Пакажыце, што вы разумееце пад правамі чалавека!

Агляд

З дапамогай гэтага акцёрскага практыкавання ўдзельнікі прадстаўляюць сваё ўспрыманне правоў чалавека.

Звязаныя правы

• Усе правы чалавека

Мэты

• Даследаваць асноўную ідэю або канцэпцыю правоў чалавека
• Развіць міжкультурныя і камунікацыйныя навыкі
• Развіць навыкі супрацоўніцтва і творчасці

Матэрыялы

• Касцюмы, цацкі, бытавыя прадметы
• Папера, каляровыя алоўкі
• Клей, шнур і кардон

Key Date
  • 10 снежняДзень правоў чалавека

Інструкцыі

1. Растлумачце, што мэтай гэтага практыкавання з'яўляецца перадача агульнай ідэі або канцэпцыі правоў чалавека сродкамі тэатральнага мастацтва такім чынам, каб зрабіць яе зразумелай людзям, якія адносяцца да розных культур і размаўляюць на розных мовах.
2. Растлумачце ўдзельнікам, што выкарыстанне слоў не дапускаецца: гэта павінна быць пантаміма. Пры жаданні, аднак, групы могуць скарыстацца нейкімі матэрыяламі ці рэквізітам.
3. Папрасіце ўдзельнікаў падзяліцца на малыя групы па 4–6 чалавек і дайце кожнай групе вялікі аркуш паперы і набор каляровых алоўкаў (маркераў).
4. Дайце групам 10 хвілін, каб яны шляхам мазгавога штурму вызначылі свае ідэі па правах чалавека, а затым назвалі дзве-тры асноўныя, якія збіраюцца паказаць пантамімай.
5. Пасля гэтага дайце групам 30 хвілін на падрыхтоўку і рэпетыцыю пантамімы. Растлумачце, што гэта групавое заданне, у якім кожны павінен прыняць удзел.
6. Па заканчэнні 30 хвілін збярыце групы разам, каб кожны ўдзельнік мог паглядзець прадстаўленні астатніх.
7. Пасля кожнага прадстаўлення дайце некалькі хвілін на зваротную сувязь і абмеркаванне.
8. Папрасіце гледачоў даць сваю інтэрпрэтацыю таго, што яны толькі што ўбачылі, і паспрабаваць назваць асноўныя ідэі, якія хацелі выказаць аўтары інсцэніроўкі.
9. Потым дайце магчымасць самой групе коратка растлумачыць моманты, якія не прагучалі падчас абмеркавання. Паўтарыце гэту працэдуру для кожнага прадстаўлення.

Аналіз і ацэнкаGoto top

Пачніце з агляду самога практыкавання, а затым абмяркуйце, што ўдзельнікі даведаліся аб правах чалавека.
• Якія адчуванні ўзнікалі ва ўдзельнікаў пры выкананні гэтага практыкаванні? Ці аказаліся яны цяжэй, чым яны думалі першапачаткова, ці лягчэй? Якія аспекты або паняцці выказаць было цяжэй за ўсё?
• Ці даведаліся ўдзельнікі пра нешта новае аб правах чалавека? Ці былі яны здзіўлены, што ведаюць больш, чым меркавалі?
• Ці былі падабенствы і адрозненні паміж рознымі выступленнямі?
• Ці былі істотныя рознагалоссі адносна ідэі аб правах чалавека ў групе? Як яны былі пераадолены?
• Асноўваючыся на выступленнях, якія характарыстыкі правоў чалавека ўдзельнікі лічаць найбольш важнымі і агульнымі для ўсіх?

Парады для фасілітатараўGoto top

За выключэннем выпадкаў, калі ўдзельнікі ўвогуле нічога не ведаюць пра канцэпцыю правоў чалавека, гэта практыкаванне цікавей выконваць з мінімальнымі пачатковымі інструкцыямі ад фасілітатара. Асноўная мэта практыкавання – выявіць уражанні і веды аб правах чалавека, назапашаныя маладымі людзьмі на працягу жыцця. На гэта варта звярнуць асаблівую ўвагу да таго, як групы прыступяць да працы, каб удзельнікі не адчувалі скаванасці з-за «няведання» таго, што канкрэтна ўяўляюць сабой правы чалавека.

Растлумачце ўдзельнікам, што іх задача – прадставіць «правы чалавека ўвогуле», а не нейкае адно або некалькі канкрэтных правоў. Яны могуць выбраць канкрэтнае права і апісаць яго агульныя характарыстыкі, аднак яны не павінны забываць пра тое, каб паспрабаваць адлюстраваць аспекты, агульныя для розных правоў чалавека. У канцы занятку гледачы павінны быць у стане адказаць (ці наблізіцца да адказу) на пытанне «Што такое правы чалавека?».

Не дапускайце таго, каб удзельнікі, якія лічаць сябе дрэннымі акцёрамі, не прымалі актыўнага ўдзелу ў гульні! Растлумачце ім, што роляў хопіць на ўсіх і што ў гэтым практыкаванні ўся група павінна атрымліваць задавальненне ад пастаноўкі. Некалькі незвычайных прадметаў рэквізіту (што хочаце – ад патэльняў, цацачных аўтамабіляў, капелюшоў да падушак, камянёў, вечка ад вядра для смецця і г. д.) могуць ажывіць прадстаўленне і запаліць творчую іскру.

Калі групе не абысціся без падказак у самым пачатку практыкавання ці ў канцы абмеркавання, можна прапанаваць ім наступныя тэмы:
• Правы чалавека – гэта правы, якія чалавек мае проста таму, што з’яўляецца чалавекам; усе маюць роўныя правы.
• Правы чалавека належаць усім людзям у роўнай ступені, ва ўсім свеце і назаўсёды.
• Правы чалавека непадзельныя і ўзаемазалежныя: вам не могуць адмовіць у якім-небудзь праве толькі таму, што яно «менш важнае» або «не з'яўляецца асноўным».
• Правы чалавека – асноўныя стандарты, без якіх людзі не могуць жыць годна.

ВарыянтыGoto top

Калі ўдзельнікам цяжка разыграць пантаміму, можна прапанаваць ім замест гэтага стварыць калектыўную «статую». Калі фасілітатар потым зробіць фатаграфіі, атрымаецца калекцыя «калектыўных відарысаў», якія можна будзе выкарыстаць на іншым занятку для пачатку абмеркавання або для арганізацыі выстаўкі.

Альтэрнатыўным варыянтам можа стаць выкананне гэтага практыкавання з дапамогай малюнкаў: прапануйце групам зрабіць плакаты (без слоў), якія паказвалі б асноўныя ідэі правоў чалавека. Затым зрабіце выстаўку розных плакатаў.

Калі вы хочаце прыцягнуць увагу груп да пэўных ідэй, можна прапусціць пункты 3 і 4 інструкцыі і раздаць малым групам ключавыя словы, напрыклад роўнасць, мір, беднасць і салідарнасць. Даючы розныя словы кожнай з груп, вы ахопіце больш ідэй; даючы адно і тое ж слова розным групам, вы атрымаеце цікавую разнастайнасць вынікаў.

Гэта практыкаванне таксама можна выконваць не столькі для ўвядзення ўдзельнікаў у курс паняццяў, колькі для таго, каб арганізаваць і ўдакладніць іх меркаванні пасля таго, як яны ўжо прайшлі некаторыя практыкаванні з дапаможніка або правялі ўласныя даследаванні.

Прапановы па далейшай працыGoto top

Знайдзіце п'есы або іншыя літаратурныя творы, звязаныя з тэмай правоў чалавека, і арганізуйце тэатральнае прадстаўленне для жыхароў вашай супольнасці.

Каб працягнуць працаваць над правамі чалавека ўвогуле, можна выканаць практыкаванне «Улада кветак». Калі ж група захоча пайсці далей і разгледзець канкрэтныя правы чалавека, чаму б не азнаёміцца з Канвенцыяй аб правах дзіцяці з дапамогай практыкавання «Правы дзяцей».

Яшчэ адзін спосаб працягнуць практыкаванне – прапанаваць удзельнікам напісаць кароткія пісьмы пра тое, што для іх азначае канцэпцыя правоў чалавека (глядзіце практыкаванне «Дарагі сябар» у адукацыйным пакеце «Усе розныя – усе роўныя»). Мэта напісання пісьма – дапамагчы ўдзельнікам растлумачыць свае ідэі, выклікаць рэакцыю ў адказ і развіць дыялог. Такім чынам, пісьмы могуць быць адрасаваны ўдзельнікам групы ці ж выкарыстоўвацца для выканання сумеснага практыкавання з іншымі школамі або маладзёжнымі клубамі.  
У раздзеле 4 даведніка «ДАміно» ёсць «Гісторыі, расказаныя маладымі людзьмі», якія можна ўзяць за аснову для дыскусіі аб значнасці правоў чалавека ў паўсядзённым жыцці.

Ідэі для дзеянняGoto top

Вы можаце падрыхтаваць пантамімы або тэатральныя сцэнкі з удзелам усёй групы і паказаць іх удзельнікам з іншых груп. Калі вы выбралі варыянт з плакатамі або «калектыўныя відарысы», арганізуйце выстаўку вашых фатаграфій або плакатаў. Абодва варыянты можна выкарыстоўваць для святкавання Дня правоў чалавека.

Пантамімы таксама можна зняць на відэакамеру і выкласці запісы ў Інтэрнэце.

КОМПАС

Дапаможнік па адукацыі ў галіне правоў чалавека з удзелам моладзі