Image: Theme 'War and Terrorism' by Pancho

Да таго часу, пакуль асноўныя правы чалавека аднолькава
Не будуць гарантаваны ўсім, незалежна ад расы,
Будзе ісці вайна
Да таго дня, калі
Мара аб міры, які наладзіцца назаўсёды, аб сусветным грамадзянстве,
Правіла міжнароднай маралі
Застанецца толькі мімалётнай ілюзіяй
За якой можна гнацца, але нельга будзе дагнаць,
Усюды будзе вайна, вайна.
Боб Марлі 1

Усе члены Арганізацыі Аб'яднаных Нацый устрымліваюцца ў іх міжнародных адносінах ад пагрозы сілы або яе прымянення супраць тэрытарыяльнай цэласнасці ці палітычнай незалежнасці любой дзяржавы або любым іншым чынам, несумяшчальным з мэтамі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. 
Артыкул 2 (4) Статута ААН

Вайна, тэрарызм і правы чалавека

Акты вайны або тэрарызму ствараюць настолькі сур'ёзную пагрозу самім асновам правоў чалавека, што ствараецца ўражанне іх краху. Цяжка сабе ўявіць, што правы чалавека могуць хоць неяк прысутнічаць, калі наўмыснай мэтай становіцца знішчэнне чалавечых жыццяў ці калі жыццё чалавека разглядаецца як «пабочная шкода» падчас масіраваных бамбардзіровак, якія прама ці ўскосна прыводзяць да хвароб, эпідэмій, пакут, разбурэння дамоў і гібелі людзей. Падчас узброеных канфліктаў, асабліва калі вайна працягваецца многія гады, усе правы чалавека знаходзяцца ў заняпадзе. Руйнуецца сістэма ахова здароўя, падае ўзровень адукацыі, узнікаюць абмежаванні ў дачыненні да жылля, працы, забеспячэння харчаваннем і вадой, у юрыдычных сістэмах, у свабодзе прэсы і свабодзе слова, у дачыненні да падсправаздачнасці дзяржавы ў выпадку злоўжывання – або з боку «варожай дзяржавы» – а часам гэтыя свабоды і правы не толькі абмяжоўваюцца, але і наогул знікаюць. І як бы дрэнна ні былі б абаронены правы дзяцей, жанчын, груп меншасцей і бежанцаў у мірны час, амаль ніякага сумнення не ўзнікае, што падчас войнаў яны будуць абаронены яшчэ горш.

Абарона, прадугледжаная канвенцыямі аб правах чалавека, не спыняецца ў выпадку ўзброенага канфлікту2.
Міжнародны Суд ААН

Вайна і тэрарызм – гэта сапраўды распад чалавечнасці, гэта акты, якія падрываюць і адкідваюць на абочыну каштоўнасці, якія ляжаць у самой аснове правоў чалавека, і прававую сістэму, якая іх абараняе. Аднак нават у разгар такога распаду правы чалавека працягваюць дзейнічаць, хоць і ў аслабленым выглядзе, і нягледзячы на тое, што яны не могуць выправіць усе праявы зла, яны, аднак, могуць даць пэўную мінімальную абарону і некаторую надзею на справядлівасць.

Войны і надзвычайныя сітуацыі дазваляюць дзяржавам «рабіць выключэнне» – або часова не выконваць – некаторыя са сваіх абавязацельстваў у галіне правоў чалавека. Аднак некаторыя правы чалавека, такія як права на жыццё і права на тое, каб не падвяргацца катаванням, бесчалавечнаму або зневажальнаму для годнасці абыходжанню, ніколі не павінны прыпыняцца. Яны разглядаюцца як настолькі важныя і асноўныя, што павінны выконвацца нават у тых выпадках, калі існуе пагроза дзяржаўнай бяспецы.

У пастанове Еўрапейскага суда па правах чалавека 2011 года3 працэс «Аль-Скейні (AlSkeini) і іншыя супраць Вялікабрытаніі») заяўляецца, што Вялікабрытанія парушыла артыкул 2 Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека, якая прадугледжвае права на жыццё, у сваім абыходжанні з шэрагам грамадзянскіх асоб, пры правядзенні ваенных аперацый у Басры ў Іраку. Гэты працэс стаў першым у сваім родзе, калі Еўрапейская канвенцыя ўжывалася ў ваенны час, на замежных тэрыторыях і ў дачыненні да ўсяго рэгіёну, над якім адна з краін, што падпісала гэту Канвенцыю, мела эфектыўны кантроль. Падчас іншых працэсаў было ўстаноўлена, што абыходжанне з палоннымі ў лагерах, дзе яны ўтрымліваліся, было раўназначна катаванням.

Калі вайна сапраўды з'яўляецца вайной?

У многіх рысах вайна і тэрарызм вельмі падобныя. Маецца на ўвазе, што падчас абедзвюх гэтых з'яў здзяйсняюцца маштабныя акты жорсткага гвалту, і тая, і другая матывуюцца палітычнымі, ідэалагічнымі або стратэгічнымі мэтамі, і ў абодвух выпадках адна група людзей супрацьстаіць іншай. Кожная з гэтых з'яў наўмысна ці ненаўмысна мае жудасныя наступствы для насельніцтва. Вайна, як правіла, мае велізарны размах, і разбурэнні могуць быць больш моцнымі, паколькі вайну часта вядуць дзяржавы з выкарыстаннем армій і цэлага арсенала ўзбраенняў. У тэрарыстычных груп рэдка маюцца такія ж прафесійныя і фінансавыя рэсурсы, як у дзяржаў.

Пры гэтым акрамя метадаў, якія выкарыстоўваюцца, і маштабаў гвалту, вайна і тэрарызм разглядаюцца па-рознаму і ў кантэксце міжнароднага права. Адрозненні не заўсёды дакладна вызначаны, і нават эксперты могуць разыходзіцца ў дачыненні да таго, ці лічыць кампанію з ужываннем гвалту тэрарызмам, грамадзянскай вайной, паўстаннем, самаабаронай, законным самавызначэннем ці чымсьці іншым.

Пытанне: У XX стагоддзі чачэнцы, абхазы, курды, палесцінцы і ірландскія нацыяналісты лічылі, што яны вядуць вайну супраць каланіяльнай дзяржавы. Нацыянальныя дзяржавы заўсёды разглядалі дзеянні такіх груп як тэрарызм. Як мы можам вырашыць, які тэрмін правільны?

Праблемы ў вызначэнні таго, што з'яўляецца вайной

Вайну часта вызначаюць як канфлікт паміж дзяржавамі: але што ж тады ўяўляе сабою грамадзянская вайна або так званая «вайна з тэрарызмам»? Бывае і так, што канфлікт прызнаецца вайной тады, калі мела месца афіцыйная аб'ява вайны, але як тады быць з бамбёжкамі невялікага маштабу, якія адбываюцца на працягу шэрагу гадоў як, напрыклад, з нападамі ЗША на межы Пакістана або ў зонах над Іракам, якія былі забаронены для палётаў у 1990-я гады?

Выйграць вайну гэтак жа немагчыма, як немагчыма выйграць землятрус.
Жанэт Рэнкін4

Ці павінна вызначэнне вайны ўключаць эканамічныя або гандлёвыя войны, прытым што абодва гэтыя тыпы войнаў маюць велізарную разбуральную сілу для жыцця людзей? Ці з'яўляюцца санкцыі формай вайны? Паводле ацэнкі ЮНІСЕФ, санкцыі ў Іраку ў 1990-х гадах прывялі да гібелі больш чым паўмільёна дзяцей (і многіх дарослых).

Пытанне: Карл фон Клаўзэвіц, прускі генерал, даў наступнае вызначэнне вайны: «Вайна, такім чынам, з'яўляецца актам гвалту, накіраваным на прымус нашага праціўніка на выкананне нашай волі». Ці згодны вы з гэтым вызначэннем?

Што такое тэрарызм?

Тэрарызм – гэта запалохванне дзеля дасягнення мэты: тэрор закліканы прымусіць іншых рабіць тое, што інакш яны б не зрабілі.
Ігар Прыморац

Тэрарызм – гэта яшчэ адзін з тых тэрмінаў, які кожны быццам бы гатовы выкарыстоўваць, але пакуль не ўдаецца дамовіцца аб яго дакладным вызначэнні. Нават эксперты працягваюць спрачацца, якім чынам трэба ўжываць гэты тэрмін; лічыцца, што ёсць больш за сотню розных азначэнняў тэрарызму і пры гэтым ні адно з іх не атрымала ўсеагульнага прызнання.

Такая адсутнасць згоды мае непасрэдныя практычныя наступствы; возьмем хоць бы адзін прыклад: ААН не змагла прыняць Канвенцыю аб барацьбе з тэрарызмам, нягледзячы на тое, што гэта спрабавалі зрабіць ужо на працягу 60 гадоў, бо яе дзяржавы-ўдзельнікі не змаглі дамовіцца аб вызначэнні гэтага тэрміна. Генеральная Асамблея ААН, як правіла, у сваіх заявах аб тэрарызме выкарыстоўвае наступную фразу:

«Злачынныя акты, накіраваныя або разлічаныя на стварэнне абстаноўкі тэрору сярод шырокай грамадскасці, групы асоб ці канкрэтных асоб у палітычных мэтах, ні пры якіх абставінах не могуць быць апраўданы, якімі б ні былі меркаванні палітычнага, філасофскага, ідэалагічнага, расавага, этнічнага, рэлігійнага або любога іншага характару, якія могуць прыводзіцца ў іх апраўданне».5

Тэрарысты мінулага

Тры найбольш знакамітыя «тэрарыстычныя» групы, які існавалі да XVIII стагоддзя, мелі рэлігійную накіраванасць (і ўсе мелі назвы, якія потым перайшлі ў паўсядзённую мову як словы, што асацыяваны з іх дзеяннямі: зілоты – фанатыкі, асасіны – забойцы, а тхагі – жорсткія або грубыя людзі).

  • Сікарыі, вядомыя таксама як зілоты, прадстаўлялі сабой яўрэйскі рух у I стагоддзі, які спрабаваў выгнаць рымлян з Палесціны. Яны выкарыстоўвалі жорсткія метады, у тым ліку змешваліся з натоўпам на публічных сходах і забівалі сваіх ахвяр кінжалам, а пасля зноў знікалі ў натоўпе.
  • Асасіны – гэта сярэдневяковая секта мусульман-шыітаў, якая імкнулася «ачысціць» іслам і змагалася з вядомымі рэлігійнымі дзеячамі, пры гэтым для таго, каб гучна заявіць аб сабе, яны выкарыстоўвалі такія ж метады, як і сікарыі.
  • Тхагі – гэта індыйская банда, якую часам лічаць культам або сектай. Тхагі існавалі каля 600 гадоў, яны па-зверску забівалі падарожнікаў шляхам задушвання, прычым у адпаведнасці з пэўнымі правіламі. Гэта банда існавала даўжэй за ўсіх і была знішчана толькі ў XIX стагоддзі, у асноўным дзякуючы вярбоўцы даносчыкаў у самой групе.

Пытанне: Ці варта разглядаць пагрозу прымянення ядзернай бомбы як тэрарызм?

Тэрарызм: класіфікацыя

Некаторыя з наступных крытэрыяў лічацца важнымі пры прыняцці рашэння аб тым, ці з'яўляецца той ці іншы акт «тэрарызмам». Але памятайце, што не ўсе эксперты з гэтым згодны!

  • Акт мае палітычныя матывы

Акт тэрарызму звычайна праследуе канчатковую мэту, якая з'яўляецца «больш маштабнай» і мае больш стратэгічны характар, чым непасрэдныя наступствы самога акта. Напрыклад, выбух бомбы сярод мірнага насельніцтва накіраваны на змену грамадскай думкі і на аказанне ціску на ўрад.

  • Акт павінен суправаджацца гвалтам ці пагрозай прымянення гвалту

Некаторыя эксперты мяркуюць, што сама пагроза прымянення гвалту, калі ў яе шчыра вераць, таксама можа з'яўляцца тэрарыстычным актам, паколькі гэта выклікае страх сярод тых, на каго гэта накіравана, і можа быць выкарыстана ў палітычных мэтах.

Тэракт – эквівалент ваеннага злачынства ў мірны час.
А. П. Шмід, з даклада Аддзела па барацьбе са злачыннасцю ААН за 1991 г.

  • Тэрарыстычны акт мае мэту аказаць моцны псіхалагічны ўплыў

Часта тэрарыстычныя акты называюць адвольнымі або выпадковымі па сваім характары, але на самай справе групы, як правіла, старанна падбіраюць свае мэты, для таго каб аказаць максімальнае ўздзеянне, і таму, калі гэта магчыма, наносяць удар па сімвалах рэжыму.

  • Тэрарызм – гэта акт, які здзяйсняецца недзяржаўнымі групамі, а не дзяржавамі

Гэта, верагодна, найбольш спрэчнае пытанне для назіральнікаў і экспертаў. Нацыянальныя дзяржавы звычайна выкарыстоўваюць гэта як тлумачэнне сутнасці тэрарыстычнага акта, але калі мы абмяжуем тэрарыстычныя акты недзяржаўнымі групамі, то мы ўжо загадзя вызначаем, што акт гвалту, які здзяйсняе дзяржава, не можа быць тэрарызмам, якім бы жахлівым гэты акт ні быў!

  • Мяркуецца, што ў якасці мішэні тэрарыстаў наўмысна выбіраецца мірнае насельніцтва

Гэты крытэрый таксама аспрэчваецца многімі экспертамі, паколькі ён выключае магчымасць нападаў пры тэрарыстычных актах на ваеннаслужачых ці іншых службовых асоб, напрыклад, на палітыкаў ці паліцэйскіх.

Пытанне: Ці можаце вы даць вызначэнне тэрарызму? Якія вы можаце назваць адрозненні паміж актамі тэрарызму і іншымі формамі гвалту?

Ці могуць дзяржавы здзяйсняць тэрарыстычныя акты?

Я перакананы, што лепшая і адзіная стратэгія, здольная ізаляваць і перамагчы тэрарызм, складаецца ў павазе правоў чалавека, садзейнічанні сацыяльнай справядлівасці, умацаванні дэмакратыі і захаванні прынцыпу вяршэнства права.
Сержыу Віейра ды Мелу

Упершыню слова тэрарызм было выкарыстана для апісання рэжыму тэрору (Regime de la Terreur) у Францыі ў апошняе дзесяцігоддзе XVIII стагоддзя, і асабліва ў перыяд 1793–1794 гадоў пры Максімільене Рабесп'еры. Гэтыя гады характарызаваліся тым, што з санкцыі рэвалюцыйнага трыбунала, створанага для правядзення працэсаў над палітычнымі праціўнікамі, выкарыстоўваліся жорсткія метады падаўлення, у тым ліку масавыя смяротныя пакаранні. Пад канец той эпохі, у прыватнасці, людзей прыгаворвалі да смерці толькі на падставе падазрэнняў і нават без якой-небудзь спробы выглядаць як справядлівы суд.
Усё вышэйсказанае прывяло да ўзнікнення агульнай атмасферы страху: гэта была дзяржава, у якой людзі не маглі ўжо адчуваць сябе ў бяспецы ад пагрозы адвольнага гвалту. Пасля такіх падзей паняцце тэрарызму ўвайшло ў слоўнік.

На працягу XIX стагоддзя тэрмін «тэрарызм» стаў асацыявацца больш з групамі, якія дзейнічалі ў дзяржаве для таго, каб змяніць яго строй, і менш з сістэмамі дзяржаўнага тэрору. Рэвалюцыйныя групы па ўсёй Еўропе часта ўжывалі гвалт для таго, каб скінуць кіраўнікоў або знішчыць дзяржаўныя структуры, якія яны лічылі рэпрэсіўнымі або несправядлівымі. Найбольш упадабанымі метадамі, як правіла, былі забойствы, а сярод «поспехаў» можна ўспомніць пра забойства рускага цара, французскага прэзідэнта, аўстра-венгерскай імператрыцы і караля Італіі.

У ХХ стагоддзі – найбольш крывавым з пункту гледжання колькасці ахвяр і ў дачыненні да жорсткасці і нялюдскасці метадаў – для дасягнення сваіх мэт да жорсткага гвалту звярталіся як дзяржавы, так і недзяржаўныя групы. Менавіта яны станавіліся арганізатарамі і ініцыятарамі шэрагу жудасных драм. Аднак да канца стагоддзя тэрмін «тэрарыстычныя групы» стаў прымяняцца выключна да недзяржаўных структур. Гэтыя групы часта ўзброены, фінансуюцца іншымі дзяржавамі і нават праходзяць там падрыхтоўку: але ці робiць гэта дзяржавы, якія рыхтуюць і падтрымліваюць гэтыя групы, тэрарыстычнымі?

Пытанне: Ці лічыце вы, што дзеянні дзяржавы могуць быць вызначаны як «тэрарыстычныя» акты, калі яны прыводзяць да тэрору насельніцтва?

Выкарыстанне сілы ў міжнародным праве

На вайне праўда – першая ахвяра.
Эсхіл

Міжнароднае права прадугледжвае шэраг розных сітуацый, калі сіла выкарыстоўваецца дзяржавамі. Часам – як гэта адлюстравана ў цытаце ў пачатку гэтай главы – закон прымяняецца да тых выпадкаў, калі адна дзяржава выкарыстоўвае сілу супраць іншай дзяржавы, або пагражае яе выкарыстаннем. Такія сітуацыі звычайна класіфікуюцца як вайна, і яны рэгулююцца Статутам ААН і Саветам Бяспекі. Часам міжнароднае права прымяняецца да таго, якім чынам падчас вайны выкарыстоўваецца сіла – законна ці незаконна. Гэта ў цэлым падпадае пад юрысдыкцыю міжнароднага гуманітарнага права. І нават калі ідзе вайна, законы ў галіне правоў чалавека працягваюць дзейнічаць, хоць у дачыненні да пэўных правоў дзяржавам больш дазваляецца ўсталёўваць абмежаванні, чым гэта было б у мірны час.

Вайна ў міжнародным праве

Статут ААН, Пакт Брыяна – Келага

Высокія Дагаворныя Бакі ўрачыста заяўляюць ад імя сваіх народаў па прыналежнасці, што яны асуджаюць зварот да вайны для ўрэгулявання міжнародных спрэчак і адмаўляюцца ад яе ў сваіх узаемных адносінах, у якасці інструмента нацыянальнай палітыкі.
З Пакта Брыяна – Келага
(таксама вядомага як Дамова аб адмове ад вайны ў якасці сродку нацыянальнай палітыкі, або Парыжскі пакт)

Найвялікшым актам у серыі намаганняў па падтрыманні міру пасля Першай сусветнай вайны быў Пакт Брыяна – Келага, падпісаны ў 1928 годзе 15 дзяржавамі, а пазней яшчэ 47 іншымі дзяржавамі. І хоць гэта Дамова не змагла перашкодзіць пазней ні ваенным дзеянням паміж краінамі, якія яго падпісалі, ні пачатку Другой сусветнай вайны, ён меў важнае значэнне, паколькі ён заклаў аснову ідэі «злачынствы супраць міру» і такім чынам адыграў найбольш важную ролю падчас Нюрнбергскага працэсу. Згодна з Нюрнбергскімі прынцыпамі6, злачынствы супраць міру ўключаюць «планаванне, падрыхтоўку, развязванне або вядзенне агрэсіўнай вайны або вайны ў парушэнне мірных дагавораў, пагадненняў або запэўненняў».

Урачыстая адмова ад вайны як інструмента нацыянальнай палітыкі абавязкова ўключае ў сябе перадумову, што вайна з'яўляецца незаконнай з пункту гледжання міжнароднага права; і што тыя, хто плануе і вядзе вайну, [...] здзяйсняюць такім чынам злачынства.
З пастановы Нюрнбергскага трыбунала

Пасля Нюрнбергскага працэсу асноўным міжнародным дагаворам, які рэгулюе прымяненне сілы паміж дзяржавамі, стаў Статут Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Гэты Статут не забараняе вайну цалкам: ён дазваляе дзяржавам пры пэўных, выразна ўстаноўленых абставінах весці вайну, калі гэта неабходна ім для самаабароны. Аднак і такія войны ў імя самаабароны павінны быць адобраны Саветам Бяспекі ААН, за выключэннем тых рэдкіх выпадкаў, калі неабходны экстранныя дзеянні і калі няма дастатковага часу для склікання Савета Бяспекі.

Абавязак абараняць (Responsibility to protect (R2P))

У апошнія гады некаторыя краіны прасоўваюць ідэю аб тым, што, калі народы падвяргаюцца сур'ёзным злоўжыванням з боку дзяржавы, напрыклад, калі ствараецца пагроза генацыду, у ААН павінны быць паўнамоцтвы – і абавязацельствы – умяшацца для абароны гэтага народа. Гэта ўключае магчымасць вядзення баявых дзеянняў супраць адказнай за гэтыя акты дзяржавы. Дыскусіі разгарэліся ў сувязі з генацыдам у Руандзе, дзе міжнародная супольнасць так і не здолела ўмяшацца. Вайна ў Косава стала адным з самых першых прыкладаў «гуманітарнага ўмяшання» ваеннымі сродкамі, а ў 2011 годзе на гэтым жа прынцыпе грунтавалася ваеннае ўмяшанне НАТА ў Лівіі.

Генацыд з'яўляецца актам, які «здзяйсняецца з намерам знішчыць, цалкам ці часткова, якую-небудзь нацыянальную, этнічную, расавую ці рэлігійную групу».
Канвенцыя аб папярэджанні і пакаранні за злачынствы генацыду (1948 г.)7

Канцэпцыя «абавязку абараняць» не з'яўляецца бясспрэчнай. Генацыд і іншыя акты падобнага роду – гэта трагічныя падзеі. Аднак крытыкі сцвярджаюць, што «абавязак абараняць» можа быць выкарыстаны ў якасці падставы, а некаторыя прыклады ваеннага ўмяшання былі заснаваны не на верагоднасці «масавых цяжкіх злачынстваў», а былі відавочна палітычнымі. Многія масавыя злачынствы не пацягнулі за сабой прымяненне гэтага прынцыпу, а ў шэрагу выпадкаў умяшанне мела месца ў сувязі з менш сур'ёзнымі падзеямі з пункту гледжання небяспекі для народа. Прынцып «абавязку абараняць» мае на ўвазе, што дзяржавы, якія ўмешваюцца, павінны вывучыць усе іншыя магчымыя сродкі перад тым, як распачаць прымяненне ўзброенай сілы. Не заўсёды ясна, ці былі такія шляхі сапраўды даследаваны. І нарэшце, паўстае пытанне, ці сапраўды вайна, якая сама па сабе з'яўляецца жахлівым і разбуральным актам, будзе мэтазгоднай мерай для таго, каб пакласці канец пакутам. Ці можа бамбардзіроўка краіны, з усімі яе наступствамі, быць найлепшым спосабам прасоўвання міру і ўрэгулявання канфлікту, які вельмі часта глыбока ўкараніўся паміж двума бакамі?

Пытанне: Ці можа вайна быць «лепшай з дзвюх бед»?

Законы вайны

Нават падчас вайны існуюць некаторыя законы, якія ўсталёўваюць абмежаванні дзеянняў ваюючых бакоў, напрыклад, якія тычацца абыходжання з ваеннапалоннымі, шкоды мірнаму насельніцтву і медыцынскай дапамогі параненым. «Законы вядзення вайны» у асноўным рэгулююцца міжнародным гуманітарным правам, інакш вядомым як Жэнеўскія канвенцыі.

Першая Жэнеўская канвенцыя

Першая з Жэнеўскіх канвенцый была падпісана ў 1864 годзе. Яе падрыхтаваў Анры Дзюнан, жыхар Жэневы, які стаў сведкам жорсткай бітвы пад Сальферына ў Італіі ў 1859 годзе. У яго выклікала ўзрушэнне адсутнасць дапамогі параненым, якіх пакінулі паміраць на полі бітвы, і ён прапанаваў заключыць міжнародны дагавор, які б прызнаваў нейтральную ўстанову, якая б аказвала гуманітарную дапамогу падчас вайны. На аснове яго прапановы пазней быў створаны Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа, а таксама была прынята першая Жэнеўская канвенцыя. У гэтай Канвенцыі змяшчаюцца палажэнні аб гуманным і годным абыходжанні з тымі, хто ўжо не ўдзельнічае ў баявых дзеяннях, незалежна ад таго, на якім баку яны ваявалі.

Жэнеўскія канвенцыі працягвалі развівацца да 1949 года, калі была прынята чацвёртая Жэнеўская канвенцыя, а папярэднія тры былі перагледжаны і пашыраны. Пазней да іх былі дададзены тры пратаколы з папраўкамі. Гэтыя канвенцыі былі ратыфікаваны ў цэлым або часткова 194 краінамі.
Акрамя Жэнеўскіх канвенцый, існуюць і іншыя стандарты ў галіне міжнароднага гуманітарнага права, у тым ліку Гаагскія канвенцыі, а таксама шэраг міжнародных дагавораў па зброі, якая можа і не можа быць выкарыстана ў ваенных дзеяннях. На працягу 1990-х гадоў кааліцыя НУА паспяхова лабіравала міжнародную забарону на вытворчасць і выкарыстанне супрацьпяхотных мін. У 1997 годзе быў прыняты Атаўскі дагавор, або Канвенцыя аб забароне супрацьпяхотных мін, які быў з тых часоў ратыфікаваны 157 дзяржавамі па ўсім свеце. Кааліцыя працягвае кампанію ў падтрымку дагавора, які б забараняў выкарыстанне касетных бомб, якія, гэтак жа як і супрацьпяхотныя міны, прыводзяць да ахвяр і пасля заканчэння вайны.

Ваенныя злачынствы

Найбольш сур'ёзнымі парушэннямі міжнароднага гуманітарнага права лічацца ваенныя злачынствы. Яны з'яўляюцца настолькі сур'ёзнымі, што іх разглядаюць як крымінальныя акты, за здзяйсненне якіх можна прыцягнуць да адказнасці пэўных асоб.

Ваенныя злачынствы

Згодна з Чацвёртай Жэнеўскай канвенцыяй (1949 г.), ваенныя злачынствы (у Канвенцыі: «сур'ёзныя парушэнні») уключаюць у сябе:
«Наўмыснае забойства, катаванні ці бесчалавечнае абыходжанне, уключаючы біялагічныя эксперыменты, наўмыснае прычыненне цяжкіх пакут або сур'ёзнага калецтва, нанясенне ўрону здароўю, прымус ваеннапалоннага служыць ва ўзброеных сілах варожай дзяржавы або пазбаўленне яго правоў на непрадузятае і нармальнае судаводства [...], узяцце закладнікаў і маштабнае разбурэнне і знішчэнне ўласнасці, не апраўданае ваеннай неабходнасцю і выкананае незаконна і бязмэтна».9

Іншыя акты, у дачыненні да якіх можа быць устаноўлена адказнасць пэўных асоб, уключаюць злачынствы супраць чалавечнасці, масавыя забойствы і генацыд. Злачынствы супраць чалавечнасці – гэта цяжкія злачынствы, учыненыя супраць грамадзянскага насельніцтва, такія як забойствы, згвалтаванні, катаванні, заняволенне і дэпартацыя.

Першымі судамі над асобамі за такія злачынствы былі Нюрнбергскі і Такійскі працэсы над нацыстамі і японскімі палітычнымі і ваеннымі кіраўнікамі пасля Другой сусветнай вайны. Пасля гэтага быў створаны шэраг спецыялізаваных трыбуналаў, напрыклад, для разгляду канфліктаў у былой Югаславіі, Руандзе, Камбоджы, Ліване і Сьера-Леонэ. У дачыненні да іншых канфліктаў, многія з якіх былі гэтак жа сур'ёзнымі, спецыяльных трыбуналаў не стваралася, што часам выклікала крытыку, звязаную з тым, што адпаведнае рашэнне прымалася пад уплывам палітычных фактараў.

Міжнародны крымінальны трыбунал па былой Югаславіі

Міжнародны трыбунал па былой Югаславіі (МТБЮ) быў створаны ААН для прыцягнення вінаватых да крымінальнай адказнасці за цяжкія злачынствы, учыненыя падчас войнаў у былой Югаславіі. Большасць абвінавачаных – сербы, і таму некаторыя наглядальнікі абвінавачвалі гэты Трыбунал у прадузятасці. І Amnesty International і Human Rights Watch крытыкавалі МТБЮ за тое, што не было праведзена расследавання ў дачыненні да шэрагу сур'ёзных абвінавачванняў супраць войскаў НАТА, у тым ліку ў сувязі з бамбардзіроўкай дзяржаўнага тэлебачання Сербіі і чыгуначнага моста, калі было відавочна, што пад удар трапіць мірнае насельніцтва. У дакладзе Amnesty International аб парушэннях гуманітарнага права гаворыцца пра тое, што «НАТА не прыняла неабходных мер засцярогі, каб звесці да мінімуму ахвяры сярод грамадзянскага насельніцтва».10

Пытанне: Ваенныя трыбуналы – уключаючы Нюрнбергскія працэсы – часам разглядаюцца як «правасуддзе пераможцаў». Ці лічыце вы, што абодва бакі ў вайне неабходна судзіць на аснове аднолькавых прынцыпаў?

Тыя, хто экспартуе вайну, павінны прадугледзець і адначасовы экспарт гарантый супраць зверстваў вайны.
З выступу суддзі Джавані Банэла ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека па справе «Аль-Скейні (Al-Skeini) і іншыя супраць Вялікабрытаніі».11

Міжнародны крымінальны суд

У другой палове ХХ стагоддзя з'явіўся рух за стварэнне пастаяннага суда для разгляду самых цяжкіх злачынстваў супраць чалавечнасці. У 1998 годзе быў прыняты Рымскі статут, які стварыў прававую аснову для стварэння Міжнароднага крымінальнага суда (МКС). МКС быў створаны ў ліпені 2002 года і засядае ў Гаазе ў Нідэрландах.
МКС з'яўляецца першым пастаянным міжнародным судом, які створаны для пакарання за ваенныя злачынствы, злачынствы супраць чалавечнасці, генацыд і злачынствы агрэсіі. Нягледзячы на тое, што Рымскі статут ратыфікуецца дзяржавамі, МКС пераследуе пэўных асоб, адказных за злачынствы, а не дзяржавы. На 1 студзеня 2012 года бакамі ў Рымскім статуце Міжнароднага крымінальнага суда з'яўляюцца 119 краін, у тым ліку амаль усе краіны Еўропы, але пры гэтым у гэты спіс не ўваходзяць такія дзяржавы, як ЗША, Індыя, Кітай і Расія. Суд праводзіў расследаванне канфліктаў у Судане, Кеніі, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Угандзе, Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы і Лівіі.

Пытанне: Ці можаце вы назваць якіх-небудзь асоб, адказных за ваенныя злачынствы, злачынствы супраць чалавечнасці, генацыд, злачынствы агрэсіі, якія павінны паўстаць перад Міжнародным крымінальным судом?

Такім чынам, развязванне агрэсіўнай вайны – гэта не толькі міжнароднае злачынства; гэта найгоршае міжнароднае ваеннае злачынства, якое адрозніваецца ад іншых ваенных злачынстваў толькі тым, што яно ўтрымлівае ў сабе назапашанае зло ў яго абсалютным маштабе.
Роберт Джэксан, галоўны амерыканскі абвінаваўца на Нюрнбергскім працэсе

Тэрарызм і міжнароднае права

Распрацоўка міжнароднага заканадаўства ў дачыненні да тэрарызму сутыкнулася з праблемамі, у асноўным з-за складанасцей у падрыхтоўцы агульнага вызначэння гэтага тэрміна. Савет Еўропы падрыхтаваў звод кіруючых прынцыпаў12, на падставе якіх можна правесці мяжу, для таго каб не парушаць іншыя міжнародныя дагаворы або пагаднення.

Гэтыя кіруючыя прынцыпы змяшчаюць наступныя асноўныя палажэнні:

  • Павага да правоў чалавека, вяршэнства права і забарона дыскрымінацыі.
  • Абсалютная забарона катаванняў: «Выкарыстанне катаванняў або бесчалавечнага ці зневажальнага абыходжання або пакарання забараняецца абсалютна, пры ўсіх абставінах...»
  • Збор і апрацоўка персанальных даных павінны быць законнымі і адпаведнымі пастаўленай мэце.
  • Меры, якія ўяўляюць сабой умяшанне ў прыватнае жыццё, павінны быць прадугледжаны законам.
  • Любая асоба, якая падазраецца ў тэрарыстычнай дзейнасці, можа быць арыштавана толькі ў тым выпадку, калі існуюць разумныя падазрэнні і калі ён (яна) інфармаваны аб гэтых прычынах.
  • Асоба, якая падазраецца ў тэрарыстычнай дзейнасці, мае права на справядлівы судовы разбор у разумныя тэрміны ў незалежным і непрадузятым судзе, створаным на падставе закону. У дачыненні да гэтых асоб дзейнічае прэзумпцыя невінаватасці.

Усе меры, якія прымаюцца дзяржавамі ў мэтах барацьбы з тэрарызмам, павінны паважаць правы чалавека і прынцып вяршэнства права, выключаючы пры гэтым усялякае самавольства, а таксама любыя праявы дыскрымінацыі або расізму.
Кіруючыя прынцыпы Савета Еўропы па правах чалавека і барацьбе з тэрарызмам

  • «Асоба, пазбаўленая волі ў сувязі з тэрарыстычнай дзейнасцю, павінна пры ўсіх абставінах атрымліваць такое абыходжанне, якое паважае чалавечую годнасць».
  • «Экстрадыцыя асобы ў краіну, у якой яму (ёй) пагражае смяротны прысуд ці існуе рызыка падвергнуцца катаванню або бесчалавечнаму або абыходжанню, якое зневажае годнасць, не дазваляецца».
  • «Дзяржавы ні пры якіх абставінах не могуць [...] рабіць выключэнні ў дачыненні да права на жыццё, гарантаванага міжнароднымі дакументамі, і забароны катаванняў або абыходжання ці пакарання, якое з'яўляецца бесчалавечным альбо зневажае годнасць, да прынцыпу законнасці прысудаў і мер, і ў дачыненні да забароны на адваротнае прымяненне дзеяння крымінальнага права».

Правы чалавека і тэрарызм

Існуюць дзве асноўныя сферы, у якіх можа ўзнікнуць канфлікт паміж канцэпцыяй правоў чалавека і барацьбой з тэрарызмам: першая тычыцца акта тэрарызму; другая тычыцца тых мер, якія могуць прымацца афіцыйнымі органамі ў працэсе процідзеяння тэрарызму.

Незалежна ад таго, якое вызначэнне даецца тэрарызму, і незалежна ад яго прычын або матывацыі, сам акт тэрору ў адносінах да насельніцтва ўяўляе сабой парушэнне годнасці і права людзей на асабістую бяспеку, у лепшым выпадку, і парушэнне права на жыццё – у горшым. З пункту гледжання заканадаўства ў галіне правоў чалавека сітуацыя даволі складаная, бо заканадаўства ў галіне правоў чалавека распрацоўвалася ў асноўным для абароны асоб ад парушэнняў іх правоў і свабод з боку дзяржаў. Напрыклад, Еўрапейскі суд па правах чалавека не можа судзіць тэрарыстычную групу!

Аднак урады нясуць пэўныя абавязацельствы: па-першае, з пункту гледжання абароны грамадзян ад пагроз для іх асабістай бяспекі; па-другое, з пункту гледжання выплаты кампенсацыі ахвярам, якія маглі пацярпець ад тэрарыстычных актаў; і, па-трэцяе, зразумела, яны самі павінны не прымаць удзел у здзяйсненні тэрарыстычных актаў.

Пытанне: Як вы лічыце, ці павінна краіна, якая экспартуе зброю, якая потым выкарыстоўваецца супраць мірнага насельніцтва, прыцягвацца да адказнасці за такое выкарыстанне гэтай зброі? Ці ведаеце вы, якім групам або краінам прадае зброю ваша дзяржава?

У сувязі з барацьбой з тэрарызмам узнікае шэраг пытанняў у галіне правоў чалавека – і амаль напэўна будзе захоўвацца напружанасць паміж мерамі, якія ўрад лічыць неабходным прыняць для абароны насельніцтва, і тымі правамі, якія ўрад можа злічыць неабходным абмяжоўваць у гэтых мэтах.

Сакрэтныя выдачы

У дакладзе, прадстаўленым Дыкам Марці Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы ў 2006 годзе13, аналізавалася тая дапамога, якую розныя еўрапейскія краіны аказвалі Злучаным Штатам Амерыкі для «выдачы» падазраваных тэрарыстаў у краіны, дзе ім пагражалі катаванні. У дакладзе было адзначана, што сем краін – Швецыя, Боснія і Герцагавіна, Вялікабрытанія, Італія, Македонія, Германія і Турцыя – маглі быць прыцягнуты да адказнасці за «парушэнні правоў канкрэтных асоб», паколькі яны свядома спрыялі праграме, якая прывяла да таго, што людзей заключалі пад варту без суда, прычым часта на некалькі гадоў, і падвяргалі іх катаванням. Іншыя краіны, у тым ліку Іспанія, Кіпр, Ірландыя, Грэцыя, Партугалія, Румынія і Польшча, таксама былі абвінавачаны ў «змове» са Злучанымі Штатамі. Марці заявіў, што ў яго ёсць доказы таго, што Румынія і Польшча выкарыстоўваліся як «пункты разгрузкі» зняволеных паблізу ад таемных цэнтраў утрымання пад вартай.

У сучасным канфлікце больш небяспечна быць жанчынай, чым салдатам.
Генерал-маёр Патрык Камарт, 2008 (былы камандуючы міратворчай аперацыяй ААН у Конга)

Ахвяры канфлікту

Вайна і тэрарызм маюць жахлівыя і доўгатэрміновыя наступствы для вялікай колькасці людзей. Гібель людзей падчас канфлікту – гэта толькі адзін аспект: іншымі наступствамі з'яўляюцца псіхалагічныя траўмы, знішчэнне фізічнай і эканамічнай інфраструктуры, перасяленне людзей, раны, хваробы, адсутнасць ежы, вады і энергазабеспячэння і знішчэнне даверу і нармальных чалавечых адносін. Наступствы могуць доўжыцца на працягу жыцця некалькіх пакаленняў.
З памяншэннем ліку войнаў паміж дзяржавамі і павелічэннем колькасці войнаў грамадзянскіх і ў выніку прымянення новых метадаў вядзення баявых дзеянняў, цяпер існуе яшчэ больш вялікая пагроза ў дачыненні да грамадзянскага насельніцтва, паколькі страты сярод гэтага насельніцтва перавышаюць колькасць ахвяр сярод вайскоўцаў. Паводле ацэнкі арганізацыі «ААН-жанчыны», у сучасных канфліктах 90 % ахвяр складаюць грамадзянскія асобы, прычым большасць з іх – гэта жанчыны і дзеці.14 У якасці зброі вайны выкарыстоўваюцца згвалтаванні і сексуальны гвалт, як тактыка для прыніжэння, дамінавання і запалохвання супольнасцей людзей.

Жанчыны ва ўзброеных канфліктах

У кастрычніку 2000 года Савет Бяспекі ААН прыняў Рэзалюцыю № 1325 пра жанчын ва ўзброеных канфліктах. У гэтай Рэзалюцыі змяшчаецца заклік да ўдзелу жанчын на ўсіх узроўнях прыняцця рашэнняў па ўрэгуляванні канфліктаў і будаўніцтве міру. З тых часоў Савет Бяспекі прыняў чатыры дадатковыя рэзалюцыі. Усе гэтыя пяць дакументаў сканцэнтраваны на трох ключавых мэтах:

- Умацаванне ўдзелу жанчын у працэсе прыняцця рашэнняў
- Спыненне сексуальнага гвалту і беспакаранасці
- Забеспячэнне сістэмы падсправаздачнасці

Дзеці-салдаты

Асабліва драматычнай пераменай у развіцці ваенных дзеянняў, перш за ўсё за апошнія 10 гадоў, стала выкарыстанне ў жорсткіх канфліктах дзяцей у якасці салдат. Дзеці-салдаты існуюць ва ўсіх рэгіёнах свету і ўдзельнічаюць у большасці канфліктаў. Аднак асабліва востры характар гэта праблема мае ў Афрыцы, дзе ва ўзброеных канфліктах удзельнічаюць дзеці ўжо з 9-гадовага ўзросту. Большасць дзяцей-салдат маюць узрост ад 14 да 18 гадоў. Дзяцей-салдат вярбуюць як групоўкі мяцежнікаў, так і ўрадавыя сілы.

Канвенцыя ААН аб правах дзіцяці патрабуе ад дзяржаў-удзельнікаў забяспечыць, каб ва ўзброеных дзеяннях дзеці ва ўзросце да 15 гадоў удзелу не прымалі. Аднак многія лічаць, што гэта – занадта нізкая ўзроставая планка, і таму былі вылучаны ініцыятывы па вызначэнні мінімальнага ўзросту ў 18 гадоў. Факультатыўны пратакол да Канвенцыі аб правах дзіцяці, які датычыцца ўдзелу дзяцей ва ўзброеных канфліктах (на лістапад 2011 года ў ім было 143 дзяржавы-ўдзельнікі), павысіў мінімальны ўзрост да 18 гадоў.

Еўрапейскія краіны не вярбуюць у войска падлеткаў ва ўзросце да 17 гадоў і не пасылаюць на баявыя дзеянні вайскоўцаў ва ўзросце да 18 гадоў. У Вялікабрытаніі існуе самы нізкі ўзрост набору ў войска ў Еўропе – 16 гадоў, хоць намінальна ў гэтым узросце гэта робіцца толькі для мэт ваеннай падрыхтоўкі. Вялікабрытанія падверглася шырокай крытыцы ў сувязі з гэтым з боку Камітэта ААН па правах дзіцяці. Як паведамлялася, у Чачні ў войсках мяцежнікаў знаходзіліся дзеці ва ўзросце да 18 гадоў.

Моладзь, вайна і тэрарызм

У 2011 годзе Нобелеўская прэмія міру была прысуджана сумесна Элен Джонсан-Сэрліф, Леймах Гбові і Тавакул Карман «за іх негвалтоўную барацьбу за бяспеку жанчын і правы жанчын на ўсялякі ўдзел у працэсе будаўніцтва міру».

Вайна закранае моладзь самым розным чынам. Акрамя таго, пра што гаварылася вышэй аб удзеле дзяцей-салдат, моладзь складае пераважную большасць вайскоўцаў, асабліва пры праходжанні дзяржаўнай ваеннай службы. Таму можна сказаць, што менавіта моладзь становіцца адной з першых ахвяр вайны. Калі казаць аб прафесійных войсках, то ва ўзброеныя сілы часта ідуць маладыя людзі з малазабяспечаных сем'яў, паколькі ў іх менш магчымасцей зарабіць сабе на годнае жыццё іншым спосабам.

Што я зрабіў? ... Хтосьці страціў мужа, нехта – бацьку, нехта – дзіця, нехта – немаўля, якое яшчэ нават не нарадзілася .... . Што значаць гэтыя горы трупаў? Ці з'яўляецца яны знакам перамогі ці паразы? Ці з'яўляюцца гэтыя сцярвятнікі, вароны і арлы веснікамі смерці або зла?
Ашока

Тэрарыстычныя групы часта вярбуюць моладзь для здзяйснення тэрарыстычных актаў, як гэта выявілася падчас тэрарыстычных актаў у Лондане ў 2005 годзе. Часта гэта звязваюць з тым, што моладзь шукае сваю ідэнтычнасць, і таму яна асабліва ўразлівая для экстрэмісцкіх ідэй і ідэалаў. Пры гэтым моладзь сама можа станавіцца канкрэтнай мішэнню для тэрарыстычных актаў, як гэта паказалі забойствы ў Нарвегіі і напады на школы на Каўказе.

Важную ролю ў асветніцкай працы, прысвечанай бессэнсоўнасці вайны і яе ахвярам сярод моладзі, традыцыйна адыгрываюць маладзёжныя арганізацыі. Пасля бойні падчас Першай сусветнай вайны быў створаны шэраг праграм па прымірэнні і абмену; многія з іх да гэтага часу існуюць, такія як Міжнародная грамадзянская служба або Хрысціянскі рух за мір/Маладзёжныя акцыі за мір, якія прапагандуюць міжнародныя добраахвотныя маладзёжныя праекты і працоўныя лагеры.

Арганізацыя «Еўрапейскае бюро па адмове ад ваеннай службы па меркаваннях сумлення» працуе над прызнаннем права на адмову ад ваеннай службы па меркаваннях сумлення – права на адмову ад забойстваў – як у Еўропе, так і за яе межамі.

«Міжнароднае аб’яднанне праціўнікаў вайны» – міжнародны рух, створаны ў 1921 годзе пад лозунгам: «Вайна – гэта злачынства супраць чалавечнасці. Таму я рашуча настроены не падтрымліваць любы тып вайны і імкнуся ліквідаваць усе прычыны вайны». Гэты рух выступае за адмову ад гвалту і за прымірэнне і падтрымлівае асоб, якія адмаўляюцца ад ваеннай службы па меркаваннях сумлення, а таксама асоб у пошуках прытулку, калі яны бягуць ад прызыву, або дэзерціраў.

Канцавыя зноскі

1 Боб Марлі, песня «Вайна», адаптавана з выступу Яго Імператарскай Вялікасці, Імператара Эфіопіі Хайле Селасіе ў ААН у кастрычніку 1963 года.
2  Юрыдычныя наступствы пабудовы сцяны на акупаванай Палесцінскай тэрыторыі, кансультатыўнае заключэнне Міжнароднага суда 9 ліпеня 2004 года, параграф 106.
3 Працэс «Аль-Скейні (Al-Скейні) і іншыя супраць Вялікабрытаніі», Вялікая Палата Еўрапейскага суда па правах чалавека (Заява № 55721/07), 7 ліпеня 2011 года; http://www.bailii.org/eu/cases/ECHR/2011/1093.html
4 У 1917 годзе Жанэт Рэнкін стала першай жанчынай – членам Палаты прадстаўнікоў ЗША.
5 Дэкларацыя ААН 1994 года аб мерах па ліквідацыі міжнароднага тэрарызму, дадатак да Рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі ААН 49/60, «Меры па ліквідацыі міжнароднага тэрарызму», 9 снежня 1994 года.
6 Дакумент A/CN.4/L.2, тэкст Нюрнбергскіх прынцыпаў, прынятых Камісіяй па міжнародным праве, вытрымка са штогодніка Камісіі па міжнародным праве: 1950, том  II; http://untreaty.un.org/ilc/documentation/english/a_cn4_l2.pdf 
7 Канвенцыя аб папярэджанні і пакаранні за злачынствы генацыду; http://www.un.org/millennium/law/iv-1.htm
8 http://www.physiciansforhumanrights.org/blog/us-ban-landmines-facts.html  
9 Канвенцыя (IV) аб абароне грамадзянскага насельніцтва падчас вайны. Жэнева, 12 жніўня 1949 года; http://www.icrc.org/ihl.nsf/FULL/380?OpenDocument
10 НАТА/Саюзная Рэспубліка Югаславія «Пабочная шкода» або незаконныя забойствы? Парушэнні законаў вайны з боку НАТА падчас аперацый саюзных сіл, справаздача арганізацыі Amnesty International EUR 70/18/00, чэрвень 2000 года; http://www.grip.org/bdg/g1802.html  
11 Гл. зноску 2 вышэй.
12 Правы чалавека і барацьба з тэрарызмам, Кіруючыя прынцыпы Савета Еўропы, 2005 г.; http://www.echr.coe.int/NR/rdonlyres/176C046F-C0E6-423C-A039-F66D90CC6031/0/LignesDirectrices_EN.pdf
13 Меркаваныя сакрэтныя заключэнні пад варту і незаконныя міждзяржаўныя высылкі з удзелам дзяржаў – членаў Савета Еўропы, Парламенцкая асамблея, Дак. 10957 12 чэрвеня 2006 года; http://assembly.coe.int/Documents/WorkingDocs/doc06/edoc10957.pdf
14 http://www.womenwarpeace.org/

Image2: Theme 'War and Terrorism' by Pancho

КОМПАС

Дапаможнік па адукацыі ў галіне правоў чалавека з удзелам моладзі

Web Content Display

Key Date
  • 12 FebruaryRed Hand Day
  • 24 AprilRemembrance of the Armenian Genocide
  • 8-9 MayRemembrance and Reconciliation for Those Who Lost Their Lives during the Second World War
  • 15 MayInternational Day of Conscientious Objection
  • 21 MayWorld Anti-Terrorism Day
  • 29 MayInternational Day of United Nations Peacekeepers
  • 6 AugustHiroshima Day
  • 21 SeptemberInternational Day of Peace
  • 6 NovemberInternational Day for Preventing the Exploitation of the Environment in War and Armed Conflict