Я ведаю, што не бачу рэчы такімі, якія яны ёсць; я бачу рэчы такімі, якімі я іх бачу.

Лорал Лі1

Агляд

Гэта вельмі простае практыкаванне для правядзення на вольным паветры, падчас якога ўдзельнікі могуць выйсці і даследаваць мясцовасць чужымі вачыма.

Звязаныя правы

Усе правы.

Мэты

• Павысіць дасведчанасць аб няроўнасці ў грамадстве
• Развіць навыкі назірання і фантазіі
• Садзейнічаць умацаванню салідарнасці і матывацыі да працы ў імя справядлівасці

Матэрыялы

• Акуляры. Старыя акуляры, набытыя ў краме сэканд-хэнд ці на рынку, або проста аправа без шкла
• Вялікія аркушы паперы і ручкі
• Старыя часопісы, паштоўкі, кавалачкі паперы для калажу, клей
• Скотч для замацавання фотаздымкаў
• Лічбавы фотаапарат ці мабільны тэлефон, які дазваляе рабіць фотаздымкі, у ідэале па адным на кожнага ўдзельніка ці адзін або некалькі для ўсёй групы
• Камп’ютар і прынтар

compass-key-date
  • Другі чацвер кастрычнікаСусветны дзень зроку

Інструкцыі

1. Разам з групай правядзіце мазгавы штурм, прысвечаны людзям, якія адносяцца да тых ці іншых уразлівых груп або жывуць на мяжы адчужанасці; гэта могуць быць, напрыклад, асобы з інваліднасцю ці людзі, якія не маюць жылля.
2. Папрасіце кожнага ўдзельніка выбраць аднаго такога чалавека, які яго зацікавіў, і растлумачце яму, што ў рамках практыкавання трэба будзе выйсці на вуліцу і даследаваць мясцовасць вачыма такога чалавека.
3. Падкрэсліце, што справа не ў тым, каб сыграць ролю, а ў тым, каб выйсці на вуліцу і ўявіць сабе, як гэта – быць іншым чалавекам. Як бы ўдзельнікі адчулі сябе на месцы гэтага чалавека? Напрыклад, ці могуць такія людзі карыстацца ўсімі выгодамі? Дзе яны могуць купіць хлеб (калі могуць сабе гэта дазволіць)? Дзе яны жывуць?
4. Раздайце акуляры, калі яны ў вас ёсць! Скажыце ўдзельнікам, што, пакуль яны будуць гуляць па ваколіцы, яны павінны рабіць фотаздымкі з дапамогай лічбавых камер або мабільных тэлефонаў у якасці матэрыялаў для далейшай працы. Узгадніце з усімі час вяртання.
5. Пасля вяртання папрасіце кожнага ўдзельніка перакінуць свае фотаздымкі на камп’ютар, а потым выбраць дзве, тры ці чатыры, раздрукаваць іх, прыклеіць да вялікага аркуша паперы і размясціць на сцяне. Фотаздымкі павінны заставацца без назвы.
6. Калі ўсе фотаздымкі будуць размешчаны на сценах, папрасіце кожнага паспрабаваць адгадаць, якія групы на іх прадстаўлены; потым папрасіце кожнага ўдзельніка па чарзе прадставіць свае фотаздымкі і растлумачыць, чаму яго зацікавіла гэта канкрэтная група, вачыма якой ён/яна/яны хацелі «ўбачыць свет».

1У Лорал Лі, якая сказала: «Я ведаю, што не бачу рэчы такімі, якія яны ёсць; я бачу рэчы такімі, якімі я іх бачу», – знайшлі рак, калі ёй было дваццаць дзевяць гадоў. Насуперак прагнозам урачоў, пасля гэтага яна пражыла яшчэ дваццаць гадоў і выхавала траіх дзяцей, падарожнічала і пісала. У яе выпадку нежаданне бачыць рэчы такімі, якія яны ёсць, было натхненнем. У іншых умовах гэта было б глупствам.

Аналіз і ацэнкаGoto top

Пачніце з агляду выставы, а потым папрасіце ўдзельнікаў па чарзе распавесці, што яны перажылі і што бачылі.

  • Што здарылася? Ці спадабалася вам гэтае практыкаванне? Чаму?
  • Што было самым дзіўным з таго, што вы для сябе адкрылі?
  • Чаму вы выбралі менавіта гэты прыклад?
  • Якія прадузятасці або стэрэатыпы былі ў вас пра чалавека, якога вы выбралі? Які ўплыў яны аказалі на тое, як вы выконвалі практыкаванне, і на тое, што менавіта вы вырашылі «ўбачыць»?
  • Ці абудзіла гэта практыкаванне ў вашым сэрцы якое-небудзь спачуванне да чалавека, які апынуўся на мяжы адчужэння? Чаму?
  • Што новага вы даведаліся пра сябе?

Цяпер перайдзіце да абмеркавання некаторых больш агульных пытанняў:

  • «Я ведаю, што не бачу рэчы такімі, якія яны ёсць; я бачу рэчы такімі, якімі я іх бачу». Якое ўздзеянне аказваюць нашы стэрэатыпы і перакананні на тое, якім мы бачым свет вакол нас?
  • Адкуль мы бяром інфармацыю аб маргінальных і ўразлівых групах?
  • Наколькі рызыкоўна рабіць здагадкі пра нейкага чалавека на падставе агульных уяўленняў пра групу ў цэлым?
  • Наколькі рызыкоўна рабіць высновы пра нейкую групу на падставе аднаго-двух прыкладаў?
  • Якія правы чалавека канкрэтна абараняюць людзей з уразлівых груп або тых, якія жывуць на мяжы адчужэння, якіх ідэнтыфікавалі ўдзельнікі практыкавання?
  • Як часцей за ўсё парушаюцца правы гэтых людзей?
  • Наколькі лёгка ім адстойваць свае правы?
  • Хто павінен несці адказнасць за тое, каб іх правы не парушаліся ці каб яны маглі імі скарыстацца?

Парады для фасілітатараGoto top

Вы можаце выканаць гэта практыкаванне ў якасці ўступнага або асноўнага. У ходзе занятку яно можа стаць своеасаблівым перапынкам на адпачынак, калі ўдзельнікі змогуць выйсці падыхаць свежым паветрам, або спосабам правесці вольны час.
Інструкцыі прадугледжваюць індывідуальную працу ўдзельнікаў, але практыкаванне можа быць выканана і ў малых групах. Арганізуйце практыкаванне з улікам розных практычных меркаванняў, такіх як памер групы і наяўнасць фотакамер. Майце на ўвазе, што ўдзельнікам спатрэбіцца час, каб прадставіць свае фотаздымкі, таму ў залежнасці ад памеру групы абмяжуйце колькасць здымкаў, якую кожны ўдзельнік можа выбраць для выстаўкі.
Прыкладамі людзей з уразлівых груп насельніцтва могуць стаць адзінокая маці з маленькімі дзецьмі, пенсіянер, імігрант, чалавек у інвалідным вазку або ВІЧ-пазітыўны чалавек. 

Прыкладамі людзей на мяжы адчужэння могуць стаць бяздомныя людзі, непісьменныя людзі, людзі з псіхічнымі парушэннямі або члены рама супольнасці. Усё гэта – прыклады груп людзей, якія пазбаўлены магчымасцяў, даступных для большасці. Усе людзі з уразлівых або маргіналізаваных груп часта падвяргаюцца якой-небудзь дыскрымінацыі, напрыклад у тым, што тычыцца доступу да годнага жылля і да працы, менавіта з-за сітуацыі, у якой яны апынуліся.

Вельмі важна, каб удзельнікі разумелі, што яны не могуць ігнараваць той факт, што бачаць свет на свае вочы, але ў той жа час яны павінны ўявіць сабе, што значыць быць чалавекам, які жыве на перыферыі грамадства. Яны мусяць ведаць, што, прыходзячы на заняткі са сваімі ранейшымі стэрэатыпамі і сімпатыямі, яны рызыкуюць умацаваць у сабе скажоныя ці памылковыя перакананні.

Яны таксама павінны разумець, што стэрэатыпы – гэта (карысныя) абагульненні пра групу людзей, але імі трэба карыстацца асцярожна, таму што ў межах групы бывае вялікая варыяцыя і абагульненні нельга прымяніць да кожнага чалавека. Дадатковую інфармацыю аб стэрэатыпах можна атрымаць у раздзеле «Дыскрымінацыя і нецярпімасць».

ВарыянтыGoto top

Інструкцыі прадугледжваюць індывідуальную працу ўдзельнікаў, але практыкаванне можа быць выканана і ў малых групах у залежнасці ад колькасці фотакамер ці мабільных тэлефонаў, даступных для здымання.

Замест таго, каб рабіць асобныя плакаты, усе здымкі можна аб'яднаць і зрабіць агульную выстаўку або слайд-шоу пад назвай «Жыццё на задворках грамадства».

Замест таго, каб рабіць фотаздымкі, папрасіце ўдзельнікаў, каб пасля вяртання яны расказалі выдуманую гісторыю пра нейкага чалавека або паказалі яе ў форме пантамімы.

Калі вы хочаце, каб удзельнікі зразумелі, як гэта – жыць па-іншаму, глядзець на свет іншымі вачыма і ісці іншым шляхам, то дайце ім новыя акуляры і новы абутак! У розных мовах існуюць розныя выразы, каб прапанаваць людзям паспрабаваць уявіць сябе іншым чалавекам і перажыць спачуванне да іншага чалавека.

У тым выглядзе, як яно апісана, практыкаванне рэкамендуе ўдзельнікам уявіць сабе, як жыве чалавек, які знаходзіцца ва ўразлівым або маргінальным становішчы, а потым выйсці і паспрабаваць паглядзець на свет яго вачыма. У якасці альтэрнатывы можна выйсці і паназіраць, а потым уключыць фантазію і прыдумаць астатняе. Растлумачце, што ў нашым паўсядзённым жыцці мы вельмі заняты і ўвогуле не звяртаем увагі на іншых людзей. Цяпер жа ім трэба будзе глядзець вельмі ўважліва! Скажыце ўдзельнікам, каб яны выйшлі ў горад, за 5 хвілін выбралі каго-небудзь і пайшлі за ім. Падкрэсліце, што зрабіць гэта трэба непрыкметна і не турбаваць абранага чалавека. Гэта можа быць любы, хто выглядае «незвычайна», пажадана такі чалавек, чыё жыццё вельмі моцна адрозніваецца ад жыцця ўдзельніка. Скажыце ўдзельнікам, што ім трэба запомніць самае першае ўражанне пра гэтага чалавека і прычыну, па якой яны вырашылі выбраць менавіта яго. Далей ім трэба пайсці за сваім аб'ектам, уважліва назіраць за ім/ёй, спрабаваць уявіць сабе, хто ён/яна, і намаляваць агульную карціну яго/яе жыцця, напрыклад:

  • Якое ў яго/яе можа быць імя?
  • Колькі яму/ёй гадоў?
  • Чым ён/яна займаецца?
  • Куды ён/яна ідзе?
  • Дзе ён/яна жыве?
  • Ці ёсць у яго/яе партнёр або сям'я, ці ён/яна адзінокі(-ая)?
  • Ці мае ён/яна праца? Кім ён/яна працуе? Ці ён/яна беспрацоўны(-ая)?
  • Што можа зрабіць яго/яе шчаслівым(-ай)?
  • Ці ёсць у яго/яе хобі? Калі ёсць, то якое?
  • Што яму/ёй падабаецца з ежы і напіткаў?

Дагаварыцеся, што, напрыклад, праз 30 хвілін усе вернуцца, каб падзяліцца сваім вопытам. Яны могуць распавесци пра жыццё абранага імі чалавека словамі або з дапамогай фотаздымкаў.

Магчыма, вы захочаце выкарыстаць ролі, пералічаныя ў практыкаванні «Зрабі крок наперад». Гэта магло б стаць добрым увядзеннем у практыкаванне або яго працягам.

Прапановы па далейшай працыGoto top

З дапамогай практыкавання «Зрабі крок наперад» вы можаце зразумець, якім чынам няроўнасць магчымасцяў уплывае на жыццё людзей.
Практыкаванне «Аповесць пра два гарады» дазваляе даследаваць пытанне аб тым, як абраныя намі спосабы фінансавання сацыяльнага забеспячэння ўплываюць на жыццё супольнасці.

Калі чалавек аказваецца на задворках грамадства, то для выхаду з гэтага становішча яму патрэбна праца з належным заробкам. Знайсці яе можа быць цяжка, калі вы, напрыклад, чалавек з інваліднасцю або імігрант. Вы можаце азнаёміцца з некаторымі такімі сітуацыямі, звярнуўшыся да практыкавання «Я хачу працаваць».

Ідэі для дзеянняGoto top

Выканайце гэта практыкаванне з сям'ёй, сябрамі ці калегамі і пачніце абмеркаванне правоў чалавека.
Вы таксама можаце праверыць свае прадстаўленні пра маргінальныя пласты насельніцтва, арганізаваўшы сустрэчу з яго прадстаўніком, напрыклад, праз праект «Жывая бібліятэка» або, калі вас цікавяць бяздомныя і бежанцы, наведаўшы прытулак або цэнтр размяшчэння асоб у пошуках прытулку. Таксама вы можаце звязацца з актывістам маладзёжнай арганізацыі або з сацыяльным работнікам, які займаецца маргіналізаванымі групамі насельніцтва, і папрасіць іх расказаць пра сапраўднае жыццё людзей, з якімі яны працуюць.

Дадатковая інфармацыяGoto top

У кантэксце гэтага практыкавання мы выкарыстоўваем тэрмін «уразлівыя групы (асобы)», які азначае людзей, якія не заўсёды ў стане пракарміць сябе, не з'яўляюцца самадастатковымі або вымушаны спадзявацца на фінансавую падтрымку. Таму яны жывуць у беднасці. У якасці прыкладаў можна прывесці адзінокіх маці, імігрантаў ці асоб з інваліднасцю. Людзі часта з'яўляюцца «ўразлівымі», таму што асноўная частка грамадства паводзіць сябе такім чынам, які ставіць іх у такое становішча. Гэтыя людзі і групы лічаць сябе ўразлівымі, таму што яны пазбаўлены доступу да аховы здароўя, адукацыі, інфармацыі і працаўладкавання ў параўнанні з асноўнай часткай грамадства. Людзі з уразлівых груп могуць таксама адчуваць недахоп самастойнасці, матывацыі, адказнасці і павагі да сябе. Бар'еры на шляху да самазабеспячэння могуць уключаць адсутнасць рэсурсаў, напрыклад адсутнасць працы, капіталу або даступнага грамадскага транспарту для людзей з інваліднасцю. Яшчэ адным бар’ерам з’яўляецца недаступнасць: кошт, дрэнная планіроўка, адлегласць, адсутнасць рэкламы і ўвагі грамадства да праблем канкрэтнай групы. Рэсурс таксама можа быць недаступным, калі ён не падабаецца, непрыемны для пэўнай групы або не адпавядае яе каштоўнасцям. Пры гэтым «уразлівыя» не абавязкова жывуць на «задворках грамадства» або на мяжы адчужэння.

Калі мы выкарыстоўваем тэрмін «задворкі грамадства», мы маем на ўвазе канцэптуальнае, а не фізічнае месцазнаходжанне. Па сутнасці людзі, якія жывуць на задворках грамадства, выключаны з удзелу ў грамадскім жыцці. Прыкладамі людзей, якія жывуць на задворках або перыферыі грамадства, могуць стаць зняволеныя, бяздомныя людзі, людзі з псіхічнымі парушэннямі ці пэўныя групы, напрыклад рама. Бяздомны чалавек, напрыклад, не зможа зарэгістравацца для галасавання, таму што ў яго няма паштовага адраса. Гэта можа азначаць, што такія людзі губляюць права на галасаванне па ключавых пытаннях, якія могуць закранаць іх жыццё; яны застаюцца па-за межамі грамадства, таму што ім не даюць магчымасці паўплываць на тое, як імі будуць кіраваць і якія паслугі ім будуць аказваць. Іншым прыкладам уразлівага чалавека можа быць непісьменны чалавек, які становіцца ізгоем, таму што не ў стане запоўніць бланк скаргі або заявы на працу.

Ідэя «Жывой бібліятэкі» ўзнікла ў Даніі ў 2000 годзе і ў цяперашні час прасоўваецца Саветам Еўропы ў кнізе пад назвай «Не судзіце пра кнігу па яе вокладцы!». «Жывая бібліятэка» працуе гэтак жа, як і звычайная бібліятэка: чытачы прыходзяць і пазычаюць «кнігу» на абмежаваны перыяд часу. Пасля прачытання яны вяртаюць кнігу ў бібліятэку і пры жаданні могуць узяць іншую. Існуе толькі адно адрозненне: кнігі ў «Жывой бібліятэцы» – гэта людзі, і яны ўступаюць у дыялог з чытачамі. Такія кнігі ў «Жывой бібліятэцы» прадстаўляюць групы, якія сутыкаюцца з забабонамі і стэрэатыпамі і нярэдка становяцца ахвярамі дыскрымінацыі і сацыяльнай ізаляцыі.

Для далейшага азнаямлення з пытаннямі дыскрымінацыі і праблемамі, якія патрабуюць сацыяльнага дзеяння, можна прачытаць кнігу Стывена Е. Маера, доктара філасофіі, пад назвай «Што такое ўразлівыя групы?», даступную на сайце www.effectivecommunities.com/articles

Заўвага.

Гэта практыкаванне было распрацавана на аснове ранейшага, якое было створана і апрабавана ўдзельнікамі навучальнага курса «Навучанне правам чалавека і нефармальнасць: як вы будзеце дзейнічаць у нефармальныя часы і моманты з пункту гледжання адукацыі ў галіне правоў чалавека?», арганізаванага Асацыяцыяй «Інтэркультура» (Дзінан, Францыя, май 2009 года). Гэта практыкаванне ўлічвае вопыт работы з ідэямі групы «Тэорыя выбуху» і звязанага з ёю праекта «Вершнік сказаў».
http://www.blasttheory.co.uk

Goto top