Усе заўтрашнія кветкі спяць у сённяшнім насенні.

Індыйская прыказка

Агляд

Вынікам гэтага практыкавання будзе сцяна кветак, якія сімвалізуюць разнастайнасць групы. Гэта практыкаванне творчага характару прысвечана абмеркаванню правоў чалавека ў цэлым: што яны сабой уяўляюць, для чаго патрэбны і як мы павінны іх абараняць.

Звязаныя правы

Усе правы чалавека

Мэты

• Развіць разуменне ўзаемасувязі паміж патрэбамі чалавека, асабістым дабрабытам і правамі чалавека
• Развіць навыкі разважання і аналізу
• Умацаваць салідарнасць і павагу да разнастайнасці

Матэрыялы

• Вялікая пустая сцяна, на якой можна павесіць усе малюнкі
• Копіі  раздатачнага матэрыялу, па адной на чалавека
• Аловак для кожнага ўдзельніка, гумкі, каляровыя маркеры – на групу
• Ліпкая стужка для замацавання малюнкаў на сцяне
• Фліпчарт і маркеры

Падрыхтоўка

Зрабіць копіі старонкі з раздатачным матэрыялам, адну на кожнага чалавека.

compass-key-date
  • 28 маяЕўрапейскі дзень добрасуседства

Інструкцыі

Растлумачце ўдзельнікам, што гэта практыкаванне будзе праходзіць у форме дыскусіі аб правах чалавека, але спачатку яны павінны падумаць пра тое, што значыць быць чалавекам.

Частка 1. Высвятленне таго, што значыць быць паўнавартаснай асобай
1. Растлумачце, што, для таго каб чалавек мог адчуваць сябе паўнавартаснай асобай, неабходна, каб задавальняліся пэўныя яго патрэбы. Напрыклад, для элементарнага выжывання нам патрэбны ежа і вада, сон і паветра. Нам таксама патрэбна бяспека: асабістая бяспека, фінансавая бяспека і добрае здароўе. Мы маем патрэбу ў любові і пачуцці прыналежнасці, і іх нам даюць сяброўства, адносіны з блізкімі людзьмі і сям'я. Мы таксама маем патрэбу ў павазе: нам хочацца адчуваць, што нас прымаюць і цэняць іншыя людзі, адчуваць, што мы можам цалкам рэалізаваць увесь свой патэнцыял.
2. Папрасіце кожнага ўдзельніка намаляваць кветку і адлюстраваць на ёй свае ўласныя патрэбы. Кветка павінна мець восем пялёсткаў:

  • асноўныя патрэбы
  • асабістая бяспека
  • фінансавая бяспека
  • здароўе
  • сяброўства
  • сям'я
  • павага
  • самарэалізацыя асобы.

Памеры пялёсткаў павінны адпавядаць таму значэнню, якое кожная з васьмі патрэб мае ў цяперашні час у іх жыцці. Намалюйце на фліпчарце ўзор таго, як вы гэта сабе ўяўляеце, але падкрэсліце, што гэта толькі прыклад: ва ўсіх удзельнікаў кветкі будуць розныя.
3. Раздайце паперу, ручкі і каляровыя маркеры і папрасіце кожнага ўдзельніка намаляваць сваю асабістую кветку ў цэнтры аркуша, пакідаючы вакол пустое месца. Растлумачце, што не бывае правільных або няправільных, добрых ці дрэнных «варыянтаў»: кветка кожнага ўдзельніка будзе ўнікальнай. Скажыце, каб ніхто не падпісваў свой малюнак. Дайце дзесяць хвілін на выкананне гэтага задання.
4. Цяпер папрасіце ўдзельнікаў падумаць аб умовах, неабходных для таго, каб яны маглі «заквітнець» і стаць паўнавартаснымі асобамі. Папрасіце намаляваць вакол кветкі лісце, якое будзе прадстаўляць гэтыя ўмовы, і напісаць на лісці ключавыя словы. Дайце на гэта дзесяць хвілін.
5. У заключэнне папрасіце ўдзельнікаў прыклеіць свае малюнкі на сцяну, каб атрымалася выстаўка.

Частка 2. Вызначэнне сувязі паміж чалавечымі патрэбамі і правамі чалавека
6. Дайце ўдзельнікам час, каб яны разглядзелі кветкі. Затым папрасіце іх разбіцца на малыя групы па 3–4 чалавекі і дайце ім заданне абмеркаваць наступныя пытанні:

  • Ці ёсць сувязь паміж правамі чалавека і кветкамі з лісцем? Калі так, то якая?
  • У чым важнасць і значэнне правоў чалавека?
  • Што азначае асабіста для вас выраз «правы чалавека»?

Цяпер папрасіце кожную групу выказаць сваё меркаванне, а затым пераходзьце да аналізу і ацэнкі.

Аналіз і ацэнкаGoto top

Пачніце з кароткага агляду практыкавання, а затым пераходзьце да вынікаў абмеркавання ў малых групах і паспрабуйце высветліць, што новага ўдзельнікі даведаліся аб правах чалавека:

  • Ці спадабалася вам гэта практыкаванне? Чаму?
  • Ці цяжка было прыняць рашэнне аб памеры пялёсткаў? Ці ўсе з васьмі патрэб аднолькава важныя для паўнавартаснага жыцця?
  • Ці існуюць іншыя патрэбы, якія не прадстаўлены на пялёстках і якія варта дадаць?
  • Хто з удзельнікаў напісаў што-небудзь у цэнтры кветкі?
  • Ці здзівілі вас якія-небудзь адрозненні і падабенствы паміж пялёсткамі розных людзей? Што гэта кажа вам пра людзей?
  • Якія будуць наступствы для людзей, чые пялёсткі пашкоджаны?
  • Што неабходна для абароны розных пялёсткаў? Што ўдзельнікі напісалі на лісці?
  • Ці ёсць якая-небудзь сувязь паміж тым, што ўдзельнікі напісалі на лісці, і самой ідэяй правоў чалавека?
  • Што новага вы даведаліся пра сябе як чалавека? Якое дачыненне гэта мае да правоў чалавека?
  • Якія правы чалавека больш за ўсё патрэбны, каб мы расквітнелі і сталі паўнавартаснымі людзьмі (па месцы свайго жыхарства)?
  • Ці з'яўляюцца некаторыя правы чалавека важнейшымі за іншыя? Для каго? Калі? Дзе?
  • Чаму мы павінны быць гатовы абараняць і развіваць правы чалавека?
  • Што мы можам зрабіць, каб лепш абараняць правы чалавека?
  • Ці існуюць якія-небудзь патрэбы, якія не адлюстраваны ні ў адной з існуючых канвенцый аб правах чалавека?

Парады для фасілітатараўGoto top

Кветка, адлюстраваная ніжэй, не больш чым прыклад. Важна падкрэсліць, што кожны ўдзельнік павінен вырашыць для сябе, які памер павінны мець розныя пялёсткі яго кветкі. Колер розных частак малюнка таксама выбірае сам удзельнік.

Вы не павінны завастраць увагу на цэнтры кветкі – няхай удзельнікі самі дадумаюцца да таго, што там, верагодна, трэба размясціць нешта важнае. Таксама дайце ім свабоду выбару ідэй для новых пялёсткаў – такіх, напрыклад, як культурная бяспека, свабода выбару ва ўсіх аспектах жыцця, справядлівасць размеркавання выгад, права на ўдзел, самаідэнтыфікацыю, рэлігію або веру. Дапамажыце ўдзельнікам усталяваць узаемасувязь паміж патрэбамі, выгадамі ад іх задавальнення, наступствамі іх незадавальнення і тым, як яны абаронены заканадаўствам аб правах чалавека і іншымі прававымі інструментамі.

Падчас працы над пунктам 4 вам, магчыма, варта даць удзельнікам некалькі падказак. Вы можаце адзначыць, што лісце забяспечвае – «сілкуе» – кветку сонечным святлом, вадой і двухвокісам вугляроду, і выказаць ідэю аб тым, што, напрыклад, фінансавая бяспека таксама забяспечваецца за кошт такіх рэчаў, як праца, банкаўская сістэма і прафсаюзы. Можна, вядома, дадаць права на працу, як гэта зроблена ў артыкуле 23 УДПЧ, але пажадана, каб удзельнікі самі ўсталявалі сувязі паміж правамі чалавека і іншымі з'явамі.

Вельмі важна ўсталяваць сувязь паміж патрэбамі чалавека і правамі чалавека і паказаць, што правы чалавека з'яўляюцца асновай свету, у якім задавальняюцца патрэбы кожнага чалавека. Вы маглі б абмеркаваць з групай прэамбулу да УДПЧ. Яна пачынаецца з прызнання чалавечай годнасці, роўнасці і неад'емных правоў усіх членаў чалавечай сям'і ў якасці асновы свабоды, справядлівасці і міру ва ўсім свеце, а затым пераходзіць да апісання такіх высокіх памкненняў простых людзей, якімі з'яўляюцца свабода слова, вераванняў і свабода ад страху і галечы.

ВарыянтыGoto top

Каб сэканоміць час, вы можаце выканаць пункты з 1-га па 4-ты і затым адразу пачаць агульную дыскусію аб правах чалавека з усёй групай. Гэта можа аказацца мэтазгодным у выпадку працы з маладымі людзьмі, якім, магчыма, цяжка даюцца практыкаванні на канцэптуальным узроўні. Не ўсе могуць зразумець ідэю выкарыстання пялёсткаў розных памераў для выражэння рознай ступені важнасці той ці іншай патрэбы, а некаторым пошук сувязей патрэб з правамі чалавека можа паказацца досыць абстрактным заняткам.
Вы можаце, наадварот, пашырыць практыкаванне, папрасіўшы ўдзельнікаў вызначыць, якія правы чалавека абараняюць тыя ці іншыя патрэбы, выяўленыя ў ходзе практыкавання. Выкарыстайце рэзюмэ УДПЧ.

Прапановы па далейшай працыGoto top

Вы можаце прапанаваць удзельнікам даследчы праект, які б дазволіў ім даведацца аб гістарычным развіцці правоў чалавека і вывучыць так званыя «новыя правы».
Калі ўдзельнікам спадабалася расказваць пра тое, што важна ў іх жыцці, то варта правесці практыкаванне «Вернікі», якое прысвечана перакананням. Акрамя таго, удзельнікі могуць скарыстацца практыкаваннем «Бінга» на тэму правоў!», якое прапануе актыўныя метады даследавання ўзаемасувязей паміж паўсядзённым жыццём і правамі чалавека. Калі яны цікавяцца новымі правамі, то ім падыдзе практыкаванне «Пагуляем на пальцах!», дзе ідзе гаворка пра правы, звязаныя з навакольным асяроддзем.

Ідэі для дзеянняGoto top

Прапануйце ўдзельнікам выканаць гэта практыкаванне, каб завязаць дыскусію аб правах чалавека з членамі іх сем'яў, сябрамі і калегамі.

Дадатковая інфармацыяGoto top

Ідэя задавальнення патрэб чалавека як умовы развіцця паўнавартаснай асобы ўзята з работ Маслоу, а таксама Грыфіна і Цірэла «Чалавек як данасць» (Human Givens). Асноўнымі патрэбамі з'яўляюцца тыя, якія дазваляюць нашаму целу жыць; сексуальныя патрэбы таксама ўваходзяць у гэту катэгорыю.
Асабістая бяспека ўключае ў сябе наяўнасць жылля – дома, «даху над галавой», – а таксама неабходнасць адчуваць сябе ў бяспецы ад рабаўнікоў і бандытаў, ад вайны і тэрарыстычных актаў. Фінансавая бяспека азначае наяўнасць грошай на годны ўзровень жыцця, а таксама запасу на выпадак беспрацоўя. Здароўе азначае добрае здароўе, а таксама доступ да паслуг аховы здароўя, калі вы патрапіце ў аварыю або захварэеце. Сяброўства ўключае ў сябе магчымасць уступаць у клубы і аб'яднанні, а таксама магчымасць свабодна выбіраць сяброў і партнёраў для інтымных адносін. Сям'я значыць, што ніхто не можа гвалтоўна аддзяліць вас ад вашай сям'і. Павага значыць, што вас паважаюць і цэняць іншыя як за тое, хто вы ёсць, так і за тое, што вы робіце. Рэалізацыя патэнцыялу па-іншаму называецца «самарэалізацыяй»: яна прадугледжвае наяўнасць магчымасці стаць такім чалавекам, якім вы хочаце быць, рэалізаваць свае здольнасці ў поўнай меры і адчуваць упэўненасць у сабе на тым месцы, якое выпала вам у гэтым свеце.

Image: Flower Power

Goto top

Раздатачныя матэрыялы

PDFDownload as PDF