Правы чалавека падобны да панцыру: яны абараняюць вас; яны падобны да правілаў, паколькі кажуць вам, як можна сябе паводзіць; і яны падобны да суддзяў, таму што вы можаце да іх апеляваць. Яны абстрактныя – як эмоцыі; і як эмоцыі, яны належаць кожнаму і існуюць, што б вакол ні адбывалася.
Яны падобны да прыроды, таму што іх можна таптаць; і падобныя да духу, таму што іх немагчыма разбурыць. Як сам час, яны аднолькава ставяцца да ўсіх нас: багатых і бедных, старых і маладых, белых і чорных, высокіх і нізкарослых. Яны прапануюць нам павагу і патрабуюць ад нас ставіцца з павагай да іншых. Мы можам часам разыходзіцца ў вызначэнні дабрыні, праўды і справядлівасці, але мы пачынаем разумець, што гэта за паняцці, сустрэўшыся з іх антыподамі – злосцю, няпраўдай і несправядлівасцю – у жыцці.

 Пытанне: Ці можаце вы даць вызначэнне правам чалавека? Як вы растлумачыце, што гэта такое?

Калі мы называем нешта правам чалавека, мы маем на ўвазе, што чалавек можа прад'явіць грамадству справядлівае патрабаванне абараніць яго ў гэтым праве, якое яму належыць, няхай гэта будзе сілай закону, праз адукацыю або ўздзеянне на грамадскую думку.
Джон Сцюарт Міль

Права – гэта патрабаванне, пра якое мы справядліва заяўляем. Я маю права на тавары ў маім кошыку, калі я за іх заплаціў. Грамадзяне маюць права абіраць прэзідэнта, калі гэта гарантавана канстытуцыяй іх краіны, а дзіця мае права наведаць заапарк, калі яго бацькі гэта яму паабяцалі. На ўсё гэта людзі маюць права разлічваць пры ўмове, што другім бокам былі дадзены адпаведныя абяцанні або гарантыі.
Але правы чалавека ўяўляюць сабой патрабаванні іншага характару. Яны не залежаць ад абяцанняў або гарантый іншага боку. Права чалавека на жыццё не залежыць ад абяцанняў іншага чалавека не забіваць яго. Жыццё яго можа ад гэтага залежаць, але не права на жыццё. Яго права на жыццё залежыць толькі ад аднаго: таго, што ён чалавек.

Прызнанне правоў чалавека азначае прызнанне таго, што кожнаму чалавеку дадзена права патрабаваць захавання наступных палажэнняў: я валодаю гэтымі правамі, што б вы ні гаварылі і ні рабілі, таму што я, дакладна гэтак жа, як і вы, чалавек. Правы чалавека ўласцівы кожнаму чалавеку і належаць яму па праве нараджэння. Чаму гэта патрабаванне не прадугледжвае нейкіх пэўных паводзінаў у якасці яго абгрунтавання? Чаму б не запатрабаваць, каб людзі самі заслужылі свае правы?
У рэшце рэшт, патрабаванне захавання правоў чалавека носіць маральны характар і грунтуецца на маральных каштоўнасцях. Маё права на жыццё на самой справе азначае, што нікому не дазволена пазбавіць мяне жыцця – гэта проста недапушчальна. Гэта зацвярджэнне наўрад ці мае патрэбу ў абгрунтаванні. Напэўна, любы чытач пагадзіцца з такім падыходам, бо ў адносінах да сябе ўсе мы прызнаем, што ў нашым жыцці і быцці ёсць такія аспекты, якія недатыкальны і ў якія ніхто не павінен урывацца, бо гаворка ідзе пра жыццёва важныя бакі нашага быцця, якія вызначаюць, хто мы такія і што мы такое; яны маюць істотнае значэнне для нашай чалавечай прыроды і нашай чалавечай годнасці. Без правоў чалавека мы не можам рэалізаваць цалкам наш чалавечы патэнцыял. Правы чалавека ўсяго толькі пераносяць гэта разуменне з узроўню аднаго індывіда на ўсіх астатніх людзей планеты. Калі я магу выстаўляць падобныя патрабаванні, значыць, гэта можа зрабіць і любы іншы.

Кожны раз, калі робіцца несправядлівасць, здаецца, што справядлівасці ніколі і не існавала.
Жазэ Сарамагу

Пытанне: Чаму недапушчальна парушаць чыё-небудзь права на жыццё? Чаму недапушчальна пазбаўляць каго-небудзь жыцця? Ці гэта аднолькавыя пытанні?

Асноўныя каштоўнасці

Я разглядаю смяротную кару як лютую і амаральную з'яву, што падрывае маральныя і прававыя асновы грамадства. Я перакананы, ... што жорсткасць спараджае толькі жорсткасць.
Андрэй Сахараў

У аснове канцэпцыі правоў чалавека ляжаць дзве асноўныя каштоўнасці: чалавечая годнасць і роўнасць. Правы чалавека можна разумець як нешта, што вызначае базавыя нормы, неабходныя для таго, каб жыць з пачуццём годнасці; і іх універсальнасць вынікае з таго, што, па меншай меры, у гэтым усе людзі роўныя. Мы не павінны і не можам тут кагосьці выдзяляць.
Па сутнасці, каб прыняць канцэпцыю правоў чалавека, дастаткова толькі прызнання гэтых двух перакананняў, або каштоўнасцей, і наўрад ці хто-небудзь стане з імі спрачацца. Менавіта таму правы чалавека атрымліваюць падтрымку з боку ўсіх сусветных культур, усіх цывілізаваных урадаў і ўсіх асноўных рэлігій. Амаль паўсюдна прызнана, што ўлада дзяржавы не можа быць бязмежнай або самавольнай; яна павінна быць абмежавана неабходнасцю забеспячэння ўсім, хто знаходзіцца пад яе юрысдыкцыяй, хаця б мінімальных умоў захавання чалавечай годнасці.

З гэтых дзвюх асноўных каштоўнасцей можна вывесці многія іншыя, і з іх дапамогай дакладней вызначыць, як на практыцы павінны суіснаваць людзі і грамадства. Напрыклад:
Свабода: паколькі чалавечая воля складае важную частку чалавечай годнасці. Прымус рабіць нешта насуперак нашаму жаданню прыніжае чалавечую асобу.
Павага да іншых: паколькі адсутнасць павагі да іншых не дазваляе ацаніць іх індывідуальнасць і іх чалавечую годнасць.
Недапушчальнасць дыскрымінацыі: паколькі роўнасць людзей у чалавечай годнасці азначае, што мы не можам судзіць аб правах і магчымасцях людзей, зыходзячы з іх фізічных ці іншых уласцівасцей.
Талерантнасць: паколькі нецярпімасць паказвае на адсутнасць павагі да адрозненняў; а роўнасць не азначае аднастайнасці.
Справядлівасць: паколькі людзі, роўныя ў сваёй прыналежнасці да чалавечага роду, заслугоўваюць справядлівага стаўлення.
Адказнасць: паколькі павага да правоў іншых людзей прадугледжвае адказнасць кожнага чалавека за яго дзеянні і патрабуе ад яго намаганняў, накіраваных на рэалізацыю яго правоў і правоў усіх людзей.

Характарыстыкі правоў чалавека

["Як ваш боль непрыемны вам, так і боль іншых непрыемны ім. Памятаючы гэты прынцып роўнасці, стаўцеся да іншых з павагай і спачуваннем."
Суман Сутам]

Філосафы могуць бясконца працягваць спрэчкі аб прыродзе правоў чалавека, але міжнародная супольнасць ужо заявіла аб сваёй непахіснай прыхільнасці ідэі абароны правоў чалавека, прыняўшы ў 1948 годзе Ўсеагульную дэкларацыю правоў чалавека. З тых часоў міжнародная супольнасць замацавала дзейсныя прынцыпы УДПЧ у шматлікіх міжнародных, рэгіянальных і нацыянальных прававых дакументах. УДПЧ не распрацоўвалася як юрыдычна абавязковы дакумент, але дзякуючы ўвядзенню яе нормаў у шматлікія далейшыя юрыдычна абавязковыя дагаворы (вядомыя як «канвенцыі» або «пагадненні»), прававы статус гэтых нормаў сёння не падлягае сумневу.

Правы чалавека неад'емныя.
Гэта азначае, што вы не можаце іх згубіць, паколькі яны маюць дачыненне да самога факта чалавечага існавання, яны ўласцівы ўсім людзям. Пры пэўных абставінах дзеянне некаторых з іх, хоць і не ўсіх, можа быць прыпынена або абмежавана. Напрыклад, калі хтосьці прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, ён ці яна могуць быць пазбаўлены волі; ці ўрад нейкай краіны можа ўвесці надзвычайнае становішча, заявіўшы пра гэта публічна, а затым можа адмяніць некаторыя правы, напрыклад абмежаваць свабоду перамяшчэння, увёўшы каменданцкую гадзіну.

Правы чалавека непадзельныя, узаемазалежныя і ўзаемазвязаныя.
Гэта азначае, што розныя правы чалавека па сутнасці звязаны паміж сабой і не могуць разглядацца паасобку. Ажыццяўленне аднаго права залежыць ад ажыццяўлення многіх іншых правоў, і няма ніводнага права, якое было б важнейшым за астатнія.

Правы чалавека ўніверсальныя.
А гэта значыць, што яны роўна дастасавальныя да ўсіх людзей ва ўсім свеце, прычым без абмежаванняў па часе. Кожны мае права карыстацца правамі чалавека, без якіх бы там ні было адрозненняў на падставе «расавай» або этнічнай прыналежнасці, колеру скуры, полу, сексуальнай арыентацыі, інваліднасці, мовы, рэлігіі, палітычных ці іншых перакананняў, нацыянальнага або сацыяльнага паходжання, нараджэння ці іншага становішча.

"Суверэннасць дзяржавы прадугледжвае яе адказнасць, і галоўная адказнасць за абарону народа ўскладзена на саму дзяржаву."
Даклад Міжнароднай камісіі па пытаннях умяшання і дзяржаўнага суверэнітэту, 2001 г.

Варта адзначыць, што ўніверсальнасць правоў чалавека ніякім чынам не пагражае багатай разнастайнасці індывідуальнасцей ці культур. «Універсальнасць» і «аднастайнасць» не з'яўляюцца сінонімамі. Разнастайнасць прадугледжвае свет, у якім усе роўныя і ў роўнай ступені заслугоўваюць павагі. Правы чалавека выступаюць у ролі мінімальных стандартаў, якія прымяняюцца да ўсіх людзей; кожная дзяржава і кожнае грамадства маюць права вызначаць і ўжываць больш высокія або больш канкрэтныя стандарты. Напрыклад, мы бачым, што ў сферах эканомікі, сацыяльнага і культурнага жыцця кажуць аб неабходнасці прыняць меры для паступовай поўнай рэалізацыі правоў у гэтых сферах, але пры гэтым няма выразна заяўленай пазіцыі наконт павышэння падаткаў для дасягнення гэтай мэты. І тады гэта ўжо справа кожнай краіны і кожнага грамадства прымаць палітычныя рашэнні ў залежнасці ад унутраных умоў.

Гістарычны агляд

Ідэя таго, што людзі валодаюць неад'емнымі правамі, караніцца ў многіх культурах і старажытных традыцыях. Шматлікія прыклады шанаваных кіраўнікоў і ўплывовейшых зборнікаў законаў з гісторыі чалавецтва паказваюць нам, што каштоўнасці, увасобленыя ў правах чалавека, не з'яўляюцца ні «заходнім вынаходніцтвам», ні вынаходніцтвам ХХ стагоддзя. Яны сталі адказам на ўсеагульныя патрэбы чалавека і на патрабаванні аб пошуку справядлівасці. У кожнай супольнасці людзей былі свае ідэалы і сістэмы забеспячэння справядлівасці, якія захаваліся ў выглядзе традыцый – вусных або пісьмовых – хоць не ўсе гэтыя традыцыі дажылі да нашых дзён.

Старажытная гісторыя

  • Збор законаў Хамурапі ў Вавілоне (Ірак, каля 2000 г. да н. э.) быў першым пісьмовым кодэксам законаў і быў заснаваны гэтым вавілонскім царом. У ім даваўся зарок «зрабіць так, каб у царстве кіравала справядлівасць, знішчаць злых і жорсткіх, не дазваляць моцным прыгнятаць слабых, ... адукоўваць краіну і садзейнічаць дабрабыту народа».
  • Прыводзяцца словы старажытнаегіпецкага фараона (каля 2000 г. да н. э.), які даваў указанне сваім падначаленым: «Калі з Верхняга або Ніжняга Ніла прыязджае прасіцель, … зрабіце так, каб усё праходзіла ў адпаведнасці з законам, каб быў выкананы звычай і паважаліся правы кожнага чалавека».
  • Хартыя Кіра (Іран, каля 539 г. да н. э.) была складзена царом Персіі Кірам для народа яго краіны. Хартыя прызнавала права народа на свабоду і бяспеку, рэлігійную цярпімасць, свабоду перамяшчэння, свабоду ад рабства і некаторыя сацыяльныя і эканамічныя правы.
  • У аснове вучэння Канфуцыя (каля 500 г. да н. э.) ляжыць канцэпцыя «рэн», галоўная ідэя якой – спачуванне і любоў да іншых людзей. Канфуцый сказаў: «Не рабі іншым таго, чаго не хочаш сабе». Кітайскі эксперт па канфуцыянстве доктар Пэн-чунь Чан, які прыняў актыўны ўдзел у стварэнні праекта УДПЧ, лічыў, што ў аснове ідэі абароны правоў чалавека ляжыць менавіта вучэнне Канфуцыя.
  • Імам Алі iбн аль-Хусэйн у пачатку VIII стагоддзя н. э. напісаў сваё «Пасланне аб правах». Па нашых звестках, гэты ліст з'яўляецца першым дакументальным сведчаннем таго, якім было стаўленне да правоў чалавека ў тую эпоху, і гэта пасланне стала першай спробай не негатыўнага, а пазітыўнага падыходу да канцэпцыі правоў чалавека. У гэтым пасланні даецца метадалагічны спіс з 50 такіх правоў чалавека, і па сваім духу яны адлюстроўваюць гледжанні ранняга ісламу.
  • Хартыя Мандэ (1222 г. н. э.) і Хартыя Курукан Фуга (1236 г. н. э.) сістэматызуюць вусныя традыцыі краін Заходняй Афрыкі і адстойваюць такія прынцыпы як дэцэнтралізацыя, ахова навакольнага асяроддзя, правы чалавека і культурная разнастайнасць.

Чалавек становіцца чалавекам у таварыстве іншых людзей.

  • Aфрыканскі погляд на свет, які пазначаецца зулускім словам ubuntu, адлюстроўвае саму сутнасць таго, што значыць быць чалавекам. Гэта паняцце выдатна падкрэслівае важнасць павагі да ўсіх членаў супольнасці, важнасць гасціннасці і вялікадушнасці. Выраз «чалавек становіцца чалавекам у таварыстве іншых людзей» лепш за ўсё перадае змест слова ubuntu. І гэта паняцце ў цэлым мае прамое дачыненне да правоў чалавека. Калі мы становімся людзьмі ў таварыстве іншых, тады, пазбаўляючы іншых людзей іх права быць чалавекам, мы самі перастаём быць людзьмі. Таму так важна і неабходна адстойваць правы іншых, дараваць і атрымліваць прабачэнне і паважаць правы іншых людзей.

Пытанне: Якія дзеячы (палітычныя, літаратурныя і рэлігійныя) у гісторыі вашай краіны дамагаліся прызнання каштоўнасцей, звязаных з правамі чалавека, ці адстойвалі такія каштоўнасці?

XIII–XVIII стагоддзі

На кожным гістарычным этапе чуліся галасы пратэсту супраць прыгнёту; аднак на працягу доўгага часу не было яснасці ў бачанні шляхоў вызвалення чалавека. Па меры нашага руху да сучаснасці гэтыя галасы і гэта бачанне ператвараліся ў праграмы сацыяльнай абароны і часам замацоўваліся ў канстытуцыях дзяржаў.
Mішлін Р. Ішэй

Свабода – гэта наша ўлада над намі самімі.
Гуга Гроцый

На працягу стагоддзяў ва ўсіх сусветных цывілізацыях ідэя ўсеагульных правоў чалавека эвалюцыянавала, абапіраючыся на паняцці годнасці і павагі. Аднак спатрэбіліся намаганні многіх пакаленняў, каб ідэя павагі гэтых паняццяў была замацавана ў законах. Часта менавіта гістарычны вопыт дае нам рашучасць узводзіць правы чалавека ў ранг закону. І гэта, натуральна, яшчэ не канец шляху. Па меры таго як узбагачаюцца нашы веды пра гісторыю іншых культур, мы, без усякага сумнення, знойдзем і ў іншых культурах гістарычныя сведчанні спроб сцвярджэння правоў чалавека заканадаўчым шляхам.

  • У 1215 годзе англійская знаць і прадстаўнікі духавенства, прыняўшы Вялікую хартыю вольнасцей (Magna Carta), прымусілі караля Англіі згадзіцца правіць у адпаведнасці з законам. Хартыя абараняла толькі правы прывілеяванага класа (знаці), і таму тут гаворка не ідзе аб правах чалавека саміх па сабе. Але хартыя стала дакументам, на які людзі часта спасылаліся, каб абараніць свае свабоды, паколькі яна абмяжоўвала каралеўскую ўладу і прызнавала свабоды і правы людзей.

 Біль аб правах – гэта тое, на што людзі маюць права, у цэлым і ў прыватнасці, насуперак жаданням любога ўрада на зямлі; гэта тое, у чым не можа адмовіць ні адзін справядлівы ўрад.
Томас Джэферсан, 1787 г.

  • У 1689 годзе англійскі парламент прыняў закон, у якім заяўлялася, што ён больш не пацерпіць каралеўскага ўмяшання ў свае справы. Гэты дакумент, вядомы як Біль аб правах, забараняў манарху прыпыняць дзеянне законаў без згоды парламента, прадугледжваў свабодныя выбары членаў парламента і дэклараваў, што свабода слова ў парламенце не магла быць аспрэчана ні ў судах, ні дзе-небудзь яшчэ.
  • Гуга Гроцый (1583–1645) шырока вядомы як заснавальнік навукі міжнароднага права. У сваёй кнізе «Аб праве вайны і міру» ён прадстаўляе сістэму агульных прынцыпаў, заснаваных на «натуральным праве», якое, на яго думку, павінна аб'ядноўваць усе нацыі, незалежна ад мясцовых законаў і звычаяў. На працягу XVII–XVIII стагоддзяў некаторыя еўрапейскія філосафы працягвалі развіваць канцэпцыю «натуральных правоў»..
  • Джон Лок (1689) распрацаваў тэорыю, паводле якой кожны чалавек мае некаторыя правы ад нараджэння, і яны не даруюцца ўрадамі або іх законамі. Пры гэтым легітымнасць урада залежыць, па сутнасці, ад таго, наколькі ён захоўвае гэтыя натуральныя правы. Ідэя, згодна з якой з натуральных правоў чалавека павінны выцякаць пэўныя прававыя гарантыі, атрымлівала ўсё большае прызнанне і стала знаходзіць адлюстраванне ў канстытуцыях шэрагу краін. Правы чалавека перафармулявалі гэту ідэю і замацавалі яе ў сістэме ўзаемаадносін паміж урадамі і грамадзянамі.
  • У 1776 годзе большасць брытанскіх калоній у Паўночнай Амерыцы, прыняўшы Дэкларацыю незалежнасці Злучаных Штатаў, абвясцілі сваю незалежнасць ад Брытанскай імперыі. Дэкларацыя ў значнай ступені грунтавалася на тэорыях Лока і Мантэск'ё пра «натуральныя правы» чалавека. Заснаваная на перакананні, што важны захаванне ўлады дзяржавы і абарона свабод, Дэкларацыя ўстала на абарону такіх паняццяў, як: неад'емныя правы; абарона індывідуальных правоў людзей; свабода слова, прэсы, падачы петыцый і правядзення сходаў; права на канфідэнцыяльнасць прыватнага жыцця; на справядлівы судовы разбор; роўнасць перад законам і свабода веравызнання.

Мэта ўсякага палітычнага саюза – захаванне натуральных і неад'емных правоў чалавека. Гэтыя правы – на свабоду, на ўласнасць, на бяспеку і на супраціўленне прыгнёту.
Дэкларацыя правоў чалавека і грамадзяніна, 1789 г., Францыя

  • У 1789 годзе французы зверглі ў сябе ў краіне манархію і заснавалі першую Французскую рэспубліку. Французская Дэкларацыя правоў чалавека і грамадзяніна была народжана рэвалюцыяй і напісана прадстаўнікамі духавенства, дваранства і простых грамадзян, якія такім чынам рэалізавалі ідэі вядомых асветнікаў, такіх як Вальтэр, Мантэск'ё, Энцыклапедысты і Русо. У Дэкларацыі рэзка крытыкавалася палітычная і прававая сістэма манархіі, а «свабода, уласнасць, бяспека і права на супраціўленне прыгнёту» былі вызначаны як натуральныя правы чалавека. Дэкларацыя замяніла сістэму арыстакратычных прывілеяў, што існавалі пры манархіі, прынцыпам роўнасці перад законам. Аднак спатрэбілася шмат часу, каб увасобіць у жыццё яе эгалітарныя прынцыпы і тэарэтычныя канцэпцыі роўнасці правоў. Тады ў грамадстве панавала глыбокая несправядлівасць, і для ператварэння дэкларацыі ў жыццё спатрэбіліся намаганні некалькіх пакаленняў.

Будучы ад прыроды зусім вольным, роўным і незалежным, ні адзін чалавек… не можа быць падпарадкаваны палітычнай уладзе іншага без яго згоды.
Джон Лок

Раннія міжнародныя пагадненні: paбства і праца

У XIX і XX стагоддзях шэраг праблем з галіны правоў чалавека выйшлі на пярэдні план і сталі разглядацца на міжнародным узроўні. Перш за ўсё, гэта былі праблемы рабства, прыгоннага права, бесчалавечных умоў працы і працоўнай эксплуатацыі дзяцей. Прыкладна да гэтага часу адносіцца і прыняцце першых міжнародных пагадненняў, якія тычацца правоў чалавека. Хоць гэтыя пагадненні прапаноўвалі дзейсныя меры па абароне правоў, у іх аснове ўсё ж ляжалі ўзаемныя абавязацельствы паміж дзяржавамі. У гэтым праяўляецца іх вострая супярэчнасць сучасным пагадненням аб правах чалавека, дзе абавязкі наўпрост звязаны з уладальнікамі правоў чалавека.

  • У Англіі і Францыі рабства было аб'яўлена па-за законам прыкладна ў пачатку XIX стагоддзя, а ў 1814 годзе брытанскі і французскі ўрады падпісалі Парыжскі дагавор аб супрацоўніцтве з мэтай спынення гандлю рабамі. На Брусельскай канферэнцыі 1890 года быў падпісаны Акт супраць рабства, які пазней быў ратыфікаваны васямнаццаццю дзяржавамі. Гэтым абвяшчаецца намер пакласці канец гандлю рабамі з Афрыкі.

Лепш памерці з голаду вольным, чым быць сытым рабом.
Эзоп

  • Аднак гэта не вырашала праблему прымусовай працы і факта існавання жорсткіх умоў працы. Нават Міжнародная канвенцыя 1926 года пра рабства, нацэленая на адмену рабства ў любых яго формах, не змагла спыніць шырока распаўсюджаную практыку прымусовай працы да самых 1940-х гадоў.
  • Стварэнне ў 1919 годзе Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) стала матэрыялізацыяй ідэі, што ўсеагульнага і трывалага міру можна дамагчыся толькі на аснове прынцыпу сацыяльнай справядлівасці. МАП распрацавала сістэму міжнародных стандартаў працы, якія забяспечваюць належныя ўмовы для плённай працы, свабоду, роўнасць, бяспеку і годнасць працоўных.
  • Адна са сфер дзейнасці МАП – барацьба з працоўнай эксплуатацыяй дзяцей, асабліва ў горшых яе формах. Сёння гэта барацьба ідзе па многіх напрамках, уключаючы папулярызацыю міжнародных пагадненняў аб дзіцячай працы, такіх як Канвенцыя МАП № 182 аб горшых формах дзіцячай працы і Канвенцыя МАП № 138 аб мінімальным узросце найму на працу.  
  • З 1899 па 1977 год было заключана мноства важных дагавораў у галіне міжнароднага гуманітарнага права, і яны акрэслілі новую сферу супрацоўніцтва паміж дзяржавамі на першым этапе яго развіцця. Міжнароднае гуманітарнае права ўводзіць узброеныя канфлікты ў прававое поле. Несумненна, як міжнароднае гуманітарнае права, так і правы чалавека павінны выконвацца ва ўсіх выпадках, напрыклад у дачыненні да палонных. Аднак у міжнародным гуманітарным праве больш дэталёва апісаны многія іншыя пытанні, што ўзнікаюць у часы канфліктаў, напрыклад пра дапушчальнасць прымянення пэўнай зброі і тактыкі ваенных дзеянняў.

Пытанне: Чаму, на вашу думку, паўстала неабходнасць у міжнародных пагадненнях, і таго, каб кожная краіна проста распрацавала свае ўласныя нормы, недастаткова?

ХХ стагоддзе

Войны будуць працягвацца, пакуль чалавецтва не зверне ўвагу на тое, што прырода чалавека ўсюды аднолькавая, дзе б у свеце мы ні знаходзіліся.
П'ер Дако

Ідэя заканадаўчай абароны правоў чалавека ад самавольства кіруючых уладаў пачала атрымліваць шырокае прызнанне ў ХХ стагоддзі, асабліва з моманту стварэння Лігі Нацый і Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), а таксама з пачаткам іх барацьбы за правы меншасцей, правы працоўных і за іншыя каштоўнасці. Краіны ўжо прызналі важнасць кадыфікацыі гэтых правоў у пісьмовай форме, і згаданыя вышэй дакументы сталі, такім чынам, раннімі папярэднікамі многіх цяперашніх пагадненняў аб правах чалавека. Аднак па-сапраўднаму на міжнародную сцэну правы чалавека вынеслі падзеі Другой сусветнай вайны. Пасля ўсіх жудасных зверстваў, учыненых у гэтай вайне – уключаючы халакост і маштабныя ваенныя злачынствы – паўстала неабходнасць неадкладнага стварэння новай сістэмы міжнародных прававых нормаў і, перш за ўсё, стварэння сістэмы правоў чалавека, якімі мы іх ведаем сёння.
Статут Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, падпісаны 26 чэрвеня 1945 г., адбіў гэта становішча. Статут заяўляе, што асноўнай задачай ААН з'яўляецца «пазбавіць будучыя пакаленні ад бедстваў вайны» і «зноў умацаваць веру ў асноўныя правы чалавека, у годнасць i каштоўнасць чалавечай асобы, у раўнапраўе мужчын і жанчын».Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека (УДПЧ) была распрацавана Камісіяй ААН па правах чалавека, адным з органаў ААН, і прынята на пасяджэнні Генеральнай Асамблеі 10 снежня 1948 года. Несумненна, прыняцце УДПЧ стала вялікім прарывам, і сёння дэкларацыя застаецца самым важным у свеце інструментам абароны правоў чалавека. Нават не з'яўляючыся юрыдычна абавязковай, УДПЧ стала крыніцай натхнення для прыняцця шматлікіх абавязацельстваў па абароне правоў чалавека, няхай гэта будзе на нацыянальным, рэгіянальным або міжнародным узроўні. З той пары міжнароднай супольнасцю быў распрацаваны і прыняты цэлы шэраг асноватворных дакументаў, якія павінны гарантаваць захаванне заяўленых у ёй прынцыпаў. Дадатковую інфармацыю пра некаторыя з гэтых міжнародных пагадненняў можна знайсці далей у гэтай главе.

Правы чалавека ў розных частках свету

Пасля прыняцця Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ў розных рэгіёнах свету былі распрацаваны свае ўласныя сістэмы абароны правоў чалавека, якія існуюць разам з сістэмай, створанай ААН. На дадзены момант існуюць рэгіянальныя ўстановы абароны правоў чалавека ў Еўропе, Амерыцы і Афрыцы. У арабскім свеце і ў краінах Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (ASEAN) таксама робяцца крокі да інстытуцыянальнага замацавання рэгіянальных стандартаў правоў чалавека. Але пры гэтым многія краіны ў гэтай частцы свету таксама ратыфікавалі асноўныя дагаворы і канвенцыі ААН, тым самым выказаўшы сваю згоду з іх асноўнымі прынцыпамі, і добраахвотна ўзялі на сябе абавязацельствы па выкананні міжнароднага права ў дачыненні да правоў чалавека.

У Еўропе на варце розных правоў чалавека і звязаных з імі стандартаў і інструментаў, якія ўжываюцца на ўсім кантыненце, стаіць Савет Еўропы. Пра яго ролю і, у прыватнасці, пра тое, як ён выкарыстоўвае Еўрапейскую канвенцыю і Еўрапейскі суд па правах чалавека, будзе больш падрабязна расказана ніжэй.
Апрача Савета Еўропы, таксама іграюць важную ролю Еўрапейскі саюз і Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ).

Еўрапейскі саюз

Намаганні Еўрапейскага саюза па абароне правоў чалавека атрымалі новы імпульс з прыняццем Лісабонскага дагавора, які ўвайшоў у сілу 1 снежня 2009 года і даў поўнае юрыдычнае абгрунтаванне Хартыі фундаментальных правоў Еўрапейскага саюза. У хартыі выкладзены грамадзянскія, палітычныя, сацыяльныя і эканамічныя правы, што павінны выконваць як дзяржавы-ўдзельніцы, так і сам Еўрапейскі саюз. Еўрапейскі суд будзе выступаць супраць любога палажэння ў заканадаўстве Еўрасаюза, якое супярэчыць хартыі, і правяраць законы дзяржаў – членаў ЕС на іх адпаведнасць хартыі, пакідаючы за нацыянальнымі судамі прыняцце рашэнняў па паўсядзённых пытаннях. Хартыя падзяляе правы на шэсць «катэгорый»: годнасць, свабода, роўнасць, салідарнасць, грамадзянскія правы і справядлівасць. Катэгорыя «годнасць» гарантуе права на жыццё і ўводзіць забарону на катаванні, рабства і смяротную кару. Катэгорыя «свабода» ўключае права на прыватнае жыццё, уступленне ў шлюб, свабоду думкі і выказвання меркаванняў, права сходаў, права на адукацыю, права на працу, права мець уласнасць і прытулак. Да катэгорыі «роўнасць» адносяцца правы дзяцей і пажылых людзей. Катэгорыя «салідарнасць» уключае сацыяльныя правы і правы працоўных, права на справядлівыя ўмовы працы, абарону ад неабгрунтаванага звальнення і доступ да медыцынскай дапамогі. У лік «грамадзянскіх правоў» уваходзяць права на галасаванне і свабода перамяшчэння, а катэгорыя «справядлівасць» гарантуе права на эфектыўныя сродкі прававой абароны, справядлівы судовы разбор і прэзумпцыю невінаватасці.
Агенцтва па фундаментальных правах (АФП) з'яўляецца экспертным органам, які збірае звесткі аб сітуацыі з асноўнымі (фундаментальнымі) правамі чалавека ў краінах Еўрапейскага саюза, кансультуе і дае рэкамендацыі па паляпшэнні існуючай сітуацыі. Агенцтва не займаецца маніторынгам, але супрацоўнічае з адпаведнымі ўстановамі, падаючы ім рэкамендацыі аб тым, як лепш ажыццяўляць асноўныя правы.

Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) аб'ядноўвае 56 дзяржаў Еўропы, Цэнтральнай Азіі і Паўночнай Амерыкі. Хоць яна спецыяльна не займаецца абаронай правоў чалавека, яе глабальны падыход да бяспекі дазваляе ўжываць яе для вырашэння шырокага кола праблем, уключаючы пытанні, звязаныя з правамі чалавека, нацыянальнымі меншасцямі, дэмакратызацыяй, стратэгіямі па абароне парадку, барацьбой з тэрарызмам, дзейнасцю ў галіне эканомікі і экалогіі. Выступаючы за правы чалавека, АБСЕ дзейнічае пры пасярэдніцтве Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ), штаб-кватэра якога знаходзіцца ў Варшаве. БДІПЧ дзейнічае на ўсёй прасторы дзяржаў, якія ўваходзяць у АБСЕ, і назірае за выбарамі, развіццём дэмакратычных працэсаў, выкананнем правоў чалавека, а таксама займаецца праблемамі, звязанымі з талерантнасцю, дыскрымінацыяй і вяршэнствам права. Праца Бюро, арыентаваная на маладых людзей, ахоплівае пытанні, звязаныя з адукацыяй у галіне правоў чалавека, барацьбой з антысемітызмам і ісламафобіяй.

Арганізацыя амерыканскіх дзяржаў

У Міжамерыканскім рэгіёне стандарты і механізмы абароны правоў чалавека заснаваны на палажэннях Амерыканскай дэкларацыі правоў і абавязкаў чалавека (1948 г.) і Амерыканскай канвенцыі аб правах чалавека (1969 г.). Тут таксама дзейнічаюць спецыяльныя прававыя акты, у якіх гаворка ідзе пра бежанцаў, пра прадухіленне катаванняў і пакаранне за іх, пра адмену смяротнай кары, пра знікненні людзей, гвалт у адносінах да жанчын, пра ахову навакольнага асяроддзя і іншыя праблемы.

Афрыканскі саюз

Афрыканская хартыя правоў чалавека і народаў увайшла ў сілу ў кастрычніку 1986 года, а да 2007 года яе ратыфікавалі 53 дзяржавы. Хартыя ўяўляе інтарэс, бо ўпор у ёй робіцца на трохі іншыя палажэнні, чым у аналагічных дакументах, прынятых у іншых частках свету:

Кожны чалавек мае абавязкі перад грамадствам, у якiм толькi i магчыма свабоднае i поўнае развiццё яго асобы.
Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека

  • У адрозненне ад Еўрапейскай ці Амерыканскай канвенцый, Афрыканская хартыя ўключае сацыяльныя, эканамічныя і культурныя правы, а таксама грамадзянскія і палітычныя правы ў рамках аднаго і таго ж дагавора.
  • Афрыканская хартыя закранае не толькі індывідуальныя правы, але і прадугледжвае калектыўныя правы народаў.
  • Хартыя таксама прызнае, што асоба мае не толькі правы, але і абавязкі, і нават пералічвае пэўныя абавязкі асобы ў адносінах да сям'і, грамадства, дзяржавы і міжнароднай супольнасці.

Пытанне: Як вы думаеце, чаму ў хартыі правоў чалавека згадваюцца таксама і абавязкі? Ці лічыце вы, што яны павінны быць упісаны ва ўсе дакументы па правах чалавека?

Арабская хартыя правоў чалавека

У арабскім свеце рэгіянальная Камісія па правах чалавека дзейнічае з 1968 года, але яе паўнамоцтвы ў галіне прасоўвання правоў чалавека адрозніваюцца вялікай выбіральнасцю і абмежаванасцю. Перагледжаная Арабская хартыя правоў чалавека была прынята Лігай арабскіх дзяржаў у 2004 годзе і ўвайшла ў сілу ў 2008 годзе.

Арабская хартыя агаворвае сацыяльна-эканамічныя і грамадзянска-палітычныя правы, а таксама робіць спасылку на «агульную цывілізацыю» арабскіх дзяржаў. Уваход у сілу хартыі і механізмаў яе маніторынгу – Арабскага камітэта па правах чалавека і Арабскай падкамісіі па правах чалавека – быў успрыняты з адабрэннем як абнадзейлівая прыкмета паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў дадзеным рэгіёне. У той жа час хартыя падверглася жорсткай крытыцы за тое, напрыклад, што ў ёй адсутнічае забарона на жорсткія пакаранні, а эканамічныя і сацыяльныя правы гарантаваны толькі грамадзянам краін гэтага рэгіёну, што некаторыя правы заснаваны на законах шарыяту. Сярод недахопаў хартыі адзначалася таксама, што яна дазваляе смяротную кару ў адносінах да дзяцей, калі гэта прадугледжваецца нацыянальным заканадаўствам, і ў ёй дапускаюцца абмежаванні свабоды думкі, сумлення і веравызнання, калі гэта прадугледжана законам.

ASEAN

У рэгіёне Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (ASEAN) прыкладваюцца намаганні, каб гэты рэгіянальны орган выканаў свае прынятыя ў 2009 годзе абавязацельствы па стварэнні Міжурадавай камісіі па правах чалавека. У дакуменце 2009 года, які вызначае сферу кампетэнцыі камісіі, падкрэслена, што яна будзе выступаць за «захаванне міжнародных прынцыпаў правоў чалавека, у тым ліку ўніверсальнасці, непадзельнасці, узаемазалежнасці і ўзаемазвязанасці ўсіх правоў чалавека і асноўных свабод, а таксама за бесстароннасць, аб'ектыўнасць, адсутнасць выбіральнасці, адсутнасць дыскрымінацыі і недапушчэнне дваістых стандартаў і палітызацыі».

Як нам скарыстацца нашымі правамі?

Правы чалавека існуюць для ўсіх нас. Так як жа мы можам імі скарыстацца? Ясна, што простага іх існавання недастаткова, каб пакласці канец парушэнням правоў чалавека, якія, як усе мы ведаем, здзяйсняюцца кожны дзень, ва ўсіх частках свету. Ці могуць яны сапраўды нешта змяніць? Як мы можам іх выкарыстоўваць?

Пытанне: Ці ведаеце вы, што рабіць, калі вашы правы чалавека парушаюцца?

Прызнанне вашых правоў

Маральныя каштоўнасці, як вецер, нябачныя. Але вы ведаеце, што вецер ёсць, мяркуючы па шолаху лісця на дрэвах. І вы разумееце, што маральныя каштоўнасці існуюць, мяркуючы па ўчынках людзей.
Ева Анчэл

У наступным раздзеле мы разглядаем розныя віды правоў чалавека, якія абаронены міжнародным правам. Калі нам вядома, якія менавіта галіны чалавечага існавання суадносяцца з нормамі законаў аб правах чалавека, і мы ведаем, што ўрады, згодна з гэтымі нормамі, прынялі на сябе адпаведныя абавязацельствы, мы можам пачынаць аказваць ціск на іх у той ці іншай форме. У гэтым раздзеле паказана, што амаль усе праявы несправядлівасці маюць дачыненне да правоў чалавека: няхай гэта будзе беднасць (у невялікім маштабе), нанясенне шкоды навакольнаму асяроддзю, праблемы здароўя, умовы працы, палітычныя рэпрэсіі, выбарчыя правы, генная інжынерыя, праблемы меншасцей, тэрарызм, генацыд… і гэтак далей. І нават сёння колькасць праблем не перастае расці.
Некаторыя з праблем, звязаных з прымяненнем заканадаўства па правах чалавека, разглядаюцца непасрэдна ў раздзеле «Пытанні і адказы». У ім даюцца кароткія адказы на некаторыя з найбольш агульных пытанняў аб правах чалавека і пытанняў, якія часта задаюцца ў гэтай сувязі.
Калі вам неабходна высветліць, як лепш абараніць нейкае канкрэтнае права, напрыклад права на здароўе, на адукацыю ці справядлівыя ўмовы працы, вам будзе карысна азнаёміцца з асноўнай інфармацыяй, прысвечанай канкрэтнай праблеме.

Выкарыстанне прававых механізмаў

Мы разгледзім прававыя механізмы, якія існуюць для абароны розных сфер чалавечых інтарэсаў. У Еўропе, а цяпер і ў Афрыцы, і ў Паўднёвай і Паўночнай Амерыцы ёсць суд, які разглядае скаргі пра парушэнні правоў – Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ). Нават калі скаргі не падпадаюць пад юрысдыкцыю Еўрапейскага суда, як мы ўбачым, існуюць і іншыя механізмы, якія дазваляюць прыцягнуць дзяржавы да адказнасці за іх дзеянні і прымусіць іх да выканання сваіх абавязацельстваў у адпаведнасці з міжнародным правам правоў чалавека. Нам лягчэй ад самога факта існавання такіх прававых нормаў, нават калі не заўсёды ёсць прававыя сродкі, каб прымусіць дзяржавы да іх выканання.

Лабіраванне, правядзенне кампаній і актывізм

Важную ролю ў аказанні ціску на дзяржавы іграюць розныя асацыяцыі, няўрадавыя грамадскія арганізацыі, дабрачынныя аб’яднанні і іншыя ініцыятыўныя групы грамадзян. Гэта тэма разглядаецца ў раздзеле, прысвечаным ролі актывістаў і НГА. Дзейнасць такіх арганізацый асабліва важна для простых людзей, і не толькі таму, што яны займаюцца справамі канкрэтных асоб, але і таму, што яны даюць звычайнаму чалавеку магчымасць актыўна ўдзельнічаць у абароне правоў іншых. У рэшце рэшт, гэтыя асацыяцыі складаюцца са звычайных людзей! Мы таксама разгледзім, як яны дзейнічаюць, каб палепшыць становішча з правамі чалавека, а таксама некаторыя прыклады іх паспяховых акцый.

Пытанне:  Ці былі вы калі-небудзь удзельнікам кампаніі ў абарону правоў чалавека ці актывістам у гэтай галіне?

Пачні ўдзельнічаць

Пры ажыццяўленні сваіх правоў і свабод кожны чалавек павiнен спазнаць толькi такiя абмежаваннi, якiя ўстаноўлены законам выключна з мэтай забеспячэння належнага прызнання і павагі правоў і свабод іншых і задавальнення справядлівых патрабаванняў маралі, грамадскага парадку i агульнага дабрабыту ў дэмакратычным грамадстве.
УДПЧ, артыкул 29 (2)

У главе 3 «Практычныя дзеянні ў падтрымку правоў чалавека» апісваецца, якімі могуць быць гэтыя меры ва ўмовах паўсядзённага жыцця, і прыводзяцца прыклады акцый, прыняць удзел у якіх маглі б вы самі. Маладзёжныя групы маюць велізарны патэнцыял для ціску на ўрады ці міжнародныя арганізацыі з тым, каб выпадкі парушэння правоў чалавека прадухіляліся або траплялі ў поле зроку грамадскасці. Прыведзеныя ў гэтай главе прыклады павінны падказаць вам, якія канкрэтныя меры могуць прымаць ваша ці іншая групы, а таксама бліжэй пазнаёміць вас з паўсядзённай працай недзяржаўных арганізацый.

Дылемы правоў чалавека

Рэалізаваць правы чалавека – гэта значыць умець пераадольваць перашкоды на гэтым шляху. Па-першае, некаторыя ўрады, палітычныя партыі ці кандыдаты ва ўладу, дзеячы сацыяльнай і эканамічнай сферы, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці часта гавораць «на мове правоў чалавека», але пры гэтым не бяруць на сябе абавязацельстваў абараняць гэтыя правы. Часам прычынай гэтаму з'яўляецца недастатковае разуменне таго, да чаго заклікаюць стандарты правоў чалавека. У іншых выпадках гаворка ідзе аб наўмысным злоўжыванні і жаданні выставіць сябе змагаром за правы чалавека і стварыць сабе станоўчы імідж у вачах усяго свету. Па-другое, урады, палітычныя партыі, кандыдаты ва ўладу ці грамадзянскія актывісты могуць крытыкаваць іншых за парушэнне правоў чалавека, але пры гэтым самі не выконваць стандарты правоў, а гэта называецца палітыкай дваістых стандартаў. Па-трэцяе, могуць быць выпадкі, калі правы адных людзей абмяжоўваюцца дзеля абароны правоў іншых. Часам гэта можа быць справядліва, паколькі правы чалавека не бязмежныя, і, ажыццяўляючы свае правы, чалавек не павінен перашкаджаць іншым людзям карыстацца іх правамі. Тым не менш трэба быць пільнымі і не дапускаць, каб «абарона правоў іншых людзей» не стала простай адгаворкай для ўвядзення абмежаванняў. Важна, каб маніторынгам падобных выпадкаў займаліся актыўныя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і незалежныя судовыя органы. Па-чацвёртае, ёсць прыклады, калі сама па сабе абарона правоў адной групы людзей можа пацягнуць за сабой абмежаванне правоў іншых. І гэта трэба адрозніваць ад прыведзенага вышэй прыкладу празмернага абмежавання правоў. У такіх выпадках не заўсёды проста выступаць у ролі суддзі.

Калізія правоў

Правы таксама могуць канфліктаваць паміж сабой. «Калізіямі правоў» называюцца канфлікты, якія могуць паўстаць паміж рознымі правамі чалавека або паміж аднымі і тымі ж правамі, але ў дачыненні да розных людзей. У якасці прыкладу можна прывесці выпадак, калі двум пацыентам, каб выжыць, трэба новае сэрца; але для трансплантацыі ёсць усяго адно. У гэтым выпадку права на жыццё аднаго пацыента ўступае ў калізію з такім жа правам іншага пацыента. Іншы прыклад звязаны з эўтаназіяй, калі чыё-небудзь права на жыццё ўступае ў канфлікт з яго (яе) правам памерці або быць пазбаўленым(-ай) зневажальнага абыходжання з сабой. Гэта выпадкі канфліктаў розных правоў у дачыненні да аднаго чалавека. Трэцім прыкладам можна лічыць сітуацыі, калі ў канфлікт уступаюць розныя правы розных людзей. Адным з прыкладаў гэтага з'яўляецца сітуацыя, якая разглядалася ў Камітэце ААН па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі ў рамках справы «Яўрэйская суполка Осла і інш. супраць Нарвегіі». У 2000 годзе групоўка, якая называе сябе «Бутбойз» (пераклад: хлопчыкі ў ботах), справіла марш у гонар нацысцкага лідара Рудольфа Геса. Удзельнікі былі апрануты ў «напаўвайсковую» ўніформу, а кіраўнік маршу, спадар Тэр'е Сьёлі, выступіў з антысеміцкай прамовай, пасля якой удзельнікі шматразова выканалі нацысцкае прывітанне і пракрычалі «Зіг хайль!». У дадзеным выпадку меў месца канфлікт паміж правам спадара Сьёлі на свабоду самавыяўлення і правам яўрэйскай суполкі не падвяргацца дыскрымінацыі. Камітэт ААН пастанавіў, што ў заявах спадара Сьёлі ўтрымліваліся ідэі расавай перавагі і нянавісці, і таму яго вельмі агрэсіўная прамова не падпадае пад абарону права на свабоду самавыяўлення.

Культурныя традыцыі

Становіцца ўсё больш відавочным, што жаночае абразанне, злачынствы «ў абарону гонару», прымусовыя шлюбы і іншыя падобныя праяўленні не будуць выкаранены, пакуль жанчыны не стануць роўнымі і паўнапраўнымі ўдзельніцамі сацыяльнага, эканамічнага, культурнага і палітычнага жыцця сваіх супольнасцей.
Халіма Эмбарэк Варзазі1

Традыцыйныя культурныя звычаі адлюстроўваюць каштоўнасці і перакананні членаў супольнасці на працягу многіх пакаленняў. У кожнай сацыяльнай групы ў свеце ёсць спецыфічныя традыцыйныя звычаі і вераванні: некаторыя з іх з'яўляюцца карыснымі для ўсіх членаў супольнасці, тады як іншыя шкодзяць канкрэтным групам, напрыклад жанчынам. Да гэтых шкодных звычаяў адносяцца: жаночае абразанне; прымусовае кармленне жанчын; ранняе замужжа; розныя забароны і звычаі, якія не дазваляюць жанчынам кантраляваць сваю фертыльнасць; забароны, звязаныя з ежай; перавага сына і яе ўплыў на статус дзяцей-дзяўчынак; забойства нованароджаных дзяўчынак; ранняя цяжарнасць; традыцыя аплаты выкупу за нявесту. Нягледзячы на тое, што з-за сваёй шкоднай прыроды такія звычаі парушаюць міжнародныя нормы правоў чалавека, яны працягваюць існаваць, таму што тыя, хто іх практыкуе, не толькі не ставяць іх пад сумненне, але і лічаць праяўленнем высокай маралі.
Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека

Шкодныя традыцыйныя практыкі

Шэраг звычаяў, якія негатыўна ўплываюць на здароўе жанчын і дзяцей і парушаюць міжнародныя стандарты правоў чалавека, часта называюць «шкоднымі традыцыйнымі практыкамі». Гэта не азначае, што ўсе традыцыйныя практыкі шкодныя і парушаюць правы чалавека, але калі гэта адбываецца, мы павінны ставіць іх пад сумненне і займацца іх выкараненнем.
Звычайная практыка ў многіх культурах – «дагаворныя шлюбы», пры якіх маладая дзяўчына – ці юнак – часта ў вельмі юным узросце абавязаны выходзіць замуж за чалавека (ажаніцца з чалавекам), абранага(-ым) яе (яго) сямействам. (Адзначым, што «дагаворны» шлюб і шлюб прымусовы – гэта не адно і тое ж). Ці варта гэту практыку забараніць дзеля абароны правоў дзяцей і моладзі? Ці, можа, гэта было б непавагай культурнай традыцыі?
У якасці іншых прыкладаў можна назваць практыку жаночага абразання, што працягвае існаваць у многіх краінах. Тысячы людзей пакутуюць ад наступстваў такіх звычаяў, і большасць людзей, безумоўна, лічыць іх сур'ёзным парушэннем правоў чалавека. Ці варта разглядаць жаночае абразанне як культурную асаблівасць, да якой можна ставіцца «талерантна», ці як парушэнне права чалавека на фізічную недатыкальнасць і здароўе?

Хоць значэнне нацыянальнай і рэгіянальнай спецыфікі і розных гістарычных, культурных і рэлігійных асаблівасцей неабходна мець на ўвазе, дзяржавы, незалежна ад іх палітычных, эканамічных і культурных сістэм, нясуць абавязак прасоўваць і абараняць усе правы чалавека і асноўныя свабоды.
Венская дэкларацыя (1993 г.)

Абарона ўсіх правоў чалавека для ўсіх прадугледжвае адмову ад шкодных традыцыйных практык. Нікому не можа быць адмоўлена ў правах чалавека і ў годнасці на падставе неабходнасці выканання патрабаванняў традыцыі і культуры; да таго ж традыцыі і культуры не высечаны ў камені – яны змяняюцца і эвалюцыянуюць, і тыя, што былі актуальнымі яшчэ дваццаць гадоў таму, часта не маюць сэнсу ў вачах сённяшняга пакалення. Існуючыя шкодныя традыцыі таксама нагадваюць нам пра тое, што барацьба за правы чалавека абапіраецца на адукацыйныя праграмы і намаганні ў гэтай сферы. Шматлікіх шкодных традыцыйных практык немагчыма пазбавіцца толькі шляхам рэпрэсій і асуджэння: каб дамагчыся эфекту, патрабуюцца адукацыя і ўдзел усіх зацікаўленых асоб. Нават калі канчатковая адказнасць ускладзена на дзяржавы, якія падпісалі міжнародныя дагаворы па правах чалавека, шкодныя традыцыі выжываюць дзякуючы дзеянням асобных людзей пры падтрымцы сем'яў і супольнасцей, у якіх захоўваюцца такія практыкі. Іх змяненне не можа быць навязана «зверху», для гэтага неабходна пастаянная адукацыйная праца з закранутымі сем'ямі і супольнасцямі, бо толькі так можна прымірыць правы чалавека з тым, што лічыцца спецыфічнымі культурнымі правамі і звычаямі.

Пытанне: Ці павінны культурныя звычаі ставіцца вышэй універсальнасці правоў чалавека?

Дзеля добрай справы

Часам міжнародная супольнасць выкарыстоўвае санкцыі, каб пакараць рэжымы, якія лічацца сістэматычнымі парушальнікамі правоў чалавека. Такія санкцыі забараняюць гандаль з краінай-парушальнікам з тым, каб аказаць ціск на яе ўрад і прымусіць яго перагледзець сваю палітыку. Рашэнні пра такія дзеянні часам прымаюцца дзяржавай у аднабаковым парадку, а часам яны здабываюць форму санкцыі Савета Бяспекі ААН. Некаторыя краіны былі цалкам ізаляваны ад сусветнай супольнасці: так, Паўднёвая Афрыка была ізалявана на доўгія гады з-за яе агіднай сістэмы апартэіду, і на працягу дзесяцігоддзяў уводзіліся санкцыі супраць Ірака, Паўночнай Карэі, Ірана і іншых краін. Несумненна, наступствы такіх санкцый адчуваюць на сабе і звычайныя людзі, але больш за ўсё ад іх пакутуе менш абароненая частка грамадства. Ці прымальна такая форма барацьбы з парушэннямі правоў чалавека ў якіх-небудзь асобна ўзятых краінах?
У дакладзе «Адказнасць па абароне» Міжнароднай камісіі па пытаннях умяшання і дзяржаўнага суверэнітэту гучыць заклік да асцярожнасці і робіцца ўпор на тое, што лепш прэвентыўныя меры, чым дзеянні ў адказ. Аднак калі сусветная супольнасць вымушана звярнуцца да «выключных і надзвычайных мер» і «ўзброенага ўмяшання ў мэтах абароны людзей», Міжнародная камісія настойвае на акрэсленні парога ў дачыненні да масавай гібелі людзей або этнічных чыстак. Калі такое адбываецца, камісія дэкларуе наступныя «Прынцыпы асцярожнасці»:

  • Добры намер: асноўная мэта ўмяшання, якія б ні былі іншыя матывы ў дзяржаў, што ажыццяўляюць умяшанне, павінна быць у тым, каб спыніць ці прадухіліць пакуты людзей. Добры намер лягчэй ажыццявіць сумеснымі дзеяннямі з удзелам іншых бакоў пры падтрымцы з боку грамадскай думкі ў рэгіёне і саміх людзей, што пакутуюць ці знаходзяцца пад пагрозай.

Справядлівасць – гэта права слабейшага.
Жазэф Жубер

  • Апошняя інстанцыя: ваеннае ўмяшанне можа быць апраўдана толькі тады, калі ўсе неваенныя варыянты прадухілення або мірнага вырашэння крызісу былі разгледжаны і ёсць важкія падставы лічыць, што яны не прывядуць да жаданага выніку.
  • Прапарцыянальныя меры: маштабы, працягласць і інтэнсіўнасць планаванага ваеннага ўмяшання павінны складаць мінімум, неабходны для дасягнення пастаўленай мэты абароны людзей.
  • Разумныя перспектывы: павінен існаваць разумны шанц на поспех у дасягненні спынення або прадухілення пакут людзей, які б апраўдаў умяшанне; і наступствы дзейнасці не павінны лічыцца горшымі за наступствы бяздзейнасці.

Аглядваючыся назад, што вы думаеце пра гэтыя меры засцярогі ў дачыненні, напрыклад, да рэакцыі міжнароднай супольнасці на Разню ў Срэбраніцы ў 1995 годзе, да праведзенай НАТА бамбардзіроўкі Косава ў 1999 годзе або да інтэрвенцыі ў Афганістан у 2001 годзе? Ці могуць такія дзеянні быць апраўданы з пункту гледжання іх канчатковых вынікаў, калі яны прыводзяць да вялікай колькасці ахвяр?

Пытанне: Ці можна выкарыстоўваць абарону правоў чалавека ў якасці апраўдання для ваеннай кампаніі?

Там, дзе насельніцтва адчувае істотны ўрон у выніку ўнутранай вайны, бунту, рэпрэсій, ці з-за няздольнасці дзяржавы функцыянаваць нармальна, і такая дзяржава не жадае або не можа спыніць ці прадухіліць такі ўрон, прынцып неўмяшання перадаецца пад адказнасць міжнароднай супольнасці.
Даклад Міжнароднай камісіі па пытаннях умяшання і дзяржаўнага суверэнітэту, 2001 г.

У красавіку 2001 года Камісія ААН па правах чалавека адхіліла ідэю аб тым, што дзеля барацьбы з тэрарызмам можна ахвяраваць абарону правоў чалавека. Рэзалюцыя 2001/24 асудзіла ўзброеныя напады, звязаныя з канфліктам у Чачэнскай Рэспубліцы Расійскай Федэрацыі і парушэннямі гуманітарнага права з боку чачэнскіх паўстанцаў, а таксама некаторыя метады, што прымяняліся ў Чачні расійскімі федэральнымі сіламі. Рэзалюцыя заклікала Расійскую Федэрацыю стварыць незалежную нацыянальную камісію для расследавання вышэйзгаданых парушэнняў, якая б працавала ў адпаведнасці з прызнанымі міжнароднымі стандартамі.

Правы чалавека пастаянна мяняюцца і развіваюцца

Не на ўсе пытанні, узнятыя ў папярэднім раздзеле, ёсць дакладныя адказы: нават сёння яны застаюцца прадметам лютых спрэчак. У нейкай меры гэтыя спрэчкі важны. Яны сведчаць як аб плюралізме ў падыходах, што з'яўляецца асновай для паняцця правоў чалавека, так і пра тое, што правы чалавека – гэта не навука, не застылая «ідэалогія», а вобласць маральна-этычнай і прававой думкі, і гэта вобласць пастаянна развіваецца. Мы не павінны чакаць, што адказы будуць адназначнымі. Праблемы, што разглядаюцца, складаныя, і для іх вырашэння патрэбен збалансаваны падыход, які дапаможа вывучыць кожны выпадак у асобнасці.
Аднак гэта не азначае, што адказаў няма наогул і што няма ніводнай вобласці, дзе была б дасягнута згода. Такіх абласцей шмат, і іх колькасць узрастае амаль штодня. Праблема рабства выклікала дыскусіі, а сёння талерантны падыход па гэтым пытанні больш не лічыцца прымальным, бо права на свабоду ад рабства цяпер універсальна прызнана як асноўнае права чалавека. Жаночае абразанне, хоць і атрымлівае падтрымку некаторых людзей з нагоды меркавання аб неабходнасці захавання культурных звычаяў, шырока асуджаецца як парушэнне правоў чалавека. Такое ж стаўленне і да смяротнай кары – прынамсі, у Еўропе, дзе краіны – члены Савета Еўропы альбо адмянілі смяротную кару, альбо ўвялі мараторый на прывядзенне прысудаў у выкананне. На справе адмена смяротнай кары ў цяперашні час з'яўляецца абавязковай умовай для членства ў Савеце Еўропы. Па даных Amnesty International, больш за дзве трэці краін свету адмянілі смяротную кару ў сваім заканадаўстве або на практыцы. Па стане на 2009 год 58 краін захавалі смяротную кару, але ў большасці сваёй яе не ўжывалі.
Таму мы павінны верыць, што многія з гэтых пытанняў таксама знойдуць сваё рашэнне. Тым часам мы можам уключыцца ў дыскусію і вынесці сваё ўласнае меркаванне па спрэчных пытаннях, памятаючы пра дзве асноўныя каштоўнасці – роўнасць і чалавечую годнасць. Калі якое-небудзь дзеянне ў адносінах да любога чалавека прыніжае яго годнасць, значыць, яно супярэчыць духу правоў чалавека.

Спасылкі


1Спецыяльны дакладчык ААН па пытаннях традыцыйных практык, якія шкодзяць здароўю жанчын і дзяўчынак.