Дэмакратыя – гэта не тое, у што вы верыце, і не вешалка для капелюша; гэта тое, што вы робіце. Вы ўдзельнічаеце. І калі вы спыняецеся, дэмакратыя памірае.

Эбі Хофман

Агляд

Практыкаванне прадугледжвае абмеркаванне правоў і абавязкаў грамадзян, урада, НГА і СМІ ў дэмакратычным грамадстве.

Звязаныя правы

• Права на ўдзел у кіраванні краінай і ў свабодных выбарах
• Свабодны доступ да інфармацыі і свабода выказвання меркавання
• Кожны мае абавязкі перад супольнасцю

Мэты

• Развіць разуменне ўзаемасувязі паміж правамі і абавязкамі
• Развіць уменне весці дыскусію і супрацоўнічаць
• Стымуляваць павышэнне грамадзянскай адказнасці

Матэрыялы

• Аркуш паперы фармату А4 і аловак для кожнай групы для нататак
• 4 вялікія аркушы паперы фармату А3 або паперы для фліпчарта (па адным аркушы для кожнай групы для запісу «тэзісаў»)
• 3 маркеры (адзін чырвоны, адзін зялёны і адзін сіні) для кожнай групы
• 4 маткі нітак (рознага колеру для кожнай групы)
• Скотч для кожнай групы
• Нажніцы
• Адзін экзэмпляр правілаў гульні на групу

Падрыхтоўка

• Ад кожнага матка адрэжце па 6 нітак даўжынёй 1,5 м (усяго 24 адрэзкі, па 6 штук кожнага колеру, па адным колеры на групу).

Key Date
  • 15 верасняМіжнародны дзень дэмакратыі

Інструкцыі

1. Растлумачце, што мэта практыкавання – стварыць «карту» сувязей паміж чатырма «бакамі» (ідэальнага) дэмакратычнага грамадства.
2. Падзяліце ўдзельнікаў на чатыры роўныя групы, якія прадстаўляюць чатыры «бакі» дэмакратычнага грамадства: урад, НГА, СМІ і грамадзян.
3. Дайце кожнай групе адзін аркуш паперы фармату А4 і адзін аловак для запісу нататак. Затым прапануйце ім на працягу 0-хвіліннага мазгавога штурму сфармуляваць ролю, якую іх «бок» іграе ў дэмакратычным грамадстве, гэта значыць, якія яго асноўныя функцыі. У канцы абмеркавання ўдзельнікі павінны прыйсці да згоды па пяці найбольш значных функцыях.
4. На наступным этапе ўдзельнікі будуць рыхтаваць свае «тэзісы». Выдайце кожнай групе аркуш паперы фармату A3 або паперы для фліпчарта і чырвоны маркер і папрасіце напісаць уверсе аркуша, які «бок» яны прадстаўляюць, а ніжэй пералічыць пяць яго найбольш важных функцый.
5. Збярыце групы разам і папрасіце прадставіць свае «тэзісы». Няхай удзельнікі падзеляцца сваімі думкамі. Спытайце іх, ці згодны яны з асноўнымі функцыямі гэтых чатырох «бакоў». Калі групы пажадаюць, яны могуць змяніць свае спісы з улікам каментарыяў.
6. Зараз зноў падзяліце ўсіх на чатыры групы і раздайце ім зялёныя маркеры. Дайце пятнаццаць хвілін на правядзенне мазгавога штурму з мэтай высветліць, што ім патрэбна ад астатніх, каб выконваць свае ўласныя функцыі. Незадоўга да заканчэння часу прапануйце групам выбраць два найбольш важныя патрабаванні, якія яны прад'яўляюць да кожнага з іншых «бакоў», і запісаць іх зялёным маркерам пад асобнымі загалоўкамі.
7. Раздайце копіі «Правілаў гульні», пераканайцеся, што ўсе разумеюць, што трэба рабіць. Затым папрасіце групы раскласці свае «тэзісы» ў сярэдзіне пакоя ў форме квадрата прыкладна ў 1 метры адзін ад аднаго (гл. схему). Групы займаюць месцы па вуглах ля сваіх аркушаў.
8. Раздайце кожнай групе па 6 адрэзкаў нітак, рулоне скотча і сінім маркеры.
9. Час правесці раўнды перагавораў. Выдзеліце на кожны з іх па дзесяць хвілін. Нагадайце ўдзельнікам, што іх мэта – скласці схему адносін паміж рознымі «бакамі», і калі нейкае патрабаванне будзе прынята, два аркушы паперы трэба злучыць пры дапамозе ніткі і скотча, што будзе азначаць, што бок прымае на сябе адказнасць.
10. Пераходзьце да ацэнкі і аналізу, пакуль удзельнікі яшчэ сядзяць вакол схемы.

Аналіз і ацэнкаGoto top

Папрасіце ўдзельнікаў паглядзець на створаную імі сетку і абдумаць выкананае практыкаванне:
• Ці цяжка было ўявіць сабе функцыі ўрада, НГА, СМІ і грамадзян у дэмакратычным грамадстве?
• Ці мела месца рознагалоссе ўнутры груп наконт прымальнасці або непрымальнасці асобных патрабаванняў? 
• Якія з вашых патрабаванняў былі адхілены іншымі групамі? Чаму? Ці выклікала б гэта якія-небудзь праблемы ў рэальнасці?
• Ці прынялі групы якія-небудзь патрабаванні, якія не прымалі раней? Што яны думаюць пра гэта цяпер?
• Ці даведаліся ўдзельнікі падчас выканання практыкавання што-небудзь новае пра дэмакратычнае грамадства, чаго не ведалі раней? Ці былі нечаканасці?
• Якія правы разглядаюцца ў гэтым практыкаванні?
• Артыкул 29 УДПЧ абвяшчае: «Кожны чалавек мае абавязкі перад супольнасцю, у якой толькi i магчыма свабоднае i поўнае развiццё яго асобы». Якія найбольш важныя абавязкі вы несяце ў паўсядзённым жыцці?
• Якія ролі выконваюць розныя «бакі» ў справе прадухілення парушэнняў правоў кожнага чалавека?
• Якія ролі выконваюць розныя «бакі» ў справе забеспячэння доступу кожнага да адукацыі ў галіне правоў чалавека?

Парады для фасілітатараўGoto top

Выкарыстанне нітак чатырох розных колераў (кожны з якіх адпавядае аднаму з «бакоў») дапаможа зрабіць схему больш прывабнай, што таксама дазволіць лягчэй адсачыць сувязі паміж патрабаваннямі, напрыклад, усе патрабаванні грамадзян будуць жоўтага колеру, а патрабаванні СМІ – чорнага.
Падчас працы над 5-м пунктам інструкцый, пасля таго як групы складуць спісы сваіх функцый, не абмяркоўвайце іх занадта доўга на агульным пасяджэнні. Лепш выкарыстайце гэты час для тлумачэння наступнага этапа працы ў малых групах. Нагадайце групам, што яны могуць пазначыць для сябе функцыі іншых груп.

Калі групам цяжка прыдумаць функцыі, прапануйце ім падумаць, што робіць іх «бок» і чаго б мы пазбавіліся, калі б яго не было. Каб дапамагчы групам у вырашэнні гэтай задачы, вы можаце прывесці некалькі прыкладаў:
• Урады ствараюць праекты законаў, распрацоўваюць агульную палітыку і забяспечваюць жыццё краіны ў рамках бюджэту.
• НГА лабіруюць інтарэсы меншасцей, займаюцца складанымі праблемамі, якімі ўрад (ці апазіцыя) не займаюцца, і праводзяць кампаніі за ўнясенне зменаў у заканадаўства.
• СМІ паведамляюць пра палітыку ўрада, расследуюць складаныя праблемы і даюць аналіз і каментарыі.
• Да «функцый» грамадзян адносіцца ўсё, што важна ў дэмакратычным грамадстве; дыяпазон ідэй можа быць шырокім – ад балаціравання ў парламент да ўдзелу ў актыўнай барацьбе за правы чалавека, стварэння арганізацый для абароны асобных груп насельніцтва, накіравання запытаў, удзелу ў палітычным жыцці і г. д.

Падчас складання спісаў на этапе 5 папярэдзьце групы, каб іх патрабаванні да іншых «бакоў» не былі занадта нерэалістычнымі. Патрабаванні павінны быць прымальнымі, таму не трэба ставіць несправядлівыя або празмерныя патрабаванні.

Падчас працы над пунктам 9 давядзіце да ведама ўдзельнікаў, што перагаворы не трэба ўспрымаць як «спаборніцтва» ці траціць на іх занадта шмат часу. Асабліва падкрэсліце, што групы павінны ўспрымаць гэту працу як супрацоўніцтва з мэтай стварыць грамадства, у якім «бакі» дзейнічаюць сумесна для агульнага задавальнення. Такім чынам, пагадненняў пажадана дасягнуць адносна хутка: скажыце групам, што ім трэба згаджацца з разумнымі патрабаваннямі і адкідваць неразумныя, пакідаючы спрэчныя пытанні для абмеркавання на далейшых этапах працы.
Калі трэба дапамагчы групе асэнсаваць патрабаванні і адказнасць, можна прывесці ў прыклад адносіны паміж СМІ і грамадзянамі: журналістам трэба даведацца, дзе адбываецца тая ці іншая падзея, а грамадзяне абавязаны папярэджваць СМІ і даваць паказанні сведак.

ВарыянтыGoto top

Практыкаванне можна зрабіць больш ці менш складаным, змяняючы колькасць «бакоў» у грамадстве; напрыклад, можна дадаць такія «бакі», як «дзелавыя колы», «меншасці», «уразлівыя групы» і г. д. Аднак гэта таксама значна ўскладніць працэс перагавораў, і ў такім выпадку будзе цяжка выслухаць патрабаванні кожнай з груп належным чынам. Вы можаце таксама выкарыстаць катэгорыі грамадства, больш набліжаныя да жыцця моладзі, напрыклад замяніць «грамадзян» «моладдзю», а «ўрад» – «навучальнай установай».

Каб спрасціць практыкаванне, можна разбіць удзельнікаў на меншую колькасць груп, напрыклад толькі на «грамадзян» і «ўрад». Гэты варыянт пераважны пры невялікай колькасці ўдзельнікаў.

Можна паспрабаваць правесці практыкаванне без складання «тэзісаў»: тады ў ходзе перагавораў прадстаўнік першай групы будзе трымаць адзін канец ніткі ў руцэ, а другі працягне каму-небудзь з другой групы. Да канца практыкавання ўсе члены «грамадства» будуць фізічна звязанымі паміж сабой, калі не кінуць канцы нітак!

Прапановы па далейшай працыGoto top

Група можа працягнуць ускладняць схему, дадаючы да яе розныя групы грамадства (гл. «Варыянты»). Для большай яснасці можна перанесці схему на іншы аркуш паперы. Падумайце пра тое, якія сувязі недастаткова развіты ў вашым грамадстве і што можна зрабіць, каб сітуацыя змянілася.

Калі ўдзельнікі захочуць падумаць, у якім кірунку рухаецца грамадства і, у асаблівасці, якім бы яны хацелі бачыць яго развіццё, тады мае сэнс правесці практыкаванне «Варыянты нашай будучыні».

Ідэі для дзеянняGoto top

Выканайце гэта практыкаванне яшчэ раз, але ўжо для аналізу таго, як узаемадзейнічаюць паміж сабой ваша мясцовае кіраўніцтва, мясцовыя СМІ, мясцовыя НГА і грамадзяне. Вызначце, дзе сувязі маглі б быць больш цеснымі, і прыцягніце да гэтага ўвагу «бакоў»: можна пісаць ім пісьмы, весці блог або размясціць артыкул у мясцовых СМІ. Вы маглі б пачаць на практыцы ўмацоўваць сувязі паміж вашай арганізацыяй, школай, ВНУ ці клубам і іншымі «бакамі».

Раздатачныя матэрыялыGoto top

PDFDownload as PDF

Правілы гульні

1. Мэта практыкавання заключаецца ў тым, каб кожны «бок» дамогся прыняцця сваіх патрабаванняў іншымі «бакамі».
2. Перагаворы праводзяцца паміж парамі «бакоў» у тры раўнды:
• Раўнд 1: грамадзяне вядуць перагаворы з НГА, а СМІ – з урадам.
• Раўнд 2: грамадзяне вядуць перагаворы са СМІ, а НГА – з урадам.
• Раўнд 3: грамадзяне вядуць перагаворы з урадам, а СМІ – з НГА.
3. У кожным раўндзе пары самі вырашаюць, каму пачынаць, і па чарзе ставяць патрабаванні адзін да аднаго.
4. Удзельнікі, якія ставяць патрабаванне, павінны пры гэтым імкнуцца да яснасці і выразнасці. Пажадана растлумачыць, што канкрэтна ўваходзіць у патрабаванне і чаму яго трэба задаволіць, г. зн., чым яно дапаможа гэтаму «боку» выканаць свае ўласныя функцыі.
5. Перш чым вырашыць, як паступіць – прыняць або не прыняць патрабаванне, трэба прааналізаваць, наколькі яно справядліва і наколькі ажыццявіма.
6. Калі «бок» прымае патрабаванне, пары прымацоўваюць абодва канцы ніткі скотчам да адпаведных аркушаў, што азначае, што пагадненне дасягнута. «Бок», які згаджаецца, робіць кароткі запіс у сваіх «тэзісах» сінім маркерам, каб памятаць пра сваю адказнасць і пра тое, што яны пагадзіліся рабіць.
7.Калі «бок» адхіляе патрабаванне, адрэзак ніткі трэба адкласці ў бок.
8. Вядзіце перагаворы, пакуль усе патрабаванні не будуць абмеркаваны.
9. У кожным раўндзе працэс паўтараецца да таго часу, пакуль не з'явяцца сувязі паміж усімі чатырма «бакамі».
10. У канцы гэтага працэсу павінна атрымацца схема сувязей паміж рознымі «бакамі» ў дэмакратычнай краіне. У кожнага з «бакоў» будзе спіс «тэзісаў» з пералікам іх функцый, напісаны чырвоным маркерам, спіс патрабаванняў іншых «бакоў», напісаны зялёным маркерам, а таксама спіс дзеянняў, на якія яны згадзіліся, каб задаволіць патрабаванні іншых «бакоў», напісаны сінім маркерам. Патрабаванні і дзеянні будуць прадстаўлены каляровымі ніткамі.

Image : Record sheet in activity Making links

КОМПАС

Дапаможнік па адукацыі ў галіне правоў чалавека з удзелам моладзі