Я – гэта ўсе сувязі, якія я наладзіў з іншымі.

Альбер Жакар

Агляд

• Гэта практыкаванне ўключае работу ў дыскусійных групах, мазгавы штурм, маляванне і групавую дыскусію, прысвечаныя вывучэнню розных бакоў асобы.

Звязаныя правы

• Роўнасць чалавечай годнасці і правоў
• Свабода ад дыскрымінацыі
• Права на жыццё, свабоду і асабістую недатыкальнасць

Мэты

• Паглыбіць разуменне канцэпцыі індывідуальнасці і пашырыць самасвядомасць
• Развіць навыкі камунікацыі
• Зацвердзіць салідарнасць і павагу

Матэрыялы

• Каляровыя ручкі і маркеры, па магчымасці розных колераў для кожнага ўдзельніка
• Па адным аркушы паперы на кожнага ўдзельніка
• Папера для фліпчарта і маркеры

compass-key-date
  • 10 кастрычнікаСусветны дзень псіхічнага здароўя

Інструкцыі

1. Для размінкі папрасіце ўдзельнікаў падзяліцца на пары, якія стануць дыскусійнымі групамі. Папрасіце іх уявіць сабе, што яны не знаёмы адзін з адным і павінны прадставіцца.
2. Затым прапануйце ўдзельнікам падумаць, пра што, на іх думку, важна ці цікава даведацца аб чалавеку падчас першай сустрэчы. Правядзіце мазгавы штурм, каб вызначыць агульныя катэгорыі такой інфармацыі, напрыклад імя, узрост, пол, нацыянальнасць, сямейнае становішча, веравызнанне, гендарная ідэнтычнасць, этнічная прыналежнасць, праца або вучоба, любімая музыка, хобі, віды спорту, любімыя і нелюбімыя рэчы ў цэлым і г. д.
3. Растлумачце ўдзельнікам, што яны павінны высветліць, ці шмат у іх агульнага з іншымі членамі групы. Раздайце ім паперу і ручкі і скажыце, што ў якасці першага кроку яны павінны адлюстраваць сваю асобу на малюнку. Яны павінны прадставіць сябе зоркамі, розныя аспекты асобы якіх выпраменьваюцца ў грамадства. Папрасіце членаў групы намаляваць сваю асабістую зорку, выбраўшы ад васьмі да дзесяці найбольш важных аспектаў сваёй асобы.
4. Няхай удзельнікі пройдуць па памяшканні і параўнаюць свае зоркі з зоркамі іншых. Калі хтосьці знойдзе ўдзельніка з такім жа праменем, ён павінен напісаць побач з гэтым праменем імя такога ўдзельніка (напрыклад, калі і Ян, і Анатоль намалявалі прамень «рэпер», яны абодва павінны напісаць імёны адзін аднаго каля гэтага праменя). Дайце 15 хвілін на выкананне гэтага задання.
5. Збярыце ўдзельнікаў у агульную групу і папрасіце расказаць, наколькі індывідуальнымі яны аказаліся. Вы можаце задаць наступныя пытанні:
• Якія аспекты асобы аказаліся агульнымі, а якія – непаўторнымі?
• Наколькі падобныя або розныя члены вашай групы? Чаго паміж імі больш – падабенства або адрозненняў?
6. У заключэнне правядзіце з групай мазгавы штурм па аспектах асобы, якія людзі выбіраюць самі і якія даюцца ім ад нараджэння. Запішыце іх у два слупкі на фліпчарце.

Аналіз і ацэнкаGoto top

Перайдзіце да абмеркавання таго, аб чым удзельнікі даведаліся пра сябе і пра іншых і якая тут прасочваецца сувязь з правамі чалавека.
• Аб чым удзельнікі даведаліся пра сябе? Ці цяжка было выбраць дзесяць самых важных характарыстык сваёй асобы?
• Ці былі ўдзельнікі здзіўлены вынікамі параўнання зорак? Больш ці менш у іх аказалася агульных бакоў, чым яны чакалі?
• Як паставіліся ўдзельнікі да разнастайнасці ў групе? Як яны лічаць: разнастайнасць робіць групу цікавейшай ці ж ускладняе сумесную працу?
• Ці мелі месца такія аспекты асобы іншых людзей, якія адразу ж выклікалі ва ўдзельнікаў рашучае абурэнне і словы: «Не, гэта не я!»? Напрыклад, я не футбольны фанат, не прыхільніца музыкі «тэхна», не аматар сабак, не гомасексуальнай арыентацыі і не хрысціянскай веры.
• Як развіваецца асоба? Якія яе бакі фарміруюцца пад уплывам грамадства, а якія ўласцівы ёй па прыродзе і з’яўляюцца нязменнымі?
• Калі ўзнімаць пытанне гендарнай ідэнтычнасці, якія яе аспекты фарміруюцца пад уплывам грамадства, а якія ўласцівы ёй па прыродзе і з’яўляюцца нязменнымі?
• Ці запісалі ўдзельнікі словы «жанчына» ці «мужчына»? Якія асацыяцыі выклікаюць словы «жанчына» і «мужчына» ва ўдзельнікаў? Ці аднолькавыя асацыяцыі ўзнікаюць у дачыненні да абодвух палоў і да ўсіх мужчын і ўсіх жанчын?
• У якой ступені людзей ацэньваюць па іх індывідуальных якасцях, і ў якой – па іх прыналежнасці да якой-небудзь групы?
• У якой ступені людзі вольныя ў выбары свайго самавызначэння? Якія гэта мае наступствы для іх саміх, для грамадства і асабліва для права чалавека на роўнасць і павагу?

Парады для фасілітатараўGoto top

У назве гэтага практыкавання няма памылкі! Яно названа так спецыяльна, каб збянтэжыць удзельнікаў. Калі для гульні вам спатрэбіцца музычнае суправаджэнне, вы можаце выкарыстаць песню Фрэнка Запы «Ты ёсць тое, што ты быць, я быць тое, што ты ёсць…» (You are what you is, I is what you am…).
У ходзе размінкі вы можаце даць удзельнікам некаторыя падказкі, каб іх думкі ішлі ў патрэбным напрамку. Вы можаце прывесці ў прыклад сябе ці які-небудзь выдуманы персанаж.

Кожнаму ўдзельніку даецца свой колер для таго, каб яны ўсвядомілі, што кожны чалавек унікальны і што група ўяўляе сабой вясёлку з розных асоб. Калі ў вас вялікая група, а два або больш удзельнікаў атрымалі ручкі аднолькавага колеру, папрасіце іх пісаць розным почыркам.
Па жаданні вы можаце ўскладніць практыкаванне, прапанаваўшы ўдзельнікам намаляваць свае асабістыя зоркі з праменямі рознай даўжыні ў залежнасці ад таго, наколькі публічнай або прыватнай яны лічаць тую ці іншую адметную рысу сваёй асобы. Больш доўгія прамені глыбей пранікаюць у грамадства і таму адлюстроўваюць больш публічныя бакі.

У ходзе заключнага мазгавога штурму могуць паўстаць наступныя аспекты (на шостым кроку):
• Аспекты маёй асобы, якія я магу выбіраць: імя, сябры, праца, прыналежнасць да палітычнай партыі, любімая музыка, стыль адзення, футбольная каманда, за якую балець, месца жыхарства.
• Аспекты маёй асобы, якія ўласцівы мне ад нараджэння: пол, узрост, рост, колер вачэй.
• Некаторыя аспекты асобы могуць выклікаць неадназначную рэакцыю, напрыклад нацыянальнасць, гендарная ідэнтычнасць і сексуальная арыентацыя, веравызнанне, прыналежнасць да меншасцей.

У працэсе дыскусіі аб развіцці асобы, аб сацыяльна абумоўленых і атрыманых ад прыроды, нязменных аспектаў асобы таксама могуць узнікнуць спрэчныя пытанні, асабліва ў сувязі з веравызнаннем і гендарнай ідэнтычнасцю. Варта прапанаваць удзельнікам паразважаць над працэсам свайго сталення і над тым, як мяняліся з гадамі пэўныя аспекты іх асобы, можа быць, нават такія аспекты, якія яны лічылі нязменнымі.
Вы можаце зрабіць некаторыя высновы з дыскусіі, напрыклад, што мы ўсе – людзі, надзеленыя правамі, якія нельга падарыць і нельга адабраць, незалежна ад расы, колеру скуры, матэрыяльнага становішча, месца нараджэння і іншых прыкмет.

ВарыянтыGoto top

Падчас працы над пунктам 3 інструкцый прапануйце ўдзельнікам намаляваць аўтапартрэт або прымацаваць сваю дзіцячую фатаграфію да цэнтра зоркі.
Калі імёны на зорках адсутнічаюць, удзельнікі могуць паспрабаваць адгадаць, якія зоркі каму належаць.

Дадатковая інфармацыяGoto top

Навучальны пакет «Усе роўныя – усе розныя» змяшчае каштоўную інфармацыю і дадатковыя практыкаванні па пытаннях асобы.

Прапановы па далейшай працыGoto top

Выканайце гэта практыкаванне, запрасіўшы да ўдзелу вашых сяброў, калег і членаў сям’і.
Гэта практыкаванне можна выкарыстаць як уводзіны да самых розных дыскусій, напрыклад, аб усеагульным характары правоў чалавека, аб дыскрымінацыі і ксенафобіі, аб правах дзяцей і аб грамадзянстве.
Калі група хоча працягнуць вывучэнне пытанняў асобы і гендарнай ідэнтычнасці, выканайце практыкаванне «Гераіні і героі».
Калі вы хочаце перайсці ад абмеркавання асобы да размовы аб праве чалавека на роўнасць і годнасць, а таксама аб правах чалавека ў цэлым, раім звярнуцца да практыкавання «Намалюй слова».
Калі ў вашай групе маюцца прадстаўнікі розных культур і вы жадаеце абудзіць цікавасць удзельнікаў да культур адзін аднаго, тады вам дапаможа практыкаванне «Мая гісторыя» з навучальнага пакета «Усе роўныя – усе розныя».