Image: Theme 'Remembrance' by Pancho

Памяць – гэта тое, што фарміруе нас. Памяць – гэта тое, што вучыць нас. Мы павінны разумець, што ў ёй наша збавенне.
Эстэль Лафлін, асоба, якая перажыла халакост

Што такое гістарычная памяць?

Гістарычная памяць (Remembrance): назоўнік

  • Памяць або ўспамін у дачыненні да канкрэтнай рэчы
  • Працэс захавання ў памяці
  • Помнік або рэгістрацыя факта, асобы і г. д.
    Оксфардскі слоўнік англійскай мовы

Грубыя парушэнні правоў чалавека, такія зверствы, як халакост, гандаль рабамі, генацыд, войны і этнічныя чысткі, не так лёгка забыць або дараваць тым, хто быў імі закрануты. Тым не менш захоўваць гістарычную памяць – гэта больш, чым проста памятаць: захоўваць гістарычную памяць – значыць не даваць успамінам згаснуць або хаця б не дазваляць сабе забыць тыя жахі, якія адбываліся ў мінулым.
Калі гістарычная памяць арганізавана грамадствам або на афіцыйным узроўні ўрадамі, часта бывае, што людзей просяць памятаць пра тое, чаго яны самі нават непасрэдна не перажылі. Ахвярам або тым, хто быў закрануты падзеямі, не патрэбны такія штучныя напаміны: яны, як правіла, і самі не ў стане забыць. Афіцыйная гістарычная памяць звычайна арганізавана для таго, каб іншыя члены грамадства, тыя, хто не быў непасрэдна закрануты падзеямі, былі інфармаваны і публічна прызнавалі пакуты ахвяр.
Афіцыйная гістарычная памяць можа дапамагчы тым, хто пацярпеў ад страшнай падзеі ў мінулым, адчуць, што грамадства ў цэлым прызнае іх боль, асуджае дзеянні, якія прывялі да гэтага болю, і дае некаторыя гарантыі таго, што такія дзеянні не будуць паўтарацца ў будучыні. У гэтым сэнсе захаванне гістарычнай памяці можа стварыць пачуццё блізкасці да ахвяр, дазволіць ім не заставацца ў мінулым, а ісці наперад.

Забыць не так проста, нават калі вы хочаце забыць.
Сп-р Байджыяхэ, які перажыў генацыд у Руандзе

Аднак афіцыйнае прызнанне такіх падзей таксама можа мець важнае значэнне і для грамадства ў цэлым. Грамадства павінна «памятаць» сваю гісторыю – у тым ліку і тыя падзеі, якія закранулі жыццё многіх людзей – для таго, каб атрымаць урокі ў гісторыі і не паўтараць памылак, за якія гэта грамадства, магчыма, было адказным. Захаванне гістарычнай памяці, калі яно робіцца належным чынам, можа служыць у якасці папераджальнага сігналу для грамадства: яно можа паказаць нам, як чалавечае дзеянне або бяздзейнасць, фанатызм, расізм, нецярпімасць і іншыя адносна распаўсюджаныя стаўленні могуць прывесці, пры пэўных абставінах, да падзей, якія з’яўляюцца сапраўды жудаснымі.
Інфармацыя ў дадзеным раздзеле ахоплівае праблемы, звязаныя з пытаннем, што грамадства павінна рабіць, каб памятаць – усім разам – жудасныя падзеі, калі адбываліся масавыя парушэнні правоў чалавека.

Пытанне: Памяць пра якія падзеі афіцыйна захоўваецца ў вашай краіне?

Гістарычная памяць і правы чалавека

Вось у чым праблема з выключнасцю. Выключнае становіцца нармальным, а затым яно становіцца настолькі нязначным, што вы вымушаны рабіць яго больш выключным, і яшчэ больш выключным, і яшчэ больш выключным. І кінжал, накіраваны на ворага, у рэшце рэшт, звяртаецца супраць вас саміх, прабіваючы самую сутнасць і характар вашага грамадства і раздзіраючы менавіта тое, што ён павінен абараняць.
Суддзя Албі Сакс

Няма права чалавека, непасрэдна звязанага з захаваннем гістарычнай памяці, але тыя падзеі, якія грамадства адчувае неабходнасць памятаць, амаль заўсёды звязаны з тым, што правы чалавека пэўных груп былі цалкам праігнараваны. Мы памятаем пра нацысцкі халакост, бо падчас яго яўрэі, цыганы-рама, людзі з інваліднасцю, гомасексуалы, людзі пэўных палітычных перакананняў і славяне разглядаліся як ніжэйшыя чалавечыя істоты і цярпелі парушэнні амаль кожнага з сваіх правоў чалавека. Мы памятаем пра войны ў асноўным таму, што ў гэтыя часы гіне як мірнае насельніцтва, так і ўдзельнікі баявых дзеянняў, прычым у велізарных маштабах. Мы памятаем пра дэпартацыю або выпадкі этнічнай чысткі не толькі таму, што ахвяры адчулі на сабе сістэматычныя парушэнні правоў чалавека, але і таму, што гэтыя парушэнні былі накіраваны на гэтыя канкрэтныя групы, і толькі па прычыне таго, што гэтыя групы разглядаліся як «недалюдзі», як людзі, нявартыя валодаць усімі правамі чалавека. Мы памятаем генацыд, таму што гэта выпадкі, калі знішчэнне цэлага народа ажыццяўляецца наўмысна. Знішчэнне само па сабе – гэта жудасна, але намер знішчыць – вось што падрывае сам прынцып асноўных правоў чалавека: што ўсе людзі павінны разглядацца як роўныя ў сваёй годнасці і правах.

Канвенцыя аб папярэджанні і пакаранні злачынства генацыду

Артыкул I.
Дагаворныя бакi пацвярджаюць, што генацыд, незалежна ад таго, здзяйсняецца ён у мірны ці ваенны час, з'яўляецца злачынствам у адпаведнасці з міжнародным правам, якое яны абавязваюцца папярэджваць і караць.  
Артыкул II. У дадзенай Канвенцыі пад генацыдам разумеюцца наступныя дзеянні, якія здзяйсняюцца з намерам знішчыць, цалкам ці часткова, нацыянальную, этнічную, расавую ці рэлігійную групу:
(a) Забойства членаў групы
(b) Прычыненне сур'ёзных цялесных пашкоджанняў або разумовай шкоды членам групы
(c) Наўмыснае стварэнне для групы такіх жыццёвых умоў, якія разлічаны на яе поўнае або частковае фізічнае знішчэнне
(d) Меры, разлічаныя на прадухіленне нараджэння дзяцей у групе
(e) Гвалтоўная перадача дзяцей з адной групы ў іншую.

Якія канкрэтна правы чалавека?

Масавыя парушэнні правоў чалавека, аб якіх варта памятаць, амаль заўсёды звязаны з дыскрымінацыяй. Пры парушэннях унутры краіны – напрыклад, пры масавых дэпартацыях або этнічных чыстках – гэта, як правіла, лёгка вызначыць. Пры генацыдзе аспект дыскрымінацыі таксама вельмі ясна бачны. Аднак, што датычыцца войнаў паміж краінамі, мы рэдка задумваемся, ці не глядзім мы на людзей у краіне «ворага» як на тых, хто мае меншае значэнне, чым мы самі. Калі б мы аб гэтым задумваліся, магчыма, мы рабілі б больш намаганняў для будаўніцтва міру і правядзення перамоў, а не для вядзення баявых дзеянняў.
Адной з асаблівасцей падзей, якія краіны звычайна памятаюць, з’яўляецца тое, што яны звязаны з парушэннямі ўсіх правоў чалавека адразу. Ахвяр, якія памерлі – тых, чыё права на жыццё было праігнаравана – як правіла, афіцыйна памятаюць або афіцыйна падлічваюць. Тым не менш такія падзеі, як вайна або генацыд, таксама ўплываюць і на велізарную колькасць іншых людзей, якія хоць і «выжылі», але ўсё адно застаюцца ахвярамі – часта доўга пакутуюць пасля трагічнай падзеі.

Халакост разглядаецца як парадыгма для ўсякага роду парушэнняў правоў чалавека і злачынстваў супраць чалавечнасці; усе ахвяры прымаюцца да ўвагі.
Савет Еўропы1

Калі інфраструктура краіны разбурана або калі колькасць бежанцаў, якія спрабуюць выратавацца ад этнічных чыстак, перапаўняе службы новай краіны знаходжання, то колькасць «ахвяр» першапачатковай падзеі памнажаецца ў некалькі разоў. Новыя метады вядзення вайны такія, што пасля яе застаюцца боепрыпасы, што не разарваліся і пасля забіваюць або калечаць, хімічныя рэчывы, якія наносяць шкоду здароўю, і разбураная інфраструктура, не здольная забяспечыць асноўныя патрэбы тых, хто змог выжыць.
Калі мы не прызнаем ахвяр жудасных падзей, якія выжылі, але доўга пасля гэтага яшчэ пакутавалі, і мы не можам атрымаць дакладную карціну агульнай колькасці тых, хто мог пацярпець, то як мы можам ацаніць наступствы такіх дзеянняў? Як можам мы «памятаць» іх дакладна і як мы можам навучыцца на будучыню?

«Агент Оранж»

«Агент Оранж» – гэта хімічная зброя, якая шырока выкарыстоўвалася падчас вайны ў В'етнаме. Яе ўздзеянне на навакольнае асяроддзе і на людзей адчуваецца і сёння. Паводле ацэнак, 4,8 мільёна в'етнамцаў падвергліся ўздзеянню «Агента Оранж», у выніку чаго 400 000 чалавек загінулі або былі пакалечаны, а 500 000 дзяцей нарадзіліся з прыроджанымі недахопамі. У 2010 годзе ахвяры ўсё яшчэ шукалі справядлівасці і кампенсацыі ў судах у Злучаных Штатах Амерыкі.

Пытанне: Якія ахвяры Другой сусветнай вайны «ўлічваюцца» ў вашай краіне? На вашу думку, ці могуць быць яшчэ і іншыя людзі, якія страцілі жыццё, але якія не фігуруюць у афіцыйных падліках?

Калі забываюць правы чалавека

Гэты грэх будзе праследаваць чалавецтва да канца часу. Ён праследуе мяне. І я хачу, каб так і было.
Ян Карскі, чалавек, які перадаў паведамленне аб польскім гета антыгітлераўскай кааліцыі і якому не паверылі.

Калі страшныя падзеі прызнаюцца «афіцыйна» як нешта, што грамадства ніколі не павінна забываць, тыя, хто засталіся ў жывых, або людзі, якія пацярпелі ад падзей, могуць адчуць пэўную задаволенасць, што грамадства прызнае, што гэта дзеянне было няправільным. Яны таксама могуць спадзявацца на тое, што іх больш не разглядаюць як групу людзей, чые правы можна ігнараваць. На жаль, многія народы па ўсім свеце не атрымліваюць нават гэтай невялікай задаволенасці: колькасць страшных падзей, якія супольнасці не памятаюць, значна перавышае колькасць тых, якія мы прызнаем і памятаем.

Ёсць некаторыя падзеі, пра якія памятаюць, але мы неабавязкова можам прыгадаць або ведаць дэталі:

  • Як многа мы сапраўды ведаем пра страшныя падрабязнасці гандлю рабамі, колькасць забітых і жахлівыя ўмовы, у якіх рабоў перавозілі і прымушалі працаваць?
  • Па ўсёй Еўропе мы памятаем Другую сусветную вайну і масавыя забойствы яўрэяў, але колькі людзей памятаюць іншыя групы, якія сталі ахвярамі нацыстаў? Ці ўсведамляем мы, што ў працэнтных суадносінах да насельніцтва цыганы-рама страцілі столькі ж, калі не больш, сваіх прадстаўнікоў, колькі і яўрэі?
  • Наколькі мы прызнаем тую ролю, якую наша краіна адыгрывала падчас Другой сусветнай вайны, – на якім баку яна б ні змагалася? Вайна – гэта жудасна, і часам здаецца, што любыя сродкі могуць быць апраўданы, каб скончыць вайну або перамагчы ворага. Аднак нават падчас вайны ёсць пэўныя нормы, і масавыя бамбардзіроўкі нямецкіх гарадоў, у якіх загінулі сотні тысяч мірных жыхароў, безумоўна, гэтыя нормы парушалі.
  • Як мы ўспрымаем злачынствы сталінізму, у тым ліку масавыя дэпартацыі і голад? Хто павінен памятаць пра іх сёння?
  • Што мы робім для захавання памяці аб генацыдзе армян і іншых хрысціян у апошнія гады Асманскай імперыі?
  • Ці сапраўды нам важна даведацца пра наступствы каланіялізму ў афрыканскіх краінах, напрыклад Конга або Алжыры? Як шмат мы бы хацелі наогул не ведаць?

Пытанне: Ці пра многія з пералічаных ніжэй падзей вы чулі? Ці можаце вы падумаць пра іншыя падобныя віды злачынстваў, у якія ваша краіна была ўцягнута?

Наша будучыня будзе больш вялікай, чым наша мінулае.
Бэн Окры

Ёсць і іншыя падзеі, пра якія амаль зусім не памятаюць, нават у краінах, якія адыгралі ролю ў іх узнікненні, – і нават тады, калі мінулыя пакуты працягваюць адыгрываць пэўную ролю ў парушэннях правоў, якія назіраюцца і сёння:

  • У 1966 годзе ў Нігерыі адбылася грамадзянская вайна і былі зроблены спробы цалкам «пазбавіць» Нігерыю ад жыхароў Біяфры. Для знішчэння і ачышчэння краіны ад усіх слядоў народа ігба і жыхароў усходу краіны былі выкарыстаны ўсе магчымыя сродкі. Грамадзяне Вялікабрытаніі, Расіі, Усходняй Германіі і Егіпта таксама прымалі ўдзел у тым, што прывяло да забойстваў і катаванняў мільёнаў людзей народа Біяфры.2
  • Насельніцтва Паўночнай Амерыкі да прыбыцця Калумба ў 1492 годзе, па ацэнках, налічвала ад 1,8 да 12 мільёнаў чалавек. За наступныя чатыры сотні гадоў іх колькасць скарацілася прыкладна да 237 000 чалавек. Многія карэнныя амерыканцы былі забіты непасрэдна еўрапейскімі каланізатарамі; іншыя памерлі ад хвароб, якія былі завезены каланізатарамі.

Мы можам стаць тымі, кім мы на самай справе з’яўляемся, толькі пры радыкальнай і глыбіннай адмовы ад таго, што з нас зрабілі іншыя людзі.
Жан-Поль Сартр

«...Еўрапейскія хрысціянскія заваёўнікі сістэматычна забівалі шмат карэннага насельніцтва – на тэрыторыях ад канадскай Арктыкі да Паўднёвай Амерыкі. Яны выкарыстоўвалі ваенныя сродкі, маршы смерці, прымусовае перасяленне на неўрадлівыя землі, знішчэнне іх асноўных прадуктаў харчавання – буйвалаў – і атручэнне. Некаторыя еўрапейцы проста стралялі ў індзейцаў, для таго каб папрактыкавацца ў стральбе».3

  • У 1885 годзе па загадзе князя Леапольда Конга стала часткай Бельгіі. Здабыча велізарнай колькасці каўчуку дапамагла каралю стаць адным з самых багатых людзей у свеце. Але ў некаторых раёнах да 90 % насельніцтва было знішчана з-за таго, што яны перашкаджалі спробам задаволіць попыт на каўчук, які пастаянна павялічваўся.

«Вясковых жыхароў публічна лупцавалі, зажыва спальвалі і адсякалі ім рукі, калі яны былі няздольныя здабыць дастаткова каўчуку. Салдатам было загадана адсякаць рукі ва ўсіх тых, каго яны забілі, як доказ, што яны не змарнавалі выдадзеныя ім патроны. На самай справе кожны салдат павінен быў прадставіць адсечаную правую руку за кожны свой стрэл».4

  • У 1944 годзе амаль усё насельніцтва Чачні ў сярэдзіне зімы дэпартавалі за некалькі дзён, а шлях займаў 2 ці 3 тыдні. Іх загрузілі ў вагоны для перавозкі жывёлы і дазволілі ўзяць ежы толькі на 3 дні. Лічыцца, што падчас дарогі або пазней у ссылцы памерла ад трэці да паловы ўсяго народа. Іншыя этнічныя групы з Каўказа таксама падвергліся масавай дэпартацыі, як і палякі, паволжскія немцы, людзі з краін Балтыі і крымскія татары.

Дэпартацыя чачэнскага народа

Рэкамендацыя Еўрапейскага парламента Савету па адносінах Еўрапейскага саюза і Расіі
[Еўрапейскі парламент] лічыць, што дэпартацыя ўсяго чачэнскага народа ў Цэнтральную Азію 23 лютага 1944 года па загадзе Сталіна ўяўляе сабой акт генацыду паводле Чацвёртай гаагскай канвенцыі 1907 года і Канвенцыі аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго, прынятай Генеральнай Асамблеяй ААН 9 снежня 1948 года.5

Абарона правоў чалавека праз захаванне гістарычнай памяці

Усе тыя, хто ўсур'ёз успрыняў настаўленне «Ніколі зноў», павінны спытаць сябе – кожны раз, калі мы бачым усе жахі вакол нас у свеце – ці выкарыстоўваем мы гэту фразу як пачатак ці як канец нашай маральнай заклапочанасці.
Говард Зін, гісторык

Сувязь паміж захаваннем гістарычнай памяці і правамі чалавека павінна ахопліваць як мінулае, так і будучыню. Жудасныя падзеі, якія адбыліся праз чалавечае дзеянне або бяздзейнасць, заслугоўваюць таго, каб пра іх памяталі як знак павагі да ахвяр, якія загінулі ці пацярпелі ў мінулым. Таксама важны аспект звароту гістарычнай памяці ў будучыню, на які часцей за ўсё не звяртаюць увагі, асабліва калі гаворка ідзе пра неабходнасць прызнаць сваю ўласную ролю ва ўзнікненні страшных падзей.
Афіцыйная гістарычная памяць звычайна арганізуецца ўрадамі, а ўрады не заўсёды гатовыя прызнаць памылкі мінулага або тое, што яны прынялі меры, якія мелі сур'ёзныя наступствы з пункту гледжання правоў чалавека. Краіны звычайна памятаюць свае перамогі і сваіх ахвяр, але яны вельмі рэдка прызнаюць ахвяр іншых краін. Адзін генерал з ЗША зрабіў знакамітую заяву падчас пачатку канфлікту ў Афганістане: «Мы целы не падлічваем».Ён меў на ўвазе, што ЗША не падлічвае афганскіх ахвяр вайны, але, вядома, кожная краіна «падлічвае» сваіх ахвяр, і няважна, ці гэта ваенныя або грамадзянскія ахвяры. Колькі краін, якія і цяпер удзельнічаюць у канфлікце ў Афганістане, спрабавалі весці ўлік страт сярод грамадзянскага насельніцтва ў гэтай краіне, не кажучы ўжо пра агульную колькасць ахвяр?

Калі гістарычная памяць дапаможа нам прадухіліць будучыя масавыя парушэнні правоў чалавека, мы павінны быць сумленнымі, калі глядзім на сябе! Мы павінны ўсведамляць наступствы афіцыйнай палітыкі ў нашай краіне, якая можа прывесці да парушэнняў правоў чалавека ў іншых краінах. Мы павінны прызнаць памылкі, якія мы, магчыма, зрабілі ў мінулым, і звярнуць увагу на тыя, якія мы, магчыма, робім цяпер. Толькі тады мы можам пачаць вучыцца на іх.

Пытанне: Ці ёсць у вашай краіне якія-небудзь афіцыйныя мерапрыемствы або мемарыялы, прысвечаныя захаванню гістарычнай памяці, якія нагадваюць пра памылкі або злачынствы, учыненыя вашым урадам?

Аднаўленне справядлівасці

Нельга забыць

Фашысты сапсавалі нашы жыцці так, што нават сёння мы не можам забыць. Сёння мы блукаем па ўсёй Еўропе ў пошуках таго, што фашысты ўзялі ў нас. Сярод нас ёсць дзеці, чые маці мелі цыганскае паходжанне, а бацькі былі немцамі, дзеці, чые маці былі згвалтаваны і якія прыйшлі ў свет такім чынам, дзеці, такія як Ж.С. і А., што блукаюць з намі як цыганы-рама, а не як немцы. Яны таксама шукаюць месца, дзе яны могуць застацца і весці змястоўнае, годнае жыццё.
Сефедын Ёнуз

Вельмі цяжка пабудаваць дэмакратыю, якая паважае вяршэнства закону, калі людзі, якія здзейснілі масавыя злачынствы, не былі пакараны, і ім дазволена хадзіць па вуліцах.
Human Rights Watch

Нацысцкі халакост, разам з самой Другой сусветнай вайной, верагодна, з’яўляецца той падзеяй, якую лепш за ўсё «памятаюць» па ўсёй Еўропе. Тым не менш цыганы-рама, якія былі адной з галоўных мішэняў і ахвяр, усё яшчэ застаюцца народам, які пакутуе ад жахлівай дыскрымінацыі па ўсёй Еўропе. За апошнія некалькі гадоў у шматлікіх дзяржавах, прадстаўленых у Савеце Еўропы, можна назіраць парушэнні правоў чалавека цыганоў-рама, якія былі асуджаны міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі. Відавочна, што нашы метады «памяці» пра халакост – і таго, як вучыцца ў яго – відаць, былі недасканалымі.

Лічыцца, што існуе чатыры асноўныя элементы аднаўлення справядлівасці ў адносінах да ахвяр жахлівых злачынстваў:
1. Прызнанне факта злачынства
2. Асуджэнне дзеянняў, якія прывялі да яго
3. Кампенсацыя пацярпелым
4. Памяць пра тое, што адбылося, каб гэтыя падзеі не паўтарыліся.

Прызнанне

Ахвяра, якую яны шануюць, мае цалкам мужчынскі і ваенны характар. Могілкі не былі задуманы як месцы захавання памяці пра ахвяры жанчын, дзяцей, бежанцаў або жывёл. Могілкі былі створаны такім чынам, каб шанаваць смерць, а не іншыя перспектывы і акалічнасці жыцця тых, хто ваяваў, – страх, бруд, нуду, або гумар, таварыства і пакору.
Соня Батэн

Прызнанне таго, што адбылося, дапамагае людзям – як паасобку, так і цэлым краінам – звыкнуцца з мінулым і дапамагае ім рухацца далей у сацыяльным, палітычным і эканамічным плане. Прызнанне можа быць фармальным выбачэннем дзяржавы. У Паўднёвай Афрыцы пасля эпохі апартэіду, у Марока, Чылі і Аргенціне і ў былой Югаславіі працэсу прызнання адказнасці за злачынствы моцна паспрыяў працэс устанаўлення ісціны і прымірэння.
Несправядлівасць нельга выправіць, калі яе не прызнаваць. Пакуты цыганоў-рама практычна не прызнаваліся. Калі б гэта здарылася, магчыма, урады краін Еўропы маглі б прыняць больш рашучыя меры для аказання дапамогі людзям, чыя памяць пра пакуты ўсё яшчэ не сцерлася; і, магчыма, яны б рабілі больш, каб выкараніць дыскрымінацыю, якая існуе да цяперашняга часу.

Асуджэнне

Калі злачынствы здзяйсняюцца, неабходна праводзіць поўнае расследаванне, і тыя, хто адказны за іх, павінны быць асуджаны і прыцягнуты да суда. З моманту стварэння Міжнароднага крымінальнага суда – і з’яўлення магчымасці таго, што заявы пра злачынствы генацыду зараз могуць быць пачуты – з’явіўся шанц, што масавыя парушэнні правоў чалавека будуць разглядацца належным чынам, пасля чаго будуць вынесены прысуды. Аднак важна, каб сам Суд разглядаўся як цалкам аб'ектыўны і каб ён не паўтараў памылак Нюрнбергскага працэсу, які, на думку многіх, ажыццяўляў «правасуддзе пераможцаў». Належнае асуджэнне павінна ўлічваць ролі ўсіх бакоў любога канфлікту або любога акта генацыду – незалежна ад таго, ці здаецца знешнім назіральнікам, што галоўная віна ляжыць толькі на адным баку.
Міжнародны крымінальны трыбунал па былой Югаславіі (МКТЮ) шмат разоў быў падвергнуты крытыцы за тое, што ён не надаваў увагі бамбардзіроўцы з боку НАТА, нягледзячы на сведчанні Amnesty International і іншых праваабарончых арганізацый аб тым, што ваенныя злачынствы здзяйсняліся абодвума бакамі.

Пытанне: Ці павінны тыя, хто сцвярджае, што дзейнічалі дзеля абароны правоў чалавека, быць асуджанымі, калі яны самі парушаюць правы чалавека?

Кампенсацыя

З часоў Другой сусветнай вайны Германія прыняла шэраг законаў, якія прадугледжваюць кампенсацыю людзям, якія пацярпелі ад праследаванняў з боку нацыстаў. У 1951 годзе Конрад Адэнаўэр, першы канцлер Федэратыўнай Рэспублікі Германіі, заявіў: «Ад нашага імя былі здзейснены неймаверныя злачынствы, і неабходна выплаціць кампенсацыю і рэстытуцыю, як маральную, так і матэрыяльную, гэтым асобам, а таксама ў дачыненні да ўласнасці яўрэяў, якія так сур'ёзна пацярпелі...». Аднак праследаванне цыганоў-рама нацыстамі быў ацэнены як праследаванне на глебе расавай прыналежнасці толькі ў 1979 годзе. Хоць тады яны атрымалі права патрабаваць кампенсацыю за свае пакуты, многія з іх на той момант ужо памерлі.
Існуе дастаткова шмат іншых прыкладаў, сярод якіх, напрыклад, жанчыны, якія былі згвалтаваны падчас вайны ў былой Югаславіі і не атрымалі ніякай кампенсацыі.

Захаванне гістарычнай памяці

Нават калі пэўная падзея была прызнана годнай для таго, каб афіцыйна захоўвалася гістарычная памяць пра яе, і калі ахвяры былі прызнаны сапраўднымі ахвярамі, тое, як арганізавана захаванне гістарычнай памяці і якія пасланні транслююцца грамадству, можа замінаць таму, каб «правільныя» ўрокі былі вывучаны грамадствам. Калі б мы сапраўды добра памяталі рабства і іншыя злачынствы каланіяльнай эпохі, ці не павінны былі б краіны, якія здзейснілі гэтыя злачынствы, пераканацца, што іх людзі былі цалкам дасведчаны аб маштабах выкліканых пакут? Калі б афіцыйная памяць пра Другую сусветную вайну была сумленнай, ці не прызнавалі б мы таксама і ваенныя злачынствы, учыненыя сіламі Антыгітлераўскай кааліцыі? І калі б мы былі добра памяталі пра сам халакост, ці не прызналі б мы пакуты людзей з інваліднасцю, гомасексуалаў і цыганоў-рама? Тым не менш гэтыя тры групы да гэтага часу застаюцца аднымі з найбольш дыскрымінаваных па ўсёй Еўропе.

Пытанне: На вашу думку, якімі былі «сапраўдныя» ўрокі нацысцкага халакосту?

Пакуты яўрэяў добра вядомы і шырока прызнаюцца. Аднак акрамя прызнання агідных і злачынных дзеянняў, ад якіх пацярпелі прадстаўнікі гэтай групы, сапраўднымі ўрокамі халакосту павінны быць таксама і прызнанне дыскрымінацыі ў дачыненні да любой групы ўвогуле. Важна, пры прызнанні злачынстваў мінулага, не забывацца на тое, што ахвяры гэтых злачынстваў па-ранейшаму могуць пакутаваць ад парушэнняў правоў чалавека і ў нашы дні. У адваротным выпадку атрымліваецца, што ўрокі халакосту заключаюцца толькі ў тым, што яўрэйскі народ ніколі больш не павінен зноў пакутаваць так, як тады, а не ў тым, што ніхто іншы ўвогуле не павінен так пакутаваць.
Без прызнання, асуджэння, кампенсацыі і гістарычнай памяці верагодна, што памяць пра несправядлівасць і масавыя парушэнні правоў чалавека будзе выкарыстана для апраўдання пэўных дзеянняў. Маніпуляванне калектыўнай гістарычнай памяццю дзеля нацыянальных палітычных праграм застаецца сур'ёзнай пагрозай па ўсёй Еўропе. Палеміка аб аднаўленні годнасці ахвяр грамадзянскай вайны ў Іспаніі, якая разгарнулася ў гэтай краіне, а таксама напружанасць у адносінах паміж Арменіяй і Турцыяй у сувязі з гвалтоўным масавым перамяшчэннем насельніцтва, якое выклікала гібель многіх людзей, а таксама мэтанакіраваныя забойствы этнічных армян у 1915 годзе пры Асманскай імперыі – гэта толькі два прыклады таго, да чаго можа прывесці выкарыстанне гістарычнай памяці для стварэння большай варожасці і канфліктаў.

Вусная гісторыя

Метадалогія вуснай гісторыі засяроджвае сваю ўвагу на людзях як носьбітах гісторыі і выкарыстоўвае памяць як сродак асэнсавання мінулага ў сучаснасці. Шляхам супастаўлення асабістых успамінаў і гісторый з розных бакоў канфлікту вусная гісторыя факусіруецца на людзях і ў той жа час заахвочвае распаўсюджанне розных пунктаў гледжання ў гісторыі і садзейнічае прымірэнню. «Памятайце для будучыні» – праект DVV International (Нямецкая асацыяцыя адукацыі для дарослых), у якім вусная гісторыя выкарыстоўваецца для падтрымання прымірэння і дыялогу; праект засяроджваецца на Паўднёва-Усходняй Еўропе, але распаўсюдзіўся таксама і на іншыя рэгіёны-партнёры, у тым ліку Арменію і Турцыю і Расійскую Федэрацыю.6

Праца Савета Еўропы

Адукацыя

Мы хочам, каб мемарыялы быць цэнтрамі абмену ідэямі, а не калекцыямі костак.
Ільдэфонс Карэнгера, дырэктар «Памяці і папярэджання генацыду ў Руандзе»

Савет Еўропы, які ўзнік на руінах Другой сусветнай вайны, вызначыў свае асноўныя мэты як супрацьдзеянне таталітарным ідэалогіям, якія дамінавалі ў Еўропе ў першай палове XX стагоддзя, і барацьбу з тым, што гэтыя ідэалогіі суправаджала: з нецярпімасцю, адасобленасцю, ізаляцыяй, нянавісцю і дыскрымінацыяй. Тыя каштоўнасці, за якія выступае Савет Еўропы – дэмакратыя, правы чалавека і вяршэнства права – з'яўляюцца часткай прэвентыўных намаганняў у пасляваенны час, якія забяспечылі будаўніцтва такога еўрапейскае грамадства, якое імкнецца навучыцца паважаць роўную годнасць для ўсіх, дзякуючы ў тым ліку і міжкультурнаму дыялогу.
З 1954 года Еўрапейскай культурная канвенцыя падкрэслівае важнасць выкладання гісторыі ўсіх дзяржаў-членаў у яе еўрапейскім вымярэнні ў мэтах садзейнічання ўзаемаразуменню і прадухілення паўтарэння падобных злачынстваў супраць чалавечнасці. Тэма халакосту знайшла сваё месца менавіта ў рамках навучання і выкладання гісторыі Еўропы ў праекце XX стагоддзя ў школах.
У 2001 годзе Савет Еўропы заснаваў Дзень памяці ахвяр халакосту і прадухілення злачынстваў супраць чалавецтва з мэтай развіцця і ўмацавання выкладання гэтага прадмета ва ўсёй Еўропе. Не існуе канкрэтнай даты для Еўрапейскага дня гістарычнай памяці. Кожная дзяржава-член павінна выбраць дату, якая адпавядае яе нацыянальнай гісторыі, і такім чынам гарантаваць, што вучні ведаюць, што зараз ідзе гаворка пра іх уласную культурную спадчыну.

Супярэчнасці гісторыі не павінны трымаць у закладніках правы чалавека. Нельга дапускаць, каб аднабаковыя інтэрпрэтацыі або скажэнні гістарычных падзей прыводзілі да дыскрымінацыі меншасцей, ксенафобіі або аднаўлення канфліктаў. Новыя пакаленні не павінны быць абвінавачаны ў тым, што зрабілі некаторыя з іх продкаў.
Томас Хамарберг, камісар Савета Еўропы па правах чалавека

Парламенцкая асамблея рэгулярна заклікала да навучання гісторыі з розных пунктаў гледжання. У сваёй рэкамендацыі 1880 г. (2009 г.) асамблея зноў пацвердзіла, што «гісторыя таксама адыгрывае ключавую палітычную ролю ў сучаснай Еўропе. Яна можа спрыяць больш глыбокаму разуменню, цярпімасці і даверу паміж людзьмі і паміж народамі Еўропы, а можа і стаць сілай падзелу, гвалту і нецярпімасці». Выкладанне гісторыі можа быць сродкам падтрымання міру і прымірэння ў канфліктных і постканфліктных рэгіёнах. Гэта рэкамендацыя падкрэслівае, што можа існаваць шмат пунктаў гледжання і інтэрпрэтацыі адных і тых жа гістарычных падзей і што такі плюралістычны падыход сапраўды дапамагае ў заахвочванні студэнтаў паважаць разнастайнасць і культурныя адрозненні, у той час як традыцыйнае выкладанне гісторыі «можа ўзмацніць больш негатыўныя аспекты нацыяналізму».
«Агульныя гісторыі для Еўропы без раздзяляльных меж» (Shared Histories for a Europe Without Dividing Lines) – гэта гістарычны праект, які рэалізуецца гісторыкамі, тымі, хто распрацоўвае навучальныя праграмы, аўтарамі падручнікаў і іншых педагагічных матэрыялаў і тымі, хто рыхтуе настаўнікаў гісторыі. Праект накіраваны на вылучэнне агульнай гістарычнай спадчыны народаў Еўропы за кошт лепшых ведаў пра гістарычныя ўзаемадзеянні і збліжэнні з мэтамі прадухілення канфліктаў і забеспячэння падтрымкі працэсаў прымірэння.

…варта зрабіць усё магчымае ў адукацыйнай сферы дзеля прадухілення паўтарэння або адмаўлення факта разбуральных падзей, якімі адзначана гэта стагоддзе, а менавіта халакост, генацыд і іншыя злачынствы супраць чалавечнасці, этнічныя чысткі і масавыя парушэнні правоў чалавека і фундаментальных каштоўнасцей, якім Савет Еўропы асабліва адданы.
Камітэт міністраў Савета Еўропы7

Савет Еўропы лічыць, што распаўсюджванне памяці пра халакост і папярэджанне злачынстваў супраць чалавечнасці ідуць рука аб руку з прасоўваннем яго асноўных каштоўнасцей і міжкультурнага дыялогу. Прапановы для дзеянняў уключаюць у сябе спецыяльныя мерапрыемствы, навучанне кіраўнікоў маладзёжных рухаў, маладзёжных аб'яднанняў і спецыялізаваных НУА і наданне асаблівай увагі барацьбе з адмаўленнем халакосту і пераглядам гісторыі. Гэта будзе адбывацца пры дапамозе спецыяльнай падрыхтоўкі настаўнікаў, якія займаюцца выхаваннем падлеткаў з уразлівых груп у пошуках сваёй ідэнтычнасці, якія з вялікай верагоднасцю знаходзяцца пад уплывам дэмагогіі выключнасці або захапляюцца жахамі халакосту. У той жа час трэба надаваць увагу выкарыстанню новых сродкаў сувязі, якімі шмат карыстаецца моладзь дзеля стварэння сетак і для масавага распаўсюджання паведамленняў.

Моладзь

Гістарычная памяць актуальна для моладзі. Акрамя таго, што маладыя людзі часта ўцягваюцца ва ўзброеныя канфлікты – у якасці тых, хто здзяйсняюць парушэнні правоў чалавека або становяцца іх ахвярамі, – маладыя людзі з'яўляюцца яшчэ і асноўнай мішэнню мерапрыемстваў і праектаў па захаванні гістарычнай памяці, бо менавіта праз іх павінны ажыццяўляцца прымірэнне і дыялог. Таму для пераадолення нянавісці і перадузятасці былі створаны многія міжнародныя маладзёжныя арганізацыі; такім чынам, міжнародная салідарнасць заклікана замяніць нацыяналістычныя і ксенафобныя погляды на свет. Стварэнне франка-германскага маладзёжнага бюро ў 1963 годзе з'яўляецца прыкладам адданасці прымірэнню і той ролі, якую маладыя людзі адыгрываюць у ім. Дадзенае бюро было створана Францыяй і Германіяй для садзейнічання дыялогу і абмену паміж французскай і нямецкай моладдзю, але зараз яно таксама ўключае ў сябе іншыя краіны.

Пытанне: Як вы адчуваеце, за што ў гісторыі вашай краіны вы таксама адказны?

Народ без памяці знаходзіцца ў небяспецы страціць сваю душу.
Нгугі ва Тхіёнга

Маладзёжныя арганізацыі традыцыйна прымаюць актыўны – непасрэдны або ўскосны – удзел у мерапрыемствах па захаванні памяці разам з моладдзю. Арганізацыі, што прадстаўляюць інтарэсы маладых людзей, якія належаць да меншасцей, у Еўропе з'яўляюцца носьбітамі памяці і ідэнтычнасці гэтых супольнасцей. Такім чынам, яны маюць і проста выхаваўчую функцыю для сваіх членаў, і ролю прадстаўнікоў меншасцей у грамадстве ў цэлым. Іншыя маладзёжныя арганізацыі адыгрываюць актыўную ролю ў справе інфармавання і павышэння дасведчанасці аб сур'ёзных парушэннях правоў чалавека, а таксама ў справе садзейнічання прымірэнню і дыялогу. Як Еўрапейскі маладзёжны цэнтр, так і Еўрапейскі маладзёжны фонд актыўна падтрымліваюць такія напрамкі дзейнасці. Такая праца ўключае ў сябе ўсведамленне і вывучэнне халакосту і яго ўрокаў, генацыду ў Арменіі і Руандзе, супрацоўніцтва і пабудовы свету ў розных супольнасцях і ўдзел у дыялогу з «іншым бокам» у канфлікце, як гэта робіцца, напрыклад, у Маладзёжным лагеры міру. Еўрапейскі саюз яўрэйскіх студэнтаў у супрацоўніцтве з іншымі арганізацыямі ініцыяваў шэраг адукацыйных мерапрыемстваў, прысвечаных генацыду, шляхам аб'яднання працы над тэмай халакосту з даследаваннем іншых прыкладаў генацыду, у тым ліку ў Руандзе і ў Дарфуры.

Разбіце іх сілай прапаганды або разбіце іх сілай катавання. Не дазваляйце ім памерці; не дазваляйце ім даходзіць да той кропкі, калі ўжо будзе немагчыма задаваць ім пытанні.
Інструкцыя па правядзенні допыту, Камбоджа

План дзеянняў у інтарэсах маладых цыганоў-рама прадугледжвае важны аспект умацавання ідэнтычнасці моладзі гэтага народа; гэта ўключае ў сябе веды гісторыі цыганоў-рама і іх мовы як унутры, так і па-за межамі супольнасцей цыганоў-рама, напрыклад, мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню цыганоў-рама, а таксама Дню генацыду рама і сінці.

Канцавыя зноскі

1 www.coe.int/t/dg4/education/remembrance/archives/dayRemem_en.asp
2 http://ositaebiem.hubpages.com/hub/BIAFRA-THE-FORGOTTEN-GENOCIDE
3 www.religioustolerance.org/genocide5.htm
4 http://globalblackhistory.blogspot.co.uk/2012/02/forgotten-history-king-leopold-and.html
5 Еўрапейскі парламент, (2003/2230(INI))
6 www.historyproject.dvv-international.org 
7 Рэкамендацыя Rec (2001) 15 Камітэта міністраў дзяржаў-членаў наконт выкладання гісторыі ў Еўропе XXI стагоддзя.

compass-key-date
  • 27 JanuaryInternational Day of Commemoration in Memory of the Victims of the Holocaust
  • 8 MarchInternational Women’s Day
  • 21 MarchInternational Day for the Elimination of Racial Discrimination
  • 7 AprilDay of Remembrance of the Victims of the Rwanda Genocide
  • 1 MayInternational Workers Day
  • 5 MayEurope Day
  • 8-9 MayTime of Remembrance and Reconciliation for Those Who Lost Their Lives during the Second World War
  • 21 MayWorld Day for Cultural Diversity for Dialogue and Development
  • 26 JuneUnited Nations International Day in Support of Victims of Torture
  • 18 JulyNelson Mandela International Day
  • 2 AugustInternational Remembrance Day of the Roma Holocaust, the Porrajmos
  • 6 AugustHiroshima Day
  • 9 AugustInternational Day of the World’s Indigenous People
  • 23 AugustInternational Day for the Remembrance of the Slave Trade and its Abolition
  • 23 AugustEuropean Day of Remembrance for Victims of Stalinism and Nazism
  • 21 SeptemberInternational Day of Peace
  • 9 NovemberInternational Day Against Fascism and Antisemitism
  • 29 NovemberInternational Day of Solidarity with the Palestinian People
  • 2 DecemberInternational Day for the Abolition of Slavery