Гісторыя вучыць усяму, нават будучыні.

Ламарцін

Агляд

Удзельнікі калектыўнымі намаганнямі ствараюць храналогію падзей, якія сталі вехамі ў развіцці канцэпцыі правоў ад 2000 года да н. э. да цяперашняга часу, і робяць прагнозы на будучыню. Гэты метад таксама можа быць выкарыстаны для вывучэння гісторыі любой групы людзей.

Звязаныя правы

• Права на адукацыю, уключаючы адукацыю ў галіне правоў чалавека
• Права на жыццё, свабоду і асабістую недатыкальнасць
• Свабода рэлігіі і перакананняў

Мэты

• Даць веды пра развіццё правоў чалавека ў гісторыі
• Развіць навыкі камунікацыі і крытычнае мысленне
• Абудзіць цікавасць да вывучэння правоў чалавека і прывіць абавязак абараняць іх

Матэрыялы

• Рулон шырокага малярнага скотча
• Сцяна даўжынёй 10–12 метраў
• Блокі стыкераў 3 розных колераў
• Фліпчарт і маркеры рознага колеру

Падрыхтоўка

• Прачытайце старонкі 395–400 главы 4, каб атрымаць уяўленне пра гісторыю развіцця правоў чалавека.
• З дапамогай малярнага скотча адзначце на сцяне доўгую гарызантальную лінію на ўзроўні вачэй. Прыкладна ў 50 см ад левага краю напішыце «2000 г. да н. э. », а ў 50 см ад правага – «2010 г.» (або бягучы год). Таксама адзначце даты 1000 г. да н. э., 0 г. і 1000 г. н. э..
• На 4 стыкерах напішыце «Цывілізацыі ў Егіпце і Кітаі», «Росквіт асірыйскай, вавілонскай і мінойскай цывілізацый», «Рымская імперыя – галоўная сіла ў свеце» і «Каралеўствы Заходняй Еўропы і Візантыйская імперыя на ўсходзе».

compass-key-date
  • 23 жніўняМіжнародны дзень памяці ахвяр гандлю рабамі і яго ліквідацыі

Інструкцыі

1. Пазнаёмце ўдзельнікаў з храналагічнай лініяй. Растлумачце, што каля 4000 г. назад (2000 г. да н. э.) у Егіпце і Кітаі квітнелі першыя цывілізацыі. Каля 1000 г. да н. э. прыйшла чарга асірыйскай, вавілонскай і мінойскай цывілізацый. На мяжы першага года нашай эры галоўнай сілай былі рымляне, у 1000 г. у Заходняй Еўропе паўстала шмат каралеўстваў, а Візантыйская імперыя правіла на большай частцы ўсходу. Адзначце сённяшнюю дату.
2. Растлумачце групе, што іх задача заключаецца ў тым, каб запоўніць гэту лінію падзеямі, якія звязаны з правамі чалавека. Гэта могуць быць даты нараджэння ці смерці людзей, якія стваралі законы ці прапаведавалі справядлівасць і змагаліся за яе, даты падзей, якія змянілі ўяўленні людзей аб правах і спрыялі прыняццю законаў і канвенцый, якія абараняюць правы людзей.
3. Раздайце ўсім удзельнікам стыкеры кожнага колеру. Растлумачце, што розныя колеры адносяцца да розных катэгорый. Напрыклад, сіні колер прызначаны для важных падзей, звязаных з правамі чалавека, жоўты – для важных асоб або ўстаноў, а зялёны – для важных дакументаў і законаў. Запішыце гэту інфармацыю на фліпчарце, каб удзельнікі не заблыталіся.
4. Растлумачце, што падзеі могуць быць мясцовымі, рэгіянальнымі, нацыянальнымі або міжнароднымі. Удзельнікі павінны прыступіць да індывідуальнай працы, спрабуючы ўспомніць аднаго чалавека, адну падзею і адзін закон або канвенцыю. Кожны з іх павінен напісаць дату і назву падзеі ці асобы на стыкеры адпаведнага колеру, а затым прыклеіць яго на храналагічную лінію.
5. Мэта заключаецца ў тым, каб кожны ўдзельнік прыклеіў тры стыкеры, а група ў цэлым прыклеіла на храналагічную лінію як мага больш падзей, дат і імён. Калі хто-небудзь убачыць, што яго ідэя ўжо размешчана на сцяне, яму трэба будзе ўспомніць нешта іншае. Калі нехта зойдзе ў тупік, можна звярнуцца да сяброў ці пашукаць інфармацыю ў Інтэрнэце.
6. Падкажыце ўдзельнікам, што яны могуць чэрпаць натхненне ў падзеях на сцяне. Не забараняйце, калі хтосьці захоча адзначыць больш за тры падзеі.
7. Калі ўсе справяцца, няхай уся група збярэцца ля сцяны і азнаёміцца са стыкерамі. Папрасіце кожнага патлумачыць свой выбар дат, імён і падзей.
8. Растлумачце, што на сёння праца з гэтым практыкаваннем скончана, і папрасіце ўсіх успомніць новыя даты, імёны і падзеі да наступнага занятку. Поўны аналіз і ацэнку правядзіце пасля яго.

Аналіз і ацэнкаGoto top

  • Ці лёгка было знайсці інфармацыю для храналагічнай лініі? Якія крыніцы аказаліся карыснымі?
  • Якія звесткі больш за ўсё зацікавілі, здзівілі або шакіравалі ўдзельнікаў? Чаму?
  • Якія асноўныя сілы вызначалі развіццё правоў чалавека на працягу ўсёй гісторыі?
  • Ці важна ведаць гісторыю правоў чалавека? Чаму?
  • Якія новыя правы спатрэбяцца нам у будучыні?

Парады для фасілітатараўGoto top

Калі ў групе ёсць спецыяліст па гісторыі, даручыце яму праверыць каляндар на дакладнасць.

Памятайце, што ў свеце існуе больш за 40 розных календароў, у тым ліку кітайскі, ісламскі, індуісцкі, яўрэйскі, персідскі і будыйскі, таму нельга выключаць блытаніны ў датах: напрыклад, 2010 год у хрысціянскім календары адпавядае 1431 году ў ісламскім календары. Гэту акалічнасць варта заўсёды мець на ўвазе і тлумачыць розніцу ў датах і календарах як праяву культурнай разнастайнасці.

ВарыянтыGoto top

Падрыхтуйце карткі з датамі і падзеямі, пералічанымі ніжэй, і выкарыстайце іх для віктарыны. Зачытайце імя чалавека, падзею або закон і спытайце, хто можа назваць звязаную з імі дату. Затым замацуйце карткі на храналагічнай лініі правоў. Няхай гэтыя арыенціры стануць для групы крыніцай натхнення.
Папрасіце ўдзельнікаў знайсці выказванні вядомых людзей, прыклады дасягненняў у галіне музыкі, літаратуры і мастацтва, спартыўных мерапрыемстваў, якія спрыялі прапагандзе і сцвярджэнню правоў чалавека. Дадайце іх на сцяну.

Гэта практыкаванне можна правесці на адкрытай прасторы (у рамках семінара, у класе…); пры гэтым храналагічную лінію можна дапаўняць у любы час.

Гэты метад вельмі добра падыходзіць для дыскусіі, прысвечанай памяці і гісторыі народа. Неабходную інфармацыю можна знайсці ў Інтэрнэце па адпаведных пошукавых запытах, напрыклад «храналогія цыганоў-рама», «храналогія Арменіі» або «храналогія саамаў Лапландыі».

Прапановы па далейшай працыGoto top

Выкарыстайце адну з дат вашага календара ў якасці падставы для аб'яднання намаганняў вашай групы і іншых груп з мэтай арганізацыі мерапрыемства па прапагандзе правоў чалавека.
Калі група захоча больш даведацца пра сучасных герояў барацьбы за правы чалавека, вы можаце выканаць з імі практыкаванне  «Змагары за правы».
Калі група цікавіцца тым, як ідэі змяняюцца і развіваюцца з цягам часу, можна выканаць практыкаванне «Хутка састарэе».

Ідэі для дзеянняGoto top

Праілюструйце храналагічную лінію правоў фатаграфіямі і малюнкамі і правядзіце выстаўку або падрыхтуйце ілюстраваную храналогію правоў для адкрытага мерапрыемства з удзелам прадстаўнікоў грамадскасці.

Дадатковая інфармацыяGoto top

Кароткі спіс выбраных падзей, якія звычайна звязваюць з гісторыяй правоў чалавека:

1760 г. да н. э. – цар Вавілона Хамурапі складае «Кодэкс Хамурапі» (высечаны на вялікім камені, кодэкс абяцае «зрабіць так, каб у каралеўстве панавала правасуддзе, … і садзейнічаць дабрабыту народа»).

1440 г. да н. э. (прыблізна) – Тора Майсея дае плямёнам Ізраіля дзесяць запаведзяў, у тым ліку падрабязнае апісанне пакаранняў за парушэнне запаведзі «не забі».

528–486 г. да н. э. – у Індыі Буда прапаведуе маральнасць, павагу да жыцця, адмову ад гвалту і правільныя паводзіны.

26–33 г. н.э. – Ісус Хрыстос прапаведуе маральнасць, цярпімасць, справядлівасць, дараванне і любоў.

613–632 н. э. – прарок Магамет вучыць прынцыпам роўнасці, справядлівасці і спачування, якія выкладзены ў Каране.

930 г. – у Ісландыі заснаваны альтынг – найстарэйшы парламенцкі інстытут у свеце.

1215 г. – у Англіі падпісана Вялікая хартыя вольнасцей (гэты дакумент абмежаваў уладу караля і даў свабодным людзям права прыняць суд ад сваіх суграмадзян).

1789 г. – падпісана французская Дэкларацыя правоў чалавека і грамадзяніна (Нацыянальная асамблея прымае дэкларацыю, якая гарантуе права на свабоду, роўнасць, уласнасць, бяспеку і супраціўленне прыгнёту).

1791 г. – у Злучаных Штатах Амерыкі прыняты Біль аб правах (Кангрэс Злучаных Штатаў прымае Біль аб правах, які ўносіць папраўкі ў Канстытуцыю ЗША і гарантуе права на суд прысяжных, свабоду слова, веравызнання, сходаў і выказвання меркавання).

1807 г. – прыняты брытанскі і амерыканскі законы супраць рабства.

1859 г. – бітва пры Сальферына, якая натхніла Анры Дзюнана на стварэнне Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа і прывяла да прыняцця першай Жэнеўскай канвенцыі (па міжнародным гуманітарным праве).

1863 г. – стварэнне Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа.

1864 г. – прынята Жэнеўская канвенцыя.

1899 г. – падпісана першая Гаагская канвенцыя. Разам з Жэнеўскімі канвенцыямі яна ўтварае аснову міжнароднага гуманітарнага права.

1893 г. – Новая Зеландыя становіцца першай краінай у свеце, якая дае жанчынам права голасу.

1945 г. – канец Другой сусветнай вайны.

1945 г. – створана Арганізацыя Аб'яднаных Нацый (ААН) («… каб дадаткова ўмацаваць веру ў асноўныя правы чалавека, у годнасць i каштоўнасць чалавечай асобы…»).

1948 г. – ААН прымае Ўсеагульную дэкларацыю правоў чалавека.

1950 г. – Савет Еўропы прымае Еўрапейскую канвенцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод.

1961 г. – у выніку кампаніі ў абарону двух партугальскіх студэнтаў, прыгавораных да сямі гадоў турэмнага зняволення за тое, што сказалі тост за свабоду, была створана арганізацыя Amnesty International.

1965 г. – прынята Міжнародная канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі (уступіла ў сілу ў 1969 г.).

1966 г. – прыняты Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах і Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах (уступілі ў сілу ў 1976 г.).

1969 г. – прынята Амерыканская канвенцыя па правах чалавека (уступіла ў сілу ў 1978 г.).

1976 г. – у Саўэта ўспыхнула паўстанне, якое стала паваротным момантам вызваленчай барацьбы ў Паўднёвай Афрыцы.

1979 г. – прынята Канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (уступіла ў сілу ў 1981 г.).

1981 г. – прынята Афрыканская хартыя правоў чалавека і народаў (прынята Арганізацыяй афрыканскага адзінства, якая цяпер завецца Афрыканскі саюз).

1984 г. – прынята Канвенцыя супраць катаванняў (уступіла ў сілу ў 1987 г.).

1989 г. – прынята Канвенцыя аб правах дзіцяці (уступіла ў сілу ў 1990 г.; гэта найбольш шырока ратыфікаваны дагавор па правах чалавека, яго не ратыфікавалі толькі ЗША і Самалі).

1990 г. – прынята Каірская дэкларацыя правоў чалавека ў ісламе.

1992 г. – канферэнцыя ААН па навакольным асяроддзі і развіцці прымае «Дэкларацыю Рыа-дэ-Жанэйра па навакольным асяроддзі і развіцці».

1990 г. – прынята Міжнародная канвенцыя аб абароне правоў усіх працаўнікоў-мігрантаў і членаў іх сем'яў (уступіла ў сілу ў 2003 г.).

2007 г. – прынята Канвенцыя аб правах людзей з інваліднасцю (канвенцыя атрымала найбольшую колькасць падпісанняў сярод усіх канвенцый ААН у дзень адкрыцця для падпісання і ўступіла ў сілу ў маі 2008 г.).

http://www.gwu.edu/~erpapers/humanrights/timeline/
http://www.hreoc.gov.au/info_for_students/essentials/timeline/index.html