Калі б я толькі мог з кім-небудзь пагаварыць пра гэта!

Агляд

Ролевая гульня, у якой разглядаюцца праблемы:
• Міжасабовага гвалту
• Цкавання

Звязаныя правы

• Свабода ад зневажальнага абыходжання
• Права на годнасць
• Права на абарону ад усіх відаў фізічнага і псіхалагічнага гвалту

Мэты

• Больш даведацца аб прычынах і наступствах цкавання
• Развіць навыкі рашэння праблем
• Выклікаць спачуванне да ахвяр цкавання

Матэрыялы

• Копіі сюжэтаў, якія трэба будзе разыграць (па адным сюжэце на групу)
• Адзін экзэмпляр старонкі «Гісторыі з жыцця»
• Месца для правядзення ролевай гульні

compass-key-date
  • 4 чэрвеняМіжнародны дзень нявінных дзяцей – ахвяр агрэсіі

Інструкцыі

1. Апішыце практыкаванне. Растлумачце, што ўдзельнікам трэба будзе працаваць у малых групах, каб падрыхтаваць і прадставіць кароткія інсцэніроўкі на тэму цкавання.
2. Правядзіце кароткі мазгавы штурм на тэму «Што такое цкаванне?». Няхай усе прыйдуць да адзінага вызначэння гэтай з'явы, даведаюцца, якія формы яна можа прымаць і што яна можа мець месца ў любой школе, ВНУ, клубе, арганізацыі або на працоўным месцы.
3. Падзяліце ўдзельнікаў на тры групы, раздайце кожнай па адным сюжэце для пастаноўкі. Дайце 15 хвілін на падрыхтоўку і рэпетыцыю.
4. Калі ўсе групы падрыхтуюцца, запрасіце іх па чарзе прадставіць свае сюжэты.
5. Устрымайцеся ад заўваг, пакуль не выступяць усе групы, і пераходзьце да агульнага абмеркавання.

Аналіз і ацэнкаGoto top

Пачніце з абмеркавання саміх cюжэтаў.
• З якой крыніцы быў узяты матэрыял для пастаноўкі сюжэтаў? Можа, з кніг ці фільмаў пра цкаванне або з перажытага вопыту?
• Ці выглядалі пастаноўкі рэалістычнымі?
• Якія рэплікі з першага сюжэта былі канструктыўнымі і садзейнічалі вырашэнню праблемы, а якія заміналі?
• Што тычыцца другога сюжэта: ці лёгка адкрыта пагаварыць з сябрам, які сам цкуе іншых? Якая тактыка ў цэлым можа даць станоўчы вынік, а якой варта пазбягаць?
• Наконт трэцяга сюжэта: ці лёгка адкрыта пагаварыць з сябрам, які з’яўляецца ахвярай цкавання? Як знайсці прымальны для ахвяры выхад са становішча?

Цяпер папрасіце трох добраахвотнікаў зачытаць тры розныя гісторыі з жыцця. Няхай група выкажацца наконт гэтых выпадкаў, а затым пераходзьце да абмеркавання прычын цкавання, розных рэакцый на яго і правоў, якія пры гэтым парушаюцца.
• Як вы думаеце, як адчувае сябе той, хто з'яўляецца аб'ектам цкавання?
• Ці вінаваты самі ахвяры цкавання?
• Чаму адны людзі цкуюць іншых? Можа быць, з дапамогай нападкаў яны хочуць нешта даказаць?
• Ці лічыцца цкаванне формай гвалту?
• Ці звязана цкаванне з імкненнем да ўлады?
• Ці непазбежна цкаванне?
• Калі вашага сябра цкуюць, ці варта пра гэта паведаміць старэйшым, нават калі сябар падзяліўся сваёй праблемай па сакрэце?
• Якія найбольш распаўсюджаныя забабоны тычацца людзей, якіх цкуюць?
• Хто нясе адказнасць за кантроль праблемы цкавання?
• Што б вы зрабілі, калі б сталі аб'ектам цкавання?
• Што рабіць з людзьмі, якія займаюцца цкаваннем? Як прымусіць іх спыніць такія паводзіны? Ці варта іх пакараць?
• Якія правы чалавека парушаліся ў кожнай гісторыі з жыцця?

Парады для фасілітатараўGoto top

Цкаванне бывае прамое і ўскоснае. Прамое цкаванне ўключае такія паводзіны, калі кагосьці абзываюць, дражняць, штурхаюць, тузаюць, б'юць, адбіраюць сумкі і іншыя рэчы і раскідваюць іх, прымушаюць аддаць грошы ці іншую маёмасць, пагражаюць ці абражаюць па прыкмеце рэлігіі, колеру скуры, дэфекту або звычкі. Ускоснае цкаванне – гэта, напрыклад, распаўсюджванне плётак з мэтай ізаляваць ахвяру ад асяроддзя. У такой з’явы можа быць адзін або некалькі зачыншчыкаў, і накіравана яна бывае супраць канкрэтнага чалавека ці некалькіх людзей. Сутнасць як прамога, так і ўскоснага цкавання – сістэматычнае фізічнае і псіхічнае запалохванне, якое ператвараецца з часам у непарыўны ланцужок гвалту і ўціску.

Калі вы працуеце з інфармацыйна-асветніцкай групай, у клубе, каледжы або на працоўным месцы, вы можаце адаптаваць сюжэты з улікам канкрэтнай сітуацыі. Памятайце пра тое, што маладыя людзі ў вашых групах самі маглі сутыкацца з цкаваннем, таму фарміруйце групы і раздавайце сюжэты з улікам гэтага.

ВарыянтыGoto top

Замест ролевай гульні можна прапанаваць тром групам прааналізаваць кожную сітуацыю і прыдумаць свае рашэнні праблемы.

Можна засяродзіцца на адной з сітуацый і даць кожнай групе адзін і той жа сюжэт для працы. Кожная група павінна будзе прадставіць свой уласны варыянт гісторыі з магчымымі рашэннямі і альтэрнатывамі. Перавага такога падыходу заключаецца ў тым, што ён дае магчымасць лепш зразумець усе пытанні і атрымаць больш варыянтаў вырашэння праблемы.

Калі ў вас мала часу або няма месца для правядзення ролевай гульні, можна выкарыстаць гісторыі з жыцця як матэрыял для абмеркавання ў невялікіх групах. Папрасіце ўдзельнікаў абдумаць сітуацыі і прапанаваць варыянты канкрэтных рашэнняў і альтэрнатыў, а таксама расказаць, што б яны рабілі, калі б сталі аб'ектам цкавання.

Прапановы па далейшай працыGoto top

Высветліце, ці арганізавана дзе-небудзь паблізу падрыхтоўка адукатараў (маладых добраахвотнікаў) па метадзе «роўны вучыць роўнага» у сферы ўрэгулявання канфліктаў. Запрасіце выкладчыка прыйсці і выступіць перад групай і прадумайце магчымасць стварэння сістэмы пасрэдніцтва ў школе, каледжы або клубе, дзе ў ролі медыятараў будуць выступаць аднагодкі навучэнцаў.

Калі вас цікавяць прыклады ўдалага навучання па метадзе «роўны вучыць роўнага», зазірніце ў раздзел «Міратворчы праект у Афенбаху, Германія; прыклад медыяцыі сярод аднагодкаў у школах», раздзел 5.1 дапаможніка «Даміно».

Калі захочаце абмеркаваць кіберцкаванне, звярніцеся да практыкавання «Маё жыццё не шоу!». Акрамя таго, групе можна прапанаваць распрацаваць меры супраць цкавання для сваёй школы або арганізацыі. Можна распрацаваць праграму па барацьбе з цкаваннем, выкарыстоўваючы метад, апісаны ў практыкаванні «Адказ расізму».

У раздзеле 4 дапаможніка «Даміно» пад назвай «Гісторыі, расказаныя маладымі людзьмі» можна прачытаць гісторыю Габора пра тое, як яго цкавалі ў школе, бо ён яўрэй. Выкарыстайце гэты прыклад, каб пачаць дыскусію пра антысемітызм або задаць пытанне «Што б вы рабілі ў гэтай сітуацыі?».

Ідэі для дзеянняGoto top

Знайдзіце групу або асацыяцыю, якая займаецца праблемай цкавання ў вашай краіне, і прапануйце ёй сваю дапамогу.
Калі ў вас вельмі творчая група, прапануйце ёй напісаць свае сюжэты і разыграць іх.
Члены групы могуць таксама арганізаваць дэбаты на тэму цкавання ў сваіх школах або супольнасцях.
Разам з сябрамі стварыце ў сваёй школе ці супольнасці групу дапамогі маладым людзям – ахвярам цкавання.

Дадатковая інфармацыяGoto top

Людзі, якія займаюцца цкаваннем, часам не ўсведамляюць, наколькі цяжка даводзіцца ахвяры. Магчыма, яны лічаць, што проста дражняць чалавека ці разыгрываюць яго, і гэта проста «вельмі смешна». Пачацца ўсё можа менавіта з жарту, але праз пару дзён ці тыдняў гэта пачынае засмучаць таго, над кім смяюцца. Часам задзіры лічаць, што, крыўдзячы людзей, яны выглядаюць зухаватымі. Яны могуць зайздросціць чалавеку або яго знешнасці. Магчыма, яны прывыклі быць у цэнтры ўвагі, і ім не падабаецца, што хтосьці аказаўся цікавейшым за іх, таму стараюцца абразіць гэтага чалавека. Часта задзіры не маюць навыкаў зносін і не ўмеюць сябраваць. У іх могуць быць праблемы дома: калі людзі назіраюць гвалт ці абразу ў сваёй сям'і, яны пераймаюць убачанае. Ім дрэнна, і яны хочуць прычыніць боль іншым, каб тым таксама стала дрэнна. Цялесныя пакаранні таксама могуць быць прычынай цкавання, бо яны вучаць дзяцей успрымаць гвалт як прымальны і прыдатны спосаб вырашыць канфлікт або прымусіць іншых зрабіць нешта. Аб кампаніі Савета Еўропы па спыненні цялесных пакаранняў можна прачытаць у матэрыяле «Адмова ад цялесных пакаранняў дзяцей, пытанні і адказы» на сайце www.coe.int.

Задзірам патрэбна дапамога. Ім неабходна зразумець прычыны, якія прывялі іх да цкавання іншых, даведацца, як змяніць свае паводзіны, і асабліва навучыцца кіраваць сваімі пачуццямі так, каб не параніць іншых, і быць настойлівым, каб дабівацца свайго. Удзельнічаючы ў мерапрыемствах, якія дадуць ім новыя захапленні, адцягнуць іх ад цкавання і раскрыюць іх здольнасці, яны пачнуць паважаць сябе і лічыць сябе добрымі людзьмі, якія не прычыняюць болю іншым.
Дадатковую інфармацыю можна знайсці на сайтах www.bullying.co.uk, www.bullying.org, www.bullyonline.org або па пошукавым запыце «цкаванне».

Раздатачныя матэрыялыGoto top

PDFDownload as PDF

Сюжэты для ролевай гульні

Сюжэт 1
Вучань звяртаецца да адміністрацыі і спрабуе растлумачыць, што аднаго з яго аднакласнікаў пастаянна цкуюць. Дырэктар аўтарытарны і кансерватыўны. Ён лічыць, што стандарты падаюць і наогул моладзь пайшла нікуды не вартая. Класны кіраўнік не хоча браць на сябе адказнасць за тое, што адбываецца. Іншыя настаўнікі недаацэньваюць праблему і не распазнаюць здзеклівыя паводзіны. Работнік аддзела адукацыі мясцовага органа ўлады заклапочаны, але ў дадзены момант занадта завалены справамі, каб дапамагчы.

Сюжэт 2
Група вучняў спрабуе пагаварыць з прыяцелем, які цкуе вучня малодшага класа.

Сюжэт 3
Некалькі вучняў сабраліся, каб абмеркаваць, як дапамагчы прыяцелю, якога цкуе група старшакласнікаў. Яны хочуць дапамагчы свайму сябру і прадумаць розныя спосабы зрабіць гэта.

Рэальныя гісторыі

Гісторыя 1
«Мне 12 гадоў, і я цярпець не магу хадзіць у школу, бо мяне там ніхто не любіць. Там ёсць група дзяцей, якія ўвесь час абзываюцца. Яны кажуць, што я тлустая і пачварная і што мае бацькі павінны саромецца мяне. Мая лепшая сяброўка больш са мной не размаўляе і нават пасябравала з некаторымі з тых, хто мяне крыўдзіць. Я яе ненавіджу. У мяне наогул нікога няма, і я баюся, што тое, што яны сказалі пра маіх бацькоў, – праўда».
Разана

Гісторыя 2
«У гэтым годзе я перайшла ў новы каледж і з першага дня заўважыла, што некаторыя дзяўчаты дзіўна на мяне глядзяць. Потым я зразумела, што яны зайздросцяць мне, таму што я падабаюся хлопцам. Цяпер у маёй шафцы з'яўляюцца запіскі з пагрозамі. Мне таксама тэлефануюць на хатні тэлефон з пагрозамі. Мае падручнікі некалькі разоў кралі. На мінулым тыдні я пайшла ў туалет, і за мной зайшлі тры дзяўчынкі; яны сталі на мяне крычаць, пагражаць мне нажом і сказалі, што мне трэба знайсці іншае месца для вучобы, назвалі мяне распусніцай. Я больш не магу трываць. Мне страшна, я злуюся. Я спрабавала пагаварыць пра гэта з дырэктарам, але яна мяне толкам і не выслухала. Не ведаю, што мне рабіць».
Лізбет

Гісторыя 3
«Мой лепшы сябар расказаў, што некаторыя вучні з нашай школы прыстаюць да яго. Я хацеў яму дапамагчы і пайшоў з імі пагаварыць, але пасля гэтага яны сталі рабіць тое ж самае і са мной. Цяпер нас абодвух цкуюць: смяюцца з нас, робяць розныя прыкрасці і пагражаюць пабіць. Мы вырашылі нікому нічога не казаць, бо баімся, што, калі раскажам, стане яшчэ горш».
Эндру