Як вы ўмееце пераконваць?

Агляд

Гэта практыкаванне пабудавана на дыскусіі, падчас якой абмяркоўваюцца:
• Правы і абавязкі ў дэмакратычным грамадстве
• Дэмакратычная форма дыскусіі

Звязаныя правы

• Права на ўдзел у кіраванні і свабодных выбарах
• Свабода перакананняў і выказвання меркавання
• Свабода думкі

Мэты

• Разгледзець некаторыя супярэчлівыя аспекты дэмакратычнага грамадства
• Развіць уменне слухаць, спрачацца, пераконваць
• Садзейнічаць супрацоўніцтву і непрадузятасці

Матэрыялы

• Адкрытая прастора, доўгая сцяна і 2 крэслы
• Картка (фармату А4), каляровыя ручкі для малявання знакаў
• Клейкая стужка
• Карткі невялікага фармату і ручкі (па жаданні)

Падрыхтоўка

• Зрабіце два надпісы: «Згаджаюся» і «Не згаджаюся» і прымацуйце іх на процілеглых канцах доўгай сцяны. Уздоўж сцяны павінна быць досыць месца, каб усе маглі выстраіцца ў адну лінію.
• · Пастаўце два крэслы ў цэнтры памяшкання, на паўметра адзін ад аднаго так, каб вакол іх было досыць месца для перамяшчэння ўдзельнікаў.
• Выберыце адно са сцверджанняў, прыведзеных ніжэй, або сфармулюйце сваё ўласнае.

Key Date
  • 19 верасняДзень выбарчага права

Інструкцыі

1. Пакажыце на надпісы на сцяне і паведаміце, што збіраецеся зачытаць выказванне, з якім удзельнікі могуць у большай ці меншай ступені згаджацца ці не згаджацца.
2. Прачытайце ўслых абранае сцверджанне.
3. Папрасіце ўдзельнікаў заняць месцы ўздоўж сцяны паміж двума знакамі ў адпаведнасці з тым, «наколькі» яны згодны ці не згодны: тыя, хто цалкам не згодны ці згодны, павінны ўстаць з адпаведнага боку, астатнія – дзесьці пасярэдзіне.
4. Калі ўсе вызначацца з выбарам месцаў, запрасіце двух удзельнікаў, якія стаяць на процілеглых канцах сцяны, заняць месцы на крэслах у цэнтры памяшкання. Астатнім трэба ўстаць за тым з іх, з кім яны «больш за ўсё» згодны, альбо заняць месца ў цэнтры, калі яны не вызначылі свайго стаўлення.
5. Дайце тым, хто сядзіць у крэслах, па адной хвіліне, каб расказаць, чаму яны згодны або не згодны са сцверджаннем. Ніхто не павінен перабіваць іх ці дапамагаць ім. Усе павінны слухаць моўчкі.
6. У канцы іх выступленняў папрасіце тых, хто яшчэ не вызначыўся, зрабіць гэта і ўстаць за якім-небудзь крэслам (ніхто не павінен заставацца нейтральным), каб атрымалася дзве групы: адна, якая падтрымлівае сцверджанне, і другая, якая выступае супраць. Дайце групам дзесяць хвілін на тое, каб асобна адна ад адной падрыхтаваць аргументы на карысць сваёй пазіцыі і абраць для іх выкладання новых дакладчыкаў.
7. Па завяршэнні 10 хвілін папрасіце новых дакладчыкаў заняць месцы ў крэслах, а групы «прыхільнікаў» устаць за імі.
8. Дайце дакладчыкам па тры хвіліны на выкладанне аргументаў, пасля чаго прыхільнікі аднаго або іншага боку могуць перайсці да апанентаў, калі іх аргументы аказаліся досыць пераканаўчымі.
9. Дайце групам яшчэ па пяць хвілін для пошуку новых аргументаў і выбару трэцяй пары дакладчыкаў. Як і раней, пасля іх выступлення ўдзельнікі могуць пры жаданні змяніць свае пазіцыі.
10. Збярыце ўсіх на аналіз.

Аналіз і ацэнкаGoto top

Запрасіце ўсіх паразважаць пра тое, як працякала дыскусія і якую мэту яна мела, а таксама ў чым каштоўнасць плюралістычнага грамадства. Не дапускайце аднаўлення дыскусіі па саміх пытаннях.
• Ці змяніў хто-небудзь сваю пазіцыю падчас дыскусіі? Калі так, пад уплывам якіх аргументаў?
• Ці не лічаць удзельнікі, што на іх паўплывалі не толькі пэўныя аргументы, але і, напрыклад, ціск групы, эмацыянальнасць выступленняў, азарт спаборніцтва?
• Ці мела абмеркаванне гэтых пытанняў які-небудзь сэнс для тых, хто не змяніў сваёй пазіцыі падчас дыскусіі? Пад уплывам якіх аргументаў яны маглі б змяніць свае погляды?
• Чаму ў людзей разыходзяцца меркаванні? Як адносіцца да гэтага ў дэмакратычным грамадстве?
• Ці варта ва ўмовах дэмакратыі ставіцца памяркоўна да любых поглядаў?
• Што вы адчувалі, калі ў дыскусіі вас прадстаўляў нехта іншы або, наадварот, калі вы выступалі ў якасці дэлегата і выказвалі меркаванне сваіх прыхільнікаў?
• Што значыць мець уласнага прадстаўніка ў палітычным жыцці на мясцовым і дзяржаўным узроўнях? Або ў арганізацыях ці аб’яднаннях, у якія ўваходзяць удзельнікі (або ў школьным класе)?
• Якія правы чалавека могуць быць парушаны ў такой сітуацыі?

Парады для фасілітатараўGoto top

Першая частка практыкавання, калі ўдзельнікі займаюць месцы ўздоўж сцяны, павінна заняць не больш пары хвілін. Яе сэнс у тым, каб людзі вызначылі сваю «першапачатковую пазіцыю» і параўналі яе з пазіцыямі іншых.

Мэта практыкавання заключаецца і ў тым, каб папрактыкаваць навыкі зносін і пераканання, і ў тым, каб паразважаць пра сутнасць праблемы. Таму парайце ўдзельнікам думаць не толькі пра змест і форму выкладання сваёй пазіцыі, але і пра тое, у якім выглядзе або форме вашы аргументы будуць найбольш пераканаўчымі для процілеглага боку. Іх мэта – перацягнуць у сваю «партыю» як мага больш людзей. У перапынках паміж выступленнямі варта прааналізаваць пазіцыю праціўнікаў і падумаць, як яе аслабіць.

Акрамя прапанаваных ніжэй сцверджанняў магчыма выкарыстанне іншых тэм для дыскусіі – важна толькі, каб абранае сцверджанне выклікала палеміку ў групе.

Помніце, што розныя раўнды абмеркавання аднаго сцверджання патрабуюць каля 30 хвілін. Калі вы хочаце абмеркаваць больш сцверджанняў, вам адпаведна спатрэбіцца выдзеліць на гэта больш часу.

Рэкамендуецца гібка падыходзіць да паслядоўнасці этапаў занятку з улікам таго, наколькі моцная ці слабая група, наколькі жвава праходзіць дыскусія. Напрыклад:
• Можаце дадаць адзін-два раўнды, калі хочаце, каб у ролі дакладчыкаў выступілі як мага больш удзельнікаў.
• Калі вы ўжо праводзілі ў групе гэта практыкаванне 
– і нават калі не праводзілі – можаце ўнесці ў яго элемент нечаканасці, змяніўшы парадак выбару першых дакладчыкаў, напрыклад, запрасіць на гэту ролю трэціх з канца ўдзельнікаў.
• У адзін з перапынкаў паміж раўндамі вы можаце прапанаваць, каб «прыхільнікі» кожнага дакладчыка папрацавалі з дакладчыкам процілеглага боку, г. зн., падрыхтавалі аргументы супраць сваіх жа пазіцый. Гэта дапаможа лепш зразумець пункт гледжання саперніка і, можа быць, унясе ажыўленне ў практыкаванне, асабліва калі ніхто не хоча пераходзіць з адной групы ў іншую.

Дазвольце дакладчыкам мець пры сабе кавалачкі паперы памерам з паштоўку з коратка сфармуляванымі аргументамі, у якія яны маглі б зазіраць падчас свайго выступлення.
Вы можаце закрануць пытанне аб магчымасці ўстанаўлення меж «плюралізму» або свабоды выказвання меркавання ў грамадстве, памяркоўным да іншадумства: ці павінны быць дазволены, напрыклад, фашысцкія і нацыяналістычныя дэманстрацыі?

Прапановы па далейшай працыGoto top

Пры жаданні працягнуць працу па тэме фарміравання і змены меркаванняў, асабліва пад уплывам СМІ, звярніце ўвагу на практыкаванне «Першая паласа».
Калі вы хочаце абмеркаваць суадносіны паміж поглядамі людзей і іх уяўленнямі аб свеце і стэрэатыпамі, вам варта звярнуцца да практыкавання «Слоўнік культуры» з навучальнага пакета «Усе розныя – усе роўныя».

Ідэі для дзеянняGoto top

Калі вы выбралі для групы сцверджанне пра галасаванне, на наступных занятках можаце вывучыць звычкі галасавання ў мясцовай супольнасці; гл. практыкаванне «Галасаваць ці не галасаваць».

Дадатковая інфармацыяGoto top

Дзень выбарчага права адзначаецца 19 верасня: у гэты дзень у 1893 годзе Новая Зеландыя дала жанчынам права голасу, стаўшы першай у свеце краінай з усеагульным выбарчым правам.

Раздатачны матэрыялGoto top

PDFDownload as PDF

Прапанаваныя для абмеркавання сцверджанні

• Галасаваць на выбарах – наш маральны абавязак.
• Мы павінны выконваць усе законы, нават несправядлівыя.
• У дэмакратычным грамадстве ўладу маюць толькі палітыкі.
• «Народ атрымлівае тых лідараў, якіх заслугоўвае».
• Кантраляваць паўсядзённую дзейнасць урада – абавязак грамадзян.
• Свабода выказвання меркавання азначае, што вы можаце казаць усё, што пажадаеце.
• Неафашысцкія партыі трэба забараніць.
• Экстрэмістам трэба забараніць публічныя выступы.
• Удзел у галасаванні павінен быць абавязковым.
• Няма сэнсу выбіраць прадстаўнікоў у школьны савет, таму што там толькі ідзе абмеркаванне і даюцца рэкамендацыі: абавязковых да выканання рашэнняў савет прымаць не можа.

КОМПАС

Дапаможнік па адукацыі ў галіне правоў чалавека з удзелам моладзі