Image: Theme 'Culture and sport' by Pancho

Маладыя людзі, як правіла, часта ўяўляюцца поўнымі імкненняў і надзей у адносінах да навакольнага свету і, як след, важнымі ініцыятарамі культурных змен. Фонд ААН у галіне народанасельніцтва наступным чынам апісвае гэтыя чаканні ад моладзі як аўтараў культуры будучыні:
Па меры таго, як маладыя людзі праходзяць стадыю юнацтва, яны развіваюць сваю ідэнтычнасць і становяцца самастойнымі індывідуумамі. Моладзь не падзяляе вопыт і ўспаміны дарослых. Яна распрацоўвае свае ўласныя спосабы ўспрымання, ацэнкі, класіфікацыі і вызначэння праблем, а таксама кодаў, сімвалаў і мовы, з дапамогай якіх яна паказвае сябе. Рэакцыя маладых людзей на зменлівы свет і іх унікальныя спосабы тлумачэння і перадачы вопыту могуць дапамагчы трансфармаваць культуру і падрыхтаваць супольнасці да рашэння новых складаных задач. … Дынамізм моладзі можа змяніць некаторыя архаічныя або негатыўныя аспекты культуры, якія старыя пакаленні прымаюць як нязменныя.1

Культура – гэта ўсё. Культура – гэта тое, як мы апранаемся, як мы трымаем нашы галовы, як мы ходзім, як мы завязваем гальштукі. А не толькі факт напісання кніг або будаўніцтва дамоў.
Эме Сезэр3

Універсальным аспектам усіх культур з'яўляецца спорт, таму мы і вырашылі ўключыць яго ў якасці асобнай тэмы ў «Компас». Спорт асабліва папулярны сярод моладзі; статыстычныя даныя сведчаць аб тым, што ў ЕС 61 % маладых людзей ва ўзросце ад 15 да 24 гадоў рэгулярна (прынамсі адзін раз у тыдзень) займаецца спортам.2 Яшчэ адна прычына ўключыць спорт заключаецца ў тым, што ён дае маладым людзям магчымасці для сацыяльнага ўзаемадзеяння, падчас якога яны могуць атрымліваць веды, развіваць навыкі і фарміраваць погляды, неабходныя для поўнага ўдзелу ў жыцці грамадзянскай супольнасці.

Культура і спорт з'яўляюцца правамі чалавека, пры гэтым яны звязаны і з рознымі іншымі правамі. Яны таксама з'яўляюцца той сферай, у якой правы чалавека часта ставяцца пад сумненне і парушаюцца, у тым ліку і права моладзі.

Што мы маем на ўвазе пад паняццем «культура»?

Слова «культура» выкарыстоўваецца ў розных кантэкстах, напрыклад, народная культура, масавая культура, гарадская культура, фемінісцкая культура, культура меншасцей, карпаратыўная культура і, нарэшце, але не менш важная, маладзёжная культура. Мы таксама можам казаць пра чалавека, што ён культурны, маючы пры гэтым на ўвазе добрыя манеры і адукацыю ў традыцыях літаратуры і мастацтва, і пра культурны шок, што азначае дэзарыентацыю і роспач чалавека пры сутыкненні з незнаёмай культурай. Ніводнае з гэтых значэнняў «культуры» не разлядаецца міністэрствамі культуры або адпаведнымі органамі дзяржаўнай улады.

Слова «культура» паходзіць з лацінскага cultura, што азначае «клапаціцца, ахоўваць, культываваць, апрацоўваць». Упершыню каля 1500 года н. э. слова пачало сустракацца ў пераносным сэнсе «культываванне праз адукацыю», і толькі ў сярэдзіне XIX стагоддзя гэта слова звязвалася з паняццямі калектыўных традыцый і ўкладаў жыцця розных супольнасцей.4 Менавіта гэта значэнне культуры як атрыманых у спадчыну форм агульнага значэння і адзінага разумення мы разглядаем у дадзеным раздзеле.

Ніводная культура не з'яўляецца аднароднай. У межах кожнай культуры можна вылучыць «субкультуры»: групы людзей з асобным наборам правіл і нормаў паводзін, якія адрозніваюць іх ад больш шырокай культуры і іншых субкультур. Культуры вельмі цяжка вызначыць, як і зразумець; культуры пастаянна змяняюцца і развіваюцца. Калі перафразаваць словы Геракліта аб тым, што нельга двойчы ўступіць у адну і тую ж раку, то культура, у якой мы ўзаемадзейнічаем сёння, адрозніваецца ад той, якая была ўчора. Тым не менш у нашых вачах і ў нашым успрыманні яна сапраўды нязменная.

Пытанне: Якія новыя ідэі або тэхналогіі змянілі вашу культуру за апошнія дзесяць гадоў?

Культура […] ахоплівае, у прыватнасці, уклады жыцця, мову, вусную і пісьмовую літаратуру, музыку і песні, невербальную камунікацыю, сістэмы рэлігій або вераванняў, абрады і цырымоніі, спорт і гульні, метады вытворчасці ці тэхналогій, натуральнае і антрапагеннае навакольнае асяроддзе, ежу, адзенне і жыллё, а таксама мастацтва, звычаі і традыцыі, з дапамогай якіх індывідуумы, групы індывідуумаў і супольнасці паказваюць свае чалавечыя якасці і сэнс, які яны надаюць свайму існаванню, а таксама фарміруюць светапогляд, які адлюстроўвае іх узаемадзеянне са знешнімі сіламі, што ўплываюць на іх жыццё.5

Некаторыя аспекты культуры з'яўляюцца добра бачнымі, напрыклад, тое, як людзі апранаюцца. Іншыя аспекты ў большасці выпадкаў несвядомыя, амаль інстынктыўныя. Адзін са спосабаў уяўлення культуры – выкарыстанне параўнання з айсбергам. У айсберга ёсць бачная частка вышэй за ўзровень вады і яшчэ большая нябачная частка, схаваная ўнізе. Гэтак жа і ў культуры ёсць некаторыя аспекты, якія можна назіраць і якія мы ўсведамляем, і іншыя аспекты, якія можна прадугледжваць ці ўяўляць, а ўразумець магчыма толькі праз дыялог і самааналіз. Як аснова айсберга намнога большая за яе верхнюю частку, гэтак жа і найбольш значная частка культуры з'яўляецца «нябачнай». Існуе рызыка палічыць частку культуры за цэлую. Засяродзіўшы ўвагу на тым, што бачна нам (і на тым, што, як нам здаецца, мы разумеем), мы рызыкуем не заўважыць галоўнае ў людзях, у чалавецтве.

Калі вы б зразумелі ўсё, што я сказаў, вы былі б мной.
Майлз Дэвіс

Пытанне: Якія аспекты вашай культуры з'яўляюцца, у вашым разуменні, нябачнымі іншым людзям?

Таксама культура – гэта прызма, праз якую мы бачым і інтэрпрэтуем жыццё і грамадства. Культура перадаецца з пакалення ў пакаленне, пры гэтым у яе ўносяцца новыя элементы, а некаторыя выдаляюцца. Паколькі большую частку дамінуючай культуры мы ўвабралі ў сябе з малаком маці, вельмі цяжка аб'ектыўна разглядаць сваю ўласную культуру; здаецца нармальным і натуральным, што наша культура адчуваецца «правільнай», а іншыя культуры з іх рознымі спосабамі мыслення і дзейнасці – незвычайнымі, а нават і няправільнымі.
Культура разглядаецца таксама як дынамічная канструкцыя, створаная самімі людзьмі ў адказ на ўласныя патрэбы. Уявіце сабе на хвіліну арктычныя ўмовы паўночнай Швецыі; людзі там сутыкаюцца з праблемамі, якія адрозніваюцца ад тых, што існуюць на цёплым узбярэжжы Міжземнага мора; зыходзячы з гэтага, яны па-рознаму рэагавалі – у іх з'явіліся розныя лады жыцця – а значыць і розныя культуры.
Сёння ў выніку распаўсюджання сучасных тэхналогій і глабалізацыі дзве культуры маюць больш агульнага, чым гэта было ў мінулым, але, тым не менш, у іх шмат адрозненняў, у тым ліку рознае разуменне таго, што значыць быць еўрапейцам.
Хто мы такія і кім сябе лічым залежыць у большай ступені ад той культуры, у якой мы расцем, уплыву якой мы падвяргаемся або якую вырашылі ўспрымаць як сваю. Пры гэтым кожны з нас унікальны. Менавіта месца нараджэння першапачаткова вызначае, напрыклад, мовы, на якіх мы перш за ўсё вучымся размаўляць, ежу, якая нам падабаецца больш, і рэлігію, якой мы прытрымліваемся ці не. Ідэнтычнасць, як і культура, – гэта складанае паняцце, часткі якой знаходзяцца вышэй і ніжэй адносна лініі свядомасці і змяняюцца з часам і месцам. Мы можам казаць пра ідэнтычнасць асобы, гендарную ідэнтычнасць, нацыянальную, культурную, этнічную, класавую ці сямейную ідэнтычнасць і на самай справе пра любую іншую форму ідэнтычнасці. Прыняцце таго факта, што ідэнтычнасць з'яўляецца складаным, разнастайным і дынамічным працэсам і звязана з індывідуальнасцю і самасвядомасцю чалавека, а таксама прызнанне і прыняцце права іншых людзей на існаванне іх уласнай ідэнтычнасці вельмі важныя для стварэння культуры правоў чалавека, дзе кожны валодае роўнымі правамі і павагай. Ідэнтычнасць – гэта тое, што робіць кожнага з нас унікальным. Аднак гэта ўнікальнасць не застаецца аднолькавай на працягу ўсяго жыцця; яна пастаянна змяняецца.

Культура ў сучасных супольнасцях з'яўляецца месцам супярэчнасцей і барацьбы за ідэнтычнасць, прыналежнасць, легітымнасць і права...6

 

Што мы маем на ўвазе пад паняццем «спорт»?

«Спорт» азначае ўсе формы фізічнай актыўнасці, якія за кошт выпадковага або арганізаванага ўдзелу накіраваны на дэманстрацыю або паляпшэнне фізічнага стану і псіхічнага здароўя, устанаўленне сацыяльных адносін або атрыманне вынікаў у спаборніцтвах на ўсіх узроўнях.7
Еўрапейская спартыўная хартыя

Спорт і асабліва камандныя гульні з'яўляюцца важнай часткай нашага жыцця як гледачоў, так і ўдзельнікаў. Для многіх людзей невычэрпнай крыніцай размоў з'яўляецца футбол, балельшчыкі адчуваюць глыбокую сімпатыю да сваёй каманды, а спартсмены-зоркі атрымліваюць статус герояў. Пра распаўсюджаную сёння моду выглядаць добра, молада, спартыўна і быць здаровым сведчыць вялікая колькасць фітнес-клубаў і часопісаў, прысвечаных пахудзенню, а паркі акупіравалі прыхільнікі бегу. Іншыя віды дзейнасці, якія звязаны хутчэй з разумовымі, чым з фізічнымі намаганнямі, напрыклад, шахматы, таксама лічацца спортам. Разнастайнасць відаў спорту зможа задаволіць любыя густы і тэмпераменты, і таму спорт сапраўды цесна звязаны з нашай ідэнтычнасцю і культурай на пэўным этапе нашага жыцця.
Калі паглядзець глыбей на асноўную каштоўнасць і мэту спорту і гульняў – сюды адносяцца і гульні дзяцей – становіцца відавочным, што ўсе віды спорту, ці гэта футбол, кіданне дзіды або ёга, з'явіліся як сродак навучання неабходным жыццёвым навыкам. Вось чаму спорт разглядаецца як важная частка праграмы адукацыі, як фармальнай, так і нефармальнай.

Культурныя правы

Культурныя правы былі ўпершыню выкладзены ва Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ў артыкуле 27:
Кожны чалавек мае права свабодна ўдзельнiчаць у культурным жыццi грамадства, атрымліваць асалоду ад мастацтва і ўдзельнiчаць у навуковым прагрэсе i карыстацца яго перавагамі.

Абарона і прасоўванне культурных правоў мае важнае значэнне ў працэсе пашырэння магчымасцей асоб і супольнасцей. Прызнанне культурных правоў супольнасцей дапамагае ім павышаць пачуццё ўласнай годнасці і стымулюе захаванне традыцый, і пры гэтым іх паважаюць за традыцыі і каштоўнасці.

Паняцце «культура» не мае дакладнага вызначэння ў законе аб правах чалавека. Абарона культуры ў галіне правоў чалавека ахоплівае два паняцці. Па-першае, права людзей практыкаваць і працягваць сумесныя традыцыі і віды дзейнасці. Па-другое, абарона культуры ў міжнародным законе ахоплівае навуковыя, літаратурныя і мастацкія імкненні грамадства.8

З пункту гледжання Асацыяцыі па адукацыі ў галіне правоў чалавека, права на культуру ў заканадаўстве аб правах чалавека па сутнасці звязана з ушанаваннем і абаронай творчасці і традыцый чалавецтва. Права індывідуума карыстацца культурай і садзейнічаць прасоўванню культуры без умяшання дзяржавы – гэта права чалавека. Згодна з міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека ўрады таксама абавязаны садзейнічаць прасоўванню і захаванню культурнай дзейнасці і артэфактаў, асабліва тых, якія маюць агульнасусветную каштоўнасць. Культура лічыцца галоўным чынам станоўчым момантам у абсалютнай большасці праваабарончых дакументаў. Права на культуру ўключае розныя аспекты:
• права прымаць удзел у культурным жыцці
• права карыстацца перавагамі навуковага прагрэсу
• права асобы атрымліваць перавагі ад абароны маральных і матэрыяльных інтарэсаў, якія вынікаюць з любой навуковай, пісьмовай або мастацкай дзейнасці, аўтарам якой з'яўляецца гэта асоба
• права на свабоду ад умяшання дзяржавы ў навуковыя або творчыя віды дзейнасці.9
У міжнародных нормах у галіне правоў чалавека таксама абараняюцца і некаторыя іншыя аспекты культуры, напрыклад, права на шлюб і стварэнне сям'і, права на свабоднае выказванне меркаванняў, права на адукацыю, атрыманне і распаўсюджванне інфармацыі, права на адпачынак і вольны час і права на свабоду думкі, сумлення і рэлігіі.

Паколькі культура ўплывае на ўсе сферы жыцця чалавека, культурныя правы ілюструюць недзялімасць і ўзаемазалежнасць усіх правоў найбольш поўным чынам у параўнанні з іншымі правамі. … культурныя правы часта складаюць неад'емную частку іншых правоў.10 
Рэсурсны цэнтр па правах чалавека Ўніверсітэта Мінесоты

Пытанне: Якія іншыя правы чалавека звязаны з культурай?

Што датычыцца дзяцей, у КПД прадугледжваецца, што адукацыя дзіцяці павінна быць накіравана на «...развіццё асобы, талентаў, разумовых і фізічных здольнасцей дзіцяці ў поўнай меры», а ў артыкуле 31 ідзе гаворка пра права на адпачынак і вольны час, на ўдзел у гульнях і займальных мерапрыемствах, якія адпавядаюць яго ўзросту. Спорт і гульні – найважнейшая дзейнасць для асабістага і сацыяльнага развіцця, росту і дабрабыту дзяцей і маладых людзей.
У Міжнародным пакце аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах (МПЭСКП) 1966 года падкрэсліваецца значнасць культуры: «прызнаючы, што, паводле Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, ідэал свабодных людзей, якія не зведваюць страху і галечы, можа быць дасягнуты, толькі калі будуць створаны ўмовы, у якіх кожны можа карыстацца сваімі эканамічнымі, сацыяльнымі і культурнымі правамі, а таксама грамадзянскімі і палітычнымі правамі».

У Прынцыпах міжнароднага культурнага супрацоўніцтва, прынятых ЮНЕСКА (1966 г.), таксама заяўляецца, што шырокае распаўсюджванне культуры і выхаванне ў духу гуманнасці, свабоды і міру з'яўляюцца абавязковымі для годнасці чалавека. У артыкуле 1 заяўляецца:
1. Кожная культура валодае годнасцю і каштоўнасцю, якія трэба паважаць і захоўваць.
2. Развіццё культуры з'яўляецца правам і абавязкам кожнага народа.
3. Дзякуючы багатай разнастайнасці і ўзаемнаму ўплыву, усе культуры з'яўляюцца часткай агульнай спадчыны, якая належыць усяму чалавецтву.11

Усе культуры з'яўляюцца часткай агульнай спадчыны, якая належыць усяму чалавецтву.
ЮНЕСКА

У 2007 годзе важным крокам, які датычыўся ўдакладнення канцэпцыі культуры ў заканадаўстве аб правах чалавека, стала прыняцце Дэкларацыі аб правах карэнных народаў.12 У ёй сцвярджаецца, што карэнныя народы роўныя ўсім іншым народам, і пры гэтым прызнаецца права ўсіх народаў быць рознымі, лічыць сябе непадобнымі да іншых і быць паважанымі такімі, якія яны ёсць. Таксама заяўляецца, што ўсе народы ўносяць свой уклад у разнастайнасць і багацце цывілізацый і культур, што ўяўляе сабой агульную спадчыну чалавецтва.

Дэкларацыя аб правах карэнных народаў

Артыкул 8
1. Карэнныя народы і іх асобныя прадстаўнікі маюць права не падвяргацца прымусовай асіміляцыі або ўздзеянню з мэтай знішчэння іх культуры.
2. Дзяржавы забяспечваюць эфектыўныя сродкі для прадухілення і прававой абароны адносна:
a) любога дзеяння, якое ставіць сваёй мэтай ці вынікам пазбаўленне іх цэласнасці як самабытных народаў або іх культурных каштоўнасцей ці этнічнай прыналежнасці;

Артыкул 11
1. Карэнныя народы маюць права прытрымлівацца сваіх культурных традыцый і звычаяў і адраджаць іх. Сюды адносіцца права захоўваць, абараняць і развіваць былыя, цяперашнія і будучыя праявы іх культур, такіх як археалагічныя і гістарычныя аб'екты, помнікі матэрыяльнай культуры, дэкаратыўнае мастацтва, цырымоніі, тэхналогіі, выяўленчыя і выканаўчыя віды мастацтва і літаратура.

Ці могуць культурныя практыкі парушаць правы чалавека?

У Прынцыпах міжнароднага культурнага супрацоўніцтва, прынятых ЮНЕСКА, заяўляецца, што кожная культура мае годнасць і каштоўнасць, якія трэба паважаць і захоўваць. Што азначае гэты прынцып на практыцы?
Такія практыкі, як карыда, фанатычная падтрымка футбольнага клуба, ужыванне цёплага піва, паляванне на кітоў або выкарыстанне ў ежу каніны, могуць мець важнае значэнне для некаторых людзей або ўспрымацца як нешта бяссэнсавае ці нават абразлівае іншымі. Існуюць і іншыя практыкі, якія маюць больш значныя наступствы для правоў і годнасці людзей, напрыклад выкарыстанне смяротнага пакарання, традыцыі, звязаныя з палавым жыццём (або ўстрыманне ад яго) да шлюбу, нашэнне рэлігійных сімвалаў ці цялесныя пакаранні дзяцей.

Часта тое, як мы глядзім на іншых людзей, з'яўляецца прычынай іх замыкання ў самых вузкіх уласных перакананнях.
Амін Маалуф14

Пытанне: Ці трэба паважаць усе культурныя практыкі?

Арганізацыя Аб'яднаных Нацый заняла ў адносінах да гэтага выразную пазіцыю: адно права не можа выкарыстоўвацца для парушэння іншых правоў, што замацавана ва Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека:
[…] культурныя правы не могуць прымяняцца або тлумачыцца такім чынам, каб апраўдаць любое дзеянне, вынікам якога з'яўляецца адмова або парушэнне іншых правоў чалавека і асноўных свабод. Патрабаванне культурнага рэлятывізму ў якасці падставы для парушэння або адмаўлення правоў чалавека з'яўляецца парушэннем права на культуру.
Існуюць законныя, істотныя абмежаванні ў дачыненні да культурных практык, нават да традыцый, якія ўжо глыбока ўкараніліся. Напрыклад, сёння ніводная культура не можа законным чынам прэтэндаваць на права мець рабоў.
Нягледзячы на існаванне такой практыкі ў многіх культурах на працягу ўсёй гісторыі, сёння рабства не можа лічыцца законным, легальным ці быць часткай культурнай спадчыны, якая мае права на абарону ў любой форме. Наадварот, усе формы рабства, у тым ліку сучасныя практыкі, падобныя да рабства, з'яўляюцца істотным парушэннем правоў чалавека ў адпаведнасці з міжнародным правам.
Гэтак жа культурныя правы не павінны апраўдваць катаванні, забойствы, генацыд, дыскрымінацыю па прыкмеце полу, расы, мовы ці рэлігіі або парушэнне любых іншых усеагульных правоў чалавека і асноўных свабод, устаноўленых у міжнародным праве. Любыя спробы апраўдваць такія парушэнні са спасылкай на культуру з'яўляюцца неабгрунтаванымі згодна з міжнародным правам.13

Сярод негатыўных момантаў неабгрунтаваных заяў аб культурных правах – тое, што мы трапляем у пастку, звязаную з начэпліваннем на людзей ярлыкоў, «сартаваннем» у залежнасці ад іх культуры, што ў канчатковым выніку спрыяе захаванню стэрэатыпаў і забабонаў. Гэта асабліва характэрна для прадстаўнікоў культуры большасці, якія лічаць усе выбары, дзеянні або рашэнні членаў групы меншасці як нешта, звязанае з іх культурай, у той час як самі яны лічаць свае ўласныя дзеянні, выбары ці рашэнні як нешта, што зусім не абумоўлена ўплывам культуры і з'яўляецца аб'ектыўным.

У мяне ёсць права быць роўным, калі адрозненне ставіць мяне ніжэй за іншых, і права адрознівацца ад іншых, калі роўнасць ігнаруе якасці, якія вызначаюць мяне як асобу.
Баавентура Соўза Сантуш

Культурная разнастайнасць з'яўляецца натуральным вынікам спалучэння чалавечай годнасці і правоў чалавека ў поўным аб'ёме. Правы чалавека гарантуюць свабоду думкі, рэлігіі, веры, культурнага самавыяўлення, адукацыі і г. д. Аналагічным чынам улада большасці не можа быць выкарыстана для падаўлення правоў меншасцей, а культурныя правы меншасцей не могуць выкарыстаны для апраўдання парушэнняў правоў чалавека, незалежна ад таго, кім яны былі здзейснены – самой групай меншасцей ці групай большасці.
Павага да разнастайнасці павінна ажыццяўляцца ў рамках правоў чалавека, а не выкарыстоўвацца ў якасці падставы для дыскрымінацыі. Разнастайнасць магчыма толькі пры наяўнасці годнасці; роўнасць павінна існаваць разам з разнастайнасцю.

Спорт і правы чалавека

П’ер дэ Кубертэн – заснавальнік сучасных Алімпійскіх гульняў – лічыў, што спартыўныя падзеі ў цэлым і міжнародныя падзеі ў прыватнасці былі важнымі сродкамі для прасоўвання правоў чалавека:
спорт павінен мець відавочную ролю садзейнічання ўстойліваму міру, міжнароднаму разуменню ў духу ўзаемнай павагі паміж людзьмі розных паходжанняў, ідэалогій і перакананняў.

Ні ў адной з дэкларацый або пактаў аб абароне правоў чалавека не змяшчаецца канкрэтнага згадвання спорту. Тым не менш Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) сцвярджае ў Алімпійскай хартыі, што «заняткі спортам – права чалавека. Кожны чалавек павінен мець магчымасць займацца спортам без якой-небудзь дыскрымінацыі і ў алімпійскім духу».15

Удзел у спорце можа садзейнічаць прасоўванню правоў чалавека, дзякуючы фарміраванню агульных інтарэсаў і каштоўнасцей і навучанню сацыяльным навыкам, неабходным для развіцця дэмакратычнай грамадзянскасці. Спорт паляпшае сацыяльнае і культурнае жыццё, аб'ядноўваючы людзей і супольнасці. Спорт можа дапамагчы пераадолець адрозненні і заахвочваць дыялог і тым самым ліквідаваць забабоны, стэрэатыпы, культурныя адрозненні, невуцтва, нецярпімасць і дыскрымінацыю.

Спорт часта выкарыстоўваецца як першы крок у заахвочванні да ўдзелу ўразлівых і маргіналізаваных груп. Вулічны футбол выкарыстоўваецца ў многіх гарадскіх раёнах для ўстанаўлення кантактаў паміж маладзёжнымі работнікамі і сацыяльна ізаляванымі маладымі людзьмі. Чэмпіянат свету па футболе сярод бяздомных – гэта міжнародны футбольны турнір, у якім каманды складаюцца поўнасцю з бяздомных людзей. З 2003 года гэта мерапрыемства праводзіцца штогод. На афіцыйным вэб-сайце гэтай арганізацыі мы можам прачытаць, што «...даследаванне ўплыву Чэмпіянату свету па футболе сярод бяздомных у Капенгагене ў 2007 годзе яшчэ раз паказала значныя змены ў жыцці спартсменаў – 71 % спартсменаў адмовіліся ад наркотыкаў і алкаголю, знайшлі працу, жыллё, атрымалі прафесійную падрыхтоўку, адукацыю, наладзілі адносіны – і ўсё гэта працягваючы гуляць у футбол».16

Спартсмены як прыклады для пераймання

Галоўнае не перамога, а ўдзел.
Дэвіз Алімпійскіх гульняў

Спартсменамі часта захапляюцца ў сувязі з іх статусам, дасягненнямі, а часам і іх натхняльным шляхам да поспеху. Многія маладыя людзі бяруць з іх прыклад у барацьбе за сацыяльную справядлівасць і правы чалавека. Напрыклад, Ліліян Цюрам з'яўляецца спартсменам, які атрымаў больш за ўсё ўзнагарод у гісторыі французскай нацыянальнай футбольнай каманды, і ён вядомы сваёй барацьбой супраць расізму і ў абарону моладзі. Эрык Кантана – таксама вядомы былы футбаліст. Ён паходзіць з беднай імігранцкай сям'і і добра вядомы дзякуючы сваёй дзейнасці ў падтрымку бяздомных.

ААН абапіраецца на шэраг вядомых дзеячаў свету мастацтва, музыкі, кіно, літаратуры і спорту для прыцягнення ўвагі да сваёй дзейнасці і прасоўвання місіі гэтай арганізацыі.
Сярод такіх прыкладаў: футбаліст Ліянель Месі, пасол добрай волі ЮНІСЕФ; зорка тэніса Марыя Шарапава, пасол добрай волі Праграмы развіцця ААН (ПРААН) і спявачка Селін Дыён, артыст ЮНЕСКА ў імя міру.17

Спорт без межаў18

«Спорт без межаў» – гэта некамерцыйная арганізацыя, створаная групай атлетаў, якія прадстаўляюць розныя дысцыпліны спорту. Гэта арганізацыя займаецца абаронай правоў на гульню і ўдзел у спорце: кожнае дзіця, незалежна ад сацыяльна-эканамічнага становішча або ўмоў жыцця, павінна мець права на гульню і на ўдзел у спорце; арганізацыя садзейнічае прасоўванню адукацыі праз спорт, працуючы з групамі насельніцтва, якія знаходзяцца ва ўмовах рызыкі, тым самым спрыяючы барацьбе з няроўнасцю. Яе лозунг – «Салідарнасць – галоўным чынам калектыўны спорт».

www.playthegame.org

Парушэнні правоў чалавека, звязаныя са спортам

Выкарыстанне допінгу, які паляпшае спартыўныя вынікі, – гэта, верагодна, найбольш вядомае парушэнне чалавечай годнасці і здароўя. Існуюць таксама спрэчныя пытанні гарманальнага лячэння і секс-тэстаў для жанчын-атлетаў, што датычацца павагі да асобы, чалавечай годнасці і права на прыватнае жыццё. Спонсары могуць эксплуатаваць спартсменаў, а амбіцыйныя бацькі – дзяцей, якія дэманструюць раннія таленты. Інтэнсіўныя трэніроўкі і прымус спаборнічаць могуць прыводзіць да спартыўных траўмаў і ствараць рызыку для псіхічнага здароўя.
Спартыўныя магчымасці не заўсёды носяць усёахопны характар, яны часта суправаджаюцца дыскрымінацыяй у адносінах да жанчын, рэлігійных або культурных меншасцей ці іншых груп у дачыненні доступу да спартыўных аб'екатаў, напрыклад, заняткі футболам прапануюцца ў школах толькі хлопчыкам. Камерцыйны націск і інтарэсы могуць прыводзіць да такіх парушэнняў правоў чалавека, якія падрываюць годнасць і павагу да іншых людзей. Напрыклад, некаторыя спартсмены бяруць хабар для таго, каб здзейсніць «прафесійныя фалы» ў футболе ці арганізаваць дагаворныя матчы ў крыкеце.
Некаторыя парушэнні правоў чалавека звязаны з глабалізацыяй вытворчасці спартыўных тавараў. Напрыклад, пастаўшчыкоў спартыўнага адзення і абсталявання крытыкуюць за тое, што яны заключаюць кантракты з заводамі, дзе выкарыстоўваецца дзіцячая праца.

Пытанне: Ці ўсе віды спорту аднолькава даступныя ўсім маладым людзям?

Найбольш распаўсюджанымі выклікамі ў галіне правоў чалавека, звязанымі са спортам, з'яўляюцца роўнасць і недыскрымінацыя.
На шляху да эфектыўнага ажыццяўлення роўнасці ў доступе да спорту стаяць шматлікія эканамічныя, сацыяльныя і матэрыяльна-тэхнічныя бар'еры: наяўнасць спартыўных збудаванняў, магчымасць доступу да іх і прымальны кошт, пытанні аб прыняцці ў спартыўныя клубы і ўстановы, даступнасць да наведвання аб'ектаў і г. д. Нягледзячы на шырокае прызнанне інтэграцыйнай ролі спорту, многія маладыя людзі ў рэальнасці пазбаўлены доступу да спорту ў большасці краін.

Спорт і палітыка

Спорт ужо даўно выкарыстоўваўся як мірны сродак палітычных дзеянняў супраць несправядлівасці. У эпоху апартэіду многія краіны адмовіліся мець спартыўныя зносіны з Паўднёвай Афрыкай, што ўнесла значны ўклад у палітычныя перамены ў гэтай краіне. У 1992 годзе Саюзная Рэспублiка Югаславiя была заменена на Данію падчас Чэмпіянату Еўропы па футболе УЕФА з-за вайны паміж рэспублікамі былой Югаславіі.Аднак спортам могуць таксама злоўжываць у нацыяналістычных або палітычных мэтах.
Напрыклад, на Алімпійскіх гульнях у 1972 годзе ў Мюнхене восем палесцінцаў-тэрарыстаў напалі на месца размяшчэння ізраільскай каманды і захапілі заложнікаў. Падчас сутычкі было забіта два спартсмены, а дзевяць заложнікаў было забіта пасля няўдалай спробы выратаваць іх з боку нямецкай паліцыі. На працягу доўгага часу Алімпійскія гульні, у прыватнасці, выкарыстоўваліся дзяржавамі як форум для палітычных заяў. Напрыклад, Злучаныя Штаты Амерыкі разам з 65 іншымі дзяржавамі байкатавалі маскоўскія гульні 1980 года з-за ўвядзення савецкіх войскаў у Афганістан. Тады Савецкі Саюз і яго 15 саюзнікаў байкатавалі наступныя гульні ў Лос-Анджэлесе ў 1984 годзе з-за меркаванняў бяспекі і асцярогі таго, што будуць спробы прасіць палітычнае прыстанішча і што яно будзе забяспечана. А нядаўна выбар Пекіна як месца правядзення Алімпійскіх гульняў у 2008 годзе быў раскрытыкаваны з-за адсутнасці ў Кітаі дэмакратыі і парушэнняў правоў чалавека ў гэтай краіне.

Спорт і расізм

Расізм у спорце можа закранаць усе віды спорту і праяўляцца на розных узроўнях – у аматарскім спорце, на інстытуцыянальным і міжнародным узроўнях, а таксама ў СМІ. Асабліва ён можа праяўляцца на мясцовым узроўні, але не толькі, пры кантактах (па рэальных або ўяўных прычынах – колер скуры, рэлігія, нацыянальнасць або этнічнае паходжанне) паміж гульцамі, спартсменамі, камандамі, трэнерамі і гледачамі ці накіраваны супраць іх, а таксама супраць суддзяў.
Адказнасць за барацьбу з расізмам у спорце ляжыць на ўсіх, у тым ліку на дзяржаўных органах (заканадаўцах, судах, паліцыі, урадавых органах, якія адказны за спорт, і мясцовыя органы ўлады) няўрадавых арганізацыях (прафесійных і аматарскіх нацыянальных спартыўных асацыяцыях, клубах, мясцовых спартыўных аб'яднаннях, клубах прыхільнікаў спорту, арганізацыях гульцоў, асацыяцыях па барацьбе з расізмам і г. д.) і на асобных людзях.

Mondiali Antirazzisti

Гэта міжнародны футбольны турнір і вялікі фестываль, прысвечаны барацьбе з расізмам, які праводзіцца кожны год недалёка ад Балонні ў Італіі. Ён адкрыты для груп прыхільнікаў, антырасісцкіх арганізацый, асацыяцый імігрантаў, маладзёжных груп і ўсіх тых, хто любіць сумленную гульню ў футболе. Дадзены турнір не накіраваны на спаборніцтва і яго мэта – аб'яднаць людзей. Акрамя матчаў арганізуецца шмат іншых мерапрыемстваў, такіх як дыскусіі, семінары, паказы фільмаў, канцэрты і г. д.
http://www.mondialiantirazzisti.org

Пытанне: Ці трэба чалавеку, які падазраецца ў хуліганстве, забараняць паездкі ў іншую краіну для наведвання матчаў? Што можна сказаць аб праве гэтых людзей на свабоду перамяшчэння?

Культура і моладзь

Што адбываецца з нашай моладдзю?
Нашы маладыя людзі праяўляюць непавагу да старэйшых, не слухаюцца сваіх бацькоў. Яны ігнаруюць закон. Яны парушаюць грамадскі парадак на вуліцах, ахопленыя шалёнымі ідэямі. Іх маральныя прынцыпы знаходзяцца ў стане заняпаду. Што будзе з імі ў будучыні?
Платон, IV стагоддзе да н. э.

Мы часта абагульняем і гаворым пра культуру асобнай краіны, пры гэтым часам забываючы, што культура мае плюралістычны характар. Аналагічным чынам было б няправільна казаць і пра маладзёжную культуру як аб аднастайнай з'яве. У Еўропе тыя сацыяльныя і эканамічныя змены, якія мелі месца пасля Другой сусветнай вайны, прывялі да фарміравання маладзёжных субкультур. Моладзь са сваімі ўласнымі патрэбамі, ведамі, прынцыпамі, практыкамі, інтарэсамі, паводзінамі і марамі абнаўляе культуру, у якой яна расце, і робіць яе сваёй, пры гэтым некаторыя яе цалкам прымаюць, а іншыя ад яе адмаўляюцца.

Доступ да культурнай дзейнасці і ўдзел у ёй могуць стаць сродкам згуртаванасці і інтэграцыі і садзейнічаць актыўнай грамадзянскасці. Па гэтай прычыне гэтак важна, каб маладыя людзі мелі «доступ да культуры» або ў якасці спажыўцоў, напрыклад, бібліятэк, музеяў, оперных тэатраў або футбольных матчаў, або як вытворцаў, напрыклад, музыкі і відэафільмаў, або актыўных удзельнікаў у танцах або ў спорце.

Пытанне: Ці маюць усе грамадзяне ў вашай краіне роўны доступ да ўдзелу ў культурным жыцці грамадства?

Еўрапейскі маладзёжны форум з'яўляецца платформай еўрапейскіх маладзёжных арганізацый.
www.youthforum.org

Існуюць розныя спосабы садзейнічання доступу маладых людзей да культуры, напрыклад, прапанаванне зніжаных цэн, сезонных абанементаў, недарагіх форм падпіскі або бясплатнага наведвання музеяў, мастацкіх галерэй, оперы, тэатральных пастановак і сімфанічных канцэртаў. Доступ можа таксама заахвочвацца і праз адукацыйныя і забаўляльныя мерапрыемствы, напрыклад, шляхам фінансавай падтрымкі маладзёжных тэатральных груп і забеспячэння працы маладзёжных клубаў, грамадскіх цэнтраў, маладзёжных і культурных цэнтраў.
Перагледжаная Еўрапейская хартыя аб удзеле моладзі ў грамадскім жыцці на мясцовым і рэгіянальным узроўні рэкамендуе мясцовым і рэгіянальным органам улады «аказваць падтрымку арганізаваным сацыяльна-культурным мерапрыемствам – якія праводзяцца маладзёжнымі аб'яднаннямі і арганізацыямі, маладзёжнымі групамі і грамадскімі цэнтрамі – якія разам з сям'ёй, вучэбнай установай ці месцам працы з'яўляюцца адным са слупоў сацыяльнай згуртаванасці ў муніцыпалітэце або рэгіёне; яны ўяўляюць сабой ідэальныя каналы для маладзёжнага ўдзелу і рэалізацыі маладзёжнай палітыкі ў сферы спорту, культуры, рамёстваў і промыслаў, мастацкіх і іншых формаў творчасці і самавыяўлення, а таксама ў галіне грамадскай дзейнасці».
Калі зыходзіць з хартыі, сацыяльны і культурны ўдзел узаемазвязаны. Большасць маладзёжных арганізацый развіваюць сваю ўласную дзейнасць менавіта ў гэтым духу. Культура і спорт могуць быць і могуць не быць іх галоўнай мэтай, аднак яны існуюць і працуюць дзеля прасоўвання дабрабыту моладзі, які не можа быць рэалізаваны без сацыяльнага, культурнага і спартыўнага кампанента. Некаторыя маладзёжныя арганізацыі маюць непасрэдную сувязь з формамі ўдзелу ў культурным жыцці і міжкультурным абмену (напрыклад, Еўрапейская федэрацыя па міжкультурнай адукацыі, Моладзь за абмены і ўзаемаразуменне або Экуменічны савет моладзі ў Еўропе); іншыя больш засяроджваюцца на спорце, напрыклад, Міжнародная асацыяцыя па справах спорту і культуры або Еўрапейская спартыўная няўрадавая арганізацыя. І ўсе яны, асабліва мноства вялікіх і малых арганізацый, якія дзейнічаюць на мясцовым узроўні, даюць моладзі магчымасць стаць актыўным удзельнікам сацыяльнага і культурнага жыцця, а гэта значыць шмат больш, чым быць проста спажыўцамі культурнай прадукцыі, якая ствараецца іншымі.

Праца Савета Еўропы

Еўрапейская маладзёжная карта прапануе скідкі для моладзі на культурныя аб’екты, транспарт, пражыванне, пакупкі і паслугі ў многіх еўрапейскіх краінах.
www.eyca.org

Еўрапейская культурная канвенцыя19

Еўрапейская культурная канвенцыя была распрацавана ў 1954 годзе. «Мэта дадзенай Канвенцыі заключаецца ў тым, каб развіваць узаемаразуменне паміж народамі Еўропы і ўзаемную павагу да іх культурнай разнастайнасці, захоўваць еўрапейскую культуру, стымуляваць уклады асобных краін у агульную еўрапейскую культурную спадчыну, прытрымліваючыся аднолькавых асноўных каштоўнасцей, і заахвочваць, у прыватнасці, вывучэнне моў, гісторыі і цывілізацыі частак Канвенцыі. Канвенцыя ўносіць уклад у скаардынаваныя намаганні шляхам заахвочвання арганізацыі культурных мерапрыемстваў еўрапейскага значэння».

Мы павінны развіваць палітычную культуру на падставе правоў чалавека.
Нельсан Мандэла

Белая кніга па міжкультурным дыялогу

У 2008 годзе Камітэт міністраў Савета Еўропы выпусціў Белую кнігу па міжкультурным дыялогу Савета Еўропы – «Жыць разам у роўнай годнасці». У Савеце Еўропы міжкультурны дыялог разглядаецца як сродак прасоўвання інфармаванасці, узаемаразумення, прымірэння і талерантнасці, а таксама папярэджання канфліктаў і забеспячэння інтэграцыі і згуртаванасці грамадства. Белая кніга змяшчае розныя напрамкі для стымулявання міжкультурнага дыялогу, прапаганды ўзаемнай павагі і разумення, заснаваных на ключавых каштоўнасцях Арганізацыі. Міністры падкрэслілі важнасць забеспячэння належнай вядомасці Белай кнігі і заклікалі Савет Еўропы і яго дзяржаў-членаў, а таксама іншых адпаведных удзельнікаў прыняць адпаведныя наступныя меры на падставе рэкамендацый, якія змяшчаюцца ў Белай кнізе.

Антыдопінгавая канвенцыя

Антыдопінгавая канвенцыя – гэта базавы міжнародны юрыдычны інструмент у барацьбе супраць допінгу. Яна была адкрыта для падпісання ў 1989 годзе і на дадзены момант яе ратыфікавала 51 краіна. Канвенцыя вызначае адзіныя стандарты і нарматыўныя акты, згодна з якімі бакі павінны прыняць заканадаўчыя, фінансавыя, тэхнічныя, адукацыйныя і іншыя меры па барацьбе з допінгам у спорце.

Еўрапейская канвенцыя прадухілення гвалту і хуліганскіх паводзін гледачоў

Дадзеная канвенцыя накіравана на папярэджанне гвалту і парушэнняў парадку з боку гледачоў і ўсталяванне кантролю над гэтым, а таксама на забеспячэнне бяспекі гледачоў падчас спартыўных мерапрыемстваў. Канвенцыя была ратыфікавана 41 дзяржавай. Яна датычыцца ўсіх відаў спорту ў цэлым, але асабліва футбола. Канвенцыя абавязвае дзяржавы прымаць практычныя меры па папярэджанні гвалту і кантролі над ім. У ёй таксама ўстанаўліваюцца меры па выяўленні і прыцягненні да адказнасці правапарушальнікаў.

Паралімпійскія гульні
Паралімпійскія гульні – гэта спартыўныя спаборніцтвы для людзей з інваліднасцю, уключаючы тых, у каго ампутаваны канечнасці, людзей з парушэннямі зроку, паралітыкаў і людзей з цэрэбральным паралічом. Паралімпійскія гульні пачалі праводзіцца ў 1948 годзе, а з 1952 года яны праводзяцца ў алімпійскія гады. Зімовыя паралімпійскія гульні ўпершыню адбыліся ў 1976 годзе. Першыя сапраўдныя гульні, паралельныя з Алімпійскімі, адбыліся ў 1988 годзе ў Сеуле (Паўднёвая Карэя), дзе ў атлетаў была паралімпійская вёска і яны выкарыстоўвалі алімпійскія аб'екты для спаборніцтваў. Паралімпійскія гульні атрымалі прызнанне і падтрымліваюцца Міжнародным алімпійскім камітэтам (МАК) і кіруюцца Міжнародным паралімпійскім камітэтам (МПК).

На шляху да культуры правоў чалавека

Нягледзячы на тое, што ўсе мы маем зносіны самым розным чынам і ў рознай ступені ў рамках розных культур і субкультур, мы таксама з'яўляемся, перш за ўсё, людзьмі і ў гэтым сэнсе дзеючымі асобамі ў самай універсальнай культуры – культуры правоў чалавека. Гэта такая культура, дзе людзі ведаюць уласныя правы, а таксама правы іншых людзей і прытрымліваюцца іх, калі людзі нясуць адказнасць за ўласную годнасць і годнасць іншых людзей і дзейнічаюць кожны дзень такім чынам, каб гэта адпавядала прынцыпам правоў чалавека.
Гаворка не ідзе пра тое, каб ствараць новую культуру ці новую ідэалогію або філасофію, а пра аказанне падтрымкі кожнай культуры ў тым, каб уключыць прынцыпы правоў чалавека ў яе законы, палітычныя сістэмы і культурныя практыкі. Магчыма, найлепшы спосаб – гэта ўбачыць свет вакол сябе праз прызму правоў чалавека і дзейнічаць адпаведным чынам.23 Гэта неабходна, таму што абарона і прасоўванне правоў чалавека не з'яўляюцца нейкай асаблівасцю асобнай культуры, рэлігіі або народа: гэта тое, што павінна аб'яднаць нас усіх у нашай разнастайнай культурнай і ідэнтычнай прыналежнасці.

Заўвагі

1«Пакаленне змен, моладзь і культура», Дадатак, якія тычыцца моладзі, да даклада ЮНФПА «Стан народанасельніцтва свету», 2008 г.: www.unfpa.org/webdav/site/global/shared/documents/publications/2008/swp_youth_08_eng.pdf
ec.europa.eu/public_opinion/archives/ebs/ebs_334_fr.pdf
3 Эме Сезэр, марцінікскі пісьменнік, з выступлення на Сусветным кангрэсе пісьменнікаў і мастакоў афраамерыканскага паходжання ў Парыжы:  www.wsu.edu/gened/learn-modules/top_culture/quotations-on-culture
4 Этымалагічны слоўнік анлайн: www.etymonline.com/index.php?term=culture (traduction libre en français)
5 Заўвага агульнага парадку № 21 да арт. 15, параграфа 1 (a), Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, Камітэт па эканамічных, сацыяльных і культурных правах, 2009 г.
6 Даведнік T-Kit па асновах навучання, Савет Еўропы і Еўрапейская камісія, 2002 г.: www.youth.partnership-eu.coe.int/youth-partnership/publications/T-kits/6/Tkit_6_FR
7 Еўрапейская спартыўная хартыя, Савет Еўропы, 1993 г.
8 Асацыяцыі па адукацыі ў галіне правоў чалавека: www.hrea.org/index.php?base_id=157
www.un.org/en/documents/udhr/
10 Круг правоў, Цэнтр рэсурсаў па правах чалавека, раздзел 5, модуль 17: www1.umn.edu/humanrts/edumat/IHRIP/circle/modules/module17.htm
11 portal.unesco.org/en/ev.php-URL_ID=13147&URL_DO=DO_PRINTPAGE&URL_SECTION=201.html
12 www.un.org/esa/socdev/unpfii/documents/DRIPS_en.pdf
13 Эйтан-Шэнкер Дыяна, «Выклік, звязаны з правамі чалавека», Дэпартамент ААН па грамадскай інфармацыі DPI/1627/HR 1995: www.un.org/rights/dpi1627e.htm
14 Amin Maalouf, In the name of Identity: Violence and the need to belong, New York: Arcade Publishing 2000.
15 Алімпійская хартыя, Міжнародны алімпійскі камітэт, 2011 г.: www.olympic.org/Documents/olympic_charter_en.pdf
16 Дадатковую інфармацыю гл. на сайце: www.homelessworldcup.org/
17 Больш падрабязныя спісы гл. на сайце: www.un.org/sg/mop/gwa.shtml et http://portal.unesco.org/en/ev.php-URL_ID=4049&URL_DO=DO_TOPIC&URL_SECTION=201.html   
18 Дадатковую інфармацыю гл. на сайце: www.sportsansfrontieres.org
19 conventions.coe.int/Treaty/Commun/QueVoulezVous.asp?NT=018&CL=FRE&NT=018
20 www.coe.int/t/dg4/intercultural/Source/Pub_White_Paper/White%20Paper_final_revised_FR.pdf
21 http://conventions.coe.int/Treaty/Commun/QueVoulezVous.asp?CL=FRE&NT=135
22 http://conventions.coe.int/Treaty/Commun/QueVoulezVous.asp?CL=FRE&NT=120
23 Цікавая дыскусія вакол гэтага пытання адбылася на форуме, прысвечаным адукацыі ў галіне правоў чалавека: www.hrea.org/lists/hr-education/markup/msg01188.html

Image: Theme 'Culture and sport' by Pancho

КОМПАС

Дапаможнік па адукацыі ў галіне правоў чалавека з удзелам моладзі

Web Content Display

Key Date
  • 21 FebruaryInternational Mother Language Day
  • 21 MarchWorld Poetry Day
  • 23 AprilWorld Book and Copyright Day
  • 3 MayWorld Press Freedom Day
  • 21 MayWorld Day for Cultural Diversity for Dialogue and Development
  • 28 MayEuropean Neighbours Day
  • 9 AugustInternational Day of Indigenous People
  • 12 AugustInternational Youth Day
  • 1 OctoberInternational Day of Older Persons
  • 1 OctoberInternational Music Day
  • 25 OctoberInternational Artists Day
  • 11 NovemberInternational Day of Science and Peace
  • 21 NovemberWorld Television Day