«Жыццё – гэта выбар. 
Але каб выбар быў правільны, вам трэба ведаць, хто вы і дзе вы знаходзіцеся, куды хочаце ісці і чаму хочаце туды патрапіць».

Кофі Анан

Агляд

У гэтым практыкаванні выкарыстоўваюцца метады дыскусій і ранжыравання ў форме ромба, каб дапамагчы людзям зразумець, што значыць раптам пакінуць свой дом

Звязаныя правы

• права на прытулак у іншых краінах ад праследавання
• свабода рэлігіі і перакананняў
• свабода думкі і інфармацыі

Мэты

• Развіць разуменне таго, што значыць быць вымушаным пакінуць свой дом
• Развіць уменне прымаць рашэнні і навыкі дасягнення кансэнсусу
• Садзейнічаць выхаванню пачуцця суперажывання і салідарнасці з бежанцамі

Матэрыялы

• Стыкеры або невялікія лісты паперы (прыкладна 8 * 8 см), па 3 на кожнага ўдзельніка
• Ручка або аловак, па адным на кожнага ўдзельніка

Key Date
  • 18 снежняМіжнародны дзень мігранта

Інструкцыі

1. Пазнаёмце з тэмай міграцыі, выкарыстоўваючы метад мазгавога штурму для абмеркавання прычын, па якіх людзі пераязджаюць жыць у іншае месца.
2.  Скажыце ўдзельнікам, што падчас практыкавання трэба ўявіць сабе, што яны вымушаны пакінуць свае дамы. Растлумачце сутнасць мазгавога штурму і пералічыце «фактары-штуршкі», якія прымушаюць людзей бегчы, напрыклад войны, стыхійныя бедствы, праследаванне або тэрарызм. Потым папрасіце групу адгадаць, колькі перамешчаных асоб налічваецца сёння ў свеце.
3.  Папрасіце ўсіх падзяліцца на малыя групы і раздайце маленькія аркушы паперы і алоўкі.
4.  Папрасіце ўсіх уявіць сабе, што яны павінны раптам пакінуць свае дамы па нейкай прычыне і што яны могуць узяць з сабой толькі тры рэчы. Якія тры рэчы яны возьмуць? Назву кожнай рэчы трэба напісаць на асобным аркушы паперы.
5.  Папрасіце кожнага па чарзе расказаць пра свой выбар і растлумачыць прычыны такога рашэння.
6.  Папрасіце ўдзельнікаў разам абмеркаваць розныя варыянты і прычыны, паспрабаваць прыйсці да кансэнсусу і вызначыць прыярытэты з дапамогай метаду ранжыравання ў форме ромба.
7.  Нарэшце, папрасіце кожную з малых груп па чарзе паказаць вынікі сваёй працы.

Аналіз і ацэнкаGoto top

Пачніце з аналізу рэйтынгу рэчаў па версіі кожнай з груп, а затым перайдзіце да абмеркавання таго, што новага даведаліся ўдзельнікі і якое дачыненне гэтыя веды маюць да правоў чалавека.

  • Ці былі нейкія незвычайныя рэчы, якія ўдзельнікі хацелі ўзяць з сабой?
  • Ці лёгка было ранжыраваць рэчы? Якога роду рознагалоссе назіралася ў групах з гэтай нагоды?
  • Наколькі падобныя або розныя былі рэйтынгі розных груп?
  • Наколькі практычным быў іх выбар? Ці думалі яны ў асноўным аб фізічным выжыванні або таксама аб сваіх эмацыянальных або духоўных патрэбах?
  • Цяжка было б ім, калі б яны сапраўды былі вымушаны бегчы?
  • Чаго людзям больш за ўсё не хапала б, калі б яны былі вымушаны бегчы?
  • Ці знаёмы яны з кім-небудзь, хто пакінуў свой дом?
  • Наколькі рэалістычным з'яўляецца практыкаванне? Ці заўсёды чалавек мае магчымасць выбраць, што ўзяць з сабой?
  • А што можна сказаць пра дзяцей і маладых людзей? Ці вялікая верагоднасць таго, што бацькі прымуць да ўвагі іх канкрэтныя патрэбы, калі будуць пакаваць рэчы?
  • Што мы можам зрабіць, каб прыцягнуць увагу да патрэб бежанцаў у нашай супольнасці (ці ва ўсім свеце)?
  • Якія правы чалавека абараняюць канкрэтна бежанцаў?

Парады для фасілітатараGoto top

Пры знаёмстве з практыкаваннем папрасіце ўдзельнікаў задумацца аб міграцыі ў агульным плане. Прыкладам прычын, па якіх людзі пераязджаюць, могуць быць вучоба ці праца, тое, што міграцыя – іх лад жыцця, а таксама паводка, землятрус або засуха, вайна і палітычнае праследаванне. У канцы мазгавога штурму аб’яднайце розныя прычыны перамяшчэння ў два розныя спісы ў залежнасці ад таго, «выштурхваюць» яны людзей (вайна або праследаванне ў роднай краіне) або «выцягваюць» іх (лепшыя магчымасці для працы і вучобы ў іншай краіне).

Па даных УВКБ ААН, на канец 2010 года налічвалася:
- 10,55 мільёна бежанцаў
- 14,7 мільёна ўнутрана перамешчаных асоб і 3,5 мільёна людзей без грамадзянства.

На 4 кроку вам неабходна будзе распрацаваць сцэнарый такім чынам, каб удзельнікі працавалі ў рамках адной сітуацыі. Выберыце найбольш прыдатную і цікавую сітуацыю для вашай групы. Сітуацыя «вайна» можа аказацца складанай, калі ніхто не меў непасрэднага вопыту ўдзелу ў ёй, а вось сцэнарый на тэму тэракту можа быць больш рэалістычным. Паспрабуйце стварыць сцэнарый, які быў бы праўдападобным. Калі ў якасці магчымай прычыны вы выбралі «паводка», тады, калі ваш горад знаходзіцца ў даліне, мае сэнс сказаць, што ўзровень вады ў рацэ падымаецца, патокі вады пагражаюць знесці масты, і вада хутка затопіць усё наваколле. З іншага боку, калі вы жывяце ва ўзгорыстай або гарыстай мясцовасці, то небяспека можа ўзнікнуць з-за праліўных дажджоў, у выніку якіх апоўзні і селевыя патокі зальюць горад. Магчыма, трэба будзе ўдакладніць, што ўдзельнікі павінны ўявіць сабе, што яны бягуць са сваіх дамоў, што не змогуць вярнуцца і што іх чакае доўгая дарога, магчыма, у адзін канец.

Выбраныя ўдзельнікамі рэчы і іх практычная каштоўнасць будуць залежаць ад сталасці ўдзельнікаў. Выбар узятых рэчаў таксама будзе залежаць ад многіх іншых фактараў, напрыклад ад надвор'я, пары года і ад прычын, па якіх людзі пакідаюць дамы. Напрыклад, калі здарыцца паводка, а людзі не ўмеюць плаваць, яны могуць узяць што-небудзь, што выкарыстаюць у якасці плыта. Важна падкрэсліць, што не існуе правільных ці няправільных варыянтаў, калі справа даходзіць да асабістага выбару і пераваг, хоць могуць быць варыянты, якія на справе акажуцца больш разумнымі і практычнымі, чым астатнія.

Заўвага.
Існуюць пэўныя адрозненні ў вызначэнні тэрмінаў «бежанец», «УПА», «шукальнік прытулку» і «працаўнік-мігрант», якія апісваюцца ў даведачнай інфармацыі аб міграцыі ў Главе 5.

Калі людзей, якія шукалі прытулак ад вайны і праследавання ў Даніі, спыталі, што яны ўзялі з сабой, усе сказалі, што ў першую чаргу яны бралі грошы. Пашпарт або пасведчанне асобы таксама важны, але, па іх словах, «у выпадку неабходнасці заўсёды можна купіць фальшывыя дакументы». Тое ж самае тычыцца цёплай вопраткі і ежы: калі вы пры грашах, то рэчы заўсёды можна купіць. Для некаторых адным з прыярытэтаў была Біблія як важны сродак падтрымання іх духоўных патрэб.

Падчас працы над практыкаваннем прапануецца выкарыстоўваць ранжыраванне ў форме ромба і стыкеры па дзвюх прычынах: па-першае, адназначны выбар у такіх абставінах – цяжкі і ненатуральны, і па-другое, ранжыраванне ў форме ромба больш канкрэтнае, а стыкеры (і меркаванні) можна лёгка перагрупаваць у ходзе дыскусіі.

ВарыянтыGoto top

Гэты метад можна выкарыстаць для вывучэння адносін людзей да розных аспектаў любой тэмы, напрыклад:

  • Дзеці: назавіце 3 самыя важныя прыкметы шчаслівага дзяцінства.
  • Грамадзянскасць і ўдзел: якія 3 самыя важныя якасці патрэбны чалавеку для жыцця ў мультыкультурным грамадстве?
  • Культура і спорт: назавіце 3 самыя важныя для вас аспекты вашай культуры?
  • Дэмакратыя: назавіце 3 самыя важныя рэчы, якія патрэбны краіне для паспяховага функцыянавання дэмакратыі.
  • Інваліднасць і дыскрымінацыя па прыкмеце інваліднасці: перамяшчэнне прадстаўляе найбольшую цяжкасць для людзей з інваліднасцю. Назавіце 3 найбольш эфектыўныя паляпшэнні, якія можна ажыццявіць у горадзе, у якім мы жывём, напрыклад, для невідушчых людзей?
  • Дыскрымінацыя і нецярпімасць: вы збіраецеся ў доўгае падарожжа цягніком і павінны будзеце ехаць у адным вагоне з людзьмі з розных краін. Абярыце 3 нацыянальнасці, з прадстаўнікамі якіх вам хацелася б ехаць разам. (Вы можаце пашырыць практыкаванне, дадаўшы 3 нацыянальнасці, з прадстаўнікамі якіх вы менш за ўсё хацелі б дзяліць вагон або купэ.)
  • Адукацыя: з пункту гледжання садзейнічання камунікацыі і паразуменню паміж народамі, якія 3 мовы павінны вывучаць дзеці ўсёй Зямлі ў якасці сусветных?
  • Навакольнае асяроддзе: якія 3 віды пад пагрозай вымірання павінны стаць мэтай наступнай кампаніі Сусветнага фонду дзікай прыроды?
  • Гендарная роўнасць: назавіце 3 галоўныя прычыны, чаму гендарная дыскрымінацыя ўсё яшчэ існуе.
  • Глабалізацыя: якія 3 Мэты развіцця тысячагоддзя з'яўляюцца для вас найбольш важнымі?
  • Здароўе: тытунь, какаін, алкаголь, гашыш, эфедрын або Віягра? Пра якія 3 наркотыкі маладым людзям у вашай краіне больш за ўсё патрэбна дадатковая інфармацыя?
  • СМІ: якія 3 інавацыі ў сродках масавай інфармацыі за апошнія 10 гадоў унеслі найбольшы ўклад у прасоўванне правоў чалавека?
  • Міграцыя: калі б вам давялося пакінуць вашу краіну, у якіх 3 краінах вы б хацелі жыць?
  • Мір і гвалт: назавіце 3 самыя вялікія пагрозы глабальнаму міру.
  • Беднасць: якія 3 крокі (дзеянні) будуць найбольш паспяховымі для ліквідацыі беднасці?
  • Рэлігіі і перакананні: назавіце 3 самыя эфектыўныя меры барацьбы з распаўсюджваннем фундаменталізму.
  • Гістарычная памяць: падумайце пра помнік у вашым горадзе, які быў створаны ў гонар нацыянальнай гістарычнай падзеі. Прапануйце 3 спосабы публічна ўшанаваць гэту падзею, каб дакументы і інфармацыя пра яе вывучаліся без скажэнняў і злоўжыванняў.
  • Вайна і тэрарызм: у цяперашні час існуе міжнароднае пагадненне аб забароне проціпяхотных мін; якія 3 віды зброі трэба забараніцьследам?
  • Праца: якія 3 парушэнні права на дастойную працу турбуюць вас больш за ўсё?

Прапановы па далейшай працыGoto top

Калі група захоча даследаваць, што значыць пакінуць дом і спрабаваць знайсці прытулак, то можна выканаць практыкаванне «Можна ўвайсці?» або «Моўны бар'ер».

Падзеі мінулага абуджаюць усякага роду ўспаміны; калі група захоча паразважаць пра тое, якія ўспаміны абуджаюць ваенныя мемарыялы, то можна выкарыстаць практыкаванне «Тэгі памяці».

Ідэі для дзеянняGoto top

Спытайце ў членаў вашай сям'і, сяброў або калег, якія тры рэчы яны ўзялі б з сабой, і распачніце дыскусію аб правах чалавека і бежанцаў.
Знайдзіце мясцовую арганізацыю, якая працуе з шукальнікамі прытулку і бежанцамі, і даведайцеся, як вы можаце ёй дапамагчы.

КОМПАС

Дапаможнік па адукацыі ў галіне правоў чалавека з удзелам моладзі