Удзел у выбарах – святое таінства дэмакратыі.

Тэадор Хезберг

Агляд

У практыкаванні прапануецца правесці ў супольнасці апытанне грамадскай думкі з мэтай вывучэння праблем галасавання на выбарах і грамадзянскага ўдзелу.

Звязаныя правы

• Права на ўдзел у кіраванні краінай і ў свабодных выбарах
• Свабода перакананняў і выказвання меркавання
• Права на мірныя сходы і аб'яднанні

Мэты

• Навучыцца шанаваць магчымасць удзелу ў выбарах
• Развіць навыкі пошуку і крытычнага аналізу інфармацыі
• Навучыцца шанаваць асабісты ўклад кожнага грамадзяніна ў дэмакратыю

Матэрыялы

• Апытальныя лісты 1 і 2, па адным наборы на пару
• Копіі ўстаўкі 1 (інструкцыі па правядзенні апытання), па адной на пару
• Ручкі або алоўкі на кожнага ўдзельніка
• Аркушы паперы фармату А3 ці паперы для фліпчарта, маркеры
• Скотч

Падрыхтоўка

• Зрабіце копію ўстаўкі 2 (узор апытальнага ліста) на вялікім аркушы паперы ў якасці нагляднага дапаможніка
• Зрабіце копіі апытальных лістоў 1 і 2 на паперы для фліпчарта для падвядзення вынікаў
• Складзіце графік правядзення практыкавання; для першай часткі (уводзіны ў апытанне) спатрэбіцца 60 хвілін, для другой (сам працэс апытання) – 120 хвілін, для трэцяй (аналіз вынікаў, аналіз і ацэнка) – 90 хвілін

Key Date
  • 18 сакавікаПершыя ў Еўропе парламенцкія выбары шляхам усеагульнага галасавання прайшлі ў Фінляндыі ў 1917 годзе

Інструкцыі

Частка 1. Уводзіны ў апытанне
1. Растлумачце, што мэтай першай часткі занятку з'яўляецца падрыхтоўка да правядзення апытання грамадскай думкі аб прычынах удзелу ці няўдзелу ў галасаванні.
2. Спытайце ўдзельнікаў, ці збіраюцца яны галасаваць на бліжэйшых (можа быць, першых у іх жыцці) нацыянальных або мясцовых выбарах. Папрасіце ўсіх падняць рукі згодна з іх намерам і падзяліце ўдзельнікаў на дзве групы: тых, хто жадае галасаваць (А), і тых, хто не жадае (Б). Тых, хто вагаюцца, выпадкова размяркуйце па абедзвюх групах, каб атрымаць дзве больш-менш аднолькавыя па велічыні групы.
3. Дайце групам 15 хвілін на выкладанне сваіх аргументаў «за» і «супраць» удзелу ў выбарах на вялікіх аркушах паперы.
4. Збярыце ўсіх удзельнікаў разам і папрасіце прадстаўніка кожнай з груп зачытаць іх спіс. Дайце ўдзельнікам час для кароткага абмеркавання і ўнясення дадатковых аргументаў у спісы.
5. Раздайце копіі апытальных лістоў 1 і 2. Звярніце ўвагу ўдзельнікаў на вялікі ліст з наглядным кіраўніцтвам і падкрэсліце тое, што ліст 1 прызначаны для аргументаў тых, хто не галасуе, а ліст 2 – для тых, хто галасуе. Падкрэсліце, што змест абодвух лістоў супадае, за выключэннем другога пытання, якое ў абодвух лістах сфармулявана па-рознаму. Зачытайце пытанні, каб пераканацца, што ўсе ўсё зразумелі.
6. Цяпер растлумачце метад уліку адказаў. Пакажыце групе ўзор і растлумачце, як карыстацца метадам «пяці рысак» для ўліку.
7. Раздайце кожнай пары інструкцыі па правядзенні апытання. Зачытайце іх і абмяркуйце:
• Якім чынам удзельнікі збіраюцца забяспечыць сапраўды выпадковы выбар рэспандэнтаў?
• Колькі рэспандэнтаў павінна апытаць кожная пара (чым больш, тым лепш!)?
• Дзе і калі будзе праводзіцца апытанне?
• Калі апытанне будзе завершана?
• Калі трэба вярнуцца для абмеркавання вынікаў?

Частка 2. Апытанне
1. Пераканайцеся, што кожны ўдзельнік зразумеў свае задачы, і прыступайце да апытання.
2. Узгадніце час вяртання.

Частка 3. Аналіз вынікаў
Пары збіраюцца разам, каб супаставіць, прааналізаваць і абмеркаваць атрыманыя вынікі. На гэта даецца 60 хвілін.
1. Папрасіце пары падсумаваць свае вынікі ў кожнай графе і адлюстраваць іх у дзвюх вялікіх табліцах. Гэта дазволіць арганізаваць усе даныя і падлічыць агульны вынік для ўсёй групы. Таксама варта запісаць прычыны, названыя рэспандэнтамі. Калі адну і тую ж прычыну называлі некалькі разоў, падлічыце, колькі канкрэтна, выкарыстоўваючы, зноў жа, метад «пяці рысак».
2. Калі ўся інфармацыя будзе ўнесена ў табліцы, папрасіце ўсіх падлічыць наступнае:
• Агульная колькасць апытаных
• Працэнтныя долі тых, хто галасуе, і тых, хто не галасуе, ад агульнай колькасці апытаных
• Працэнтныя долі апытаных мужчын і жанчын
• Працэнтныя долі ўзроставых груп
• Узроставая група, у якой было менш за ўсё тых, хто галасуе
• Узроставая група, у якой было больш за ўсё тых, хто галасуе
• Самыя распаўсюджаныя аргументы на карысць адмовы ад галасавання
• Самыя распаўсюджаныя аргументы на карысць галасавання
• Якіх аргументаў (і «за», і «супраць» галасавання) было больш: звязаных з асобамі або з партыямі?
3. Цяпер прыступайце да абмеркавання таго, наколькі практыкаванне спадабалася ўдзельнікам і што новага яны даведаліся.

Аналіз і ацэнкаGoto top

У ходзе агульнага абмеркавання вынікаў вы можаце падняць, напрыклад, наступныя пытанні:
• Якія ў групы склаліся адчуванні падчас правядзення апытання? У цэлым, наколькі ахвотна людзі адказвалі на пытанні?
• Ці цяжка было праводзіць апытанне? Ці спадабалася ім рабіць гэта?
• Ці атрымалася групе сабраць «рэпрэзентатыўную» выбарку насельніцтва ў цэлым? З якімі цяжкасцямі яны пры гэтым сутыкнуліся?
• Чаму цяжка рабіць высновы на падставе вынікаў груп і як гэтых цяжкасцей можна пазбегнуць?
• Якія з атрыманых статыстычных даных асабліва здзівілі групу?
• Што ў выніках апытання аказалася для ўдзельнікаў колькі-небудзь нечаканым?
• Ці супадаюць адказы рэспандэнтаў з меркаваннямі ў групе? Ці можна лічыць групу «рэпрэзентатыўнай выбаркай» насельніцтва?
• Што група зрабіла б інакш пры паўторным правядзенні апытання? Ці былі дапушчаны памылкі?
• Ці адлюстроўваюць вынікі апытання рэальную карціну адносін да галасавання ў вашай супольнасці? Чаму? Чаму не?
• Ці можна давяраць вынікам, або іх можна лічыць толькі арыенціровачнымі?
• На статыстычныя даныя часта спасылаюцца як на факты ў пацвярджэнне таго ці іншага аргумента. Наколькі асцярожна трэба ставіцца да статыстыкі?
• Якога меркавання наконт неабходнасці (або непатрэбнасці) удзелу ў галасаванні зараз прытрымліваецца група? Ці змяніў хто-небудзь з членаў групы сваё меркаванне ў той ці іншы бок? Калі так, то пад уплывам якіх аргументаў?
• Ці з'яўляецца ўдзел у выбарах правам чалавека? Як дэмакратыя замацавана ў дакументах аб правах чалавека?

Парады для фасілітатараўGoto top

Частка 1 (планаванне апытання) служыць падрыхтоўкай да часткі 2 (самога апытання). Ужо з самага пачатку вы можаце падкрэсліць, што мэта занятку заключаецца ў тым, каб даць моладзі магчымасць усвядоміць каштоўнасць непасрэднага ўдзелу ў дэмакратычным працэсе. Мэтазгодна рабіць упор менавіта на гэтым, а не на «перакананні» ў важнасці ўдзелу ў галасаванні. Растлумачце, што вы хацелі б, каб у канцы занятку кожны ўдзельнік прыняў асабістае рашэнне, але для гэтага ім трэба азнаёміцца з усёй разнастайнасцю прычын удзелу ў галасаванні, якія існуюць.
Паспрабуйце зрабіць абмеркаванне прычын, па якіх людзі галасуюць ці не галасуюць (пункт 4), максімальна «аб'ектыўным», не імкнучыся да таго, каб тыя, хто галасуе, пераканалі тых, хто не галасуе. Не марнуйце шмат часу на гэтым этапе – ён накіраваны выключна на тое, каб падрыхтаваць глебу для апытання.
Калі вы будзеце абмяркоўваць канкрэтныя спосабы правядзення апытання (пункт 7), памятайце аб цяжкасцях, з якімі група можа сутыкнуцца. Камусьці можа не спадабацца, што незнаёмыя людзі падыходзяць да яго з пытаннямі на вуліцы. У такім выпадку групам можна параіць правесці апытанне сярод сваіх сяброў ці знаёмых. 
Вельмі важна рэальна ацаніць, які аб'ём інфармацыі можа быць апрацаваны ў працэсе аналізу. Не імкніцеся сабраць вельмі шмат даных, інакш вы патонеце ў падліках. Калі група вялікая, кожная пара можа апытаць менш людзей, чым ёй давялося б апытаць у складзе невялікай групы.

Узор запаўнення ліста
Апытальны ліст 1. Тыя, хто не галасуе
Пытанне 1. Ваша ўзроставая група? (Адказваць неабавязкова)

  Маладзей за 25 гадоў 25 – 40 гадоў 40 – 60 гадоў Старэй за 60 гадоў Адмовіліся паведаміць
Мужчыны
Жанчыны

Пытанне 2. Якая была галоўная прычына вашага няўдзелу ў галасаванні на папярэдніх выбарах?

Я думаў, што гэта ніяк не паўплывае на вынік Не было кандыдата, за якога я хацеў бы аддаць свой голас Я не падтрымліваю палітыку ніводнай партыі
proposed
Мяне ўсё гэта не цікавіць Іншыя прычыны (назваць якія)

Мяне ў той час не было дома.
Я не давяраю палітыкам.
Мяне папрасілі не галасаваць.

Прапановы па далейшай працыGoto top

Азнаёмцеся з дадатковай інфармацыяй аб дэмакратыі ў главе 5, а таксама даведайцеся, калі ў вашай краіне жанчыны ўпершыню атрымалі права голасу. Таксама даведайцеся, якія групы насельніцтва (дзеці, імігранты, зняволеныя і г. д.) не маюць такога права. Абмяркуйце прычыны і справядлівасць такога становішча.
Таксама можна арганізаваць дэбаты з іншымі групамі або школамі аб неабходнасці змены ўзросту, з якога маладыя людзі атрымліваюць права голасу.
У дэмакратычным грамадстве ў грамадзян ёсць шмат магчымасцей адстойваць свае інтарэсы па пытаннях, якія іх закранаюць. Практыкаванне пад назвай «Электрастанцыя» дасць удзельнікам магчымасць падумаць пра шляхі ажыццяўлення змен у грамадстве.

Ідэі для дзеянняGoto top

Арганізуйце святкаванне дня, у які жанчынам у вашай краіне далі права голасу.

Калі вы высветлілі, што ў вас у краіне ёсць групы насельніцтва, пазбаўленыя права голасу, і вы лічыце, што гэта несправядліва, напішыце пісьмо свайму дэпутату парламента з выказваннем заклапочанасці па гэтым пытанні. Паспрабуйце знайсці аднадумцаў, якія маглі б таксама падпісаць ваша пісьмо.

Дадатковая інфармацыяGoto top

Вас можа зацікавіць інфармацыя пра «кропкавую дэмакратыю» (dotmocracy) як спосаб стымулявання ўдзелу шляхам галасавання. Кропкавая дэмакратыя як працэс прыняцця рашэнняў групай пры роўных магчымасцях і ўдзеле яе членаў з'яўляецца правераным метадам, якія спрашчае збор і вызначэнне прыярытэтных ідэй сярод вялікай групы насельніцтва. Удзельнікі запісваюць свае ідэі і прастаўляюць кропкі пад тымі, якія ім больш падабаюцца. У канчатковым выніку атрымліваецца візуальная прэзентацыя калектыўных пераваг групы ў выглядзе графіка http://www.dotmocracy.org/

Раздатачныя матэрыялыGoto top

PDFDownload as PDF

Рэкамендацыі па правядзенні апытання
Каго апытваць


Адбор кандыдатаў для апытання павінен быць выпадковым, г. зн., што нельга «выбіраць» таго ці іншага рэспандэнта з-за таго, што чалавек «маладога ўзросту», «старога ўзросту», «добра выглядае», «жаночага полу» і г. д. Паспрабуйце пазбегнуць прадузятасці.
Спытайце ў чалавека, ці не супраць гэты чалавек адказаць на некалькі пытанняў на ўмовах ананімнасці, і растлумачце, што вынікі апытання не будуць нідзе публікавацца і будуць выкарыстоўвацца толькі гэтай групай.

Запіс адказаў

Калі рэспандэнт згодны, спытайце, ці скарыстаў чалавек (ён/яна/яны) сваё права голасу на апошніх выбарах. Калі адказ адмоўны, запаўняйце ліст 1 (для тых, хто не галасаваў). Калі адказ станоўчы, запаўняйце ліст 2 (для тых, хто галасаваў).

Па пытанні 1. Рэспандэнт можа назваць свой узрост толькі па ўласным жаданні. Калі чалавек не хоча гэтага рабіць, стаўце птушку ў апошняй калонцы.
Па пытанні 2. Прапануйце рэспандэнту магчымыя варыянты адказу і папрасіце выбраць адзін з іх. Калі чалавек назаве іншую прычыну, упішыце яе ў калонку «Е». Заўвага: розніца паміж калонкамі «В» і «С» у тым, што ў «B» ідзе гаворка аб канкрэтных асобах, а ў «С» – аб партыях.

Адзнакі павінны быць акуратнымі, каб потым іх лягчэй было падлічыць. Паспрабуйце змясціць адказы як мага большай колькасці рэспандэнтаў на адным лісце. Па кожным агучаным пытанні можна зрабіць толькі адну адзнаку.

Апытальны ліст 1. Тыя, хто не галасуе

Пытанне 1. Ваша ўзроставая група? (Адказваць неабавязкова)

  Маладзей за 25 гадоў 25 – 40 гадоў 40 – 60 гадоў Старэй за 60 гадоў Вырашылі не гаварыць
МУЖЧЫНЫ          
ЖАНЧЫНЫ          

 

Пытанне 2. Якая была галоўная прычына вашага няўдзелу ў галасаванні на папярэдніх выбарах?

A. Я думаў, што гэта ніяк не паўплывае на вынік.
B. Не было кандыдата, за якога я хацеў бы аддаць свой голас.
C. Я не падтрымліваю палітыку ніводнай партыі.
D. Мяне ўсё гэта не цікавіць.
E. Іншая прычына (назваць якая).

A B C D E

 

 

 

       

 

Апытальны ліст 2. Тыя, хто галасуе

Пытанне 1. Ваша ўзроставая група? (Адказваць неабавязкова)

  Маладзей за 25 гадоў 25 – 40 гадоў 40 – 60 гадоў Старэй за 60 гадоў Адмовіліся паведаміць
МУЖЧЫНЫ          
ЖАНЧЫНЫ          

 

Пытанне 2. Якая была галоўная прычына вашага ўдзелу ў галасаванні на папярэдніх выбарах?

A. Я лічу гэта сваім дэмакратычным абавязкам.
B. Я хацеў аддаць свой голас за [пэўнага кандыдата].
C. Я хацеў аддаць свой голас за [пэўную партыю].
D. Я не хацеў, каб перамог нехта яшчэ [іншы кандыдат ці іншая партыя].
E. Іншая прычына (назваць якая).

A B C D E

 

 

 

       

 

КОМПАС

Дапаможнік па адукацыі ў галіне правоў чалавека з удзелам моладзі