Роўная плата за роўную працу!

Агляд

Гэта сімуляцыя сутыкае ўдзельнікаў з рэальным становішчам на рынку працы. Абмяркоўваюцца наступныя пытанні:
• Розная аплаты аднолькавай працы
• Дыскрымінацыя на працоўным месцы
• Палітыка нізкай аплаты працы маладых працаўнікоў

Звязаныя правы

• Права на свабодны выбар працы і ўступленне ў прафсаюзы
• Права на справядлівую аплату працы і роўную аплату аднолькавай працы
• Права не падвяргацца дыскрымінацыі па прыкмеце ўзросту або полу

Мэты

• Расказаць удзельнікам пра рэаліі дыскрымінацыі на працоўным месцы
• Развіць уменне адказваць на несправядлівасць і абараняць правы
• Садзейнічаць прасоўванню салідарнасці, роўнасці і справядлівасці

Матэрыялы

• 1 экзэмпляр тарыфных ставак працаўнікоў
• Ідэнтыфікатары, адзін на кожнага ўдзельніка (працаўніка)
• Валюта. Можна выкарыстоўваць валюту «Компаса»

Падрыхтоўка

• Падрыхтуйце ідэнтыфікатары. У іх можна адлюстраваць толькі ўзрост і пол працаўніка. Для даведкі карыстайцеся тарыфнай сеткай.
• Прыдумайце для ўдзельнікаў нейкае заданне; збярыце ў адно месца любое абсталяванне або матэрыялы, якія могуць спатрэбіцца для яго выканання.

compass-key-date
  • Другі аўторак красавікаЕўрапейскі дзень роўнай аплаты працы

Інструкцыі

1. Растлумачце ўдзельнікам, што яны будуць іграць ролю працаўнікоў, якія павінны выканаць нейкую працу для свайго працадаўцы (вас!). Турбавацца не трэба – усе атрымаюць заработную плату. Мы не прызнаём рабства!
2. Раздайце ідэнтыфікатары ў адвольным парадку, кожнаму ўдзельніку па адным.
3. Растлумачце заданне і ўпэўніцеся, што ўсе зразумелі, што ім трэба рабіць.
4. Няхай прыступаюць да працы!
5. Калі ўся праца будзе выканана, папрасіце працаўнікоў устаць у чаргу па заработную плату. Заплаціце кожнаму ў адпаведнасці з узростам і полам, як гэта адлюстравана ў тарыфнай сетцы. Вы павінны гучна падлічваць грошы, каб усе ведалі, колькі грошай хто атрымаў.
6. Калі ўдзельнікі пачнуць задаваць пытанні ці скардзіцца, адказвайце коратка і не ўступайце ў перамовы.
7. Вы павінны будзеце самі вырашыць, як далёка вы можаце зайсці, але спыніцеся, калі адчуеце, што атмасфера абвастраецца! Дайце ўсім час супакоіцца і выйсці з ролі, а потым сядзьце ў кола для аналізу.

Аналіз і ацэнкаGoto top

Правядзіце абмеркаванне паэтапна. Пачніце з разгляду самой сітуацыі:
• Як вы сябе адчувалі, калі атрымалі больш (або менш), чым іншыя працаўнікі, хоць усе выконвалі абсалютна аднолькавую задачу?
• Чаму адны атрымалі больш (або менш), чым іншыя? Якія крытэрыі былі выкарыстаны?
• Як вы сябе адчувалі, калі атрымалі больш за астатніх? Як вы сябе адчувалі, калі атрымалі менш за астатніх?
• Ці практыкуецца такая дыскрымінацыя на працоўных месцах у вашай краіне або супольнасці?

Затым абмяркуйце адрозненні ў аплаце працы па палавой прыкмеце:
• Ці апраўдана розная аплата адной і той жа працы, выкананай мужчынам і жанчынай? Чаму? Чаму не? Калі так, то ў якіх выпадках?
• Што, калі мужчына выконвае працу лепш, чым жанчына? Ці з'яўляецца гэта дастатковай падставай для таго, каб плаціць жанчыне менш?
• Калі мужчына больш кваліфікаваны, чым жанчына, ці значыць гэта, што яму трэба плаціць больш?
• Ці лічыце вы, што існуе праца, якую павінны выконваць выключна мужчыны? Чаму? Чаму не? Калі так, то якая праца?
• Ці лічыце вы, што існуе праца, якую павінны выконваць выключна жанчыны? Чаму? Чаму не? Калі так, то якая праца?
• Ці лічыце вы, што пазітыўная дыскрымінацыя можа быць апраўдана ў мэтах змянення сацыяльных установак?

Урэшце рэшт, абмяркуйце аплату працы ў залежнасці ад узросту:
• Ці існуе ў вашай краіне практыка рознай аплаты працы ў залежнасці ад узросту? Калі няма, то ці лічыце вы, што яе трэба ўвесці?
• Як можна лагічна абгрунтаваць прымяненне такой палітыкі, асабліва ў дачыненні да маладых людзей?
• Што вы думаеце пра такую палітыку? Ці яна добрая? Дрэнная? Патрэбная? Непатрэбная? Прывядзіце аргументы.
• Якія правы чалавека яна парушае або можа парушыць?
• Як можна дабіцца выканання гэтых правоў?

Парады для фасілітатараўGoto top

Калі трэба дадаць да спіса працаўнікоў або выдаліць некаторых з яго, прасачыце, каб пры гэтым захоўваўся баланс паміж колькасцю працаўнікоў рознага полу і ўзросту. Калі група вялікая ці вы хочаце правесці дыскусію аб двух розных відах дыскрымінацыі, можна падзяліць групу на дзве часткі. Тады адна падгрупа зможа абмеркаваць тэму дыскрымінацыі па прыкмеце полу, а другая – па прыкмеце ўзросту.

Якога роду заданні падыходзяць для гэтага практыкавання? Кожны ўдзельнік павінен працаваць над адным і тым жа заданнем. Паспрабуйце таксама выбраць нешта такое, чым некалькі чалавек маглі б заняцца адначасова, каб тыя, хто чакае сваёй чаргі, не засумавалі. Прадумайце наступныя моманты:
• Калі вы хочаце займацца на вуліцы, ці падыходзіць для гэтага сезон?
• Ці дастаткова ў вас месца?
• Ці могуць людзі рознага ўзросту, мужчыны і жанчыны выконваць гэту працу аднолькава лёгка і эфектыўна?
• Ці бяспечная гэтая праца?
• Ці не паставіць гэта праца каго-небудзь з удзельнікаў у няёмкае становішча? Ці не адмовіцца хто-небудзь ад яе па этычных меркаваннях?
• Колькі часу зойме яе выкананне?
• Ці патрабуецца для яе выканання вялікая колькасць навыкаў?
• Як яе можна паўтарыць некалькі разоў?

Прыклады заданняў:
• Вымыць класную дошку і акуратна напісаць на ёй нейкую канкрэтную фразу.
• Зняць кнігі з паліцы і пакласці іх у каробку. Перанесці каробку ў іншы кут пакоя, распакаваць яе і паставіць кнігі на іншую паліцу.
• Зрабіць фігурку з паперы (самалёцік або шапку).
• Прывесці ў парадак кабінет або частку саду.
• Прыбраць смецце на пэўным участку.
• Вымыць вокны ў школе (будынку), дзе праходзіць занятак, або вымыць машыны настаўнікаў (трэнераў)!
• Сабраць лісце трох розных відаў і прымацаваць іх да аркуша паперы.
• Знайсці вызначэнне слова і запісаць яго на аркушы паперы. (Калі вы выбераце розныя словы, якія адносяцца да тэмы правоў чалавека, у выніку ў вас можа атрымацца кароткі тэрміналагічны гласарый!)

Калі будзеце выдаваць грошы і тлумачыць розніцу ў аплаце, вам трэба будзе прыдумаць нейкія «прычыны». Іх можна прывязаць да рэальнай сітуацыі або проста ўзяць з галавы. Напрыклад:
• Хто спатыкнуўся, той атрымае менш
• Хто ўсміхаўся і быў задаволены, атрымае больш
• Сёння пятніца!

ВарыянтыGoto top

Грошы неабавязкова павінен выдаваць фасілітатар, касірамі могуць стаць двое ўдзельнікаў.

У залежнасці ад абранага задання можна вызначыць тэрмін яго выканання, як на заводзе. Калі заданне вельмі простае або ў вас менш за шэсць гульцоў, можна правесці тры-чатыры раўнды, кожны з якіх будзе адпавядаць аднаму працоўнаму дню. Пасля кожнага раўнда працаўнікі ідуць у банк, падпісваюць дакументы і атрымліваюць плату за дзень. Будзьце гатовы, што некаторыя ўдзельнікі хутка зразумеюць, што плата несправядлівая, і пачнуць скардзіцца. У гэтым выпадку вы можаце звольніць іх і сказаць астатнім, што ім прыйдзецца працаваць больш. Будзьце гатовы да таго, што ў гэты момант рабочыя могуць абвясціць забастоўку. Сачыце, каб удзельнікі не адышлі ад тэмы, і не забывайце пра першапачатковую мэту практыкавання.

Калі вы не хочаце праводзіць гэта практыкаванне ў форме інсцэніроўкі, вы можаце адаптаваць інфармацыю і выкарыстаць яе для дыскусіі. Зрабіце для кожнага працаўніка даведку з апісаннем працы, узростам, полам і памерам заработнай платы. Вы можаце таксама ўключыць у даведку такія дэталі, як адукацыя і прафесійны вопыт. Альбо вы можаце скласці некалькі падрабязных анкет некаторых працаўнікоў. Аднак майце на ўвазе, што простае абмеркаванне не выклікае настолькі ж моцнай эмацыянальнай рэакцыі, як інсцэніроўка.

Прапановы па далейшай працыGoto top

Калі ўдзельнікам падабаюцца ролевыя гульні і яны хочуць даведацца больш пра ролю прафсаюзаў у абароне правоў працаўнікоў на справядлівую плату і ўмовы працы, вы можаце правесці практыкаванне «Пасяджэнне прафсаюза». Ролевая гульня «Праца і дзеці» разглядае праблемы правоў жанчын і роўнасці на працоўным месцы.

Ідэі для дзеянняGoto top

Знайдзіце інфармацыю аб правах працоўных і законах вашай краіны. Калі вы падзарабляеце (вечарамі, па выхадных або падчас канікулаў), абавязкова высветліце свае правы як працаўніка, напрыклад, ці атрымліваеце вы больш высокую плату за працу ў вячэрні час або ў выхадныя? Ці вы застрахаваны? Ці ў парадку абсталяванне, якім вы карыстаецеся, і ці выконваецца тэхніка бяспекі? Даведайцеся пра наступствы неафіцыяльнага працаўладкавання, калі ні вы, ні ваш працадавец не паведамляеце пра працу ў падатковыя службы.

Дадатковая інфармацыяGoto top

Паколькі ў сярэднім жанчыны зарабляюць менш за мужчын, ім даводзіцца працаваць больш, каб атрымаць тую ж зарплату. Еўрапейскі дзень роўнай аплаты працы адзначаецца ў аўторак, бо менавіта да аўторка жанчына зарабляе столькі, колькі мужчына зарабіў за мінулы тыдзень.

Пытанні няроўнага ўзнагароджання працаўнікоў у розных краінах адрозніваюцца, у тым ліку ў залежнасці ад таго, ці мае месца дыскрымінацыя па прыкмеце ўзросту або полу. Гендарная дыскрымінацыя ўяўляе сабой проста дыскрымінацыю жанчын. Гістарычна склалася так, што жанчыны знаходзілася ў нявыгадным становішчы ў сацыяльнай, палітычнай і эканамічнай сферах. Прыклады дыскрымінацыі жанчын на працоўным месцы ўключаюць дыскрымінацыю ў працэсе адбору кандыдатаў і наймання на працу, дыскрымінацыю пры прасоўванні па службе, а таксама дыскрымінацыю ў аплаце працы – жанчыны ў цэлым атрымліваюць больш нізкую зарплату, чым мужчыны. Ужо той факт, што жанчыны за тую ж працу атрымліваюць менш, чым мужчыны, з'яўляецца парушэннем права на справядлівую аплату працы.
Маладыя людзі як працаўнікі таксама павінны атрымліваць справядлівую аплату. Аднак сітуацыя ў гэтых адносінах вельмі складаная і адрозніваецца ў розных краінах. У цэлым узровень беспрацоўя сярод моладзі вышэй, чым сярод людзей старэйшага ўзросту.

Хоць у цэлым прынцып роўнай платы за роўную працу выконваецца, у многіх краінах аплата працы моладзі лічыцца асаблівым выпадкам, і маладым работнікам за тую ж самую працу плацяць менш, чым дарослым. У такога падыходу два тлумачэнні. З аднаго боку, мэта зводзіцца да таго, каб утрымаць маладых людзей ад выхаду на рынак працы і заахвоціць іх працягваць адукацыю. З іншага боку, працадаўцы павінны мець нейкі стымул прымаць на працу маладых людзей без вопыту і неабходных навыкаў, асабліва тых, хто кідае школу і хто інакш будзе «боўтацца на вуліцы», пападзе ў бяду і стане абузай для дзяржавы; колькасць такіх маладых людзей усё расце. Ужыванне гэтага падыходу і яго поспех у барацьбе супраць беспрацоўя сярод моладзі ў розных краінах адрозніваюцца.
Еўрапейскі камітэт па сацыяльных правах (орган, які адказвае за выкананне Еўрапейскай сацыяльнай хартыі) не лічыць, што нізкая плата маладым людзям супярэчыць гарантыі справядлівай аплаты працы, калі адрозненне не з'яўляецца істотным і выраўноўваецца за кароткі перыяд часу. Напрыклад, лічыцца прымальным аплачваць працу 15 і 16-гадовых падлеткаў на 30 % ніжэй за мінімальную аплату працы дарослага, у той час як для маладых людзей ва ўзросце ад 16 да 18 гадоў розніца не павінна перавышаць 20 %.

Моладзь не заўсёды атрымлівае нізкую зарплату. На самай справе маецца значная праслойка адукаваных маладых людзей, якія вельмі добра зарабляюць, – на думку некаторых, нават занадта добра! Напрыклад, вельмі шмат моладзі працуе ў сектары новых тэхналогій, і яны атрымліваюць значна больш высокую зарплату, чым працаўнікі, якія набліжаюцца да пенсіённага ўзросту.

Права на справядлівае ўзнагароджанне

Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, артыкул 7
Дзяржавы, якія ўдзельнічаюць у гэтым пакце, прызнаюць права кожнага на справядлівыя і спрыяльныя ўмовы працы, уключаючы, у прыватнасці:
(a) Узнагароджанне, якое забяспечвае для ўсіх працаўнікоў як мінімум
(i) Справядлівую зарплату і роўнае ўзнагароджанне за працу роўнай каштоўнасці без якога б там нi было адрознення, прычым, у прыватнасці, жанчынам павінны гарантавацца ўмовы працы не горш за тыя, якімі карыстаюцца мужчыны, з роўнай платай за роўную працу.

Еўрапейская сацыяльная хартыя
Артыкул 7 (5). Права дзяцей і маладых людзей на справядлівае ўзнагароджанне для маладых працаўнікоў і стажораў.
Артыкул 8 (3). Права працоўных жанчын на адсутнасць дыскрымінацыі па прыкмеце полу ў плане аплаты працы.

Раздатачны матэрыялGoto top

PDFDownload as PDF

Тарыфная сетка аплаты працы працаўнікоў у адпаведнасці з полам і ўзростам.

  Пол Узрост Плата ў еўраграшах
1. Мужчынскі 35 гадоў 100
2. Жаночы 16 гадоў 30
3. Мужчынскі 22 гады 70
4. Жаночы 32 гады 90
5. Мужчынскі 16 гадоў 50
6. Жаночы 19 гадоў 60
7. Мужчынскі 26 гадоў 100
8. Мужчынскі 20 гадоў 70
9. Жаночы 24 гады 80
10. Мужчынскі 37 гадоў 100
11. Жаночы 17 гадоў 30
12. Жаночы 23 гады 80