Палкі і камяні могуць зламаць мне косці, але словы таксама могуць зрабіць мне балюча!

Агляд

Гэта практыкаванне накіравана на развіццё дасведчанасці аб злоўжываннях у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій (ІКТ) у цэлым і аб кіберцкаванні ў прыватнасці.

Звязаныя правы

• Права на свабоду думкі, перакананняў і выказвання меркавання
• Свабода ад умяшання ў асабістае жыццё, сям’ю, жыллё і перапіску
• Свабода ад бесчалавечнага абыходжання або абыходжання, якое зневажае чалавечую годнасць

Мэты

• Павысіць дасведчанасць аб неправамерным выкарыстанні мабільнага тэлефона і Інтэрнэту
• Развіць навыкі творчага мыслення і знайсці спосабы барацьбы з «кіберзлачыннасцю»
• Абудзіць пачуцці суперажывання і салідарнасці

Матэрыялы
  • Фліпчарты і ручкі
  • Спіс сцверджанняў
  • Скотч або вяроўка, каб адзначыць лінію на падлозе
Падрыхтоўка

Азнаёмцеся з парадамі для фасілітатараў і растлумачце ўдзельнікам, што такое кіберцкаванне, у чым яно праяўляецца і якія шляхі яго выкаранення. Папярэдне вывучыце гэта пытанне і даведайцеся, якія законы супраць кіберцкавання прыняты ў вашай краіне.

Key Date
  • 8 лютагаСусветны дзень бяспечнага Інтэрнэту

Інструкцыі

1Фраза «Палкі і камяні могуць зламаць мне косці, але ад слоў мне ніколі не будзе балюча» часта прыпісваецца рабам эпохі рабства ў ЗША. Ідэя заключалася ў тым, што, калі наглядчык толькі пракляў цябе і абазваў зневажальнымі словамі, то гэта было намнога лепш, чым быць жорстка пакараным пугай.

1. Пачніце з кароткага мазгавога штурму на тэму цкавання. Папрасіце ўдзельнікаў пару хвілін падумаць аб гэтай з'яве, даць ёй вызначэнне і расказаць, у чым яна праяўляецца. Затым збярыце адказы і запішыце іх на фліпчарце.
2. Паўтарыце тое ж самае на тэму кіберцкавання і запішыце адказы на новай паперы фліпчарта.
3. Адзначце на падлозе лінію з дапамогай скотча або вяроўкі, даўшы ёй назву «так-лінія». Папрасіце ўдзельнікаў выстраіцца ў дзве шарэнгі па абодва бакі «так-лініі».
4. Растлумачце, што вы збіраецеся зачытаць некалькі сцверджанняў пра кіберцкаванне і просіце даць на іх адказ, не выкарыстоўваючы слоў. Той, хто згодны са сцверджаннем, павінен зрабіць крок наперад і стаць на «так-лінію». Папрасіце ўсіх адказваць сумленна.
5. Зачытайце першае сцверджанне. Дайце ўдзельнікам час на абдумванне і адказ. Затым папрасіце іх азірнуцца кругом і звярнуць увагу на тое, колькі чалавек стала на «так-лінію».
6. Папрасіце ўсіх вярнуцца на зыходныя пазіцыі і зачытайце наступнае сцверджанне.
7. Атрымаўшы адказ на апошняе сцверджанне, збярыце ўсіх у круг і пераходзьце да аналізу і ацэнкі.

Аналіз і ацэнкаGoto top

Пачніце з каменціравання сцверджанняў і ўражанняў ад іх, а затым пераходзьце да размовы пра тое, што агульнага можна знайсці ў розных відах цкавання і як з імі змагацца.

  • Што вы ведалі пра кіберцкаванне да гэтага практыкавання?
  • Ці ўсё сцверджанні апісваюць настолькі сур’ёзныя сітуацыі, што іх можна аднесці да кіберцкавання? Чаму так? Чаму не?
  • Ці існуюць іншыя віды кіберцкавання, якія не былі згаданы?
  • Наколькі распаўсюджана такая з'ява ў вашым асяроддзі і ў вашай краіне?
  • Якія правы чалавека парушаюцца пры кіберцкаванні?
  • Чаму людзі цкуюць іншых? Чаму людзі становяцца ахвярамі?
  • Чаму людзі, якія былі ахвярамі цкавання, часам пачынаюць цкаваць іншых?
  • Што можна зрабіць, каб спыніць кіберцкаванне? Што могуць зрабіць ахвяры? Што могуць зрабіць іншыя?
  • Што вы можаце зрабіць, каб абараніць сябе ад кіберцкавання?
  • Якія правы чалавека знаходзяцца пад пагрозай, калі кагосьці цкуюць?
  • Артыкул 19 УДПЧ абвяшчае: «Кожны чалавек мае права на свабоду перакананняў і на свабоднае iх выказванне; гэта права ўключае свабоду бесперашкодна прытрымлівацца сваіх перакананняў і свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі любымі сродкамі і незалежна ад дзяржаўных меж». Ці трэба ўстанавіць абмежаванні на свабоду слова? Калі так, то якія будуць наступствы і хто павінен устанаўліваць такія межы? Калі свабода слова не можа быць абмежавана, якія будуць наступствы?

Парады для фасілітатараўGoto top

Феномен цкавання і кіберцкавання закранае далікатныя пытанні, і вы павінны быць гатовы да таго, што некаторыя ўдзельнікі будуць рэагаваць на іх вельмі эмацыянальна, успомніўшы свой уласны сумны вопыт. Людзі, якія сталі аб'ектам цкавання, звычайна перажываюць пачуццё віны і сораму і не ўсведамляюць сябе ў якасці ахвяр, а тыя, хто цкуе, магчыма, таксама не зусім разумеюць, чаму яны гэта робяць. Такім чынам, перш чым прыступаць да вывучэння тэмы кіберцкавання, добра падрыхтуйцеся і падумайце аб мэтазгоднасці запрасіць якога-небудзь эксперта ў гэтай сферы, які мог бы вам дапамагчы.

Прыклады таго, як варта адказваць на цкаванне:

  • Не адказвайце на пагрозы або зневажальныя ці паклёпніцкія паведамленні
  • Складзіце чорны спіс адрасоў электроннай пошты
  • Змяніце адрас электроннай пошты
  • Змяніце пастаўшчыка паслуг інтэрнэту
  • Змяніце рахунак мабільнага тэлефона
  • Захоўвайце абразлівыя паведамленні ў якасці доказу
  • Абмяркуйце праблему з тым, каму давяраеце. Калі вы дзіця, у нейкі момант вам давядзецца прыцягнуць дарослых
  • У некаторых сітуацыях вы можаце выступіць супраць хулігана. Арганізуйце сустрэчу з удзелам пасрэдніка і паспрабуйце дапамагчы хулігану зразумець наступствы яго дзеянняў
  • У некаторых выпадках будзе мэтазгодна звязацца з мясцовым аддзяленнем паліцыі або пракансультавацца з адвакатам

Звярніце ўвагу, што не рэкамендуецца прымаць меры ў адказ, г. зн. адказваць хулігану тым жа спосабам, таму што такія паводзіны могуць прывесці да грамадзянскага або крымінальнага іску супраць вас.

Прыклады дзеянняў, якія можна зрабіць, каб абараніць сябе ад цкавання:

  • Скараціце час у Інтэрнэце – не трэба быць анлайн увесь час.
  • Ніколі не адкрывайце электронныя паведамленні ад людзей, якіх вы не ведаеце.
  • Рэгулярна мяняйце свае паролі.
  • Не пазначайце ў сваім профілі занадта шмат асабістых даных.

Самае галоўнае ў гэтым практыкаванні заключаецца ў тым, каб удзельнікі зразумелі, што нельга маўчаць, а, наадварот, трэба абмеркаваць з кім-небудзь праблему, калі яны самі сутыкнуліся з ёй або калі сталі яе сведкам.

Адукацыя з'яўляецца ключом як да прадухілення цкавання, так і да яго спынення. Механізм гэтай з'явы вельмі складаны, і прычыны ў кожным канкрэтным выпадку бываюць рознымі, але абодва бакі – ахвяра і хуліган – павінны зразумець складанасць сацыяльных і псіхалагічных фактараў, якія ўплываюць на праблему, каб пачаць шлях да яе вырашэння. Ахвярамі становяцца часцей за ўсё людзі сарамлівыя, адчувальныя, чымсьці заклапочаныя і няўпэўненыя ў сабе; іх вылучае нізкая самаацэнка і адсутнасць сацыяльных навыкаў. Сярод фізічных асаблівасцей, якія, як правіла, становяцца прадметам цкавання, варта адзначыць такія, як залішняя вага, нізкі рост, наяўнасць інваліднасці ці прыналежнасць да іншай расы, рэлігійнай або сацыяльнай групы. Людзі, якія цкуюць іншых, робяць гэта, мяркуючы, што ў выніку яны будуць адчуваць сябе больш моцнымі і важнымі, здольнымі кіраваць іншымі людзьмі. Яны таксама думаюць, што ў вачах іншых яны будуць выглядаць экстраардынарнымі і набудуць папулярнасць. Цкаванне таксама з'яўляецца для іх спосабам прыцягнуць увагу да сваёй персоны, атрымаць тое, што хочуць, або пакараць тых, каму зайздросцяць.

ВарыянтыGoto top

Многія з тых, каго цкавалі, пазней самі пачыналі цкаваць іншых, таму вельмі важна прымусіць людзей задумацца аб асабістай адказнасці. Зачытаўшы сцверджанні, правядзіце другі раўнд, але ў гэты раз з пункту гледжання таго, хто цкуе іншых. Пры гэтым не патрабуйце ад удзельнікаў уставаць на «так-лінію» – няхай яны пастаяць на сваіх месцах і паразважаюць. Можаце адаптаваць сцверджанні наступным чынам: «Вы калі-небудзь адкрывалі чужую паштовую скрыню без згоды ўладальніка?» або «Вы калі-небудзь карысталіся чужым мабільным тэлефонам без згоды ўладальніка?»

Калі для вашай групы тэма цкавання з'яўляецца прызнанай праблемай, вы можаце разгледзець яе больш глыбока. У такіх выпадках форум-тэатр з'яўляецца добрым спосабам зразумець прычыны цкавання і выпрацаваць метады барацьбы з ім. Папрасіце ўдзельнікаў разбіцца на малыя групы, каб абмеркаваць вядомыя ім рэальныя выпадкі цкавання. Гэта можа быць інцыдэнт, у якім апынуліся яны самі або нехта з іх знаёмых. Кожная група павінна выбраць адзін эпізод, з якім яна хацела б працаваць. Удзельнікі павінны паспрабаваць уявіць сабе прычыны, якія заахвоцілі хулігана цкаваць іншых, як на самай справе адбыўся інцыдэнт, што было потым і якія былі наступствы. Затым кожная малая група павінна разыграць эпізод у форме кароткай п'есы перад усёй групай. Па завяршэнні спектакля папрасіце ўдзельнікаў паўтарыць фінальную сцэну – «што здарылася з прычыны цкавання» – і запрасіце «публіку» прапанаваць альтэрнатыўныя дзеянні ахвяр.

Прапановы па далейшай працыGoto top

Прыдумайце лозунг для кампаніі па барацьбе з кіберцкаваннем.
Распрацуйце палітыку барацьбы з кіберцкаваннем для вашай школы або клуба ці прапануйце перагледзець існуючую палітыку.
Вы можаце вывучыць іншыя аспекты гвалту, звярнуўшыся да практыкавання «Гвалт у маім жыцці».

Ідэі для дзеянняGoto top

Выкарыстайце ідэю другога варыянта фіналу, апісаную вышэй, і разыграйце вашы п'есы перад іншымі навучэнцамі, маладзёжнымі групамі ці бацькамі.
Арганізуйце публічныя дэбаты наконт гэтага пытання ў вашай школе або клубе, таму што многія настаўнікі і бацькі не ведаюць пра тое, што адбываецца.
Даведайцеся, ці праводзіцца ў вашым раёне інфармацыйная кампанія пра рызыкі і злоўжыванні ў сферы ІКТ, і падумайце, як вы можаце прыняць у ёй удзел.

Дадатковая інфармацыяGoto top

Кіберцкаванне – гэта выкарыстанне электроннай пошты, сэрвісаў імгненных паведамленняў, чатаў, пэйджараў, мабільных тэлефонаў або іншых форм інфармацыйных тэхналогій з мэтай наўмысна праследаваць ці запалохваць кагосьці або пагражаць яму. Яно можа ўключаць такія дзеянні, як:

  • Выказванне пагрозы
  • Адпраўленне правакацыйных, абразлівых паведамленняў на тэму расавай ці этнічнай прыналежнасці
  • Нападкі на гомасексуалаў
  • Спробы заразіць камп’ютар ахвяры вірусам
  • Спробы запоўніць электронную паштовую скрыню бессэнсоўнымі паведамленнямі
  • Размяшчэнне ў сетцы або распаўсюджванне лжывай інфармацыі пра чалавека з мэтай нанясення шкоды яму або яго рэпутацыі
  • Ізаляцыя кагосьці ад групы і запрашэнне іншых здзекавацца або жартаваць з яго
  • Спроба выдаць сябе за кагосьці іншага з тым, каб астатнія падумалі, што менавіта той чалавек сказаў нешта, у што сам хуліган не верыць або чаго ён не казаў
  • Распаўсюджванне фотаздымкаў чалавека, асабліва тых, на якіх ён паўстае ў няёмкай сітуацыі, без яго дазволу
  • Абмен паведамленнямі электроннай пошты без дазволу аўтара
  • Аказанне ціску на іншых з мэтай выключыць каго-небудзь з супольнасці (анлайн або афлайн)
  • Неаднаразовае адпраўленне камусьці непрыемных, злосных і абразлівых паведамленняў

Кіберцкаванне часта бывае справай рук дзяцей, але яно зусім не зводзіцца да дзяцей. Адна з самых вялікіх праблем у барацьбе з кіберцкаваннем заключаецца ў тым, што хуліган застаецца ананімным, што ўскладняе яго пошукі.
У Інтэрнэце ёсць шмат сайтаў, прысвечаных паводзінам у сітуацыі кіберцкавання. Пашукайце звесткі пра мясцовыя ініцыятывы. Агульную інфармацыю можна знайсці на наступных сайтах:
http://www.stopcyberbullying.org/
http://yp.direct.gov.uk/cyberbullying/
http://europa.eu/legislation_summaries

Канвенцыя Савета Еўропы аб кіберзлачыннасці
Канвенцыя аб кіберзлачыннасці, якая ўступіла ў сілу 1 ліпеня 2004 года, з'яўляецца першым міжнародным дагаворам аб злачынствах, якія здзяйсняюцца праз Інтэрнэт і іншыя камп’ютарныя сеткі і складаюцца, у прыватнасці, у парушэнні аўтарскіх правоў, камп’ютарным махлярстве, дзіцячай парнаграфіі і парушэнні бяспекі сеткі. Яна таксама змяшчае шэраг паўнамоцтваў і працэдур, такіх як пошук у камп’ютарных сетках і перахоп паведамленняў. Зайдзіце на http://conventions.coe.int і знайдзіце дагавор № 185.

Сцверджанні

• Ці адкрываў хто-небудзь калі-небудзь вашу паштовую скрыню без вашай згоды?
• Ці чытаў хто-небудзь калі-небудзь вашы (тэкставыя) SMS-паведамленні без вашай згоды?
• Ці дасылаў вам хто-небудзь калі-небудзь абразлівыя паведамленні, непрыемныя відарысы або відэа на ваш мабільны тэлефон або на адрас вашай электроннай пошты?
• Ці адпраўляў хто-небудзь калі-небудзь інфармацыю (фота, відэа) пра вас камусьці яшчэ без вашай згоды?
• Ці размяшчаў хто-небудзь калі-небудзь фотаздымкі або інфармацыю пра вас на вэб-сайце або на старонцы ў сацыяльных сетках без вашай згоды?
• Ці рэдагаваў хто-небудзь вашы матэрыялы фотаздымкаў або відэа без вашай згоды?
• Ці давалі вы калі-небудзь каму-небудзь вашы паролі?
• Ці абражаў вас хто-небудзь у чаце інтэрактыўнай гульні?
• Ці атрымлівалі вы калі-небудзь трывожныя (непрыемныя) тэлефонныя званкі?
• Ці рабіў хто-небудзь недарэчныя каментарыі ў вашым блогу (на вашай старонцы ў сацыяльных сетках)?
• Ці рассылаў хто-небудзь ілжывую (непрыемную) інфармацыю (чуткі) пра вас па электроннай пошце ці па SMS?
• Ці ведаеце вы каго-небудзь, хто стаў ахвярай кіберцкавання?
• Ці ведаеце вы, што існуюць спецыяльныя законы аб гвалце такога роду?
• Як вы думаеце, ці павінны быць устаноўлены межы таго, што людзі могуць размяшчаць у Інтэрнэце?
• Ці варта забараніць мабільныя тэлефоны ў школах?

Раздатачныя матэрыялыGoto top

PDFDownload as PDF

КОМПАС

Дапаможнік па адукацыі ў галіне правоў чалавека з удзелам моладзі