Image: Theme 'Work' by Pancho

Несправядлівасць супраць аднаго з нас – гэта несправядлівасць супраць усіх.
Дэвіз, які выкарыстоўваецца прафсаюзамі

Праца мае важнае значэнне для годнага жыцця чалавека. Яна не толькі дае нам сродкі для існавання, але і спрыяе нашаму індывідуальнаму развіццю і ўвогуле ўмацоўвае супольнасці і грамадства. Аднак не любая праца спрыяе станоўчаму асабістаму і прафесійнаму развіццю; толькі годная праца можа падтрымліваць годнае жыццё.
Права на працу з'яўляецца правам чалавека, якое часта называюць сацыяльна-эканамічным правам. Права на працу ўключае ў сябе больш, чым мець магчымасць працаваць, як мы ўбачым далей.

Міжнародная арганізацыя працы

Міжнародная арганізацыя працы (МАП) была створана ў 1919 годзе як частка Версальскай дамовы, якой завяршылася Першая сусветная вайна. Годнае стаўленне да працоўных людзей стала ключавым элементам у падтрыманні ўсеагульнага і трывалага міру.
МАП стала першай спецыялізаванай установай ААН у 1946 годзе і да гэтага часу застаецца адзінай міжурадавай арганізацыяй, у якой няўрадавыя партнёры працуюць разам і на роўнай аснове з урадамі.1 МАП з'яўляецца міжнародным органам, адказным за распрацоўку і прасоўванне міжнародных стандартаў працы.

Не можа быць трывалага міру без сацыяльнай справядлівасці.
Канстытуцыя МАП

МАП распрацавала цэлы шэраг міжнародных канвенцый, якія абараняюць правы працоўных, у тым ліку2

  • Канвенцыя аб прымусовай працы 1930 года
  • Канвенцыя аб свабодзе аб'яднанняў і абароне права аб'ядноўвацца ў прафсаюзы 1948 года
  • Канвенцыя аб праве на арганізацыю і на вядзенне калектыўных перамоў 1949 года 
  • Канвенцыя аб роўнай узнагародзе 1951 года 
  • Канвенцыя аб скасаванні прымусовай працы 1957 года 
  • Канвенцыя аб дыскрымінацыі (у галіне працы і заняткаў) 1958 года 
  • Канвенцыя аб мінімальным узросце прыёму на працу 1973 года 
  • Канвенцыя аб найгоршых формах дзіцячай працы 1999 года

Пытанне: Ці ратыфікавала ваша краіна гэтыя канвенцыі МАП?


Права на працу

Права на годную працу замацавана ў шэрагу міжнародных і рэгіянальных дамоў, у тым ліку ва Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, у Міжнародным пакце аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын, Канвенцыі аб правах дзіцяці, канвенцыях МАП, Еўрапейскай сацыяльнай хартыі і Хартыі Еўрапейскага саюза аб асноўных правах.
Права на працу ўключае ў сябе ўсе формы працы, у тым ліку працу па найму, самастойную занятасць, працу дома і іншыя віды дзейнасці, якія прыносіць прыбытак. Права на працу не трэба разумець як абсалютнае і безумоўнае права на атрыманне працы.3 Замест гэтага, права на годную працу трэба разглядаць як права кожнага чалавека на тое, каб мець магчымасць зарабляць сабе на жыццё, маючы працу прымальнай якасці, на якой абараняюцца правы і якая дае адпаведны даход з належнай сацыяльнай абаронай. Такім чынам, права на годную працу мае тры аспекты правоў: права на працу, правы на працоўным месцы і права на адэкватную сацыяльную абарону.4

Пытанне: Калі ў вас няма працы, ці з’яўляецца гэта парушэннем вашага права на працу?

Права на працу

Жыццё без працы гніе. Але калі праца бяздушная, жыццё згасае і памірае.
Альбер Камю

Права на працу азначае, што нашы дзяржавы павінны стварыць сацыяльнае, эканамічнае і фізічнае асяроддзе, у якім усе людзі маюць магчымасць зарабляць сабе на жыццё працай, што адпавядае іх годнасці.
Напрыклад, для таго каб забяспечыць права на працу, дзяржавы абавязаны прымаць і ажыццяўляць нацыянальную стратэгію занятасці; рэалізоўваць праграмы тэхнічнага і прафесійнага навучання; абараняць працаўнікоў ад незаконнага звальнення; і стварыць законы, якія абараняюць людзей ад любых формаў дыскрымінацыі, звязаных з доступам да занятасці.

Правы на працоўным месцы

Кожны чалавек мае права на справядлівыя і спрыяльныя ўмовы працы, якія ўключаюць у сябе бяспеку на працоўным месцы, справядлівую аплату працы, роўнае ўзнагароджанне за працу роўнай каштоўнасці, роўныя магчымасці, разумныя гадзіны працы і адпачынку, а таксама права на арганізацыю і вядзенне калектыўных перамоў. Такім чынам, права на годную працу ўключае забарону прымусовай працы, дзіцячай працы і ўмоў працы, аналагічных рабскім. 

Адэкватная сацыяльная абарона

Права на годную працу таксама азначае, што нашы дзяржавы абавязаны ствараць добра прадуманыя і адэкватныя механізмы сацыяльнай абароны для асоб, якія пацярпелі ад палітычных ці эканамічных крызісаў і, такім чынам, не могуць атрымліваць пастаянную працу.5

Права на працу ў Еўрапейскай сацыяльнай хартыі Савета Еўропы

«Пазбаўленыя змястоўнай працы, мужчыны і жанчыны страчваюць сэнс свайго існавання».
Фёдар Дастаеўскі

Еўрапейская сацыяльная хартыя была прынята ў 1961 годзе і перагледжана ў 1996 годзе. Правы, што гарантуюцца Хартыяй, датычацца ўсіх асоб у іх паўсядзённым жыцці, у тым ліку іх права на працу: забарона прымусовай і дзіцячай працы; абарона працаўнікоў ва ўзросце 15–18 гадоў; права зарабляць на жыццё свабодна абранай прафесіяй; накіраванасць эканамічнай і сацыяльнай палітыкі на забеспячэнне поўнай занятасці; справядлівыя ўмовы працы; абарона ад сексуальных і псіхалагічных дамаганняў; свабода ствараць прафесійныя саюзы і заключаць калектыўныя дагаворы; абарона ў выпадку звальнення; права на забастоўку; і доступ да працы для людзей з інваліднасцю.

Еўрапейская сацыяльная хартыя на практыцы

Справа «Міжнародная камісія юрыстаў (ICJ) супраць Партугаліі» (1/1998)

Міжнародная камісія юрыстаў сцвярджала, што Партугалія парушыла артыкул 7(1) (патрабаванне аб тым, што мінімальны ўзрост прыёму на працу складае 15 гадоў) Еўрапейскай сацыяльнай хартыі, бо была не ў стане добра кантраляваць выкарыстанне дзіцячай працы. Яны заяўлялі, што вялікая колькасць дзяцей ва ўзросце да 15 гадоў працавалі нелегальна ў многіх сектарах эканомікі і сутыкнуліся з нездаровымі ўмовамі працы. Партугальскі ўрад аспрэчваў лічбу і сцвярджаў, што неаплачвальная дзейнасць у сям'і не падпадае пад артыкул 7. У 1999 годзе Еўрапейскі камітэт па сацыяльных правах пастанавіў, што Партугалія парушыла артыкул 7, і пацвердзіў, што забарона на працу дзяцей ва ўзросце да 15 гадоў таксама датычыцца і дзяцей, якія працуюць у сямейным бізнесе.

Справа «Канфедэрацыя незалежных прафсаюзаў Балгарыі, Канфедэрацыя працы Podkrepa і Еўрапейская канфедэрацыя прафсаюзаў супраць Балгарыі» (32/2005)
У скарзе сцвярджалася, што балгарскае заканадаўства абмяжоўвае права на забастоўку ў сектарах здароўя, энергетыкі і сувязі, а таксама для дзяржаўных служачых і работнікаў чыгуначнага транспарту і, такім чынам, не адпавядае патрабаванням перагледжанай Еўрапейскай сацыяльнай хартыі. Еўрапейскі камітэт па сацыяльных правах выявіў, што абмежаванні балгарскага закону ў дачыненні да права на забастоўку ў чыгуначным сектары, а таксама дазвол дзяржаўным служачым займацца толькі сімвалічнымі акцыямі, якія закон разглядае ў якасці забастоўкі, і забарона калектыўнай адмовы ад працы ўяўляюць сабой парушэнне Хартыі.6

Хартыя фундаментальных правоў Еўрапейскага саюза

Калі Хартыя фундаментальных правоў Еўрапейскага саюза стала юрыдычна абавязковай у снежні 2009 года, Еўрапейскі саюз (ЕС) атрымаў юрысдыкцыю над многімі аспектамі занятасці і сацыяльнага жыцця, якія раней лічыліся адказнасцю нацыянальных урадаў.7 Права на працу гарантуецца артыкулам 15 Хартыі, што абвяшчае: «1. Кожны чалавек мае права ўдзельнічаць у працы і займацца свабодна абранай або прынятай прафесіяй; 2. Кожны грамадзянін Саюза мае права шукаць занятасці, каб працаваць, каб ажыццявіць сваё права на заснаванне прадпрыемстваў і аказанне паслуг у любой дзяржаве-члене».
Акрамя гэтага, правы салідарнасці, замацаваныя ў Хартыі, уключаюць права работнікаў на інфармацыю і кансультацыю, права на вядзенне калектыўных перамоў і дзеянняў, права на доступ да службаў занятасці, абарону ў выпадку неабгрунтаванага звальнення, справядлівыя і сумленныя ўмовы працы, а таксама на забарону дзіцячай працы і абарону маладых людзей на працы.

Праца і моладзь

Трэба працаваць і рызыкаваць, калі сапраўды хочацца жыць.
Вінцэнт Ван Гог

Наяўнасць працы азначае значна больш, чым наяўнасць сродкаў для самазабеспячэння. Гэта таксама інструмент для набыцця жыццёвага досведу. Дзякуючы працы, людзі (асабліва моладзь) развіваюць многія навыкі ад асноўных тэхнічных навыкаў да асабістых.
Беспрацоўе і дрэнныя ўмовы працы з'яўляюцца часткай комплексу ўзаемазвязаных праблем, якія ствараюць перашкоды для ўсебаковага развіцця людзей і захавання іх годнасці. Сярод некаторых прыкладаў наступстваў можна назваць няздольнасць беспрацоўных дазволіць сабе адэкватныя ўмовы жыцця для сябе і сваіх утрыманцаў, патэнцыяльнае стварэнне вялікай колькасці «чорнага рынку» працоўных месцаў, што памяншаюць бяспеку працаўнікоў і іх здольнасць абараняць свае правы, а таксама неабходнасць стварэння вялікай сістэмы сацыяльнага забеспячэння ў мэтах аказання дапамогі беспрацоўным.

«Пакаленне інтэрнаў»

Інфармацыя атрымана ад Еўрапейскага маладзёжнага форуму. З вынікамі апытання можна азнаёміцца на сайце http://bit.ly/internsrevealedresults

У 2011 годзе Еўрапейскі маладзёжны форум правёў агульнаеўрапейскі аналіз жыцця інтэрнаў, каб даведацца, чамувыглядае так, што новае пакаленне маладых людзей стала «пакаленнем інтэрнаў». Даследаванне паказвае, што інтэрнатуры сталі нормай для еўрапейскай моладзі, якая жадае пераадолець бар'ер на шляху да працоўнага месца. Канкрэтныя даныя сведчаць аб тым, што працяглае выкарыстанне інтэрнаў з’яўляецца заменай працаўнікоў, якія працавалі б поўны працоўны дзень і атрымлівалі б зарплату. Працяглая практыка патрабавання, каб прэтэндэнты на аплачвальныя працоўныя месцы прайшлі некалькі стажыровак перад тым, як стаць патрэбнымі рынку, здаецца, вядзе да з’яўлення «страчанага пакалення» працаўнікоў, якія ніколі не змогуць цалкам выйсці на больш шырокі рынак працы.
Адзін інтэрн, які скончыў у агульнай складанасці чатыры стажыроўкі, падагуліў свой досвед: «Работадаўцы ведаюць, што яны могуць сысці, не заплаціўшы анічога інтэрну, таму што выпускнікам «неабходны» вопыт, а ў выніку работадаўцы чакаюць, што той, хто толькі пачынае працаваць, будзе ведаць усё ў першы дзень». Такая цытата паказвае, што цяпер неабходна прайсці інтэрнатуру, каб выйсці на рынак працы, але некаторыя асцерагаюцца, што інтэрнатуры могуць ператварыцца ў асобны рынак працы другога сорту, дзе прэтэндэнты пагаджаюцца на танную (або бясплатную) працу і нават жадаюць атрымаць яе.

Пераход ад адукацыі да працы з'яўляецца важным этапам для маладых людзей у іх асабістым і прафесійным развіцці і такім этапам, што мае ўплыў на працягу ўсяго дарослага жыцця. Наступствы беспрацоўя ў маладым узросце могуць быць сур'ёзнымі. Беспрацоўе сярод моладзі часта звязана з сацыяльнымі і медыцынскімі праблемамі, такімі як гвалт, злачыннасць, самагубства і злоўжыванне алкаголем і наркотыкамі.

Пытанне: Ці мелі вы ўжо сваю першую працу, якая была аплачана? 

Узровень беспрацоўя сярод маладых людзей часта вышэй, чым сярод дарослых. Гэта розніца можа быць вялікай або малой, у залежнасці ад канкрэтных умоў краіны.
Існуюць розныя прычыны высокага ўзроўню беспрацоўя сярод моладзі. Напрыклад, у Еўропе гэта звычайна маладыя людзі, якія працуюць па часовых кантрактах або аказваюцца замкнёнымі ў коле неаплачвальных і працяглых інтэрнатур.8 Іншымі прычынамі высокага ўзроўню беспрацоўя сярод моладзі могуць быць тэхнічныя і арганізацыйныя змены, якія стварылі попыт на больш высокую кваліфікацыю, рашэнне наймальніка браць больш вопытных працаўнікоў, а таксама крызіс на рынку працы, які прывёў да таго, што стала менш працоўных месцаў і, такім чынам, больш беспрацоўных. Глабалізацыя і дэлакалізацыя вытворчасці ў пэўных сектарах паменшыла колькасць працоўных месцаў у галінах, дзе праца ўяўляе сабой значную долю агульных выдаткаў. Такія галіны, як лёгкая і тэкстыльная прамысловасць, выраб скуры і абутку, суднабудаванне і металаапрацоўчыя прадпрыемствы, з'яўляюцца аднымі з тых, якія страцілі найбольшую колькасць працоўных месцаў у Еўропе на працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў.9

Страчанае пакаленне?

Маладыя людзі празмерна прадстаўлены сярод тых, хто працуе па часовых кантрактах, і часцей працуюць у небяспечных умовах. Паводле МАП, «гэта праблема асабліва востра стаіць у краінах з высокім узроўнем даходу, дзе неабходна прадухіліць з'яўленне «страчанага пакалення» моладзі, чые працоўныя перспектывы значна пагоршыліся ў выніку глабальнага крызісу».10
У 2011 годзе ўзровень беспрацоўя ў Еўропе дасягнуў рэкордных паказчыкаў і выклікаў масавыя дэманстрацыі і пратэсты моладзі. У чэрвені таго ж года кожны пяты чалавек ва ўзросце ад 16 да 24 гадоў быў беспрацоўным у Вялікабрытаніі і ашаламляльныя 44,3 % маладых людзей былі беспрацоўнымі ў Іспаніі – больш, чым дзе-небудзь у Еўропе. У Грэцыі ўзровень беспрацоўя сярод моладзі складаў 36 %, у Партугаліі – 27,8 %, а ў Ірландыі – 31,5 %.11

Паводле ацэнак, у 2011 годзе толькі ў Еўрапейскім саюзе было 7,5 мільёна маладых людзей, якія траплялі ў катэгорыю «NEET» (не ў сферы занятасці, адукацыі або прафесійнай падрыхтоўкі).

Маладзёжная праца можа адыгрываць важную ролю ў барацьбе з беспрацоўем сярод моладзі. Нефармальная адукацыя і праграмы, у прыватнасці тыя, якія ажыццяўляюцца ў маладзёжных арганізацыях і маладзёжных цэнтрах, могуць дапамагчы маладым людзям развіць неабходныя навыкі, каб атрымаць годную працу, і яны даказалі сваю эфектыўнасць для маладых людзей, якія прымалі ў іх удзел. Іншыя арганізацыі падтрымліваюць маладзёжнае прадпрымальніцтва, а некаторыя нават фінансуюць невялікія праекты, каб дапамагчы маладым людзям пабудаваць будучыню для сябе праз самастойную занятасць.

Еўрапейская канфедэрацыя маладых прадпрымальнікаў накіравана на паляпшэнне эканамічнага і сацыяльнага развіцця маладога прадпрымальніцтва ў Еўропе. (www.yes.be

Еўрапейскі маладзёжны працуе над пытаннем працаўладкавання як адной са сваіх асноўных прыярытэтных абласцей шляхам аналізу сітуацыі ў сферы занятасці, стварэння стратэгічных партнёрстваў і фармулявання палітычных патрабаванняў, якія падтрымліваюць становішча моладзі на рынку працы. Па даных Форуму, паляпшэнне ўмоў інтэграцыі маладых людзей на рынку працы павінна разглядацца як калектыўная адказнасць, якая патрабуе роўнага ўдзелу ўсіх бакоў – а менавіта органаў дзяржаўнай улады, сацыяльных партнёраў і маладзёжных арганізацый.12

Дзіцячая праца

МАП вызначае дзіцячую працу як «працу, якая пазбаўляе дзяцей дзяцінства, іх патэнцыялу і іх годнасці, а гэта шкодна для фізічнага і разумовага развіцця.
Гэта датычыцца працы, якая з’яўляецца разумова, фізічна, сацыяльна або маральна небяспечнай і шкоднай для дзяцей; і перашкаджае іх адукацыі шляхам:

  • пазбаўлення іх магчымасці наведваць школу
  • прымушэння заўчасна пакінуць школу або
  • патрабавання спрабаваць сумясціць наведванне школы з празмерна доўгай і цяжкай працай.13

Паводле даных МАП, у 2010 годзе налічвалася 215 мільёнаў дзяцей ва ўсім свеце, якія былі ўцягнуты ў дзіцячую працу. Дзіцячая праца з'яўляецца непрымальнай па шэрагу прычын. Па-першае, яна закранае дзяцей, якія занадта малыя і павінны быць у школе. Па-другое, нават калі дзеці юрыдычна падыходзяць для працоўнага месца, бо дасягнулі мінімальнага працоўнага ўзросту, праца, якую яны робяць, можа быць непрыдатнай для чалавека ва ўзросце да 18 гадоў. Па-трэцяе, дзеці часта падвяргаюцца найгоршым формам дзіцячай працы, такім як рабства, прастытуцыя, удзел ва ўзброеных канфліктах, а таксама іншай працы, якая можа нанесці шкоду іх здароўю, бяспецы і маральнасці.14

Пытанне: Якія віды працы выконваюць дзеці ў вашай супольнасці?

Міжнародная арганізацыя працы ўжо даўно прысвяціла сваю дзейнасць выкараненню дзіцячай працы і для гэтай мэты мае цэлы шэраг рэкамендацый і канвенцый. Ёсць дзве асноўныя канвенцыі, якія датычацца дзіцячай працы:Канвенцыя МАП аб найгоршых формах дзіцячай працы (1999 г.) уступіла ў сілу ў 2000 годзе. Па стане на чэрвень 2010 года 172 краіны ратыфікавалі гэту канвенцыю. Канвенцыя вызначае найгоршыя формы дзіцячай працы, як:

  • Усе формы рабства, у тым ліку продаж і гандаль дзецьмі; прымусовая праца для пагашэння доўгу; любы іншы від прымусовай працы, у тым ліку з выкарыстаннем дзяцей у час вайны і ўзброеных канфліктаў
  • Усе віды дзейнасці, якія сексуальна эксплуатуюць дзяцей, такія як прастытуцыя, парнаграфія або парнаграфічныя прадстаўленні
  • Любы ўдзел у незаконнай дзейнасці, асабліва ў вытворчасці або продажы наркотыкаў
  • Любая праца, якая можа нанесці шкоду здароўю, бяспецы або дабрабыту дзяцей (так званыя «небяспечныя віды работ»).15

Канвенцыя МАП аб мінімальным узросце (1973 г.) падкрэслівае абавязак «праводзіць нацыянальную палітыку, накіраваную на забеспячэнне эфектыўнага скасавання дзіцячай працы і паступовае павышэнне мінімальнага ўзросту для прыёму на працу да ўзроўню, што адпавядае найбольш поўнаму фізічнаму і разумоваму развіццю маладых асоб».

Прафсаюзы, якія працуюць для працаўнікоў

Нікому не дамагчыся поспеху за кошт аднаго толькі таленту. Бог дае талент, а праца робіць з таленту генія.
Ганна Паўлава

Прафсаюзы з'яўляюцца асацыяцыямі працаўнікоў (ёсць і аб'яднанні работадаўцаў), і іх галоўная мэта складаецца ў тым, каб прадстаўляць інтарэсы работнікаў перад работадаўцамі. Права ствараць і ўступаць у прафсаюзы, а таксама права на вядзенне калектыўных перамоў з’яўляюцца шырока прызнанымі правамі чалавека.

Гісторыю прафсаюзаў можна прасачыць да XVIII стагоддзя, калі прамысловая рэвалюцыя прыцягнула ў новыя вытворчасці велізарную колькасць жанчын, дзяцей, сельскіх рабочых і імігрантаў. Правы працаўнікоў, несумненна, палепшыліся, хаця і паступова, і прафсаюзы адыгралі вырашальную ролю ў гэтым працэсе.

Міжнародны дзень працы: 1 мая

1 мая адзначаецца гістарычная барацьба працоўных ва ўсім свеце. Дзень працы быў створаны падчас барацьбы за васьмігадзінны працоўны дзень у той час, калі рабочыя былі вымушаны працаваць 10, 12 і 14 гадзін у дзень. У першыя дні мая 1886 года былі адзначаны забастоўкамі і дэманстрацыямі ў Злучаных Штатах.
Вельмі хутка 1 мая стаў штогадовым святам. Ва ўсім свеце працаўнікі ўсё большай колькасці краін адзначаюць дзень працы 1 мая. Дзень працы адзначаўся ўпершыню ў Расіі, Бразіліі і Ірландыі ў 1891 годзе.

Роля прафсаюзаў была і застаецца досыць разнастайнай па ўсёй Еўропе. У некаторых краінах, дзе існавалі таталітарныя рэжымы, прафсаюзамі кіравалі або іх стваралі органы дзяржаўнай улады і палітычная эліта, і яны ператварыліся ў інструмент кантролю для іх дэспатычных рэжымаў. У выніку гэтай гістарычнай рэальнасці многія людзі сёння па-ранейшаму скептычна ставяцца да той ролі, якую прафсаюзы могуць адыгрываць, і толькі ў апошні час працоўныя з гэтых краін пачалі прызнаваць станоўчую ролю прафсаюзаў у барацьбе за абарону іх правоў. Іншыя адрозненні існуюць па ўсёй Еўропе, асабліва ў дачыненні да ролі і арганізацыі прафсаюзаў. У большасці краін прафсаюзы арганізаваны ў канфедэрацыі.

Салідарнасць

«Solidarnos´c´» (салідарнасць) – гэта нацыянальны прафсаюзны рух, які ахапіў усю Польшчу ў 1980-х гадах. Рух распачаўся 14 снежня 1970 г., калі працоўныя суднабудаўнічай прамысловасці вырашылі пратэставаць, і іх марш ад верфяў да цэнтра Гданьска быў жорстка падаўлены паліцыяй. Летам 1980 года шмат забастовак паказалі, што рух «Салідарнасць» укараніўся ў якасці рухаючай сілы сацыяльных і дэмакратычных пераўтварэнняў. Колькасць членаў «Салідарнасці» вырасла да больш чым дзевяці мільёнаў чалавек. Рэпрэсіўная палітыка ўрада стала відавочнай, калі была забаронена «Салідарнасць», якая пасля гэтага была вымушана працаваць падпольна на працягу некалькіх гадоў.

Міжнародная салідарнасць працоўных у падтрымку правоў чалавека

Я хачу, каб вы ведалі, што мы стаім з вамі, як вы стаялі з намі. Я хачу, каб вы ведалі, што ніякая сіла не можа аспрэчваць волю народа, калі яны вераць у свае правы. Калі яны актыўна выступаюць і змагаюцца супраць эксплуатацыі.
Камаль Абас, галоўны каардынатар незалежнага егіпецкага Цэнтра прафсаюзаў і працоўных службаў у пасланні салідарнасці з рабочымі ЗША;
20 лютага 2011 года. 

Акрамя сваёй ролі ў барацьбе за паляпшэнне ўмоў працы, прафсаюзы мелі (і працягваюць мець) ключавую ролю ў фарміраванні грамадскіх рухаў і ўплыве на сацыяльныя змены.
У 1963 годзе, калі ўлада яшчэ была ў рэжыме апартэіду, працаўнікі дацкіх докаў адмовіліся разгружаць судна з Паўднёвай Афрыкі. Гэта простая акцыя была падтрымана членамі прафсаюзаў у Швецыі, Сан-Францыска і Ліверпулі, якія ў знак салідарнасці з прыгнечанымі адмовіліся разгружаць тавары з Паўднёвай Афрыкі.
У 2009 годзе паўднёваафрыканскія працаўнікі докаў абвясцілі аб сваім рашэнні не разгружаць карабель з Ізраіля.16 Гэту акцыю падтрымаў Саюз шведскіх працаўнікоў докаў17, якія вырашылі арганізаваць блакаду ўсіх ізраільскіх судоў, якія рухаліся з Ізраіля і назад, на працягу дзевяці дзён у знак пратэсту супраць нападу Ізраіля на «флатылію свабоды» і блакады акупіраванага сектара Газа.

Запалохванне і пераслед прафсаюзаў

Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў (МКП) у сваім штогадовым аглядзе дакументальна пацвярджала, што 101 прафсаюзны актывіст быў забіты ў 2009 годзе, большасць забойстваў адбылося ў Лацінскай Амерыцы. Акрамя забойстваў, тысячы працоўных, якія аб'ядналіся супраць шкодных умоў працы, патрабавалі заработнай платы ці пратэставалі супраць недастатковых мер па пераадоленні сусветнага фінансавага і эканамічнага крызісу, падвяргаліся фізічным нападам, арыштам і турэмным зняволенням.18

Праца навучыць вас, як гэта робіцца.
Эстонская прыказка

Паводле МКП, у Еўропе, нягледзячы на існаванне законаў, якія абараняюць правы прафсаюзаў, прафсаюзныя работнікі па-ранейшаму сутыкаюцца з такімі дэспатычнымі тактыкамі работадаўцаў, як перавод на іншае месца, скарачэнне заработнай працы, звальненне, дамаганні і маніпуляцыя.19

Пытанне: Ці бяспечна стаць членам прафсаюза ў вашай краіне?

Карпарацыя падвяргае дыскрымінацыі працаўнікоў прафсаюза

У 2009 годзе МКП паведамляла, што працаўнікі прадпрыемства Nestlé Water Coolers Service у аэрапорце Дамадзедава ў Маскве стварылі прафсаюз для вырашэння праблемы зніжэння заработнай платы і пагаршэння ўмоў працы. Кіраўніцтва карпарацыі адрэагавала, пачаўшы антыпрафсаюзную кампанію: менеджары пачалі размяркоўваць рабочую нагрузку на дыскрымінацыйнай аснове, каб члены прафсаюзаў не маглі выканаць сваю працу на працягу працоўнага часу або выканаць сваю норму.20

Моладзь і членства ў прафсаюзах

Вы можаце далучыцца да Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў (МКП) або Еўрапейскай канфедэрацыі прафсаюзаў (ЕКП) на Facebook або сачыць за імі ў twitter @ituc і @etuc

Прафсаюзы цяпер робяць вялікія намаганні па пашырэнні членства моладзі. Многія з іх распрацоўваюць парадак дня, які ўлічвае патрэбы і рэаліі маладых працаўнікоў, а таксама адпаведныя структуры для забеспячэння актыўнага ўдзелу маладых працаўнікоў у прафсаюзах. Удзел моладзі ў прафсаюзным руху мае вельмі важнае значэнне для вырашэння праблемы беспрацоўя сярод моладзі.
Камітэт па справах моладзі Еўрапейскай канфедэрацыі прафсаюзаў прадстаўляе маладых працаўнікоў у межах канфедэрацыі. Камітэт па справах моладзі забяспечвае, каб інтарэсы моладзі ўлічваліся ў розных напрамках палітыкі, і пры гэтым вызначае пазіцыю па пытаннях, якія закранаюць маладых людзей на працоўных месцах. Дзякуючы нефармальным мерапрыемствам у галіне адукацыі, такім як навучальныя сесіі, канферэнцыі, семінары і кампаніі, Камітэт па справах моладзі ЕКП прымае меры для падтрымкі правоў чалавека маладых працаўнікоў па ўсёй Еўропе.

«Аперацыя Віле»

У 2009 годзе маладыя прафсаюзныя актывісты ў Фінляндыі вырашылі прыцягнуць увагу да праблемы беспрацоўя сярод моладзі з дапамогай выкарыстання сайтаў сацыяльных сетак у Інтэрнэце. Яны выбралі выпадак 26-гадовага Віле Карху, які быў беспрацоўным на працягу чатырох месяцаў.
За некалькі дзён да пачатку аперацыі старонка Facebook пад назвай «Аперацыя Віле» налічвала некалькі соцень членаў, якія дзяліліся сваімі ідэямі і прапановамі аб тым, як можна знайсці працу для Віле. У дзень аперацыі актывісты сфарміравалі «патрулі» і выйшлі на вуліцы, каб дапамагчы знайсці працу Віле. Нават фінскі міністр працы прыйшоў пажадаць поспехаў у гэтай аперацыі. Да таго ж, вядучая маладзёжная радыёстанцыя падхапіла гэту гісторыю і пагадзінна расказвала пра ход аперацыі. Да канца дня аперацыя была завершана: Віле знайшоў працу.21

Канцавыя зноскі

1 Артыкул 3 Канстытуцыі МАП
2  З усімі стандартамі МАП можна азнаёміцца тут: http://www.ilo.org/ilolex/english/convdisp1.htm
3 Агульны каментарый 18, параграф 6.
4 УВКПЧ, зніжэнне ўзроўню беднасці, с. 31.
5 УВКПЧ, зніжэнне ўзроўню беднасці, с. 31.
6 https://wcd.coe.int/wcd/ViewDoc.jsp?id=1653863&Site=CM
7 http://www.civitas.org.uk/eufacts/FSSOC/CIT4.htm
8 ЕМФ 0076-09 Заключэнне па пытанні аб стажыроўках.    
9 http://www.ifri.org/files/Economie/Elargissement_Veugelers.pdf
10 Еўрапейскі маладзёжны форум, 2011 г., Інфармацыя пра інтэрнаў, p 35 - http://issuu.com/yomag/docs/yfj_internsrevealed_web 
11 Газета The Telegraph, 9 чэрвеня 2011 г., http://www.telegraph.co.uk/finance/jobs/8564500/Interactive-graphic-Youth-unemployment-in-Europe.html 
12 Еўрапейскі маладзёжны форум, 2008 г., Стратэгічны дакумент па пытаннях занятасці моладзі, с. 17
13 http://www.ilo.org/ipec/facts/lang--en/index.htm
14 Вэб-сайт МАП, http://www.ilo.org/global/What_we_do/Publications/lang--en/docName--WCMS_126685/index.htm
15 Канвенцыя МАП аб найгоршых формах дзіцячай працы.
16 http://www.labournet.net/world/0902/cosatu1.html
17 http://ibnkafkasobiterdicta.wordpress.com/2010/06/03/the-swedish-dockers...
18 http://www.ituc-csi.org/ituc-annual-survey.html
19 http://survey.ituc-csi.org/+-Europe-Global-+.html
20 http://survey.ituc-csi.org/+-Russian-Federation-+.html
21 МКП, Аб працы для лепшай будучыні: кіраўніцтва па лепшых практыках па арганізацыі маладых людзей, с. 5

КОМПАС

Дапаможнік па адукацыі ў галіне правоў чалавека з удзелам моладзі

Web Content Display

Key Date
  • 1 MayInternational Worker's Day
  • 12 JuneWorld Day against Child Labour
  • 10 DecemberHuman Rights Day