Няхай гэта электрастанцыя выпрацоўвае творчую энергію чалавека!

Агляд

Удзельнікі праводзяць мазгавы штурм па праявах гвалту, абмяркоўваючы вядомыя ім выпадкі з паўсядзённага жыцця, а потым шукаюць крэатыўныя шляхі вырашэння гэтай праблемы.

Звязаныя правы

• Права на жыццё, свабоду і асабістую недатыкальнасць
• Свабода ад дыскрымінацыі
• Свабода ад умяшання ў прыватнае і сямейнае жыццё, жыллё і перапіску

Мэты

• Выявіць акты гвалту і іх прычыны і знайсці шляхі вырашэння праблемы
• Развіць навыкі супрацоўніцтва і працы ў групах
• Абудзіць пачуццё справядлівасці і адказнасці ў адносінах з іншымі людзьмі

Матэрыялы

• Адрэзак моцнай вяроўкі, даўжынёй роўны шырыні памяшкання, які імітуе электрычны провад
• Аркушы паперы фармату А4 двух розных колераў, напрыклад чырвонага і зялёнага
• Маркеры, па адным на кожную малую групу
• Рэквізіт: гучны званок або гудок, каскі, белы халат, кусачкі (сапраўдныя або зробленыя з кардону)
• 2 рулоны скотча
• Два памяшканні (неабавязкова, але пажадана)
• Памочнік, які будзе даваць гудкі і светлавыя сігналы, а таксама зоймецца іншымі спецэфектамі

Падрыхтоўка

• Адно памяшканне абсталюйце пад «электрастанцыю». Ачысціце месца пасярэдзіне. Працягніце вяроўку (якая імітуе электрычны провад) праз пакой на ўзроўні плеч і надзейна замацуйце яе канцы.

Key Date
  • 4 лістападаЕўрапейская канвенцыя аб абароне правоў чалавека была падпісана ў гэты дзень у 1950 годзе

Інструкцыі

1. Растлумачце ўдзельнікам, што яны будуць працаваць на электрастанцыі. Звычайныя электрастанцыі вырабляюць электрычнасць з урану, вугалю, газу, смецця, біяпаліва, сонечных прамянёў, ветру або хваль. Але наша электрастанцыя выпрацоўвае энергію з актаў гвалту, а таму з’яўляецца патэнцыяльна небяспечнай, і яе трэба або закрыць, або перавесці на іншае паліва. Вы (як фасілітатар) будзеце загадчыкам электрастанцыі, а ўдзельнікі будуць іграць ролю манцёраў.

Частка 1. Мазгавы штурм актаў гвалту
2. Папрасіце кожнага ўдзельніка коратка выказацца на тэму «Гвалт вакол мяне». Удакладніце, што гаворка не ідзе пра такія сур'ёзныя рэчы, як тэрарызм ці генацыд, але, хутчэй, пра гвалт, з якім мы сутыкаемся ў паўсядзённым жыцці – у школе або ў маладзёжных клубах, на вуліцы ці дома.
3. Падзяліце ўдзельнікаў на групы па 3–5 чалавек і раздайце кожнай групе па тры аркушы (чырвонай) паперы і маркер. Папрасіце ўдзельнікаў падзяліцца вынікамі мазгавога штурму і прыйсці да агульнай думкі наконт таго, якія формы гвалту патрабуюць умяшання ў першую чаргу. Удзельнікі павінны запісаць іх ключавымі словамі або кароткімі фразамі на асобных аркушах паперы вялікімі літарамі.
4. Збярыце аркушы і хутка праглядзіце іх. Калі адны і тыя ж формы гвалту паўтараюцца, пакіньце адзін ліст, а астатнія адкладзіце ў бок.
5. Дайце ўдзельнікам перапынак на пяць хвілін, каб падрыхтавацца да другой часткі практыкавання. Развесьце аркушы паперы на «электрычным провадзе» на адлегласці каля 0,5 м адзін ад аднаго. Замацуйце скотчам так, каб яны заставаліся на месцы і не зляталі.

Частка 2. На электрастанцыі
6. Калі ўсё будзе гатова, і аркушы з «формамі гвалту» будуць прымацаваны да вяроўкі, скажыце групе, што вы толькі што атрымалі паведамленне ад адказнага за здароўе і бяспеку аб тым, што станцыя будзе зачынена, пакуль яны, «манцёры», не знойдуць іншае паліва для яе.
7. Запрасіце «манцёраў» на «электрастанцыю». Падзяліце іх на дзве каманды і раздайце кожнай шмат аркушаў (зялёнай) паперы, маркеры і рулон скотча.
8. Скажыце, што перад імі электрычны провад, а кожны ліст – гэта праява гвалту.
9. Растлумачце, што адна з прычын таго, чаму станцыя такая небяспечная, заключаецца ў тым, што гвалт дае энергію вельмі няроўным патокам, што нярэдка прыводзіць да скачкоў. Калі гэта здараецца, хуткі спосаб не дапусціць выбуху на станцыі – гэта перарэзаць провад; але гэта вельмі небяспечная працэдура, і яе трэба пазбягаць любой цаной. Калі будзе набліжацца асабліва моцны скачок, пачнуць міргаць лямпачкі і прагучыць аварыйны сігнал. Удзельнікі павінны дзейнічаць хутка, каб пагасіць скачок энергіі. Для гэтага яны павінны будуць прыдумаць, як трансфармаваць праявы гвалту, развешаныя на электрычным провадзе, у пазітыўныя дзеянні.
10. Растлумачце, што рабіць, калі ўдзельнікі пачуюць гукавы сігнал і ўбачаць мірганне лямпачкі. Вы пакажаце ім месца, дзе збіраецеся перарэзаць провад, і зачытаеце словы, напісаныя на аркушах, якія вісяць па абодва бакі ад планаванага месца разрэзу проваду. У абедзвюх каманд будзе не больш за 1 хвіліну, каб прыдумаць, як лепш адказаць на гэтыя формы гвалту. Яны павінны запісаць свае прапановы (кожную на асобным аркушы зялёнай паперы) і як мага хутчэй прымацаваць іх да проваду ў тым месцы, дзе вы збіраецеся яго перарэзаць.
11. Зараз запусціце электрастанцыю і дайце ёй папрацаваць адну-дзве хвіліны. Папрасіце памочніка даць гукавы і светлавы сігналы. Вазьміце кусачкі і зрабіце выгляд, што збіраецеся перарэзаць провад у пэўным месцы. Гучна зачытайце абедзве формы гвалту і дайце камандам знак прыступаць да працы па выратаванні сітуацыі.
12. Праз хвіліну выключыце гукавы і светлавы сігналы, адкладзіце ў бок кусачкі, выйдзіце наперад і зачытайце, што напісана на «аркушах з рашэннем». Коратка абмяркуйце гэтыя рашэнні з усёй групай. Прапануйце групам унесці папраўкі або адкінуць тыя аркушы, рашэнні на якіх пасля абмеркавання здаюцца нерэалістычнымі. Адарвіце абодва аркушы з «формамі гвалту» і ўздыхніце з палёгкай.
13. Паўтарайце 11 і 12 этапы да таго часу, пакуль усе аркушы з «формамі гвалту» не будуць заменены на «аркушы з рашэннем».
14. У заключэнне зніміце ўсе аркушы з «рашэннямі» з проваду і прымацуйце іх на сцяну побач з «праявамі гвалту».

Аналіз і ацэнкаGoto top

Спачатку абмяркуйце ход практыкавання, а затым кожную праяву гвалту разам з прапанаванымі рашэннямі:
• Як адчувалі сябе ўдзельнікі падчас практыкавання? Ці спадабалася яно ім? Чаму? Чаму не?
• Ці ўсе згодны з тым, што любая форма гвалту небяспечная?
• Якія прычыны розных праяў гвалту знайшлі ўдзельнікі?
• Ці рэалістычныя прапанаваныя рашэнні? У бліжэйшай перспектыве? У доўгатэрміновай перспектыве?
• З якімі цяжкасцямі або з якім супраціўленнем можна сутыкнуцца падчас рэалізацыі гэтых рашэнняў?
• Як найбольш эфектыўна моладзь можа прадухіляць гвалт і адстойваць альтэрнатыўныя, мірныя рашэнні?
• Якія правы чалавека парушаюцца ў выніку гвалту?

Парады для фасілітатараўGoto top

Вам спатрэбіцца прыкладна 10 хвілін на правядзенне 1-й часткі практыкавання (мазгавы штурм), каля 60 хвілін для працы на электрастанцыі і 20 хвілін на аналіз і ацэнку.
Калі трэба дапамагчы ўдзельнікам падчас мазгавога штурму, вы можаце прывесці прыклады праяў гвалту ў адносінах да асобных людзей, напрыклад цкаванне, прысвойванне мянушак, кпіны, злыя жарты, тэлефонныя званкі і тэкставыя паведамленні (SMS) з пагрозамі, а таксама вандалізм у адносінах да асабістай уласнасці. Вы таксама можаце згадаць тыя формы гвалту, якія не накіраваны супраць асобнага чалавека, напрыклад тыя, што мы бачым у фільмах або чуем у песнях.

У працы па пункце 11 мэта каманд – распрацаваць 2-3 прапановы па паводзінах у выпадку кожнай формы гвалту, але досыць будзе і адной. Прапанаваныя рашэнні павінны быць рэалістычнымі.

Заўвага

Гэту методыку можна адаптаваць для разгляду любых пытанняў, звязаных з выяўленнем праблем і пошукам рашэнняў.

Поспех практыкавання шмат у чым залежыць ад таго, ці атрымаецца ў вас стварыць рабочую атмасферу і абудзіць ва ўдзельнікаў пачуццё неабходнасці не дапусціць разразанне проваду і дзейнічаць хутка. Вы можаце спампаваць гукі працуючых механізмаў і гукавыя сігналы з Інтэрнэту. Іграючы ролю «загадчыка», вы можаце надзець белы халат і каску; калі ёсць магчымасць, дазвольце «манцёрам» таксама прыдумаць сабе касцюмы. Акрамя таго, можна падумаць аб тым, каб правесці гэта практыкаванне ў падвальным памяшканні з водаправоднымі трубамі. Вядома, пэўны ўзровень вашага акцёрскага майстэрства надасць практыкаванню жвавасці, але асаблівыя ўменні тут не патрэбны. Проста старайцеся падтрымліваць «тонус» дыскусіі ў перапынках паміж кароткімі выступленнямі ўдзельнікаў. Шырокія дэбаты пакіньце да этапа аналізу.
Калі ўдзельнікам патрабуюцца дадатковыя тлумачэнні таго, як прыдумаць ідэю для вырашэння праблемы, вы можаце прывесці наступныя прыклады. Калі гаворка ідзе пра «цкаванне», можна спланаваць школьныя інфармацыйныя семінары па прафілактыцы цкавання або падрыхтаваць пасрэднікаў з ліку аднагодкаў. Што тычыцца «тэлевізійнага гвалту», то можна выступіць за забарону трансляцыі фільмаў са сцэнамі гвалту да 11 гадзін вечара ці ж прыдумаць для дзяцей іншыя заняткі ў якасці альтэрнатывы прагляду тэлеперадач.
Калі ўдзельнікаў не вельмі многа, вы можаце правесці практыкаванне і з адной групай «манцёраў». Сэнс дзялення на дзве групы складаецца ў тым, што кожная з іх вельмі часта прапануе розныя рашэнні адной і той жа праблемы, што пашырае круг магчымасцей. Вы таксама можаце паскорыць тэмп выканання практыкавання, дадаўшы элемент спаборніцтва. Для гэтага раздайце кожнай з каманд аркушы паперы рознага колеру і паглядзіце, якая каманда прыме больш рашэнняў.

Прапановы па далейшай працыGoto top

Падчас працы на «электрастанцыі» могуць закранацца гендарныя пытанні ці праблемы дыскрымінацыі. Нават калі гэтага не здарыцца, вам будзе цікава разгледзець пытанні, звязаныя з самавызначэннем асобы і правам на роўную годнасць і павагу. Звярніце ўвагу на практыкаванне «Хто я такія?».

Ідэі для дзеянняGoto top

Распачніце актыўныя дзеянні для вырашэння адной з закранутых у практыкаванні праблем. Напрыклад, калі вы выбераце тэму цкавання, група можа выступіць з прапановай правесці ў школе семінар на гэту тэму і ўключыць гэта пытанне ў парадак дня наступнага пасяджэння школьнага савета або савета аб’яднання.

Дадатковая інфармацыяGoto top

Практыкаванне «Электрастанцыя» распрацавана на аснове практыкавання, прапанаванага Дарыюшам Гжэмным з Асацыяцыі дзяцей і моладзі («Шанц»), г. Глогаў, Польшча.

КОМПАС

Дапаможнік па адукацыі ў галіне правоў чалавека з удзелам моладзі