Мы як грамадзяне абавязаны ўмяшацца і прыняць удзел, бо менавіта грамадзяне змяняюць становішча рэчаў.

Жазэ Сарамагу

Агляд

Гэта практыкаванне ўключае ролевую гульню і дыскусію. Удзельнікі разважаюць пра сэнс удзелу моладзі ў грамадскім жыцці і абмяркоўваюць магчымасці больш актыўнага ўдзелу іх саміх у жыцці мясцовай супольнасці.

Звязаныя правы

• Права на ўдзел у кіраванні краінай і ў свабодных выбарах
• Права на ўдзел у культурным жыцці
• Свабода думкі і інфармацыі

Мэты

• Разгледзець спосабы ўдзелу моладзі ў грамадскім жыцці і фактары, якія перашкаджаюць або садзейнічаюць гэтаму ўдзелу
• Развіць навыкі супрацоўніцтва, арганізацыі і ўдзелу ў акцыях сумесна з іншымі
• Развіць пачуццё адказнасці за свае дзеянні

Матэрыялы

• Раздатачныя матэрыялы: «Лесвіца ўдзелу» (гл. таксама даведачную інфармацыю па пытаннях грамадзянскасці і ўдзелу ў главе 5)
• Вялікі аркуш паперы, маркер і нажніцы
• Стыкеры або маленькія лісткі паперы для замацавання скотчам на сцяне
• Сцяна

Падрыхтоўка

• Зрабіце копіі раздатачных матэрыялаў, па адным экзэмпляры на малую групу
• Зрабіце 6 знакаў: «Перашкоды», «Кантроль», «Няма кантролю», «Спрыяльныя ўмовы», «Кантроль», «Няма кантролю»

Key Date
  • 28 верасняМіжнародны дзень права ведаць

Інструкцыі

Частка 1. Што такое лесвіца ўдзелу? (45 хвілін)
1. Спытайце ўдзельнікаў, як яны разумеюць тэрмін «удзел моладзі».
2. Раздайце копіі дыяграмы з лесвіцай удзелу і растлумачце, што гэта мадэль для разважання аб розных спосабах удзелу. Коратка абмяркуйце розныя ўзроўні.
3. Падзяліце групу на 8 малых груп. Выдзеліце кожнай групе адзін узровень удзелу і папрасіце кожную з іх падрыхтаваць кароткую ролевую гульню на 2–3 хвіліны для ілюстрацыі ўзроўню ўдзелу, які ёй выпаў.
4. Калі групы будуць гатовы, прапануйце ім па чарзе прадставіць свае сцэнкі. Дазвольце ўдзельнікам задаваць пытанні або, калі яны захочуць, вылучыце час для абмеркавання кожнай гульні пасля яе завяршэння.

Частка 2. Як мы ўдзельнічаем
5. Папрасіце ўдзельнікаў на працягу 5 хвілін падумаць і ўспомніць прыклады са свайго жыцця па найбольшай колькасці ўзроўняў з 8. Няхай яны падумаюць аб усіх аспектах свайго жыцця: дома, у школе, у клубе, на працы, з сям'ёй і з сябрамі.
6. Потым прапануйце ўдзельнікам падзяліцца сваімі прыкладамі ў малых групах па 4–5 чалавек. Папрасіце ўдзельнікаў, каб пры абмеркаванні прыкладаў яны прыдумалі магчымыя варыянты перашкод (таго, што перашкаджае ім рухацца ўверх па лесвіцы) і спрыяльных умоў (таго, што дапамагае ім рухацца ўверх па лесвіцы). Кожны варыянт яны павінны запісаць на асобны стыкер.
7. Пакуль групы вядуць свае дыскусіі, прыляпіце падрыхтаваныя знакі «Перашкоды» і «Спрыяльныя ўмовы» на сцяну на адлегласці каля 2 метраў адзін ад аднаго. Затым збярыце групы на агульнае абмеркаванне і папрасіце іх прыляпіць стыкеры са сваімі варыянтамі на сцяну пад адпаведнымі загалоўкамі.
8. Абмяркуйце абодва спісы варыянтаў з удзельнікамі. Папрасіце іх растлумачыць любыя неадназначныя сцверджанні і паспрабуйце вырашыць любое рознагалоссе паміж удзельнікамі адносна месца, якое павінна заняць кожнае сцверджанне.
9. Цяпер прыляпіце на сцяну загалоўкі «Кантроль» і «Няма кантролю», размясціўшы іх пад першымі загалоўкамі, і папрасіце ўдзельнікаў падзяліць кожны спіс сцверджанняў на дзве падгрупы ў залежнасці ад таго, ці маюць яны (або ці могуць мець) кантроль над гэтымі рэчамі, або сцверджанні падпадаюць пад уплыў знешніх фактараў, якія знаходзяцца па-за межамі кантролю ўдзельнікаў.
10. У канцы яшчэ раз агледзьце палажэнне ўсіх чатырох спісаў на сцяне. Затым пераходзьце да аналізу і ацэнкі.

Аналіз і ацэнкаGoto top

  • Ці дапамагло вам гэта практыкаванне больш грунтоўна паразважаць пра формы свайго ўдзелу ў розных сферах жыцця? Што вас здзівіла больш за ўсё?
  • Як вы думаеце, удзел моладзі ў цэлым знаходзіцца на высокім або нізкім узроўні – у вашай школе, клубе, па месцы жыхарства? Якія прычыны гэтага?
  • Ці мае нейкае значэнне актыўны ці неактыўны ўдзел моладзі ў жыцці грамадства? Чаму?
  • Ці лічаць удзельнікі нізкі ўзровень удзелу моладзі вынікам уплыву пераважна ўнутраных (псіхалагічных) або пераважна знешніх фактараў?
  • Як людзі разумеюць, што маюць магчымасць удзельнічаць у сапраўдным сэнсе слова, іншымі словамі, калі іх удзел перастае быць сімвалічным?
  • Ці хацелі б члены групы мець магчымасць удзельнічаць на больш высокай «ступені» ў параўнанні з тым, што адбываецца ў гэты момант? Калі так, то ў якіх сферах? Назавіце аргументы «за» і «супраць».
  • Ці хацелі б члены групы мець магчымасць удзельнічаць на больш нізкай «ступені» ў параўнанні з тым, што адбываецца ў гэты момант? Калі так, то ў якіх сферах? Назавіце аргументы «за» і «супраць».
  • Колькі чалавек лічаць, што яны маглі б удзельнічаць больш актыўна ў параўнанні з тым, як яны ўдзельнічаюць у цяперашні час, і колькі з іх лічаць, што яны будуць удзельнічаць больш актыўна? Калі так, то як і калі?
  • Якім чынам права на ўдзел у прыняцці рашэнняў гарантавана ў дакументах па правах чалавека?

Парады для фасілітатараўGoto top

У 2-й частцы практыкавання папрасіце ўдзельнікаў прыдумаць як мага больш розных спосабаў удзелу. У пошуках ідэй парайце звярнуцца да даведачнай інфармацыі аб грамадзянскасці і ўдзеле.

Пры тлумачэннi канцэпцыі лесвіцы ўдзелу паспрабуйце данесці да ўсіх, што гэта мадэль не сцвярджае, што знаходжанне на самым «высокім» узроўні заўсёды з'яўляецца лепшым варыянтам. У розных сітуацыях і ў залежнасці ад вопыту людзей, наяўнасці ў іх часу або ўзроўню зацікаўленасці можа аказацца найбольш дарэчным выступіць у якасці кансультанта або ў якасці прадстаўніка. Няма нічога па сутнасці «няправільнага» ў тым, калі з вамі ў пэўных умовах проста кансультуюцца (або нават проста інфармуюць). Тым не менш тры ніжнія ступені – маніпуляцыя, упрыгожванне і імітацыя дзейнасці – з'яўляюцца непрымальнымі і не могуць разглядацца як «удзел», таму што ўдзел і ўклад у гэтым выпадках мінімальныя або ўвогуле адсутнічаюць. Вы павінны асабліва падкрэсліць гэты момант і быць упэўненымі ў тым, што ні ў каго на гэты конт няма ніякага сумнення.

Калі група будзе разважаць пра спрыяльныя фактары і перашкоды, дапамажыце ім размясціць як мага больш сцверджанняў пад катэгорыяй «Кантроль». Вы можа прывесці некалькі прыкладаў або нагадаць ім, што «Перашкоды» могуць быць псіхалагічнымі, а таксама фізічнымі або структурнымі. У ходзе дыскусій падводзьце ўдзельнікаў да пошуку шляхоў у абыход рэчаў або сітуацый, якія здаюцца перашкодамі; напрыклад, калі ім здаецца, што «ўлады (настаўнікі ці кіраўніцтва клуба або ВНУ) не дазволяць нам», задайце ім пытанне, ці спрабавалі яны папрасіць у іх дазволу.
Калі яны скажуць: «Мы не думаем, што зможам гэта зрабіць», – спытайце ў іх, ці спрабавалі яны зрабіць гэта.
Калі яны скажуць: «Калі мы зробім гэта, то нашы бацькі (настаўнікі, мясцовыя ўлады) раззлуюцца», – дапамажыце ім знайсці іншыя спосабы пастаноўкі пытання такім чынам, каб згаданыя асобы рэагавалі па-іншаму.

Вы можаце выкарыстоўваць гэта практыкаванне як магчымасць пагаварыць аб ступені ўдзелу членаў групы ў вучобе і ў рабоце клуба ў цэлым. Яно можа дапамагчы вам вывучыць шляхі і спосабы, якія прывядуць да больш актыўнага ўдзелу і праяўлення ініцыятывы з іх боку.

Калі вынесці на абмеркаванне пытанне аб тым, ці не ствараюць некаторыя члены групы перашкод для іншых, пазбаўляючы іх магчымасці ўдзельнічаць на больш высокім узроўні, гэта можа стаць пачаткам размовы на тэму пра ціск з боку аднагодкаў і пра цкаванне.

ВарыянтыGoto top

Вы можаце выкарыстаць ролевую гульню ў пачатку практыкавання для вывучэння пытання аб перашкодах і спрыяльных фактарах замест таго, каб маладыя людзі ўспаміналі аналагічныя прыклады з іх уласнага жыцця. Пасля кожнага выступлення выкарыстоўвайце тэхніку форум-тэатра і прасіце ўдзельнікаў зноў разыграць сцэнку, але даць ёй іншы накірунак. Гэта дазволіць ім вывучыць шляхі пераадолення перашкод у сітуацыях, больш падобных на іх уласнае жыццё, што можа неяк паўплываць на ўзровень іх удзелу.

Прапановы па далейшай працыGoto top

Складзіце разам з групай план дзеянняў, каб даць удзельнікам магчымасць адчуць адказнасць і ўзяць пад свой кантроль тое, што яны робяць і чаму вучацца.

Практыкаванне «Увага, мы ўсе бачым!» спрыяе развіццю адказнасці і асабістай зацікаўленасці і паказвае розныя спосабы ўдзелу ў кампаніі.

Ідэі для дзеянняGoto top

Даручыце групе скласці спіс пытанняў і сітуацый з жыцця супольнасці іх раёна, якія яны хацелі б змяніць. Затым папрасіце іх вылучыць адзін ці два пункты з гэтага спіса, дзе, на іх думку, яны могуць нешта змяніць, і падумаць, як зрабіць так, каб іх голас быў пачуты, і як яны самі могуць садзейнічаць вырашэнню гэтага пытання іншым спосабам. А цяпер заахвоцьце іх ажыццявіць свой намер на практыцы!

Дадатковая інфармацыяGoto top

Савет Еўропы на аснове перагледжанай Еўрапейскай хартыі аб удзеле моладзі ў мясцовым і рэгіянальным жыцці выдаў дапаможнік пад назвай «Скажы сваё слова». Гэта выдатны рэсурс для развіцця ўдзелу моладзі, у якім маецца асобны раздзел з практыкаваннямі.

У Еўропе існуе традыцыя кансалідаванага ўдзелу і прадстаўніцтва моладзі. Напрыклад, адданасць Савета Еўропы справе актыўнага ўдзелу моладзі можна праілюстраваць на прыкладзе сістэмы сумеснага кіравання маладзёжным сектарам. Кансультатыўны савет па справах моладзі аб'ядноўвае 30 прадстаўнікоў міжнародных маладзёжных няўрадавых грамадскіх арганізацый і нацыянальных маладзёжных саветаў, якія разам з прадстаўнікамі Еўрапейскага кіруючага камітэта па справах моладзі прымаюць рашэнні аб прыярытэтах і праграмах і выдаюць рэкамендацыі для будучых стратэгій і праграм. Кансультатыўны савет таксама фармулюе меркаванні і прапановы па любых пытаннях, якія маюць дачыненне да моладзі, у рамках Савета Еўропы.

Еўрапейскі маладзёжны форум з'яўляецца незалежнай дэмакратычнай платформай пад кіраўніцтвам моладзі, у склад якой уваходзіць каля 100 нацыянальных маладзёжных саветаў і міжнародных арганізацый моладзі. Дзейнасць Еўрапейскага маладзёжнага форуму накіравана на тое, каб даць моладзі магчымасць актыўна ўдзельнічаць у жыцці грамадства і садзейнічаць паляпшэнню якасці свайго жыцця, прадстаўляючы і адстойваючы свае патрэбы і інтарэсы, а таксама патрэбы і інтарэсы маладзёжных арганізацый перад еўрапейскімі інстытутамі, Саветам Еўропы і Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый. Еўрапейскі маладзёжны форум лічыць, што павінна быць створана «культура ўдзелу». Гэта азначае, што парадак дня маладзёжнай палітыкі павінен развівацца паралельна з больш шырокім удзелам моладзі ў працэсах прыняцця рашэнняў па пытаннях, якія яе датычацца і якія ўплываюць на яе становішча.

Image: Roger Hart's model for “Children’s participation from tokenism to citizenship”

Раздатачныя матэрыялыGoto top

PDFDownload as PDF

 

КОМПАС

Дапаможнік па адукацыі ў галіне правоў чалавека з удзелам моладзі