Пытанне: Як можна сцвярджаць, што правы чалавека ўніверсальныя, калі ва ўсім свеце ёсць людзі, якія пакутуюць ад парушэння іх правоў?

І ўсё ж гэтыя людзі маюць права. Тое, што з імі абыходзяцца падобным чынам, супярэчыць не толькі маральным нормам, але і ўзгодненым міжнародным нормам. Прадстаўнікі дзяржаў-парушальнікаў лічацца вінаватымі ў адпаведнасці з міжнародным правам, і некаторыя краіны за гэта рэальна «караюцца» міжнароднай супольнасцю шляхам прымянення санкцый ці нават ваеннымі сродкамі. Аднак ва ўжыванні такіх мер часта магчыма самавольства, паколькі яны залежаць не столькі ад ступені парушэння правоў, колькі ад інтарэсаў іншых краін. З заснаваннем Міжнароднага крымінальнага суда з'явілася магчымасць трохі наблізіцца да ліквідацыі гэтай юрыдычнай хібы. Будучы першым пастаянна дзеючым на падставе палажэнняў Рымскага статута судовым органам, гэты суд зможа дапамагчы пакласці канец беспакаранасці тых, хто здзейсніў, на думку міжнароднай супольнасці, найбольш сур'ёзныя злачынствы: генацыд, злачынствы супраць чалавецтва і ваенныя злачынствы.

Пытанне: Якая карысць ад Універсальнай дэкларацыі правоў чалавека, калі няма механізму яе правапрымянення?

Хоць міжнароднага суда, які судзіў бы ўрады па артыкулах Універсальнай дэкларацыі правоў чалавека, пакуль што не існуе, гэты дакумент мае велізарную гістарычную значнасць і нават сёння працягвае быць міжнародным эталонам для ацэнкі дзейнасці ўрадаў. Сёння ўрады ведаюць, што ў выпадку наўмыснага парушэння пералічаных у дэкларацыі правоў чалавека ім пагражае перспектыва асуджэння ці нават прыняцця нейкіх санкцый урадамі іншых краін. Працэс гэты не заўсёды цалкам аб'ектыўны (!), але ўсё ж такі пачатак пакладзены. Дэкларацыя таксама стала фундаментам амаль усіх распрацаваных міжнародных пагадненняў, якія (у большай ці меншай ступені) забяспечаны механізмам правапрымянення.

Пытанне: Якая мне карысць ад «правоў чалавека», калі ўрад маёй краіны штодня парушае правы простых людзей і асуджэнне з боку міжнароднай супольнасці яго ніколькі не турбуе?

Зноў жа, гэта толькі пачатак, такія правы лепш, чым наогул ніякіх. У пэўных абставінах і пры правільным падыходзе правы чалавека могуць аказаць уздзеянне на ўрад, і ён зменіць сваю практыку, калі не цалкам, то часткова. Часам – у выпадку асабліва грубых або асабліва частых парушэнняў – такое змяненне можа здацца нязбытнай марай, але гісторыя неаднаразова даказвала, што і гэта магчыма. Да таго ж, для гэтага сёння існуе больш магчымасцей, чым было да нядаўняга часу. Працэс перамен можа ісці павольна, але ўжо той факт, што людзі маюць пэўныя правы, якія атрымліваюць усё больш шырокае прызнанне ва ўсім свеце (і, такім чынам, звяртаюць на сябе хоць нейкую ўвагу ўрадаў), дае нам магутную зброю і важную перавагу.

Пытанне:  Калі я паважаю правы іншых, ці азначае гэта, што я павінен(-нна) дазваляць ім рабіць усё, што ім уздумаецца?

Не, не азначае – калі іх жаданні прывядуць да парушэння вашых або чыіхсьці яшчэ правоў. Аднак, магчыма, варта задумацца, ці не выстаўляеце вы празмерных патрабаванняў у дачыненні да аб'ёму вашых правоў – чыесьці паводзіны могуць вас раздражняць ці здавацца няправільнымі, але яны зусім не абавязкова будуць парушэннем вашых правоў. Таму, калі вы хочаце, каб іншыя дазвалялі вам паводзіць сябе так, як вам хочацца, трэба выхоўваць у сабе больш памяркоўнае стаўленне да паводзін іншых!

Пытанне: Абараняючы свае правы, ці магу я ўжываць любыя меры, уключаючы гвалтоўныя?

Як правіла, не. Але ў выпадку сапраўднай самаабароны дапушчальна законнае выкарыстанне сілы ў адпаведнасці са ступенню небяспекі, якая вам пагражае. Выкарыстанне сілы недапушчальна ў мэтах «помсты» за зробленае вам зло і магчыма толькі для прадухілення далейшай шкоды. Катаванні недапушчальны ні пры якіх абставінах.

Пытанне: Чаму я павінен(-нна) паважаць правы іншых, калі іншыя не паважаюць мае правы?

Па-першае, таму, што, не паважаючы правы іншых, вы самі ж можаце нажыць сабе непрыемнасці; па-другое, таму, што іншыя заслугоўваюць вашай павагі проста з той прычыны, што яны людзі; і, па-трэцяе, таму, што тым самым вы падаяце іншым прыклад, павялічваючы верагоднасць таго, што і да вас таксама будуць ставіцца з павагай. Зрэшты, у канчатковым выніку ўсё залежыць ад вас, ад таго, якім чалавекам вы хочаце быць і ў якім свеце вы хочаце жыць. Так што вы можаце задумацца, што скажа пра вас той факт, што вы будзеце паводзіць сябе падобна тым, чые паводзіны вам не падабаюцца. Або падумайце, якім быў бы наш свет, калі б усе парушалі правы адзін аднаго па прынцыпе «вока за вока».

Пытанне: Чаму тых, хто парушае правы іншых самым бесчалавечным чынам, трэба лічыць годнымі правоў «чалавека»?

Пагадзіцца з гэтай часткай тэорыі правоў чалавека, мабыць, наколькі цяжка, настолькі і неабходна. Часам можа здацца, што ў некаторых людзях так мізэрна мала чалавечых якасцей, што людзьмі іх можна лічыць толькі ўмоўна. У гэтай сувязі, як відаць, важна адзначыць наступнае:

  • Па-першае, нягледзячы на ўяўную бесчалавечнасць некаторых людзей, якая-небудзь чалавечнасць прысутнічае ў кожным. Злачынцы любяць сваіх маці, дзяцей, мужоў і жонак – яны хоць каго-небудзь ды любяць. Злачынцы адчуваюць боль, адзіноту, роспач і рэўнасць і хочуць, каб іх прызнавалі, шанавалі, падтрымлівалі, любілі і разумелі. Усім ім – усім да аднаго – знаёмы калі не большасць, то хоць нейкія з гэтых чыста чалавечых пачуццяў. І гэта робіць іх людзьмі, прычым людзьмі, годнымі нашай павагі.
  • Па-другое, жадаючы прычыніць злачынцам такія ж пакуты, якія яны прычынілі іншым, мы не зробім сабе нічога добрага: падобныя пачуцці толькі робяць нас менш годнымі павагі.
  • Па-трэцяе, нават калі раптам аб'явіцца злачынец у «чалавечым» абліччы, але пазбаўлены якіх бы там ні было чалавечых уласцівасцей (а такога ніколі яшчэ не бывала), хто з нас мог бы з поўнай упэўненасцю сказаць, што гэта «Не Чалавек»? Якімі крытэрыямі мы б кіраваліся? Можа, тым, што ён не здольны любіць і быць любімым? Але што, калі мы памылімся ў гэтым меркаванні?

Трэці пункт нагадвае, што нам варта задумацца, як рызыкоўна для чалавецтва ў цэлым даручаць адным людзям судзіць іншых, калі наступствы такога суда страшныя і незваротныя. Няўжо мы сапраўды хочам стварыць свет, дзе падобныя прысуды будуць магчымы і дзе асобным людзям будзе проста адмоўлена ў правах чалавека і, такім чынам, у праве называцца чалавекам? Але без абсалютнай універсальнасці ўсіх правоў чалавека менавіта такі свет мы і атрымаем.

Спасылкі

“Europe, Youth, Human Rights, Report of the Human Rights Week”, by Yael Ohana (ed.), European Youth Centre, Budapest, 2000.
Garzón Valdés, E., “Confusiones acerca de la relevancia moral de la diversidad cultural”, CLAVES de Razón Práctica, No.74, Madrid, Julio/Agosto, 1997.
«Правы чалавека», базавы дапаможнік для супрацоўнікаў ААН, Упраўленне Вярхоўнага камісара па правах чалавека, Арганізацыя Аб'яднаных Нацый, Жэнева, 2001 г.
Даступны на сайце: http://www.ohchr.org/Documents/Publications/HRhandbooken.pdf
Levin, L., Human Rights, Questions and Answers, Unesco, Paris, 1996
Donnelly, Jack, Universal Human Rights in theory and practice, Cornell University Press, 1989.
Freeman, Michael, Human Rights: Key Concepts, Polity Press, London, 2002.
Ishay, Micheline R. ed., The Human Rights Reader, Routledge, London, 1997.
Rishmawi, M., The Arab Charter on Human Rights and the League of Arab States: An Update, Human Rights Law Review, 10.1, pp. 169-178
Symonides, Janusz ed., Human Rights: New Dimensions and Challenges, Manual on Human Rights, Unesco/Dartmouth Publishing, Paris, 1998.
Robertson A. and Merrills J, Human rights in the world, Manchester University Press, 1996. Сайт Савета Еўропы па біяэтыцы:www.legal.coe.int/bioethics
http://www.udhr.org/history/biographies/bioer.htm, for the quotation of Eleanor Roosevelt.
Hanski, R., Suksi, M. (eds.), An introduction to the international protection of human rights: a textbook, Åbo Akademi University Institute for Human Rights, 1999.
Інфармацыйны бюлетэнь № 2 (рэд. 1), Міжнародны біль аб правах чалавека. Упраўленне Вярхоўнага камісара па правах чалавека, www.unhchr.ch/html/menu6/2/fs2.htm.
Вярхоўны камісар Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека, www.unhchr.ch.
Кароткі даведнік па Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека. Выданне Савета Еўропы.
Еўрапейскі суд па правах чалавека, www.echr.coe.int.
Камітэт па прадухіленні катаванняў і бесчалавечнага ці зневажальнага абыходжання або пакарання, www.cpt.coe.int.
Сайт Савета Еўропы па гендарнай роўнасці, www.coe.int/t/dghl/standardsetting/equality/default_en.asp
Еўрапейская сацыяльная хартыя, www.coe.int/T/DGHL/Monitoring/SocialCharter.
Рамачная канвенцыя па абароне нацыянальных меншасцей, www. coe.int/t/dghl/monitoring/minorities.
Сайт Еўрапейскай камісіі па барацьбе з расізмам і нецярпімасцю, www.coe.int/t/dghl/monitoring/ecri.
Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, www.ohchr.org.
Камісар Савета Еўропы па правах чалавека, www.coe.int/t/commissioner
Risse T., Ropp S., Sikkink K., The Power of human rights, Cambridge University Press, 1999.
Forsythe, D., Human rights in International Relations, Cambridge University Press, 2000. www.speaktruth.org
Hijab, Nadia, Human Rights and Human Development: Learning from Those Who Act, HDRO Background paper, 2000.