Бежанцы, вяртайцеся дадому! – Яны б вярнуліся, калі б маглі.

Агляд

Гэта практыкаванне ўяўляе сабой ролевую гульню, прысвечаную групе бежанцаў, якія спрабуюць перабрацца ў іншую краіну. У ім разглядаюцца наступныя пытанні:
• Бядотнае становішча бежанцаў
• Сацыяльна-эканамічныя аргументы за і супраць забеспячэнне прытулкам

 

Звязаныя правы

• Права шукаць прытулак у іншых краінах
• Права на невыдварэнне (права не быць дэпартаваным у сваю краіну, дзе бежанцам могуць пагражаць праследаванне або смерць)
• Свабода ад дыскрымінацыі

Мэты

• Паглыбіць веды пра бежанцаў і іх правы
• Выпрацаваць навыкі выкладання аргументаў і фармуліроўкі меркаванняў
• Стымуляваць салідарнасць з людзьмі, якія былі раптоўна вымушаны пакінуць свае дамы

Матэрыялы

• Ролевыя карткі
• Фліпчарт або дошка для пісьма
• Крэйда або якая-небудзь мэбля для імітацыі кантрольна-прапускнога пагранічнага пункта
• Ручкі і папера, каб назіральнікі маглі рабіць нататкі

Падрыхтоўка
  • Размножце ролевыя карткі, раздайце па адной картцы для кожнага пагранічніка, бежанца і назіральніка.
  • Аформіце сцэну для ролевай гульні. Напрыклад, намалюйце на падлозе лінію, якая будзе азначаць мяжу, або расстаўце мэблю, каб стварыць фізічную мяжу з праходам для кантрольна-прапускнога пункта. Выкарыстайце стол у якасці стойкі пагранічнага кантролю ў офісе.
  • Азнаёмцеся з інфармацыяй пра бежанцаў і іх становішчы ва ўсім свеце.

 

compass-key-date
  • 20 чэрвеняСусветны дзень бежанцаў

Інструкцыі

1. Растлумачце, што гэта ролевая гульня, у цэнтры якой – група бежанцаў, якія пакінулі радзіму ў пошуках бяспекі і хочуць уехаць у іншую краіну.
2. Пачніце з мазгавога штурму, каб высветліць веды ўдзельнікаў аб бежанцах. Запішыце асноўныя моманты на вялікім лісце паперы або на фліпчарце, каб вярнуцца да іх пазней падчас дыскусіі.
3. Пакажыце ўдзельнікам месца дзеяння і растлумачце сітуацыю. Скажыце, што яны знаходзяцца на мяжы паміж краінамі Х і Y. Прыбыла вялікая колькасць бежанцаў. Яны хочуць перасекчы мяжу і ўехаць у краіну Y. Яны галодныя, стаміліся і замерзлі, бо прайшлі доўгі шлях ад сваіх краін Р, Q і R. У некаторых з іх ёсць трохі грошай, а пасведчанняў асобы ці пашпартоў няма амаль што ні ў каго. Пагранічнікі з краіны Y маюць розныя пункты гледжання на сітуацыю, якая склалася. Бежанцы ў адчаі і прыводзяць розныя аргументы, каб паспрабаваць пераканаць пагранічнікаў упусціць іх.

4. Падзяліце ўдзельнікаў на тры групы: адна група будзе прадстаўляць бежанцаў, другая – пагранічную службу ў краіне Y, а трэцяя выступіць у якасці назіральнікаў.
5. Скажыце «бежанцам» і «пагранічнікам» распрацаваць пэўную ролю для кожнага чалавека і іх аргументы. Скажыце назіральнікам, што ім трэба будзе даць зваротную сувязь. Раздайце ролевыя карткі і дайце ўдзельнікам пятнаццаць хвілін на падрыхтоўку.
6. Пачніце ролевую гульню. Вам трэба будзе самастойна вырашыць, калі яе спыніць, але дзесяці хвілін звычайна дастаткова.
7. Дайце назіральнікам пяць хвілін, каб падрыхтаваць зваротную сувязь; затым пераходзьце да аналізу і ацэнкі.

Аналіз і ацэнкаGoto top

Спачатку папрасіце назіральнікаў выказаць сваё меркаванне аб ролевай гульні ў цэлым. Затым выслухайце каментарыі гульцоў пра тое, як яны адчувалі сябе ў ролях бежанцаў або пагранічнікаў, пасля чаго пераходзьце да агульнага абмеркавання тэмы і таго, што даведаліся ўдзельнікі. Задайце наступныя пытанні:
• Наколькі справядлівым было абыходжанне з бежанцамі?
• Бежанцы маюць права на абарону згодна з артыкулам 14 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Канвенцыі аб статусе бежанцаў, прынятай у 1951 годзе. Ці атрымалі бежанцы права на абарону? Чаму?
• Ці можа краіна мець права адмовiць бежанцам у прытулку? Калі? Па якіх прычынах?
• Калі б вы былі пагранічнікам, ці адмовілі б вы каму-небудзь? А калі б ведалі, што ў іх краіне іх чакае смерць?

  • Як бежанцаў сустракаюць на межах вашай краіны? Ці парушаюцца якія-небудзь з іх правоў чалавека? Якія канкрэтна?

• Што можна і трэба зрабіць у першую чаргу для таго, каб людзі не станавіліся бежанцамі?

Парады для фасілітатараGoto top

Сітуацыя з бежанцамі вельмі моцна адрозніваецца па ўсёй Еўропе, і вам трэба добра падумаць, як саставіць сцэнарый і адаптаваць практыкаванне да пастаўленых мэт. Карысна прыдумаць кароткую перадгісторыю пра выдуманыя краіны X і Y, дзе адбываецца дзеянне, краіну Z, якая ляжыць далёка за краінамі Y і P, Q і R, адкуль паходзяць бежанцы.
Знайдзіце інфармацыю аб вызначэннях бежанца, асобы ў пошуках прытулку (глядзіце ў даведачным раздзеле аб міграцыі). Таксама звярніце ўвагу на асноўныя краіны паходжання бежанцаў і колькасць бежанцаў у суседніх краінах. Акрамя таго, праверце, колькі бежанцаў жыве ў вашай краіне і ў іншых еўрапейскіх краінах. Інфармацыю пра гэта можна знайсці на вэб-сайце unhcr.org.

Правядзіце мазгавы штурм, каб высветліць, што ўдзельнікі ўжо ведаюць пра прычыны існавання бежанцаў, пра тое, што вымушае людзей бегчы са сваіх краін, з якіх краін яны прыбываюць і ў якія краіны накіроўваюцца. Гэта дапаможа вам вырашыць, як праводзіць аналіз і ацэнку і якая дадатковая інфармацыя можа спатрэбіцца ўдзельнікам на гэтым этапе.

Падумайце, як паступіць, калі сярод удзельнікаў ёсць бежанец. Калі ён не супраць, вы маглі б абапірацца на яго вопыт і выкарыстаць яго ў якасці спецыяліста.

Тры групы неабавязкова павінны быць роўнымі па колькасці ўдзельнікаў. Напрыклад, у групу назіральнікаў вы можаце ўключыць толькі трох ці чатырох чалавек, а астатнія будуць непасрэднымі ўдзельнікамі гульні. У рэальным жыцці, хутчэй за ўсё, бежанцаў намнога больш за пагранічнікаў, і вы можаце адлюстраваць гэта ў ролевай гульні. Добра даць назіральнікам ролю «журналістаў», якія павінны скласці справаздачу і прадставіць яе ў рамках падвядзення вынікаў.

Падумайце, чаго вы хочаце дасягнуць з дапамогай гэтага практыкавання і як лепш абсталяваць сцэну з улікам гэтага. Ці з'яўляюцца вашы бежанцы гуртам змораных, галодных людзей у роспачы? У гэтым выпадку вы маглі б правесці практыкаванне на адкрытым паветры ў лесе ці на рацэ або возеры, калі вашы ўцекачы павінны прыбыць у перапоўненай лодцы, якая працякае. Калі вы знаходзіцеся ў памяшканні і хочаце разыграць сцэну ў цёмную, халодную ноч, можна выключыць святло і адчыніць вокны. Калі ж вашы бежанцы прыбываюць невялікімі групкамі і спрабуюць перасекчы мяжу ў афіцыйным месцы, стварыце «офіс», дзе службовыя асобы могуць (хутка) правяраць пашпарты бежанцаў і пытаць, адкуль яны прыехалі.
Перагледзьце ролевыя карткі і адаптуйце іх па меры неабходнасці. Майце на ўвазе, што ролевая гульня можа развівацца вельмі хаатычна. У гэтым выпадку спыніце практыкаванне (як у форум-тэатры) і папрасіце журналістаў узяць інтэрв'ю ў бежанцаў і пагранічнікаў. Гэта дазволіць усім супакоіцца і слухаць больш уважліва.

ВарыянтыGoto top

Пасля аналізу правядзіце ролевую гульню яшчэ раз, але няхай удзельнікі памяняюцца ролямі. Цяпер назіральнікі павінны атрымліваюць дадатковую задачу вызначыць любыя адрозненні паміж першай і другой ролевымі гульнямі, асабліва тыя, якія прывялі да больш актыўнай абароны правоў бежанцаў.

Вы таксама можаце сфарміраваць чацвёртую групу, удзельнікі якой будуць іграць грамадзян, якія хочуць дапамагчы, але не могуць зрабіць шмат чаго з-за паліцэйскіх і бюракратычных абмежаванняў.

Правядзіце яшчэ адну ролевую гульню з удзелам афіцыйнай каманды прадстаўнікоў УВКБ ААН або Чырвонага Крыжа, каб дапамагчы бежанцам у краіне X.

Прапановы па далейшай працыGoto top

Даведайцеся больш аб бежанцах у вашай краіне, асабліва пра рэаліі іх паўсядзённага жыцця. Удзельнікі могуць звязацца з мясцовай асацыяцыяй бежанцаў і ўзяць інтэрв'ю ў працаўнікоў, валанцёраў і бежанцаў.

Наведайце вэб-сайт www.newtimes.dk, дзе вы можаце прачытаць апавяданні, напісаныя (на англійскай мове) шукальнікамі прытулку і бежанцамі ў Даніі. Выберыце апавяданне і абмяркуйце сваю рэакцыю.

Брытанскі Чырвоны Крыж мае шмат інфармацыі і праводзіць многа мерапрыемстваў, прысвечаных бежанцам, што знайшло ўвасабленне ў праекце Positive Images: www.redcross.org.uk.

Група можа праверыць свае веды аб бежанцах, перайшоўшы па спасылцы www.proprofs.com

Школьны клас можа пажадаць працягнуць знаёмства з тэмай шляхам вывучэння інфармацыі пра ролю УВКБ ААН (www.unhcr.ch), а затым напісаць «афіцыйную справаздачу», уключыўшы ў яе наступныя пункты:
• Аргументы, якія пераканалі пагранічнікаў упусціць бежанцаў у краіну
• Любыя няправільныя паводзіны з боку пагранічных службаў
• Рэкамендацыі наконт таго, што краіна Y павінна зрабіць, каб абараніць правы бежанцаў.

Абмяркуйце цяперашнюю сітуацыю ў Еўропе. Якім чынам рэагуюць палітыкі? Як розныя краіны адносяцца да бежанцаў, чаму іх пазіцыі так адрозніваюцца? Напрыклад, вы маглі б параўнаць палітыку краін, якія прыхільна ставяцца да бежанцаў, з палітыкай тых краін, што закрываюць свае межы для іх. Папрасіце групу падзяліцца на малыя групы, кожная з якіх будзе прадстаўляць асобную краіну, і распрацаваць еўрапейскі план барацьбы з крызісам.
Вы таксама можаце спытаць, як простыя людзі ў вашай і ў іншых еўрапейскіх краінах адносяцца да такой праблемы і што яны робяць. Гэта, відавочна, выклікае пытанні наконт таго, што ведаем мы самі і ці маем права абагульняць. Карысным практыкаваннем можа стаць аналіз паведамленняў СМІ на прадмет прысутнасці любых скажэнняў інфармацыі.

Абмяркуйце, ці адпавядае Жэнеўская канвенцыя патрэбам сучаснасці і ці патрабуецца яе абнаўленне. Напрыклад, у многіх краінах шукальнікі прытулку, каб атрымаць статус бежанца, павінны даказаць, што асабіста падвяргаюцца праследаванню; не дастаткова проста быць членам групы, якая падвяргаецца праследаванню, ці прыехаць з зоны баявых дзеянняў. Акрамя таго, Канвенцыя не ахоплівае кліматычных бежанцаў.

Вы таксама можаце правесці практыкаванне «Тры рэчы», каб дапамагчы людзям зразумець, што значыць быць вымушаным раптоўна пакінуць свой дом, не маючы нават часу, каб сабраць патрэбныя рэчы з сабой. Калі вы хочаце правесці практыкаванне, прысвечанае жыццю бежанцаў пасля перасячэння мяжы і працэсу атрымання прытулку, звярніце ўвагу на практыкаванне «Моўны бар'ер». Таксама можна зрабіць калаж ці плакаты, якія адлюстроўваюць цяжкасці, з якімі сутыкаюцца бежанцы; гл. «Гульні з відарысамі».

Ідэі для дзеянняGoto top

Наладзьце кантакт з мясцовай ці нацыянальнай арганізацыяй, якая працуе з бежанцамі, якія жывуць у вашай краіне, і спытайце, што вы можаце зрабіць, каб падтрымаць іх. Напрыклад, многія з іх сумуюць і цяжка інтэгруюцца ў грамадства; яны будуць рады знайсці новых сяброў ці атрымаць дапамогу ў вывучэнні мовы.

Дзеці, якія прыходзяць адны, без членаў сям'і, у пошуках прытулку, асабліва ўразлівыя. Група магла б даведацца, што адбываецца з гэтымі непаўналетнімі без бацькоў у іх краіне і як ім можна дапамагчы. Можна стаць ім сябрам, дапамагчы вывучаць мову і атрымліваць адукацыю, гуляць у футбол і хадзіць на прагулкі разам.

Запрасіце НГА, якая працуе з бежанцамі, або нават саміх бежанцаў у школу або клуб, каб даведацца больш аб тым, як яны трапляюць у вашу краіну, атрымліваюць прытулак і жывуць далей.

Вызначэнні і статыстыка па бежанцах і мігрантах знаходзяцца ў раздзеле «Міграцыя» ў главе 5.

Сайт Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па справах бежанцаў (УВКБ ААН) змяшчае шмат інфармацыі, лістовак і відэа для арганізацыі семінара аб бежанцах у вашай арганізацыі або школе: http://www.unhcr.org.

Дадатковая інфармацыяGoto top

Бежанцы – гэта людзі, вымушаныя з'ехаць, каб захаваць жыццё або свабоду. Яны не атрымліваюць абароны ад сваёй дзяржавы, наадварот, нярэдка ім пагражае іх уласны ўрад. Калі іншыя краіны не прымаюць бежанцаў і не дапамагаюць ім, яны асуджаюць іх на смерць або на жыццё ў нясцерпных умовах без сродкаў да існавання і без правоў.

Іншыя карысныя сайты:

Раздатачныя матэрыялыGoto top

PDFDownload as PDF

Ролевая картка бежанца
Аргументы бежанцаў і варыянты дзеянняў
Вам трэба будзе сыграць змешаную групу бежанцаў, таму падчас падрыхтоўкі кожны ўдзельнік павінен прыдумаць апісанне сваёй асобы: узрост, пол, сямейнае становішча, прафесія, фінансавае становішча, рэлігія і якія рэчы маюцца з сабой. Таксама трэба вырашыць, з якой краіны бежанец родам, P, Q або J, і ад чаго бяжыць – ад вайны, праследавання ці адсутнасці правоў чалавека або па іншай прычыне.
Падрыхтуйце свае аргументы і тактыку; вам трэба вырашыць, ці варта выкласці свае аргументы ад імя групы або кожны член па чарзе назаве па адным.
Вы можаце як выкарыстаць прыведзеныя ніжэй аргументы, так і прапанаваць свае:
• Мы маем законнае права шукаць прытулак.
• Нашы дзеці галадаюць; вы несяце маральную адказнасць за дапамогу нам.
• Мяне заб’юць, калі я вярнуся.
• У мяне няма грошай. У мяне ёсць толькі два ювелірныя вырабы, вельмі дарагія майму сэрцу.
• Мне больш няма куды пайсці.
• У маім родным горадзе я быў урачом (медсястрой, інжынерам).
• Мне патрэбны прытулак толькі на той час, пакуль не будзе бяспечна вярнуцца дадому.
• Ваша краіна пусціла іншых бежанцаў, чаму не пускае нас?
• Дзе мы? Кантрабандысты абяцалі даставіць нас у краіну Z.
• Я паспрабую падкупіць чыноўнікаў, каб атрымаць дазвол уехаць у краіну.
• Мае маці і брат ужо ў краіне Y.
• Я на шляху да краіны Z, я не хачу спыняцца ў краіне Y.

Абмяркуйце наступныя пытанні:
• ЦІ ёсць у каго-небудзь з вас праязныя дакументы? Ці сапраўдныя яны або фальшывыя?
• Ці згадзіцеся вы раздзяліцца, калі пагранічнікі папросяць вас?
• Што вы будзеце рабіць, калі вас паспрабуюць адправіць назад? Якія ў вас ёсць варыянты? Напрыклад, ці ёсць лагер бежанцаў, куды вы маглі б пайсці? Ці ёсць спосаб атрымаць праязны дакумент? Ці можаце вы знайсці кантрабандыста і заплаціць яму? Ці ёсць іншы шлях у краіну Y?

Ролевая картка назіральніка
Ваша задача заключаецца ў назіранні за ролевай гульнёй. У канцы вам будзе прапанавана выказаць сваё меркаванне. Выберыце прадстаўніка.
Падчас назірання вы павінны, акрамя ўсяго іншага, ведаць:
• Розныя ролі, якія іграюць бежанцы і пагранічнікі.
• Маральныя і юрыдычныя аргументы, якія яны выкарыстоўваюць, і як яны іх прыводзяць.
• Сачыць за любымі парушэннямі правоў чалавека.
Вы павінны вырашыць, як будзеце за ўсім назіраць. Напрыклад, вы можаце падзяліцца на дзве падгрупы, адна з якіх будзе сачыць за бежанцамі, а другая – за пагранічнікамі.

Ролевая картка пагранічніка
Аргументы пагранічніка і варыянты дзеянняў
Падрыхтуйце свае аргументы і тактыку; вам трэба вырашыць, ці варта выкласці свае аргументы ад імя групы або кожны член па чарзе назаве па адным.
Вы можаце як выкарыстаць прыведзеныя ніжэй аргументы, так і прапанаваць свае:
• Яны даведзены да адчаю; мы не можам адправіць іх назад.
• Калі мы адправім іх назад, а іх арыштуюць, будуць катаваць або заб'юць, маральная адказнасць ляжа на нас.
• Па законе мы абавязаны прымаць бежанцаў.
• У іх няма грошай, і ім спатрэбіцца дапамога дзяржавы. Наша краіна не можа сабе гэтага дазволіць.
• Ці ёсць у іх праязныя дакументы або пасведчанне асобы? Сапраўдныя яны ці фальшывыя?
• Ці падобны яны на сапраўдных бежанцаў? Можа быць, некаторыя з'явіліся сюды, проста імкнучыся да больш высокага ўзроўню жыцця?
• Наша краіна – ваенны і дзелавы партнёр краіны Х. Нельга, каб хто-небудзь заўважыў, што мы ім дапамагаем.
• А раптам яны валодаюць прафесіямі, якія патрэбны нашай краіне?
• У нашай краіне і так дастаткова бежанцаў. Мы павінны клапаціцца пра сваіх грамадзян. Няхай бежанцы знойдуць сабе краіну багацей.
• Мы можам запатрабаваць хабар за дазвол на ўезд.
• Калі мы пусцім у краіну гэтых, тады прытулак запатрабуюць і іншыя.
• Яны не валодаюць нашай мовай, вызнаюць іншую рэлігію і ядуць іншую ежу. Яны не змогуць інтэгравацца ў наша грамадства.
• Сярод іх могуць быць тэрарысты або ваенныя злачынцы.
• Нам дазволена пускаць толькі тых, хто бяжыць ад вайны ў краіне Р.
• Ці хочуць яны запатрабаваць прытулак у краіне Y?
• Ці ёсць у іх грошы або каштоўнасці, за якія яны змогуць жыць, пакуль будзе разглядацца іх заява на атрыманне прытулку?

Перш чым пачаць гульню, падумайце аб наступным:
• Ці ўсім бежанцам вы дазволіце перасекчы мяжу?
• Ці дазволіце вы перасекчы мяжу толькі некаторым з іх? Каму і ў залежнасці ад чаго?
• Ці падзеліце вы іх па ўзросце, прафесіі, фінансавым становішчы і г. д.?
• Ці зробіце вы што-небудзь замест гэтага? Што канкрэтна?

Заўвага.

Гэта практыкаванне – адаптаваны варыянт з кнігі «Першыя крокі: дапаможнік для пачатковага этапа адукацыі ў галіне правоў чалавека», Amnesty International, London, 1997. Апошнюю версію практыкавання глядзіце ў семінары «На межах Еўропы», www.amnesty.org.
Фраза «Бежанцы, вяртайцеся дадому! – Яны б вярнуліся, калі б маглі» была лозунгам кампаніі УВКБ ААН.