Ці можаце вы адказаць на гэтыя пытанні? Ці прымуць у вас заяву аб атрыманні прытулку?

Агляд

Гэта практыкаванне ўяўляе сабой мадэліраванне цяжкасцей, з якімі сутыкаюцца бежанцы падчас падачы заявы аб атрыманні прытулку. У ім закранаюцца наступныя пытанні:
• Крушэнне надзей і эмацыянальны стан бежанцаў
• Пераадоленне моўнага бар'ера
• Дыскрымінацыя падчас падачы заявы

Звязаныя правы

• Права прасіць і атрымліваць прытулак
• Права не падвяргацца дыскрымінацыі на падставе этнічнай прыналежнасці або краіны паходжання
• Права лічыцца невінаватым, пакуль віна не даказана

Мэты

• Звярнуць увагу на факты дыскрымінацыі ў дачыненні да асоб у пошуках прытулку з боку пагранічных і іміграцыйных службаў
• Развіць навыкі міжкультурнай камунікацыі
• Выклікаць спачуванне да бежанцаў і асоб у пошуках прытулку

Матэрыялы

• Копіі бланка заявы аб атрыманні прытулку, па адной на кожнага ўдзельніка
• Ручкі, па адной на кожнага ўдзельніка

Падрыхтоўка

Падрыхтуйце памяшканне такім чынам, як быццам гэта афіцыйны кабінет чыноўніка, які будзе сядзець за сталом

Key Date
  • 21 лютагаМіжнародны дзень роднай мовы

Інструкцыі

1. Дазвольце ўдзельнікам увайсці ў ваш «кабінет», але ні з кім не вітайцеся і рабіце выгляд, што вы не заўважаеце іх прысутнасці. Нічога не кажыце пра тое, што будзе далей.
2. Пачакайце некалькі хвілін звыш прызначанага часу, а затым раздайце ўсім бланкі «Заявы аб атрыманні прытулку» і ручкі.
3. Скажыце, што ў іх ёсць пяць хвілін на запаўненне бланка, і больш – ні слова. Не звяртайце ўвагі на пытанні і пратэсты. Калі вам трэба нешта сказаць, гаварыце на замежнай (або прыдуманай) мове з выкарыстаннем жэстаў. Звядзіце камунікацыю да мінімуму. Памятайце, што праблемы бежанцаў вас не тычацца, вы наогул тут толькі для таго, каб раздаць бланкі, а потым сабраць іх зноў!
4. Коратка павітайце тых, хто спазніўся (напрыклад, фразай: «Вы спазніліся. Бярыце бланк і запаўняйце. У вас засталося ўсяго некалькі хвілін».).
5. Праз пяць хвілін збярыце бланкі, не ўсміхаючыся і ні з кім не ўступаючы ў асабісты кантакт.
6. Выберыце які-небудзь запоўнены бланк і выклікайце яго аўтара. Кіньце на бланк прыдзірлівы позірк і знайдзіце прычыну зрабіць заўвагу, напрыклад: «Тут няма адказу на 8-е пытанне» або «Бачу, на 6-е пытанне вы далі адмоўны адказ. Заява адкланяецца». Не ўступайце ні ў якія дыскусіі і адразу выклікайце наступнага.
7. Паўтарыце гэту працэдуру некалькі разоў. Разглядаць усе заявы не трэба, гуляйце ролю бюракрата да таго часу, пакуль усе не зразумеюць, у чым справа.
8. Вярніцеся да сваёй ролі фасілітатара і прапануйце ўдзельнікам абмеркаваць тое, што адбылося.

Аналіз і ацэнкаGoto top

Спытайце, якія пачуцці ўзніклі ва ўдзельнікаў падчас выканання практыкавання, а затым абмяркуйце тое, што адбылося, што новага яны даведаліся і якое дачыненне гэта мае да правоў чалавека.

  • Што адчувалі ўдзельнікі падчас запаўнення незразумелай анкеты?
  • Наколькі рэалістычнай была інсцэніроўка падачы заявы на атрыманне прытулку?
  • Ці лічыце вы, што ў вашай краіне да асоб, якія просяць прытулку, ставяцца справядліва? Чаму так? Чаму не?
  • Якія наступствы чакаюць тых, каму адмоўлена ў прытулку?
  • Ці даводзілася ўдзельнікам, не валодаючы мовай, сутыкацца са службовымі асобамі, напрыклад з паліцэйскім або кантралёрам? Як янысябе пры гэтым адчувалі?
  • Якія правы чалавека закранаюцца ў гэтым практыкаванні?
  • Ці маюцца ў асоб, якiя просяць прытулак, якія-небудзь магчымасці патрабаваць абароны ў выпадку парушэння іх правоў?
  • Колькі асоб просяць прытулак у вашай краіне? Ці прымае ваша краіна справядлівую колькасць бежанцаў?
  • Якія правы асоб у пошуках прытулку парушаюцца ў вашай краіне?

Парады для фасілітатараўGoto top

Гэта практыкаванне не адрозніваецца складанасцю для фасілітатара: галоўнае, што патрабуецца ад вас, гэта праўдзіва сыграць ролю строгага і жорсткага бюракрата. Лёс бежанцаў вас не хвалюе – вы проста робіце сваю працу! Справа ў тым, што многія не хочуць прымаць бежанцаў у сваёй краіне. Іміграцыйныя службы маюць указанні адсейваць бежанцаў і дазваляць уезд толькі тым, у каго ў парадку дакументы, якія сведчаць іх асобу, і хто запоўніць анкету правільна. Бежанцы часта дрэнна ведаюць мову іншай краіны, і ім вельмі цяжка запаўняць бланкі. Акрамя таго, яны знаходзяцца ў разгубленым і ўзрушаным стане. Ім цяжка зразумець, што адбываецца, калі іх заявы адхіляюць, а яны не ведаюць толкам, у чым прычына.

Бланк «Заявы аб атрыманні прытулку» складзены на крэольскай мове. Крэольскія мовы ўзніклі ў выніку кантактаў паміж двума народамі, якія не маюць агульнай мовай. Напрыклад, крэольская ямайская – гэта своеасаблівая сумесь англійскай лексікі, дыялектнага вымаўлення і граматыкі моў Заходняй Афрыкі. Існуе некалькі крэольскіх моў, якія выкарыстоўваюцца, напрыклад, на Гаіці і ў Дамініканскай Рэспубліцы, а таксама на некаторых астравах Ціхага і Індыйскага акіянаў, такіх як Папуа – Новая Гвінея і Сейшэльскія Астравы. У гэтым практыкаванні крэольская мова выкарыстоўваецца таму, што мала хто з еўрапейцаў ведае яе. Калі ў вашай групе хтосьці размаўляе на гэтай мове, папрасіце яго ўзяць на сябе ролю супрацоўніка пагранічнай паліцыі або іміграцыйнай службы.

Прапановы па далейшай працыGoto top

Вы можаце пазнаёміцца з аргументамі за і супраць уезду бежанцаў у краіну, звярнуўшыся да практыкавання «Можна ўвайсці?».

Многія асобы ў пошуках прытулку ў Еўропе сутыкаюцца з цяжкасцямі інтэграцыі з-за нізкага ўзроўню адукацыі ў іх родных краінах. Даведацца больш аб няроўнасці ўзроўню адукацыі ў свеце вы можаце з практыкавання «Адукацыя для ўсіх».

Ідэі для дзеянняGoto top

Даведайцеся больш аб працэдурах разгляду заяў і аб тым, што на самай справе адбываецца ў вашай краіне, калі асоба ў пошуках прытулку даходзіць да граніцы. Дзе і калі гэтыя людзі запаўняюць першыя бланкі? Ці маюць яны права на перакладчыка з самага пачатку? Пашукайце інфармацыю на афіцыйным сайце вашага ўрада, запрасіце супрацоўніка іміграцыйнай службы, каб ён расказаў пра цяжкасці яго працы, і пагаварыце з тым, хто сам шукаў прытулак: як такія асобы бачаць сітуацыю, наколькі справядлівая, з іх пункту гледжання, сама сістэма, з якімі праблемамі яны сутыкаюцца, асабліва на этапе запаўнення бланкаў. Атрыманай інфармацыяй можна падзяліцца з іншымі бежанцамі ці накіраваць яе ў іміграцыйныя службы або такія арганізацыі, як УВКБ ААН і Amnesty International.

У асаблівай абароне маюць патрэбу дзеці, і ў першую чаргу тыя, хто шукае прытулак без суправаджэння бацькоў або дарослага блізкага члена сям'і. Высветліце, якія працэдуры існуюць для непаўналетніх без суправаджэння, і даведайцеся, ці можаце вы аказаць такім дзецям практычную дапамогу, напрыклад, выконваючы пераклад неабходных дакументаў або прапанаваўшы сябе ў якасці апекуна (гл. ніжэй).

Дадатковая інфармацыяGoto top

Бежанцы
Слова «бежанец» звычайна выкарыстоўваецца, калі гаворка ідзе пра чалавека, які пакідае сваю краіну ў пошуках бяспекі. Яно таксама мае больш дакладнае прававое значэнне: «бежанец» – гэта той, хто афіцыйна прызнаецца ў якасці чалавека, якому патрабуецца абарона ў адпаведнасці з Жэнеўскай канвенцыяй 1951 года. У сваю чаргу, «асоба ў пошуках прытулку» – гэта чалавек, які імкнецца стаць юрыдычна прызнаным бежанцам. Фармальныя азначэнні тэрмінаў прыводзяцца ў гласарыі, а больш поўную інфармацыю можна знайсці ў адпаведным раздзеле практыкавання «Можна ўвайсці?».

Больш ідэй для практыкаванняў на тэму бежанцаў можна знайсці ў пакеце матэрыялаў брытанскага Чырвонага Крыжа.
Наведайце сайт www.redcross.org.uk і знайдзіце там раздзел Positive Images.

Далей прыводзіцца інфармацыя, узятая з сайта Еўрапейскага савета па справах бежанцаў і выгнаннікаў www.ecre.org.

Шанцы бежанцаў атрымаць абарону часта залежаць ад працэдур, якія выкарыстоўваюцца пры разглядзе спраў аб забеспячэнні прытулку. Нават самыя пераканаўчыя хадайніцтвы аб міжнароднай абароне могуць пацярпець няўдачу, калі яны разглядаюцца не ў поўным аб'ёме і прадузята. Пагранічныя і іміграцыйныя ўлады павінны разумець усю сур'ёзнасць іх абавязацельства прымаць асоб у пошуках прытулку, і самім такім асобам павінна быць даступна юрыдычная і кансультатыўная дапамога.
1 снежня 2005 года ўступіла ў сілу Дырэктыва аб працэдурах забеспячэння прытулку ў ЕС, якая ўстанаўлівае мінімальныя стандарты працэдур для дзяржаў-членаў, звязаныя з даваннем і адменай статусу бежанца. Гаворка ідзе аб такіх пытаннях, як доступ да працэдур (у тым ліку падчас перасячэння граніцы), утрыманне пад вартай, разгляд заяў, правядзенне індывідуальных інтэрв’ю і аказанне прававой дапамогі. Еўрапейскі савет па справах бежанцаў і выгнаннікаў прызнае, што Дырэктыва 2005 года «не змагла ўсталяваць стандарты, якія б гарантавалі поўны і справядлівы разгляд заяў аб забеспячэнні прытулку. [Застаюцца нявырашанымі] пытанні, якія тычацца … накладання санкцый на пагранічныя працэдуры, якія адступаюць ад прынцыпаў і гарантый самой Дырэктывы». Каб удасканаліць сістэму забеспячэння прытулку ў Еўропе, у 2009 годзе ў Дырэктыву былі ўнесены некаторыя змены.

Гэта практыкаванне падрыхтавана на аснове матэрыялаў кнігі «Выдраныя з коранем» Д. Донах'ю і Н. Флаўэрса, выдавецтва Hunter House Publishers, 1995 год.

Дзеці ў пошуках прытулку
Камісар Савета Еўропы па правах чалавека пісаў 20 красавіка 2010 года: «Мы абавязаны абараніць гэтых дзяцей (непаўналетніх без суправаджэння). Галоўнае – гэта тое, што яны маюць права на абарону. Першым крокам павінна стаць не аўтаматычнае рашэнне аб вяртанні, а больш хуткае прызначэнне апекуна, які будзе прадстаўляць інтарэсы дзіцяці. Гэта лепшая абарона як ад любых злоўжыванняў з боку гандляроў людзьмі, так і ад магчымай халатнасці ўлад у краіне знаходжання». Гл. https://www.coe.int/en/web/commissioner/home

Раздатачныя матэрыялыGoto top

PDFDownload as PDF

Бланк заявы аб забеспячэнні прытулкам

1. Appellido  
2. Primer nombre  
3. Fecha de nacimiento  
4. Pais, ciudad de residencia  
5. Ou genyen fanmi ne etazini?  
6. Kisa yo ye pou wou  
7. Ki papye imagrasyon fanmi ou yo genyen isit?  
8. Eske ou ansent?  
9. Eske ou gen avoka?  
10. Ou jam al nahoken jyman  

 

КОМПАС

Дапаможнік па адукацыі ў галіне правоў чалавека з удзелам моладзі