Image: Theme 'Peace and Violence' by Pancho

Гвалт: канцэпцыі і прыклады

Што такое гвалт?

Гвалт – гэта складанае паняцце. Гвалт часта разумеецца як выкарыстанне сілы або пагрозы сілай, якая можа прывесці да траўмаў, шкоды, пазбаўленняў або нават смерці. Гвалт можа быць фізічным, вербальным або псіхалагічным. Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) вызначае гвалт як «наўмыснае прымяненне фізічнай сілы або ўлады, сапраўднае або ў выглядзе пагрозы, накіраванае супраць сябе, супраць іншай асобы, групы асоб або супольнасці, вынікам якога з'яўляюцца (альбо маецца высокая ступень верагоднасці гэтага) цялесныя пашкоджанні, смерць, псіхалагічная траўма, адхіленні ў развіцці або рознага роду шкода».1 Гэтае азначэнне падкрэслівае наўмыснасць і пашырае паняцце, каб уключыць у яго дзеянні, якія вынікаюць з адносін улады і падпарадкавання.

8 мільёнаў адзінак лёгкай зброі вырабляецца штогод.
2 кулі на кожнага чалавека на планеце вырабляюцца штогод.
2 з 3-х чалавек, якія загінулі ў выніку ўзброенага гвалту, гінуць у краінах «у мірны час».
10 параненых прыпадаюць на кожнага загінулага ў выніку ўзброенага гвалту.
Паводле ацэнак з сайта www.controlarms.org

Пашыранае разуменне гвалту ўключае ў сябе не толькі прамы «паводніцкі» гвалт, але і структурны гвалт, які часта з'яўляецца несвядомым. Структурны гвалт з'яўляецца вынікам несправядлівых і нераўнапраўных сацыяльных і эканамічных структур і выяўляецца, напрыклад, ва ўмовах галечы і ўсіх відаў пазбаўлення.

Формы гвалту можна класіфікаваць па-рознаму. Адна з такіх класіфікацый уключае ў сябе:

  • прамы гвалт, напрыклад, фізічны або паводніцкі гвалт, такі як вайна, здзек, гвалт у сям'і, ізаляцыя або катаванні
  • структурны гвалт, напрыклад, беднасць і пазбаўленне асноўных рэсурсаў і доступу да правоў; сістэмы прыгнёту, якія ставяць у рабскую залежнасць, запалохваюць і зневажаюць нязгодных, а таксама бедных, бяссільных і ізаляваных людзей
  • культурны гвалт, напрыклад, абясцэньванне і знішчэнне канкрэтнай чалавечай самабытнасці і ладу жыцця, гвалт сексізму, этнацэнтрызм, расізм, каланіяльныя ідэалогіі і іншыя формы маральнай ізаляцыі, што рацыяналізуюць агрэсію, дамінаванне, няроўнасць і прыгнёт.

Пытанне: Ці прысутнічае ў вашай супольнасці прамы, структурны і (або) культурны гвалт? Якім чынам?

Сённяшнія парушэнні правоў чалавека з'яўляюцца прычынамі заўтрашніх канфліктаў.
Мэры Робінсан

Гвалт у свеце

Штогод праз гвалт у свеце памірае больш за 1,6 мільёна чалавек. На кожнага чалавека, які загінуў у выніку гвалту, прыпадае значна больш тых, якія былі паранены або пакутуюць ад шэрагу праблем фізічнага, сексуальнага, рэпрадуктыўнага і псіхічнага здароўя. Гвалт стварае велізарную нагрузку на нацыянальную эканоміку ў сферы аховы здароўя, аховы грамадскага парадку і прыводзіць да паніжэння вытворчасці.
Сусветная арганізацыя аховы здароўя2

Структурныя і культурныя формы гвалту часта глыбока ўкаранёны ў грамадствах, прычым у такой ступені, што яны ўспрымаюцца як нешта ім уласцівае. Такія формы гвалту з'яўляюцца больш доўгатэрміновымі, гэта азначае, што фактычна яны маюць такія ж наступствы, як і прамы гвалт, або ў некаторых выпадках нават прыводзяць да таго, што прыгнечаныя асобы самі выкарыстоўваюць прамы гвалт у адказ. Абмежаваныя адукацыйныя магчымасці ў праблемных раёнах, абмежаваны доступ да адпачынку і вольнага часу для замежнікаў, шкодныя ўмовы працы ў пэўных сферах дзейнасці і іншае з'яўляюцца актамі структурнага і культурнага гвалту, якія непасрэдна ўплываюць на доступ людзей да сваіх правоў. Тым не менш гэтыя формы гвалту рэдка прызнаюцца парушэннямі правоў чалавека.
Ніжэй будуць прыведзены некаторыя прыклады розных формаў гвалту па ўсім свеце. І гэта не вычарпальны спіс. Больш інфармацыі аб наступствах узброеных канфліктаў можна знайсці ў раздзеле «Вайна і тэрарызм» і ў розных іншых раздзелах дадзенага дапаможніка.

Ваенныя выдаткі, гандаль зброяй і гвалт

Вытворчасць і гандаль зброяй і ўзбраеннем, несумненна, з'яўляецца адной з самых сур'ёзных пагроз міру, і не ў апошнюю чаргу гэта звязана з эканамічнымі, фінансавымі і сацыяльнымі аспектамі вытворчасці ўзбраення. Вытворчасць і экспарт зброі часта заахвочваюцца па эканамічных прычынах, нягледзячы на яе ўплыў на мір і бяспеку. Сусветныя ваенныя выдаткі няўхільна растуць; у 2014 годзе па ўсім свеце было выдаткавана прыкладна 1776 мільярдаў еўра на ваенныя патрэбы. Паводле базы даных Стакгольмскага інстытута даследаванняў праблем міру3, у 2014 годзе ЗША (610 мільярдаў еўра) былі краінай, якая расходуе на ваенныя мэты больш за ўсе іншыя, далей ішлі Кітай (216 мільярдаў еўра) і тры еўрапейскія краіны: Расія (84 млрд долараў), Злучанае Каралеўства (60 мільярдаў долараў) і Францыя (62 мільярды еўра). Усяго Еўропа выдаткавала 386 мільярдаў долараў на ваенныя патрэбы.

Паводле даных Інстытута міжнароднага развіцця (www.odi.org), мы маглі б забяспечыць бясплатнай пачатковай і сярэдняй адукацыяй усе бедныя краіны свету за 32 мільярды долараў у год, а гэта менш, чым сусветныя выдаткі на ваенныя патрэбы за адзін тыдзень.

Пытанне: Колькі ваша краіна пражывання выдаткоўвае на вытворчасць і набыццё зброі штогод?

Па падліках Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР), штогод у выніку ўзброенага гвалту паміраюць па меншай меры 740 000 жанчын, мужчын, моладзі і дзяцей; большасць гэтых ахвяр жыве ў беднасці. Большасць забойстваў з дапамогай зброі адбываецца не ў час вайны, хоць узброеныя канфлікты і працягваюць прыводзіць да вялікай колькасці ахвяр. Акрамя гэтага, вялікая колькасць людзей атрымлівае раненні ў выніку ўзброенага гвалту і доўга пакутуюць ад іх. Паводле даных Amnesty International, каля 60 % парушэнняў правоў чалавека, задакументаваных арганізацыяй, былі звязаны з выкарыстаннем стралковай зброі і лёгкага ўзбраення.4

Кантроль гандлю зброяй

«Кантралюй зброю» – гэта сусветны альянс, які выступае за заключэнне міжнароднай юрыдычна абавязковай дамовы, якая спыніла б перадачу зброі і боепрыпасаў. Кампанія падкрэслівае, што ўнутраныя правілы не змаглі прыстасавацца да росту глабалізацыі гандлю зброяй, так як розныя часткі зброі вырабляюцца ў розных месцах і перадаюцца ў іншыя краіны для зборкі. Кампанія «Кантралюй зброю» заклікае да заключэння «куленепрабівальнай» дамовы аб гандлі зброяй, што прыцягне ўрады да адказнасці за незаконную перадачу зброі.
www.controlarms.org

Здзекі

Здзекі – гэта форма міжасабовага гвалту, якая закранае маладых людзей і часта не разглядаецца ў якасці формы гвалту. Здзекі з’яўляюцца формай агрэсіўных паводзінаў, якія рэгулярна паўтараюцца і маюць намер нанесці шкоду нейкай асобе. Яны могуць прымаць форму фізічнай, псіхалагічнай або вербальнай агрэсіі. Здзекі могуць мець месца ў любой сітуацыі, дзе людзі ўзаемадзейнічаюць, – у школе, на працы або ў любым іншым грамадскім месцы. Здзекі могуць быць прамымі, калі супрацьстаянне адкрытае, або ўскоснымі, калі, напрыклад, адбываецца распаўсюджванне чутак або шкода якому-небудзь чалавеку праз Інтэрнэт. Нягледзячы на тое, што цяжка сабраць дакладныя статыстычныя даныя, даследаванні паказваюць, што здзекі становяцца ўсё больш сур'ёзнай праблемай. Ахвяры часта не адважваюцца адкрыта гаварыць пра здзекі, і таму вельмі цяжка выявіць і падтрымаць ахвяр здзекаў.

Ці з'яўляюцца законнымі цялесныя пакаранні?

Цялесныя пакаранні з'яўляюцца найбольш распаўсюджанай формай гвалту ў дачыненні да дзяцей і парушаюць іх правы чалавека. У мінулым некаторыя сцвярджалі, што шлёпанне – гэта бяскрыўдная форма пакарання, якая дазваляе бацькам выхоўваць сваіх дзяцей, у той час як іншыя лічылі, што гэта вельмі гвалтоўная форма фізічнага пакарання. Кампанія Савета Еўропы «Уздымі руку супраць шлёпання» справакавала вострыя дыскусіі ў дзяржавах-членах і выступае з пазіцыі правоў чалавека за спыненне такой практыкі.

Гендарны гвалт

Больш падрабязную інфармацыю па гендарных пытаннях і гендарным гвалце можна знайсці ў раздзеле «Гендар» у главе 5 і ў дапаможніку «Гендарныя пытанні», www.coe.int/compass

У той час як у супольнасцях, дзе дамінуюць мужчыны, валоданне стралковай зброяй часта апраўдваецца нібыта неабходнасцю абароны ўразлівых жанчын, жанчыны на самай справе сутыкаюцца з большай небяспекай гвалту, калі іх сем'і і супольнасці ўзброеныя.
Барбара Фрэй6

Гендарны гвалт – гэта адна з самых распаўсюджаных форм структурнага і культурнага гвалту. Такі від гвалту прысутнічае ва ўсіх супольнасцях, і яго наступствы ўплываюць практычна на ўсіх. Паводле Фонда ААН у галіне народанасельніцтва, гендарны гвалт «адначасова адлюстроўвае і ўзмацняе няроўнасць паміж мужчынамі і жанчынамі і наносіць шкоду здароўю, годнасці, бяспецы і незалежнасці сваіх ахвяр. Ён уключае ў сябе шырокі спектр парушэнняў правоў чалавека, у тым ліку сексуальны гвалт у адносінах да дзяцей, згвалтаванні, гвалт у сям'і, замахі сексуальнага характару і дамаганні, гандаль жанчынамі і дзяўчынкамі і некаторыя шкодныя традыцыйныя практыкі. Любая з гэтых формаў нанясення шкоды можа пакінуць глыбокія псіхалагічныя траўмы, нанесці шкоду здароўю жанчын і дзяўчынак у цэлым, у тым ліку і іх рэпрадуктыўнаму і сексуальнаму здароўю, а ў некаторых выпадках прыводзіць да смерці».5
Гендарны гвалт не абавязкова з’яўляецца фізічным. На самай справе маладыя людзі шмат пакутуюць ад вербальнага гвалту, асабліва часта такі гвалт арыентаваны на юнакоў і дзяўчат з ЛГБТ-супольнасці.

Кожны чалавек мае права індывідуальна і сумесна з іншымі заахвочваць распаўсюджванне і імкнуцца абараняць і ажыццяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнародным узроўнях.
Артыкул 1 Дэкларацыі ААН аб праваабаронцах

У канфліктных сітуацыях жанчыны становяцца асабліва ўразлівымі, і ўзнікаюць новыя формы гвалту ў адносінах да жанчын. Яны могуць вар’іравацца ад масавага згвалтавання да прымусовых сексуальных актаў, гвалтоўнай цяжарнасці і сексуальнага рабства. Падчас узброеных канфліктаў палярызацыя гендарных роляў узмацняецца, і жанчыны, такім чынам, разглядаюцца як аб'екты вайны і тэрыторыі, якія неабходна заваяваць.

Гвалт супраць праваабаронцаў

Расследаванне і інфармаванне аб парушэннях правоў чалавека і арганізацыя адукацыі ў галіне правоў чалавека, а таксама правядзенне кампаній у падтрымку справядлівасці – усё гэта можа быць небяспечнай працай. Праваабаронцы – гэта людзі, якія паасобку або разам з іншымі, садзейнічаюць і абараняюць правы чалавека з дапамогай мірных і негвалтоўных сродкаў. Праз характар сваёй працы праваабаронцы могуць падвяргацца розным відам гвалту, уключаючы біццё, адвольныя арышты або пакаранне смерцю, катаванні, пагрозы забойства, дамаганні і паклёп ці абмежаванні ў дачыненні да свабоды выказвання меркавання і свабоды аб'яднанняў.
У 2000 годзе Арганізацыя Аб'яднаных Нацый заснавала пасаду Спецыяльнага дакладчыка, галоўнай мэтай якой з'яўляецца садзейнічанне ажыццяўленню пастаноў Дэкларацыі аб праваабаронцах 1998 года. «Абарона» правоў чалавека праваабаронцаў уключае абарону саміх праваабаронцаў і іх права абараняць правы чалавека. Спецыяльны дакладчык шукае, атрымлівае, аналізуе і адказвае на інфармацыю аб становішчы праваабаронцаў, спрыяе эфектыўнаму ажыццяўленню Дэкларацыі і дае рэкамендацыі адносна стратэгій па абароне праваабаронцаў.7

Пытанне: Наколькі свабодна і бяспечна можна паведамляць пра злоўжыванні і парушэнні ў дачыненні да правоў чалавека і крытыкаваць гэтыя парушэнні ў вашай краіне?

Калі вы паглядзіце на іх [канфлікты] і абстрагуецеся ад паверхневых узроўняў рэлігіі і палітыкі, то ўбачыце, што даволі часта гаворка ідзе пра спробу атрымаць доступ да рэсурсаў, спробу кантраляваць гэтыя рэсурсы і вырашыць, як яны будуць размеркаваны.
Вангары Маатаі

Барацьба за рэсурсы

Валоданне або кантроль над такімі прыроднымі рэсурсамі, як вада, ворныя землі, нафта, металы, прыродны газ і іншыя, часта прыводзіла да гвалтоўных канфліктаў на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва. Чакаецца, што знікненне пэўных рэсурсаў і недахоп іншых, такіх як вада або ворныя землі, стануць больш распаўсюджанымі з прычыны росту спажывання і кліматычных змен. Гэта можа стварыць больш рэгіянальных або міжнародных крыніц напружанасці, што можа прывесці да гвалтоўных канфліктаў.

Пытанне: Якім чынам ваша краіна прымае ўдзел у барацьбе за рэдкія рэсурсы?

Мір, бяспека чалавека і правы чалавека

Вайна і гвалт непазбежна прыводзяць да парушэнняў правоў чалавека. Стварэнне культуры правоў чалавека з'яўляецца перадумовай дасягнення міру. Устойлівы і трывалы мір і бяспека могуць быць дасягнуты толькі тады, калі выконваюцца ўсе правы чалавека. Стварэнне і падтрыманне культуры міру з'яўляецца агульным выпрабаваннем для чалавецтва.

Што такое мір?

Культура міру можа быць створана тады, калі грамадзяне ўсяго свету разумеюць глабальныя праблемы, маюць навыкі ўрэгулявання канфліктаў і змагаюцца за справядлівасць негвалтоўным спосабам, жывуць паводле міжнародных стандартаў правоў чалавека і справядлівасці, шануюць культурную разнастайнасць і паважаюць Зямлю і адзін аднаго. Такое выхаванне можа быць дасягнута толькі пры сістэматычнай адукацыі ў мэтах міру.
Глабальная кампанія за адукацыю ў мэтах міру Гаагскага закліку да міру

ФІАН (Сетка першачарговай інфармацыі і мер у галіне харчавання) – гэта міжнародная праваабарончая арганізацыя, якая выступае за рэалізацыю права на харчаванне.
www.fian.org

Гэты лозунг кампаніі прапануе больш шырокае разуменне міру: мір азначае не толькі адсутнасць гвалтоўных канфліктаў, але і наяўнасць справядлівасці і роўнасці, а таксама павагу да правоў чалавека і да Зямлі.
Юхан Галтунг, прызнаны нарвежскі вучоны і даследчык, вылучае два аспекты міру. Негатыўны мір азначае, што вайны няма, адсутнічаюць гвалтоўныя канфлікты паміж дзяржавамі або ўнутры дзяржаў. Пазітыўны мір азначае адсутнасць вайны або гвалтоўных канфліктаў у спалучэнні з сітуацыяй, у якой існуюць роўнасць, справядлівасць і развіццё.
Адсутнасць вайны сама па сабе не гарантуе, што людзі не пакутуюць ад псіхалагічнага гвалту, падаўлення, несправядлівасці і адсутнасці доступу да сваіх правоў. І таму мір не можа быць вызначаны толькі як негатыўны мір.

Канцэпцыя міру таксама мае важнае культурнае вымярэнне. Традыцыйна для многіх людзей «заходняга свету» мір, як правіла, разумеецца як вонкавы стан, у той час як у іншых культурах мір у асноўным разумеецца ў дачыненні да ўнутранага міру (міру ў нашых розумах або сэрцах). Напрыклад, паводле традыцый майя, мір суадносіцца з паняццем дабрабыту; ён звязаны з ідэяй ідэальнага балансу паміж рознымі сферамі нашага жыцця. Такім чынам, мір варта разглядаць як унутраныя і знешнія працэсы, што ўплываюць на нас.

Бяспека чалавека

Канцэпцыя, цесна звязаная з мірам і гвалтам, – гэта бяспека чалавека, што прызнае ўзаемасувязь паміж гвалтам і пазбаўленнямі рознага тыпу. Гэта тычыцца абароны як асоб, так і супольнасцей і ад прамой пагрозы фізічнага гвалту, і ад ускосных пагроз, звязаных з беднасцю і іншымі формамі сацыяльнай, эканамічнай ці палітычнай няроўнасці, а таксама з прыроднымі бедствамі і хваробамі. Краіна можа і не падвяргацца пагрозе нападу звонку або ўнутранага канфлікту, але ўсё роўна можа быць у небяспецы, напрыклад, калі ў яе няма магчымасцей падтрымання вяршэнства права, калі вялікія групы насельніцтва мяняюць месцазнаходжанне праз голад або гінуць ад хвароб або калі народ гэтай краіны пакутуе ад адсутнасці неабходных сродкаў для выжывання і не мае доступу да сваіх правоў чалавека.

Бяспека чалавека пашырае правы чалавека, бо дазваляе пераадольваць сітуацыі, якія ствараюць сур'ёзную пагрозу правам чалавека, і спрыяе развіццю сістэм, якія даюць людзям асноўныя сродкі для выжывання, годнасці і асноўных свабод: свабоды ад патрэбы, свабоды ад страху і свабоды дзейнічаць па сваім разуменні. Для дасягнення гэтых задач выкарыстоўваюцца дзве стратэгіі: абароны і пашырэння правоў і магчымасцей. Абарона ахоўвае людзей ад непасрэднай небяспекі і шукае шляхі стварэння норм, працэсаў і інстытутаў для падтрымання бяспекі. Пашырэнне правоў і магчымасцей дапамагае людзям развіваць свой патэнцыял і станавіцца паўнапраўнымі ўдзельнікамі працэсу прыняцця рашэнняў. Абарона і пашырэнне правоў і магчымасцей узмацняюць адно аднаго, і таму неабходна забяспечваць абедзве гэтыя ўмовы бяспекі.

Пытанне: Як неабароненасць уплывае на маладых людзей, з якімі вы працуеце?

Прынятыя ААН у 2005 годзе Мэты ўстойлівага развіцця (МУР) прызнаюць важнасць ролі бяспекі для развіцця. МУР 16, якія часта скарачаюць да «міру і справядлівасці», – «садзейнічаць пабудове міралюбных і адкрытых супольнасцей у інтарэсах устойлівага развіцця, забяспечваць доступ да правасуддзя для ўсіх і ствараць эфектыўныя, падсправаздачныя і ўсёахопныя інстытуты на ўсіх узроўнях». Існуе 10 задач, напрыклад, 16.1 паменшыць колькасць праяў гвалту, 16.2 скончыць злоўжыванне, усе формы гвалту і катаванні ў дачыненні дзяцей. Поўны спіс мэт можна знайсці ў раздзеле дадатковай інфармацыі аб дзейнасці «Колькі нам трэба?».

Сувязі паміж МУР 16 і правамі чалавека можна прасачыць у наступных дакументах:

  • Права на жыццё, на свабоду i на асабiстую недатыкальнасць [УДПЧ артыкул 3; МПГПП артыкулы 6(1), 9(1);
  • Міжнародная канвенцыя аб абароне ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў (МКАГЗ) артыкул 1) з дадаткам пра свабоду ад катаванняў [УДПЧ артыкул 5; МПГПП артыкул 7; Канвенцыя супраць катаванняў (КСК) артыкул 2; КПД артыкул 37(a)];
  • Абарона дзяцей ад усіх формаў гвалту, жорсткага абыходжання або эксплуатацыі [КПД артыкулы 19, 37(a)), у тым ліку пра гандаль людзьмі (КПД артыкулы 34–36; Факультатыўны пратакол 1 да КПД)];
  • Права на доступ да правасуддзя і належнай прававой працэдуры [УДПЧ артыкулы 8, 10; МПГПП артыкулы 2(3), 14–15; Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (CEDAW) артыкул 2(c)];
  • Права на прызнанне правасуб’ектнасцi [УДПЧ артыкул 6; МПГПП артыкул 16; Канвенцыя аб правах людзей з інваліднасцю (КПЛІ) артыкул 12];
  • Права на ўдзел у дзяржаўных справах [УДПЧ артыкул 21; МПГПП артыкул 25];
  • Права на доступ да інфармацыі [УДПЧ артыкул 19; МПГПП артыкул 19(1)] (www.ohchr.org)
Мір як права чалавека

Мір з'яўляецца спосабам жыцця разам, калі ўсе члены грамадства могуць ажыццявіць свае правы чалавека. Гэта істотны аспект для рэалізацыі ўсіх правоў чалавека. Мір з'яўляецца прадуктам правоў чалавека: чым больш грамадства спрыяе, абараняе і ажыццяўляе правы чалавека свайго народа, тым большыя яго шанцы на спыненне гвалту і мірнае вырашэнне канфліктаў.
Тым не менш мір таксама ўсё часцей прызнаецца правам чалавека, якое зараз фарміруецца, або часткай гэтак званых правоў салідарнасці.

Негвалтоўнасць – гэта вышэйшы закон жыцця.
Індыйская прыказка

Усе народы павінны мець права на нацыянальны і міжнародны мір і бяспеку.
Афрыканская хартыя правоў чалавека і народаў, артыкул 23

Сувязь паміж міжнароднымі правамі чалавека і правам на мір вельмі моцная, у прыватнасці таму, што адсутнасць міру прыводзіць да вялікай колькасці парушэнняў правоў чалавека.
УДПЧ прызнае, напрыклад, права на бяспеку і свабоду (артыкул 3); забараняе катаваннi, бесчалавечнае або зневажальнае абыходжанне цi пакаранне (артыкул 5) і заклікае да мiжнароднага парадку, пры якiм правы i свабоды, што прадугледжаны ў гэтай Дэкларацыi, могуць быць цалкам рэалізаваны (артыкул 28). Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах забараняе прапаганду вайны і «выступы на карысць нацыянальнай, расавай або рэлігійнай нянавісці, якія ўяўляюць сабой падбухторванне да дыскрымінацыі, варожасці і гвалту» (артыкул 20).
Права на мір таксама замацавана і ў некаторых рэгіянальных дакументах, такіх як Афрыканская хартыя правоў чалавека і народаў і Азіяцкая хартыя правоў чалавека. Само стварэнне Савета Еўропы было заснавана на перакананні, што «імкненне да міру на аснове справядлівасці і міжнароднага супрацоўніцтва мае жыццёва важнае значэнне для захавання чалавечага грамадства і цывілізацыі».

Права на мір у Савеце ААН па правах чалавека

«Савет ААН па правах чалавека…
1.  Сцвярджае, што народы нашай планеты маюць святое права на мір;
2.  Сцвярджае таксама, што захаванне права народаў на мір і садзейнічанне яго ажыццяўленню ўяўляе сабой асноўны абавязак усіх дзяржаў;
3.  Падкрэслівае важнасць міру для прасоўвання і абароны ўсіх правоў чалавека для ўсіх людзей;
4.  Таксама падкрэслівае, што вялікі разрыў, што падзяляе чалавечае грамадства на багатых і бедных, і разрыў паміж развітымі краінамі і краінамі, што развіваюцца, які пастаянна павялічваецца, ствараюць сур'ёзную пагрозу для ўсеагульнага росквіту, міру, правоў чалавека, бяспекі і стабільнасці;
5.  Яшчэ раз падкрэслівае, што мір і бяспека, развіццё і правы чалавека з'яўляюцца асновамі сістэмы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і падмуркам калектыўнай бяспекі і дабрабыту; …»11

Супрацьлегласць гвалту – гэта не негвалтоўнасць, гэта сіла. Калі ў чалавека ёсць маральная сіла, сіла пераканання, сіла рабіць дабро, яму не патрэбны гвалт.9
Нэльса Лібертад Курбэла10

Бяспека чалавека – гэта дзіця, якое не памерла, гэта хвароба, якая не распаўсюдзілася, працоўнае месца, якое не было скарочана, этнічная напружанасць, якая не перарасла ў гвалт, дысідэнт, якога не прымусілі замаўчаць. Бяспека чалавека не мае адносіны да зброі, гэта клопат пра жыццё і годнасць чалавека.
Даклад аб развіцці чалавечага патэнцыялу, 1994 г.

Дэкларацыя Сант'яга аб праве чалавека на мір, прынятая ў 2010 годзе Міжнародным кангрэсам па пытанні аб праве чалавека на мір, – гэта адзін з самых падрабязных дакументаў аб міры як праве чалавека. У Дэкларацыі асобы, групы і народы і ўсё чалавецтва прызнаюцца ўладальнікамі «неад'емнага права на справядлівы, устойлівы і трывалы мір» (артыкул 1), а таксама адзначаецца, што «дзяржавы паасобку, разам або як частка шматбаковых арганізацый» з'яўляюцца тымі, на кім ляжыць асноўная адказнасць за права чалавека на мір. Дэкларацыя таксама заклікае да права на адукацыю «аб міры і для міру і ўсіх іншых правоў чалавека» ў якасці кампанента права на мір, таму што «адукацыя і сацыялізацыя і аб'яднанне людзей у падтрымку міру з'яўляецца неабходнай умовай для таго, каб развучыцца ваяваць і каб будаваць ідэнтычнасці, свабодныя ад гвалту». Права на бяспеку чалавека і права на тое, каб жыць у бяспечным і здаровымасяроддзі «і ў свабодзе ад страху і ад патрэбы», таксама вылучаюцца як аспекты «пазітыўнага міру». Іншымі вымярэнняміправа на мір з'яўляюцца права на непадпарадкаванне і на адмову ад вайсковай службы па меркаваннях сумлення, правана супраціўленне і супрацьдзеянне прыгнечанню і права на раззбраенне.
Асобны артыкул у гэтай Дэкларацыі таксама прысвечаны правам ахвяр, у тым ліку іх праву шукаць правасуддзя, і замацаванню абавязкаў, звязаных з правам чалавека на мір.

Пытанне: Што на практыцы азначае для вас права чалавека на мір?

Легітымны (дзяржаўны) гвалт

Не ўсялякі гвалт з'яўляецца незаконным або супрацьпраўным. Гвалтоўныя дзеянні часам неабходны для таго, каб абараніць правы чалавека іншых людзей. Мне, магчыма, давядзецца выкарыстоўваць гвалт для самаабароны; я чакаю ад паліцыі, што яна ў надзвычайных абставінах будзе выкарыстоўваць пэўныя формы гвалту для абароны мяне і маёй сям'і ад гвалту з боку іншых людзей. Маё права чалавека на бяспеку азначае, што дзяржава і службовыя асобы абараняюць мяне ад гвалту. Структура правоў чалавека прадугледжвае, што гвалтоўныя дзеянні з боку дзяржавы або афіцыйных службовых асоб апраўданы (а часам і неабходны) пры ўмове, што яны плануюцца і ажыццяўляюцца ў рамках правоў чалавека, у тым ліку пры выкананні правоў ахвяры.

Усе людзі маюць права на мір, каб мець магчымасць у поўнай меры развіваць усе свае здольнасці – фізічныя, інтэлектуальныя, маральныя і духоўныя – не будучы аб'ектам якога б там ні было віду гвалту.
Азіяцкая хартыя правоў чалавека і народаў, 1998 г., параграф 4.1

Гэта ставіць пытанне пра прыярытэт некаторых правоў чалавека над іншымі: правам на жыццё дакладна з'яўляецца правам чалавека, але ўсё адно да гэтага часу ў многіх выпадках людзі жорстка караюцца або пазбаўляюцца жыцця за іх учынкі.
Прыклады з гісторыі паказваюць, як грамадзянскія рухі дабіваліся зменаў і прывялі да пашырэння доступу народаў да правоў чалавека. Аднак мірныя рухі часта гвалтоўна падаўляюцца дзеяннямі паліцыі або арміі. Прыгнячаліся правы чалавека на свабоду выказвання меркавання і аб'яднанняў. Распачаты ў 2011 годзе рух «арабская вясна» прадэманстраваў, як моладзь у Тунісе, Егіпце і іншых арабскіх краінах сабралася і мірна патрабавала выканання сваіх правоў чалавека, але дзяржаўныя ўзброеныя сілы жорстка атакавалі іх і заключалі пад варту, пры гэтым многія з удзельнікаў руху загінулі.

Пытанне: У якіх выпадках узброенае ўмяшанне паліцыі можа быць апраўдана?

Голад – гэта калі некаторыя людзі не маюць дастаткова ежы. Гэта не азначае, што ежы ў прынцыпе няма.
Амарція Сен

З пункту гледжання правоў чалавека, пазбаўленне чалавека свабоды ў выніку крымінальнага злачынства не адбірае ў яго чалавечнасці. Таму меры, якія прымаюцца дзяржавай у адносінах да людзей, якія здзейснілі гвалтоўныя акты ў адносінах да іншых людзей, не павінны быць самавольнымі, а павінны паважаць іх годнасць і абараняць гэтых асоб ад катаванняў і бесчалавечнага або зневажальнага абыходжання або пакарання. Адной з мэт затрымання з'яўляецца сацыяльная рэабілітацыяй зняволеных.

Я выступаю супраць гвалту, таму што, калі ён чыніцца дзеля дабра, дабро будзе мець толькі часовы характар; зло, якое было ўчынена, застаецца назаўжды.
Гандзі

Вяршэнства права і абарона правоў і свабод чалавека з'яўляюцца важнай гарантыяй эфектыўнай і справядлівай сістэмы крымінальнага правасуддзя. Тым не менш, калі невінаватых абараняюць ад злачынцаў12, месцы пазбаўлення волі і турмы, на жаль, часта становяцца тымі месцамі, дзе парушаюцца правы чалавека.
У адпаведнасці з нормамі ў галіне правоў чалавека, у прыватнасці, Канвенцыі аб правах дзіцяці, канкрэтныя механізмы рэабілітацыі павінны быць створаны для маладых злачынцаў, такія як, напрыклад, «законы, працэдуры, органы і ўстановы, якія маюць непасрэднае дачыненне да дзяцей, абвінавачаных або прызнаных вінаватымі ў парушэнні крымінальнага права» (артыкул 40). Аднак так бывае не заўжды. Паводле звестак арганізацыі «Міжнародная рэформа крымінальнага права» (Penal Reform International), тое, якім чынам улады ставяцца да маладых правапарушальнікаў, часта можа прывесці да доўгатэрміновых праблем з іх фізічным і псіхалагічным здароўем. Напрыклад, сутыкненне з агрэсіўнымі паводзінамі ў месцах пазбаўлення волі і адасобленасць ад сям'і і супольнасці можа падарваць ідэю рэабілітацыі і падштурхнуць маладых людзей да далейшых злачынных дзеянняў. Паводле ацэнак ЮНІСЕФ, на сённяшні дзень больш за адзін мільён дзяцей утрымліваюцца ў месцах пазбаўлення волі па ўсім свеце.

Пытанне: Ці можа быць турэмнае зняволенне эфектыўным спосабам рэабілітацыі і адукацыі дзяцей і моладзі, якія здзейснілі крымінальнае злачынства?

Смяротнае пакаранне

Смяротнае пакаранне забаронена Еўрапейскай канвенцыяй аб правах чалавека і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (Пратакол 1). Сам факт аб’яўлення смяротнага пакарання незаконным не апраўдвае парушэнняў правоў чалавека. У аснове таксама ляжыць перакананне, што з гвалтам нельга змагацца пры дапамозе яшчэ большага гвалту. Забарона смяротнага пакарання – гэта яшчэ і выказванне наконт бязгрэшнасці правасуддзя: гісторыя паказвае, што заўсёды магчымы судовыя памылкі і што існуе рызыка таго, што нявінны чалавек можа быць пакараны смерцю. Акрамя гэтага, забарона смяротнага пакарання таксама сведчыць аб веры ў права на жыццё і годнасць – і на справядлівы судовы працэс.

«Міжнародная рэформа крымінальнага права» – гэта міжнародная няўрадавая арганізацыя, якая працуе над рэформай смяротнага пакарання і крымінальнага права па ўсім свеце.
www.penalreform.org

Вядома, што ў 2011 годзе 1923 чалавека ў 63 краінах былі прысуджаны да смерці і ў 20 краінах смяротныя прысуды ў 676 выпадках былі прыведзены ў выкананне. Аднак гэтая лічба – 676 чалавек – не ўключае, верагодна, тысячы людзей, якія, паводле ацэнак Amnesty International, былі пакараныя смерцю ў Кітаі.13  
Беларусь з'яўляецца адзінай краінай у Еўропе, у якой у 2012 годзе па-ранейшаму прымянялася смяротнае пакаранне. Паводле звестак Amnesty International, заключаным у камерах смяротнікаў у Беларусі паведамляюць, што яны будуць пакараны смерцю, толькі за некалькі хвілін да выканання прысуду. Іх забіваюць стрэлам у патыліцу. Членаў іх сем'яў інфармуюць толькі пасля выканання смяротнага прысуду, а месца пахавання трымаецца ў сакрэце.

Моладзь і культура міру

Урэгуляванне канфліктаў, прымірэнне, адукацыя ў падтрымку міру і захаванне памяці з'яўляюцца часткай тых намаганняў, якія дазваляюць спадзявацца на тое, што людзі будуць жыць свабоднымі ад гвалту і ў культуры міру. Мы павінны вучыцца ў мінулага і прыкладаць намаганні, каб пазбегнуць паўтарэння страшных злачынстваў супраць чалавечнасці, якія напаткалі папярэднія пакаленні. У некаторых месцах свету ўсё яшчэ адбываюцца лакальныя войны і ўзброеныя канфлікты. Прыемна ведаць, што мы не безабаронныя і што ў нас ёсць сродкі для ліквідацыі гвалту. І ў гэтых зменах важную ролю адыгрывае моладзь.

Толькі грамадствы, заснаваныя на прынцыпах дэмакратыі, вяршэнства права і правах чалавека, могуць забяспечыць устойлівую доўгатэрміновую стабільнасць і мір.
Турб’ёрн Ягланд, генеральны сакратар Савета Еўропы

Савет Еўропы працуе, каб садзейнічаць сацыяльнай справядлівасці, каб пазбегнуць эскалацыі гвалтоўных канфліктаў і каб прадухіляць войны і тэрарыстычныя акты. Гэта арганізацыя заклікае палітычных лідараў і грамадзянскую супольнасць ствараць і ўмацоўваць культуру міру замест культуры гвалту і распаўсюджвае інфармацыю аб кошце гвалту, перспектывах мірнай будучыні, важнасці дэмакратыі і дэмакратычных навыкаў, а таксама заахвочвае гуманізм, чалавечую годнасць, свабоду і салідарнасць

Маладзёжны сектар Савета Еўропы мае больш чым 40-гадовы досвед працы ў галіне міжкультурнай адукацыі, урэгулявання канфліктаў і адукацыі ў галіне правоў чалавека.
Прыняцце Камітэтам міністраў Савета Еўропы Белай кнігі аб міжкультурным дыялогу «Жыць разам у роўнай годнасці» пацвердзіла палітычную актуальнасць такіх падыходаў і падкрэсліла неабходнасць дыялогу паміж культурамі ў падтрымку развіцця і захавання мірных супольнасцей.

Пазнаёмцеся з вашай уласнай перадузятасцю! Замест таго, каб размаўляць пра яе, проста пазнаёмцеся з ёй.
Дапаможнік для арганізатараў жывой бібліятэкі14

Сёмая канферэнцыя еўрапейскіх міністраў па справах моладзі (Будапешт, 2005 г.) была прысвечана рэагаванню маладзёжнай палітыкі на гвалт. У выніковай дэкларацыі міністры пагадзіліся, апрача іншага, з важнасцю аналізу ўсіх формаў гвалту і іх уздзеяння на людзей, з неабходнасцю распрацоўваць стратэгіі па прафілактыцы гвалту і прызнаць маладых людзей у якасці суб'ектаў прафілактыкі гвалту, «пры гэтым павышаючы іх пачуццё адказнасці і актыўна садзейнічаючы іх удзелу і супрацоўніцтву» ў гэтай галіне. Гэта дэкларацыя таксама прызнае, што адукацыя ў галіне правоў чалавека з’яўляецца істотным вымярэннем у прадухіленні гвалту.
Канферэнцыя міністраў стала кульмінацыяй праекта па барацьбе з гвалтам у паўсядзённым жыцці і прывяла да стварэння розных адукацыйных інструментаў і ініцыятыў па прадухіленні і спыненні гвалту, такіх як, напрыклад, Дапаможнік для арганізатараў жывой бібліятэкі.

У якасці паслоў міру мы павінны стаць вачыма і вушамі Савета Еўропы ў нашых краінах і ў Еўропе.
Злата Харытонава, удзельніца руху Маладых паслоў міру

Маладзёжны сектар Савета Еўропы таксама распачаў і падтрымліваў маладзёжныя праекты па вырашэнні канфліктаў і прасоўванні адукацыі ў падтрымку міру. З 2004 года праводзіцца Маладзёжны лагер міру, у якім удзельнічае моладзь з розных рэгіёнаў, ахопленых канфліктамі, для закліку да дыялогу з мэтай разумення таго, што ў іх аднолькавыя каштоўнасці і досвед, хоць гэты досвед часта і бывае вельмі балючым. Праграма дапамагае маладзёжным лідарам выяўляць і пераадольваць перадузятасць, змагацца супраць агрэсіўных і ізалюючых форм нацыяналізму і ажыццяўляць міжкультурнае навучанне і адукацыю ў галіне правоў чалавека. Для некаторых удзельнікаў гэта першы раз у жыцці, калі яны асабіста размаўлялі з маладымі людзьмі з «іншага боку». Цяпер гэты лагер штогадова працуе ў Еўрапейскім маладзёжным цэнтры, а часам і ў дзяржавах-членах.

Распаўсюджванне адукацыі ў падтрымку міру

Пасля Маладзёжнага лагера міру ў 2001 годзе шэсць ізраільскіх і палесцінскіх удзельнікаў вырашылі працягваць сустракацца на лініі спынення агню, якую яшчэ называюць «зялёнай лініяй». Іншыя маладыя людзі з абодвух бакоў кожны месяц далучаюцца да гэтай сустрэчы ў другой палове дня, і тады адбываюцца дыскусіі, удзельнікі абменьваюцца асабістым досведам і весела бавяць свой вольны час. У якасці сумеснай групы яны ўдзельнічаюць у грамадскай рабоце па абодва бакі падзяляльнай лініі, кожны раз у новай супольнасці на адным з бакоў, але гэта заўсёды супольнасці, так ці інакш закранутыя канфліктам, які працягваецца.

Праект «Маладыя паслы міру», які быў распачаты ў 2011 годзе, уцягвае маладзёжных лідараў у канкрэтныя лакальныя маладзёжныя праекты, прысвечаныя адукацыі ў падтрымку міру, з мэтай урэгулявання канфліктных сітуацыі ў іх жыцці. Дадзены праект заснаваны на сетцы спецыяльна падрыхтаваных маладых людзей, якія ўмацоўваюць прысутнасць і прасоўваюць каштоўнасці Савета Еўропы ў закранутых канфліктамі рэгіёнах і супольнасцях.

Пераадоленне нянавісці

На працягу апошніх двух гадоў на вуліцах Прыепале, мультыкультурнага горада ў Сербіі, з’яўляюцца «няправільныя» графіці, на якіх прысутнічаюць выказванні мовы варожасці супраць замежнікаў і прадстаўнікоў іншых рэлігій (мусульман і праваслаўных). Большая частка графіці была выканана хлопчыкамі з дзвюх розных хуліганскіх груп.
Мой праект аб'ядноўвае 10 хлопчыкаў ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў як з групы хуліганаў, так і прадстаўнікоў этнічных/рэлігійных меншасцей, якія будуць нанова ўпрыгожваць горад з дапамогай графіці, каб перакрыць графіці з мовай варожасці, якія былі пакінуты ў розных месцах. Падчас гэтага мерапрыемства будзе здымацца дакументальны фільм аб будаўніцтве міру. Гэты праект павінен дапамагчы стварыць трывалую аснову для пабудовы міру, узаемаразумення і памяркоўнасці.
Эда Садыкавіч, арганізацыя JUMP, Сербія (праект «Маладыя паслы міру»)

Сеткі ў імя міру

Ніжэй прыведзены некаторыя прыклады таго, наколькі ёсць разнастайныя, сур'ёзныя і творчыя абаронцы міру і праваабаронцы.

«Змагары за мір» – гэта рух, які быў распачаты сумесна з палесцінцамі і ізраільцянамі, якія раней прымалі актыўны ўдзел у гвалтоўных актах, а цяпер змагаюцца за мір.

«Шукаць агульныя асновы» – арганізацыя, якая рэалізуе праграмы па ўрэгуляванні канфліктаў.

«Рэагуй на канфлікты» праводзіць падрыхтоўку па ўрэгуляванні канфліктаў. На іх вэб-сайце можна знайсці натхняльныя прыклады і парады для правядзення падрыхтоўкі.

«Глабальнае партнёрства па папярэджанні ўзброеных канфліктаў» – сусветнае сетка, што ставіць задачу дасягнуць новага міжнароднага паразумення адносна пераходу ад рэагавання на гвалтоўныя канфлікты да іх папярэджання.

«Аб'яднаная сетка маладых будаўнікоў міру» – сетка маладзёжных арганізацый, якія працуюць над стварэннем мірных супольнасцей.

Канцавыя зноскі

1 Сусветная справаздача аб гвалце і здароўі, СААЗ 2002 г., Жэнева с. 5:  http://whqlibdoc.who.int/hq/2002/9241545615.pdf
2 www.who.int/violence_injury_prevention/violence/en/
3 Стакгольмскі інстытут даследаванняў праблем міру (СІДПМ): www.sipri.se
4 http://controlarms.org/wordpress/wp-content/uploads/2011/03/killer_facts_en.pdf 
5 www.unfpa.org/gender/violence.htm
6 Справаздачны даклад Барбары Фрэй, спецыяльнага дакладчыка ААН, «Папярэджанне парушэнняў правоў чалавека, учыненых з выкарыстаннем стралковай зброі і лёгкіх узбраенняў», Дакумент ААН E/CN.4/Sub.2/2004/37, 21 чэрвеня 2004 года, пункт 50.
7 Крыніца: www.ohchr.org/EN/Issues/SRHRDefenders/
8 Evans, A., Resource scarcity, fair shares and development, WWF / Oxfam, Discussion paper, 2011  
9 З фільма Barrio De Paz
10 Нэльса Лібертад Курбэла – былая манашка і медыятар па працы з вулічнымі бандамі ў Эквадоры
11 Генеральная Асамблея ААН, 15 ліпеня 2011 г., Дакумент A/HRC/RES/1/7/16 Савета па правах чалавека
12 Паводле мэт сістэм крымінальнага правасуддзя Вялікабрытаніі, гл.: http://ybtj.justice.gov.uk/
13 Паводле статыстыкі смяротных пакаранняў Amnesty International
14 Don't judge a book by its cover – the Living Library Organiser's Guide, Abergel R. et al, Council of Europe Publishing, 2005

Image2: Theme 'Peace and Violence' by Pancho

compass-key-date
  • 12 FebruaryRed Hand Day
  • 21 MarchInternational Day for the Elimination of Racial Discrimination
  • 15 MayInternational Day of Conscientious Objection
  • 29 MayInternational Day of United Nations Peacekeepers
  • 4 JuneInternational Day of Innocent Children Victims of Aggression
  • 26 JuneUnited Nations International Day in Support of Victims of Torture
  • 6 AugustHiroshima Day
  • 21 SeptemberInternational Day of Peace
  • 2 OctoberInternational Day of Non-Violence
  • 10 OctoberWorld Day Against the Death Penalty
  • 24-30 OctoberDisarmament Week
  • 9 NovemberInternational Day Against Fascism and Antisemitism
  • 11 NovemberInternational Day of Science and Peace
  • 25 NovemberInternational Day for the Elimination of Violence against Women
  • 2 DecemberInternational Day for the Abolition of Slavery