Environment
Правы чалавека і навакольнае асяроддзе
Выратаванне гэтага свету ляжыць у чалавечым сэрцы, здольнасці чалавека разважаць, у чалавечай пакоры і ў чалавечым пачуцці адказнасці. Мы па-ранейшаму знаходзімся пад уплывам разбуральнай і марнай веры ў тое, што чалавек – вяршыня тварэння, а не толькі яго частка... Мы па-ранейшаму не ведаем, як паставіць маральнасць вышэй за палітыку, навуку і эканоміку. Мы па-ранейшаму не здольныя зразумець, што адзіны сапраўдны стрыжань усіх нашых дзеянняў – калі яны маюць быць маральнымі – гэта адказнасць. Адказнасць – гэта нешта больш высокае, чым мая сям'я, мая краіна, мая кампанія, мой поспех.
Вацлаў Гавел
Аб чым вы думаеце ў першую чаргу, калі вас просяць пагаварыць аб праблемах «навакольнага асяроддзя»? Праект «Еўрабарометр» паведаміў пра адказы, якія ўключаюць такія аспекты як змяненне клімату, забруджванне ў малых і буйных гарадах, ахова навакольнага асяроддзя, тэхнагенныя катастрофы, напрыклад, разлівы нафты, прамысловыя аварыі, землятрусы, паводкі і іншыя прыродныя катастрофы, а таксама вычэрпванне прыродных рэсурсаў. Не дзіва, што пытанні, якія выклікаюць найбольшую занепакоенасць, у розных краінах розныя, напрыклад, для грамадзян балтыйскіх дзяржаў гэта забруджванне Балтыйскага мора, у той час як для грамадзян Мальты і Балгарыі – забруджванне паветра.
Гэтая шырока распаўсюджаная занепакоенасць у дачыненні да стану навакольнага асяроддзя паўстала толькі нядаўна. У розных культурах і на працягу ўсёй гісторыі свету існавалі шматлікія рэлігійныя і філасофскія традыцыі, звязаныя з узаемаадносінамі паміж людзьмі і астатняй прыродай. У так званым «развітым» свеце ў гэтым аспекце да нядаўняга часу панавалі тэндэнцыі дамінавання і эксплуатацыі. Шырокая грамадскасць пачала сур’ёзна заўважаць маштабы разбурэння намі прыроднага навакольнага асяроддзя толькі на пачатку 1960-х гадоў.
Людзі ўсведамляюць, што мы не можам складзіраваць нашы адходы і чакаць, што яны проста знікнуць. Відавочна, што тое, што адбываецца ў адным месцы, уздзейнічае на іншыя месцы, і што б мы ні рабілі – распрацоўвалі радовішчы карысных выкапняў, секлі дрэвы, займаліся будаўніцтвам або фермерствам – нашы дзеянні маюць наступствы як на мясцовым, так і на глабальным узроўні, зараз і ў будучыні. Таму наша занепакоенасць наконт навакольнага асяроддзя непарыўна звязана з занепакоенасцю адносна чалавецтва і чалавечнасці, і ў гэтым аспекце павінны дзейнічаць прынцыпы роўнасці, адказнасці і непарушэння правоў. Ніжэй прыведзена некалькі прыкладаў таго, як уздзеянне на навакольнае асяроддзе звязана з правамі чалавека:
Паветра
Паветра, якім мы дыхаем, можа быць забруджаным, напрыклад, выкідамі часцінак ад рухавікоў аўтамабіляў і прамысловасці, а таксама ад сістэм ацяплення жылля і ад курэння тытуню. Іншыя забруджвальнікі ўключаюць у сябе зніжэнне ўзроўню азону ці празмернае размнажэнне мікраарганізмаў з-за сырасці. Паводле даных еўрапейскага аддзялення СААЗ (Сусветнай арганізацыі аховы здароўя)2, уздзеянне ўзважаных часцінак скарачае працягласць жыцця кожнага чалавека ў сярэднім амаль на 1 год. Зніжэнне якасці паветра парушае права на жыццё і на рэалізацыю самага высокага дасягальнага ўзроўню фізічнага і псіхічнага здароўя.
Вада
Сусветныя запасы прэснай вады вычэрпваюцца, бо неабходна задаволіць патрэбы насельніцтва, колькасць якога безупынна расце, не толькі ў пітной вадзе і вадзе для санітарных патрэб, але і ў вадзе, што выкарыстоўваецца ў вытворчасці прадуктаў харчавання, у прамысловай вытворчасці і ў сферы адпачынку, якія таксама не перастаюць пашырацца.3
У 2011 годзе 1,1 мільярда чалавек – гэта значыць кожны сёмы жыхар Зямлі – не мелі доступу да бяспечнага і нармальнага водазабеспячэння, што з’яўляецца відавочным парушэннем права чалавека на жыццё і на здароўе. Згодна з данымі СААЗ, кожны год ад захворванняў, звязаных з дыярэяй, і якія выклікаюцца ўжываннем вады нізкай якасці, гіне 1,8 мільёна чалавек – у асноўным дзеці ва ўзросце да 5 гадоў, што жывуць у краінах, якія развіваюцца.
І па меры таго як узнікае дэфіцыт вады, з'яўляюцца і праблемы бяспекі чалавека. Канфлікты могуць паўстаць унутры асобнай краіны, напрыклад, як гэта здарылася ў 2010 годзе ў Нью-Дэлі ў Індыі, калі нерэгулярнае водазабеспячэнне, а потым і яго поўнае спыненне прывяло да пратэстаў з ужываннем гвалту, падчас якіх некалькі чалавек атрымалі траўмы. Канфлікты могуць узнікаць і паміж краінамі, якія скідаюць ваду ці абмяжоўваюць паступленне вады ў суседнюю краіну, якая змяшчаецца ніжэй па плыні, выкарыстоўваючы такую сітуацыю ў якасці палітычнага інструмента ці ператвараючы такую сітуацыю ў акт агрэсіі або тэрарызму.4
Зямля
Амаль трэць паверхні зямлі ў свеце зараз выкарыстоўваецца для патрэб сельскай гаспадаркі, і кожны год на гэтыя мэты займаюць мільёны акраў прыродных экасістэм.6
Паводле аналізу ў межах Глабальнай ацэнкі лясных рэсурсаў ХСА (Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН) за 2010 год, чыстыя гадавыя страты лясоў у свеце складаюць 7,3 мільёна гектараў (18 мільёнаў акраў) у год. Многія метады вядзення сельскай гаспадаркі выклікаюць сур'ёзнае забруджванне асяроддзя і перашкаджаюць устойліваму развіццю. Сучасныя метады фермерства патрабуюць менш працоўнай сілы, і людзі вымушаны мігрыраваць у гарады, каб знайсці сабе працу там. У 2007 годзе, упершыню ў гісторыі, больш за палову чалавецтва стала пражываць у гарадах.7 Зямля выкарыстоўваецца таксама для здабычы карысных выкапняў і ў іншых галінах прамысловасці, а транспартныя сістэмы раздрабняюць ландшафт, што мае негатыўныя наступствы для міграцыі дзікіх жывёл. Што датычыцца правоў чалавека, усе гэтыя змены могуць прыводзіць да парушэнняў такіх правоў, як права ўласнасці, права на жаданую працу, права на харчаванне і ўдзел у культурным жыцці – і гэта далёка не поўны спіс.
Пытанне: Якім чынам забруджаны паветра, вада і зямля ў тым навакольным асяроддзі, у якім вы жывяце?
Свет не наш, Зямля не наша. Гэта скарб, які мы захоўваем, каб перадаць нашчадкам.
Афрыканская прыказка
Мы жывем на абмежаванай планеце, дзе ўсё звязана з усім іншым, напрыклад, праз харчовыя ланцугі, кругазварот вады і цыклы гораўтварэння. Існуе пэўная натуральная супраціўляльнасць, аднак сур’ёзнае ўмяшанне ў гэтыя цыклы, напрыклад, з-за забруджвання, неналежных метадаў вядзення сельскай гаспадаркі, ірыгацыйных праектаў або празмернай эксплуатацыі рыбных рэсурсаў, парушае прыродную раўнавагу. Аварыі на атамных электрастанцыях у Чарнобылі і Фукусіме, гібель дрэў у Чорным лесе ў Германіі ад кіслотнага дажджу, апустыньванне ў паўднёвай Іспаніі, высыханне Аральскага мора ва Узбекістане, а таксама праект плаціны «Ілісу» ў Турцыі – вось прыклады таго, як чалавек у працэсе развіцця шкодзіць экалагічнай аснове любой эканамічнай дзейнасці і самога жыцця.
Змяненне клімату
Каб азнаёміцца з прыкладамі парушэнняў правоў чалавека, звязаных з навакольным асяроддзем, наведайце сайт:
www.righttoenvironment.org
«Зніжэнне якасці навакольнага асяроддзя на планеце Зямля і відавочнае павелічэнне моцы і павышэнне частаты прыродных бедстваў, такіх як цыклоны, паводкі і засухі, павышаюць уразлівасць людзей у сувязі з адсутнасцю харчовай бяспекі, дрэнным станам здароўя і нестабільнасцю асяроддзя пражывання».
Праграма ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП).
Згодна з чацвёртым ацэначным дакладам8 Міжурадавай групы экспертаў па змяненні клімату (МГЭЗК), «у апошнія некалькі гадоў навуковыя даследаванні і база ведаў аб змяненні клімату значна прасунуліся, пацвярджаючы пры гэтым, што існае пацяпленне клімату на Зямлі вельмі верагодна звязана з чалавечай дзейнасцю, напрыклад, спальваннем выкапнёвага паліва. Пацяпленне на Зямлі ўжо мае вымерныя наступствы, і чакаецца, што ўздзеянне гэтай з'явы ў будучыні будзе маштабным і прывядзе да вялікіх выдаткаў». У дакладзе ўзровень верагоднасці вызначаецца ў 90 %.
У раёне басейна ракі Дунай усе краіны працуюць па нацыянальных планах аховы навакольнага асяроддзя і супрацоўнічаюць на міжнародным узроўні ў рамках Міжнароднай рады па абароне ракі Дунай у мэтах выканання экалагічных задач Воднай рамачнай дырэктывы ЕС да 2015 года.5
Спальванне выкапнёвага паліва – асноўная дзейнасць чалавека, якая выклікае змяненне клімату. Па меры спальвання гэтыя віды паліва выдзяляюць вуглякіслы газ, вадзяную пару, метан і аксід азоту ў атмасферу Зямлі, а там гэтыя газы паглынаюць энергію Сонца, што і прыводзіць да глабальнага пацяплення. Часам гэты працэс называюць «парніковым эфектам». Асноўны газ, які прыводзіць да парніковага эфекту, – гэта вуглякіслы газ (дыяксід вугляроду), паколькі гэты газ застаецца ў атмасферы на працягу доўгага часу. Існуючыя ўзроўні наяўнасці яго ў атмасферы значна перавышаюць нармальныя дыяпазоны за апошнія 650 000 гадоў. І наступствы гэтага вельмі сур'ёзныя; 11 з 12 гадоў з 1995 па 2006 год увайшлі ў спіс 12 самых цёплых гадоў на аснове ацэнак глабальнай тэмпературы паверхні Зямлі, якія рэгістраваліся з 1850 года (калі пачыналася індустрыялізацыя).9 Некаторыя існуючыя і чаканыя наступствы глабальнага пацяплення ўключаюць у сябе:
Змяненне ўзроўню мора. Павышэнне ўзроўню мора прывядзе да затаплення некаторых малых нізінных астраўных дзяржаў і прывядзе да таго, што мільёны людзей ва ўсіх нізінных рэгіёнах сутыкнуцца з пагрозай паводкі. Таксама на нізінных тэрыторыях будзе наносіць шкоду сельскай гаспадарцы прасочванне марской вады. І такое ўздзеянне ўжо адчуваецца ў розных рэгіёнах свету, перш за ўсё на астравах, размешчаных на паўднёвым усходзе Ціхага акіяна, а таксама ў Паўднёва-Усходняй Азіі.
Экстрэмальныя ўмовы надвор'я. Паводкі, засухі і штормы стануць больш частымі і больш разбуральнымі.
Выміранне. Калі глабальная тэмпература падымаецца на два градусы па Цэльсіі, то, паводле ацэнак, 30 % усіх відаў, якія пражываюць на сушы, патрапяць пад пагрозу павышанай рызыкі вымірання.10
Дэфіцыт прадуктаў харчавання. Па меры павышэння тэмператур і змянення характару размеркавання колькасці ападкаў, у Афрыцы, на Блізкім Усходзе і ў Індыі значна зменшыцца ўраджайнасць.
Дэфіцыт вады. Змяненне характару размеркавання колькасці ападкаў будзе прыводзіць да засух ці паводак. У свеце стане менш даступнай вады.
Захворванні. Пры павышэнні тэмператур такія захворванні, як малярыя, ліхаманка Заходняга Ніла, ліхаманка Дэнге і «рачная слепата», распаўсюдзяцца і на іншыя рэгіёны.
Разбурэнне ўразлівых тэрыторый. Пашкоджаныя ўчасткі, такія як выбітыя скацінай пашы, абязлесеныя горныя схілы і змытая сельскагаспадарчая глеба, стануць яшчэ больш уразлівымі, чым раней, да змянення клімату.11
Экалагічныя бежанцы. Змяненне клімату, нароўні з іншымі экалагічнымі праблемамі, прыводзіць да таго, што ўсё большая колькасць людзей вымушана мігрыраваць або шукаць сховішча ў выніку змяненняў у іх навакольным асяроддзі.
Пытанне: Ці можаце вы паведаміць пра якія-небудзь наступствы змянення клімату, якія ўжо закранулі вашу краіну?
Пытанне роўнасці
За час, які прайшоў ад навагодняга бою гадзінніка і да вячэры 2 студзеня ўключна, амерыканская сям'я ў пераліку на аднаго чалавека выкарыстоўвае столькі выкапнёвага паліва ў эквіваленце, колькі сям'і ў Танзаніі трэба, каб жыць увесь год.
Эндру Сімс
Наступствы змянення клімату адчуваюцца ў свеце неаднолькава. Паводле даных МГЭЗК, больш за ўсё ад гэтага будзе пакутаваць самае беднае насельніцтва ў свеце. Краіны, якія развіваюцца, з прычыны свайго геаграфічнага становішча, нізкага ўзроўню даходаў насельніцтва, слабага развіцця розных устаноў і большай залежнасці ад сектараў, адчувальных да змянення клімату, такіх як сельская гаспадарка, не маюць рэсурсаў для адаптацыі (напрыклад, для культывавання іншых відаў сельскагаспадарчай прадукцыі, якая была б лепш прыстасаванай для больш дажджлівага або больш сухога клімату).
Яшчэ адно пытанне, звязанае з роўнасцю, – гэта як размяркоўваць выдаткі на пераадоленне наступстваў, напрыклад, кошт пераходу на сучасныя тэхналогіі для больш эфектыўнага выкарыстання паліва ці на такія аднаўляльныя крыніцы энергіі, як энергія паветра, вады або сонца. Пытанне аб размеркаванні адказнасці стала асноўнай перашкодай на 17-й Канферэнцыі бакоў Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату ў Дурбане ў 2011 годзе, і яно па-ранейшаму ўяўляе сабой няпростую задачу для ўдзельнікаў перамоў.
Праблемы роўнасці цесна звязаны і з паняццем справядлівасці, і многія гавораць аб справядлівасці ў дачыненні да клімату, маючы пры гэтым на ўвазе «падыходы па размеркаванні няроўных нагрузак, звязаных са змяненнем клімату, і ліквідацыя няроўнасці такіх нагрузак. Справядлівасць у дачыненні да клімату – гэта справядлівае стаўленне да ўсіх людзей і свабода ад дыскрымінацыі пры распрацоўцы палітыкі і праектаў, нацэленых на вырашэнне праблем, што ўзнікаюць з нагоды змянення клімату, і рэгуляцыі працы сістэм, якія прыводзяць да змянення клімату і замацоўваюць дыскрымінацыю».12
Змяненне клімату ўяўляе сабой рэальную пагрозу для міру і бяспекі ў свеце.
Пан Гі Мун
Змяненне клімату можа быць самай сур'ёзнай пагрозай для доўгатэрміновага дабрабыту чалавецтва, і, бясспрэчна, гэта патрабуе тэрміновага прыняцця рашэнняў. Але калі асноўная ўвага будзе звяртацца толькі на змяненне клімату, то гэта можа мець негатыўныя наступствы: альбо іншыя экалагічныя праблемы, такія як забруджванне навакольнага асяроддзя, вычэрпванне рыбных рэсурсаў або развіццё гарадоў, не будуць атрымліваць дастатковай увагі, ці ж наступствы праблем з гэтых катэгорый будуць лічыцца выкліканымі змяненнем клімату, у той час як на самай справе неабходна разглядаць і іншыя прычыны. Добрым прыкладам з'яўляецца пагроза каралавым рыфам. Павышэнне тэмпературы мора, узняцце ўзроўню мора і акісленне акіянаў у сувязі са змяненнем клімату – гэта, безумоўна, патэнцыяльная пагроза для каралавых рыфаў і ў выніку гэтага – пагроза ў дачыненні да правоў тых, хто зарабляе там сабе на жыццё або праводзіць там свой адпачынак. Аднак непасрэдная пагроза забруджвання, адклад глею ў выніку празмернага паверхневага сцёку вады з сельскагаспадарчых угоддзяў, звязанага са зменамі ў сельскагаспадарчай дзейнасці, празмерны адлоў рыбы, якая водзіцца ў рыфах, для харчавання, калекцыяніраванне рыбы, смаўжоў і саміх каралаў для аматараў акварыумаў, а таксама здабыча каралаў для вырабу цэменту і дарожнага баласту – вось толькі некаторыя з непасрэдных пагроз, якія могуць разбурыць каралавыя рыфы задоўга да таго, як праз 70 гадоў адбудзецца змяненне клімату.13
Рост насельніцтва
Змяненне клімату не павінна ператварацца з нязручнай праўды ў зручнага вінаватага па іншых відах антрапагеннага ўздзеяння.
Кейт Брандэр і іншыя14
У 1804 годзе насельніцтва свету складала 1 мільярд чалавек; у 1927 – 2 мільярды; у 1959 – тры мільярды; у 1974 – чатыры мільярды; у 1987 – пяць мільярдаў; шэсць мільярдаў у 1998 годзе і сем мільярдаў – у 2011 г. Хуткі рост насельніцтва звязаны са спалучэннем пазітыўных змен, напрыклад, паляпшэннем санітарных умоў, харчавання і аховы здароўя, што дазваляе людзям жыць даўжэй і мець больш дзяцей, якія дажываюць да дарослага ўзросту. Аднак мы жывем на абмежаванай планеце, і проста для таго, каб забяспечыць для насельніцтва, колькасць якога пастаянна расце, базавыя ўмовы – жыллё, харчаванне і доступ да вады – ствараецца надзвычайная нагрузка на навакольнае асяроддзе.
Калі мы не можам стабілізаваць клімат і не можам стабілізаваць колькасць насельніцтва, на Зямлі не застанецца экасістэмы, якую мы маглі б выратаваць.
Інстытут сусветнага назірання (Worldwatch Institute)
Пры разглядзе націску на навакольнае асяроддзе неабходна ўлічваць не толькі адны лічбы, але і стыль жыцця і формы спажывання. Багатыя нацыі, якія складаюць большасць у Еўропе, гэта толькі 20 % насельніцтва Зямлі, але пры гэтым з прычыны свайго высокага ўзроўню жыцця яны ўжываюць больш за 70 % яе рэсурсаў. Такім чынам, пытанне насельніцтва – гэта таксама і пытанне роўнасці.
Пытанне: Кітай знізіў свой узровень нараджальнасці, праводзячы палітыку аднаго дзіцяці ў сям'і. Ці лічыце вы, што ўрад Кітая робіць гэта абгрунтавана? Ці чулі вы пра іншыя метады зніжэння ўзроўню нараджальнасці?
Вырашэнне праблем
Людзі не адзіны від на Зямлі, яны проста дзейнічаюць, як быццам яны адзіныя ў свеце.
Аўтар невядомы
Паколькі любая чалавечая дзейнасць аказвае ўплыў на навакольнае асяроддзе, пытанне складаецца ў тым, як мы найлепшым чынам павінны ахоўваць тое навакольнае асяроддзе, у якім мы жывем.
Адзін з падыходаў – гэта заключэнне міжнародных дагавораў па канкрэтных пытаннях. ААН прыняла шэраг дагавораў і дэкларацый аб ахове навакольнага асяроддзя, напрыклад, аб забруджванні паветра, біяразнастайнасці, біябяспецы, апустыньванні, аб відах, якія знаходзяцца пад пагрозай вымірання, забруджванні з караблёў, аб трапічных пародах дрэў, водна-балотных тэрыторыях і аб кітабойным промысле.15
Хутка і вельмі эфектыўна міжнародная супольнасць дзейнічала ў справе аховы азонавага слоя, дзякуючы паэтапнай адмове ад вытворчасці хлорфторвугляродаў і іншых хімічных рэчываў, што разбуральна ўздзейнічаюць на гэты слой. У 1989 годзе ўступіў у сілу Манрэальскі пратакол па рэчывах, якія разбураюць азонавы слой; дзякуючы гэтаму, азонавы слой павінен з цягам часу аднавіцца.16
Магчыма, самым паспяховым міжнародным пагадненнем на сёння з’яўляецца Манрэальскі пратакол.
Кофі Анан
Яшчэ адзін прыклад – Кіёцкі пратакол (прыняты ў 1997 годзе, уступіў у сілу ў 2005 годзе, тэрмін заканчэння дзеяння – 2012 год), у адпаведнасці з якім краіны прынялі на сябе канкрэтныя абавязацельствы па зніжэнні выкідаў парніковых газаў. Кіёцкі пратакол мае важнае значэнне, паколькі ён заснаваны на прынцыпе справядлівасці і роўнасці, а таксама на канцэпце «агульнай, але пры гэтым дыферэнцыраванай адказнасці». Іншымі словамі, прамыслова развітыя краіны павінны плаціць больш, паколькі выкіды ў іх на душу насельніцтва, як правіла, у 10 разоў перавышаюць сярэднія паказчыкі краін, якія развіваюцца.
У дачыненні да гэтага пратакола, тэрмін дзеяння якога заканчваецца ў 2012 годзе, патрабуецца новая міжнародная рамачная сістэма – узгодненая і ратыфікаваная – якая зможа забяспечыць безупыннае далейшае зніжэнне выкідаў парніковых газаў і, магчыма, нават паляпшэнні ў гэтым аспекце. Таму неабходны новыя палітычныя абавязацельствы – як з боку краін, якія падпісалі гэты пратакол, так і з боку тых, якія яго не падпісвалі.
Міжурадавая група экспертаў па змяненні клімату (МГЭЗК)
МГЭЗК – гэта вядучы міжнародны орган па ацэнцы змянення клімату. Ён быў створаны Праграмай ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП) і Сусветнай метэаралагічнай арганізацыяй (СМА) для таго, каб даць свету дакладнае навуковае ўяўленне аб цяперашнім становішчы спраў у сферы ведаў аб змяненні клімату і аб адпаведным патэнцыяльным экалагічным і сацыяльна-эканамічным уздзеянні.
МГЭЗК – гэта міжурадавы навуковы орган. Зараз у яго ўваходзяць 194 краіны ААН і СМА. МГЭЗК разглядае і аналізуе самую апошнюю навуковую, тэхнічную і сацыяльна-эканамічную інфармацыю ў свеце, звязаную з разуменнем змянення клімату. З улікам яе навуковага і міжурадавага характару, МГЭЗК уяўляе сабой унікальную магчымасць забяспечваць асоб, адказных за прыняцце рашэнняў, выверанай і збалансаванай навуковай інфармацыяй. Таму праца гэтай арганізацыі мае важнае значэнне для палітыкі, але пры гэтым застаецца палітычна нейтральнай і ніколі гэтую палітыку не дыктуе.
МГЭЗК не праводзіць ніякіх даследаванняў і не ажыццяўляе маніторынг даных або параметраў, звязаных з кліматам. Свой уклад у працу МГЭЗК на добраахвотнай аснове ўносяць тысячы вучоных па ўсім свеце.
Правы і абавязкі
Стакгольмская дэкларацыя 1972 года аб Канферэнцыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па праблемах навакольнага асяроддзя чалавека17 можа разглядацца як стартавая пляцоўка для заснаванага на правах чалавека падыходу да аховы навакольнага асяроддзя. У дэкларацыі сфармуляваны прынцып, паводле якога «чалавек [павінен мець] мае асноўнае права на свабоду, роўнасць і спрыяльныя ўмовы жыцця ў навакольным асяроддзі, якасць якога дазваляе весці годнае і належнае жыццё, і нясе ўрачыстую адказнасць за ахову і паляпшэнне навакольнага асяроддзя на карысць цяперашняга і будучых пакаленняў».
Ці магчыма для ўсіх людзей у свеце жыць ва ўмовах павагі годнасці і належных жыццёвых умовах, не выклікаючы разбуральных наступстваў для навакольнага асяроддзя? Калі так, то як гэта зрабіць? Шкода для навакольнага асяроддзя можа быць як вынікам нізкага ўзроўню развіцця, так і вынікам самога развіцця. Напрыклад, нізкі ўзровень развіцця і звязаная з гэтым беднасць прыводзяць да абязлесення, паколькі насельніцтва выкарыстоўвае драўніну для гатавання ежы і абагравання жылля. Улічваючы дэфіцыт пашы, празмерны выпас скаціны на перыферыі сельскагаспадарчых зямель прыводзіць да апустыньвання. Неналежная апрацоўка сцёкавых вод і праблемы са зборам смецця прыводзяць да недахопу пітной вады. Неналежная адукацыя падрываюць нацыянальныя намаганні па стварэнні чыстага навакольнага асяроддзя. З іншага боку, развіццё аказвае іншы негатыўны ўплыў на навакольнае асяроддзе. Фінансавы прыбытак стымулюе высяканне лясоў, перасяленне плямёнаў і максімальную эксплуатацыю прыродных рэсурсаў. У выніку індустрыялізацыі з-за таксічных хімічных адходаў ад вытворчасці і спажывання забруджваюцца паветра, вада і атмасфера. І ўсё гэта – у імя развіцця.18
Асноўнае адрозненне паміж РКЗК ААН і Кіёцкім пратаколам складаецца ў тым, што, у той час як канвенцыя заклікала прамыслова развітыя краіны стабілізаваць выкіды парніковых газаў, пратакол абавязвае іх да гэтага.
У 1989 годзе ў дакладзе Брунтлан была зроблена спроба пераадолець унутраныя супярэчнасці паміж аховай навакольнага асяроддзя і развіццём, ужываючы прынцып устойлівага развіцця, які вызначаны наступным чынам: «развіццё, якое адказвае патрэбам сучаснасці і не ставiць пад пагрозу магчымасці будучых пакаленняў задавальняць свае ўласныя патрэбы». Гэты даклад стаў асновай для Канферэнцыі ААН 1992 года па навакольным асяроддзі і развіцці (вядомай таксама як «Саміт Зямлі»), на якой была прынята Дэкларацыя Рыа-дэ-Жанэйра па навакольным асяроддзі і развіцці. Гэта дэкларацыя (якую таксама называюць «Парадак дня на XXI стагоддзе») – гэта план дзеянняў, які павінны ажыццяўляць на глабальным, нацыянальным і мясцовым узроўнях урады, арганізацыі і ўсе людзі індывідуальна ў кожнай з абласцей, у якой чалавек аказвае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе. Яшчэ адным вынікам сустрэчы ў Рыа-дэ-Жанэйра стала Рамачная канвенцыя ААН аб змяненні клімату (РКЗК ААН). РКЗК ААН забяспечвае агульную рамачную сістэму для міжурадавых намаганняў па вырашэнні праблем, звязаных са змяненнем клімату.
Орхуская канвенцыя
Орхуская канвенцыя «Аб доступе да інфармацыі, удзелу грамадскасці ў прыняцці рашэнняў і доступе да правасуддзя па пытаннях, што тычацца навакольнага асяроддзя» была прынята Еўрапейскай эканамічнай камісіяй ААН у 1998 годзе. Гэта Канвенцыя была ратыфікавана 40 краінамі, а таксама Еўрапейскім саюзам. Гэта першы міжнародны дагавор, у якім прызнаецца, што «кожны чалавек сучаснага пакалення і будучых пакаленняў мае права жыць у навакольным асяроддзі, спрыяльным для яго здароўя і дабрабыту». У ёй прызнаецца таксама права на доступ да публічнай інфармацыі па экалагічных пытаннях, на ўдзел у прыняцці рашэнняў па навакольным асяроддзі і на доступ да незалежных судоў у сувязі з такімі рашэннямі. Нягледзячы на тое, што гэта канвенцыя была ратыфікавана ў асноўным еўрапейскімі і цэнтральнаазіяцкімі краінамі і ў яе вельмі слабы механізм маніторынгу, яна мае вялікую актуальнасць дзякуючы спалучэнню ў ёй пытанняў экалогіі і правоў чалавека.19
Рух за ахову навакольнага асяроддзя можа выжыць толькі ў тым выпадку, калі ён стане рухам за справядлівасць. Застаючыся чыста экалагічным рухам, ён альбо загіне, альбо стане «зялёным камуфляжам» для карпарацый. Ні адзін шчыры абаронца навакольнага асяроддзя не пагодзіцца на гэту ролю. Але калі такі рух будзе спалучаць і экалагічны кірунак, і барацьбу за справядлівасць, перад ім адкрыецца незлічонае мноства магчымасцей.
Вандана Шыва
Праваабарончы падыход, заснаваны на роўнасці і справядлівасці, правах і адказнасці, разглядаецца многімі як шлях наперад у справе аховы навакольнага асяроддзя. Аднак на працягу многіх гадоў актывісты і іншыя ўдзельнікі экалагічнага руху заяўлялі, што такой канцэпцыі недастаткова. Яны лічаць, што калі чалавечае жыццё і здароўе з'яўляюцца мэтамі аховы навакольнага асяроддзя, то і само асяроддзе будзе ахоўвацца толькі з прычыны неабходнасці забяспечваць дабрабыт чалавека і толькі ў той ступені, у якой гэта неабходна для дасягнення дадзенай мэты. У 2009 годзе па выніках Сусветнай канферэнцыі па змяненні клімату і правах Маці-Зямлі ў Балівіі на разгляд ААН была накіравана Ўсеагульная дэкларацыя правоў Маці-Зямлі (2010). У артыкуле 2 заяўляецца, што «Маці-Зямля мае права на існаванне, захаванне і працяг жыццёвых цыклаў, структур, функцый і працэсаў, якія забяспечваюць жыццё ўсіх істот».
Злачынства экацыду
Экалагічныя катастрофы, такія як у Севеза ў 1976 годзе, Бхапале ў 1984 годзе, у Чарнобылі ў 1986 годзе, разліў сцёкавых вод у Іспаніі ў 1998 годзе і гібель нафтавай платформы Deep Water Horizon у 2010 годзе сталі прадметам маштабных судовых разбораў. Аднак ні будучыя пакаленні, ні навакольнае асяроддзе самі па сабе не былі прадстаўлены ў гэтых судовых справах.
Важна было б таксама судзіць тыя кампаніі, якія наносяць вялікую шкоду экалогіі. Тэрмін «экацыд», які адносіцца да любога маштабнага разбурэння прыроднага навакольнага асяроддзя, з'явіўся ў сувязі з катастрофай, выкліканай выкарыстаннем гербіцыдаў у Паўднёва-Усходняй Азіі падчас в'етнамскай вайны. У красавіку 2010 года брытанскі адвакат Полі Хігінс прапанавала Арганізацыі Аб'яднаных Нацый прызнаць экацыд міжнародным злачынствам супраць міру, нароўні з генацыдам, злачынствамі супраць чалавечнасці і чалавецтва, ваеннымі злачынствамі і злачынствамі агрэсіі, і разглядаць яго ў Міжнародным крымінальным судзе.
Неабходна абвясціць экацыд злачынствам: паколькі ёсць паняцце генацыду ў дачыненні да тых, хто забівае людзей, такое ж паняцце павінна існаваць і ў дачыненні да тых, хто забівае прыроду.
Хайме Давід Фернандэс Мірабаль, міністр па пытаннях навакольнага асяроддзя, Дамініканская Рэспубліка
Брытаніі для дасягнення яе росквіту спатрэбілася палова рэсурсаў усёй гэтай планеты. А колькі планет спатрэбіцца для развіцця Індыі?
Махатма Гандзі
Роля Савета Еўропы
Савет Еўропы разглядае пытанні ўстойлівага развіцця ў якасці прыярытэтных у праграме сваёй працы. Яго палітыка складаецца ў тым, што эканамічны прагрэс не павінен падрываць асноўныя дасягненні чалавецтва: якасць навакольнага асяроддзя і ландшафтаў, правы чалавека і сацыяльную роўнасць, культурную разнастайнасць і дэмакратыю. Савет Еўропы лічыць змяненне клімату найбольш сур'ёзнай экалагічнай праблемай, з якой сутыкаецца свет у нашы дні, прызнаючы пры гэтым сувязь гэтай праблемы з правамі чалавека, і таму актыўна дзейнічае ў двух напрамках: захаванне прыродных рэсурсаў і біяразнастайнасці, але таксама і абарона разнастайнасці і жыццяздольнасці шматлікіх культур у свеце. Зыходзячы з гэтага, культурныя асновы ўстойлівага развіцця патрабуюць паралельных намаганняў у сферы развіцця культуры ўстойлівасці і ў сферы абароны культурнай разнастайнасці.
Сваімі дзеяннямі Савет Еўропы дапамог у стварэнні належнай юрыдычнай прасторы ў Еўропе ў падтрымку біяразнастайнасці, тэрытарыяльнага планавання і кіравання ландшафтамі, а таксама ўстойлівага развіцця тэрыторый, заснаванага на інтэграваным выкарыстанні культурных і прыродных рэсурсаў. Дзякуючы праграме Савета Еўропы ў сферы навакольнага асяроддзя, якая была запушчана ў 1961 годзе, з'явіліся на свет Еўрапейская канвенцыя пра ландшафты, Канвенцыя аб ахове дзікай флоры і фаўны і прыродных асяроддзяў пражывання ў Еўропе і Рамачная канвенцыя аб значэнні культурнай спадчыны для грамадства. Пад эгідай Савета Еўропы існуе таксама і праграма прысуджэння Еўрапейскіх дыпломаў для ахоўных тэрыторый. Яна была створана ў 1965 годзе, і ў рамках гэтай праграмы дыплом прысуджаецца ахоўным тэрыторыям за іх выдатныя навуковыя, культурныя ці эстэтычныя якасці; у дачыненні да гэтых тэрыторый павінна існаваць таксама і адпаведная схема іх аховы, якая можа спалучацца з праграмай устойлівага развіцця.
Дапаможнік Савета Еўропы па правах чалавека і навакольным асяроддзі змяшчае інфармацыю аб прэцэдэнтным праве Еўрапейскага суда па правах чалавека і аб значэнні Еўрапейскай сацыяльнай хартыі ў справе аховы навакольнага асяроддзя.
Было прыкладзена нямала намаганняў і для таго, каб уключыць права на здаровае навакольнае асяроддзе ў Еўрапейскую канвенцыю аб абароне правоў чалавека на аснове дадатковага пратакола, але пакуль гэтыя намаганні не ўвянчаліся поспехам. Праціўнікі такога ўключэння аргументуюць гэта тым, што Еўрапейскі суд па правах чалавека можа разглядаць найбольш сур'ёзныя экалагічныя парушэнні на падставе артыкула 8 (прыватнае і сямейнае жыццё) ЕСПЧ.
Пытанне: Ці варта дадаць у Еўрапейскую канвенцыю аб абароне правоў чалавека права на здаровае навакольнае асяроддзе?
Еўрапейскі суд па правах чалавека
Некалькі чалавек выйгралі ў гэтым судзе справы, звязаныя з навакольным асяроддзем на падставе таго, што шкодныя экалагічныя фактары з'яўляюцца прычынай парушэння аднаго з іх правоў чалавека, якія абараняюцца Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека. Прэцэдэнтная практыка гэтага суда ўключае парушэнне права на жыццё, права на павагу прыватнага і сямейнага жыцця і жылля, права на справядлівы судовы разбор і доступ да суду, права на атрыманне і распаўсюджванне інфармацыі і ідэй, права на эфектыўныя сродкі прававой абароны і права на мірнае валоданне маёмасцю.
Справа «Хамер (Hamer) супраць Бельгіі»
Пастанова Еўрапейскага суда па правах чалавека ад 27 лістапада 2007 года
Заяўніца мела ў валоданні дом, пабудаваны яе бацькамі на лясным участку, дзе не было дазволена будаўніцтва. Супраць яе была распачата справа ў сувязі з тым, што яна пабудавала дом у парушэнне існуючага лесаахоўнага заканадаўства, і суд пастанавіў, што яна павінна аднавіць зямлю да стану, які існаваў раней. Дом быў прымусова знесены. Заяўніца скардзілася на тое, што яе права на прыватнае жыццё было парушана.
Упершыню суд пастанавіў, што пры тым, што ў Канвенцыі няма палажэнняў па прамой ахове навакольнага асяроддзя, тым не менш яно само па сабе ўяўляе сабой каштоўнасць, у якой востра зацікаўлена як грамадства, так і дзяржаўныя ўлады. Эканамічныя разважанні і нават права на ўласнасць не павінны станавіцца прыярытэтам у параўнанні з праблемамі навакольнага асяроддзя, у прыватнасці калі дзяржава прыняла заканадаўства ў гэтай сферы. Зыходзячы з гэтага, дзяржаўныя органы ўлады нясуць адказнасць за тое, каб абараняць навакольнае асяроддзе.20
Удзел моладзі
Паколькі моладзь лепш дасведчаная па розных пытаннях і больш за іншых зацікаўленая ў забеспячэнні доўгатэрміновай устойлівасці, ахова навакольнага асяроддзя з'яўляецца адной з тых галін, у якіх моладзь павінна ўзяць на сябе ініцыятыву.
Сусветны даклад па пытаннях моладзі, 2003 г.21
У главе 1 мы апісалі такія вымярэнні адукацыі ў галіне правоў чалавека, як «аб правах, праз правы і для правоў», а таксама распавядалі пра тое, што веды, навыкі і падыходы для абароны правоў чалавека могуць быць набыты толькі праз вопыт. «Пачні там, дзе моладзь» – гэта мантра работніка, які займаецца пытаннямі моладзі, і што можа быць лепшым месцам для пачатку працы, чым удзел у дзейнасць па ахове навакольнага асяроддзя? Напрыклад, дзейнасць можа пачацца з заклапочанасці, якая ўзнікае ў мясцовай групы моладзі з нагоды будаўніцтва мясцовай дарогі ці будынка, якія пазбавяць іх поля для гульняў, або яны могуць зацікавіцца тым, як яны самі могуць знізіць «вугляродны след» або зрабіць свае дамы, школы і каледжы або маладзёжныя клубы больш экалагічна бяспечнымі. На рэгіянальным і нацыянальным узроўнях моладзь можа аказаць уплыў на грамадскія абмеркаванні і палітычныя дыскусіі, напрыклад, звяртаючыся з лістамі, ставячы спектаклі і арганізоўваючы дэманстрацыі.
Ахова навакольнага асяроддзя і ўсведамленне экалагічных праблем – гэта важная задача для многіх маладзёжных арганізацый у Еўропе, хоць нават і не ўсе з іх робяць яе сваім галоўным прыярытэтам. Ёсць шэраг еўрапейскіх маладзёжных арганізацый і рухаў, якія засноўваюць сваю працу на ахове навакольнага асяроддзя і абароне правоў чалавека, зыходзячы пры гэтым з разумення таго, што экалагічная адукацыя і дзеянні па ахове навакольнага асяроддзя не ведаюць межаў. У праграме Еўрапейскіх маладзёжных цэнтраў звязаная з гэтым дзейнасць ахоплівае самыя разнастайныя і пры гэтым цесна ўзаемазвязаныя пытанні – такія як харчовая бяспека, экалагічная справядлівасць, устойлівае развіццё і змяненне клімату.
Магчымасці існуюць і на міжнародным узроўні. У Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату прызнаецца важнасць удзелу маладых людзей, і на іх часова распаўсюджваецца статус удзельніка. Гэты пашыраны статус дазваляе маладым людзям атрымліваць афіцыйную інфармацыю, удзельнічаць у сустрэчах і прасіць вылучыць час для іх выступленняў. У 16-й такой сустрэчы, што адбылася ў Канкуне (Мексіка), удзельнічала прыкладна 500 дэлегатаў ад моладзі, маладзёжных актывістаў і прадстаўнікоў маладзёжных арганізацый з усяго свету.
Клапоцішся пра будучыню? Клапаціся пра лес!
Гэту ініцыятыву платформа «Моладзь і навакольнае асяроддзе ў Еўропе» (YEE) рэалізавала ў 2011 годзе з удзелам моладзі з Албаніі, Чэшскай Рэспублікі, Фінляндыі, Партугаліі, Расіі і Вялікабрытаніі, арганізаваўшы кампанію для заахвочвання моладзі ў мабілізацыі для абароны лясоў у маштабах усяго свету. Кампанія была накіравана на павышэнне дасведчанасці аб пагрозах лясам на планеце, на заахвочванне моладзі прымаць меры, аказанне дапамогі ў вывучэнні мясцовых лясоў і пашырэнне магчымасцей моладзі ў справе догляду мясцовых лясоў. http://www.yeenet.eu
Карысныя арганізацыі і спасылкі
Крыху больш за палову (53 %) грамадзян ЕС кажуць, што яны рабілі нейкія дзеянні па барацьбе са змяненнем клімату на працягу апошніх шасці месяцаў; найбольш распаўсюджаным дзеяннем з'яўляецца падзел па катэгорыях і перапрацоўка адходаў, а на другім месцы ідуць памяншэнне пакупак аднаразовых упаковак і павелічэнне пакупак мясцовых і сезонных прадуктаў.22
Хартыя Зямлі – дэкларацыя асноватворных этычных прынцыпаў будаўніцтва справядлівага, устойлівага і мірнага глабальнага грамадства ў XXI стагоддзі: www.earthcharterinaction.org
Арганізацыя сусветнага назірання (Worldwatch) – даследаванні па глабальных пытаннях навакольнага асяроддзя: www.worldwatch.org
Згуртуемся для барацьбы са змяненнем клімату пад сцягам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый – кампанія ААН па заахвочванні супольнасцей усяго свету аб'яднацца і дзейнічаць для барацьбы са змяненнем клімату: www.unep.org/unite/
Сусветныя статыстычныя даныя ў рэальным часе: www.worldometers.info
Вылічыце ваш «вугляродны след». Анлайн-інструменты на некалькіх мовах, бясплатныя і лёгкія ў выкарыстанні: www.carbonfootprint.com
Справядлівасць у сферы клімату: сетка арганізацый і рухаў з усёй планеты, якія змагаюцца за сацыяльную, экалагічную і гендарную справядлівасць: www.climate-justice-now.org
Маштабная цэнтральная крыніца даных і зручны спосаб параўнаць нацыянальную статыстыку: www.nationmaster.com
Сувязі паміж моладдзю і змяненнем клімату вельмі добра прапрацаваны ў Сусветным дакладзе ААН па пытаннях моладзі за 2010 год.
Міжнародная арганізацыя «Сябры Зямлі» – адна з самых вялікіх у свеце лакальных экалагічных сетак. Праводзіць кампаніі па найбольш актуальных экалагічных і сацыяльных пытаннях сучаснасці: www.foei.org
350.org – глабальны грамадскі рух, які працуе над пераадоленнем кліматычнага крызісу: www.350.org
У Вікіпедыі змяшчаецца спіс найбольш значных экалагічных арганізацый па тыпу арганізацый (міжурадавыя, ўрадавыя і няўрадавыя), якія размеркаваны па краінах: www.wikipedia.org
Канцавыя зноскі
1 www.healthybuilding.net/pvc/facts.html
2 Еўрапейскі рэгіён СААЗ уключае 53 дзяржавы-члена. З поўным спісам можна азнаёміцца на старонцы 8 брашуры СААЗ/Еўропа: www.euro.who.int/__data/assets/pdf_file/0017/122912/who_office_brochure-UK-www.pdf
3 www.unwater.org
4 Падрабязнасці глядзіце на сайце www.worldwater.org
5 www.icpdr.org/icpdr-pages/river_basin_management.htm
6 "World Land Use Seen As Top Environmental Issue", Science Daily, www.sciencedaily.com/releases/2005/08/050808065021.htm
7 www.unfpa.org
8 www.greenfacts.org/en/climate-change-ar4
9 МГЭЗК, «Дыяксід вугляроду ў атмасферы», Чацвёрты аналітычны даклад МГЭЗК: Змяненне клімату 2007, www.ipcc.ch/publications_and_data/ar4/wg1/en/ch2s2-3.html#2-3-1
10 www.direct.gov.uk
11 www.righttoenvironment.org
12 www.climate-justice-now.org
13 L.M. Brander, et al, "The Economic Impact of Ocean Acidification on Coral Reefs", Economic and Social Research Institute, working paper no. 282, February 2009.
14 K. Brander, et al, "The value of attribution", Nature Climate Change, Vol. 1, May 2011, p 70.
15 Больш падрабязную інфармацыю глядзіце тут: www.unescobkk.org/rushsap/resources/shs-resources/environmental-ethics-resources/environmental-treaties
16 http://science.nasa.gov/science-news/science-at-nasa/2006/26may_ozone/
17 www.unep.org/Documents.Multilingual/Default.asp?documentid=97&articleid=1503
18 www.unescap.org/drpad/publication/integra/volume2/malaysia/2my04a.htm
19 www.coastalwiki.org; www.unece.org
20 www.echr.coe.int/NR/rdonlyres/0C818E19-C40B-412E-9856-44126D49BDE6/0/FICHES_Environnement_EN.pdf
21 www.un.org/esa/socdev/unyin/documents/ch05.pdf
22 http://ec.europa.eu/public_opinion/archives/ebs/ebs_372_en.pdf
compass-key-date
- 22 MarchWorld Day for Water
- 23 MarchWorld Meteorological Day
- 21 MayWorld Day for Cultural Diversity for Dialogue and Development
- 22 MayInternational Day for Biological Diversity
- 5 JuneWorld Environment Day
- 17 JuneWorld Day to Combat Desertification and Drought
- 11 JulyWorld Population Day
- Second Wednesday in OctoberInternational Day for Natural Disaster Reduction
- 16 OctoberWorld Food Day
- 6 NovemberInternational Day for Preventing the Exploitation of the Environment in War and Armed Conflict
Дыяксін, устойлівы і здольны да біяакумуляцыі таксін, які ствараецца ў працэсе вытворчасці ПВХ і вінілу, не расшчапляецца на працягу доўгага часу і «падарожнічае» па ўсім свеце, назапашваючыся і засяроджваючыся ў тлушчавай тканіне па меры прасоўвання ўверх па харчовым ланцугу. Дыяксіны знаходзяць у небяспечных канцэнтрацыях нават у тканінах арганізму белых мядзведзяў і ў грудным малацэ жанчын-інуітак.1