Глядзі на магчымасці, а не на абмежаванні!

Агляд

Гэта практычнае заданне, мэтай якога з’яўляецца выклікаць суперажыванне людзям з інваліднасцю. Сярод іншага закранае наступныя пытанні:
• Перашкоды на шляху інтэграцыі людзей з інваліднасцю ў грамадства
• Успрыманне правоў людзей з інваліднасцю як асноўных правоў чалавека

Звязаныя правы

• Права не падвяргацца дыскрымінацыі
• Роўнасць чалавечай годнасці і правоў
• Права на сацыяльнае забеспячэнне

Мэты

• Звярнуць увагу на некаторыя паўсядзённыя праблемы людзей з інваліднасцю
• Развіць разуменне патрэб людзей з інваліднасцю і ўменне адказваць на іх
• Выклікаць пачуцці суперажывання і салідарнасці

Матэрыялы

Для ўводзін:
• Аркуш паперы і ручка на кожнага ўдзельніка
Для часткі 2, на кожную пару:
• Поліэтыленавы пакет, у якім ляжыць ліст капусты ці салаты, аловак, крэйда, ліст дрэва (любога), аркуш каляровай паперы і бутэлька або банка прахаладжальнага напітку
• Павязка (на вочы)
• Аркуш паперы і ручка
Для часткі 3, на пару:
• 1 ролевая картка
• Аркуш паперы і ручка
Для часткі 4:
• Інвалідны вазок, адзін на 8 чалавек
• Прастора для стварэння трасы з перашкодамі (пераважна ў іншым пакоі, але ў гэтым няма абсалютнай неабходнасці); іншым варыянтам можа быць правядзенне занятку на вольным паветры
• Перашкоды: сталы, крэслы, дошкі, стосы старых газет і г. д.
• Вялікі аркуш паперы або дошка, маркеры
• Гадзіннік або секундамер

Падрыхтоўка

• Падрыхтуйце ролевыя карткі на падставе прапанаваных ніжэй сітуацый або прыдумайце свае ўласныя.
• Па магчымасці папярэдне падрыхтуйце другі пакой для бегу з перашкодамі. Яшчэ лепш выйсці на вуліцу, дзе вы зможаце пракласці трасу ў больш складаных умовах.
•  Калі вы вырашылі праводзіць практыкаванне ў памяшканні, расстаўце сталы і крэслы так, каб стварыць вузкія праходы, а дошкі або стосы газет на падлозе кампенсуюць вам адсутнасць натуральных перашкод.

Key Date
  • 3 снежняМіжнародны дзень людзей з інваліднасцю

Інструкцыі

Практыкаванне складаецца з чатырох частак: часткі 1 – «Уводзіны», часткі 2 – «Прагулка з павязкай на вачах», часткі 3 – «Мова жэстаў» і часткі 4 – «Гонкі на інвалідных вазках».

Частка 1. Уводзіны (10 хвілін)
1. Растлумачце, што ў практыкаванні асноўная ўвага будзе прысвечана тром відам інваліднасці: парушэнням зроку, парушэнням слых і немаце, паралічу.
2. Папрасіце ўдзельнікаў на працягу некалькіх хвілін падумаць, як бы яны хацелі, каб з імі абыходзіліся ў выпадку інваліднасці, і якога абыходжання яны б не хацелі. Няхай яны запішуць некалькі ключавых слоў.
3. Папрасіце ўдзельнікаў запісаць, чаго б яны больш за ўсё баяліся, калі б атрымалі інваліднасць.
4. Пасля гэтага папрасіце іх перавярнуць аркушы з запісамі і падрыхтавацца «ступіць у рэальнасць».

Частка 2. Прагулка з павязкай на вачах
1. Папрасіце ўдзельнікаў падзяліцца на пары. Раздайце павязкі. Адзін з пары павінен іграць ролю сляпога, другі – яго павадыра. «Павадыр» адказвае за бяспеку свайго падапечнага ўвесь час выканання практыкавання. Ён можа толькі аднаскладова («так» або «не») адказваць на простыя пытанні, якія тычацца бяспекі.
2. «Павадыры» вядуць сваіх падапечных на прагулку на пяць хвілін (уключаючы ўздымы і спускі па лесвіцы і, па магчымасці, выхад на вуліцу).
3. Пасля прагулкі «павадыр» падводзіць «сляпога» да яго крэсла, на якім таго чакае сюрпрыз – пакет. Што ж у ім?
4. «Сляпы» павінен вызначыць яго змесціва. Задача партнёра – запісваць яго здагадкі.
5. «Сляпыя» здымаюць павязкі і аглядаюць прадметы з пакета. Запрасіце ўдзельнікаў гульні коратка абмяняцца ўражаннямі і адкрыццямі са сваімі напарнікамі.
6. Перш чым пераходзіць да часткі 3, дайце ўсім некалькі хвілін на «выхад з роляў».

Частка 3. Мова жэстаў
1. Партнёры мяняюцца ролямі, але на гэты раз «павадыр» становіцца інвалідам, нямым, а партнёр – яго фізічна здаровым памочнікам.
2. Раздайце гульцам-інвалідам карткі з апісаннем сітуацый, якія яны не павінны паказваць сваім партнёрам. Памочнікам раздайце паперу і ручкі.
3. Растлумачце, што «нямыя» павінны выкласці сваю праблему памочнікам. Ім нельга ні размаўляць, ні пісаць, ні маляваць. Памочнікі запісваюць тое, што яны зразумелі з паведамлення.
4. Пасля запісу «паведамлення» «нямы» паказвае партнёру картку. Дазвольце парам абмеркаваць ход гульні, яе вынікі і цяжкасці.

Частка 4. Гонкі на інвалідных вазках
1. Азнаёмце ўдзельнікаў з трасай. Растлумачце, што пераможцам стане той, чый час праходжання трасы будзе лепшым. За сутыкненне з перашкодамі на шляху даюцца штрафныя балы.
2. Запісвайце вынікі на вялікім аркушы паперы.
3. Пасля таго як усе жадаючыя прымуць удзел у гонцы, зрабіце кароткі перапынак і прыступайце да аналізу і ацэнкі.

Аналіз і ацэнкаGoto top

Пачніце з агляду частак 2–4 практыкавання на агульным пасяджэнні, а потым абмяркуйце, што ўдзельнікам было вядома аб праблеме ў самым пачатку практыкавання і што яны даведаліся ў канцы.
1. Пачніце з абмеркавання прагулкі «ўсляпую»; папрасіце «сляпых» і «павадыроў» адказаць на наступныя пытанні:

  • Што яны адчувалі, выконваючы практыкаванне?
  • Што было цяжэй за ўсё? Што было смешна, а што – страшна?
  • Наколькі цяжка было давярацца і апраўдваць давер?

2. Затым пераходзьце да абмеркавання часткі 2 «Мова жэстаў»:

  • Што кожны ўдзельнік адчуваў падчас практыкавання?
  • Што было цяжэй за ўсё? Што было смешна, а што – страшна?
  • Ці было пачуццё адчаю ад таго, што знакі, якія паказвае «нямы», не знаходзілі разумення?
  • Ці было адчуванне адчаю ці няёмкасці ад таго, што вы не разумееце «нямога»?

3. А цяпер разбярыце частку «Гонкі на інвалідных вазках»:

  • Якія адчуванні выклікала абмежаванне ў перамяшчэнні?
  • Што было цяжэй за ўсё? Што было смешна, а што – страшна?

4. Вярніцеся да страхаў і спадзяванняў, якія былі ва ўдзельнікаў на пачатку занятку; няхай кожны прачытае свае запісы.

  • Ці апраўдаліся хаця б некаторыя са страхаў?
  • Як удзельнікі спрабавалі дапамагчы партнёрам?
  • Як успрымалася дапамога?
  • Наколькі проста вызначыць, у якіх аб'ёмах патрэбна дапамога?

5. Чым канкрэтна ўдзельнікаў пужала інваліднасць? Што было падставай для такіх страхаў? Ці ўзнікаў у іх калі-небудзь страх атрымаць інваліднасць у выніку няшчаснага выпадку ці хваробы?
6. Што падчас практыкавання здзівіла больш за ўсё?
7. Ці ведаюць удзельнікі якога-небудзь чалавека з парушэннямі зроку, слыху ці якія ўжываюць інвалідны вазок? Што ўяўляе сабой іх сацыяльнае жыццё? Як на іх рэагуюць іншыя?
8. Падумайце аб тым, што акружае людзей з інваліднасцю ў будынках, на вуліцах: наколькі навакольнае асяроддзе ўлічвае патрэбы людзей з інваліднасцю?
9. Што можна і трэба зрабіць, каб забяспечыць роўнасць і годнасць людзей, якія маюць інваліднасць?
10. Ці адносяцца правы людзей з інваліднасцю да правоў чалавека? Якія правы, абвешчаныя ва Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (УДПЧ), асабліва актуальныя ў гэтым выпадку?
11. Што можа зрабіць ваша школа, аб’яднанне ці мясцовая маладзёжная група, каб спрыяць роўнасці і годнасці людзей з інваліднасцю?

Парады для фасілітатараўGoto top

Пераадоленне трасы (частка 4) не павінна заняць больш за 2–3 хвіліны, асабліва, калі ў вас усяго 2–3 вазкі. Калі ўдзельнікам трэба будзе занадта доўга чакаць сваёй чаргі, яны пачнуць нудзіцца. Інвалідныя вазкі можна паспрабаваць пазычыць у мясцовай бальніцы ці ў арганізацыі, якая аказвае дапамогу людзям, якім часова патрэбны такі вазок. Калі такой магчымасці няма, стварыце эфект «інваліднасці», прымусіўшы ўдзельнікаў, напрыклад, прайсці дыстанцыю ў гумовых ботах вялізнага памеру, апранутых не на тую нагу.

Характар правядзення практыкавання шмат у чым залежыць ад самой групы. Пераканайцеся, што ўсе разумеюць, што ім трэба будзе акунуцца ў «імітацыю рэчаіснасці», якая дасць ім магчымасць перажыць стан інваліднасці і адпаведныя пачуцці. Растлумачыце, што мэта практыкавання заключаецца не ў тым, каб пакпіць з кагосьці ці спецыяльна выклікаць стрэс або разгубленасць. Удзельнікі павінны іграць «натуральна», не пераігрываць. Папярэдзьце іх, што ў нейкія моманты яны могуць адчуць няёмкасць і няўпэўненасць, але нічога дрэннага ці небяспечнага з імі не адбудзецца.

Калі часу на ўсе тры «імітацыі рэчаіснасці» няма, абмяжуйцеся адной або дзвюма. З усіх трох імітацый прагулка з павязкай на вачах, напэўна, выклікае самыя моцныя і цяжкія адчуванні. Таму, калі вы вымушаны абмежавацца толькі адной імітацыяй, выберыце гэту. Няхай удзельнікі ў парах памяняюцца ролямі, каб кожны атрымаў адпаведны вопыт. Не забудзьце падрыхтаваць другі набор прадметаў для распазнавання, якія будуць схаваны ў пакеце.

Гэта сур'ёзнае практыкаванне, але будзьце гатовы да шматлікіх смешных сітуацый. Умешвайцеся толькі ў тых выпадках, калі ўзнікае нейкая рэальная рызыка фізічнай траўмы для ўдзельнікаў або калі яны дазваляюць сабе кпіць з людзей з інваліднасцю. Можаце абмеркаваць гэту праблему на этапе ацэнкі, запрасіўшы ўдзельнікаў адказаць на наступныя пытанні: калі людзі высмейваюць людзей з інваліднасцю? Хто так робіць і чаму? У якіх выпадках можна кпіць з людзей з інваліднасцю? Як вызначыць мяжу паміж добразычлівым жартам і абразай?

ВарыянтыGoto top

У залежнасці ад асаблівасцей групы вы можаце разыграць многія іншыя віды абмежаванняў, у тым ліку менш відавочныя з іх, напрыклад няздольнасць да вучобы або моўныя цяжкасці. Можна таксама разыграць сітуацыю абмежаванай дзеяздольнасці, выкліканай узростам. Гэта будзе спрыяць лепшаму разуменню моладдзю тых цяжкасцей, з якімі сутыкаюцца пажылыя людзі і якія звязаны з наяўнасцю (або адсутнасцю) умоў для годнага жыцця.

Прапановы па далейшай працыGoto top

Калі вы працуеце з дзецьмі, азнаёмцеся з артыкулам 23 КПД, дзе абвяшчаецца, што дзеці з інваліднасцю маюць права на асаблiвы догляд, адукацыю і падрыхтоўку, якія дазволяць ім жыць паўнавартасным і годным жыццём. Дайце групам заданне даведацца больш пра людзей з інваліднасцю, якія жывуць у іх асяроддзі (уключаючы сям'ю). Няхай яны паспрабуюць высветліць, якія сацыяльныя паслугі і забеспячэнне тыя атрымліваюць. Ці ёсць дзеці з інваліднасцю ў вашай маладзёжнай групе, арганізацыі ці школе? Ці могуць яны рабіць усё тое, што і астатнія? Калі не, то чаму?

Калі групе падабаюцца ролевыя гульні, можна выканаць практыкаванне «Я хачу працаваць», якое дапаможа даведацца пра бар'еры, якія даводзіцца пераадольваць людзям з абмежаванымі магчымасцямі на шляху да атрымання працы.
Калі група жадае даведацца, як рэагаваць на «паўсядзённыя» праблемы, звязаныя з дыскрымінацыяй іншага роду – дыскрымінацыяй па прыкмеце расы, звярніцеся да практыкавання «Адказ расізму».

Ідэі для дзеянняGoto top

Прапануйце ўдзельнікам адшукаць уразлівую групу і абмеркаваць, што яны могуць (павінны) зрабіць, каб дапамагчы гэтым людзям. Кіраўніцтва і ідэі шукайце ў раздзеле дапаможніка «Дзеянні ў падтрымку правоў чалавека». Важна супрацоўнічаць са спецыялізаванымі арганізацыямі, якія займаюцца праблемамі людзей з інваліднасцю, і пачынаць з тых патрэб людзей з інваліднасцю, якія яны самі вылучаюць у якасці асноўных.

Дадатковая інфармацыяGoto top

Узровень клопату пра людзей з інваліднасцюі забеспячэння іх правоў значна адрозніваецца ў розных краінах – фармальна з-за розных эканамічных магчымасцей, а на самай справе таму, што дзесьці да праблем роўнасці і сацыяльнай салідарнасці з людзьмі з інваліднасцю ставяцца больш сур'ёзна, чым у іншых месцах. Напрыклад, у адных краінах служба сацыяльнага забеспячэння плаціць за слыхавыя апараты, а ў іншых – не. Дзесьці ёсць спецыяльныя палажэнні аб забеспячэнні людзей з парушэннями слыху дадатковымі тэлекамунікацыйнымі прыладамі, а дзесьці гэта не прадугледжана, а калі чалавеку з інваліднасцю патрэбны вазок з электрапрывадам, у некаторых краінах за яе плаціць дзяржава або супольнасць.

Інфармацыю аб дыскрымінацыі людзей з інваліднасцю вы знойдзеце ў раздзеле дадатковай інфармацыі аб інваліднасці і дыскрымінацыі па прыкмеце інваліднасці.

Заўвага.

Гэта практыкаванне прапанавала доктар Моніка Мадай, прэзідэнт венгерскай НГА Közös Sors («Адзін лёс»), якая працуе ў інтарэсах сацыяльнай інтэграцыі як людзей з інваліднасцю, так і людзей без інваліднасці. Яна таксама міжнародны маладзёжны трэнер, удзельнік шматлікіх праграм, сама мае інваліднасць ад нараджэння.

 

 

 

 

 

 

 

 

Раздатачныя матэрыялыGoto top

PDFDownload as PDF

Ролевыя карткі

Сітуацыя 1.
Паспрабуйце без слоў растлумачыць сябру, што вы сталі ахвярай гвалту. У парку на вас напала група маладых хуліганаў; у вас скралі сумку і вас збілі. Спытайце, як прайсці да паліцэйскага ўчастка.

Памятайце, што размаўляць, пісаць ці маляваць забараняецца!

Сітуацыя 2.
Вы – у сталовай. Гэта можа быць сталовая школы, а можа – Еўрапейскага маладзёжнага цэнтра. Растлумачце кухару, што вы не ясце спагеці з соусам «Баланьезэ», бо вы строгі вегетарыянец: вы не толькі не ўжываеце мяса, але і адмаўляецеся ад любых малочных прадуктаў (яек, малака, сыру і г. д.).

Памятайце, што размаўляць, пісаць ці маляваць забараняецца!

КОМПАС

Дапаможнік па адукацыі ў галіне правоў чалавека з удзелам моладзі