Image: Theme 'Gender' by Pancho

Некаторыя ключавыя паняцці

Мільёны людзей у Еўропе дыскрымінуюцца, стыгматызуюцца або нават становяцца ахвярамі гвалту на падставе сваёй сапраўднай або ўяўнай сексуальнай арыентацыі або гендарнай ідэнтычнасці.
Томас Хамарберг, камісар Савета Еўропы па правах чалавека1

Гендарная праблематыка комплексна, незаўважна і адкрыта закранае кожнага. Наша сексуальная і гендарная ідэнтычнасць з’яўляюцца неаддзельнымі аспектамі чалавечай натуры. Тэрміны пол, гендар, гендарная ідэнтычнасць і сексуальная арыентацыя часта блытаюць, хоць яны і маюць розныя значэнні.

Пол датычыцца біялагічных і фізіялагічных характарыстык, што адрозніваюць мужчын ад жанчын. Нас прызнаюць мужчынамі і жанчынамі пры нараджэнні, і з гэтага моманту пол з’яўляецца сацыяльным і прававым фактам. Некаторыя людзі нараджаюцца з нетыповымі спалучэннямі фізічных асаблівасцей (характарыстык цела), што звычайна адрозніваюць хлопчыкаў ад дзяўчынак у момант нараджэння. Такіх людзей называюць «інтэрсекс». Нярэдка ўрачы аўтаматычна неадкладна (або ў хуткім часе пасля нараджэння) аперыруюць чалавека, каб «выправіць» цела. Часта гэта адбываецца без дазволу асобы, якая аперыруецца, або яе бацькоў. Гэта ўсё часцей крытыкуецца з боку інтэрсекс-актывістаў. Яны спасылаюцца на прынцып 18 з Джак'якарцкіх прынцыпаў (дакумента, распрацаванага групай міжнародных экспертаў па правах чалавека), які заклікае дзяржавы «прыняць усе неабходныя заканадаўчыя, адміністрацыйныя і іншыя меры дзеля абароны цела дзіцяці ад незваротных змен, выкліканых медыцынскімі працэдурамі пры спробе навязаць гендарную ідэнтычнасць без поўнай, свабоднай і інфармаванай згоды дзіцяці адпаведна з яго ўзростам і сталасцю, пры гэтым неабходна кіравацца прынцыпам, адпаведна з якім ва ўсіх дзеяннях, што датычацца дзяцей, у першую чаргу ўвагу трэба надаваць іх уласным інтарэсам».

Гендар датычыцца сацыяльна пабудаванага набору чаканняў, паводзін і дзейнасці жанчын і мужчын, якія прыпісваюцца ім на падставе іх полу. Сацыяльныя чаканні ў дачыненні да любога набору гендарных роляў залежаць ад канкрэтнага сацыяльна-эканамічнага, палітычнага і культурнага кантэксту і знаходзяцца пад уплывам іншых фактараў, у тым ліку расы, этнічнага паходжання, класавай прыналежнасці, сексуальнай арыентацыі і ўзросту. Гендарныя ролі засвойваюцца і досыць моцна адрозніваюцца як унутры аднаго грамадства, так і паміж рознымі грамадствамі і змяняюцца з цягам часу.
Мы сацыялізуемся з моманту нараджэння. Мы развіваемся, расцём і даведваемся пра тое, як паводзіць сябе ў адпаведнасці з чаканымі нормамі грамадства, у якім мы жывём, знаходзячыся пад моцным уплывам нашых сем'яў, школы, працоўнага месца, сродкаў масавай інфармацыі, новых інфармацыйных тэхналогій і масавай культуры. Сацыялізацыя з'яўляецца важным працэсам для таго, каб стаць актыўным членам групы людзей. Аднак не ўсю інфармацыю, якую мы атрымліваем у якасці нашай сацыялізацыі, можна лічыць карыснай для сябе або для грамадства. Гендарная сацыялізацыя можа абмяжоўваць хлопчыкаў і дзяўчынак у паўнавартасным выяўленні сваіх талентаў і інтарэсаў. Да таго ж часта нерэалістычныя і супярэчлівыя чаканні могуць выклікаць унутраныя канфлікты, псіхалагічныя праблемы, а нежаданне або немагчымасць задаволіць гэтыя чаканні можа прывесці да пэўных форм пакаранняў з боку іншых людзей.

Гендарная ідэнтычнасць адносіцца да гендара, які адчуваюць людзі, пры гэтым яна можа быць ці можа не быць такой жа, як пол, які быў прыпісаны людзям пры нараджэнні. Гэта тычыцца індывідуальнага вопыту гендарнай ідэнтычнасці, які глыбока перажывае кожны чалавек, і ўключае асабістае адчуванне цела і іншыя формы выражэння, такія як адзенне, мову і манеру паводзін.

Трансгендарнасць – гэта абагульняючы тэрмін, які часта выкарыстоўваецца для апісання шырокага спектра ідэнтычнасцей і вопыту; як правіла, гэты тэрмін выкарыстоўваецца ў дачыненні да асоб, якія маюць гендарную ідэнтычнасць, якая адрозніваецца ад полу, прыпісанага ім пры нараджэнні, і да тых людзей, якія хочуць адлюстраваць сваю гендарную ідэнтычнасць не такім чынам, які быў прыпісаны ім пры нараджэнні. Трансгендарныя людзі з'яўляюцца асобамі, чые гендарнае самавыяўленне і (або) гендарная ідэнтычнасць адрозніваюцца ад звычайных чаканняў, заснаваных на тым фізічным поле, з якім яны нарадзіліся і з якім яны былі юрыдычна зарэгістраваны пры нараджэнні.

Сексуальная арыентацыя апісвае карціну эмацыйнага і сексуальнага прыцягнення да мужчын, жанчын, да тых і да іншых або да нікога з іх. Сексуальная арыентацыя не звязана з гендарнай ідэнтычнасцю; напрыклад, трансгендарны чалавек можа быць гетэра- або гомасексуалам такім жа чынам, як і іншы чалавек можа быць гетэра- або гомасексуалам. Тым не менш гэтыя два аспекты ідэнтычнасці часта памылкова звязваюцца людзьмі, што ўплывае на тое, як лесбіянкі, геі, бісексуалы і трансгендары (ЛГБТ) успрымаюцца і як да іх ставяцца.

Сямейная пара гадуе «агендарнае» дзіця

У Швецыі пара вырашыла выхоўваць іх двухгадовае дзіця «агендарным». Яны нікому не казалі, ці з’яўляецца Поп хлопчыкам або дзяўчынкай, за выключэннем тых некалькіх чалавек, якія мянялі дзіцяці падгузнікі. Яны хацелі, каб дзіця мела магчымасць расці свабодна, без прымусу знаходзіцца ў пэўных гендарных рамках.2

Пытанне: Што вы думаеце пра рашэнне гэтай пары трымаць пол Поп у сакрэце?

Пытанні правоў чалавека, якія звязаны з гендарнай ідэнтычнасцю і сексуальнасцю

Гендарная роўнасць з'яўляецца адным з асноўных правоў чалавека. Тым не менш правы чалавека людзей часта парушаюцца на падставе іх гендарнай ідэнтычнасці і сексуальнай арыентацыі. Некаторыя з ключавых пытанняў тычацца ўдзелу, гвалту на падставе гендарнай індэнтычнасці, узброеных канфліктаў і беднасці, а таксама сексуальных і рэпрадукцыйных правоў.

Удзел

Дыскрымінацыя па прыкмеце полу, гендарнай ідэнтычнасці і сексуальнай арыентацыі шырока распаўсюджана па ўсім свеце. Гэта асабліва абмяжоўвае магчымасці жанчын і ЛГБТ-людзей удзельнічаць у жыцці грамадства. Значныя перашкоды для іх поўнага і роўнага ўдзелу існуюць у сферы адукацыі, занятасці і прыняцця рашэнняў у палітычнай і грамадскай сферы.

Ва ўсім свеце дзяўчынкі маюць больш абмежаваны доступ да адукацыі, чым хлопчыкі; у 60 % краін у сістэме пачатковай і сярэдняй адукацыі менш дзяўчынак, чым хлопчыкаў.3 Хоць у большасці еўрапейскіх краін існуе аднолькавая колькасць хлопчыкаў і дзяўчынак у галіне адукацыі – і на самай справе ў сістэме вышэйшай адукацыі часта нават больш жанчын – гендарны парытэт з'яўляецца толькі адным крокам на шляху да поўнага забеспячэння гендарнай роўнасці. На шляху да поўнага ўдзелу дзяўчынак часта існуюць і іншыя перашкоды. Дзяўчынак могуць заахвочваць да вывучэння пэўных прадметаў (напрыклад, мастацтва і гуманітарных прадметаў, а не навуковых і тэхнічных), якія разглядаюцца як больш прыдатныя з улікам дамінуючых гендарных стэрэатыпаў. Вельмі верагодна, што гэта прыводзіць да адрозненняў у паспяховасці. Напрыклад, у Еўропе дзяўчынкі атрымліваюць ніжэйшыя адзнакі па навуковых і тэхнічных дысцыплінах, а хлопчыкі маюць больш нізкія вынікі ў чытанні.4 У школах шырока распаўсюджаны цкаванні і дамаганні сексуальнага характару.

Нягледзячы на тое, што значны прагрэс быў дасягнуты ў апошнія дзесяцігоддзі ў заканадаўстве, якое спрыяе гендарнай роўнасці ў сферы занятасці, асабліва ў Еўропе, на практыцы нам яшчэ трэба прайсці доўгі шлях для выкаранення дыскрымінацыі на працоўным месцы. Жанчыны часта падвяргаюцца дыскрымінацыі адносна тых працоўных месцаў, якія яны могуць атрымаць, памеру заработнай платы і прасоўвання іх на кіруючыя пасады. Напрыклад, мужчыны ў Еўрапейскім саюзе ў сярэднім зарабляюць на 17,5 % больш, чым жанчыны на такой жа пасадзе.5 Жанчыны таксама могуць сутыкацца з сексуальнымі дамаганнямі і здзекамі ў офісе або вымушаны мірыцца з сексісцкімі жартамі і адносінамі з боку калег. Некаторыя жанчыны не атрымліваюць прасоўвання па службе або ім адмаўляюць у найманні з-за цяжарнасці ці з-за наяўнасці дзяцей. Сямейныя абавязкі не размяркоўваюцца пароўну паміж мужчынамі і жанчынамі, і ў выніку жанчыны маюць больш перапынкаў у кар'еры і працуюць няпоўны працоўны дзень часцей, чым мужчыны. Гэта можа адбіцца на іх пенсійных правах пры дасягненні пенсійнага ўзросту.

Пытанне: Якім чынам да дзяўчынак/хлопчыкаў ці жанчын/мужчын ставяцца па-рознаму ў вашай супольнасці?

Жанчыны значна недастаткова прадстаўлены ў палітычным працэсе. Нягледзячы на тое, што жанчыны складаюць прыкладна палову насельніцтва свету, толькі 18,4 % прадстаўнікоў нацыянальных парламентаў і 17 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў ва ўсім свеце з’яўляюцца жанчынамі.6 У лютым 2011 года былі толькі дзве жанчыны – кіраўнікі дзяржавы і дзве жанчыны – кіраўнікі ўрада ў Еўрапейскім саюзе, і гендарны баланс у нацыянальных парламентах уяўляў сабой 24 % жанчын і 76 % мужчын.7 Жанчынамі з’яўляюцца толькі 3 % прэзідэнтаў найбуйнейшых кампаній Еўропы.8

Толькі тады, калі жанчыны ў поўнай меры будуць удзельнічаць у распрацоўцы палітычных праграм і стварэнні інстытутаў, іх інтарэсы будуць сапраўды ўлічвацца. Паняцце дэмакратыі сапраўды рэалізуецца толькі тады, калі палітычныя рашэнні падзяляюць і жанчыны, і мужчыны і калі будзе гарантавацца поўны ўдзел жанчын у інстытуцыянальных перабудовах.
Наві Пілэй, вярхоўны камісар ААН па правах чалавека9

ЛГБТ-людзі падвяргаюцца дыскрымінацыі і стыгматызацыі на падставе іх сапраўднай або ўяўнай сексуальнай арыентацыі або гендарнай ідэнтычнасці. Гамафобныя і трансфобныя стаўленні з'яўляецца распаўсюджанымі, і з ЛГБТ-людзей часта здзекуюцца ў школах, іх дыскрымінуюць на працоўным месцы, і іх меркаванні не ўлічваюцца пры прыняцці грамадскіх і палітычных рашэнняў. ЛГБТ-людзі таксама могуць разглядацца як небяспечныя для нацыянальнай ідэнтычнасці, сям'і або рэлігіі з боку нацыянальных сродкаў масавай інфармацыі або кіраўнікоў мясцовых і нацыянальных супольнасцей. Часам групы і арганізацыі ЛГБТ-людзей забараняюцца або ім перашкаджаюць у арганізацыі, выказванні сваіх меркаванняў ці правядзенні дэманстрацый. Трансгендарныя людзі адчуваюць значныя цяжкасці ў тым, каб іх абраная гендарная ідэнтычнасць была афіцыйна прызнана.10

«X» зараз з’яўляецца варыянтам выбару гендара ў аўстралійскіх пашпартах

Аўстралійскія пашпарты зараз будуць мець тры варыянты полу – мужчынскі, жаночы і нявызначаны – у адпаведнасці з новымі кіруючымі прынцыпамі аб выкараненні дыскрымінацыі ў дачыненні да трансгендарных асоб і інтэрсексуалаў. … Інтэрсекс-людзі, якія маюць неадназначныя біялагічныя характарыстыкі, будуць мець магчымасць адзначыць свой пол у пашпартах як «X». Трансгендарныя людзі, чыё ўспрыманне ўласнага полу знаходзіцца ў супярэчнасці з іх біялагічнымі данымі, будуць мець магчымасць выбраць, ці з'яўляюцца яны мужчынамі або жанчынамі, калі іх выбар падтрымліваецца медыцынскім заключэннем. Трансгендарныя людзі не могуць выбраць варыянт «X».11

Пытанне: Што вы думаеце наконт аўстралійскіх пашпартоў, якія дазваляюць выбраць «X» у якасці свайго полу?

У Еўрапейскіх краінах даступны розныя ступені роўнасці ў шлюбе. Некаторыя дзяржавы перасталі ставіцца да гетэрасексуальных пар як да больш пажаданых, у той час як у іншых прадугледжваецца абмежаваная магчымасць або наогул адсутнічае магчымасць працэдур шлюбнага тыпу для аднаполых пар або пар, у якіх адна або абедзве асобы з'яўляюцца трансгендарнымі, якіх таксама можна разглядаць як аднаполыя пары. Працягваюць захоўвацца перашкоды ў дачыненні да ўсынаўлення біялагічнага дзіцяці партнёра другім партнёрам або ў дачыненні да ўсынаўлення ў якасці бацькоў-гомасексуалаў, нават нягледзячы на тое, што ў 2008 годзе Еўрапейскі суд па правах чалавека вынес рашэнне супраць Францыі па справе «E.B. супраць Францыі », у якім Суд пастанавіў, што Францыя парушыла Еўрапейскую канвенцыю аб абароне правоў чалавека па прычыне таго, што яна не правяла ацэнку ўсынаўлення лесбіянкай такім жа чынам, як было б зроблена ў дачыненні да гетэрасексуала-адзіночкі.12 Разглядаць негетэрасексуальную прыёмную маці або бацьку як аўтаматычна непрыдатных з’яўляецца звычайнай практыкай.

Пытанне: Калі гендарная дыскрымінацыя ў такіх месцах, як школа і праца, з'яўляецца незаконнай, чаму яна працягвае існаваць?

«Гвалт у адносінах да жанчын» азначае любы акт гвалту на падставе гендарнай ідэнтычнасці, што вядзе ці можа прывесці да фізічнай, сексуальнай або псіхалагічнай шкоды або пакут жанчын, у тым ліку пагрозы здзяйснення такіх актаў, прымус ці адвольнае пазбаўленне волі, няважна, ці гэта будзе ў грамадскім або асабістым жыцці.
Дэкларацыя ААН аб ліквідацыі гвалту ў адносінах да жанчын

Гвалт на падставе гендарнай ідэнтычнасці

Гвалт на падставе гендарнай ідэнтычнасці ўключае гвалт у адносінах да жанчын або дзяўчынак, але не абмяжоўваецца ім. Гвалт у адносінах да жанчын з'яўляецца адной з найбольш сур'ёзных формаў гвалту на падставе гендарнай індэнтычнасці ў Еўропе. Жанчыны і дзяўчынкі падвяргаюцца мноству розных формаў гвалту, у тым ліку хатняму гвалту, згвалтаванням і сексуальнаму гвалту, жаночым абразанням, забойствам «у абарону гонару», гандлю людзьмі, забойствам немаўлят жаночага полу і абортам па прыкмеце полу. Гвалт у адносінах да жанчын і дзяўчат і зараз існуе ва ўсіх краінах свету і закранае ўсе сацыяльныя групы. Трансгендарныя людзі надзвычайна падвяргаюцца гвалту на падставе гендарнай ідэнтычнасці праз сваю знешнасць, адзенне і іншыя характарыстыкі, якія часта не адпавядаюць чаканням грамадства ад мужчын і жанчын.

Хатні гвалт, які можа прымаць форму эмацыйнага, фізічнага або сексуальнага гвалту, асабліва часта закранае не толькі жанчын і мужчын, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у ім, але і дзяцей у сям'і, якія становяцца сведкамі гвалту або самі становяцца галоўнымі ахвярамі па прычыне памылкі, помсты з боку гвалтаўніка або таму, што яны спрабуюць абараніць сваю маці.

Статыстыка, якая выцверажае

Па меншай меры адна з трох жанчын па ўсім свеце была збіта, прымушана да сексу ці па-іншаму прыніжана крыўдзіцелем, які звычайна з’яўляецца знаёмым ёй чалавекам.14
У залежнасці ад еўрапейскай краіны ад 20 да 50 % жанчын з'яўляюцца ахвярамі гвалту ў сям'і.
Паводле ацэнак, ад 100 да 150 мільёнаў дзяўчат і жанчын ва ўсім свеце ў цяперашні час жывуць з наступствамі жаночага абразання, практыкі, звязанай з частковым або поўным выдаленнем жаночых палавых органаў па немедыцынскіх прычынах. Яна мае шмат дрэнных наступстваў для здароўя і міжнародна прызнаецца як парушэнне правоў чалавека жанчын і дзяўчат.15

Пытанне: Вялікая частка гвалту на падставе гендарнай і дэнтычнасці па-ранейшаму лічыцца «прыватнай справай». Як гэта стаўленне ўплывае на ахвяр, злачынцаў і сведак гвалту?

Гвалт у падлеткавых стасунках з'яўляецца сур'ёзнай праблемай па ўсёй Еўропе; напрыклад, нядаўняе даследаванне ў Вялікабрытаніі паказала, што 25 % дзяўчынак і 18 % хлопчыкаў ад 13 да 17 гадоў адчулі на сабе пэўную форму фізічнага гвалту ў стасунках.13

Камерцыйны сэкс-бізнес па-ранейшаму з'яўляецца спрэчным пытаннем нават у рухах за правы жанчын. Многімі яна разглядаецца як адна з формаў гвалту, у той час як іншыя лабіруюць за тое, каб камерцыйны сэкс-бізнес стаў цалкам прызнанай у якасці прафесіі з усімі юрыдычнымі наступствамі. Аналагічны раскол існуе і на палітычным узроўні. Некаторыя краіны, такія як Швецыя, паставілі камерцыйны сэкс-бізнес па-за законам, разглядаючы яе як злачынства, пры гэтым прастытутка лічыцца ахвярай, а пакупнік і ўсе тыя, хто атрымлівае ад гэтага фінансавую выгаду, – злачынцамі. У некаторых іншых краінах камерцыйны сэкс-бізнес лічыцца паслугай і можа практыкавацца пры пэўных юрыдычных абмежаваннях.

 

 

 

У цэнтры ўвагі гандаль людзьмі

Штогод мільёны людзей становяцца ахвярамі гандлю людзьмі ва ўсім свеце – ён стаў сучаснай формай гандлю рабамі. Большасць ахвяр з'яўляюцца маладымі жанчынамі і дзецьмі, прададзенымі з мэтай сексуальнай эксплуатацыі. Гэта з'яўляецца сур'ёзнай праблемай у Еўропе. Назіраецца павелічэнне колькасці жанчын і дзяцей, якіх увозяць у Еўрапейскі саюз з краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. У любы момант часу больш чым 140 000 ахвяр знаходзяцца ў пастцы гандлю людзьмі ў Еўропе, і няма прыкмет, што гэты паказчык будзе памяншацца.16 
Канвенцыя Савета Еўропы аб процідзеянні гандлю людзьмі ўступіла ў сілу ў лютым 2008 года. На верасень 2011 года Канвенцыя была падпісана 43 дзяржавамі-членамі. Канвенцыя заснавала Групу экспертаў па барацьбе з гандлем людзьмі (GRETA), якая сочыць за ажыццяўленнем Канвенцыі на аснове агульных справаздач і дакладаў аб становішчы ў пэўнай краіне.

У сувязі з тым, што камерцыйны сэкс-бізнес носіць у асноўным схаваны характар, даследаванні ў гэтай галіне адносна рэдкія. Аднак было высветлена, што больш за 90 % прастытутак адказалі, што яны неадкладна б кінулі камерцыйны сэкс-бізнес, калі б маглі, – што выразна падкрэслівае моцны знешні ціск для таго, каб яны заставаліся на гэтай «працы». Акрамя гэтага, у большасці выпадкаў занятак камерцыйным сэкс-бізнесам не з'яўляецца інфармаваным рашэннем дарослых людзей: больш за 90 % жанчын, якія займаюцца камерцыйным сэкс-бізнесам, падвергліся сексуальнаму і (або) фізічнаму гвалту ў дзіцячым узросце, а сярэдні ўзрост пачатку занятку камерцыйным сэкс-бізнесам складае 14 гадоў.

Цэлае пакаленне маладых людзей не мела аніякага ўяўлення, кім яны з’яўляюцца без зброі ў руках. Некалькі пакаленняў жанчын страцілі мужоў, былі згвалтаваны, бачылі, як гвалтавалі іх дачок і маці, а таксама як іх дзеці забівалі і як іх дзяцей забівалі.
Лейма Гбові19

Гвалт у дачыненні да ЛГБТ-людзей таксама распаўсюджаны. Жанчын могуць гвалтаваць для таго, каб «вылечыць» іх лесбіянства; асобных людзей збівае паліцыя ці ж яны становяцца ахвярамі актаў гвалту на вуліцы, якія ўлады не прадухіляюць і за якія яны не караюць. Гвалт таксама накіраваны і на людзей, якія ўспрымаюцца як адрозныя ад гетэрасексуальных.

Пытанне: Якімі могуць наступствы гвалту на падставе гендарнай ідэнтычнасці ў адносінах да канкрэтных асоб?

Узброеныя канфлікты

У сучасных узброеных канфліктах каля 90 % ахвяр складаюць грамадзянскія асобы, большасць з якіх – жанчыны і дзеці. Акрамя таго, жанчыны сутыкаюцца з пэўнымі формамі парушэнняў правоў чалавека падчас канфліктаў, сярод якіх ёсць канкрэтныя і разбуральныя формы сексуальнага гвалту (у тым ліку ваенны камерцыйны сэкс-бізнес і прымусовыя цяжарнасці), якія часта разгортваюцца ў рамках палітычнай або ваеннай стратэгіі.

Нобелеўская прэмія за ненасілле і бяспеку жанчын

Лейма Гбові, актывістка руху за мір з Ліберыі, была ўзнагароджана ў 2011 годзе Нобелеўскай прэміяй міру за сваю ролю ў мабілізацыі жанчын рознай этнічнай і рэлігійнай прыналежнасці, без адрознення, каб пакласці канец грамадзянскай вайне ў Ліберыі. Яна ўзначаліла жанчын у пратэстах супраць вайны і гвалту, а таксама арганізавала «секс-забастоўку», якая доўжылася некалькі месяцаў, для таго каб прывесці ў пачуццё мужчын, якія ваююць, і пакласці канец узброенаму канфлікту.
Гэта Нобелеўская прэмія міру была ўручана адначасова і Тавакуль Карман, журналістцы і актывістцы з Емена, за яе вядучую ролю ў барацьбе за правы жанчын і за дэмакратыю і мір у Емене, і гэтай жа прэміяй узнагародзілі прэзідэнта Ліберыі Элен Джонсан-Серліф таксама за яе ролю ў пабудове міру і прасоўванні правоў жанчын.
Нобелеўскі камітэт працытаваў рэзалюцыю Савета Бяспекі ААН 1325, якая была прынята ў 2000 годзе і ў якой гаворыцца, што жанчыны і дзеці пакутуюць ад вялікай шкоды войнаў і палітычнай нестабільнасці і што жанчыны павінны мець большы ўплыў і ролю ў міратворчай дзейнасці.

Сексуальны гвалт у ваенны час з'яўляецца адным з найвялікшых замоўчванняў гісторыі. 
Элізабэт Рэн і Элен Джонсан-Серліф, аўтары даклада ААН «Жанчыны, вайна, мір»

Гвалт на падставе гендарнай ідэнтычнасці падчас узброеных канфліктаў часта закранае цэлыя супольнасці, бо ён накіраваны на тое, каб прынізіць, прыгнесці і зарадзіць страх ва ўсіх членах пэўнай групы. Хоць жанчыны і дзяўчынкі складаюць большасць ахвяр такога гвалту на падставе гендарнай ідэнтычнасці, мужчыны таксама яму падвяргаюцца. Напрыклад, больш за 8000 баснійскіх мусульманскіх мужчын і хлопчыкаў былі забіты ў выніку генацыду ў Срэбраніцы ў 1995 годзе.18 Узброеныя канфлікты ствараюць гендарныя стэрэатыпы ў грамадстве, звужаючы паняцце мужнасці да «абаронцы», «заступніка» або «агрэсара», і жаноцкасці – да «ахвяры» і «уразлівай».

Пытанне: На вашу думку, чаму гвалт на падставе гендарнай ідэнтычнасці так распаўсюджаны ва ўзброеных канфліктах?

Беднасць

Жанчыны выконваюць 66 % працы ў свеце, вырабляюць 50 % ежы, але зарабляюць 10 % прыбытку і валодаюць 1 % уласнасці.
ЮНІСЕФ20

Эканамічная роўнасць мае вырашальнае значэнне для дасягнення рэальнай гендарнай роўнасці. Аднак, паводле некаторых ацэнак, жанчыны складаюць больш за 70 % беднага насельніцтва свету. Жанчыны, як правіла, займаюцца працай з нiжэйшай аплатай і часта працуюць у небяспечных працоўных умовах у нефармальным сектары эканомікі з абмежаванымі правамі і нізкім узроўнем прыбытку. Адсутнасць роўнага доступу да адукацыі і яе роўнай якасці азначае, што яны, як правіла, маюць мала кваліфікацый і навыкаў, што ўплывае на тып працы, на якую яны могуць прэтэндаваць. Эканамічная залежнасць таксама можа адыгрываць ключавую ролю ва ўзаемаадносінах і можа быць звязана з хатнім гвалтам. У гаспадарцы пар або сем’яў большасць або ўсе неаплачвальныя хатнія справы з'яўляюцца абавязкам дарослых жанчын і старэйшых дзяўчынак. На самай справе жанатыя мужчыны лічацца найбольш надзейнай працоўнай сілай, што звязана з тым, што работадаўцы мяркуюць, што жанатыя мужчыны практычна не маюць бытавых або сямейных абавязкаў, таму што іх жонкі адказныя за гэта. У сувязі з больш высокай заработнай платай і лепшымі варыянтамі кар'еры менавіта мужчыны атрымліваюць фінансавае ўзнагароджанне за неаплачвальную працу па хатняй гаспадарцы сваіх жанчын-партнёраў.

Пытанне: Якімі могуць быць прычыны таго, што беднасць непрапарцыянальна больш уплывае на жанчын?

Сексуальныя і рэпрадуктыўныя правы

Свядома ці не, але нараджэнне дзяцей выкарыстоўваецца ў якасці сродку кантролю жанчын і абмежавання іх магчымасцей, што ў сваю чаргу робіць іх падначаленымі мужчынам.
Д-р Нафіс Садык, фонд ААН у галіне народанасельніцтва

Забеспячэнне ажыццяўлення сексуальных і рэпрадуктыўных правоў мае важнае значэнне для дасягнення гендарнай роўнасці. Занадта часта жанчыны маюць мала ці наогул ніякага кантролю над сваім сексуальных і рэпрадуктыўным здароўем. За кантроль мужчын над жаночымі целамі змагаюцца ва ўсіх грамадствах, і ён з'яўляецца асноўным спосабам дасягнення і падтрымання сацыяльнага, палітычнага і культурнага дамінавання мужчын.

Адсутнасць кантролю за гэтымі правамі прыводзіць да сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека, напрыклад, да вымушаных шлюбаў, гвалтоўнага захавання цяжарнасці або гвалтоўных абортаў і стэрылізацыі. Трансгендарных людзей таксама вымушаюць прайсці стэрылізацыю для таго, каб іх новы юрыдычны пол быў прызнаны дзяржавамі, калі яны ажыццяўляюць пераход ад аднаго полу да іншага. Жанчынам таксама часта адмаўляюць у доступе да паслуг па ахове рэпрадуктыўнага здароўя, у тым ліку да паслуг па правядзенні абортаў для жанчын, якія зацяжарылі ў выніку згвалтавання або інцэсту, або калі цяжарнасць уяўляе сур'ёзную небяспеку для іх жыцця або здароўя. Доступ да бяспечных, танных медыцынскіх паслуг у сферы здароўя маці і да інфармацыі аб сексуальным і рэпрадуктыўным здароўі з’яўляецца неабходным на шляху да сапраўднай гендарнай роўнасці.

Гендарныя пытанні і праца з моладдзю

Гендарныя пытанні«Гендарныя пытанні» – гэта дапаможнік Савета Еўропы па пытаннях гвалту на падставе гендарнай ідэнтычнасці, які закранае моладзь. Вопыт выкарыстання дапаможніка паказвае, што адукацыя ў галіне правоў чалавека з'яўляецца эфектыўным інструментам у вырашэнні пытанняў гендарнай роўнасці і, у прыватнасці, у ліквідацыі гвалту на падставе гендарнай ідэнтычнасці.

Умовы працы з моладдзю часта прадстаўляюць унікальную і важную бяспечную прастору для маладых людзей, каб абмеркаваць і падзяліцца сваімі думкамі і досведам па гендарных пытаннях і праблемах сексуальнага характару. Маладыя людзі часта не ў стане адкрыта задаваць пытанні і абмяркоўваць такія далікатныя тэмы са сваімі сем'ямі, і гэта не заўсёды заахвочваецца і ў асяроддзі фармальнай адукацыі. Адкрытыя і арыентаваныя на маладых людзей ўмовы працы з моладдзю могуць забяспечыць спрыяльную атмасферу для навучання, для пашырэння магчымасцяў і змянення стаўлення.
Вельмі важна ўсведамляць гендарныя праблемы, якія амаль напэўна існуюць у любой маладзёжнай групе. Напрыклад, нехта можа мець прамы або ўскосны досвед хатняга гвалту або нехта іншы можа быць няўпэўненым адносна сваёй сексуальнасці, а над іншымі могуць здзекавацца праз тое, што іх сапраўдная або ўяўная гендарная ідэнтычнасць не адпавядае прынятым сацыяльным нормам. Важна мець пад рукой спіс арганізацый і крыніц рэкамендацый па гэтых пытаннях. Так жа важна быць гатовым аспрэчваць дыскрымінацыйнае стаўленне да жанчын ці ЛГБТ-людзей, якое праяўляецца маладымі людзьмі на сесіях. Пры прыняцці рашэнняў адносна тэм, удзельнікаў і метадаў, якія будуць выкарыстоўвацца, таксама важна ўлічваць гендарную праблематыку.21

Вельмі важны крок – пераход ад прызнання правоў да стварэння магчымасцей для іх абароны. Адукатыры ў галіне правоў чалавека павінны ўлічваць адрозненні ў патрэбах і рэакцыях асобных жанчын. Без належнага рэагавання адукацыя ў галіне правоў чалавека можа стаць проста яшчэ адной формай маніпуляцыі або прыгнёту жанчын. Адукацыя з'яўляецца ключавой мэтай гендарнай роўнасці, бо яна выкарыстоўвае тыя спосабы, з дапамогай якіх грамадства перадае правілы, веды і навыкі.

Многія міжнародныя маладзёжныя арганізацыі ў Еўропе ў супрацоўніцтве з маладзёжнымі цэнтрамі Еўропы арганізавалі навучальныя сесіі, прысвечаныя розным гендарным аспектам і гендарнай роўнасці. Гэтыя навучальныя сесіі дазваляюць маладым людзям глыбока даследаваць праблемы і атрымліваць карысныя веды для таго, каб эфектыўна працаваць над пытаннямі надалей унутры арганізацыі, якую яны прадстаўляюць, і па-за ёй.22

16 дзён актывізму супраць гвалту на падставе гендарнай ідэнтычнасці

Калі вы хочаце зрабіць нешта супраць гвалту на падставе гендарнай ідэнтычнасці, вы можаце пачаць, далучыўшыся да міжнароднай кампаніі «16 дзён актывізму супраць гвалту на падставе гендарнай ідэнтычнасці», якая была распачата ў 1991 годзе. Удзельнікі выбралі даты 25 лістапада – Міжнародны дзень барацьбы з гвалтам у адносінах да жанчын – і 10 снежня – Міжнародны дзень правоў чалавека – для таго, каб сімвалічна звязаць іх з гвалтам у адносінах да жанчын і парушэннямі правоў чалавека, а таксама каб падкрэсліць, што такі гвалт з'яўляецца парушэннем правоў чалавека. З 1991 года больш за 3700 арганізацый у прыкладна 164 краінах прынялі ўдзел у кампаніі «16 дзён».23

Пытанне: Як бы вы вырашылі праблему дыскрымінацыйнага стаўлення на падставе гендарнай ідэнтычнасці або сексуальнай прыналежнасці ў вашай групе?

Абарона правоў чалавека, звязаных з гендарам

Гамафобныя злачынствы і інцыдэнты на глебе нянавісці часта адзначаюцца высокай ступенню жорсткасці і грубасці. ... Акрамя таго, яны з вялікай верагоднасцю прыводзяць да смерці. Трансгендарныя людзі аказваюцца яшчэ больш уразлівымі ў гэтай катэгорыі.
Справаздача АБСЕ17

Усе міжнародныя дамовы ў галіне правоў чалавека ў роўнай ступені адносяцца як да мужчын, так і да жанчын. Аднак, прызнаючы, што жанчыны і дзяўчынкі асабліва ўразлівы да парушэнняў правоў чалавека, у 1979 годзе Генеральнай Асамблеяй ААН была прынята Канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (CEDAW). CEDAW вызначае дыскрымінацыю ў адносінах да жанчын і ўстанаўлівае, што павінна быць зроблена нацыянальнымі ўрадамі для барацьбы супраць яе. 187 краін свету падпісалі гэту дамову, у тым ліку ўсе еўрапейскія краіны.

«Жанчыны ААН» з'яўляецца ўстановай сістэмы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях гендарнай роўнасці і пашырэння правоў і магчымасцей жанчын. Яна падтрымлівае міжурадавыя органы і ўрады ў распрацоўцы палітыкі і стандартаў, якія будуць улічваць гендарны аспект, і ў іх рэалізацыі на практыцы. «Жанчыны ААН» у якасці прыярытэту разглядаюць пяць пытанняў на той падставе, што яны з'яўляюцца асноўнымі для забеспячэння гендарнай роўнасці, і прагрэс у гэтых галінах можа дапамагчы прагрэсу па ўсіх напрамках. Гэта наступныя галіны: гвалт у адносінах да жанчын, мір і бяспека, лідарства і ўдзел, павышэнне эканамічнага патэнцыялу, а таксама нацыянальнае планаванне і планаванне бюджэту.

Усё часцей ААН выказваецца ў падтрымку правоў ЛГБТ-людзей. Не існуе юрыдычна абавязковай міжнароднай дамовы аб правах ЛГБТ-людзей. Тым не менш у 2006 годзе група міжнародных экспертаў па правах чалавека падрыхтавала шэраг прынцыпаў, якія тычацца сексуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці. Джак'якарцкія прынцыпы ахопліваюць шырокае кола міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека і вызначаюць тое, як яны прымяняюцца ў адносінах да пытанняў сексуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці.

Гендарная роўнасць і барацьба супраць дыскрымінацыі на падставе гендарнай ідэнтычнасці і сексуальнай арыентацыі займаюць цэнтральнае месца ў дзейнасці Савета Еўропы і ЕС. Савет Еўропы зрабіў важны крок, калі ў маі 2011 года адкрыў для падпісання Канвенцыю аб папярэджанні і барацьбе з гвалтам у адносінах да жанчын і хатнім гвалтам.24 Гэта Канвенцыя з'яўляецца першым у свеце юрыдычна абавязковым дакументам па стварэнні комплекснай нарматыўна-прававой базы ў мэтах прадухілення гвалту, абароны ахвяр і спынення беспакаранасці злачынцаў. Яна вызначае і ўстанаўлівае крымінальную адказнасць за розныя формы гвалту ў адносінах да жанчын, уключаючы прымусовыя шлюбы, жаночае абразанне, пераслед, фізічны і псіхалагічны гвалт, а таксама сексуальны гвалт. Яна таксама прадугледжвае стварэнне міжнароднай групы незалежных экспертаў для кантролю яе ажыццяўлення на нацыянальным узроўні.

Няўрадавыя арганізацыі таксама прымаюць актыўны ўдзел у абароне правоў жанчын і правоў ЛГБТ-людзей як на міжнародным, так і на нацыянальным узроўні. «Жанчыны супраць гвалту ў Еўропе» (WAVE) з'яўляецца еўрапейскай парасоністай арганізацыяй і мае прыхільнікаў у большасці краін геаграфічнай Еўропы. Яна вядзе еўрапейскую анлайнавую базу даных НУА, якія можна знайсці паводле іх месцазнаходжання, спецыфікі і сферы дзейнасці. «Еўрапейскае жаночае лобі» (EWL) – гэта яшчэ адна парасоністая арганізацыя, якая з'яўляецца добрай адпраўной кропкай для пошуку адпаведнай інфармацыі, вынікаў даследаванняў або кантактаў з рэгiянальнымi, нацыянальнымі і мясцовымі НУА, якія працуюць у розных галінах правоў жанчын і гендарных пытанняў, звязаных з жанчынамі.

Супрацоўніцтва грамадзянскіх, дзяржаўных і прыватных арганізацый дзеля памяншэння гвалту ў сям'і

У рамках сваёй праграмы адказнасці перад грамадствам венгерская кампанія Vodafone у супрацоўніцтве з Асацыяцыяй па правах жанчын NANE, мясцовай паліцыяй, а таксама дзвюма іншымі прыватнымі кампаніямі, якія прадстаўляюць тэхнічную падтрымку, запусціла праграму па прадухіленні актаў гвалту ў сям'і. Гэта пілотная праграма, што распачалася ў 2011 годзе, будзе выкарыстоўваць 30 прылад, якія будуць пасылаць сігнал трывогі і дакладнае месцазнаходжанне жанчыны ў небяспецы пры націсканні на кнопку праз сетку Vodafone. У выніку, жанчыны, якія падвяргаюцца той ці іншай форме гвалту ў блізкіх узаемаадносінах, могуць чакаць больш хуткага рэагавання паліцыі.

Арганізацыі, звязаныя з ЛГБТ, уключаюць у сябе сацыяльныя групы і групы падтрымкі, а таксама прафесійныя арганізацыі і групы для адстойвання інтарэсаў у асноўных рэлігійных арганізацыях або палітычных партыях. Міжнародная арганізацыя моладзі і студэнтаў лесбіянак, гомасексуалаў, бісексуалаў, трансгендараў і квір (IGLYO) – гэта заснаваная на членстве сетка равеснікаў, удзельнікамі якой з’яўляюцца больш за 50 арганізацый. Яна працуе, каб прасоўваць каштоўнасці прызнання і недыскрымінацыі і каб пашыраць удзел маладых ЛГБТ- і квір-людзей у дэмакратычным працэсе прыняцця рашэнняў, а таксама супрацоўнічае з іншымі маладзёжнымі арганізацыямі, такімі як нацыянальныя маладзёжныя саветы, еўрапейскія студэнцкія арганізацыі і еўрапейскія маладзёжныя палітычныя арганізацыі. IGLYO арганізуе вучэбныя сесіі і канферэнцыі, а таксама займаецца актыўным лабіраваннем на палітычным узроўні.

Канцавыя зноскі

1 Дыскрымінацыя па прыкмеце сексуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці ў Еўропе, Савет Еўропы, чэрвень 2011 года; http://www.coe.int/t/Commissioner/Source/LGBT/LGBTStudy2011_en.pdf
2  Даведайцеся болей на сайце:  http://www.thelocal.se/20232/20090623/
3 Зборнік па пытаннях глабальнай адукацыі, 2010 г. http://www.uis.unesco.org/Library/Documents/GED_2010_EN.pdf
4 Гендарныя адрозненні ў выніках адукацыі: даследаванне існуючай сітуацыі і меры, якія прымаюцца ў Еўропе, 2009 г. http://eacea.ec.europa.eu/education/eurydice/documents/thematic_reports/120EN.pdf
5 Еўрапейская камісія http://ec.europa.eu/social/main.jsp?catId=681&langId=en
6 Жанчыны ААН http://www.unifem.org/gender_issues/democratic_governance/facts_figures.php (статыстыка па стане на 2008 г.).
7 Еўрапейская камісія http://ec.europa.eu/social/main.jsp?langId=en&catId=681&newsId=1031&furtherNews=yes 
8 Еўрапейскае жаночае лобі http://www.womenlobby.org/spip.php?rubrique36&lang=en 
9 Выступленне з нагоды Міжнароднага жаночага дня 2011 г.;
http://www.ohchr.org/en/NewsEvents/Pages/DisplayNews.aspx?NewsID=10810&LangID=E
10Там жа.
11 «X» зараз з’яўляецца варыянтам выбару гендара ў аўстралійскіх пашпартах, 15 верасня 2011 года;
http://www.msnbc.msn.com/id/44532536/ns/travel-news/t/x-now-gender-option-australian-passports/
12 Больш інфармацыі на сайце: http://www.time.com/time/world/article/0,8599,1706514,00.html
13 http://www.empowering-youth.de/downloads/speech_barter.pdf
14 Жанчыны ААН http://www.unifem.org/gender_issues/violence_against_women/facts_figures.php
15 Сусветная арганізацыя аховы здароўя http://www.who.int/mediacentre/factsheets/fs241/en/index.html
16 Інфармацыйны бюлетэнь аб гандлі людзьмі, Упраўленне ААН па наркотыках і злачыннасці на аснове даных 2010 года;
http://www.unodc.org/documents/human-trafficking/UNVTF_fs_HT_EN.pdf
17 Злачынствы на глебе нянавісці ў рэгіёне АБСЕ – Інцыдэнты і меры ў адказ, Гадавая справаздача за 2006 год, Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, 2007 год; http://www.osce.org/odihr/26759
18 http://www.gendercide.org/case_srebrenica.html
19 Leymah Gbowee, Mighty Be Our Powers (New York: Beast Books, 2011), written with Carol Mithers, p. 168.
20 Gender Equality – The Big Picture, UNICEF, 2007.
21 A resource on gender mainstreaming: Gender Equality and Education, Ulrika Eklund in Coyote, Issue No. 2., May 2000
22 Справаздачы аб гэтых навучальных сесіях даступны тут: http://www.coe.int/t/dg4/youth/Training/Study_sessions/Study_sessions_reports_en.asp
23 Даведайцеся больш на сайце http://16dayscwgl.rutgers.edu/
24 Поўны тэкст канвенцыі глядзіце тут:  http://conventions.coe.int/Treaty/EN/Treaties/HTML/DomesticViolence.htm

КОМПАС

Дапаможнік па адукацыі ў галіне правоў чалавека з удзелам моладзі

Web Content Display

Key Date
  • 8 MarchInternational Women’s Day
  • 17 MayInternational Day Against Homophobia and Transphobia
  • 19 NovemberInternational Men’s Day
  • 25 NovemberInternational Day for the Elimination of Violence against Women