Выкарыстанне «Компаса» для адукацыі ў галіне правоў чалавека ў розных культурах і на розных мовах

Вопыт першага выдання «Компаса» паказаў, што можна стварыць адзін дапаможнік для ўсёй Еўропы. Адрозненні паміж культурамі і мовамі з'яўляюцца не перашкодамі, а больш рэсурсамі, якія ўзбагачаюць нашу працу. Кожны чалавек мае дачыненне да правоў чалавека, таму што кожны з нас мае пачуццё годнасці і адчувае сябе абражаным, калі яму адмаўляюць у яго правах. Больш таго, правы чалавека з'яўляюцца ўсеагульнымі і абвешчаны ў міжнародных дакументах, такіх як Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, з чаго вынікае, што мэты і прынцыпы адукацыі ў галіне правоў чалавека з’яўляюцца прыдатнымі да любога грамадства, хаця нельга забываць, што практычнае ажыццяўленне адукацыі ў галіне правоў чалавека павінна заўсёды ўлічваць кантэкст.

Еўропа ўвасабляе свет ва ўсёй яго разнастайнасці. На гэтым кантыненце размаўляюць больш чым на 200 мовах. У яе межах можна знайсці ўсе асноўныя рэлігіі свету. Гэты кантынент асацыюецца з нараджэннем дэмакратыі і ў той жа час з некаторымі з горшых прыкладаў фашызму і таталітарызму, якія бачыў свет. Мінулае Еўропы адзначана халакостам, каланіялізмам і рабствам, а сёння яна мае ядзерную зброю, якой хопіць, каб знішчыць усё жывое на Зямлі. У той жа час яна штогод прысуджае Нобелеўскую прэмію міру і заснавала пастаянны Суд па правах чалавека, прызнаны ва ўсім свеце.

Бацькі могуць толькі даць добрую параду або накіраваць іх [дзяцей] на правільны шлях, але канчатковае фарміраванне характару чалавека знаходзіцца ў яго ўласных руках.
Ганна Франк

Сёння ў склад Еўропы ўваходзяць многія дзяржавы, якіх нават не існавала ў 1949 годзе, калі Савет Еўропы быў толькі створаны, а таксама і тыя, межы якіх амаль не змяняліся на працягу соцень гадоў. Некаторыя працягваюць мяняцца і сёння, бо канфлікты падрываюць устойлівасць меж. У Еўропе жывуць людзі, якія штодня сутыкаюцца з гвалтам і канфліктамі, у той час як многія іншыя жывуць у адносным міры, бяспецы і дастатку.

У кожнай еўрапейскай краіне ёсць і мільянеры, і мільёны людзей, якія жывуць за мяжой беднасці. Існуюць адрозненні як паміж краінамі, так і ў межах кожнай краіны. Станьце настаўнікам у адной частцы Еўропы, і зможаце зарабляць у дзень больш, чым вашы калегі з іншых яе частак атрымліваюць за месяц. Станьце настаўнікам у іншай частцы Еўропы, і не будзеце атрымліваць зарплату некалькі месяцаў запар. А што наконт іх вучняў? Працягласць абавязковага школьнага навучання вар'іруецца ад дзевяці гадоў на Кіпры і ў Швейцарыі да 13 гадоў у Бельгіі і Нідэрландах. Пасля заканчэння школы шансы на атрыманне працы ў розных краінах таксама адрозніваюцца, як і шансы маладых людзей атрымаць сацыяльную падтрымку і стаць самастойнымі. Узровень беспрацоўя сярод моладзі, паводле даных Еўрастата, можа вагацца ад 7,6 % у Нідэрландах да 44,5 % у Іспаніі і 43,8 % у Латвіі.7

Сацыяльныя, культурныя і палітычныя ўмовы адукацыі ў галіне правоў чалавека ў розных супольнасцях і краінах адрозніваюцца, таму некаторыя дэталі ў падыходах, змесце і метадах могуць адрознівацца, хоць прынцыпы і мэты ўсюды адны і тыя ж.

Адукацыя ў галіне правоў чалавека ў розных адукацыйных сістэмах

Вопыт першага выдання «Компаса» паказаў, што ён шырока выкарыстоўваецца не толькі ў маладзёжных клубах, маладзёжных арганізацыях і НГА, але і ў школах, на прадпрыемствах і нават у дзяржаўных адукацыйных установах. Іншымі словамі, «Компас» выкарыстоўваецца ў працы з людзьмі ўсіх узростаў і ў розных адукацыйных сістэмах.

Спачатку мы спадзяваліся, што «Компас» будзе карысным перш за ўсё для спецыялістаў па працы з моладдзю ў нефармальным адукацыйным асяроддзі, напрыклад у клубах для пазашкольнай работы, спартыўных групах, маладзёжных аб'яднаннях пры цэрквах, у студэнцкіх клубах, групах па абароне правоў чалавека і ў арганізацыях, якія займаюцца маладзёжнымі абменамі. У гэтых умовах асноўная ўвага надаецца асабістаму і сацыяльнаму развіццю маладых людзей, і менавіта з гэтай прычыны выкарыстоўваецца халістычны падыход, накіраваны на ўдасканаленне ведаў і навыкаў і развіццё поглядаў у сацыяльным кантэксце.

Практыкаванні «Кампасіта» часта больш простыя і забаўляльныя, а з-за сваёй невялікай працягласці патэнцыяльна лепш падыходзяць для выкарыстання ў класе.

Аднак «Компас» выкарыстоўваецца і ва ўстановах фармальнай адукацыі – школах, каледжах і ўніверсітэтах, дзе ў цэнтры ўвагі нярэдка знаходзіцца набыццё ведаў, а не развіццё навыкаў і перакананняў. Многія настаўнікі знаходзяць магчымасць выкарыстоўваць «Компас» на занятках па гісторыі, геаграфіі, мове і грамадзянскай адукацыі, і гэтыя магчымасці будуць расці па меры таго, як будзе ажыццяўляцца пераход да вучэбных праграм, заснаваных на кампетэнцыях. Падрыхтоўка спецыялістаў такіх прафесій, як выкладчыкі, менеджары, дзяржаўныя служачыя і супрацоўнікі судовых органаў, часта ляжыць дзесьці паміж фармальным і нефармальным падыходам, але і тут трэнеры выкарыстоўваюць «Компас» як для адукацыі ў галіне правоў чалавека ў цэлым, так і для вырашэння праблем, якія тычацца роўнасці магчымасцей і расізму ў самой установе.
«Компас» быў акрэдытаваны ў якасці афіцыйнага навучальнага дапаможніка ў школах некаторых краін. Усведамляючы важнасць укаранення адукацыі ў галіне правоў чалавека ў працы з дзецьмі малодшага ўзросту, Дырэктарат Савета Еўропы па справах моладзі таксама распрацаваў «Кампасіта» – дапаможнік па адукацыі ў галіне правоў чалавека з удзелам дзяцей. «Кампасіта» прызначаны для працы з дзецьмі ва ўзросце ад 7 да 13 гадоў і, як вынікае з назвы, заснаваны на падыходах і метадалогіі «Компаса».

Людзі па-рознаму падыходзяць да вывучэння і выкладання правоў чалавека, і хоць кожнае з практыкаванняў «Компаса» прапануе метады і асаблівасці іх прымянення, цікавыя самі па сабе, канчатковая мэта нашай працы заключаецца ў тым, каб удзельнікі маглі засвоіць матэрыял і прымяняць тое, чаму навучыліся, на практыцы. Некаторыя нашы прапановы па замацаванні вывучанага ўключаюць практыкаванні з сям'ёй або з сябрамі ці напісанне ліста ў СМІ. Гэта толькі два са шматлікіх спосабаў выкарыстання «Компаса» ў нефармальнай адукацыі.

Падыходы да фармальнай адукацыі, асабліва выкарыстаныя метады і роля выкладчыка, таксама адрозніваюцца ў розных краінах, як і даступнасць нефармальнай адукацыі ў выглядзе маладзёжных клубаў і арганізацый, іх філасофія і дзейнасць. Але, нягледзячы на існуючыя структурныя адрозненні паміж фармальнай і нефармальнай адукацыяй, пры іх апісанні мы можам зрабіць некаторыя абагульненні.

Інфармальная адукацыя

Інфармальнай адукацыяй называюць працэс навучання на працягу ўсяго жыцця, падчас якога кожны чалавек набывае погляды, каштоўнасці, навыкі і веды пад уплывам як адукацыйных рэсурсаў, так і свайго ўласнага асяроддзя, а таксама паўсядзённага вопыту. Людзі вучацца ў сям'і і суседзяў, на рынку і ў бібліятэцы, на мастацкіх выставах, на працы і падчас чытання, удзелу ў гульнях і спартыўных мерапрыемствах. СМІ з'яўляюцца вельмі важным сродкам інфармальнай адукацыі і ажыццяўляюць яе праз паказ, напрыклад, п'ес ці мастацкіх і дакументальных фільмаў, тэлевізійных дэбатаў, трансляцыю музыкі і спеваў. Навучанне такім шляхам часта адбываецца незапланавана і не мае структуры.

Фармальная адукацыя

Фармальная адукацыя адносіцца да структураванай сістэмы адукацыі, якая прасціраецца ад пачатковай (а ў некаторых краінах з дашкольнай) да школьнай і вышэйшай адукацыі і ўключае спецыяльна распрацаваныя праграмы прафесійнай, тэхнічнай і спецыяльнай падрыхтоўкі. Фармальная адукацыя нярэдка ўключае ў сябе ацэнку набытых навучэнцамі ведаў або кампетэнцый і грунтуецца на праграме, якая ў большай або меншай ступені выключае магчымасць адаптацыі да індывідуальных патрэб і пераваг. Фармальная адукацыя звычайна прадугледжвае афіцыйнае прызнанне і сертыфікацыю.

Нефармальная адукацыя

Узаемазалежнасць паміж ведамі, поглядамі і навыкамі характэрна для якаснай адукацыі ў галіне правоў чалавека, а таксама нефармальнай адукацыі.
Вынікі форуму «Жыць, вучыцца і змагацца за правы чалавека», 2009 г.

Нефармальнай адукацыяй называюць запланаваныя і структураваныя праграмы і працэсы асабістага і сацыяльнага навучання маладых людзей, накіраванага на паляпшэнне цэлага шэрагу навыкаў і кампетэнцый па-за межамі афіцыйнай вучэбнай праграмы. Нефармальная адукацыя – гэта тое, што мы назіраем у такіх месцах, як маладзёжныя арганізацыі, спартыўныя клубы, драматычныя гурткі і супольнасці, дзе маладыя людзі сустракаюцца, напрыклад, каб прыняць удзел у сумесных праектах або гульнях, абмеркаваць нейкія пытанні, схадзіць у паход або заняцца музыкай і арганізацыяй тэатральных пастановак. Дасягненні ў нефармальнай адукацыі, як правіла, цяжка пацвердзіць, хоць іх сацыяльнае прызнанне расце. Нефармальная адукацыя павінна быць:

  • добраахвотнай
  • даступнай для кожнага (у ідэале)
  • арганізаваным працэсам з адукацыйнымі мэтамі
  • заснаванай на ўдзеле навучэнцаў
  • арыентаванай на навучэнцаў
  • накiраванай на навучанне навыкам для жыцця і фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі
  • заснаванай на выкарыстанні як індывідуальных, так і групавых форм навучання з апорай на калектыўны падыход
  • халістычнай і арыентаванай на працэс
  • заснаванай на вопыце і дзеянні
  • арганізаванай у адпаведнасці з патрэбамі ўдзельнікаў.

Фармальная, нефармальная і інфармальная формы адукацыі ўзаемадапаўняюць і ўзмацняюць адна адну ў працэсе навучання на працягу ўсяго жыцця. Мы хочам яшчэ раз падкрэсліць, што практыкаванні «Компаса» можна паспяхова прымяняць у самых розных сітуацыях, у фармальных ці менш фармальных умовах, на рэгулярнай або нерэгулярнай аснове. Таксама лічым патрэбным адзначыць, што аўтары дапаможніка, разумеючы, што важнасць любога працэсу залежыць ад таго, дзе і як ён адбываецца, схіляюцца ў бок нефармальнай адукацыі як патэнцыяльна больш спрыяльнай для вывучэння правоў чалавека (а таксама таму, што першапачаткова «Компас» быў распрацаваны для працы з моладдзю). Што тычыцца школ і каледжаў, то трэба падкрэсліць, што адукацыя ў галіне правоў чалавека не можа разглядацца як нешта, што адбываецца толькі на занятках; яна павінна распаўсюджвацца на ўсю школу і на пазашкольнае асяроддзе. Дэмакратычнае кіраўніцтва ўстановамі адукацыі ўяўляе сабой кірунак, які іграе ўсё больш важную ролю ў працэсе адукацыі ў галіне правоў чалавека (і з'яўляецца пацвярджэннем яе важнасці)8.

У гэтым дапаможніку вы знойдзеце інфармацыю аб правах чалавека і аб самых разнастайных звязаных з імі пытаннях, а таксама больш за 60 практыкаванняў для навучання моладзі правам чалавека. Гэтымі практыкаваннямі справа не абмяжоўваецца; у дапаможніку ёсць вялікі раздзел, у якім апісваецца метадалогія навучання правам чалавека і тлумачыцца, як выкарыстоўваць практыкаванні ў розных сітуацыях і як самастойна адаптаваць іх або распрацоўваць. Таксама ёсць інфармацыя і рэкамендацыі пра тое, як дапамагчы маладым людзям вырашаць пытанні, якія тычацца іх саміх, і «брацца за справу» (Глава 3).

Педагагічная аснова адукацыі ў галіне правоў чалавека ў «Компасе»

У адукацыі ў галіне правоў чалавека метад і змест узаемазвязаныя і ўзаемазалежныя.

Недастаткова проста ведаць аб правах чалавека; людзі павінны таксама развіваць свае навыкі і погляды, каб разам абараняць правы чалавека, выкарыстоўваць інтэлектуальныя, духоўныя і фізічныя здольнасці, каб дамагчыся асабістых і сацыяльных пераўтварэнняў, неабходных для будаўніцтва глабальнай культуры правоў чалавека.

Халістычны падыход да навучання

Пытанні правоў чалавека тычацца чалавека ў цэлым (яго цела, розуму і душы) і ўсіх аспектаў яго жыцця ад калыскі да магілы. Чалавек як цэлае жыве ў цэласным свеце, дзе ўсё ўзаемазвязана; адукацыя ў галіне правоў чалавека абавязкова ўключае ў сябе халістычны, г. зн. усёахопны падыход да навучання. Халістычнае навучанне спрыяе развіццю асобы ў цэлым – яе інтэлектуальнага, эмацыянальнага, сацыяльнага, фізічнага, мастацкага, творчага і духоўнага патэнцыялу. Халістычнае навучанне таксама падразумявае, што навучанне адбываецца ў сацыяльным кантэксце, які ахоплівае ўвесь паўсядзённы вопыт; гэта надае яму міждысцыплінарны характар і звязвае ў адно цэлае традыцыйныя прадметы школьнай праграмы.

Халістычны падыход таксама азначае, што мы імкнёмся прыцягваць і выкарыстоўваць кагнітыўныя, практычныя і ацэначныя аспекты навучання, гэта значыць, нас цікавіць не толькі тое, што навучэнцы вывучаюць, але і тое, як яны ўжываюць свае веды ў адносінах, паводзінах або ў дзеяннях, індывідуальных ці калектыўных, накіраваных на абарону правоў чалавека.

Халістычнае навучанне прадугледжвае дыферэнцыраванае навучанне. У «Компасе» прадстаўлены розныя віды вучэбнай дзейнасці, якія арыентаваны як на кагнітыўную, так і на эмацыйную сферу, і ўлічваюць цэлы шэраг стыляў навучання і адрозненняў інтэлектуальнага характару.

Адкрыты характар навучання

Адкрыты характар навучання азначае, што яно пабудавана такім чынам, што шматлікія (комплексныя) адказы на пытанні не толькі магчымыя, але і чаканыя. Удзельнікаў не накіроўваюць на пошукі адзінага «правільнага» адказу, таму што жыццё не чорна-белае, а нявызначанасць з'яўляецца рэчаіснасцю, у якой мы жывём. Адкрыты характар навучання ўмацоўвае ўпэўненасць у сабе, калі трэба выказаць сваё меркаванне і думаць крытычна. Для адукацыі ў галіне правоў чалавека гэта асабліва істотна, таму што пытанні правоў чалавека непазбежна выклікаюць розныя меркаванні і розныя погляды; таму важна, каб навучэнцы не толькі вучыліся разам, але маглі заставацца кожны пры сваім меркаванні або прыйсці да процілеглых высноў ці пунктаў гледжання.

Растлумачэнне каштоўнасцей

Удзельнікі атрымліваюць магчымасць вызначаць, удакладняць і выказваць свае погляды і каштоўнасці і супрацьпастаўляць іх поглядам і каштоўнасцям іншых у бяспечным асяроддзі, заснаваным на годнасці кожнай чалавечай асобы, на свабодзе думкі і выказвання меркавання, а таксама на павазе да меркаванняў іншых.

Удзел

Удзел патрабуе спрыяльнага асяроддзя, якое дапаможа навучэнцам узяць на сябе адказнасць за дзейнасць, у якую яны ўцягнуты.

Удзел у адукацыі ў галіне правоў чалавека азначае, што маладыя людзі ўдзельнічаюць у прыняцці рашэнняў аб тым, што і як яны збіраюцца даведацца пра правы чалавека. Дзякуючы ўдзелу маладых людзей у гэтым працэсе ў іх развіваюцца розныя кампетэнцыі, у тым ліку здольнасць прымаць рашэнні, слухаць, спачуваць і паважаць іншых, браць на сябе адказнасць за свае рашэнні і дзеянні.

Такім чынам, адукацыя ў галіне правоў чалавека павінна даць маладым людзям магчымасць вырашаць, калі, якім чынам і якія тэмы яны хацелі б прапрацаваць. Гэта азначае, што роля лідара або настаўніка заключаецца ў тым, каб выступаць у якасці метадыста, гіда, сябра ці ментара, але не інструктара, які перадае веды або прымае рашэнні і кантралюе, што і як трэба вывучаць.

Практыкаванні гэтага дапаможніка патрабуюць актыўнага ўдзелу; навучэнец павінен быць актыўным і паглыбленым у заняткі; нельга сядзець склаўшы рукі і быць пасіўным назіральнікам. У гэтым сэнсе наша методыка шмат у чым абавязана працы Аўгуста Баала і іншых піянераў сацыяльнай адукацыі ў тым, што тычыцца ўсвядомленых адносін да сваіх дзеянняў, да саміх сябе і да іншых. Калі навучэнцы (удзельнікі) не прымаюць актыўнага ўдзелу ў практыкаванні, яго лепш адкласці або прыпыніць і спытаць іх аб прычынах такой пасіўнасці. Гэта таксама з'яўляецца часткай адукацыі ў галіне правоў чалавека.

Удзел патрабуе фарміравання спрыяльнага асяроддзя, якое дапаможа навучэнцам (удзельнікам) узяць на сябе адказнасць за дзеянні і працэсы, у якіх яны прымаюць удзел. Важна быць адкрытым і сумленным з удзельнікамі, у тым ліку і ў пытанні аб межах удзелу. Лепш акрэсліць межы ўдзелу загадзя, чым потым маніпуляваць сітуацыяй або імітаваць удзел.

Навучанне праз супрацоўніцтва

Навучыцца паважаць іншых і працаваць разам складае адну з мэт адукацыі ў галіне правоў чалавека. Пры навучанні праз супрацоўніцтва людзі вучацца, працуючы разам, дамагаючыся вынікаў, карысных як для іх саміх, так і для астатніх членаў групы. Навучанне праз супрацоўніцтва спрыяе павышэнню паспяховасці і прадукцыйнасці, стварае атмасферу ўзаемнай падтрымкі, клопату і самаадданасці, дапамагае дасягненню больш высокай сацыяльнай кампетэнтнасці і самапавагі. У гэтым яго адрозненне ад навучання на аснове канкурэнцыі. Канкурэнтнае навучанне нярэдка спрыяе ўласнай зацікаўленасці, праяўленню непавагі да іншых, фанабэрыстасці сярод пераможцаў, у той час як тыя, хто прайгралі, нярэдка губляюць матывацыю і самапавагу.

Навучанне праз вопыт

Навучанне праз вопыт з'яўляецца краевугольным каменем адукацыі ў галіне правоў чалавека, таму што асноўныя навыкі і каштоўнасці ў сферы правоў чалавека, такія як камунікатыўнасць, крытычнае мысленне, гатоўнасць абараняць іншых, талерантнасць і павага, нельга засвоіць у працэсе простага выкладання – іх вывучаюць праз вопыт і практыку.

Веды аб правах чалавека важны, але недастатковы самі па сабе. Неабходна, каб маладыя людзі мелі значна больш глыбокае разуменне таго, як правы чалавека развіваюцца з патрэб чалавека і чаму іх трэба абараняць. Так, напрыклад, маладыя людзі, якія непасрэдна не сутыкаліся з расавай дыскрымінацыяй, могуць думаць, што гэта пытанне іх не тычыцца. З пункту гледжання правоў чалавека, такое становішча непрымальна – людзі ва ўсім свеце нясуць адказнасць за абарону правоў іншых людзей.

Аднаго вопыту для навучання недастаткова

У «Компасе» мы даем магчымасць атрымаць вопыт праз практыкаванні, такія як ролевыя гульні і аналіз сітуацыі, падчас якіх мы задаём пытанні і ставім перад удзельнікамі праблемы, для якіх яны павінны знайсці рашэнне. Аднак вопыту самога па сабе недастаткова. Каб навучыцца чаму-небудзь праз вопыт, важна асэнсаваць тое, што адбылося, зрабіць высновы і перанесці на практыку тое, што вы даведаліся ў ходзе навучання: без замацавання вопытам вывучанае будзе страчана.

Дэвід Колб і яго цыкл навучання праз вопыт

У 1984 годзе Дэвід Колб апублікаваў працу «Навучанне праз вопыт: вопыт як крыніца навучання і развіцця». Яго тэорыя дапускае, што ў працэсе навучання існуе чатыры фазы.

Усе практыкаванні ў «Компасе» будуюцца ў адпаведнасці з гэтай мадэллю. Праводзіцца пэўная дзейнасць, якая дае ўдзельнікам вопыт (запланаваная падзея, стымул, практыкаванне, напрыклад ролевая гульня), за якой ідуць аналіз (фаза 2) і ацэнка (фаза 3). Апісанне кожнага практыкавання ўключае ў сябе магчымыя пытанні, якія дапамогуць накіраваць працэс аналізу і абмеркавання, падчас якога людзі змогуць асэнсаваць, што адбылося, як яны сябе адчувалі і як гэты новы вопыт суадносіцца з тым, што яны ведалі раней, і з больш шырокім светам. Нарэшце, удзельнікі пераходзяць да фазы 4, гэта значыць, да практычных дзеянняў, выкарыстання вывучанага на практыцы. У «Компасе» мы змяшчаем прапановы па далейшай дзейнасці навучэнцаў, у тым ліку рэкамендацыі наконт таго, як маладым людзям ажыццявіць вывучанае на практыцы, каб прынесці карысць іх супольнасці. Важна разумець, што чатыры фазы ўяўляюць сабой чатыры неад'емныя часткі цэлага працэсу навучання; людзі нічога не зразумеюць без рэфлексіі, і які сэнс ад навучання, калі яго не выкарыстоўваць? А простае, бяздумнае выкананне практыкаванняў «Компаса» (фаза 1) без іншых фаз ёсць ні што іншае, як парушэнне асноўных прынцыпаў адукацыі ў галіне правоў чалавека!

Некаторыя выказваюць занепакоенасць такім моцным жаданнем сацыяльных пераўтварэнняў і лічаць, што заахвочванне актыўнасці заходзіць занадта далёка. Не варта з-за гэтага перажываць. Як адукатары, мы імкнёмся натхняць маладых людзей на тое, каб яны ўзялі на сябе клопат аб правах чалавека, і даць ім неабходныя інструменты, каб яны маглі дзейнічаць там і тады, дзе і калі яны адчуюць, што гэта неабходна.

Тут, мабыць, неабходна растлумачыць, як мы выкарыстоўваем тэрмін «дзейнасць» у «Компасе». Мы выкарыстоўваем яго як у значэнні «стымул, метад або падзея», якая адбываецца ў фазе 1 навучальнага цыкла, так і ў значэнні «мерапрыемства цалкам», якое ахоплівае ўсе чатыры стадыі навучальнага цыкла. На практыцы з кантэксту, у якім гэты тэрмін выкарыстоўваецца, павінна быць зразумела, ці мы гаворым пра метад або пра метад разам з аналізам і ацэнкай, практычнымі дзеяннямі і далейшай дзейнасцю.

Цыкл навучання праз вопыт

Image: The cycle of experimental learning

Арыентацыя на навучэнца

Адукацыя ў галіне правоў чалавека мае вельмі ясную мэту: садзейнічаць навучанню пра правы чалавека, для правоў чалавека і праз правы чалавека. Хоць веды аб правах чалавека і кампетэнцыі ў галіне правоў чалавека з'яўляюцца складанай часткай такой адукацыі, у яе цэнтры знаходзіцца навучэнец ці ўдзельнік. Важна не столькі тое, што дае або перадае фасілітатар або выкладчык, і не змест таго, што будзе вывучана («Сёння мы разгледзім тэму смяротнага пакарання»). У цэнтры ўвагі знаходзяцца менавіта навучэнцы (удзельнікі), таму што важна менавіта тое, чаму яны навучацца і якія высновы зробяць, бо ў такім выпадку атрыманыя веды і вопыт больш значныя для ўдзельніка (або зусім нязначныя, што таксама важна адзначыць) і хутчэй за ўсё атрымаюць практычнае прымяненне. З арыентацыі на ўдзельніка выцякае шмат іншых палажэнняў і наступстваў, у тым ліку гатоўнасць фасілітатара адаптаваць змест і ўзровень складанасці праграмы да рэальных здольнасцей удзельнікаў, гэта значыць, зрабіць тое, што ў працэсе падрыхтоўкі «Компаса» мы называлі «пачынаць з людзей».

Адукацыя ў галіне правоў чалавека: працэс і вынікі

Ключавыя адукацыйныя падыходы, якія выкарыстоўваюцца ў «Компасе», – навучанне праз супрацоўніцтва, удзел і навучанне праз вопыт – аб'ядноўваюцца падчас выканання практыкаванняў, іх абмеркавання і далейшай дзейнасці ў мэтах стварэння працэсу, які:

  • пачынаецца з таго, што людзі ўжо ведаюць, з іх меркаванняў і вопыту, і на гэтай аснове дазваляе ім шукаць і разам знаходзіць новыя ідэі і вопыт (навучанне аб правах чалавека)
  • спрыяе таму, што маладыя людзі прымаюць удзел у абмеркаванні, уносяць у яго свой уклад і як мага больш вучацца адзін у аднаго (навучанне праз правы чалавека)
  • падтрымлівае людзей у пераўтварэнні іх ведаў у простыя, але эфектыўныя дзеянні, якія дэманструюць іх непрыманне несправядлівасці, няроўнасці і парушэнняў правоў чалавека (навучанне для правоў чалавека).

Каб дасягнуць максімальнага эфекту, адукатары, спецыялісты па адукацыі ў галіне правоў чалавека павінны не забываць пра сваю мэту: правы чалавека пашыраюць правы і магчымасці моладзі, нават калі яны не праяўляюць актыўнасці. На практыцы не існуе адрозненняў паміж адукацыяй у галіне правоў чалавека як працэсам і як вынікам; праз дзейнасць яны становяцца адзіным цэлым, у якім працэс і змест, метады і вынікі становяцца ўзаемазалежнымі, бо, як сказаў, здаецца, Махатма Гандзі, «няма шляху да міру, мір і ёсць шлях».

Падобна таму, як вышэй мы паспрабавалі апісаць асноўныя прыкметы культуры правоў чалавека, далей мы – аўтары гэтага дапаможніка – таксама паспрабуем пералічыць веды, навыкі і погляды чалавека, які атрымаў адукацыю ў гэтай галіне. Гэтыя кампетэнцыі паслужаць нам у якасці асновы для распрацоўкі мэт нашых практыкаванняў.

У агульных рысах вынікі адукацыі ў галіне правоў чалавека можна апісаць з пункту гледжання ведаў і разумення, навыкаў і пазіцый наступным чынам:

  • Дасведчанасць і разуменне пытанняў правоў чалавека, у выніку чаго людзі могуць распазнаць і прызнаць парушэнні правоў чалавека: вывучэнне таго, што такое правы чалавека, як іх можна абараняць у краіне пражывання, якія органы нясуць адказнасць за іх абарону; якія міжнародныя дагаворы прымяняюцца, выканання якіх правоў удзельнікі (маладыя людзі) могуць патрабаваць (навучанне аб правах чалавека);
  • Навыкі і здольнасці змагацца і абараняць свае ўласныя і чужыя правы чалавека, такія як павышэнне дасведчанасці, прапаганда і агітацыя за правы, разуменне магчымасці звязацца з адпаведнымі органамі або прэсай (навучанне ў абарону правоў чалавека) і гэтак далей;
  • Пазіцыі павагі да правоў чалавека, у выніку чаго людзі паважаюць правы іншых, а ўдзельнікі жывуць у адпаведнасці з каштоўнасцямі правоў чалавека; так званае «гарызантальнае вымярэнне» правоў чалавека прымяняецца да зносін паміж людзьмі, а не толькі паміж людзьмі і дзяржаўнымі ўстановамі (як у так званым «вертыкальным вымярэнні»). Такія пазіцыі могуць праяўляцца ў сям'і, сярод аднагодкаў, у школе, у маладзёжнай арганізацыі або ў клубе (навучанне праз і навучанне ў правах чалавека).

Мэты, заснаваныя на кампетэнцыях

Пастаноўка агульных мэт бывае карысная, але, каб выкладанне правоў чалавека было больш эфектыўным, мы павінны быць значна больш дакладнымі ў вызначэнні мэт і ясна акрэсліць, якія кампетэнцыі мы хочам развіваць у маладых людзей, з якімі працуем. Мы павінны задаць сабе пытанне: якія веды неабходныя маладым людзям, каб больш глыбока ўсвядоміць розныя аспекты правоў чалавека? Якія навыкі і перакананні спатрэбяцца ім у справе абароны правоў чалавека? Адказы на гэтыя пытанні дапамогуць апісаць нашы мэты больш дакладна. Ніжэй пералічваюцца тыя характэрныя рысы і ключавыя паняцці адукацыі ў галіне правоў чалавека, якія былі выяўлены падчас падрыхтоўкі «Компаса» і ў практычнай дзейнасці па навучанні маладых людзей правам чалавека па ўсёй Еўропе. Яны складаюць аснову для сістэмы практыкаванняў, прапанаваных у дапаможніку.

Веданне і разуменне

На практыцы паміж працэсам і вынікамі адукацыі ў галіне правоў чалавека не павінна быць размежавання.

  • Ключавыя паняцці: свабода, справядлівасць, роўнасць, чалавечая годнасць, недыскрымінацыя, дэмакратыя, усеагульнасць, правы, абавязкі, узаемазалежнасць і салідарнасць;
  • Ідэя аб тым, што правы чалавека забяспечваюць аснову для абмеркавання і ўзгаднення мадэлей паводзін у сям'і, у школе, у грамадстве і свеце ў цэлым;
  • Роля правоў чалавека, іх мінулае і будучыня ў жыцці чалавека, у жыцці супольнасцей, а таксама ў жыцці іншых людзей ва ўсім свеце;
  • Адрозненні і сувязь паміж грамадска-палітычнымі і сацыяльна-эканамічнымі правамі;
  • Мясцовыя, нацыянальныя, міжнародныя арганізацыі, НГА і асобы, якія працуюць для падтрымкі і абароны правоў чалавека;
  • Розныя падыходы да разумення і рэалізацыі правоў чалавека ў розных грамадствах і розных групах у межах аднаго грамадства, і розныя крыніцы легітымнасці, у тым ліку рэлігійныя, духоўныя і прававыя крыніцы;
  • Асноўныя сацыяльныя змены, гістарычныя падзеі і прычыны, якія вядуць да прызнання правоў чалавека;
  • Правы, замацаваныя ў асноўных міжнародна-прававых актах, створаных для абароны правоў чалавека, напрыклад Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека (УДПЧ), Канвенцыя ААН аб правах дзіцяці (КПД) і Еўрапейская канвенцыя аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод (ЕКПЧ);
  • Правы чалавека, замацаваныя ў нацыянальных канстытуцыях і законах, і органы, адказныя за іх маніторынг на нацыянальным узроўні.

Навыкі

  • Актыўнае слуханне і камунікацыя: уменне выслухаць розныя пункты гледжання, адстойваць свае ўласныя правы і правы іншых людзей;
  • Крытычнае мысленне: уменне знаходзіць значную інфармацыю, крытычна ацэньваць доказы, распазнаваць забабоны і прадузятасці, формы маніпуляцый і прымаць рашэнні на аснове аргументаваных меркаванняў;
  • Навыкі супрацоўніцтва і станоўчага вырашэння канфліктаў;
  • Навыкі ўдзелу ў працы сацыяльных груп і іх арганізацыі;
  • Здольнасць распазнаваць парушэнні правоў чалавека;
  • Уменне дзейнічаць у мэтах прасоўвання і абароны правоў чалавека – як на месцах, так і ў глабальным маштабе.

Перакананні і каштоўнасці

  • Пачуццё адказнасці за свае дзеянні, імкненне да асабістага развіцця і сацыяльных пераўтварэнняў;
  • Дапытлівасць, адкрытасць розуму і разуменне каштоўнасці разнастайнасці культур;
  • Суперажыванне і салідарнасць з іншымі людзьмі, імкненне падтрымаць тых, чые правы знаходзяцца пад пагрозай;
  • Пачуццё чалавечай годнасці, уласнай значнасці і значнасці іншых людзей незалежна ад сацыяльных, культурных, моўных або рэлігійных адрозненняў;
  • Пачуццё справядлівасці, імкненне працаваць у імя дасягнення ідэалаў усеагульных правоў чалавека, роўнасць і павага да разнастайнасці.

Адукацыя ў галіне правоў чалавека і іншыя адукацыйныя сферы

Амаль кожная праблема ў сучасным свеце звязана з парушэннямі правоў чалавека.

Правы чалавека закранаюць усе аспекты нашага жыцця на мясцовым і глабальным узроўнях. Калі мы зазірнём ва Ўсеагульную дэкларацыю правоў чалавека (УДПЧ), то ўбачым, што амаль усе праблемы сучаснага свету – беднасць, забруджванне навакольнага асяроддзя, змяненне клімату, эканамічная няроўнасць, СНІД, абмежаваны доступ да адукацыі, расізм і войны – уключаюць у сябе парушэнні правоў чалавека.

Цяжка сказаць, якая з названых несправядлівасцей больш ці менш важная. Перспектыва змяняецца ў залежнасці ад месца, дзе вы знаходзіцеся, і ад вашага асабістага статусу. Больш за тое, яны ўзаемазвязаны паміж сабой да такой ступені, што рашэнне любой з іх уключае ў сябе рашэнне іншай. Правы чалавека непадзельныя, узаемазалежныя і ўзаемазвязаныя, і немагчыма ўзяць і выбраць, якія з іх варта прымаць і паважаць.

Нельга сказаць, што гэтыя праблемы прадстаўляюць інтарэс выключна для адукатараў, якія працуюць у галіне правоў чалавека; яны аднолькава актуальны для ўсіх, хто аддае сілы справе стварэння справядлівага і мірнага свету, у якім павага і роўнасць з'яўляюцца нормай. Калі людзі працуюць, напрыклад, у сферы адукацыі для развіцця, выхавання ў духу міру, адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця або выхавання грамадзянскасці, гэта значыць, што мы ўсе працуем з узаемазалежнымі і ўзаемазвязанымі пытаннямі і «Компасу» ёсць што прапанаваць у гэтай сувязі. Правы чалавека сапраўды разнастайныя і паўстаюць у значна больш разнастайных формах, чым мы можам сабе ўявіць! Часта, асабліва ў працы з моладдзю, мы заклікаем маладых людзей развіваць у сабе пачуцці адказнасці і годнасці, але не абавязкова называем гэта адукацыяй у галіне правоў чалавека.

Грамадзянская адукацыя (выхаванне дэмакратычнай грамадзянскасці)

Выхаванне дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыя ў галіне правоў чалавека адрозніваюцца, хутчэй, акцэнтам і маштабам, чым мэтамі і практыкай

Згодна з Хартыяй Савета Еўропы аб выхаванні дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыі ў галіне правоў чалавека, «Выхаванне дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыя ў галіне правоў чалавека цесна ўзаемазвязаны і ўзаемна дапаўняюць адно аднаго. Яны адрозніваюцца, хутчэй, акцэнтам і маштабам, чым мэтамі і практыкай. У выхаванні дэмакратычнай грамадзянскасці галоўная ўвага надаецца дэмакратычным правам, абавязкам і актыўнаму ўдзелу ў грамадзянскай, палітычнай, сацыяльнай, эканамічнай, прававой і культурнай сферах жыцця грамадства, у той час як адукацыя ў галіне правоў чалавека ахоплівае больш шырокі спектр правоў чалавека і асноўных свабод ва ўсіх аспектах жыцця людзей».

Праграма па выхаванні грамадзянскасці ўключае раздзелы, прысвечаныя палітыцы і працы ўрадаў, прававой сістэмы, сродкаў масавай інфармацыі, мультыкультуралізму і праблеме роўных магчымасцей. «Компас» прапануе вялікую колькасць адпаведных практыкаванняў па тэмах  «Дэмакратыя»«Грамадзянскасць і ўдзел», «СМІ»«Агульныя правы чалавека», «Дыскрымінацыя і нецярпімасць» і «Гендарныя пытанні».

Гэтыя тэмы «Компаса» таксама будуць карысныя ўрадавым і няўрадавым грамадскім арганізацыям, якія займаюцца выхаваннем грамадзянскасці ў працы з мігрантамі і бежанцамі, якія маюць патрэбу ў навучанні, каб стаць юрыдычна і сацыяльна прызнанымі грамадзянамі краіны.

Асабістая і сацыяльная адукацыя

У многіх краінах існуе пэўная форма адукацыі, якая разглядае ролю чалавека ў грамадстве і дапамагае маладым людзям падрыхтавацца да вырашэння асабістых праблем, з якімі яны сутыкнуцца. Змест такой адукацыі можа перасякацца з пытаннямі грамадзянскасці, але таксама можа ўключаць аспекты асабістага жыцця чалавека, звязаныя з адпачынкам, напрыклад спорт, клубы і аб'яднанні, музыку, мастацтва і іншыя формы культуры. Такое навучанне можа таксама тычыцца асабістых адносін. Правы чалавека ўключаюцца ў гэтыя пытанні двума галоўнымі спосабамі: па-першае, таму што развіццё асобы і асабістых адносін характарызуецца маральнымі і сацыяльнымі аспектамі, у якіх павінны пераважаць каштоўнасці правоў чалавека; а па-другое, таму што права на ўдзел у культурным і грамадскім жыцці замацавана ва УДПЧ, а таксама ў іншых міжнародных дагаворах. Нават калі моладзь, з якой вы працуеце, можа скарыстацца гэтым правам, то ва ўсім свеце жывуць маладыя людзі, якія гэтага зрабіць не могуць.

«Компас» прапануе розныя практыкаванні ў рамках тэм«Удзел» і «Культура і спорт», якія могуць быць карысныя выкладчыкам, якія працуюць у сферы асабістай і сацыяльнай адукацыі.

Выхаванне каштоўнасцей (маральнае выхаванне)

Ніхто не можа быць раскрытыкаваны за навучанне каштоўнасцям правоў чалавека.

Выхаванне каштоўнасцей з'яўляецца агульнай часткай школьнай праграмы ў многіх краінах, але гэта часта прыводзіць да ўзнікнення дзвюх фундаментальных праблем у свядомасці людзей: якім каштоўнасцям павінна вучыць такое выхаванне і як зрабіць так, каб гэтыя каштоўнасці не навязваліся людзям і не ўспрымаліся як каштоўнасці большасці? Цалкам дапушчальна і апраўдана абраць зыходным пунктам правы чалавека, таму што правы чалавека заснаваны на каштоўнасцях, якія з'яўляюцца агульнымі для ўсіх асноўных рэлігій і культур і прызнаюцца – але не абавязкова ператвараюцца ў жыццё – амаль у кожнай краіне свету. Каштоўнасці, якія ляжаць у аснове правоў чалавека, носяць універсальны характар, хоць спосаб іх выражэння ў розных грамадствах можа значна адрознівацца. Правы чалавека былі распрацаваны ў працэсе перамоў і ў выніку дасягнення кансэнсусу паміж урадамі краін усяго свету. Таму ніхто не можа быць раскрытыкаваны за навучанне каштоўнасцям правоў чалавека!

Глабальная адукацыя

Спецыялісты ў галіне глабальнай адукацыі прызнаюць важнасць халістычнага падыходу да прадмета, таму што цэняць узаемазалежнасць сацыяльных, эканамічных, экалагічных і палітычных аспектаў нашага свету і сцвярджаюць, што, як грамадзяне свету, мы маем абавязкі перад сусветнай супольнасцю.

У Маастрыхцкай дэкларацыі глабальнай адукацыі (2002 г.)9 гаворыцца, што глабальнай з'яўляецца такая адукацыя, якая адкрывае людзям вочы і даносіць да іх розуму рэаліі глабалізацыі, а таксама заахвочвае іх несці ў свет больш справядлівасці, роўнасці і правоў чалавека для ўсіх. Яна ўключае ў сябе адукацыю для развіцця, адукацыю ў галіне правоў чалавека, адукацыю ў інтарэсах устойлівага развіцця, выхаванне ў імя міру і прадухілення канфліктаў і міжкультурнае навучанне.

Прызнанне правоў чалавека ў якасці зыходнага пункта для вывучэння сацыяльных, эканамічных, экалагічных і палітычных аспектаў нашага свету дасць спецыялістам у галіне глабальнай адукацыі магчымасць узбагаціць сваю педагагічную дзейнасць.

Заахвочваючы навучэнцаў і адукатараў сумесна працаваць над глабальнымі пытаннямі з прымяненнем дасягненняў інавацыйнай педагогікі, метады і практыкі глабальнай адукацыі дапамагаюць зразумець складаныя рэаліі і працэсы, якія маюць месца ў сучасным свеце; яны імкнуцца развіваць каштоўнасці, адносіны, веды і навыкі, якія дазваляюць людзям павярнуцца тварам да праблем, якіх становіцца ўсё больш у сучасным узаемазвязаным свеце, зразумець гэтыя праблемы і знайсці для іх рашэнне ў духу «глабальнай адказнасці грамадзян свету».

«Компас» прапануе вялікую колькасць практыкаванняў у рамках тэмы «Глабалізацыя», таму што многія пытанні правоў чалавека сёння маюць вельмі важнае глабальнае вымярэнне. Напрыклад, у практыкаванні «Можна ўвайсці?» удзельнікі мадэліруюць вопыт шукальнікаў прытулку.

Міжкультурная адукацыя

Міжкультурная адукацыя накіравана на развіццё ўзаемаразумення паміж культурамі праз вывучэнне падабенстваў і адрозненняў паміж культурамі і народамі. Адсутнасць міжкультурнага ўзаемаразумення часта прыводзіць да расавай дыскрымінацыі, нецярпімасці, паклёпу і гвалту на месцах і ў глабальным маштабе. Сумнымі ілюстрацыямі да праблем, якія могуць узнікаць у выніку няздольнасці людзей паважаць прадстаўнікоў іншых культур і жыць побач з імі, з'яўляюцца праявы расізму, дыскрымінацыі і гвалту, з якімі можна сутыкнуцца ва ўсіх краінах.
Прычыны канфліктаў ніколі не бываюць простымі, але няроўнае размеркаванне рэсурсаў і няроўнасць у палітычных і сацыяльных правах застаюцца асноўнымі крыніцамі нецярпімасці і дыскрымінацыі. Таму прававая перспектыва з'яўляецца лагічным падыходам, які бяруць на ўзбраенне спецыялісты па міжкультурнай адукацыі, якія знойдуць шмат карысных матэрыялаў па гэтай тэме ў «Компасе» і іншых публікацыях Савета Еўропы.

Маладзёжны сектар Савета Еўропы значныя намаганні прысвяціў галіне міжкультурнай адукацыі, асабліва ў рамках Еўрапейскіх маладзёжных цэнтраў і Еўрапейскага маладзёжнага фонду. З 1995 года ў Еўропе вядзецца кампанія супраць расізму, ксенафобіі, антысемітызму і нецярпімасці пад лозунгам «Усе розныя – усе роўныя», накіраваная супраць росту варожасці і нецярпімасці ў адносінах да меншасцей10. Пакет дыдактычных матэрыялаў «Усе розныя – усе роўныя», які быў падрыхтаваны для кампаніі і з'яўляецца папярэднікам «Компаса», змяшчае шмат карысных практыкаванняў, якія дапаўняюць матэрыялы «Компаса», для працы па тэме  «Дыскрымінацыя і нецярпімасць».

Антырасісцкая адукацыя

Антырасісцкая адукацыя накіравана на тое, каб пакласці канец шматвяковай спадчыне панавання расісцкіх поглядаў і ідэалогіі, і прымае ў якасці зыходнага пункту гледжання сцвярджэнне, што мы жывём у полікультурным і дэмакратычным грамадстве, дзе ўсе грамадзяне маюць права на роўнасць і справядлівасць. Іншымі словамі, яна бярэ на ўзбраенне падыход, заснаваны на абароне правоў, і цесна звязана з міжкультурнай адукацыяй.

Добрым зыходным пунктам для спецыялістаў-практыкаў у галіне антырасісцкай адукацыі з'яўляюцца глава і практыкаванні «Компаса», прысвечаныя «Дыскрымінацыя і нецярпімасць». Калі вас цікавіць метад адукацыі «роўны вучыць роўнага», яшчэ больш ідэй вы знойдзеце ў іншай публікацыі Савета Еўропы – «ДАміно» (DОmino).

У Савеце Еўропы пытаннямі правоў чалавека, адукацыі і барацьбы супраць расізму займаецца Еўрапейская камісія супраць расізму і нецярпімасці (ЕКРН). Задачай ЕКРН з'яўляецца барацьба супраць расізму, расавай дыскрымінацыі, ксенафобіі, антысемітызму і нецярпімасці ў Вялікай Еўропе з пункту гледжання абароны правоў чалавека. Яе дзейнасць заснавана на Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека, яе дадатковых пратаколах і адпаведным прэцэдэнтным праве.

Адукацыя для развіцця

Правы чалавека – важны аспект адукацыі для развіцця.

Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека і Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах змяшчаюць шэраг артыкулаў, якія з'яўляюцца ключавымі для разумення права на развіццё, напрыклад прасоўванне сацыяльнага прагрэсу i паляпшэнне ўмоў жыцця, права на абарону ад дыскрымінацыі, права на ўдзел у грамадска-палітычных справах, права на дастатковы жыццёвы ўзровень і права на свабоднае самавызначэнне. Яны таксама змяшчаюць права чалавека на сацыяльны i мiжнародны парадак, пры якiм правы i свабоды, выкладзеныя ў Дэкларацыі, могуць быць цалкам рэалізаваны.

Права на развіццё было абвешчана ААН у 1986 годзе ў «Дэкларацыі аб праве на развіццё» і прынята Генеральнай Асамблеяй ААН у адпаведнасці з рэзалюцыяй 41/128. Права на развіццё, замацаванае Венскай дэкларацыяй 1993 года, уяўляе сабой групавое права, якое належыць людзям у іх сукупнасці і ў выніку гэтага адрозніваецца ад тых правоў, якія належаць фізічным асобам.

Спецыялісты ў галіне адукацыі для развіцця прызнаюць правы чалавека ў якасці важнага элемента сваёй працы. Аднак яны не заўсёды зыходзяць з правоў чалавека. Традыцыйны падыход да адукацыі для развіцця заключаецца ў вывучэнні адносін паміж людзьмі, якія жывуць у «развітых» краінах Поўначы, і людзьмі з краін Поўдня, якія «знаходзяцца ў стадыі развіцця», і ў імкненні зразумець, як эканамічныя, сацыяльныя, палітычныя і экалагічныя фактары вызначаюць жыццё людзей. Мы лічым, што падыход да гэтых пытанняў з пункту гледжання правоў чалавека дасць дадатковы стымул працы па гэтай тэме. Яшчэ адным станоўчым момантам з'яўляецца тое, што практыкаванні, якія мы прапануем у «Компасе», развіваюць навыкі, пазіцыі і каштоўнасці, якія дазваляюць людзям працаваць разам, каб дамагацца пераўтварэнняў, што ўяўляе сабой адну з важнейшых мэт адукацыі для развіцця.

Такія тэмы «Компаса», як  «Праца», «Беднасць», «Здароўе», «Глабалізацыя» і «Навакольнае асяроддзе», маюць найбольш відавочныя сувязі з адукацыяй для развіцця.

Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця (экалагічная адукацыя)

Калі мы захочам падысці да пытанняў навакольнага асяроддзя з пазіцыі правоў чалавека, зыходным пунктам можа стаць артыкул 25 УДПЧ, які тычыцца права на дастатковы ўзровень жыцця, у тым ліку дастатковае харчаванне, адзенне і жыллё. Паколькі жыццё чалавека залежыць ад здаровага і ўстойлівага навакольнага асяроддзя, улік правоў чалавека ў планетарным маштабе і правоў будучых пакаленняў патрабуе вынясення пытанняў навакольнага асяроддзя на першы план. Сёння некаторыя эксперты нават гавораць аб неабходнасці афіцыйнага прызнання асобных экалагічных правоў чалавека.

Навакольнае асяроддзе забяспечвае нас таварамі і паслугамі, якія падтрымліваюць наша жыццё і наш лад жыцця. Аднак ужо даўно ясна, што мы жывём на планеце, існаванне якой не бясконцае, і што дзейнасць чалавека мае сур'ёзныя наступствы для стану навакольнага асяроддзя і дабрабыту чалавецтва. З гэтага пункту гледжання, дзеянні, накіраваныя на далейшае эканамічнае развіццё, павінны быць збалансаваны з улікам таго, як дорага яны абыдуцца чалавецтву і прыродзе ў цэлым. Экалагічная адукацыя ставіць сваёй мэтай прыцягнуць увагу грамадскасці да гэтых пытанняў і садзейнічаць узмацненню клопату аб прыродных рэсурсах планеты і павагі да іх.

Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця, якую часта звязваюць з экалагічнай адукацыяй, таксама падкрэслівае неабходнасць фарміравання халістычнага ўяўлення аб пытаннях навакольнага асяроддзя і развіцця. Тэрмін «устойлівае развіццё» ўвайшоў у шырокі ўжытак пасля Канферэнцыі ААН па навакольным асяроддзі і развіцці, якая адбылася ў Рыа-дэ-Жанэйра ў 1992 годзе; ён азначае развіццё, якое накіравана на задавальненне цяперашніх патрэб без шкоды для будучых пакаленняў. Іншымі словамі, устойлівасць – гэта такі клопат пра наваколле, які пакідае яго прыдатным для жыцця будучых пакаленняў. Таму такія каштоўнасці правоў чалавека, як справядлівасць і роўнасць, ляжаць у аснове ідэі ўстойлівасці.

Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця, згодна з ЮНЕСКА, заклікана дапамагчы людзям развіваць пазіцыі, навыкі і веды з тым, каб прымаць абгрунтаваныя рашэнні на карысць сабе і іншым на сённяшні дзень і на будучыню і дзейнічаць у адпаведнасці з гэтымі рашэннямі.

Дзесяцігоддзе ААН па адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця (2005–2014 гг.), вядучай установай якога з'яўляецца ЮНЕСКА, ставіць сваёй задачай інтэграцыю прынцыпаў, каштоўнасцей і практыкі ўстойлівага развіцця ва ўсе аспекты адукацыі і навучання з мэтай вырашэння сацыяльных, эканамічных, культурных і экалагічных праблем, з якімі мы сутыкаемся ў XXI стагоддзі.

Існуюць вельмі цесныя сувязі паміж адукацыяй у інтарэсах устойлівага развіцця, адукацыяй для развіцця, глабальнай адукацыяй і адукацыяй у галіне правоў чалавека, асабліва ў тым, што тычыцца развіцця поглядаў, навыкаў і ведаў, неабходных для прыняцця абгрунтаваных рашэнняў на карысць саміх сябе і нашай планеты і ажыццяўлення дзеянняў у адпаведнасці з гэтымі рашэннямі. Разам з тэмамі, якія згадваюцца вышэй і маюць дачыненне да глабальнай адукацыі і адукацыі для развіцця, у «Компасе» ёсць асобная тэма, прысвечаная навакольнаму асяроддзю, у якой пытанні ўстойлівага развіцця разглядаюцца з пункту гледжання правоў чалавека.

Адукацыя ў духу міру

Ключавымі паняццямі адукацыі ў духу міру, як сведчыць практыка многіх школьных і ўніверсітэцкіх праграм, з'яўляюцца паняцці гвалту і яго кантролю, скарачэння і ліквідацыі. Навучанне ў духу міру знаходзіць адлюстраванне ў планах і праграмах па канфлікталогіі, міжкультурнай адукацыі, адукацыі для развіцця, светабудове і экалагічнай адукацыі. Часцей за ўсё гэты падыход развіваецца як рэакцыя на пэўны набор праблем, якія ўспрымаюцца ў якасці прычын сацыяльнай несправядлівасці, канфліктаў і войнаў.

З іншага боку, адукацыя ў духу міру, зыходным пунктам якой з'яўляюцца правы чалавека, заснаваныя на паняццях чалавечай годнасці і ўсеагульнасці, можа лягчэй прывесці да больш глыбокага разумення міру – міру не толькі ў сэнсе спынення гвалту, але і ў сэнсе аднаўлення адносін і стварэння сацыяльных, эканамічных і палітычных сістэм, якія з большай доляй верагоднасці паспрыяюць фарміраванню доўгатэрміновага мірнага асяроддзя.

Адукацыя ў духу міру, зыходным пунктам якой з'яўляюцца правы чалавека, можа лягчэй прывесці да больш глыбокага разумення міру.

Адукацыя ў духу міру разглядае самыя розныя формы гвалту, такія, напрыклад, як фізічны або паводзінскі гвалт, у тым ліку войны; структурны гвалт, г. зн. беднасць і нягоды, якія з'яўляюцца вынікам несправядлівых сацыяльных і эканамічных структур; палітычны гвалт з боку рэпрэсіўных сістэм, якія занявольваюць, запалохваюць і праследуюць іншадумцаў, а таксама бедных, бяспраўных і маргіналізаваных людзей; культурны гвалт, накіраваны на абясцэньванне і разбурэнне ідэнтычнасці і ладу жыцця асобных людзей; а таксама гвалт у форме расізму, сексізму, этнацэнтрызму, каланіяльнай ідэалогіі і іншыя формы духоўнага адчужэння, якія прэтэндуюць на тое, каб абгрунтаваць агрэсію, дамінаванне, несправядлівасць і прыгнёт.
Успрыманне ўсіх гэтых форм гвалту як парушэнняў асобных стандартаў правоў чалавека забяспечвае канструктыўны рух наперад. Прынятая ў адукацыі ў галіне правоў чалавека метадалогія крытычнага мыслення і навучання праз вопыт прыўносіць не толькі элемент канкрэтнага вопыту, але і больш дасканалыя нарматыўныя і апісальныя параметры. Такія тэмы, закранутыя ў «Компасе», як  «Мір і гвалт» і «Вайна і тэрарызм», дадуць практыкам багаты матэрыял.

Пытанні аб выкарыстанні адукацыі ў галіне правоў чалавека ў працы з моладдзю

Незалежна ад таго, ці працуеце вы ў маладзёжнай арганізацыі, з'яўляецеся школьным настаўнікам або членам НГА, якая працуе з моладдзю, і незалежна ад таго, ці былі вы ўжо раней заняты ў адной са згаданых вышэй форм навучання, правы чалавека маюць непасрэднае дачыненне да вашай працы. Аднак з-за шэрагу прычын вы можаце крыху сумнявацца наконт неабходнасці адукацыі ў галіне правоў чалавека. Ніжэй мы прыводзім некаторыя часта задаваныя пытанні аб адукацыі ў галіне правоў чалавека і спрабуем адказаць на іх, каб зняць некаторыя сумненні, якія ўзнікаюць у людзей адносна такой адукацыі і яе выкарыстання ў сваёй працы.

Пытанне: Ці не лепш было б маладым людзям больш ведаць пра абавязкі, чым пра правы?

Адказ: І правы, і абавязкі ляжаць у аснове правоў чалавека, і гэты дапаможнік робіць упор як на правах, так і на абавязках. Артыкул 1 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека абвяшчае, што «ўсе людзі нараджаюцца свабоднымі і роўнымі ў сваёй годнасці і правах. Яны … павінны ставіцца адзін да аднаго ў духу брацтва». Артыкул 30 абвяшчае: «... [ні] дзяржава, [ні] група або асоба [не маюць] права займацца якой-небудзь дзейнасцю або ажыццяўляць дзеянні, накіраваныя на знішчэнне правоў і свабод, якія тут замацаваны». Практыкаванні «Компаса» накіраваны на тое, каб паказаць, што ніводнае права не можа быць выкарыстана для парушэння правоў іншых людзей і што кожны чалавек павінен паважаць правы іншых.

Пытанне: Ці не будуць бацькі, дырэктары школ і мясцовае кіраўніцтва перашкаджаць выкладанню правоў чалавека як форме палітычнай прапаганды, якая будзе падбухторваць на бунтарскія паводзіны?

Адказ: Адукацыя ў галіне правоў чалавека заахвочвае дзяцей, маладых людзей і дарослых у поўнай меры ўдзельнічаць у жыцці грамадства і ў яго развіцці. Важна разумець розніцу паміж развіццём кампетэнцый удзелу і палітычнай дзейнасцю. Адукацыя ў галіне правоў чалавека праз дыскусіі і ўдзел садзейнічае развіццю ў маладых людзей крытычнага мыслення і дапытлівага розуму і заахвочвае іх прымаць абгрунтаваныя рашэнні і паводзіць сябе належным чынам. Таму адукацыя ў галіне правоў чалавека таксама звязана з грамадзянскай і палітычнай адукацыяй, дазваляючы маладым людзям убачыць сувязь паміж правамі чалавека, сацыяльнымі пытаннямі, адукацыяй і палітыкай. У выніку можа здарыцца так, што маладыя людзі пачынаюць – або, наадварот, спыняюць – прымаць удзел у працы палітычных партый на мясцовым або нацыянальным узроўнях, прыходзячы да ўсведамлення сваіх правоў на ўдзел у палітычным жыцці і свабоду думкі, аб'яднанняў і выказвання меркавання. Але гэта павінен быць іх уласны выбар. 
Важна таксама мець на ўвазе, што ў дадатак да навыкаў, непасрэдна звязаных з вывучэннем правоў чалавека, адукацыя ў галіне правоў чалавека, як можна бачыць з «Компаса», падтрымлівае развіццё такіх сацыяльных і камунікатыўных навыкаў, як супрацоўніцтва, праца ў групах, актыўнае слуханне і гаварэнне.

Пытанне: Хіба не дзяржава нясе адказнасць за тое, каб у людзей была магчымасць вывучаць правы чалавека?

Адказ: Дзяржавы – удзельніцы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый абавязаны садзейнічаць адукацыі ў галіне правоў чалавека ва ўсіх яе формах. Артыкул 26 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека абвяшчае, што «(1) кожны чалавек мае права на адукацыю […] і што (2) адукацыя павiнна быць накiравана на поўнае развiццё чалавечай асобы i на павелiчэнне павагi да правоў чалавека i асноўных свабод». Права на адукацыю ў цэлым і на адукацыю ў галіне правоў чалавека ў прыватнасці таксама выкладзена ў артыкуле 28 Канвенцыі аб правах дзіцяці. Нягледзячы на гэта, многія ўрады вельмі мала зрабілі для таго, каб садзейнічаць прасоўванню адукацыі ў галіне правоў чалавека і ўключэнню правоў чалавека ў навучальныя праграмы. Асобныя адукатары і няўрадавыя грамадскія арганізацыі могуць індывідуальнымі або сумеснымі намаганнямі зрабіць многае, каб садзейнічаць укараненню адукацыі ў галіне правоў чалавека ў школах і іншых установах адукацыі, а таксама праводзіць лабіраванне і аказваць націск на ўрады сваіх краін, каб яны выконвалі свае абавязацельствы ў гэтай сферы.

Пытанне: А што калі ў маёй краіне няма парушэнняў правоў чалавека?

Адказ: У свеце няма практычна ні адной краіны, дзе заўсёды б паважаліся ўсе правы чалавека, прычым у роўнай меры для ўсіх людзей, хаця больш правільна будзе сказаць, што ў некаторых краінах правы чалавека парушаюць часцей і больш адкрыта, чым у іншых.
Але адукацыя ў галіне правоў чалавека не зводзіцца да размовы аб парушэннях. Гаворка ідзе, перш за ўсё, пра разуменне правоў чалавека як універсальнай каштоўнасці, агульнай для ўсіх людзей, і ўсведамленне неабходнасці іх абароны. Да таго ж, ніводная краіна не можа сцвярджаць, што ў ёй наогул не парушаюцца ніякія правы. Напрыклад, усе дзяржавы – удзельніцы Савета Еўропы былі асуджаны за парушэнні правоў чалавека ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека. Існуе просты спосаб убачыць сітуацыю рэальнымі вачыма: паглядзець на найбліжэйшае сацыяльнае асяроддзе або супольнасць. Хто апынуўся ў ізаляцыі? Хто жыве ў беднасці? Чые дзеці пазбаўлены правоў? Яшчэ адзін спосаб – паглядзець на тое, як ваш урад і кампаніі, якія працуюць у вашай краіне, парушаюць правы чалавека ў іншых краінах, напрыклад, прадаючы зброю недэмакратычным рэжымам, заключаючы гандлёвыя пагадненні, якія эксплуатуюць фактычных вытворцаў, уводзячы пратэкцыянісцкія правілы і прэтэнзіі на правы ўласнасці, выдаючы патэнты на лекі з тым, каб перашкодзіць выпуску больш танных аналагаў.

Канцавыя зноскі

7 Даныя Еўрастата за снежань 2009 г. – інфармацыйны выпуск Еўрастата 16/2010 ад 29 студзеня 2010 г.
8 See for example, Backman, E. & Trafford, B. (2006) Democratic governance of schools. Strasbourg: Council of Europe
9 Прынцыпы глабальнай адукацыі – канцэпцыя і метадалогія па пытаннях глабальнай адукацыі для адукатараў і кіраўнікоў, цэнтр «Поўнач-Поўдзень» Савета Еўропы, 2008 г.
10 Другая еўрапейская маладзёжная кампанія «Усе розныя – усе роўныя» ў падтрымку разнастайнасці, правоў чалавека і ўдзелу праходзіла ў 2007–2008 гг.