Тэрарызм непрымальны ні пры якіх абставінах.
Мы павінны ўсе разам змагацца супраць яго, ужываючы метады, якія не ставяць пад пагрозу нашу павагу да вяршэнства закону і правоў чалавека і не выкарыстоўваюцца іншымі для апраўдання такіх дзеянняў.

Ганна Лінд

Агляд

Выкарыстоўваючы метад аналізу сітуацыі, удзельнікі абмяркоўваюць аспекты, якія робяць нейкі ўчынак тэрарыстычным актам, і выпрацоўваюць азначэнне тэрарызму.

Звязаныя правы

• Права на жыццё, свабоду і асабістую недатыкальнасць
• Свабода ад катаванняў і зневажальнага абыходжання
• Права на мір

Мэты

• Паглыбіць разуменне прычын тэрарызму і таго, як з ім змагацца
• Развіць навыкі аналізу інфармацыі і крытычнага мыслення
• Заахвоціць незалежнае мысленне і ўдумлівае стаўленне да падзей

Матэрыялы

• Карткі з апісаннем сітуацый
• Раздатачны матэрыял у выглядзе «Пытанняў для абмеркавання»
• Па аркушы паперы фармату А4 і алоўку для кожнай малой групы
• Фліпчарт і маркеры

Падрыхтоўка

• Скапіруйце і нарэжце карткі з апісаннем сітуацый. Вам спатрэбіцца па адным камплекце картак для кожнай групы.
• Скапіруйце «Пытанні для абмеркавання», па адным экзэмпляры на кожную групу.

Key Date
  • 21 маяСусветны дзень барацьбы з тэрарызмам

Інструкцыі

1. Спытайце ўдзельнікаў, як яны разумеюць слова «тэрарызм». Правядзіце мазгавы штурм гэтага паняцця і паспрабуйце выпрацаваць рабочае азначэнне. Прапановы, што паступілі, запішыце на фліпчарце.
2. Раскажыце ўдзельнікам, што існуе цэлы шэраг міжнародных дагавораў па барацьбе з тэрарызмам, але ні адзін з іх не дае азначэння тэрміна «тэрарызм»! Адной з прычын такога становішча можа быць тое, што дзяржавы – удзельніцы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый часта па-рознаму бачаць бягучыя канфлікты і класіфікуюць пэўныя дзеянні як «тэрарыстычныя» або «нетэрарыстычныя», кіруючыся рознымі інтарэсамі.
3. Падкажыце, што для распрацоўкі азначэння тэрарызму можа спатрэбіцца група аб’ектыўных асоб, напрыклад ваша група! Растлумачце, што гэта практыкаванне дапаможа ім да канца занятку даць сваё ўласнае азначэнне тэрарызму.
4. Падзяліце ўдзельнікаў на малыя групы па 4–5 чалавек і раздайце ім наборы картак з апісаннем сітуацый і аркушы паперы. Папрасіце іх па чарзе абмеркаваць кожнае сцверджанне і вырашыць, ці з'яўляецца яно прыкладам тэрарызму, прывёўшы адпаведныя довады.
5. Праз 20 хвілін збярыце групы разам і азнаёмцеся з вынікамі іх абмеркаванняў. Звярніце асаблівую ўвагу на асноўныя прычыны адмовы ў прызнанні некаторых падзей актамі тэрарызму.
6. Коратка абмяркуйце адрозненні паміж высновамі розных груп, даючы кожнаму боку магчымасць растлумачыць сваё рашэнне. Спытайце ўдзельнікаў, якія з сітуацый былі для іх найбольш цяжкімі.
7. Папрасіце ўдзельнікаў вярнуцца ў малыя групы і сфармуляваць сваё ўласнае азначэнне тэрарызму ў адпаведнасці з тымі рашэннямі, якія яны прынялі раней, або любымі меркаваннямі, выказанымі ў ходзе абмеркавання.
8. Праз 10–15 хвілін папрасіце групы прадставіць свае варыянты азначэння. Затым пераходзьце да аналізу і ацэнкі.

Аналіз і ацэнкаGoto top

  • Ці даўся вам пошук азначэння паняцця «тэрарызм» цяжэй ці лягчэй, чым вы сабе ўяўлялі? Чаму?
  • Ці падаліся вам рэалістычнымі прапанаваныя сітуацыі? Ці «прызнаў» хто-небудзь у нейкай сітуацыі выпадкі, звязаныя з рэальнымі падзеямі? Што гэта былі за падзеі? Ці паўплывала гэта акалічнасць на ваша рашэнне?
  • Чаму, на ваш погляд, дзяржавам – удзельніцам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый так цяжка дасягнуць згоды ў азначэнні тэрарызму?
  • Чым тэрарыстычныя акты адрозніваюцца – калі можна гаварыць пра адрозненні – ад ваенных дзеянняў? Ці лічыце вы, што адны з іх больш апраўданыя, чым іншыя?
  • Як вы думаеце, ці павінны быць пэўныя асноўныя правілы, абавязковыя для выканання ўсімі бакамі (уключаючы дзяржавы) падчас «вайны з тэрарызмам»? Ці ёсць рэчы, якія нельга дазволіць ні аднаму з бакоў? Якія?
  • Ці лічыце вы, што гвалтоўныя дзеянні ў нейкіх выпадках могуць быць апраўданы? Чаму так ці чаму не?
  • Як вы думаеце, да якіх правоў чалавека маюць дачыненне сітуацыі, якія вы абмеркавалі?
  • Ці можна апраўдаць які-небудзь з выпадкаў «з пункту гледжання правоў чалавека»?
  • Чаму людзі становяцца тэрарыстамі? Чаму людзі здзяйсняюць злачынствы, мэта якіх заключаецца ў тым, каб прычыніць боль іншымлюдзям або напужаць іх?
  • Ці можна сказаць, якія людзі становяцца тэрарыстамі? Ці можаце вы ўявіць сабе нейкае моцнае пачуццё, здольнае навесці вас на думку аб пазбаўленні каго-небудзь жыцця?
  • Ці можна ўвогуле знайсці апраўданне забойству грамадзянскіх асоб? Або тэрарыстаў? Або каго-небудзь іншага?

Парады для фасілітатараўGoto top

Відавочна, што гэта тэма абуджае супярэчлівыя пачуцці і выклікае палеміку, і ваш падыход да яе будзе ў значнай ступені залежаць ад пэўных характарыстык вашага рэгіёну або групы. Вы можаце адкласці ў бок любую з картак, якая здасца вам непрымальнай, і гэта таксама распаўсюджваецца на пытанні для абмеркавання. Вы таксама можаце ўключыць іншыя сітуацыі, якія маюць большае дачыненне да паўсядзённага жыцця вашай групы.

Для таго каб практыкаванне было плённым, удзельнікі павінны адчуваць, што яны могуць выказваць свае думкі без боязі крытыкі з вашага боку ці з боку іншых членаў групы. Магчыма, вам варта агучыць гэта на пачатку занятку і атрымаць ад кожнага згоду захоўваць канфідэнцыяльнасць. Скажыце групе, што практыкаванне прадугледжвае працу з цяжкімі пытаннямі, і нашы эмоцыі могуць супярэчыць таму, што людзі прызнаюць у якасці «правільных» адказаў.

Калі вам спатрэбяцца факты і лічбы, якія маглі б абудзіць цікавасць удзельнікаў да занятку па гэтай тэме, адпаведныя статыстычныя даныя па барацьбе з тэрарызмам вы можаце знайсці на сайце www.nationmaster.com.

Падчас працы над пунктам 6, калі групы будуць спрабаваць распрацаваць уласныя азначэнні тэрарызму, будзе карысна даць некалькі спасылак на папярэднія сітуацыі, каб дапамагчы з высновамі. У прыватнасці, «Пытанні для абмеркавання» можна раздаць удзельнікам да пачатку працы над азначэннямі, але іх можна выкарыстаць і ў канцы, каб «пратэсціраваць» прапанаваныя варыянты.

Перш чым пачаць абмеркаванне сувязі паміж правамі чалавека і тэрарызмам, пераканайцеся, што ўдзельнікі ведаюць наступнае:
a) Кожны чалавек мае права на жыццё, і гэта права гарантавана артыкулам 3 УДПЧ, артыкулам 2 Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека і іншымі міжнароднымі дакументамі.
b) Нават падчас вайны, калі прымяненне ўзброенай сілы рэгулюецца нормамі міжнароднага гуманітарнага права (МГП), наўмыснае нападзенне на грамадзянскія аб’екты не дапускаецца. МГП устанаўлівае пэўныя базавыя правілы, якія павінен выконваць кожны з бакоў узброенага канфлікту (гл. дадатковую інфармацыю ніжэй).

Прапановы па далейшай працыGoto top

Парэкамендуйце групе даведацца як мага больш пра выпадкі тэрарызму з прыведзеных прыкладаў або пра тэрарыстычныя акты з гісторыі і тое, як яны скончыліся.
Калі група зацікавіцца прычынамі, па якіх людзі ўчыняюць гвалтоўныя дзеянні, звярніцеся да практыкавання «Кіданне камянёў». Для вывучэння іншых аспектаў гвалту можна рэкамендаваць практыкаванне «Гвалт у маім жыцці».

Дадатковая інфармацыяGoto top

Адпаведныя артыкулы міжнароднага гуманітарнага права і міжнароднага заканадаўства па правах чалавека:

Заканадаўства па правах чалавека: права на жыццё
Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека:
 «Кожны чалавек мае права на жыццё, свабоду і асабістую недатыкальнасць» (артыкул 3).
Еўрапейская канвенцыя аб правах чалавека:
  «Права кожнага чалавека на жыццё абараняецца законам...» (артыкул 2).

Міжнароднае гуманітарнае права: прынцып адрознення
Міжнароднае гуманітарнае права (МГП) – гэта важны раздзел міжнароднага права, які прымяняецца ў перыяд узброеных канфліктаў. МГП датычыцца ўсіх бакоў узброенага канфлікту, нават калі адзін з іх дзейнічае ў мэтах самаабароны. МГП адносіцца да міжнародных канфліктаў і канфліктаў лакальнага характару і прымяняецца ў роўнай меры да ўзброеных груп, якія змагаюцца супраць дзяржавы, і да саміх дзяржаў.
Адным з найбольш важных прынцыпаў МГП з'яўляецца «прынцып адрознення», які абвяшчае, што ваюючыя бакі павінны праводзіць адрозненне паміж грамадзянскімі асобамі і ўдзельнікамі баявых дзеянняў і паміж грамадзянскімі аб'ектамі і ваеннымі цэлямі.
Пратакол I да Жэнеўскіх канвенцый:
«Грамадзянскае насельніцтва ў цэлым, а таксама асобныя грамадзянскія асобы не павінны з'яўляцца аб'ектам нападзення. Акты або пагрозы гвалту, асноўнай мэтай якіх з'яўляецца пасеяць страх сярод грамадзянскага насельніцтва, забараняюцца» (артыкул 51.2).

Міжнароднае гуманітарнае права: забарона актаў тэрарызму
Чацвёртая Жэнеўская канвенцыя:
«Калектыўныя пакаранні, гэтак жа як і ўсякія меры запалохвання або тэрору, забаронены» (артыкул 33).
Пратаколы 1 і 2 да Жэнеўскіх канвенцый:
«Грамадзянскае насельніцтва ў цэлым, а таксама асобныя грамадзянскія асобы не павінны з'яўляцца аб'ектам нападзення. Акты або пагрозы гвалту, асноўнай мэтай якіх з'яўляецца пасеяць страх сярод грамадзянскага насельніцтва, забараняюцца» (артыкул 51.2, 1 пратакол; і артыкул 13.2, пратакол 2).

Іншыя артыкулы МГП забараняюць браць заложнікаў і нападаць на месцы выканання рэлігійных абрадаў.

Для знаёмства з працай Савета Еўропы ў сферы тэрарызму, у тым ліку з кіруючымі прынцыпамі барацьбы з тэрарызмам і захавання правоў чалавека, гл. дадатковую інфармацыю па  вайне і тэрарызме ў главе 5.

Раздатачныя матэрыялыGoto top

PDFDownload as PDF

Карткі з апісаннем сітуацый

Сітуацыя 1. Група людзей вядзе ўзброеную кампанію з мэтай пазбавіцца ад таталітарнага ўрада. Яны заклалі бомбу ў Міністэрстве абароны, выбух якой прывёў да гібелі 12 чалавек. Сітуацыя 2. Невядомы праследуе адзінокіх маці, адпраўляючы ім пісьмы з пагрозамі ў адрас іх дзяцей. Выпадкаў гвалту не было, але жанчыны вельмі напалоханы і баяцца выводзіць дзяцей на вуліцу.
Сітуацыя 3. У ходзе вайны паміж дзвюма краінамі адна з іх кідае на тэрыторыю другой ядзерную бомбу, забіваючы каля 100 000 грамадзянскіх асоб. Сітуацыя 4. Дырэктар буйной касметычнай кампаніі атрымаў пісьмо-бомбу, выбух якой нанёс яму цяжкія раны. Ананімны адпраўнік пісьма абвінавачвае кампанію ў эксплуатацыі жывёл.
Сітуацыя 5. Група людзей вядзе працяглую кампанію супраць ваенных аб'ектаў, рэгулярна выкарыстоўваючы выбуховыя рэчывы. У выніку гэтых акцый загінула некалькі вайскоўцаў. Сітуацыя 6. У барацьбе за незалежнасць члены этнічных меншасцей рэгулярна бамбяць месцы грамадскага карыстання. Яны загадзя папярэджваюць, каб людзі маглі эвакуіравацца з будынкаў, але ёсць выпадкі гібелі мірных жыхароў.
Сітуацыя 7. Краіна мае хімічную зброю і заяўляе, што гатова выкарыстаць яе, калі адчуе пагрозу ад любой іншай краіны. Сітуацыя 8. Група злачынцаў захоплівае банк, бярэ супрацоўнікаў 
Сітуацыя 9. Нацыяналістычныя групы патрулююць і бяруць пад кантроль буйныя гарады, рэгулярна збіваючы і запалохваючы прадстаўнікоў іншых этнічных груп. Сітуацыя 10. Таталітарная дзяржава кіруе сваім насельніцтвам метадам запалохвання: любы, хто выступае супраць дзяржавы, падвяргаецца арышту; людзей рэгулярна арыштоўваюць, катуюць і нават караюць смерцю.
Сітуацыя 11. Арганізаваная злачынная групоўка вымагае грошы ў мясцовых прадпрымальнікаў. Калі хтосьці адмаўляецца плаціць, іх маёмасць спальваюць, а часам забіваюць і іх саміх. Сітуацыя 12. У ходзе вайны супраць паўстанцаў акупацыйная армія атакуе вёскі беспілотнымі самалётамі. Паведамляецца пра ахвяры сярод грамадзянскага насельніцтва, сярод загінуўшых ёсць цэлыя сем'і.
Сітуацыя 13. Рабочыя з краіны А штодня ўязджаюць у краіну Б. Пагранічнікі краіны Б пастаянна вымотваюць грамадзян краіны А, старанна правяраючы іх дакументы, часта праводзяць асабісты дагляд і затрымліваюць людзей з краіны А без прычыны. Сітуацыя 14. Падчас дзесяцігадовай грамадзянскай вайны 19-гадовая жанчына трапіла ў рукі групы з 10 баевікоў. Спачатку камандзір групы сам згвалтаваў яе, а затым загадаў сваім людзям зрабіць тое ж самае.
Сітуацыя 15. У горадзе праходзіць міжнародная канферэнцыя. Паліцыя атрымала паўнамоцтвы арыштаваць любога і ўтрымліваць яго на працягу 12 гадзін без прад'яўлення якіх-небудзь абвінавачанняў. Людзей папярэджваюць, каб ніхто не выходзіў на дэманстрацыі. Сітуацыя 16. «Трэба працаваць яшчэ больш, магілы яшчэ не запоўнены», – заклікаў дыктар радыё Руанды.

 

Пытанні для абмеркавання

Пытанні для абмеркавання падчас дыскусій:
• Ці заўсёды тэрарыстычны акт накіраваны на тое, каб справакаваць страх (жах) сярод насельніцтва?
• Ці з'яўляецца любое дзеянне, якое выклікае ў людзей страх, тэрарыстычным актам?
• Ці можа дзяржава (урад) удзельнічаць у тэрарызме, або тэрарызм заўсёды накіраваны супраць афіцыйных інстытутаў краіны?
• Ці заўсёды тэрарызм імкнецца выклікаць ахвяры сярод грамадзянскага насельніцтва, або ён можа быць накіраваны супраць ваенных цэлей ці супраць уласнасці?
• Ці можа акт тэрарызму быць апраўданы ў якіх-небудзь выпадках?

КОМПАС

Дапаможнік па адукацыі ў галіне правоў чалавека з удзелам моладзі