У мяне ёсць патрэбныя навыкі!

Агляд

У гэтым практыкаванні выкарыстоўваецца ролевая гульня для вывучэння пытанняў, звязаных з правам на працу для асоб з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

Звязаныя правы

• Права на працу
• Права не падвяргацца дыскрымінацыі
• Права на дастатковы ўзровень жыцця

Мэты

• Дабіцца разумення праблем людзей з інваліднасцю на працоўным месцы і ў грамадстве
• Развіць практычныя навыкі адстойвання сваіх правоў
• Развіць пачуццё адказнасці і ўсведамленне чалавечай годнасці

Матэрыялы

• Копіі ролевых картак
• Папера і алоўкі для назіральнікаў
• Невялікі стол і 2 крэслы для гульцоў, крэслы для назіральнікаў

Падрыхтоўка

• Размножце ролевыя карткі

compass-key-date
  • 7 кастрычнікаСусветны дзень дзеянняў за дастойную працу

Інструкцыі

1. Спытайце ва ўдзельнікаў, што яны разумеюць пад выразам «права на працу». З дапамогай інфармацыі, якая даецца ў канцы практыкавання, растлумачце, што падпадае пад дзеянне законаў аб правах чалавека, не пераходзячы пры гэтым да абмеркавання праблем людзей з інваліднасцю.
2. Затым папрасіце ўдзельнікаў падумаць пра тое, з якімі цяжкасцямі могуць сутыкнуцца людзі з інваліднасцю пры ўладкаванні на працу. Растлумачце ў двух словах паняцце «разумнае прыстасаванне».
3. Растлумачце ўдзельнікам, што яны павінны будуць разыграць серыю інтэрв’ю пры прыёме на працу ў аддзел абслугоўвання кліентаў невялікай кампаніі. Кожны з кандыдатаў на вакансію мае інваліднасць. Выклічце пяць добраахвотнікаў на ролю працадаўца, які будзе праводзіць інтэрв’ю, і яшчэ пяць – на ролю кандыдатаў на вакансію.
4. Раздайце ролевыя карткі. Няхай кожны гулец выбера аднаго-двух сяброў, якія дапамогуць яму лепш падрыхтавацца да сваёй ролі. Дайце ім 10–15 хвілін на гэта.
5. Пастаўце стол і 2 крэслы ў цэнтры пакоя і папрасіце астатніх удзельнікаў заняць свае месцы ў якасці назіральнікаў. Папрасіце аднаго назіральніка выступіць у ролі суддзі-хронаметрыста.
6. Пачніце гульню. Папрасіце першага працадаўца запрасіць першага кандыдата. Інтэрв'ю павінна быць кароткім, не больш за 5 хвілін.
7. Запрасіце другога працадаўца заняць сваё месца за сталом і правесці інтэрв'ю з другім кандыдатам.
8. Па завяршэнні ўсіх інтэрв'ю папрасіце ўдзельнікаў выйсці з ролі і далучыцца да назіральнікаў для аналізу і ацэнкі.

Аналіз і ацэнкаGoto top

Пачніце з пытанняў да кандыдатаў на вакансію:

  • Як вы сябе адчувалі падчас сімуляцыі? Што вам спадабалася ці не спадабалася?
  • Як вы лічыце, наколькі добра вы справіліся са сваёй роллю? Што было самым цяжкім?

Затым спытайце працадаўцаў:

  • Як вы сябе адчувалі падчас сімуляцыі? Што вам спадабалася ці не спадабалася?
  • Як вы лічыце, наколькі добра вы справіліся са сваёй роллю? Што было самым цяжкім?

Затым папрасіце выказацца назіральнікаў:

  • Ці могуць такія сітуацыі адбыцца ў рэальным жыцці?
  • Ці праявілі працадаўцы павагу да кандыдатаў і разуменне іх патрэб?

Затым пераходзіце да дыскусіі з удзелам усёй групы:

  • Што вы можаце сказаць аб праве людзей з інваліднасцю на працу? Як вы думаеце, ці гарантавана іх права на працу на практыцы?
  • Якія, на вашу думку, асноўныя прычыны высокага ўзроўню беспрацоўя сярод асоб з інваліднасцю? Хіба гэта справядліва?
  • Хто, на вашу думку, павінен несці адказнасць за справядлівае стаўленне да людзей з інваліднасцю? Што вы думаеце пра ідэю «разумнага прыстасавання»?
  • Ці ведаеце вы каго-небудзь, хто адчуў на сабе дыскрымінацыю – любога роду – пры прыёме на працу? А вам самім не даводзілася адчуваць што-небудзь падобнае?
  • Што мы можам зрабіць, каб выкараніць адносіны дыскрымінацыі ў грамадстве?
  • Якія правы чалавека варта ўлічваць пры разглядзе магчымасцей працаўладкавання асоб з інваліднасцю?

Парады для фасілітатараўGoto top

Папрасіце ўдзельнікаў не пераігрываць, а весці сябе як мага бліжэй да рэальных паводзін людзей у падобнай сітуацыі. Гэта асабліва важнадля выканаўцаў ролі працадаўцаў, якія могуць схіляцца да таго, каб іграць ролю «злыдня».

Члены групы, якія не ўдзельнічаюць у ролевай гульні, павінны моўчкі назіраць за тым, што адбываецца, і браць на заметку ўсе перыпетыі гульні і тыя недахопы ў выкананні роляў працадаўца ці кандыдата, якія кінуцца ім у вочы.

Паведаміце выканаўцам ролі кандыдатаў на вакансію, што ў картках прыводзяцца прыклады «разумнага прыстасавання» ўмоў працы да патрэб такіх кандыдатаў, на якое працадаўцам прыйдзецца пайсці ў імя справядлівага абыходжання з такой катэгорыяй працаўнікоў.

Вы можаце абмеркаваць дзеянні, да якіх людзі з інваліднасцю і маладыя працаўнікі маглі б звярнуцца, каб змяніць пазіцыю працадаўцаў. Абмяркуйце таксама, наколькі праўдзіва выканаўцы ролі працадаўцаў перадалі тыповае стаўленне да асоб з інваліднасцю.
У ходзе абмеркавання магчымых прычын высокага ўзроўню беспрацоўя сярод асоб з інваліднасцю вы маглі б прывесці некаторыя прыклады, такія як:

  • адсутнасць ведаў аб патрэбах, звязаных з інваліднасцю, на працоўным месцы
  • адсутнасць ведаў пра тое, што можа рабіць чалавек з інваліднасцю
  • некваліфікаваная праца для людзей з інваліднасцю
  • наём на працу па «няправільных» прычынах (напрыклад, гэтага патрабуе закон або квоты, але без прыстасавання ўмоў працы да патрэб такіх людзей)
  • страх перад новымі і адаптыўнымі тэхналогіямі
  • тэндэнцыя многіх асоб з інваліднасцю схаваць гэты факт.

Падкрэсліце як адказнасць працадаўцаў перад людзьмі з інваліднасцю, так і абавязак апошніх абараняць уласныя інтарэсы. Абмяркуйце, чаму людзі з інваліднасцю часта думаюць, што яны павінны хаваць гэты факт пры працаўладкаванні? Ці ведае хто-небудзь пра такія прыклады? Як гэтага пазбегнуць?

ВарыянтыGoto top

Вы маглі б прапанаваць удзельнікам, каб яны загадзя, перад ролевай гульнёй, напісалі аб'яву аб найманні на працу, апісаўшы ў ёй саму працу і патрабаванні да кандыдатаў.

Прапановы па далейшай працыGoto top

У залежнасці ад наяўнасці часу і ўзроўню інфармаванасці членаў групы аб праблемах асоб з інваліднасцю і пытаннях іх занятасці вы можаце папрасіць групу распрацаваць наступныя рэкамендацыі:

  • Як змяніць стаўленне працадаўцаў да людзей з інваліднасцю
  • Падрыхтаваць праект кампаніі па праблемах адносін да права на працу і павышэнні інфармаванасці грамадства аб сумежных пытаннях.

Падзяліце ўдзельнікаў на малыя групы і дайце ім 30 хвілін на абмеркаванне і падрыхтоўку рэкамендацый і іх адлюстраванне на фліпчарце, а затым выдзеліце кожнай групе 5 хвілін на прэзентацыю.

Калі ўдзельнікам падабаюцца ролевыя гульні і яны хацелі б вывучыць пытанні, звязаныя з дыскрымінацыяй працуючых маці, то можна правесці практыкаванне «Праца і дзеці».

Яшчэ адно практыкаванне на тэму працы і занятасці «Пасяджэнне прафсаюза». У ім мадэліруюцца перагаворы па пытаннях заработнай платы і ўмоў працы паміж працадаўцам і працаўнікамі з удзелам прадстаўнікоў прафсаюза.
Умовы працы для асоб з інваліднасцю палепшыліся пасля рашучага ўмяшання палітыкаў. Аказваецца, гэта сапраўды важна, за якіх палітыкаў вы галасуеце! Калі вы хочаце правесці даследаванне адносін людзей да грамадзянскага ўдзелу і ўдзелу ў выбарах, звярніцеся да практыкавання «Галасаваць ці не галасаваць?».

Ідэі для дзеянняGoto top

Паспрабуйце высветліць, якія арганізацыі або кампаніі ў вашым раёне маюць палітыку, якая апісвае супрацоўніцтва з асобамі з інваліднасцю. Група магла б правесці даследаванне і высветліць, ці ведаюць у гэтых арганізацыях пра патрабаванні, якія змяшчаюцца ў Канвенцыі ААН аб правах людзей з інваліднасцю, і як яны выконваюць гэтыя патрабаванні.

Дадатковая інфармацыяGoto top

Факты і лічбы з Еўрапейскага форуму па праблемах асоб з інваліднасцю

- У краінах Еўрапейскага саюза 65 мільёнаў чалавек – асобы з інваліднасцю.

- Сярод асоб з інваліднасцю беспрацоўных у два-тры разы больш, чым сярод тых, хто такімі не з'яўляецца.

- Толькі 16 % з тых, хто сутыкаецца з абмежаваннямі пры працаўладкаванні, атрымліваюць нейкую дапамогу.

- У многіх з іх ужо «адбілі жаданне працаваць», і яны нават не спрабуюць шукаць працу. Так яны трапляюць у катэгорыю так званага «неактыўнага насельніцтва».

- Чым вышэй ступень абмежавання магчымасцей канкрэтнага чалавека, тым менш у яго шанцаў на працаўладкаванне. Толькі 20 % людзей з цяжкай формай інваліднасці працуюць у параўнанні з 68 % тых, хто не мае інваліднасці.

- Па ўсёй Еўропе толькі 38 % людзей з інваліднасцю ва ўзросце ад 16 да 34 гадоў маюць працоўныя даходы ў параўнанні з 64 % тых, хто інваліднасці не мае. Даходы людзей з інваліднасцю значна ніжэй за даходы людзей без інваліднасці.

Крыніца: www.edf-feph.org

Колькасць насельніцтва дзяржаў – членаў Савета Еўропы складае каля 800 млн чалавек, што азначае, што ў яго межах пражывае каля 80 мільёнаў людзей з інваліднасцю. Паводле ацэнак СААЗ, у сучасным свеце налічваецца больш за мільярд людзей з той ці іншай формай інваліднасці – каля 15 % ад агульнай колькасці насельніцтва Зямлі. Іх колькасць расце з-за войнаў і разбурэння, нездаровых умоў жыцця ці адсутнасці ведаў пра інваліднасць, яе прычыны, прафілактыку і лячэнне. Асабліва ўразлівымі сярод людзей з інваліднасцю з'яўляюцца жанчыны, дзеці, старыя, ахвяры катаванняў, бежанцы і перамешчаныя асобы, а таксама працаўнікі-мігранты. Напрыклад, жанчыны з інваліднасцю падвяргаюцца дыскрымінацыі як па гендарнай прыкмеце, так і на падставе інваліднасці.

Права на працу
Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах
Артыкул 6:
Дзяржавы – бакі гэтага Пакта прызнаюць права на працу, якое ўключае права кожнага чалавека на атрыманне магчымасці зарабляць сабе на жыццё працай, якую ён свабодна выбірае або на якую ён свабодна згаджаецца (…).
Артыкул 7:
Дзяржавы – бакі гэтага Пакта прызнаюць права кожнага на справядлівыя і спрыяльныя ўмовы працы (…).

Еўрапейская сацыяльная хартыя
Частка I
Кожны павінен мець магчымасць зарабляць сабе на жыццё шляхам свабоднага выбару прафесіі і заняткаў.
Усе працаўнікі маюць права на справядлівыя ўмовы працы.

Канвенцыя ААН аб правах людзей з інваліднасцю
Гэты дагавор быў адкрыты для падпісання ў сакавіку 2007 года.
Артыкул 27:
1. Дзяржавы-ўдзельніцы прызнаюць права людзей з інваліднасцю на працу нараўне з іншымі; яно ўключае права на атрыманне магчымасці зарабляць сабе на жыццё працай, якую ён свабодна выбраў або на якую ён свабодна пагадзіўся, ва ўмовах, калі рынак працы i вытворчае асяроддзе з'яўляюцца адкрытымі, інклюзіўнымі і даступнымі для людзей з інваліднасцю. Дзяржавы-ўдзельніцы забяспечваюць і заахвочваюць рэалізацыю права на працу, у тым ліку для асоб, якія атрымалі інваліднасць падчас працоўнай дзейнасці, шляхам прыняцця, у тым ліку ў заканадаўчым парадку, неабходных мер…

Больш падрабязная інфармацыя аб праблемах асоб з інваліднасцю і адукацыі ў галіне правоў чалавека даступна на www.hrea.org

«Разумнае прыстасаванне»
«Разумнае прыстасаванне» азначае любое змяненне або ўнясенне мадыфікацый у працу, яе ўмовы або прынятыя спосабы яе выканання, якія дазваляюць асобам з інваліднасцю выконваць гэту працу або карыстацца выгадамі, даступнымі на гэтым працоўным месцы іншым асобам, нараўне з імі.
Напрыклад, невідушчая машыністка не можа карыстацца стандартным камп'ютарам і клавіятурай. Паняцце «разумнае прыстасаванне» былі распрацавана для таго, каб пераадольваць падобныя бар'еры. Калі некаторыя характарыстыкі працоўнага месца ставяць асобу з інваліднасцю ў нявыгадныя ўмовы ў параўнанні з людзьмі, якія не маюць такіх абмежаванняў, працадавец павінен прыняць меры для «карэкцыі» названых характарыстык працоўнага месца. У адпаведнасці з новай Канвенцыяй аб правах людзей з інваліднасцю працадаўцы будуць абавязаны прымяніць такое «разумнае прыстасаванне», а адмова будзе разглядацца як дыскрымінацыя.

Раздатачныя матэрыялыGoto top

PDFDownload as PDF

Ролевыя карткі

Кандыдат на вакансію 1

Вы з'яўляецеся асобай з абмежаваннямі па слыху. Вы добра чытаеце па вуснах ва ўмовах дастатковага асвятлення. Вы заўсёды правяраеце, ці правільна вы разумееце, пра што ідзе гаворка, пытаючыся, напрыклад: «Ці правільна я зразумеў(-ла), што…?» Для вашай эфектыўнай працы ў кампаніі неабходна, каб зала пасяджэнняў была абсталявана прыладай для перадачы гуку непасрэдна на слыхавы апарат, а на вашым працоўным месцы былі тэлефон з узмацняльнікам гучнасці і светлавая сігналізацыя або тэлефон, які трансфармуе гукавое паведамленне ў тэкст.

Падумайце, аб чым вам трэба будзе папрасіць у ходзе інтэрв'ю і як вы будзеце гэта рабіць.

Кандыдат на вакансію 2

Вы глухі чалавек і для зносін з іншымі карыстаецеся мовай жэстаў. На інтэрв'ю вам патрабуецца суправаджэнне перакладчыка, а гэта азначае, што на яго правядзенне спатрэбіцца дадатковы час. Для зносін з кліентамі на вашым працоўным месцы вам спатрэбіцца тэлефон з функцыяй трансфармацыі гаворкі ў тэкставае паведамленне і (або) сэрвіс рэтрансляцыі тэксту (паслуга аператара, якая дазваляе людзям з абмежаваннямі слыху, зроку ці гаворкі тэлефанаваць карыстальнікам звычайных тэлефонаў з дапамогай клавіятуры або дапаможнай прылады).

Падумайце, аб чым вам трэба будзе папрасіць у ходзе інтэрв'ю і як вы будзеце гэта рабіць.

Заўвага: вам спатрэбіцца дапамога аднаго з удзельнікаў, які сыграе ролю вашага перакладчыка.

Кандыдат на вакансію 3

Вы сляпы чалавек, і вас павінен суправаджаць памочнік, чые падарожныя выдаткі (у тым ліку і на правядзенне інтэрв'ю) павінен аплаціць працадавец. На працоўным месцы вам спатрэбіцца камп'ютар са спецыяльнай клавіятурай і праграмным забеспячэннем, якое «агучвае» тэкст, які з'яўляецца на экране. Для перамяшчэння па горадзе вам спатрэбіцца сабака-павадыр. Вы ведаеце, што працадаўцы неахвотна бяруць такіх людзей на працу з-за высокага кошту і складанасці тэхнічнага абсталявання працоўнага месца.

Падумайце, аб чым вам трэба будзе папрасіць у ходзе інтэрв'ю і як вы будзеце гэта рабіць.

Заўвага: вам спатрэбіцца дапамога аднаго з удзельнікаў.

Кандыдат на вакансію 4

Вы ўжываеце інвалідны вазок. Ваша працоўнае месца павінна знаходзіцца ў будынку побач з паркоўкай, а ўсе пад'езды, ліфты, прыбіральні, офісы і месцы агульнага карыстання павінны быць даступны для інваліднага вазка. Гэта значыць, побач з лесвіцамі, якія вядуць да любога з названых месцаў, павінны быць прадугледжаны пандусы. Для вас спатрэбіцца таксама змяніць працоўнае месца разам з пісьмовым сталом, каб вы маглі працаваць, знаходзячыся ў вазку.

Падумайце, аб чым вам трэба будзе папрасіць у ходзе інтэрв'ю і як вы будзеце гэта рабіць.

Кандыдат на вакансію 5

Вы чалавек з дыслексіяй і падаяце заяву на працу, дзе пэўную колькасць часу трэба будзе траціць на чытанне і пісьмо. У вас выдатная кваліфікацыя для працы, уключаючы здольнасць вельмі добра чытаць і пісаць, але вам цяжка працаваць у шумным асяроддзі або стрэсавых сітуацыях і выконваць працу ў кароткія тэрміны. Вы просіце даць вам больш часу, каб выканаць тэст на напісанне пісьма, які ўваходзіць у выпрабаванне.

Падумайце, аб чым вам трэба будзе папрасіць у ходзе інтэрв'ю і як вы будзеце гэта рабіць.

Ролевыя карткі працадаўцаў

Працадавец 1

Вы будзеце праводзіць інтэрв'ю з чалавекам, якія мае абмежаванні па слыху. Размаўляйце з ім, амаль не адкрываючы рота, часта пазіраючы ўбок і седзячы ў дрэнна асветленым месцы, каб па вашых вуснах цяжка было нешта прачытаць. Гаварыце хутка і не хавайце ваша нецярпенне і нежаданне адказваць на пытанні ці слухаць тлумачэнні. Калі кандыдат папросіць вас нешта паўтарыць, рабіце гэта з відавочнай і перабольшанай неахвотай, ствараючы ўражанне, што кандыдат не настолькі разумны, каб зразумець вас з першага разу.

Прадумайце пытанні, якія вы маглі б задаць кандыдату на інтэрв'ю.

Працадавец 2

Вы будзеце праводзіць інтэрв'ю з абсалютна глухім чалавекам, і праходзіць яно будзе праз сурдаперакладчыка. У ходзе размовы накіроўвайце свае заўвагі перакладчыку, а не кандыдату. Рабіце выгляд, што вы кудысьці спяшаецеся і не хочаце марнаваць занадта шмат часу, чакаючы, пакуль ваша гаворка будзе перакладзена або пакуль кандыдат адкажа перакладчыку. Менавіта ў гэтыя моманты часта перапыняйце кандыдата. Вы наогул не разумееце, як глухі чалавек зможа мець зносіны з кліентамі, і думаеце, што тлумачэнне мовы жэстаў на інтэрв'ю з'яўляецца пустым марнаваннем часу. Вы таксама лічыце, што глухому чалавеку на працоўным месцы заўсёды будзе патрэбны сурдаперакладчык – хоць ён (яна) гэта адмаўляе, – а вы не хочаце лішняга чалавека ў офісе.

Прадумайце пытанні, якія вы маглі б задаць кандыдату на інтэрв'ю.

Працадавец 3

Вы будзеце праводзіць інтэрв'ю з абсалютна сляпым чалавекам і лічыце, што такія людзі наогул не падыходзяць для гэтай працы. Вы ўпэўнены, што тэхналагічнае аснашчэнне яго працоўнага месца будзе занадта дарагім і, у любым выпадку, не зможа кампенсаваць яго абмежаваныя магчымасці. Вы таксама сумняваецеся, што іншыя супрацоўнікі захочуць мець зносіны з такім калегай.

Прадумайце пытанні, якія вы маглі б задаць кандыдату на інтэрв'ю.

Працадавец 4

Вы будзеце праводзіць інтэрв'ю з чалавекам у інвалідным вазку. Ён будзе пытацца вас аб прыстасаванасці вашага будынка для інвалідных вазкоў, а ён як раз зусім для гэтага не прыстасаваны. Вам добра вядома, наколькі дорага зрабіць усе неабходныя змены, але вы будзеце імкнуцца не выкарыстоўваць гэта як прычыну адмовіць такому кандыдату, бо ведаеце, што незаконна дыскрымінаваць кандыдатаў толькі таму, што іх фізічныя магчымасці абмежаваны.
Вы будзеце спрабаваць знайсці апраўданні і прычыны, каб адмовіць, хоць на самай справе ўпэўнены, што гэты кандыдат вельмі добра падыходзіць для гэтай працы.

Прадумайце пытанні, якія вы маглі б задаць кандыдату на інтэрв'ю.

Працадавец 5

Вы будзеце праводзіць інтэрв'ю з чалавекам з дыслексіяй, і вас раздражняюць яго дадатковыя патрабаванні. Усе кандыдаты прайшлі пісьмовы тэст, і вы не хочаце пагадзіцца з просьбай гэтага кандыдата даць яму больш часу на выкананне задання. Вы лічыце, што калі кандыдат не ў стане напісаць пісьмо ў адведзены час і ў тых жа ўмовах, што і ўсе астатнія, то яго не трэба браць на гэту працу.

Прадумайце пытанні, якія вы маглі б задаць кандыдату на інтэрв'ю.