Пагаворым пра секс; пагаворым пра цябе і пра мяне.

Агляд

У гэтым практыкаванні ўжываецца метад «акварыума» для аналізу адносін грамадства да сексуальнасці, уключаючы гамафобію.

Звязаныя правы

• Права на роўнасць
• Свабода ад дыскрымінацыі
• Свабода выказвання меркавання і свабода аб'яднанняў

Мэты

• Пашырыць разуменне пытанняў і правоў, звязаных з сексуальнасцю і сексуальнай ідэнтычнасцю
• Развіць упэўненасць у сабе пры выказванні ўласнага меркавання аб разнастайнасці сексуальных пераваг
• Садзейнічаць развіццю талерантнасці і суперажывання ў дачыненні да людзей, непадобных да іншых

Матэрыялы

• 3 крэслы
• 2 фасілітатары (пажадана)
• Дастаткова прасторнае памяшканне, каб удзельнікі маглі свабодна перамяшчацца
• Дошка або фліпчарт і маркеры
• Маленькія аркушы паперы і ручкі
• Капялюш

Падрыхтоўка

• Памятайце, што для многіх людзей, асабліва для моладзі, сексуальнасць – вельмі асабістае і далікатнае пытанне. Будзьце гатовы адаптаваць метадалогію або тэму, або і тое, і другое
• Вызначце некалькі вядомых асоб, якія адкрыта выказваюць сваю сексуальнасць, уключаючы гетэрасексуальных і гомасексуальных, бісексуальных і транссексуальных мужчын і жанчын

Key Date
  • 17 маяМіжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй і трансфобіяй

Інструкцыі

1Адаптаваны радок з папулярнай песні амерыканскага хіп-хоп трыа Salt-n-Pepa (1991 год)

1. Увядзіце ўдзельнікаў у кантэкст. Растлумачце, што, хоць многія і лічаць сексуальнасць асабістай справай, але права не падвяргацца дыскрымінацыі на падставе сексуальнай арыентацыі з'яўляецца асноўным правам чалавека, якое абараняецца заканадаўствам большасці еўрапейскіх краін. Гэта практыкаванне – магчымасць даследаваць стаўленне да сексуальнасці і, у прыватнасці, да гомасексуальнасці і гетэрасексізму. Для размінкі правядзіце мазгавы штурм і згадайце вядомых людзей, якія адкрыта заяўляюць аб сваёй сексуальнай арыентацыі.
2. Раздайце ўдзельнікам ручкі і паперу і папрасіце іх запісаць любыя пытанні аб гомасексуальнасці або сексуальнасці ў цэлым, пасля чаго паперкі з пытаннямі складзіце ў капялюш. Пытанні павінны быць ананімнымі.
3. Растлумачце, што сутнасць гэтага практыкавання заключаецца ў даследаванні адносін да сексуальнасці і, у прыватнасці, да гомасексуальнасці. Удзельнікі могуць свабодна выказваць як традыцыйныя, так і нестандартныя погляды, нават калі яны будуць спрэчнымі або супярэчыць нормам, прынятым у іх грамадстве. Яны могуць згаджацца ці не згаджацца з гэтымі поглядамі, не баючыся насмешак або асуджэння.
4. Пастаўце перад групай паўкругам тры крэслы. Яны прызначаны для трох удзельнікаў, якія знаходзяцца ў «акварыуме». Астатнія члены групы становяцца назіральнікамі.
5. Растлумачце, што для пачатку вы запросіце двух добраахвотнікаў далучыцца да вас для размовы ў «акварыуме». Калі ў нейкі момант да вас захоча далучыцца нехта яшчэ, ён можа гэта зрабіць, але, паколькі ў акварыуме ёсць месца толькі для трох рыбак, хто-небудзь з тых, хто займае крэслы, павінен саступіць яму месца. Каб папасці ў «акварыум», удзельнік павінен падысці да крэслаў і дакрануцца да пляча адной «рыбкі». Яны памяняюцца месцамі, і былая «рыбка» зойме месца сярод назіральнікаў.
6. Усе могуць выказаць сваё меркаванне, аднак можна таксама выказаць меркаванне, з якім удзельнік не згодны. Такім чынам будуць агучаны супярэчлівыя, «палітычна некарэктныя» ці неверагодныя пункты гледжання, і тэма будзе абмеркавана са мноства розных бакоў. Падкрэсліце, што агрэсіўныя і абразлівыя заўвагі ў адрас удзельнікаў групы не дапускаюцца.
7. Папрасіце добраахвотніка выцягнуць паперку з пытаннем з капелюша і прыступіць да яго абмеркавання. Абмеркаванне працягваецца да таго часу, пакуль тэма не будзе цалкам вычарпана і ўдзельнікі не пачнуць паўтарацца.
8. Затым запрасіце трох іншых добраахвотнікаў пачаць абмеркаванне новага пытання, прытрымліваючыся тых жа правілаў.
9. Абмяркуйце столькі пытанняў, колькі дазволіць час. Да пачатку аналізу і ацэнкі дайце ўдзельнікам кароткі перапынак, каб яны прыйшлі ў сябе пасля выхаду з «акварыума». Гэта асабліва важна пасля гарачай дыскусіі па спрэчных пытаннях.

Аналіз і ацэнкаGoto top

Пачніце з кароткага агляду таго, як удзельнікі адчувалі сябе, знаходзячыся ў «акварыуме» і за яго межамі. Затым абмяркуйце розныя пункты гледжання, якія прагучалі ў ходзе дыскусіі, і ўрэшце тое, што ўдзельнікі даведаліся ў працэсе:
• Ці здзівілі або шакіравалі каго-небудзь выказаныя меркаванні? Якія канкрэтна? Чаму?
• Наколькі прагрэсіўных поглядаў адносна сексуальнасці прытрымліваюцца людзі ў вашай краіне?
• Ці павінны юнакі і дзяўчаты адпавядаць пэўнай сексуальнай арыентацыі і ролі? Якой?
• Як успрымаюць (маладых) людзей, якія не адпавядаюць гэтым спадзяванням, і як да іх ставяцца?
• Ці з'яўляюцца некаторыя групы больш адкрытымі, чым іншыя? Чаму?
• Якія фактары ўплываюць на фарміраванне нашай сексуальнасці?
• На чым людзі засноўваюць свае маральныя ўяўленні аб сексуальнасці?
• Ці адрозніваюцца погляды ўдзельнікаў на сексуальнасць ад поглядаў іх бацькоў або дзядоў? Калі так, то чым? Чаму?
• Ці існуюць у вашай краіне законы, якія забараняюць сексуальныя адносіны паміж дарослымі па ўзаемнай згодзе? Калі так, то што менавіта забараняюць такія законы? Чаму яны існуюць? Ці лічыце вы іх разумнымі?
• Артыкул 16 УДПЧ абвяшчае: «Мужчыны і жанчыны, якія дасягнулі паўналецця, маюць права без усякiх абмежаванняў, незалежна ад расы, грамадзянства або рэлiгii, браць шлюб i засноўваць сям'ю». Чаму «сексуальная арыентацыя» не ўключана нароўні з «расай, грамадзянствам і рэлігіяй»? Ці трэба яе ўключыць?
• У некаторых краінах законы і націск з боку грамадства ўступаюць у канфлікт з правам чалавека на павагу і годнасць, на выбар партнёра, на свабоду заключэння шлюбу і г. д. Якім чынам можна вырашыць гэтыя супярэчнасці?

Парады для фасілітатараўGoto top

Не забывайце аб сацыяльным кантэксце, у якім працуеце, і адаптуйце практыкаванне адпаведным чынам.
Мэта гэтага практыкавання заключаецца ў тым, каб даць удзельнікам магчымасць задумацца над уласнай сексуальнай арыентацыяй і грамадскімі нормамі, а таксама выхаваць у іх упэўненасць у выказванні ўласных поглядаў пры захаванні памяркоўнасці да тых, хто прытрымліваецца іншых пунктаў гледжання. Прыняцце таго ці іншага пункту гледжання, як і дасягненне кансэнсусу не з'яўляецца мэтай гэтага практыкавання.

Фасілітатару рэкамендуецца падрыхтавацца да правядзення практыкавання і прачытаць дадатковую інфармацыю па тэме «Гендарныя пытанні» главы 5. Падумайце, якія тэмы могуць усплыць. Вось некаторыя з найбольш часта задаваных пытанняў і тэм, якія абмяркоўваюцца:
• Што такое гомасексуальнасць?
• У чым розніца паміж гетэрасексуаламі, гомасексуаламі, лесбіянкамі, бісексуаламі і транссексуаламі?
• Ці з'яўляецца гомасексуальнасць хваробай?
• Як становяцца гомасексуаламі ці лесбіянкамі?
• Што можна сказаць аб рызыцы заражэння СНІДам?
• У адных краінах гомасексуальнасць прымаецца грамадствам, і такія людзі могуць уступаць у шлюб, тады як у іншых гэта злачынства, якое караецца смерцю.

Важна таксама, каб вы як фасілітатар усведамлялі свае ўласныя маральныя ўстаноўкі і перакананні адносна таго, што вы лічыце правільным для самога сябе, для сваёй сям'і і для іншых, памятаючы пра тое, што гэтыя ўстаноўкі праявяцца ва ўсім, што вы зробіце ці скажаце (ці не зробіце і не скажаце). Прынцыпова важна, каб вы прызналі свае маральныя каштоўнасці і забабоны і зразумелі іх паходжанне, каб дапамагчы ўдзельнікам, у сваю чаргу, зразумець паходжанне іх уласных маральных каштоўнасцей.

Мэта мазгавога штурму, прысвечанага знакамітым людзям, якія публічна выказваліся наконт сваёй сексуальнасці, складаецца ў тым, каб заахвоціць удзельнікаў гэтак жа адкрыта абмяркоўваць пытанні сексуальнасці. Пры гэтым можна таксама ўдакладніць такія паняцці як гетэрасексуалы, гомасексуалы, лесбіянкі, бісексуалы і транссексуалы (гл. Дадатковую інфармацыю ў главе 5.

У гэтым практыкаванні вам адводзіцца вельмі важная роля: вы павінны задаць агульны настрой. Адным са спосабаў пачаць дыскусію можа быць размова паміж двума фасілітатарамі. Адзін з вас можа пачаць з фразы: «Вы чулі, Пітэр прызнаўся, што ён гомасексуал?» Ваш калега можа адказаць: «Не, я б у жыцці не падумаў, ён зусім не падобны на такога». Такім чынам будзе зразумела, што размова ідзе аб агульным знаёмым, таму гэта абмеркаванне сярод сваіх, а не тэарэтычная дыскусія. Гэта дапаможа пачаць абмеркаванне таго, што ўдзельнікі ведаюць пра гомасексуальнасць і як адносяцца да яе.
Можна спадзявацца, што адзін з назіральнікаў хутка зойме ваша месца, і дыскусія працягнецца сярод саміх удзельнікаў. Аднак вы і далей павінны заставацца ў гульні, выконваючы ролю назіральніка, каб у вас заставалася магчымасць яшчэ раз уступіць у размову. Такім чынам вы зможаце незаўважна кіраваць ходам абмеркавання, альбо прапаноўваючы новы напрамак, альбо тактоўна выводзячы з гульні ўдзельніка, які не прытрымліваецца яе правілаў.

Па жаданні вы можаце ўвесці правіла, згодна з якім адзін пункт гледжання можна выказаць толькі адзін раз. Такім чынам вы зможаце пазбегнуць бясконцага абмеркавання толькі абмежаванага кола тэм і паўтарэння адных і тых жа папулярных забабонаў.

Калі вам захочацца падказаць групе некаторыя ідэі для абмеркавання, можаце прапанаваць наступныя:
• Ці павінен адрознівацца ўзрост сексуальнай згоды (для ўступлення ў шлюб ці палавых зносін) для гомасексуалаў?
• Ці трэба дазволіць парам гомасексуалаў і лесбіянак уступаць у шлюб і мець дзяцей ці не? Чаму?
• Ці праўда, што мужчыны, якія маюць палавыя кантакты з мужчынамі, больш рызыкуюць заразіцца СНІДам, чым жанчыны, якія маюць палавыя кантакты з мужчынамі?

Калі група вялікая, у вас не будзе часу абмеркаваць усе пытанні. Майце на ўвазе, што некаторыя будуць расчараваныя або незадаволеныя, што іх пытанне не было ўзнята. Каб выправіць такую ​​сітуацыю, вы можаце ў канцы занятку прыклеіць усе пытанні на сцяну. Гэта паслужыць стымулам для ўдзельнікаў працягнуць дыскусію ў вольны час.

ВарыянтыGoto top

Гэты метад можна выкарыстоўваць пры абмеркаванні любой тэмы, напрыклад расізму, адукацыі або змяненняў клімату.

Прапановы па далейшай працыGoto top

Было б цікава разгледзець, як сексуальнасць і асабліва гомасексуальнасць прадстаўлены ў СМІ. Збярыце фатаграфіі з газет, часопісаў і з Інтэрнэту і папрасіце ўдзельнікаў зрабіць да іх подпісы або дадаць рэплікі персанажаў (гл. «Іншыя гульні з відарысамі» у канцы практыкавання «Гульні з відарысамі»).

Практыкаванне «Гэта хутка састарэе» разглядае, як стаўленне да розных пытанняў, у тым ліку і да сексу, змяняецца з цягам часу.

Ідэі для дзеяння

Звяжыцеся з арганізацыяй, якая працуе з лесбіянкамі, гомасексуаламі, бісексуаламі і транссексуаламі ў вашай краіне. Запрасіце аднаго з іх прадстаўнікоў выступіць перад вашай групай і прааналізуйце, якія праблемы, звязаныя з роўнасцю і правамі чалавека, стаяць у вашай краіне найбольш востра.

Дадатковая інфармацыяGoto top

Чалавечая сексуальнасць – неад'емная частка жыцця і адна з базавых патрэб. Сексуальнасць уздзейнічае на нашу асобу і на нашы паводніцкія характарыстыкі – сацыяльныя, асабістыя, эмацыянальныя, псіхалагічныя, якія праяўляюцца ў нашых узаемаадносінах з іншымі людзьмі. Наша сексуальнасць фарміруецца пад уплывам нашага полу і гендарных асаблівасцей, а таксама цэлага шэрагу іншых фактараў і дынамічна змяняецца на працягу ўсяго жыцця.

Сексуальная разнастайнасць і правы чалавека

Пры першым поглядзе гэтыя два пытанні могуць паказацца нязвязанымі. Можна сцвярджаць, што першае адносіцца да сферы асабістага і індывідуальнага выбару, у той час як другое – да грамадскай сферы прававых і палітычных структур, дзейнасць якіх закранае грамадзян. Тым не менш нядаўнія гістарычныя, антрапалагічныя і сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што сексуальная ідэнтычнасць і розныя мадэлі дэманстрацыі сексуальнага жадання ў розныя эпохі і ў многіх культурах лічыліся і лічацца патэнцыяльна разбуральнымі для грамадскага парадку. У некаторых краінах яны разглядаюцца як парушэнне традыцыйных маральных ці рэлігійных нормаў, а ў іншых разглядаюцца як псіхічнае захворванне.
Лічыцца, што існуе нейкая сацыяльная і рэлігійная гегемонія, вынікам якой становіцца спыненне роўнага доступу да правоў чалавека. Традыцыйны пункт гледжання абвяшчае, што гетэрасексуальнасць з'яўляецца «натуральным» і, такім чынам, «нармальным» спосабам выказвання сексуальнага жадання, а таму маральна дапушчальнай, у той час як іншыя формы выказвання сексуальнага жадання адносяцца да «ненатуральных» і таму маральна непрымальных.

Заўвага. Матэрыял адаптаваны з сайта Камісіі па абароне правоў гомасексуалаў і лесбіянак www.iglhrc.org

 

КОМПАС

Дапаможнік па адукацыі ў галіне правоў чалавека з удзелам моладзі