Image: Theme 'Children' by Pancho

Канвенцыя аб правах дзіцяці

У міжнародных нормах у вобласці правоў чалавека змяшчаецца вызначэнне дзіцяці як асобы ва ўзросце да 18 гадоў. У 2014 годзе, згодна з інфармацыяй, атрыманай ад ЮНІСЕФ, у свеце ўсяго налічвалася 2,2 млрд дзяцей (Становішча дзяцей ва ўсім свеце ў 2014 годзе ў лічбах: кожнае дзіця ўлічана).

 

Дзіця павінна ведаць, што яно цуда, таму што з самага пачатку гадоў не было і да канца іх не будзе іншага дзіцяці, падобнага да яго.
Пабла Касальс

Дзеці – гэта людзі, а гэта значыць, што ў іх ёсць такія ж самыя правы, як і ў дарослых. Аднак агульнапрызнаным з'яўляецца той факт, што дзеці маюць асаблівую патрэбу ў клопаце і дапамозе. Па гэтай прычыне яны маюць сваё ўласнае праваахоўнае пагадненне – Канвенцыю аб правах дзіцяці (КПД).
КПД была прынята Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый у 1989 годзе і ўвайшла ў сілу 2 верасня 1990 года. КПД распаўсюджваецца на ўсіх дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў у тых краінах, якія яе прынялі, – а гэта зрабілі амаль усе краіны свету. Гэту Канвенцыю не ратыфікавалі толькі Злучаныя Штаты Амерыкі і Самалі.

Чаму КПД гэтак важна?

КПД з'яўляецца праваахоўным дакументам, які быў ратыфікаваны найбольшай колькасцю дзяржаў ва ўсім свеце. Яна ўяўляе сабой вяху ў гісторыі правоў дзяцей, бо з'яўляецца першым міжнародным прававым дакументам, прынятым менавіта для абароны правоў дзяцей.

КПД не забяспечвае дзяцей дадатковымі правамі ў параўнанні з іншымі людзьмі, але яна прызнае, што дадатковыя гарантыі могуць быць неабходны для таго, каб дзеці абавязкова мелі доступ да тых правоў чалавека, якімі валодаюць усе людзі. Сярод міжнародных пагадненняў гэта Канвенцыя вылучаецца тым, што ў ёй змяшчаецца ўвесь спектр правоў чалавека: грамадзянскія, палітычныя, сацыяльныя, эканамічныя і культурныя правы.

Мацярынства і дзяцінства даюць права на асаблівую ахову і дапамогу. Усе дзеці, незалежна ад таго, у шлюбе яны нарадзіліся ці не, павінны карыстацца аднолькавай сацыяльнай абаронай.
УДПЧ, артыкул 25 (2)

КПД азначыла змену ў саміх адносінах да дзяцей, паколькі КПД разглядае дзяцей як асоб з правамі і абавязкамі, якія адлюстроўваюць іх магчымасці ў стадыі развіцця. Акрамя таго, КПД задала пэўныя рамкі для патрабавання выканання правоў дзяцей.

Калі кожнае дзіця, незалежна ад яго полу, этнічнага паходжання, сацыяльнага стану, мовы, узросту, нацыянальнасці або рэлігіі, мае гэтыя правы, тады яны таксама абавязаны паважаць адзін аднаго на прынцыпах гуманнасці. Паколькі дзеці маюць права абароны ад канфлікту, бязлітаснасці, эксплуатацыі і занядбанасці, яны таксама маюць абавязак не запалохваць і не шкодзіць адзін аднаму. Калі дзеці маюць права на чыстае асяроддзе, яны таксама абавязаны беражліва адносіцца да свайго асяроддзя.1

Пытанне: Чаму дзецям цяжэй атрымаць доступ да некаторых правоў, чым дарослым?

Як працуе КПД?

Вашы дзеці – гэта не вашы дзеці. Гэта сыны і дочкі прагі да жыцця, якую адчувае само Жыццё... Вы можаце прытуліць іх целы, а не душы, паколькі іх душы жывуць у хаце будучыні, якую вы ніколі не зможаце наведаць нават у снах.
Каліль Гібран

Кожныя 5 гадоў краіны, якія падпісалі КПД, павінны накіроўваць Камітэту па правах дзіцяці справаздачу аб прагрэсе, які быў дасягнуты ў забеспячэнні выканання правоў, якія ўваходзяць у Канвенцыю. Іншым арганізацыям таксама прапаноўваецца адпраўляць свае даклады, і вельмі часта грамадскія арганізацыі звяртаюць увагу на магчымыя парушэнні Канвенцыі, якія не былі згаданы ў афіцыйным дакладзе ўрада.
У склад Камітэта ўваходзяць незалежныя эксперты, і пасля таго, як ён разгледзіць усе атрыманыя даклады – ад урада, а таксама ад грамадскіх арганізацый – і ў Жэневе будзе праведзена сесія ў мэтах апытання прадстаўнікоў урадаў, будзе прыняты шэраг Заключных заўваг. Яны ўяўляюць сабой рэкамендацыі, якіх краіны павінны прытрымлівацца, каб выправіць ці палепшыць тыя сферы, у якіх, на думку Камітэта, Канвенцыя належным чынам не выконваецца. Калі ў наступны раз урад прадстаўляе свой даклад, эксперты правяраюць, ці былі выкананы гэтыя рэкамендацыі.

Пытанне: Пра што вы б паведамілі Камітэту па правах дзіцяці ў дачыненні да правоў дзіцяці ў вашай краіне?

Факультатыўныя пратаколы да КПД

Да КПД існуюць два факультатыўныя пратаколы, якія былі прыняты ў маі 2000 года і за выкананнем якіх таксама сочыць Камітэт па правах дзіцяці. Першы з іх – гэта Факультатыўны пратакол у дачыненні да ўдзелу дзяцей ва ўзброеным канфлікце, а другі – Факультатыўны пратакол у дачыненні да гандлю дзецьмі, дзіцячай прастытуцыі і дзіцячай парнаграфіі.
У чэрвені 2011 года Савет па правах чалавека ААН прыняў праект трэцяга Факультатыўнага пратакола ў дачыненні да працэдуры паведамленняў пра парушэнні правоў дзяцей. Новы пратакол дазволіць Камітэту па правах дзіцяці разглядаць паведамленні ад дзяцей і іх прадстаўнікоў адносна правоў, якія, як мяркуецца, парушаюцца.

Асноўныя характарыстыкі КПД

КПД змяшчае 54 артыкулы, якія ахопліваюць поўны і шырокі спектр правоў – грамадзянскіх, палітычных, культурных, сацыяльных і эканамічных, бо ўсе яны з’яўляюцца асновай для абароны правоў людзей ва ўзросце да 18 гадоў. КПД грунтуецца на 3 катэгорыях правоў і чатырох асноўных прынцыпах.

Тры катэгорыі правоў

Праваахоўныя артыкулы ў КПД можна згрупаваць у тры катэгорыі – удзел, абарона і забеспячэнне (часта вядомыя як «тры Ps», па-англійску – participation, protection і provision).

Аспект удзелу быў (і па-ранейшаму застаецца) даволі наватарскім і адлюстроўвае замацаваныя ў Канвенцыі адносіны да дзяцей як да суб’ектаў, а не аб’ектаў права. Многія дарослыя і многія грамадзянскія супольнасці схільны абыходзіцца з дзецьмі, быццам яны не ў стане самастойна мысліць або як быццам іх жаданні і пачуцці не маюць ніякага значэння, па крайняй меры ў дачыненні да рашэнняў аб іх дабрабыце. У Канвенцыі, наадварот, акцэнтуецца ідэя пра тое, што дзеці – гэта людзі, чые жаданні трэба прымаць да ўвагі. Канвенцыя заяўляе, што дзеці маюць права на павагу і дастойнае абыходжанне проста таму, што яны – людзі, незалежна ад іх узросту. Дзякуючы такому «дастойнае абыходжанне», яны могуць быць аўтаномнымі людзьмі, выказваць свае пажаданні і думкі, як толькі яны ў стане будуць гэта рабіць, паколькі гэтыя жаданні і думкі з'яўляюцца важным фактарам пры прыняцці рашэнняў у адносінах да іх.

Акрамя прызнання правоў дзяцей на ўдзел, Канвенцыя таксама лічыць, што дзецям можа спатрэбіцца асаблівая абарона, напрыклад, ад жорсткага абыходжання, гвалту, эксплуатацыі і бязлітаснасці.
Да трэцяй катэгорыі правоў адносіцца забеспячэнне, якая ахоплівае правы, неабходныя для жыццезабеспячэння і поўнага развіцця дзіцяці, напрыклад, права на нармальную ежу, чыстую ваду, жыллё, школьную адукацыю і ахову здароўя.Goto top

Пытанне:  У якой ступені вы прыслухоўваецеся да маладых людзей, з якімі працуеце, і ўлічваеце іх пажаданні?

Дзіцячы парламент у Фінляндыі

Для фінскага дзіцячага парламента ў Інтэрнэце быў створаны будынак віртуальнага парламента. Гэты віртуальны будынак забяспечвае прадстаўнікоў месцам, незалежна ад часу і месцазнаходжання, дзе яны могуць узаемадзейнічаць і садзейнічаць развіццю сваёй дзейнасці.
Кожны тыдзень у чатах сустракаюцца савет і камітэты, каб абмеркаваць пытанні і падрыхтавацца да будучых пленарных пасяджэнняў.
Удзельнікі дзіцячага парламента абмяркоўваюць пытанні на сваіх уласных форумах у анлайн-рэжыме, рэагуюць на даследаванні, прадстаўленыя кіраўнікамі, і праводзяць двухтыднёвае пленарнае пасяджэнне анлайн. Савет і ўсе дзеці таксама сустракаюцца і ў жыцці. http://www.lastenparlamentti.fi

Чатыры прынцыпы

Дзяржавы-ўдзельнікі павінны запэўніць дзіця, якое ў стане фарміраваць свае ўласныя думкі, у тым, што яно мае права свабодна выказваць такія думкі па ўсіх пытаннях, якія яго закранаюць, прычым поглядам дзіцяці неабходна ўдзяляць належную ўвагу ў адпаведнасці з узростам і сталасцю дзіцяці.
КПД, артыкул 12

У аснове ўсёй Канвенцыі ляжаць чатыры кіруючыя прынцыпы, або агульныя патрабаванні для ўсіх правоў, якія змяшчаюцца ў гэтым пагадненні. Гэтыя прынцыпы таксама маюць у пагадненні асобныя артыкулы. Калі Камітэт ААН па правах дзіцяці рыхтаваў кіруючыя рэкамендацыі для дакладаў па Канвенцыі, гэтыя прынцыпы былі пазначаны асобнымі пунктамі ў спісе для падрыхтоўкі дакладаў.

Прынцып 1: Забарона дыскрымінацыі (артыкул 2)

Артыкул аб забароне дыскрымінацыі з'яўляецца адкрытым: ён забараняе дыскрымінацыю на падставе пералічаных прыкмет, а таксама не дазваляе іншыя формы, якія канкрэтна не былі згаданы. Дзяўчынкам неабходна даваць такія ж самыя магчымасці, як і хлопчыкам, дзецям з інваліднасцю – тыя ж самыя магчымасці, што і здаровым дзецям, мусульманам – тыя, што і індусам і хрысціянам, багатым – тыя, што і бедным, і г. д.

Дзяржавы-ўдзельнікі паважаюць і забяспечваюць ажыццяўленне правоў, прадугледжаных гэтай Канвенцыяй, кожнаму дзіцяці ў межах іх юрысдыкцый без дыскрымінацыі любога роду, незалежна ад расы, колеру, полу, мовы, рэлігіі, палітычных ці іншых поглядаў, нацыянальнага, этнічнага або сацыяльнага паходжання, маёмасці, стану здароўя, нараджэння дзіцяці, яго бацькоў або законных апекуноў або іншых акалічнасцей.
КПД, артыкул 2

Прынцып 2: Найлепшыя інтарэсы дзіцяці (артыкул 3)

Дадзены прынцып звязаны з тым, што дзеці – паўнапраўныя людзі, чые інтарэсы маюць значэнне. Нават больш за тое: ён не проста вызначае, што патрэбы дзяцей маюць істотнае значэнне; ён сцвярджае, што пры прыняцці рашэнняў, якія адносяцца да дзіцяці, гэтыя патрэбы павінны ўлічвацца ў першую чаргу. Пры гэтым зусім не абавязкова маецца на ўвазе, што трэба рабіць менавіта тое, што дзіця жадае ў той ці іншы момант, таму што часам старонні назіральнік лепш разбіраецца ў інтарэсах дзіцяці, асабліва ў доўгатэрміновым плане.

Пытанне: Хто, на вашу думку, павінен вырашаць, што будзе лепш для дзіцяці: бацькі, само дзіця або дзяржаўныя органы?

Ва ўсіх дзеяннях у адносінах да дзяцей ... першачарговая ўвага павінна надавацца найлепшым інтарэсам дзіцяці.
КПД, артыкул 3

Прынцып 3: Права на жыццё, выжыванне і развіццё (артыкул 6)

Дадзены прынцып намнога шырэй, чым здаецца на першы погляд: ён накладае на дзяржавы – члены КПД абавязак звяртаць увагу не толькі на фізічнае развіццё дзяцей, а таксама на яго разумовае, духоўнае, маральнае, псіхалагічнае і сацыяльнае развіццё. Мяркуецца, што ўрады павінны «ствараць сераду», якая лепш за ўсё падыходзіць да падрыхтоўкі кожнага дзіцяці да самастойнага жыцця ў свабодным грамадстве.

Прынцып 4: Павага да поглядаў дзіцяці (артыкул 12)

Гэты прынцып ужо часткова разглядаўся вышэй у сувязі з паняццем «удзел». Калі дзяржавы-ўдзельнікі робяць справаздачу для Камітэта па правах дзіцяці, чакаецца, што яны акрэсляць магчымасці дзяцей выказваць свае меркаванні ў сям'і, школе, спецыялізаваных месцах, дзе ажыццяўляюцца розныя формы догляду, а таксама адносна працэдур, звязаных з пошукам прыстанішча.

Становішча дзяцей: факты і лічбы

Goto top

Стварэнне Камітэта па правах дзіцяці было гіганцкім крокам наперад, што паклала пачатак працэсу афіцыйнага афармлення абавязацельстваў дзяржаў і забеспячэнне пэўнай формы падсправаздачнасці. Аднак гэта быў толькі пачатак працэсу. Ва ўсіх краінах свету неабходна прайсці яшчэ доўгі шлях у вобласці правоў дзяцей, перш чым яны будуць адпавядаць стандартам, выкладзеным у Канвенцыі.

Дзяржавы-ўдзельнікі павінны забяспечваць у максімальна магчымай ступені выжыванне і развіццё дзіцяці.
КПД, артыкул 6.2

Дзеці ў свеце

З 2,2 мільярдаў дзяцей у свеце 600 млн жывуць ва ўмовах крайняй галечы. Гэта азначае, што кожнае чацвёртае дзіця жыве менш чым на адзін еўра ў дзень.2
Кожны год каля 9 мільёнаў дзяцей ва ўзросце да пяці гадоў паміраюць з прычын, якія ў большасці можна папярэдзіць. Аднак 20 гадоў таму гэта лічба была намнога вышэй, і яна працягвае зніжацца.3
Кожны дзень ад голаду паміраюць 17 000 дзяцей.
Па ацэнках ААН, каля 250 000 дзяцей – хлопцаў і дзяўчат ва ўзросце да 18 гадоў – маюць сувязь з узброенымі групоўкамі або ўзброенымі сіламі.
Больш за 100 мільёнаў дзяцей пачатковага школьнага ўзросту не наведваюць школу, пры гэтым сярод іх дзяўчат больш, чым хлопцаў.

Дзеці ў Еўропе

Дзеці ў Еўропе сутыкаюцца са шматлікімі праблемамі ў Еўропе, і статыстычныя даныя, прыведзеныя ніжэй, – толькі невялікая падборка. У іншых раздзелах гэтых глаў прыводзяцца дадатковыя падрабязнасці ў адносінах да пэўных пытанняў.

 

Правы дзяцей у Еўропе

- Многія дзеці ў Еўропе пакутуюць ад гвалту ў сям'і, супольнасці, дзіцячых установах і ў іншых умовах. У Цэнтральнай і Усходняй Еўропе 35 % апытаных школьнікаў заявілі, што над імі здзекаваліся на працягу двух месяцаў да інтэрв'ю, пры гэтым працэнт вагаўся ад 15 да 64 %.

- 19 % дзяцей у ЕС рызыкуюць апынуцца за мяжой беднасці.

- Больш чым за 626 000 дзяцей жывуць у дзіцячых інтэрнатных установах у 22 краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і Садружнасці Незалежных Дзяржаў (ЦУЕ/СНД).

- Некаторыя групы дзяцей пакутуюць ад дыскрымінацыі, часта па шматлікіх прыкметах. Напрыклад, дзеці цыган часта сутыкаюцца з выключэннем з працэсу адукацыі, і таксама абмяжоўваецца іх доступ да медыцынскіх паслуг. Многія дзеці з інваліднасцю пастаянна зведваюць прадузятасць і няхватку дасведчанасці іншых людзей, у сувязі з чым іх часта не дапускаюць да ўдзелу ў рашэннях, якія непасрэдна іх тычацца.

- Нягледзячы на тое, што Еўрапейскі саюз з'яўляецца адным з самых багатых рэгіёнаў у свеце, дзеці ў краінах рэгіёну па-ранейшаму жывуць ва ўмовах беднасці. 9 % дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў жывуць у сем'ях, дзе ў ніводнага дарослага няма аплачваемай працы. За апошнія дваццаць гадоў значна ўзраслі дзіцячая беднасць і сацыяльная ізаляцыя ў некаторых краінах ЕС, пры гэтым самыя маленькія дзеці падвяргаюцца адноснай рызыцы ў большай ступені, чым любая іншая група.

Чатыры месяцы мы не хадзілі ў школу, мы пабылі ў шасці дамах, не, у сямі дамах і шасці новых школах... Мне не падабаецца пераязджаць з месца на месца, таму што кожны раз, як я знаходжу новых сяброў, мне зноў і зноў даводзіцца пераязджаць.
Дзяўчынка, 10 гадоў, гэтыя словы ўзяты з праграмы «Паслухайце: галасы бяздомных дзяцей»

Вулічныя дзеці

ЮНІСЕФ вызначыла тры тыпы вулічных дзяцей: дзеці, якія аказаліся на вуліцы, таму што збеглі з сям'і і зараз жывуць адны на вуліцах; дзеці, якія працуюць на вуліцах і праводзяць большую частку часу на вуліцах, зарабляючы сабе на жыццё; і дзеці з сем'яў, якія жывуць на вуліцах, а дзеці разам з імі. У дакладзе, падрыхтаваным Дзіцячым таварыствам (the Children's Society) у Злучаным Каралеўстве, устаноўлена, што:

  • Колькасць непаўналетніх асоб з Марока, якія ўязджаюць у Іспанію, стабільна павялічвалася з таго часу, як Міністэрства ўнутраных спраў Іспаніі ўпершыню зарэгістравала іх у 1998 годзе. Іх колькасць павялічылася больш чым у чатыры разы з 811 у тым годзе да 3500 у 2002 годзе.
  • Колькасць дзяцей, якія працуюць на вуліцах у Санкт-Пецярбургу (Расія), складае ад 10 000 да 16 000: 20 % такіх дзяцей уцягнуты ў прастытуцыю.
  • Паводле звестак некаторых устаноў для дзяцей-сірот, ва Украіне 97 % дзяцей, якія выпускаюцца са сваіх устаноў, становяцца бяздомнымі.
  • Каля 2500 дзяцей у Грузіі аказаліся на вуліцы, каб зарабіць грошай, займаючыся жабраваннем або прастытуцыяй.Кожны год у Злучаным Каралеўстве з дому збягаюць 100 000 маладых людзей: 6,7 % уцекачоў мелі абодвух біялагічных бацькоў, 13 % – толькі аднаго з біялагічных бацькоў, у 18 % была прыёмная сям'я, а ў 30,8 % была іншая форма сямейнай арганізацыі.

Пытанне: Ці ведаеце вы колькасць вулічных дзяцей у сваёй краіне?

Гандаль людзьмі

Амаль усе эксперты лічаць, што гандаль людзьмі становіцца ўсё больш сур'ёзнай праблемай, але адна з цяжкасцей складаецца ў тым, што няма агульнага меркавання ў дачыненні да колькасці людзей, закранутай ёю. Па ацэнках урада Злучаных Штатаў, кожны год праз міжнародныя граніцы праходзяць 600 000–800 000 чалавек, якія сталі ахвярамі гандлю людзьмі. Згодна з данымі Ўпраўлення ААН па наркотыках і злачыннасці, больш за 20 % ахвяр гандлю людзьмі як унутры краін, так і па-за іх межамі – гэта дзеці.

 

Канвенцыя Савета Еўропы аб барацьбе супраць гандлю людзьмі

Канвенцыя Савета Еўропы аб барацьбе супраць гандлю людзьмі ўступіла ў сілу 1 лютага 2008 года. Дадзеная дамова заснавана на прызнанні прынцыпу, згодна з якім гандаль людзьмі з'яўляецца парушэннем правоў чалавека, а таксама падрывае годнасць і цэласць асобы чалавека. Задача гэтай усёабдымнай дамовы заключаецца ў тым, каб:

- Прадухіляць гандаль людзьмі
- Абараняць правы чалавека сярод ахвяр гандлю людзьмі
- Праследаваць па законе гандляроў людзьмі.

Канвенцыя прымяняецца да ўсіх формаў гандлю людзьмі, незалежна ад таго, хто з'яўляецца ахвярай, і ад формы эксплуатацыі.

Гвалт у адносінах да дзяцей

Цялесныя пакаранні

Шлёпанне дзяцей – гэта не проста ўрок дрэнных паводзін; гэта яскравы прыклад пагарджання правоў маленькага слабага чалавека.
Томас Хамарберг, камісар Савета Еўропы па правах чалавека

У вобласці права, якое датычыцца правоў чалавека, прызнаецца, што дзеці маюць права на абарону ад усіх формаў гвалту, у тым ліку ад цялеснага пакарання, дома, у школе або пры любых іншых умовах. Аднак супольнасці ва ўсім свеце, у тым ліку ў многіх еўрапейскіх краінах, па-ранейшаму церпяць і нават ухваляюць пэўныя формы гвалту, накіраванага супраць дзяцей, асабліва тыя, што выкарыстоўваюцца дома. У 1998 годзе Еўрапейскі суд па правах прыняў рашэнне, якое стала вяхой у беспрэцэдэнтнай практыцы (A супраць Злучанага Каралеўства) – першае судовае рашэнне, якое датычылася цялесных пакаранняў з боку бацькоў. Дзіця «A» – хлопчыка з Англіі – пабіў палкай прыёмны бацька, у выніку чаго ў хлопчыка засталіся моцныя сінякі. Еўрапейскі суд пастанавіў, што права хлопчыка на абароны ад пакарання, якое прыніжае годнасць, было парушана.
Па стане на чэрвень 2011 года цялесныя пакаранні прызнаны незаконнымі ў школах у 117 штатах, хаця толькі ў 29 з іх дзеці абаронены ад жорсткіх пакаранняў, дзе б яны ні знаходзіліся, у тым ліку і дома. Дваццаць дзве дзяржавы – члены Савета Еўропы забаранілі гвалт дома, у школах, пенітэнцыярных установах і ва ўстановах альтэрнатыўнага догляду.

Пытанне: Ці правільна забараняць любыя формы цялеснага пакарання дзяцей?

Шчасце дзіцяці з'яўляецца адной з праверак правільнасці адукацыйнай працэдуры.
Марыя Мантэсоры

Кіберцкаванне і выявы сцэн сексуальнага гвалту

Дзеці падвяргаюцца шматлікім рызыкам, калі карыстаюцца Інтэрнэтам, сярод якіх прагляд неналежнага матэрыялу, запужванне, здзекаванні і абразы ў анлайн-рэжыме, магчымасць стаць ахвярай жорсткага абыходжання і эксплуатацыі, напрыклад, схіленне дзяцей да распусных дзеянняў. Людзі, які працуюць у пастаянным кантакце з дзецьмі, могуць прыняць меры, каб абараніць іх ад такой небяспекі:
Прыняцце асобных мер, такіх як паведамленні, скаргі і пытанні, калі ім стануць вядомы сітуацыі, у якіх дзеці падвяргаліся такім рызыкам ці калі яны знаходзілі незаконныя або небяспечныя матэрыялы ў Інтэрнэце.
Інфармаванне дзяцей, дзякуючы распаўсюджанню інфармацыі і абмеркаванню з імі гэтай тэмы.
Інфармаванне бацькоў, якія павінны ведаць пра небяспеку карыстання Інтэрнэтам і магчымасці кантролю тых сайтаў, якія дзеці наведваюць.

Савет Еўропы распрацаваў інтэрактыўную гульню для дзяцей пад назвай «Дзікі інтэрнэт-лес», якая дапамагае дзецям вызначыць віртуальныя пагрозы і іх пазбягаць падчас прагляду старонак у Інтэрнэце ў бяспечных умовах.

Я вырашыла, што лепей крычаць. Маўчанне з'яўляецца рэальным злачынствам супраць чалавецтва.
Надзея Мандельштам, руская пісьменніца

Сексуальны гвалт

Па існуючых даных, прыкладна кожнае пятае дзіця ў Еўропе з'яўляецца ахвярай нейкай формы сексуальнага гвалту. Лічыцца, што ў 70–85 % выпадкаў гвалтаўнік – гэта хтосьці, каго дзіця ведае і якому давярае. Дзіцячы сексуальны гвалт можа прымаць шматлікія формы: сексуальныя здзекаванні ў сям'і, дзіцячая парнаграфія і прастытуцыя, разбэшчванне, дамаганні ў Інтэрнэце і сексуальны гвалт з боку равеснікаў.
Сексуальны гвалт супраць дзяцей існуе ў кожнай краіне Еўропы, аднак шматлікія перашкоды не дазваляюць скласці дакладную карціну яго ахопу, глыбіні і характару. Пра большасць выпадкаў проста не паведамляецца, факты раскрываюцца праз многія гады, надзейную статыстыку цяжка атрымаць і не існуе стандартызаванага скаардынаванага спосабу збору даных.
Канвенцыя Савета Еўропы аб абароне дзяцей супраць сексуальнай эксплуатацыі і сексуальнага гвалту (Лансароцкая канвенцыя) змяшчае ўсе неабходныя меры для прадухілення сексуальнага гвалту, абароны дзяцей і судовага праследавання гвалтаўнікоў. Гэта першае міжнароднае пагадненне, у якім разглядаюцца ўсе формы сексуальнага гвалту супраць дзяцей. У аснове яго ляжыць падыход, заснаваны на чатырох прынцыпах: прадухіленне гвалту, абарона дзяцей-ахвяр, судовае праследаванне вінаватых і садзейнічанне партнёрству і прыняццю палітык у вобласці забеспячэння ўдзелу. У Лансароцкай канвенцыі змяшчаецца, у прыватнасці, закліканне да праверкі і падрыхтоўкі спецыялістаў, дзейнасць якіх непасрэдна звязана з дзецьмі, забеспячэння палавога выхавання і павышэння ўзроўню інфармаванасці, а таксама да выканання карэкцыйных праграм у дачыненні да патэнцыяльных правапарушальнікаў.

«КОЖНЫ ПЯТЫ»

Барацьба з сексуальным гвалтам у адносінах да дзяцей на падставе пэўных юрыдычных дакументаў і ўсёабдымныя мерапрыемствы па павышэнні ўзроўню інфармаванасці – вось дзве стратэгічныя задачы праграмы Савета Еўропы «Будуем Еўропу для дзяцей і разам з дзецьмі». У лістападзе 2010 года была запушчана кампанія «КОЖНЫ ПЯТЫ» Савета Еўропы, накіраваная на спыненне сексуальнага гвалту ў адносінах для дзяцей. Кампанія «КОЖНЫ ПЯТЫ» мае намер дабіцца далейшага падпісання, ратыфікацыі і выканання Канвенцыі Савета Еўропы аб абароне дзяцей супраць сексуальнай эксплуатацыі і сексуальнага гвалту, а таксама ў цэлым забяспечыць дзяцей, іх сем'і (апекуноў) і супольнасці ведамі і спосабамі прадухілення і паведамлення аб сексуальным гвалце ў адносінах да дзяцей, дзякуючы чаму павышаецца дасведчанасць аб маштабах гэтай праблемы.
Дадатковую інфармацыю можна знайсці на сайце www.coe.int/oneinfive

Еўрапейскія ініцыятывы

Goto top

Савет Еўропы

Савет Еўропы і яго дзяржавы-члены прынялі шэраг юрыдычных дакументаў, праграм і рэкамендацый па рашэнні некаторых праблем, з якімі сёння сутыкаюцца дзеці ў Еўропе.
Сярод дагавораў Савета Еўропы, якія звязаны непасрэдна з дзецьмі:
Еўрапейская канвенцыя аб ажыццяўленні правоў дзяцей (2000 г.).
Канвенцыя Савета Еўропы аб абароне дзяцей супраць сексуальнай эксплуатацыі і сексуальнага гвалту (2007 г.), першы міжнародны юрыдычны дагавор, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за сексуальны гвалт у адносінах да дзяцей.
Еўрапейская канвенцыя аб усынаўленні дзяцей (перагледжана ў 2008 годзе).
Вядома, усе дагаворы ў вобласці правоў чалавека распаўсюджваюцца таксама і на дзяцей.

Будуем Еўропу для дзяцей і разам з дзецьмі

Гэта праграма была распрацавана па выніках трэцяй сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін – удзельнікаў Савета Еўропы (Варшава, 2005 год). Яна складаецца з дзвюх узаемазвязаных пазіцый: прасоўванне правоў дзяцей і абарона дзяцей супраць гвалту. Галоўная мэта праграмы – аказаць дапамогу ўсім кіраўнікам і ўдзельнікам у распрацоўцы і рэалізацыі нацыянальных стратэгій па абароне правоў дзяцей і прадухіленні гвалту ў адносінах да дзяцей.

Савет Еўропы таксама робіць акцэнт на павышэнні інфармаванасці і правядзенне кампаній па найбольш актуальных пытаннях, якія закранаюць правы людзей, і ў тым ліку правы дзяцей.
У 2007 годзе маладзёжны сектар Савета Еўропы апублікаваў «Кампасіта» – дапаможнік па навучанні дзяцей правам чалавека. Дадзены дапаможнік быў распрацаваны ў адказ на шматлікія запыты з боку спецыялістаў-практыкаў, зацікаўленых у тым, каб пашырыць адукацыю ў галіне правоў чалавека на больш юную ўзроставую групу. Далейшае распаўсюджанне «Кампасіта» па ўсёй Еўропе даказала, што адукацыя ў галіне правоў чалавека з'яўляецца эфектыўнай, пачынаючы з ранняга ўзросту.
У праграме «Выхаванне дэмакратычнай дзяржаўнасці» выкладаюцца кіруючыя прынцыпы па рэалізацыі мерапрыемстваў у сферы адукацыі, якія даюць дзецям магчымасць быць грамадзянамі і разумець механізмы функцыянавання дэмакратыі.

Еўрапейская сетка маладзёжных кансультантаў
Еўрапейская сетка маладзёжных кансультантаў пачала сваю дзейнасць у 2008 годзе. Яе мэтай з'яўляецца тое, каб актыўна прыцягваць дзяцей і моладзь у працу ENOC (Еўрапейская сетка амбудсменаў па правах дзяцей) і даць ім магчымасць быць пачутымі на еўрапейскім узроўні. Дзеці і моладзь, будучы ўладальнікамі правоў і экспертамі свайго ўласнага жыцця і серады, у якой яны растуць, змогуць прыняць удзел у мерапрыемствах ENOC, нацэленых на абмен вопытам, атрыманне амбудсменамі яснага разумення таго, што хвалюе дзяцей і як канкрэтна забяспечыць абарону і прасоўванне іх правоў, замацаваных у КПД.

Еўрапейская сетка амбудсменаў па правах дзяцей

Слова «амбудсмен» паходзіць са скандынаўскага слова «амбуд», што азначае прадстаўнік, або ўпаўнаважаны, або дэлегат. Зараз яно абазначае чалавека, які займаецца разглядам або расследаваннем скаргаў, прадстаўляе або абараняе інтарэсы і правы пэўнай групы, выступае ад імя такой групы і спрабуе палепшыць умовы як асобных людзей, так і групы ў цэлым. У цяперашні час у многіх краінах ёсць свае дзіцячыя амбудсмены, а ў 1997 годзе была створана Еўрапейская сетка амбудсменаў па правах дзяцей (ENOC). Роля такіх амбудсменаў складаецца ў тым, каб забяспечыць поўнае выкананне КПД, захоўваючы пры гэтым поўную незалежнасць ад дзяржавы і дзяржаўных органаў улады. Амбудсмен па справах дзяцей звычайна абараняе і прасоўвае інтарэсы і правы дзяцей у адносінах з дзяржаўнымі і прыватнымі органамі і назірае за ўмовамі развіцця, у якіх растуць дзеці. Па стане на 2011 год гэта сетка ўключае 39 устаноў у 30 краінах. Яе задача заключаецца ў тым, каб садзейнічаць прасоўванню і абароне правоў дзяцей.

Пытанне: Ці існуе дзіцячы амбудсмен у вашай краіне?

Еўрапейскі саюз

У 2006 годзе Еўрапейская камісія апублікавала дакумент «На шляху да распрацоўкі стратэгіі ЕС па правах дзіцяці», які надаў новы імпульс правам дзіцяці ў парадку дня Еўрапейскага саюза і змяшчае сем задач, якія датычацца дзейнасці Камісіі, а таксама крытэрыі для парадку дня ЕС на 2011 год. У 2010 годзе Камісія таксама распрацавала план дзеянняў у дачыненні да непаўналетніх без суправаджэння дарослых і ажыццяўляе паводле праграмы DAPHNE дзейнасць па барацьбе з гвалтам у адносінах да дзяцей, моладзі і жанчын. Парадак дня ЕС па правах дзіцяці накіраваны на ўмацаванне абавязацельстваў ЕС, замацаваных у Лісабонскім дагаворы і ў Хартыі па правах чалавека, па прасоўванні, абароне і выкананні правоў дзіцяці ва ўсіх адпаведных палітыках і дзеяннях ЕС. Гэты парадак дня ўключае 11 канкрэтных напрамкаў дзейнасці, дзякуючы якім ЕС можа ўносіць эфектыўны ўклад у дабрабыт і бяспеку дзяцей.

«Еўрачайлд» (Eurochild)
«Еўрачайлд» – гэта сетка арганізацый і прыватных асоб, якія працуюць па ўсёй Еўропе над тым, каб палепшыць якасць жыцця дзяцей і моладзі. «Еўрачайлд» з'яўляецца прыкладам таго, што робіць грамадзянская супольнасць у Еўропе і па-за яе межамі для абароны дзяцей, выкарыстоўваючы сеткі, даследаванні, камунікацыю і адвакацыю.
Дадатковую інфармацыю можна знайсці на сайце www.eurochild.org.

Няўрадавыя арганізацыі

Няўрадавыя арганізацыі не толькі маюць голас у працэсе маніторынгу КПД, але і ўносяць уклад у рэалізацыю правоў дзяцей дзякуючы сваёй штодзённай працы і практыцы. Важную ролю адыгрываюць таксама арагнізацыі пад кіраўніцтвам саміх дзяцей. Дзейнасць НУА уключае самыя разнастайныя праваахоўныя мерапрыемствы – ад адукацыі ў вобласці правоў чалавека сумесна з дзецьмі да даследаванняў, ажыццяўлення ініцыятыў па абароне дзяцей, партнёрстваў з дзяржаўнымі органамі па рэалізацыі палітык у інтарэсах дзяцей, падрыхтоўкі альтэрнатыўных дакладаў па правах дзяцей і г. д.
Вось некаторыя прыклады арганізацый, якія ў рознай форме працуюць у сферы правоў дзяцей:
«Міжнародны рух дзеля абароны дзяцей» (Defence for Children International) – міжнародная НУА, прадстаўленая ў 40 краінах, чыя дзейнасць засяроджана, у прыватнасці, на правасуддзі па справах непаўналетніх, выкарыстоўваючы як непасрэдныя ўмяшальніцтвы, так і лабіраванне, маніторынг і падрыхтоўку спецыялістаў.
ECPAT (Пакладзём канец дзіцячай прастытуцыі, дзіцячай парнаграфіі і гандлю дзецьмі ў мэтах сексуальнай эксплуатацыі) – міжнародная сетка, прадстаўленая ў больш чым 70 краінах, якая працуе над выкараненнем дзіцячай прастытуцыі, дзіцячай парнаграфіі і гандлю дзецьмі ў мэтах сексуальнай эксплуатацыі.
Група НУА у падтрымку Канвенцыі аб правах дзіцяці – сетка, у склад якой уваходзяць больш за 70 нацыянальных і міжнародных НУА, задача якіх садзейнічаць прасоўванню, рэалізацыі і маніторынгу КПД.
Еўрапейскі маладзёжны форум – гэта платформа пад кіраўніцтвам моладзі, якая прадстаўляе больш за 98 нацыянальных маладзёжных саветаў і міжнародных маладзёжных арганізацый з усёй Еўропы. Маладзёжны форум працуе над пытаннямі ўдзелу моладзі шляхам прадстаўлення і заяў пра іх патрэбы і інтарэсы, а таксама інтарэсы іх арганізацый у еўрапейскіх установах, Савеце Еўропы і Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.
Еўрапейская канфедэрацыя маладзёжных клубаў (ECYC) – гэта сетка арганізацый, якія вядуць дзейнасць па справах моладзі, і маладзёжных клубаў, якія ажыццяўляюць і прасоўваюць практычную працу з моладдзю і нефармальную адукацыю праз сетку, якая складаецца з 28 удзельнікаў у 27 краінах Еўропы.
«Выратуйце дзяцей» (Save the Children) – гэта арганізацыя, прадстаўленая ў 120 краінах, з'яўляецца адной з асноўных у прасоўванні і абароне правоў дзяцей і аказанні падтрымкі дзецям, якія маюць патрэбу ў гэтым. Дзякуючы шырокаму кругу ініцыятыў – ад непасрэдных умяшанняў да адвакацыі і лабіравання, арганізацыя імкнецца стварыць свет, у якім кожнае дзіця атрымае права на выжыванне, абарону, развіццё і ўдзел.
Міжнародны рух «Сокалы» – Міжнародны сацыялістычны рух у падтрымку адукацыі (IFM-SEI) гэта міжнародны рух у падтрымку адукацыі, задачай якога з'яўляецца пашырэнне правоў і магчымасцей дзяцей і моладзі, барацьба за іх правы шляхам правядзення семінараў і курсаў падрыхтоўкі, міжнародных лагераў, канферэнцый і кампаній, звязаных з адукацыяй, адвакацыяй і непасрэднай працай з уразлівымі дзецьмі.

Goto top

Канцавыя зноскі

1 Камітэт па справах ЮНІСЕФ у Злучаным Каралеўстве, брашура: www.unicef.org/pakistan/rightsleaflet.pdf
2  «Становішча дзяцей у свеце ў 2008 годзе», ЮНІСЕФ, 2008 г.: www.unicef.org/sowc08/docs/sowc08.pdf
3 «Становішча дзяцей у свеце: спецыяльнае выданне, прымеркаванае да святкавання 20-й гадавіны Канвенцыі аб правах дзяцей», ЮНІСЕФ, 2010 г.: www.unicef.org/rightsite/sowc/pdfs/SOWC_Spec%20Ed_CRC_Main%20Report_EN_090409.pdf
4 Заява Генеральнага сакратара, «Кіраўнік ААН: ад голаду кожны дзень гіне 17 000 дзяцей», CNN, 2009 г.: http://edition.cnn.com/2009/WORLD/europe/11/17/italy.food.summit/
5 «Даклад аб гуманітарнай дзейнасці за 2009 год», ЮНІСЕФ, 2009 г.: www.unicef.pt/docs/HAR_2009_FULL_Report_English.pdf
6 Сусветны даклад аб маніторынгу, падрыхтаваны ў рамках праекта «Адукацыя для ўсіх», «Схаваны крызіс: узброеныя канфлікты і адукацыя», Oxford University Press, ЮНІСЕФ, 2011 г.: http://unesdoc.unesco.org/images/0019/001907/190743e.pdf
7 Дапаможнік для парламентарыяў № 13, 2007, Выкараненне гвалту супраць дзяцей, Міжпарламенцкі саюз і ЮНІСЕФ: www.ipu.org/PDF/publications/violence_en.pdf
8 Глядзіце вэб-сайт Еўрапейскай камісіі па справах правасуддзя: http://ec.europa.eu/justice/fundamental-rights/rights-child/index_en.htm
9 «Дома ці ў доме? Афіцыйны догляд за дзецьмі і ўсынаўленне дзяцей ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі», ЮНІСЕФ, 2010 г.: www.unicef.org/ceecis/At_home_or_in_a_home_report.pdf
10 Глядзіце: www.oecd.org/dataoecd/2/17/43198877.pdf
11 Сусветныя навіны аб вулічных дзецях, Кансорцыум у падтрымку вулічных дзяцей: http://streetkidnews.blogsome.com/ and www.streetchildren.org.uk/news.asp?newsID=73
12 «Статыстычныя даныя аб вулічных дзецях», Кансорцыум у падтрымку вулічных дзяцей, 2009 г.:  www.streetchildren.org.uk/_uploads/resources/Street_Children_Stats_FINAL.pdf
13 Глядзіце: http://england.shelter.org.uk/__data/assets/pdf_file/0004/114853/Child_Poverty_and_Housing.pdf
14 «Даклад аб гандлю людзьмі», Дзяржаўны дэпартамент ЗША, Бюро па маніторынгу і барацьбе з гандлем людзьмі, 2006 г.:  www.state.gov/g/tip/rls/tiprpt/2006/65983.htm
15 «Дзеці і цялесныя пакаранні: «Права на тое, каб цябе не білі, таксама з'яўляецца правам дзяцей», Савет Еўропы, тэматычны дакумент, 2006 г.:  https://wcd.coe.int/wcd/ViewDoc.jsp?id=1237635&Site=CM
16 Пітэр Ньюэл. Цялесныя пакаранні ў школах і Прагрэс у адносінах да ажыццяўлення забароны ўсіх цялесных пакаранняў у Еўропе і Цэнтральнай Азіі, Глабальная ініцыятыва па выкараненні ўсіх формаў цялесных пакаранняў дзяцей, 2011 г.: www.endcorporalpunishment.org
17 Еўрапейскае заканадаўства: http://europa.eu/legislation_summaries/human_rights/fundamental_rights_within_european_union/index_en.htm  
18 Глядзіце: http://eur-lex.europa.eu/LexUriServ/LexUriServ.do?uri=CELEX:52011DC0060:en:NOT

КОМПАС

Дапаможнік па адукацыі ў галіне правоў чалавека з удзелам моладзі

Web Content Display

Key Date
  • 15 MayInternational Day of Families
  • 4 JuneInternational Day of Innocent Child Victims of Aggression
  • 12 AugustInternational Youth Day
  • 20 NovemberUniversal Children’s Day