Вам патрэбна праца? Тады не плануйце дзяцей!

Агляд

Гэта ролевая гульня на тэму:
• Рэпрадуктыўных правоў на рабочым месцы
• Дыскрымінацыі жанчын на рабочым месцы

Звязаныя правы

• Права выбіраць працу па жаданні і ўступаць у прафсаюзы
• Права на ўступленне ў шлюб і стварэнне сям’і
• Свабода ад дыскрымінацыі

Мэты

• Паглыбіць веды аб рэпрадуктыўных правах жанчын
• Развіць навыкі крытычнага мыслення і вядзення дыскусіі
• Заахвоціць адкрытасць, пачуццё справядлівасці і сацыяльнай адказнасці

Матэрыялы

• Вялікі аркуш паперы, класная дошка або папера для фліпчарта, маркер
• Месца для працы ў малых групах і для ролевай гульні
• Дэкарацыі для ролевай гульні, стол і крэслы, ручка і папера

Падрыхтоўка

• Перапішыце сцэнарый на дошку, на вялікі аркуш паперы ці на фліпчарт

Key Date
  • 15 маяМіжнародны дзень сям’і

Інструкцыі

1. Растлумачце, што тэмай ролевай гульні з’яўляюцца рэпрадуктыўныя правы жанчын на рабочым месцы. Правядзіце кароткі мазгавы штурм на тэму рэпрадуктыўных правоў жанчын, каб удзельнікі зразумелі, пра што ідзе гаворка.
2. Падзяліце ўдзельнікаў на малыя групы (максімум 5 чалавек у групе).
3. Зачытайце картку з апісаннем сітуацыі.
4. Дайце ўдзельнікам 20 хвілін, каб яны ў малых групах прыдумалі канчатак гісторыі і пераўтварылі яе ў сцэнку. Ролевая гульня павінна пачацца з сустрэчы Марыі і спадара Уладстока і не можа працягвацца больш за 5 хвілін.
5. Запрасіце ўсе малыя групы па чарзе прадставіць свае інсцэніроўкі. Каментарыі пакіньце для этапа аналізу.

 

Аналіз і ацэнкаGoto top

Пачніце з апытання малых груп аб тым, як яны прыдумлялі сцэнарыі сваіх ролевых гульняў, і дайце астатнім магчымасць выказаць сваё меркаванне. Затым пагаварыце пра наступствы гэтай сітуацыі і падумайце, як можна змагацца з дыскрымінацыяй такога роду.
• Ці здзівіла каго-небудзь такая сітуацыя? Ці здаралася падобнае ў вашай краіне?
• Як групы прыйшлі да рашэння аб далейшым развіцці гэтай сітуацыі?
• Ці былі прапанаваныя варыянты развіцця падзей рэалістычнымі? Што ў паводзінах Марыі магло ёй дапамагчы, а што згуляла супраць яе? Наколькі цяжка праяўляць у такіх сітуацыях настойлівасць, а не агрэсіўнасць або пакорлівасць?
• Якія правы маюць цяжарныя жанчыны на рабочым месцы ў вашай краіне?
• Чаму кампанія захацела паставіць Марыі такую ўмову? Ці справядлівая яна? Чаму не?
• Ці былі парушаны правы чалавека? Калі так, то якія?
• Калі б Марыя была мужчынам, ці папала б яна ў такую сітуацыю? Чаму? Чаму не?
• Чым адрозніваецца мужчынскі погляд на гэту праблему ад погляду жанчыны?
• Што, на вашу думку, можна зрабіць для прасоўвання і абароны рэпрадуктыўных правоў жанчын?

Парады для фасілітатараўGoto top

Падумайце, ці варта ўключаць у малыя групы роўную колькасць юнакоў і дзяўчат. Вопыт падказвае, што заняткі ў «аднаполых» групах часта прыводзяць да больш правакацыйных паваротаў сюжэту, а дыскусія праходзіць больш жвава.

Удзельнікам можа быць не вядомы тэрмін «рэпрадуктыўныя правы», таму вам, магчыма, трэба будзе пазнаёміць іх з некаторымі ідэямі, каб яны маглі ўявіць сабе агульную карціну таго, што адбываецца. Рэпрадуктыўныя правы ўключаюць права на:
• Сексуальныя адносіны, якія прыносяць задавальненне, без страху заразіцца або захварэць.
• Выбар, мець ці не мець дзяцей.
• Паслугі службы па планаванні сям’і з магчымасцю зрабіць аборт пры паважлівым і чуйным абыходжанні з жанчынай і захаванні канфідэнцыяльнасці.
• Палавое выхаванне.

Памятайце, што пры абмеркаванні выпадку з парушэннем правоў Марыі можа паўстаць такое спрэчнае пытанне, як аборт і проціпастаўленне правы жанчыны на выбар і права плода на жыццё. Гэта вельмі важная тэма, якая таксама мае вельмі асаблівае дачыненне да адукацыі ў галіне правоў чалавека, таму што патрабуе ад удзельнікаў непрадузятага стаўлення, адмовы ад стэрэатыпаў і забабонаў і выкарыстання навыкаў крытычнага мыслення. Яна добра ілюструе складанасць, уласцівую правам чалавека. Калі такое пытанне ўзнікне, вы можаце арганізаваць яго асобнае абмеркаванне ў іншы час.

ВарыянтыGoto top

Выкарыстайце метад форум-тэатра. Замест таго каб падзяліць усіх удзельнікаў на малыя групы, вы можаце папрасіць двух добраахвотнікаў разыграць сцэнку паміж Марыяй і спадаром Уладстокам перад астатнімі ўдзельнікамі, якія будуць выступаць у ролі назіральнікаў. Вы можаце перыядычна перапыняць прадстаўленне і прасіць назіральнікаў выказаць сваё меркаванне і здагадкі наконт таго, што павінна адбыцца далей. Як варыянт, назіральнікі могуць проста мяняцца месцамі з акцёрамі, каб прадставіць сітуацыю з іншага пункту гледжання і змяніць сюжэт ролевай гульні.

У гульню можна ўвесці і іншых персанажаў, напрыклад мужа Марыі, які можа быць прадстаўніком прафсаюза, і тады сітуацыя выйдзе за рамкі сустрэчы з супрацоўнікам аддзела кадраў.

Вы можаце замяняць імёны персанажаў на тыя, што больш распаўсюджаны ў вашай краіне.

Некаторым людзям цяжка ўдзельнічаць у ролевай гульні, тады замест яе прапануйце ім расказаць гісторыю. Падзяліце ўдзельнікаў на малыя групы, выдайце кожнай лісток з гісторыяй, папрасіце абмеркаваць яе і напісаць свой варыянт канцоўкі. Затым збярыце групы на агульнае пасяджэнне і параўнайце розныя варыянты канцовак.

Прапановы па далейшай працыGoto top

Калі палавое выхаванне ўваходзіць у вучэбную праграму вашай школы, папрасіце вашага калегу-настаўніка ўключыць практыкаванне «Праца і дзеці» у план аднаго з урокаў. У якасці альтэрнатывы гэта практыкаванне можна выканаць на ўроку грамадазнаўства або гісторыі ці ў сувязі са святкаваннем Міжнароднага жаночага дня (8 сакавіка) або Міжнароднага дня сям’і (15 мая).

Група можа правесці невялікае даследаванне па пытанні рэпрадуктыўных правоў у вашай краіне. Пасля гэтага можна правесці апытанне як сярод жанчын, так і сярод працадаўцаў, каб паглядзець, як заканадаўства працуе на практыцы.
Удзельнікі таксама могуць вывучыць сітуацыю з палавым выхаваннем у іх краіне. Ці ахоплівае яна ўсе аспекты рэпрадуктыўных правоў?

Калі вы хочаце разгледзець іншыя віды дыскрымінацыі на рабочым месцы, можна правесці практыкаванне «Розныя зарплаты».

Ідэі для дзеянняGoto top

Абмяркуйце пытанні рэпрадуктыўных правоў на савеце сваёй школы ці арганізацыі.
Высветліце, якія мясцовыя НГА выступаюць за рэпрадуктыўныя правы жанчын, і прыміце ўдзел у арганізаваных імі дэбатах і кампаніях.

Дадатковая інфармацыяGoto top

Канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын

Акрамя пытанняў грамадзянскіх правоў, Канвенцыя таксама надае асаблівую ўвагу пытанню, якое з’яўляецца жыццёва важным для жанчын, а менавіта пытанню аб рэпрадуктыўных правах. У прэамбуле гаворыцца, што «роля жанчыны ў дзетараджэнні не павiнна быць падставай для дыскрымінацыі».
Канвенцыя пастаянна звяртае ўвагу на сувязь паміж дыскрымінацыяй жанчын і іх рэпрадуктыўнай роллю. Напрыклад, у артыкуле 5 Канвенцыя адстойвае «правільнае разуменне мацярынства як сацыяльнай функцыі», патрабуючы роўнай сумеснай адказнасці абодвух палоў за выхаванне дзяцей. Адпаведна, палажэнні аб абароне мацярынства і выхаванні дзяцей абвяшчаюцца як найважнейшыя правы і ўключаюцца ва ўсе раздзелы Канвенцыі, якія адносяцца да працаўладкавання, сямейнага права, аховы здароўя і адукацыі. Абавязацельствы з боку грамадства ўключаюць забеспячэнне сацыяльных паслуг, асабліва па доглядзе за дзецьмі, каб даць магчымасць грамадзянам спалучаць сямейныя абавязкі з працай і ўдзелам у грамадскім жыцці. Рэкамендуецца прыняцце спецыяльных мер па абароне мацярынства, якія «не павінны быць дыскрымінацыйнымі».
Артыкул 4 Канвенцыі таксама сцвярджае права жанчыны на рэпрадуктыўны выбар. Характэрна, што гэта адзіны дакумент па правах чалавека, які закранае пытанне планавання сям’і. Яна абвяшчае, што бакі прымаюць на сябе абавязацельства ўключыць кансультацыі па пытаннях планавання сям’і ў адукацыйны працэс (артыкул 10.h) і абавязацельства распрацаваць сямейны кодэкс, які гарантуе права жанчыны «свабодна і адказна вырашаць пытанне аб колькасці дзяцей і прамежку паміж іх нараджэннямі і мець доступ да інфармацыі, адукацыі і сродкаў, якія дазволяць ёй ажыццявіць гэта права» (артыкул 16.e).

Раздатачныя матэрыялыGoto top

PDFDownload as PDF

Сцэнарый
Марыя ўжо амаль год сядзіць без працы і актыўна яе шукае. Дзесяць дзён назад яна праходзіла інтэрв’ю на заняцце выдатнай пасады, пра якую яна заўсёды марыла. Усё склалася вельмі ўдала, і ёй прапанавалі гэта месца. Кампанія папрасіла яе падысці да спадара Уладстока, супрацоўніка аддзела кадраў, і падпісаць кантракт. Свае абавязкі і іншыя звязаныя з працай пытанні яна абмеркавала падчас інтэрв’ю. Марыя ўжо збіралася падпісаць кантракт, калі спадар Уладсток паведаміў ёй, што адной з умоў яе прыёму на працу стане падпісанне ёю абавязацельства не мець дзяцей на працягу двух наступных гадоў.

КОМПАС

Дапаможнік па адукацыі ў галіне правоў чалавека з удзелам моладзі