Прагрэс наш правяраецца не тым, як мы павялічваем стан багатых, а тым, як мы дапамагаем бедным.

Франклін Д. Рузвельт

Агляд

Падчас выканання практыкавання ўдзельнікі малююць, абдумваюць і абмяркоўваюць свае надзеі і трывогі ў сувязі з будучыняй свайго пакалення. Сярод іншых падымаюцца наступныя пытанні:
• Праблемы экалогіі, якія ўплываюць на будучыя пакаленні
• У якой меры мясцовае развіццё адпавядае патрэбам насельніцтва
• Рухаючыя сілы развіцця

Звязаныя правы

• Права на свабодны доступ да інфармацыі і свабода выказвання меркавання
• Права быць пачутымі па ўсіх пытаннях, што тычацца асноўных інтарэсаў дзіцяці
• Права на дастатковы ўзровень жыцця

Мэты

• Развіць веды пра жыццё ў грамадстве, правы і абавязкі
• Развіць уменні адкрыта абмяркоўваць, працаваць у камандзе і прадстаўляць сабе перспектыву
• Развіць дапытлівасць і веру ў тое, што будучыня залежыць ад кожнага маладога чалавека і што іх дзеянні маюць сэнс

Матэрыялы

• Папера для малявання
• Вялікія аркушы для канчатковага праекта
• Фарбы, пэндзлікі, алоўкі, ручкі і маркеры
• Матэрыялы для калажаў, напрыклад, каляровая папера, часопісы, галінкі, рыс, бабы, апалае лісце, ракавінкі, саломінкі для піцця
• Нажніцы;
• Клей і скотч
• Карціны або фатаграфіі, якія паказваюць, як выглядаў раён (пасёлак) дзесяць або дваццаць гадоў таму (па жаданні);
• Карты мясцовасці, дзе вы жывяце, як старыя, так і новыя (па жаданні)

compass-key-date
  • 12 жніўняМіжнародны дзень моладзі

Інструкцыі

1. Апішыце канцэпцыю перамен, якія адбываюцца з часам. Прапануйце ўдзельнікам успомніць, як выглядалі іх дамы, вуліцы ў мінулым, як яны змяніліся. Ці змяніўся інтэр'ер пакояў у вашай школе або навучальным цэнтры, ці з'явілася новая мэбля? Ці ёсць новыя будынкі ў акрузе, напрыклад гандлёвыя цэнтры, жылыя мікрараёны, дарогі, гульнявыя паркі або велатрэкі?
2. Спытайце, чаму такія змены адбыліся, хто вырашаў, што і дзе мяняць і якім чынам? Напрыклад, ці забяспечыў гэты план забудовы патрэбы ў недарагім жыллі для мясцовых жыхароў або тут з'явіліся раскошныя апартаменты ці дамы адпачынку, у якія інвесціравала нейкая фінансавая кампанія?
3. Коратка абмяркуйце адзін-два прыклады: каму і якую карысць прынесла развіццё? Што б удзельнікі зрабілі, калі б ад іх залежала сітуацыя?
4. Правядзіце сувязь паміж прыняццем рашэнняў, якія ўплываюць на жыццё іншых людзей, і правамі чалавека. Ці з'яўляюцца правы чалавека карыснай асновай для прыняцця рашэнняў? Ці стануць правы чалавека ў будучыні больш (ці менш) важным фактарам для тых, хто прымае рашэнні? Чаму?
5. Скажыце ўдзельнікам, што час прыйшоў! Зараз лепшы момант падумаць пра тое, у якой будучыні яны могуць апынуцца і як на яе можна паўплываць.
6. Падзяліце ўсіх на групы па тры-чатыры чалавекі.
7. Раздайце паперу і ручкі і папрасіце намаляваць, даўшы поўную свабоду фантазіі, ідэальны выгляд свайго квартала або гарадка ў будучыні.
8. Калі папярэдні план будзе гатовы і ўзгоднены, кожная група павінна адлюстраваць яго на вялікім аркушы, выкарыстоўваючы матэрыялы для калажу.
9. Па завяршэнні працы прапануйце групы па чарзе прадставіць свае планы і патлумачыць, дзе яны запазычылі свае ідэі і як іх развівалі. Пасля кожнага выступлення пакідайце час на кароткія пытанні і адказы. Агульная дыскусія будзе праводзіцца пазней, у рамках аналізу і ацэнкі.

Аналіз і ацэнкаGoto top

Goto top

Пачніце з высвятлення таго, як праходзіла праца ў групах. Затым абмяркуйце, наколькі планы адказвалі ці не адказвалі патрэбам людзей у здаровым навакольным асяроддзі.
• Ці ўсе атрымалі магчымасць удзельнічаць у працэсе і ўнесці свой уклад? Як групам удавалася знаходзіць найлепшае прымяненне індывідуальным здольнасцям кожнага?
• Што яны адчувалі, слухаючы чужыя думкі пра свае планы?
• Што яны адчувалі, выказваючы сваё меркаванне аб чужых планах?
• Ці будуць яны гатовы пайсці на кампраміс і адступіцца ад нейкіх сваіх ідэалаў для выпрацоўкі агульнага для ўсяго класа або групы плана, які адказваў бы патрэбам і чаканням усіх астатніх членаў класа або групы?
• Ці ўлічваюцца ў планах пытанні аховы навакольнага асяроддзя, напрыклад неабходнасць знізіць выкіды двухвокісу вугляроду, карыстацца аднаўляльнымі і ўстойлівымі рэсурсамі і наладзіць паўторную перапрацоўку адходаў?
• Ці спадабалася ўдзельнікам адчуваць сябе «архітэктарамі ўласнай будучыні»? Ці вераць удзельнікі ў ажыццяўленне сваіх ідэй? Чаму? Чаму не?
• Ці вераць яны, што дарослыя стануць абмяркоўваць гэтыя планы? Чаму? Чаму не?
• Што аказалася самым нечаканым у планах?
• Якія ў іх як у грамадзян будуць правы ў будучыні?
• Якія ў іх як у грамадзян будуць абавязкі ў будучыні?
• Ці маюць маладыя людзі ў вашай школе (клубе ці супольнасці) права голасу ў абмеркаванні перамен, якія тычацца іх саміх, або перамен у цэлым? Выкананне якіх правоў яны маглі б запатрабаваць, каб мець магчымасць удзельнічаць у працэсах прыняцця рашэнняў?
• Якія ў цэлым магчымасці маюць маладыя людзі, каб уплываць на дэмакратычныя працэсы, якія фарміруюць іх жыццё і іх будучыню?
• Якiя аб’екты інфраструктуры спатрэбяцца, каб гарантаваць кожнаму чалавеку права на ахову здароўя, адпачынак, вольны час і культурнае жыццё?

Парады для фасілітатараўGoto top

Назва практыкавання – «Варыянты нашай будучыні». Наўмыснае выкарыстанне множнага ліку азначае, што будучыня не прадвызначана, яна будзе такой, якой мы яе зробім. Іншымі словамі, задача моладзі заключаецца ў тым, каб пабудаваць будучыню ў адпаведнасці са сваімі ідэаламі і ўяўленнямі.

Каб праілюстраваць канцэпцыю перамен, пакажыце здымкі, зробленыя ў вашай мясцовасці дзесяць ці дваццаць гадоў таму. Прапануйце ўдзельнікам таксама задумацца над глабальнымі зменамі. Напрыклад, над тым, што яшчэ трыццаць гадоў таму Інтэрнэт быў тэмай навуковай фантастыкі, а праз некалькі гадоў усе школы і бібліятэкі свету будуць падключаны да гэтай сеткі.

Калі ўдзельнікі дрэнна ўяўляюць, якім будзе іх горад у будучыні, дапамажыце ім пытаннямі:
• Хто будзе жыць у горадзе? Тыя, хто тут нарадзіўся, або прыезджыя? Якога ўзросту? Ці будуць яны жыць у сем'ях?
• Як будуць праходзіць іх будні? Дзе яны будуць купляць прадукты? Як будуць перамяшчацца па горадзе?
• Якія аб’екты інфраструктуры (бальніцы, стаматалагічныя клінікі і г. д.) будуць ім патрэбны?
• Якія ў іх будуць школы?
• На якім транспарце яны будуць перамяшчацца?
• Як будуць выглядаць іх дамы?
• Якім будзе іх грамадскае жыццё? Як яны будуць праводзіць вольны час?
• Ці будуць у іх хатнія жывёлы?
• Якой будзе іх праца?
• Якія новыя тэхнічныя перамены могуць адбыцца?
• А як наконт навакольнага асяроддзя? Прыроды?

ВарыянтыGoto top

Замест калажу можна зрабіць мадэлі з падручнага матэрыялу: з кардонных упаковак, рулонаў туалетнай паперы, паштовак або, напрыклад, элементаў «Лега».

Замест складання агульных планаў аб тым, якім бы яны хацелі бачыць свой населены пункт, удзельнікі могуць выбраць пусты, прыдатны для забудовы ўчастак, які можна асвоіць. Прапануйце групе даследаваць патрэбы розных груп насельніцтва і падрыхтаваць прапанову, якую яны змогуць адправіць у органы мясцовага самакіравання. На ўчастку можна пабудаваць такія аб'екты, як гандлёвы комплекс, цэнтр вольнага часу, школу, жылы масіў, аўтамабільную стаянку, адкрытую зялёную прастору, гульнявую пляцоўку, спартыўнае поле, утульны сквер з лаўкамі для пажылых людзей, гарадскую ферму, запаведнік жывой прыроды, парк забаў, стаянку для падарожнікаў або лужок для гульні ў шары. Калі вы хочаце зрабіць гэта ў якасці праекта практычных дзеянняў, вы знойдзеце інфармацыю аб планаванні і рэалізацыі такіх праектаў у главе 3.

Прапановы па далейшай працыGoto top

YВы можаце высветліць, як ваш населены пункт мог бы адаптавацца да будучых выпрабаванняў, звязаных з «праходжаннем піка здабычы нафты» і змяненнем клімату. Ініцыятыва сацыяльнай сеткі «Гарады ў пераходны перыяд» заклікае мясцовых жыхароў вывучыць усе аспекты жыцця іх супольнасці (харчаванне, энергазабеспячэнне, транспарт, ахову здароўя, духоўнае жыццё, эканоміку і сродкі да існавання і г. д.), прымяніць творчы падыход і, у канчатковым выніку, укараніць распрацаваны супольнасцю «План дзеянняў па зніжэнні спажывання энергіі» на перыяд у 15–20 гадоў. На сённяшні дзень рэалізуюцца наступныя ініцыятывы: стварэнне грамадскіх ферм для вытворчасці прадуктаў харчавання, праект «біржа адходаў» (у рамках якога адходы адных прадпрыемстваў перадаюцца іншым прадпрыемствам для паўторнай перапрацоўкі), рамонт старых рэчаў замест адпраўкі іх на сметнік і развіццё гандлёвай сістэмы мясцовага абмену. Дадатковую інфармацыю і прыклады таго, як людзі развіваюць гэту канцэпцыю ва ўсім свеце, можна знайсці на сайце www.transitiontowns.org або па пошукавым запыце «Transition Towns».
Таксама можна прапанаваць удзельнікам стварыць персаналізаваную, самабытную, ілюстраваную і забяспечаную каментарыямі буйнамаштабную карту іх горада ці раёна, дзе будуць выдзелены важныя для іх аб'екты. Напрыклад, графіці, незвычайнае дрэва каля дарогіабо «неафіцыйны» маршрут, па якім яны перамяшчаюцца па горадзе, каб скараціць адлегласць. Зафіксаваць факт існавання чагосьці – гэта першы крок да таго, каб паказаць, што гэты аб'ект мае каштоўнасць; гэта спосаб зберагчы яго ад знішчэння ў ходзе нявызначанага будучага «развіцця». Гл. праект Parish Maps на сайце www.commonground.org.uk.

Ёсць яшчэ адзін спосаб агледзець і «задакументаваць» месцазнаходжанне, падыход да выкарыстання рэсурсаў, асаблівыя рысы, ландшафт, асноўныя формы землекарыстання ў якой-небудзь мясцовасці – гэта метад, вядомы як «папярочны абыход»; ён быў выкарыстаны Сусветным банкам у «аналізе беднасці і яе сацыяльных наступстваў». Паспрабуйце яго як-небудзь, калі захочаце выбрацца за горад! Знайдзіце «transect walk» на сайце  http://web.worldbank.org

Даведайцеся больш пра тое, як складаюцца планы развіцця вашага раёна або горада і як можна паўплываць на гэты працэс. Падключайцеся да працэсу прыняцця рашэнняў у вашай школе, клубе, арганізацыі, наведваючы пасяджэнні кіруючага савета або нават балатуючыся на выбарах. Азнаёмцеся з іншымі практыкаваннямі, якія могуць дапамагчы даследаваць варыянты будучыні. Напрыклад, «Шлях у краіну Роўнасці» падкажа, як дасягнуць гендарнай роўнасці.

Па жаданні можна выкарыстаць яшчэ адно практыкаванне, дзе маладых людзей заклікаюць да ўдзелу ў працэсе дэмакратычнага прыняцця рашэнняў, на гэты раз у дачыненні да таго, якую адукацыю яны хацелі б атрымаць праз удзел у працы школьных саветаў; гэта практыкаванне носіць назву «Пачуць голас кожнага».

Марачы аб будучыні, мы можам ужо цяпер пачаць будаваць больш справядлівае грамадства. Калі група захоча разглядзець праблему цкавання і паглядзець, як фарміруецца суперажыванне і павага да іншых, можна выканаць практыкаванне «Ці ёсць у нас альтэрнатывы?».

Ідэі для дзеянняGoto top

Арганізуйце выстаўку калажаў і запрасіце членаў мясцовага савета паслухаць вашы думкі.

Знайдзіце копіі планаў (гадавых і доўгатэрміновых) стратэгіі развіцця вашага горада ці раёна. Абмяркуйце іх у групе, а затым парайцеся з вашымі сябрамі і членамі сям'і. Выкладзіце свае думкі, стварыўшы блог, напісаўшы артыкул у мясцовую газету, арганізаваўшы мітынг з нагоды гэтай праблемы або выступіце на публічным сходзе, арганізаваным мясцовымі ўладамі.

Звяжыцеся з мясцовай групай «Парадак дня на XXI стагоддзе» (Agenda 21) ці іншай экалагічнай групай і прыступіце да сумеснай працы ў імя стабільнай будучыні.

Goto top