Image: Theme 'Democracyt' by Pancho

Ніхто не нараджаецца добрым грамадзянінам, ніводная краіна не нараджаецца дэмакратыяй. Наадварот, абодва гэтыя працэсы пастаянна развіваюцца на працягу ўсяго жыцця. І моладзь павінна быць уцягнута ў іх з самага нараджэння.
Кофі Анан

Што такое дэмакратыя?

«[Урад] народа, ад імя народа і для народа»
Аўраам Лінкальн

Слова «дэмакратыя» паходзіць ад грэчаскіх слоў demos, якое азначае народ, і kratos, якое азначае ўладу; таму дэмакратыю можна разумець як «улада народа»: спосаб праўлення, які залежыць ад волі народа.

У свеце існуе шмат розных мадэлей дэмакратычнага праўлення, і часам лягчэй зразумець ідэю дэмакратыі з пункту гледжання таго, чым яна дакладна не з'яўляецца. У гэтым выпадку дэмакратыя – гэта не аўтакратыя або дыктатура, калі правіць адна асоба; і гэта не алігархія, калі правіць невялікая частка грамадства. Пры правільным разуменні дэмакратыя не павінна быць нават «праўленнем большасці», калі гэта значыць, што поўнасцю ігнаруюцца інтарэсы меншасцей. Дэмакратыя, прынамсі ў тэорыі, – гэта праўленне ад імя народа, згодна з яго воляй.

Пытанне: Калі дэмакратыяй лічыцца праўленне народа, ці існуюць у свеце сапраўдныя дэмакратыі?

Навошта патрэбна дэмакратыя?

Ідэя дэмакратыі атрымлівае маральную сілу – а таксама і папулярнасць – дзякуючы двум асноўным прынцыпам:
1. Індывідуальная самастойнасць: Яе ідэя заключаецца ў тым, што ніхто не павінен падпарадкоўвацца правілам, якія навязваюцца іншымі. Народ павінен мець магчымасць кантраляваць сваё жыццё (у межах разумнага).
2. Роўнасць: Яе ідэя заключаецца ў тым, што кожны павінен мець аднолькавую магчымасць уплываць на рашэнні, якія закранаюць людзей у грамадстве.

Гэтыя прынцыпы самі па сабе прывабныя, і яны дапамагаюць зразумець, чаму дэмакратыя гэтак папулярна. Зразумела, мы ўсе лічым, што было б справядліва, каб у кожнага з нас былі роўныя магчымасці прымаць рашэнні ў дачыненні да агульных правілаў!

Праблемы ўзнікаюць тады, калі мы пачынаем разважаць аб тым, як гэтыя прынцыпы можна ажыццявіць на практыцы, паколькі нам неабходны механізм, які дапаможа вызначыць спосаб разгляду супрацьлеглых пунктаў гледжання. Прапаноўваючы просты механізм, дэмакратыя, як правіла, з'яўляецца «праўленнем большасці»; але праўленне большасці можа азначаць, што інтарэсы некаторых людзей усё роўна ніколі не будуць прадстаўлены. Больш прымальны падыход да прадстаўніцтва інтарэсаў кожнага – гэта рашэнні, якія прымаюцца на аснове кансэнсусу, калі мэта заключаецца ў тым, каб знайсці агульныя кропкі сутыкнення інтарэсаў.

Пытанне: Якія ёсць перавагі і недахопы прыняцця рашэнняў кансэнсусам у параўнанні з праўленнем большасці? Як прымаюцца рашэнні ў вашай маладзёжнай групе?

Развіццё дэмакратыі

Старажытная гісторыя

Стварэнне самай першай дэмакратыі прыпісваецца старажытным грэкам, хаця амаль напэўна ёсць больш раннія прыклады прымітыўнай дэмакратыі ў іншых частках свету. Грэчаская мадэль была створана ў V стагоддзі да н. э. у Афінах. Сярод вялікай колькасці аўтакратый і алігархій – якія былі звычайнай формай праўлення ў той час – афінская дэмакратыя відавочна вылучалася.
Аднак у параўнанні з тым, што мы разумеем пад дэмакратыяй сёння, афінская мадэль мела два важныя адрозненні:

1. Гэта была форма прамой дэмакратыі – іншымі словамі, замест выбару прадстаўнікоў для кіравання ад імя народа, сам «народ» сустракаўся, абмяркоўваў пытанні праўлення і затым ажыццяўляў палітыку.

Дэмакратыя – не закон большасці, а абарона меншасці.
Альбер Камю

2. Такая сістэма была магчыма часткова таму, што «народ» быў вельмі абмежаванай катэгорыяй. Тыя, хто маглі ўдзельнічаць у дэмакратыі, уяўлялі сабой толькі малую частку насельніцтва, бо жанчыны, рабы, іншаземцы – і, зразумела, дзеці – былі з яе выключаны. Колькасць людзей, якія ўдзельнічалі ў гэтым працэсе, усё роўна было намнога большым, чым у сучаснай дэмакратыі: непасрэдна ў палітыцы былі заняты каля 50 000 мужчын з агульнага насельніцтва прыкладна ў 300 000 чалавек.

Пытанне: Якія існуюць станоўчыя і адмоўныя моманты прамой дэмакратыі?

Дэмакратыя ў сучасным свеце

Хоць дэмакратыі і маюць агульныя характэрныя рысы, адзінай мадэлі дэмакратыі не існуе.
Рэзалюцыя ААН аб развіцці і ўмацаванні дэмакратыі (A/RES/62/7)

Сёння існуе столькі ж розных форм дэмакратыі, колькі ёсць дэмакратычных дзяржаў у свеце. Няма дзвюх абсалютна аднолькавых сістэм, і ніводная сістэма не можа быць узята ў якасці ўзору. Існуюць прэзідэнцкія і парламенцкія дэмакратыі, дэмакратыі, якія з'яўляюцца федэральнымі ці ўнітарнымі, дэмакратыі з прапарцыянальнай сістэмай выбараў і тыя, дзе выкарыстоўваецца мажарытарная сістэма, дэмакратыі, якія адначасова з'яўляюцца манархіямі, і г. д.

Адзінае, што аб'ядноўвае сучасныя сістэмы дэмакратыі і што таксама адрознівае іх ад старажытнай мадэлі, – выкарыстанне прадстаўнікоў народа. Замест таго, каб непасрэдна ўдзельнічаць у заканатворчасці, сучасныя дэмакратыі выкарыстоўваюць выбары для адбору прадстаўнікоў, якія накіроўваюцца народам для праўлення ад іх імені. Такая сістэма вядома як прадстаўнічая дэмакратыя. Яна можа прэтэндаваць на тое, каб звацца дэмакратычнай, таму што яна, па крайняй меры ў некаторай ступені, заснавана на двух вышэйзгаданых прынцыпах: роўнасць усіх (адна асоба – адзін голас) і права кожнага чалавека на пэўную ступень асабістай аўтаноміі.

Пытанне: Што павінна рабіць выбраная службовая асоба, каб гарантаваць, што ён (яна) належным чынам прадстаўляюць тых, хто яго (яе) выбраў?

«Выбарчае права не з'яўляецца прывілеяй. У XXI стагоддзі прэзумпцыя ў дэмакратычнай дзяржаве павінна выступаць за ўключэнне ... Любое адхіленне ад прынцыпу ўсеагульнага выбарчага права можа падарваць дэмакратычную дзейснасць заканадаўчай улады, выбранай такім спосабам, а таксама эфектыўнасць тых законаў, якія яна прымае.»
Пастанова Еўрапейскага суда (Хёрст супраць Вялікабрытаніі)

Удасканаленне дэмакратыі

Людзі часта гавораць пра тое, што краіны «сталі» дэмакратыяй, пасля таго як яны сталі праводзіць адносна свабодныя і адкрытыя выбары. Аднак дэмакратыя мае на ўвазе намнога большае, чым проста справядлівыя выбары, і таму, калі мы спрабуем ацаніць, наколькі дэмакратычнай з'яўляецца тая ці іншая краіна, сапраўды больш мэтазгодна думаць аб такой ідэі, як воля народа, чым пра арганізацыйныя або выбарчыя структуры. Дэмакратыю лягчэй зразумець як тое, чаго ў нас заўсёды ёсць больш – ці менш – чым тое, што альбо прысутнічае, альбо адсутнічае.

Дэмакратычныя сістэмы амаль заўсёды можна зрабіць такімі, якія будуць больш інклюзіўнымі, лепш адлюстроўваць пажаданні большай колькасці народа і больш адчувальнымі да іх уплыву. Іншымі словамі, існуюць магчымасці палепшыць «чалавечую» частку дэмакратыі шляхам уключэння большай колькасці людзей у працэс прыняцця рашэнняў; акрамя таго, ёсць магчымасці для паляпшэння такога кампанента дэмакратыі, як «улада» або «воля», шляхам забеспячэння народа больш сапраўднай уладай. Барацьба за дэмакратыю на працягу ўсёй гісторыі звычайна была засяроджана на адным ці другім з гэтых кампанентаў.

Сёння ў большасці краін свету жанчыны маюць права голасу, але гэта барацьба атрымала перамогу параўнальна нядаўна. Лічыцца, што Новая Зеландыя была першай краінай у свеце, якая ўвяла ўсеагульнае выбарчае права ў 1893 годзе, аднак нават тут жанчыны атрымалі права балаціравацца ў парламент толькі ў 1919 годзе. Многія краіны спачатку далі жанчынам права голасу, а толькі праз некалькі гадоў дазволілі ім выставіць свае кандыдатуры на выбарныя пасады. Саудаўская Аравія дала жанчынам права голасу на выбарах толькі ў 2011 годзе.
У нашы дні нават у дэмакратыях, якія ўжо цвёрда ўстанавіліся, існуюць іншыя групы ў грамадстве, якія звычайна ўключаюць імігрантаў, працоўных-мігрантаў, зняволеных і дзяцей, якія не маюць права голасу, хоць многія з іх могуць плаціць падаткі і абавязаны падпарадкоўвацца законам адпаведнай краіны.

Зняволеныя і выбарчыя правы

Зняволеным дазваляецца галасаваць у 18 еўрапейскіх краінах.
Права голасу зняволеных абмежавана ў 20 краінах і залежыць ад такіх фактараў, як працягласць турэмнага зняволення, або цяжкасць здзейсненага злачынства, або тып выбараў.
У 9 еўрапейскіх краінах зняволеным зусім не дазваляецца галасаваць на выбарах.
Права голасу зняволеных, стандартная даведка бібліятэкі Палаты абшчын SN/PC/01764, апошняе абнаўленне ў 2012 годзе, http://www.parliament.uk/briefing-papers/SN01764
Па справе «Хёрст (Hirst) супраць Вялікабрытаніі» ў 2005 годзе Еўрапейскі суд пастанавіў, што агульная забарона зняволеным удзельнічаць у галасаванні ў Злучаным Каралеўстве было парушэннем артыкула 3, пратакола 1 Еўрапейскай канвенцыі, у якой гаворыцца, што:
«Высокія Дагаворныя Бакі абавязваюцца праводзіць з разумнай перыядычнасцю свабодныя выбары шляхам тайнага галасавання ў такіх умовах, якія забяспечвалі б свабоднае волевыяўленне народа пры выбары органаў заканадаўчай улады».

Пытанне: Ці можа ў якім-небудзь выпадку быць абгрунтаваным выключэнне пэўных груп грамадства з дэмакратычнага працэсу?

Дэмакратыя і ўдзел

У мяне няма ніякіх формул для пазбаўлення дыктатара ўлады або пабудовы дэмакратыі. Усё, што я магу прапанаваць, – забыць пра сябе і проста думаць аб людзях. Заўсёды менавіта людзі дабіваюцца вынікаў.
Карасон Акіна

Найбольш відавочнымі спосабамі ўдзелу ў кіраўніцтве з'яўляюцца галасаванне, вылучэнне сваёй кандыдатуры на пасаду ці выбранне ў якасці прадстаўніка народа. Аднак дэмакратыя – гэта намнога большае, чым проста галасаванне, і існуе шмат іншых спосабаў удзельнічаць у палітыцы і ў кіраўніцтве дзяржавай. Сапраўды, эфектыўнае функцыянаванне дэмакратыі залежыць ад звычайных людзей, якія выкарыстоўваюць як мага больш гэтыя іншыя спосабы. Калі людзі толькі галасуюць кожныя 4 ці 5 гадоў – ці наогул не галасуюць – і калі між тым яны нічога не робяць, то нельга казаць, што праўленне ў краіне ажыццяўляецца «народам». Цяжка лічыць такую сістэму дэмакратыяй.
Больш падрабязней вы можаце прачытаць пра спосабы ўдзелу ў раздзеле «Грамадзянскасць і ўдзел».
Вось некалькі ідэй – магчыма, той мінімум, які неабходны для членаў парламента для таго, каб яны маглі дзейнічаць дэмакратычным чынам ад вашага імені:
Неабходна быць інфармаваным аб тым, што адбываецца і што вырашаецца «ад імя народа», і, у прыватнасці, аб рашэннях і дзеяннях вашага ўласнага прадстаўніка.
Выказвайце свае погляды і меркаванні – або сваім прадстаўнікам у парламенце, або ў СМІ, або групам, якія працуюць над пэўнымі пытаннямі. Без зваротнай сувязі з «народам» кіраўнікі могуць кіраваць толькі па ўласнай волі і ў адпаведнасці са сваімі прыярытэтамі.
Калі рашэнні ўяўляюцца недэмакратычнымі або супярэчаць правам чалавека ці нават калі вы проста адчуваеце абурэнне ў сувязі з гэтымі рашэннямі, прыкладзіце ўсе намаганні, каб ваш голас быў пачуты і каб палітыка магла быць перагледжана. Найбольш эфектыўным спосабам гэтага з'яўляецца, верагодна, аб'яднанне з іншымі людзьмі, для таго каб ваш голас гучаў «гучней».
Галасуйце, калі ўзнікае такая магчымасць. Калі людзі не галасуюць, то выбраныя члены кіраўніцтва фактычна становяцца непадсправаздачнымі.

Пытанне: Ці ўдзельнічалі вы ў якой-небудзь з гэтых формаў (ці іншых)?

Дэмакратыя і правы чалавека

Сувязь паміж правамі чалавека і дэмакратыяй глыбокая і носіць двухбаковы характар: кожная нейкім чынам залежыць ад іншай і з'яўляецца без яе няпоўнай.

Кожны чалавек мае права прымаць удзел у кіраванні сваёй краінай непасрэдна або пры дапамозе свабодна выбраных прадстаўнікоў.
Артыкул 21, частка 1, УДПЧ

Перш за ўсё, каштоўнасці роўнасці і самастойнасці – гэта таксама і каштоўнасці правоў чалавека, а права прымаць удзел у кіраванні само па сабе з'яўляецца правам чалавека. У артыкуле 21 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (УДПЧ) гаворыцца, што «Воля народа павінна быць асновай для ўлады ўрада»: такім чынам, дэмакратыя фактычна з'яўляецца адзінай формай праўлення, якая адпавядае правам чалавека.

Аднак «дэмакратыя» з'яўляецца няпоўнай без дасканалага выканання правоў чалавека. Сапраўдны ўдзел у кіраўніцтве практычна немагчымы без павагі іншых асноўных правоў чалавека. Разгледзьце ў якасці прыкладаў наступнае:

1. Свабода думкі, сумлення і рэлігіі (УДПЧ, артыкул 18). Гэта адно з першых правоў, якія маюць найважнейшае значэнне ў дэмакратыі: людзям неабходна мець магчымасць свабодна думаць, прытрымлівацца любых поглядаў, якія маюць важнае значэнне для іх, пры гэтым яны не будуць за гэта пакаранымі. На працягу гісторыі ўрады імкнуліся абмежаваць гэта права, паколькі яны баяліся, што, калі людзі будуць разважаць пра магчымыя іншыя формы праўлення, то гэта паставіць пад пагрозу існуючую сістэму. Такім чынам, яны знявольвалі людзей толькі за тое, што ў іх былі «няправільныя» думкі. (Такія людзі вядомы як «вязні сумлення».) Аднак грамадства без плюралізму поглядаў з'яўляецца не толькі нецярпімым; яно таксама абмяжоўвае свае ўласныя магчымасці развівацца ў новых і магчыма лепшых напрамках.

2. Свабода выказвання меркавання (УДПЧ, артыкул 19). Важна не толькі мець магчымасць думаць тое, што вы хочаце, але і выказваць сваё меркаванне ўслых, незалежна ад таго, якім яно можа быць. Калі людзям забараняецца абмяркоўваюць свае думкі з іншымі людзьмі або прадстаўляць іх у СМІ, як яны могуць «удзельнічаць» у кіраванні краінай? Іх меркаванне ў асноўным выключаецца з усіх магчымых альтэрнатыў, якія разглядаюцца.

Дэмакратыя не прызнае ўсход ці захад; дэмакратыя – гэта проста воля народа.
Шырын Эбадзі

3. Свабода мірных сходаў і аб'яднанняў (УДПЧ, артыкул 20). Гэта права дазваляе вам абмяркоўваць ідэі з іншымі, якія гэтага жадаюць, фарміраваць групы па інтарэсах або групы лабіравання ці збірацца разам для таго, каб пратэставаць супраць рашэнняў, з якімі вы не згодны. Магчыма, такая дзейнасць часта нязручная для ўрадаў; аднак надзвычай важна, каб розныя пункты гледжання станавіліся вядомымі і ўлічваліся. І гэта частка самой сутнасці дэмакратыі.

Гэта толькі тры правы чалавека, якія непарыўна звязаны з ідэяй дэмакратыі, але любое парушэнне іншых правоў чалавека таксама паўплывае на тое, у якой ступені розныя людзі могуць прымаць удзел у кіраванні краінай. Беднасць, дрэннае здароўе або адсутнасць жылля – усё гэта можа ўскладніць чалавеку тое, каб яго голас быў пачуты, і знізіць уплыў яго выбару ў параўнанні з іншымі людзьмі. Такія парушэнні правоў амаль напэўна прывядуць да таго, што такая асоба не зможа заняць дзяржаўную пасаду.

Пытанне: Наколькі гэтыя тры «дэмакратычныя» правы (пералічаныя вышэй) выконваюцца ў вашай краіне?

Праблемы з дэмакратыяй

Дэмакратыя мала што значыць, калі вы галодныя ці бяздомныя, або калі вы не атрымліваеце медыцынскай дапамогі, або калі вашы дзеці не ходзяць у школу; нават калі ў вас права голасу, дэмакратыя з'яўляецца неэфектыўнай.
С'юзан Джордж, прэзідэнт АТТАК

Апатыя выбаршчыкаў

На працягу многіх гадоў існуе занепакоенасць у дачыненні да статусу дэмакратыі, у некаторай меры асабліва ў больш устойлівых дэмакратыях. Гэта ў значнай ступені звязана з пастаянным зніжэннем узроўню ўдзелу грамадзян у выбарах, якое яўна сведчыць аб недахопу цікавасці і актыўнасці з боку грамадзян. Нізкі ўзровень яўкі на выбарах ставіць пад пытанне легітымнасць так званых дэмакратычна выбраных урадаў, якія ў некаторых краінах фактычна выбіраюцца меншай часткай усіх выбаршчыкаў.

 

Выбары і апатыя

Яўка на выбарах у Еўрапейскі парламент зніжаецца кожны год пасля першых выбараў, якія адбыліся ў 1979 годзе. У 2009 годзе толькі 43 % выбаршчыкаў выкарысталі сваё права голасу, а ў некаторых краінах яўка склала толькі 34 %.
На нацыянальных выбарах у Еўропе яўка складае ад крыху больш за 50 % у некаторых краінах да больш за 90 % у іншых.
Некаторыя краіны, напрыклад Грэцыя і Бельгія ў Еўропе, зрабілі ўдзел у выбарах абавязковым. У такіх краінах, вядома, яўка вышэй, чым у сярэднім у тых краінах, дзе галасаванне з'яўляецца добраахвотным.

Пытанне: Якая доля выбаршчыкаў прагаласавала ў вашай краіне на самых апошніх выбарах?

Хаця тое, што людзі ўсё часцей не галасуюць на выбарах, несумненна ўяўляе сабой праблему, некаторыя даследаванні паказваюць, што на самай справе можа назірацца рост удзелу ў розных формах, напрыклад у групах націску, грамадзянскіх ініцыятывах, кансультатыўных органах і г. д. Такія формы ўдзелу гэтак жа важны для эфектыўнага функцыянавання дэмакратыі, як і яўка выбаршчыкаў, а можа нават і больш.

Дэмакратыя і грамадзянскі ўдзел

Так званая «арабская вясна», калі масы людзей – многія з іх маладыя – выйшлі на вуліцы для таго, каб выказаць сваю незадаволенасць палітыкай урада, прадэманстравала новы ўзровень удзелу ў тых краінах, якія традыцыйна не разглядаліся як дэмакратычныя. І ў Еўропе, нават у больш традыцыйных дэмакратычных краінах, «улада народа», здаецца, набыла новае значэнне: у многіх краінах студэнты пратэставалі супраць спробы ўрадаў спаганяць плату за адукацыю. Прафсаюзы выводзілі людзей на вуліцы для пратэстаў супраць наступстваў эканамічных скарачэнняў. Акрамя таго, аўтаномныя групы актывістаў вынайшлі новыя творчыя формы правядзення дэманстрацый супраць змены клімату, улады велізарных карпарацый, ліквідацыі асноўных дзяржаўных паслуг, а таксама супраць рэпрэсіўных мер з боку паліцыі.

Праўленне большасці

Меншаcць часам можа мець рацыю, а большасць заўсёды памыляецца.
Генрык Ібсен

Існуюць дзве праблемы, якія найбольш цесна звязаны з паняццем прадстаўнічай дэмакратыі, і яны датычацца інтарэсаў меншасцей. Першай праблемай з'яўляецца тое, што інтарэсы меншасцей часта не прадстаўлены праз выбарчую сістэму: гэта можа адбывацца тады, калі іх колькасць занадта малая, каб дасягнуць мінімальнага ўзроўню, неабходнага для прадстаўніцтва. Другой праблемай з'яўляецца тое, што, нават калі меншасць будзе прадстаўлена ў заканадаўчым органе, яна будзе складаць меншасць прадстаўнікоў, і таму ў іх можа не атрымацца сабраць неабходныя галасы, каб перамагчы прадстаўнікоў большасці. Па гэтых прычынах дэмакратыю часта называюць «праўленнем большасці».

Праўленне большасці, калі не суправаджаецца гарантыяй правоў чалавека для ўсіх, можа прывесці да такіх рашэнняў, якія будуць наносіць шкоду меншасцям, і той факт, што гэтыя рашэнні адлюстроўваюць «волю народа», не можа служыць у дадзеным выпадку апраўданнем. Асноўныя інтарэсы меншасцей, а таксама большасцей павінны быць абаронены ў любой дэмакратычнай сістэме, дзякуючы выкананню прынцыпаў правоў чалавека, і замацаваны эфектыўным прававым механізмам, незалежна ад волі большасці.

Пытанне: Калі большасць насельніцтва выступае за тое, каб пазбавіць пэўных людзей іх правоў, ці лічыце вы, што «вырашаць павінен такі народ»?

Рост нацыяналізму

Дэмакратыю лепш за ўсё разглядаць у якасці працэсу дэмакратызацыі.
Патамякі, Тэйвайнен

Звязаная з гэтым праблема – трывожныя тэндэнцыі росту падтрымкі экстрэмісцкіх правых партый па ўсёй Еўропе. Гэтыя партыі часта гулялі на нацыяналістычных пачуццях і рабілі сваёй мішэнню «некарэнных» членаў грамадства, асабліва шукальнікаў прытулку, бежанцаў і членаў рэлігійных меншасцей, прычым часта выкарыстоўваючы акты гвалту. У сваю абарону гэтыя партыі часта заяўляюць аб падтрымцы сярод насельніцтва і аб прынцыпе дэмакратыі, бо яны нібыта прадстаўляюць меркаванні вялікай колькасці людзей. Аднак калі гэтыя партыі выступаюць за гвалт у якой-небудзь форме і калі яны не паважаюць правы кожнай асобы, то ў іх мала падстаў спасылацца на дэмакратычныя прынцыпы.

У залежнасці ад маштабаў гэтай праблемы і, у прыватнасці, культурнага кантэксту можа ўзнікнуць неабходнасць у абмежаванні права на свабоду выказвання меркавання пэўных груп, нягледзячы на важнасць гэтага права для дэмакратычнага працэсу. Большасць краін, напрыклад, мае заканадаўства, накіраванае супраць узбуджэння расавай нянавісці. Гэта разглядаецца Еўрапейскім судом як прымальнае абмежаванне свабоды выказвання меркавання, абгрунтаванае неабходнасцю абараняць правы іншых членаў грамадства або структуру грамадства ў цэлым.

Пытанне: Ці адрозніваецца якім-небудзь чынам нацыяналізм ад расізму?

Моладзь і дэмакратыя

Часта маладыя людзі не маюць нават права голасу, так якім чынам яны могуць удзельнічаць у дэмакратычным працэсе?
Многія людзі, адказваючы на гэта пытанне, скажуць, што маладыя людзі не гатовы быць часткай гэтага працэсу, і, толькі калі ім споўніцца 18 гадоў (ці дасягнуць такога ўзросту, калі ў іх краіне яны атрымліваюць права голасу), яны змогуць прымаць у ім удзел.

На самай справе многія маладыя людзі праяўляюць палітычную актыўнасць задоўга да таго моманту, калі яны могуць галасаваць, і ў нейкім сэнсе ўплыў такой дзейнасці можа быць мацнейшым, чым той адзіны голас, які яны атрымаюць у далейшым – і могуць вырашыць, выкарыстоўваць яго ці не – каб галасаваць адзін раз кожныя 4 ці 5 гадоў. Палітыкі вельмі часта імкнуцца стаць цікавымі для маладых выбаршчыкаў, і таму яны больш верагодна будуць прыслухоўвацца да праблем маладых людзей.

Многія маладыя людзі далучаюцца да экалагічных груп ці іншых груп пратэсту, якія агітуюць супраць вайны, супраць эксплуатацыі з боку буйных карпарацый ці супраць дзіцячай працы. Магчыма, адзін з найбольш важных спосабаў удзелу моладзі ў жыцці супольнасці і ў палітычнай дзейнасці – гэта актыўнасць на мясцовым узроўні: менавіта тут моладзь можа глыбей усвядоміць канкрэтныя пытанні, якія выклікаюць у іх заклапочанасць, і з тымі, якімі яна непасрэдна сутыкаецца, і менавіта тут моладзь можа мець прамы ўплыў. Дэмакратыя тычыцца не толькі нацыянальных і міжнародных пытанняў: яна павінна пачынацца ў нашым непасрэдным асяроддзі!
Маладзёжныя арганізацыі – гэта адна з магчымасцей, дзякуючы якой маладыя людзі набываюць вопыт і практыкуюць дэмакратыю, і таму гэтыя арганізацыі адыгрываюць важную ролю ў дэмакратыі пры ўмове, зразумела, што яны незалежныя і дэмакратычныя ў сваёй дзейнасці!

Пытанне: Калі асобы, якія дасягнулі 16-гадовага ўзросту, лічацца дастаткова сталымі для ўступлення ў шлюб і для таго, каб працаваць, ці не павінны яны мець магчымасць галасаваць?

Праца Савета Еўропы

Мы будзем імкнуцца да нашай агульнай мэты прасоўвання дэмакратыі і эфектыўнага кіраўніцтва самай высокай якасці як на нацыянальным, так і на рэгіянальным і мясцовым узроўнях для ўсіх нашых грамадзян.
План дзеянняў Варшаўскага саміту Савета Еўропы (2005 г.)

Дэмакратыя з'яўляецца адной з асноўных каштоўнасцей Савета Еўропы нароўні з правамі чалавека і вяршэнствам права. У Савеце Еўропы ёсць шэраг праграм і публікацый, накіраваных на ўдасканаленне і забеспячэнне будучыні дэмакратыі. У 2005 годзе на трэцім саміце кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў дзяржаў – членаў Савета Еўропы быў заснаваны Форум за будучыню дэмакратыі. Мэта дадзенага Форуму складаецца ў тым, каб «умацоўваць дэмакратыю, палітычныя свабоды і ўдзел грамадзян праз абмены ідэй, інфармацыю і прыклады найлепшай практыкі». Сустрэчы Форуму адбываюцца кожны год, на іх збіраюцца каля 400 удзельнікаў з 47 дзяржаў – членаў Савета Еўропы, а таксама дзяржаў-назіральнікаў.

Падтрымка развіцця і рэалізацыі стандартаў дэмакратыі ажыццяўляецца Еўрапейскай камісіяй за дэмакратыю праз права – таксама вядомай як Венецыянская камісія – якая з'яўляецца кансультатыўным органам Савета Еўропы па канстытуцыйных пытаннях. Дадзеная Камісія вядзе асабліва актыўную працу па аказанні падтрымкі пры падрыхтоўцы новых канстытуцый або законаў аб канстытуцыйных судах, выбарчых кодэксах, правах меншасці і юрыдычных асновах, звязаных з дэмакратычнымі інстытутамі.

Акрамя такой працы па ўстанаўленні стандартаў, Савет Еўропы садзейнічае прасоўванню дэмакратыі і яе каштоўнасцей праз праграмы, прысвечаныя дэмакратычнаму ўдзелу, выхаванню дэмакратычнай грамадзянскасці і маладзёжнаму ўдзелу, бо дэмакратыя – гэта намнога больш, чым проста галасаванне на выбарах!

КОМПАС

Дапаможнік па адукацыі ў галіне правоў чалавека з удзелам моладзі

Web Content Display

Key Date
  • 15 SeptemberInternational Day of Democracy
  • 19 SeptemberSuffrage Day