс арганізацый, якія прадстаўляюць людзей з абмежаванымі магчымасцямі.17

Асаблівы непакой выклікае той факт, што ў дачыненні да людзей з інваліднасцю рашэнні часта прымаюць іншыя людзі. Артыкул 12 КПЛІ ААН накіраваны на тое, каб выправіць такі падыход, прызнаючы праваздольнасць людзей з інваліднасцю і прадугледжваючы меры па аказанні падтрымкі іх праву ажыццяўляць сваю праваздольнасць, напрыклад, ліквідуючы практыку прызначэння апекуноў, якія прымаюць рашэнне ад імя людзей з інваліднасцю, і замест гэтага забяспечваючы ім падтрымку такім чынам, каб яны маглі самі прымаць свае ўласныя рашэнні. Выкананне артыкула 12 з'яўляецца папярэдняй умовай рэалізацыі некаторых іншых правоў, прадугледжаных у Канвенцыі, такіх як права на ўдзел у палітычным жыцці, доступ да правасуддзя або права мець сям'ю.

Савет Еўропы і правы людзей з інваліднасцю

Савет Еўропы з'яўляецца вядучай праваабарончай арганізацыяй у галіне інваліднасці. У яго Еўрапейскай сацыяльнай хартыі (1961 г.) змяшчаюцца канкрэтныя палажэнні аб правах людзей з інваліднасцю на незалежнасць, сацыяльную інтэграцыю і ўдзел у жыцці супольнасці.

 

Еўрапейская сацыяльная хартыя, артыкул 15

У мэтах забеспячэння асобам з фізічнымі і псіхічнымі недахопамі, незалежна ад іх узросту, а таксама характару і прычын названых недахопаў, магчымасці эфектыўна ажыццяўляць права на прафесійную падрыхтоўку, рэабілітацыю і перасяленне, Дагаворныя бакі абавязваюцца:
1. Прымаць неабходныя меры для забеспячэння навучальных устаноў, у тым ліку пры неабходнасці спецыялізаваных дзяржаўных і прыватных устаноў
2. Прымаць неабходныя меры для працаўладкавання асоб з інваліднасцю, напрыклад, выкарыстоўваючы спецыялізаваныя паслугі па працаўладкаванні, магчымасці для абароненай занятасці, а таксама меры для заахвочвання работадаўцаў прымаць на працу людзей з інваліднасцю.

У «Плане дзеянняў па прасоўванні правоў і поўнага ўдзелу людзей з інваліднасцю ў жыцці грамадства: паляпшэнне якасці жыцця людзей з інваліднасцю ў Еўропе ў 2006–2015 гг.» Савета Еўропы вызначаюцца пэўныя дзеянні, якія павінны ажыццяўляцца дзяржавамі-членамі ў такіх сферах, як удзел у палітычным і грамадскім жыцці, адукацыя, ахова здароўя ці павышэнне ўзроўню інфармаванасці. У ім змяшчаюцца важныя міждысцыплінарныя аспекты: жанчыны і дзяўчаты з інваліднасцю, дзеці з парушэннямі развіцця, людзі з патрэбамі аказання падтрымкі, пажылыя людзі, а таксама людзі з інваліднасцю з груп меншасцей. План дзеянняў разглядаецца таксама ў якасці палітычнай прылады для аказання дапамогі дзяржавам-членам для ажыццяўлення на практыцы КПЛІ ААН і для каардынацыі дзейнасці, звязанай з інваліднасцю, ва ўсіх сферах палітыкі дзяржаў – членаў Савета Еўропы.

Палітыка і дзейнасць ЕС у сферы інваліднасці

Адна з галоўных кампаній Еўрапейскага форуму па праблемах інваліднасці, Свабода перамяшчэнняў, заклікае да дзеянняў па ліквідацыі бар’ераў, з якімі сутыкаюцца людзі з інваліднасцю ва ўсіх краінах ЕС падчас падарожжа, пры атрыманні доступу да асноўных тавараў і паслуг, транспарту, вучобы, працы або інфармацыі.
www.edf-feph.org

На ўзроўні Еўрапейскага саюза Еўрапейскі форум па праблемах інваліднасці (EDF) – еўрапейская парасоністая арганізацыя, якая прадстаўляе інтарэсы 80 мільёнаў людзей з інваліднасцю – разам з іншымі выступаў за прызнанне правоў людзей з інваліднасцю. Вынікам гэтага стала спецыяльная спасылка на пытанне дыскрымінацыі на падставе інваліднасці ў Амстэрдамскім дагаворы, а таксама прыняцце Дырэктывы ЕС аб роўным абыходжанні і адносінах у сферы занятасці і працы, якая забараняе дыскрымінацыю ў вобласці занятасці па прыкмеце інваліднасці і заклікае да забеспячэння разумнага прыстасавання.
У артыкуле 26 Еўрапейскай хартыі аб асноўных правах (2000 г.) прызнаецца і паважаецца права людзей з інваліднасцю на меры, закліканыя забяспечыць іх незалежнасць, сацыяльную і прафесійную інтэграцыю і ўдзел у жыцці супольнасці. У 2010 годзе Еўрапейская камісія прыняла Стратэгію ЕС па пытаннях інваліднасці на 2010–2020 гады, накіраваную на пашырэнне магчымасцей людзей з інваліднасцю такім чынам, каб яны маглі ў поўнай меры ўдзельнічаць у жыцці грамадства і ў эканоміцы Еўропы.

Бар’еры, звязаныя з адносінамі да людзей з інваліднасцю, будуць існаваць да той пары, пакуль большасць людзей будзе звяртаць увагу на інваліднасць, а не чалавека.
Карына Чупіна

Еўрапейскі саюз ратыфікаваў Канвенцыю ААН аб правах людзей з інваліднасцю і стаў першай рэгіянальнай інтэграцыйнай арганізацыяй, якая падпісала дагавор у галіне правоў чалавека18. Усе ўстановы і прадстаўнікі ЕС закліканы ўмацоўваць каштоўнасці гэтай Канвенцыі па ўсіх напрамках палітыкі, якія знаходзяцца ў іх кампетэнцыі, забяспечваючы каардынацыю дзеянняў у адносінах да інваліднасці: ад транспарту да занятасці і ад інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій да развіцця супрацоўніцтва. Яны павінны таксама забяспечваць даступнасць сваіх будынкаў і адаптаваць сваю палітыку занятасці і камунікацый.

Што такое дыскрымінацыя па прыкмеце інваліднасці?

Дыскрымінацыя па прыкмеце інваліднасці (эйблізм) не заўсёды відавочна, яна не высвечваецца неонавай шыльдай у нашых думках і дзеяннях, як бы кажучы: «Мы супраць людзей з інваліднасцю», але, тым не менш, яна ёсць.
Актывіст з інваліднасцю

Дыскрымінацыя па прыкмеце інваліднасці можа быць вызначана як дыскрымінацыйныя, прыгнятальныя, абразлівыя паводзіны, звязаныя з перакананнем у тым, што людзі з інваліднасцю з'яўляюцца непаўнавартаснымі ў параўнанні з іншымі. Яна адносіцца да забабонаў, стэрэатыпаў або «інстытуцыянальнай дыскрымінацыі» супраць людзей з інваліднасцю. Асноўная праблема дыскрымінацыі па прыкмеце інваліднасці (таксама вядомай як інвалідызм або эйблізм19) складаецца ў тым, што яе не так проста выявіць. У большасці выпадкаў людзі не ўсведамляюць, што яна існуе. Дыскрымінацыя перш за ўсё датычыцца адносін людзей: гэта звязана не толькі са свядомымі дыскрымінацыйнымі паводзінамі, але і з тым, як людзі несвядома ставяцца да людзей з інваліднасцю. Несвядомую частку дыскрымінацыйных адносін яшчэ цяжэй выкараніць, чым свядомыя акты дыскрымінацыі, хоць неабходна змагацца аднолькава з абедзвюма з'явамі, абараняючы правы чалавека.

Кожны чалавек мае права мець амбіцыі і адказнасць, каб паспрабаваць дасягнуць іх у той ступені, наколькі гэта магчыма.
Сайман Стывенс20

Пераважная колькасць людзей скажуць, што яны не маюць нічога супраць людзей з абмежаванымі магчымасцямі, і гэта можа быць праўдай. Аднак большасць па-ранейшаму не лічыць іх роўнымі сабе і не можа ацаніць тыя перашкоды, якія існуюць у грамадстве і перашкаджаюць людзям з інваліднасцю жыць «нармальным» жыццём. Напрыклад, некаторыя людзі выкарыстоўваюць месцы для стаянкі, прызначаныя для людзей з інваліднасцю, а ў выніку чаго людзі з інваліднасцю бываюць вымушаны вярнуцца дадому. Дыскрымінацыя пранікае ва ўсе слаі грамадства. Свядомая дыскрымінацыя людзей з інваліднасцю па эканамічных меркаваннях шырока распаўсюджана (напрыклад, дыскрымінацыя пры працаўладкаванні), аднак і несвядомая дыскрымінацыя, якая вынікае з няведання ці агульнай адсутнасці разумення, выклікае яшчэ большую заклапочанасць. Гэта можа выяўляцца ў «пазіцыі апартэіду», гэта значыць меркаванне грамадства пра тое, што інклюзіўнае планаванне не мае важнага значэння, паколькі людзі з парушэннямі мабільнасці маюць свае ўласныя будынкі і ўстановы, а таксама сродкі транспарту. Дыскрымінацыя таксама праяўляецца ў шырокім выкарыстанні асобных уваходаў у грамадскія будынкі для людзей з інваліднасцю. Асяроддзе, у якім адсутнічае дыскрымінацыя, дазволіла б пажылым людзям, маці з малымі дзецьмі і іншым людзям з часовымі або пастаяннымі парушэннямі мець роўны з іншымі людзьмі доступ у гандлёвыя цэнтры ці іншыя грамадскія ўстановы або месцы.

Пытанне: Якія месцы ў вашым мясцовым асяроддзі сталі б недаступнымі для вас, калі б у вас з'явілася інваліднасць?

Моладзь і інваліднасць

Па ацэнках, у свеце існуе ад 180 да 220 мільёнаў маладых людзей з інваліднасцю і прыблізна 80 % з іх жывуць у краінах, якія развіваюцца.21

Улік і прыярытызацыя праблем інваліднасці – гэта працэс ацэнкі наступстваў для людзей з інваліднасцю любых запланаваных дзеянняў, у тым ліку заканадаўства, палітык і праграм, ва ўсіх абласцях і на ўсіх узроўнях.22 Важна працаваць над тым, каб пытанні, звязаныя з інваліднасцю, улічваліся ва ўсіх пытаннях у дачыненні да моладзі, і каб ва ўсіх пытаннях, звязаных з інваліднасцю, пераважная ўвага надавалася моладзі. Падчас распрацоўкі палітыкі аднымі з ключавых задач павінны стаць пытанні інваліднасці і патрэбы моладзі. Для стварэння эфектыўнай палітыкі неабходны больш высокі ўзровень ведаў пытанняў інваліднасці з боку кіраўнікоў, а таксама ўдзел саміх маладых людзей з інваліднасцю ў працэсе прыняцця рашэнняў. Гэта можа быць дасягнута толькі дзякуючы больш цеснаму партнёрству паміж дзяржаўнымі ўстановамі і арганізацыямі людзей з інваліднасцю.

Праблема ў дадзеным выпадку складаецца ў тым, што мала арганізацый прадстаўляюць інтарэсы маладых людзей з інваліднасцю або знаходзяцца пад іх кіраўніцтвам. На міжнародным і рэгіянальным узроўні найбольш актыўнае прадстаўніцтва людзей з інваліднасцю і моладзі забяспечваюць Міжнародная федэрацыя маладых людзей са слабых слыхам, праграма «Маладыя галасы» Фонду дапамогі людзям з інваліднасцю імя Леанарда Чэшыра, Сетка афрыканскай моладзі з інваліднасцю, Фонд Пінеда, the Маладзёжная секцыя Сусветнай федэрацыі глухіх і Камітэт па справах моладзі Еўрапейскага форуму па праблемах інваліднасці.

 

Міжнародная федэрацыя маладых людзей са слабых слыхам (IFHOHYP)

IFHOHYP – гэта міжнародная НУА ў падтрымку нацыянальных і рэгіянальных маладзёжных арганізацый, якія займаюцца праблемамі маладых людзей са слабым слыхам ва ўсім свеце. Федэрацыя працуе над паляпшэннем якасці жыцця маладых людзей са слабым слыхам і забеспячэннем роўных правоў для іх на ўсіх узроўнях грамадства. IFHOHYP актыўна супрацоўнічае з Саветам Еўропы, напрыклад, шляхам арганізацыі вучэбных сесій для маладых людзей са слабым слыхам, і неаднаразова была членам Кансультатыўнага савета моладзі Савета Еўропы. Іншыя напрамкі дзейнасці Федэрацыі ўключаць міжнародныя летнія лагеры, вучэбныя праграмы, семінары і курсы англійскай мовы для маладых людзей з парушэннямі слыху.

Права на адукацыю

Камітэт па справах моладзі Еўрапейскага форуму па праблемах інваліднасці
Камітэт быў створаны ў 2000 годзе з мэтай уключэння праблем моладзі ва ўсе палітыкі Еўрапейскага форуму па праблемах інваліднасці і павышэння інфармаванасці наконт патрэб маладых людзей з інваліднасцю ў межах Еўрапейскага форуму па праблемах інваліднасці і ў краінах ЕС.
«Маладыя людзі з інваліднасцю: штодзённыя цяжкасці», публікацыя Камітэта па справах моладзі Еўрапейскага форуму па праблемах інваліднасці, пралівае святло на перашкоды, з якімі сутыкаюцца маладыя людзі з інваліднасцю ў розных сферах жыцця – ад палавой сферы да адукацыі і занятасці.

На працягу дзесяцігоддзяў спецыяльныя школы для людзей з інваліднасцю разглядаліся як сродак адасаблення і часта крытыкаваліся за тое, што ўзровень адукацыі там быў ніжэй у параўнанні са звычайнымі школамі. Вядуцца дыскусіі пра перавагі і недахопы раздзельнага навучання і спецыяльных школ у адрозненне ад уключэння спецыяльнай адукацыі ў агульнаадукацыйныя сістэмы. Якім бы ні быў зыход гэтых дыскусій, маладыя людзі з інваліднасцю і іх сем’і павінны мець права выбіраць паміж спецыяльнымі і асноўнымі школамі ў залежнасці ад пэўных патрэб дзіцяці. Адной з асноўных пераваг інклюзіўнай адукацыі з'яўляецца тое, што інтэграцыя вучняў з інваліднасцю і вучняў без інваліднасці ў першыя гады школьнай адукацыі можа дапамагчы папярэдзіць забабоны і садзейнічаць агульнаму ўключэнню людзей з інваліднасцю ў грамадства.

Некаторыя з асноўных праблем, з якімі сутыкаюцца дзеці і маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі, – гэта недаступнасць школьных будынкаў або навучальных матэрыялаў, адсутнасць кваліфікаваных спецыялістаў, падрыхтаваных для задавальнення канкрэтных патрэб, звязаных з інваліднасцю, а таксама прамая і ўскосная дыскрымінацыя. Неабходна прадугледжваць магчымасці для дзяцей і моладзі з абмежаванымі магчымасцямі ў школах – як у інклюзіўных, так і спецыялізаваных – для таго, каб навучацца жыццёвым і сацыяльным навыкам, патрэбным для роўнага ўдзелу ў сферы адукацыі, каб атрымліваць падтрымку і настаўніцтва з боку аднагодкаў, мець доступ да тэхналогій і мець даступныя метадалогіі.

Нефармальная адукацыя і актыўнае навучанне, якое ёй забяспечваецца, могуць быць больш інклюзіўнымі для людзей з інваліднасцю, чым фармальная сістэма адукацыі. Улічваючы абмежаваныя магчымасці ў рамках спецыяльнай сістэмы адукацыі або сацыяльную ізаляцыю, адсутнасць сацыяльных, камунікацыйных навыкаў або валодання замежнай мовай шырэй распаўсюджана сярод людзей з інваліднасцю, чым сярод тых, хто імі не з'яўляецца. Гэтыя фактары робяць нефармальную адукацыю асабліва важнай для людзей з інваліднасцю, паколькі яна можа дапамагчы ў набыцці неабходных жыццёвых навыкаў, якія могуць і не забяспечвацца ў рамках фармальнай адукацыі. Таксама існуе неабходнасць увядзення аспекту інваліднасці ў асноўныя курсы навучання, шляхам уключэння такой дзейнасці, якая дазволіць пазнаёміць удзельнікаў з тымі аспектамі, з якімі яны, магчыма, ніколі не сутыкаліся раней, ці заахвочвання ўдзелу маладых людзей з інваліднасцю ў асноўных навучальных курсах.

Праект абмену здольнасцямі (ExchangeAbility)

Студэнцкая сетка «Эразмус» (ESN), маладзёжная арганізацыя «Агора» і Еўрапейскі форум па праблемах інваліднасці распрацавалі праект «Абмен здольнасцямі» пры падтрымцы Савета Еўропы, каб зрабіць ESN даступнай для студэнтаў з інваліднасцю на ўсіх узроўнях яе дзейнасці. Дадзены праект, які ажыццяўляўся ў 2009–2010 навучальным годзе, накіраваны на павелічэнне колькасці студэнтаў з інваліднасцю для абменаў і на стварэнне найлепшых умоў для іх падчас знаходжання за мяжой. У 2010 годзе стартаваў наступны праект з новымі партнёрамі. Дадатковая інфармацыя: www.exchangeability.eu.

Права на ўдзел у грамадскім, палітычным і культурным жыцці

Паводле ацэнак ЮНЕСКА, 98 % дзяцей з інваліднасцю ў краінах, якія развіваюцца, не наведваюць школу, а 99 % дзяўчынак з інваліднасцю з'яўляюцца непісьменнымі.

Удзел у грамадстве звычайна разглядаецца маладымі людзьмі з інваліднасцю як ключ да іх агульнай задачы – а менавіта дамагчыся поўнага ўключэння ў грамадства разам з прызнаннем іх асаблівых патрэб і правоў. Многія маладыя людзі з інваліднасцю хацелі б удзельнічаць у працы звычайных арганізацый, калі гэта магчыма. У звычайных арганізацыях маладыя людзі могуць сустракацца адзін з адным, бо маюць агульны інтарэс. Маладыя людзі з інваліднасцю не заўсёды маюць такі выбар з-за фізічных і псіхалагічных бар’ераў.23
Бар'еры на шляху да больш шырокага ўдзелу ўключаюць адсутнасць структур як на мясцовым, так і на нацыянальным узроўні для прадстаўніцтва людзей з інваліднасцю і ўліку іх праблем. Яшчэ адзін бар’ер – адсутнасць інфармацыі. Інфармацыя пра тое, ці з'яўляецца будынак фізічна даступным і ці прадугледжаны спецыяльныя ўмовы для людзей з парушэннямі слыху і зроку, часта адсутнічае або з'яўляецца недаступнай. Адсутнасць інфармацыі пра даступнасць – а часам страх перад недаступнасцю – часта замінаюць людзям з інваліднасцю ўдзельнічаць у мерапрыемствах.
Адной з пастаянных перашкод на шляху да ўдзелу з'яўляецца самаідэнтыфікацыя: людзі ўспрымаюць сябе «інвалідамі» або членамі групы меншасці. Некаторыя людзі з інваліднасцю не жадаюць адносіць сябе да меншасці, паколькі гэта мае для іх негатыўнае значэнне; іншыя лічаць сябе не «інвалідамі», а членамі асаблівай моўнай і культурнай меншасці. З пункту гледжання палітычнага ўдзелу, права ўдзельнічаць у выбарах адмаўляецца многім людзям з інваліднасцю, пазбаўленых дзеяздольнасці, ці калі самі працэдуры галасавання з'яўляюцца недаступнымі.

Здольнасці – вось што мае значэнне, а не інваліднасць – слова, якое мне зусім не падабаецца выкарыстоўваць.
Марлі Мэтлін, глухая актрыса і ўладальнік прэміі «Оскар»

Калі гаворка ідзе пра ўдзел і ўключэнне людзей з інваліднасцю ў жыццё грамадства, найважнейшую ролю ў павышэнні ўзроўню інфармаванасці аб правах людзей з інваліднасцю і ў змене стаўлення да іх адыгрываюць СМІ. У сродках масавай інфармацыі іх часта апісваюць з крайніх пазіцый: ці гэта бедныя людзі, вартыя жалю, ці ж іх прадстаўляюць як герояў, якія асмельваюцца жыць. Такая падача толькі захоўвае стэрэатыпы ў дачыненні да людзей з інваліднасцю і не ўлічвае, што яны ўяўляюць сабой групу, якая таксама цікавая і разнастайная, як і любая іншая група ў грамадстве.

Без бар’ераў, без меж

Брашура SALTO «Без бар'ераў, без меж»24 прысвечана таму, як рэалізоўваць міжнародныя праекты для моладзі з інваліднасцю і без інваліднасці. У ёй выкладаюцца канкрэтныя парады і кіруючыя прынцыпы для маладзёжных работнікаў і арганізатараў праекта, у прыватнасці ў дачыненні да таго, як узаемадзейнічаць з людзьмі з рознымі формамі інваліднасці, як фінансаваць маладзёжныя праекты або як арганізоўваць для іх навучальныя курсы.
www.salto-youth.net/rc/inclusion

Канцавыя зноскі

Цэнтр абароны правоў людзей з псіхічнымі парушэннямі разам з партнёрскімі арганізацыямі пачаў кампанію па прасоўванні права людзей з інваліднасцю ўдзельнічаць у выбарах:  www.savethevote.info.

1 www.un.org/esa/socdev/enable/dis50y10.htm
2  Заўвага. Тэрмін «з фізічнымі недахопамі» больш не лічыцца прыдатным ці адпаведным сучаснаму разуменню інваліднасці. Перавагі ў дачыненні да тэрміналогіі пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў розных геаграфічных рэгіёнах могуць адрознівацца. Неабходна як мага больш паважаць індывідуальныя пажаданні саміх асоб з інваліднасцю.
3 СААЗ, «Бюлетэнь па пытаннях інваліднасці і здароўя» № 352", 2011: www.who.int/mediacentre/factsheets/fs352/en/index.html
4 Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, 2008 г., «Актуалізацыя праблематыкі інваліднасці ў рамках парадку дня ў вобласці развіцця (E/CN.5/2008/6)»: www.un.org/disabilities/documents/reports/e-cn5-2008-6.doc
5 Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, 2006 г., «Некаторыя факты аб людзях з інваліднасцю», Міжнародная канвенцыя аб правах людзей з інваліднасцю: wwww.un.org/disabilities/convention/pdfs/factsheet.pdf
6 СААЗ, «Сусветны даклад аб інваліднасці», 2011 г.: www.who.int/disabilities/world_report/2011/report/en
7 Міністэрства міжнароднага развіцця Вялікабрытаніі (DFID) 2000 г., «Інваліднасць, беднасць і развіццё», DFID, Вялікабрытанія
8 Mckee, Barbara, Disabled and the holocaust: Disabled Persecution, 2004: www.eastrenfrewshire.gov.uk/holocaust/holocaust_remembrance_2004_-_other_victims/holocaust_remembrance_2004_-_disabled___the_holocaust.htm
9 Пісьмовыя каментарыі, пададзеныя сумесна Цэнтрам па абароне рэпрадуктыўных правоў, Еўрапейскім форумам па праблемах інваліднасці, Міжнародным цэнтрам прававой абароны правоў чалавека (Interights), Міжнародным саюзам людзей з інваліднасцю, Цэнтрам абароны правоў людзей з псіхічнымі парушэннямі, 16 жніўня 2011 г.: http://mdac.info/sites/mdac.info/files/Gauer%20v%20%20France_Submission_ECHR_FINAL.pdf
10 Еўрапейскі суд па правах чалавека, «Бюлетэнь. Рэпрадуктыўныя правы», 2011 г.:
www.echr.coe.int/NR/rdonlyres/4B7D24F7-F9EF-4749-B16B-68E650B95C5A/0/FICHES_droits_procr%C3%A9ation_EN.pdf
11 Дэпартамент ААН па эканамічнай і сацыяльнай інфармацыі і аналізу палітыкі, 1994 г.
12 Oliver, Michael, Understanding Disability: From theory to practice, 1996, Macmillan: Basingstoke.
13 Morris, Jenny, Pride Against Prejudice: Transforming Attitudes to Disability, 1991, Women's Press: London.
14 Дапаможнік для парламентарыяў № 14, 2007 г., «Ад сацыяльнай ізаляцыі – да роўнасці. Ажыццяўленне правоў людзей з інваліднасцю», ААН і Міжпарламенцкі саюз:  www.un.org/disabilities/default.asp?id=212
15 Тэрмін «разумова адсталы» ўжо састарэў і не адпавядае сучаснаму разуменню інваліднасці.
16 www.ohchr.org/EN/HRBodies/CRPD/Pages/CRPDIndex.aspx
17 www.internationaldisabilityalliance.org  
18 Прэс-рэліз Еўрапейскага форуму па праблемах інваліднасці, 5 студзеня 2011 г.: www.edf-feph.org/Page_Generale.asp?DocID=13855&thebloc=26586  
19 Заўвага. Тэрмін «эйблізм» пераважна выкарыстоўваецца некаторымі экспертамі і даследчыкамі, паколькі ён засяроджвае ўвагу не толькі на інваліднасці, але і на стварэнні магчымасцей, што заўсёды звязана з інваліднасцю.
20 www.simonstevens.com
21 Сустрэча высокага ўзроўню ААН па пытаннях моладзі, бюлетэнь «Моладзь з інваліднасцю»: http://social.un.org/youthyear/docs/Fact%20sheet%20youth%20with%20disabilities.pdf
22 Carol Miller and Bill Albert, "Mainstreaming disability in development: lessons from gender mainstreaming", 2005: www.dfid.gov.uk/r4d/PDF/Outputs/Disability/RedPov_gender.pdfp
23 Маладыя людзі з інваліднасцю: штодзённыя цяжкасці на шляху да роўнасці», публікацыя Камітэта па справах моладзіЕўрапейскага форуму па праблемах інваліднасці, 2009 г.: www.edf-feph.org/Page.asp?docid=18486&langue=EN
24 «Без бар'ераў, без меж», Рэсурсны цэнтр па пытаннях інтэграцыі SALTO-YOUTH, 2008 г.:
www.salto-youth.net/downloads/4-17-913/NoBarriersNoBorders.pdf

КОМПАС

Дапаможнік па адукацыі ў галіне правоў чалавека з удзелам моладзі

Web Content Display

Key Date
  • 3 DecemberInternational Day of Disabled Persons
  • Second Thursday in OctoberWorld Sight Day