Што важней: мець дом, ежу і прадметы першай неабходнасці або мець магчымасць сказаць тое, што хочаш?

Агляд

• У гэтым практыкаванні-дыскусіі ўдзельнікі літаральна «ўстаюць сцяной», адстойваючы сваё меркаванне.

Звязаныя правы

 Усе правы чалавека

Мэты

• Зразумець адрозненні паміж грамадзянскімі і палітычнымі правамі, а таксама сацыяльнымі і эканамічнымі правамі
• Прымяніць і развіць навыкі вядзення дыскусіі і аргументацыі
• Абудзіць пачуццё павагі і адкрытасці новаму

Матэрыялы

• Адзін экзэмпляр старонкі са сцверджаннямі
• Вялікія аркушы паперы або папера для фліпчарта, ручкі
• Шнурок або крэйда (па жаданні)
• Ксеракопіі скарочанага тэксту Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (УДПЧ)
• Дастаткова прасторы для свабоднага перамяшчэння

Падрыхтоўка

• Падрыхтуйце 2 плакаты: адзін з надпісам «Я згаджаюся», другі – з надпісам «Я не згаджаюся», і прымацуйце іх на падлозе ў процілеглых канцах пакоя так, каб удзельнікі маглі выстраіцца ў прамую лінію паміж імі (можна правесці лінію крэйдай або працягнуць шнурок).
• Даведайцеся, чаму людзі кажуць аб падзеле правоў на «пакаленні», а таксама пра дзве катэгорыі правоў: грамадска-палітычныя і сацыяльна-эканамічныя. (Гл. раздзел «Парады для фасілітатараў» ніжэй і главу 4)

Key Date
  • 5 снежняМіжнародны дзень добраахвотнікаў у імя эканамічнага і сацыяльнага развіцця

Інструкцыі

1. Пачніце практыкаванне з кароткага тлумачэння адрозненняў паміж грамадска-палітычнымі і сацыяльна-эканамічнымі правамі.
2. Вылучыце пяць хвілін на мазгавы штурм для размеркавання розных правоў па гэтых катэгорыях. Напішыце спісы правоў на фліпчарце: у адным слупку грамадска-палітычныя правы, у другім – сацыяльна-эканамічныя.
3. Растлумачце, што цяпер вы зачытаеце шэраг сцверджанняў, з якімі ўдзельнікі могуць згадзіцца ў большай ці меншай ступені.
4. Звярніце ўвагу ўдзельнікаў на два плакаты з процілеглымі выказваннямі: «Я згаджаюся» і «Я не згаджаюся». Растлумачце ўдзельнікам, што яны могуць стаць на любым месы ўздоўж (уяўнай) лініі, але павінны пастарацца заняць месца як мага бліжэй да тых, чыё меркаванне максімальна супадае з іх меркаваннем. Удзельнікам дазваляецца коратка перагаворвацца, пакуль яны шукаюць сабе месцы.
5. Па чарзе зачытайце сцверджанні.
6. Заклікайце ўдзельнікаў абдумаць і абмеркаваць свае рашэнні. Папрасіце ўдзельнікаў, якія займаюць крайнія пазіцыі, растлумачыць, чаму яны сталі менавіта там. Спытайце тых, якія стаяць у цэнтры, што азначае яго пазіцыя: адсутнасць цвёрдага меркавання або адсутнасць адпаведных ведаў.
7. Дазвольце ўдзельнікам мяняць свае пазіцыі пасля таго, як яны выслухаюць довады іншых.
8. Пасля таго як вы абмяркуеце ўсе сцверджанні, збярыце ўсіх разам для аналізу.

Аналіз і ацэнкаGoto top

Спачатку абмяркуйце ход практыкавання, а потым спытайце, пра што новае даведаліся ўдзельнікі.
• Ці былі такія пытанні, на якія ўдзельнікі не маглі адказаць – або з-за таго, што ім цяжка было зрабіць выбар, або з-за незразумелай фармуліроўкі пытання?
• Чаму людзі мянялі свае пазіцыі ў ходзе дыскусіі?
• Ці стала нечаканасцю для ўдзельнікаў ступень іх рознагалосся па разгляданых пытаннях?
• Ці мае значэнне той факт, што меркаванні аб правах чалавека разыходзяцца?
• Ці лічыце вы, што існуюць «правільныя» або «няправільныя» адказы на розныя сцверджанні, або гэта пытанне асабістага меркавання?
• Ці можна чакаць, што калі-небудзь усе прыйдуць да адзінага меркавання па правах чалавека?
• Ці маецца прынцыповая розніца паміж (першымі) двума пакаленнямі правоў чалавека: грамадска-палітычнымі правамі і сацыяльна-эканамічнымі? Ці можна сказаць, якія з іх важней?
• Ці патрэбны нам яшчэ нейкія правы? Ці можа быць трэцяе пакаленне правоў чалавека?

Парады для фасілітатараўGoto top

Вы можаце правесці асноўную частку практыкавання адносна хутка, не даючы шмат часу для абмеркавання паміж рознымі пунктамі, а пасля выбраць два ці тры сцверджанні і абмеркаваць іх больш падрабязна з усёй групай. Але мае сэнс спыніць практыкаванне ў пэўны момант, каб даць людзям магчымасць падумаць і пра некаторыя са сцверджанняў, і пра іх стаўленне да пазіцый іншых.

Гэта практыкаванне ахоплівае ўсе правы чалавека, але асаблівая ўвага надаецца сацыяльна-эканамічным правам, такім як права на працу, адпачынак, ахову здароўя і дастатковы жыццёвы ўзровень.

Прыведзеныя ніжэй сцверджанні сфармуляваны такім чынам, каб распачаць абмеркаванне ў кантэксце сучасных дэбатаў пра розніцу паміж грамадска-палітычнымі і сацыяльна-эканамічнымі правамі. У пачатку практыкавання няма неабходнасці паглыбляцца ў падрабязнасці, бо ў ходзе дыскусіі павінна з’явіцца шмат ідэй.

Аднак у якасці ўступлення можна спыніцца на двух момантах. Першы заключаецца ў тым, што дзве гэтыя групы правоў адрозніваюцца тым, што грамадска-палітычныя правы ўяўляюць сабой тыя маральныя патрабаванні, якія мы прад’яўляем ураду па грамадзянскіх і палітычных пытаннях, уключаючы права на справядлівы судовы разбор, права голасу, права на выказванне свайго меркавання і г. д., тады як сацыяльна-эканамічныя правы – гэта патрабаванні, звязаныя з сацыяльнымі і эканамічнымі пытаннямі, такімі як адсутнасць жылля, дрэннае медыцынскае забеспячэнне, беднасць і г. д.

Другі момант, на які варта звярнуць увагу ўдзельнікаў, заключаецца ў тым, што некаторыя бачаць прынцыповае адрозненне паміж рознымі катэгорыямі правоў. Многія сцвярджаюць, што сацыяльна-эканамічныя правы менш важныя, чым грамадска-палітычныя, і (або) іх складаней гарантаваць.

Падчас правядзення мазгавога штурму вы можаце раздаць удзельнікам копіі скарочанай версіі УДПЧ (старонка 600), каб асвяжыць яе ў памяці, ці ж зачытаць некаторыя з яе артыкулаў і папрасіць удзельнікаў аднесці іх да правільнай катэгорыі. Лічыцца, што артыкулы 16 і 22–29 у цэлым апісваюць сацыяльна-эканамічныя правы.

ВарыянтыGoto top

Падрыхтуйце іншыя сцверджанні або папрасіце членаў групы прыдумаць свае.

Прапановы па далейшай працыGoto top

Арганізуйце афіцыйныя дэбаты па адным з пытанняў, папрасіўшы ўдзельнікаў загадзя падрыхтаваць аргументы, а ў завяршэнне правядзіце галасаванне. Можаце запрасіць на гэтыя дэбаты іншых маладых людзей ці прадстаўнікоў грамадскасці.

Важна мець веды аб правах чалавека, але калі мы хочам забяспечыць гарантыі гэтых правоў, то неабходна быць яшчэ і актыўным грамадзянінам. Вам можа спадабацца практыкаванне «Выбірай!», прысвечанае таму, як пераканаць астатніх у правільнасці свайго меркавання.
У размове аб правах чалавека трэба старанна падбіраць словы і думаць пра тое, як яны будуць успрыняты. Напрыклад, трэба старанна выбіраць, што сказаць: «гей» або «гомасексуаліст», «людзі з абмежаванымі магчымасцямі», «інваліды» або «людзі з інваліднасцю». Магчыма, група захоча абмеркаваць пытанні паліткарэктнасці і прымальнай мовы на аснове практыкавання «Белая будучыня» з навучальнага пакета «Усе роўныя – усе розныя».

Ідэі для дзеянняGoto top

Звяжыцеся з мясцовай арганізацыяй, якая займаецца пытаннямі правоў чалавека або сацыяльнага забеспячэння, і высветліце, які ўклад у яе працу вы можаце зрабіць.

Дадатковая інфармацыяGoto top

У главе 4 дапаможніка ёсць даведачная інфармацыя аб розных пакаленнях правоў, у тым ліку ўводзіны да правоў «трэцяга пакалення».

Раздатачныя матэрыялыGoto top

PDFDownload as PDF

Спіс сцверджанняў

• Важней мець дом, ежу і прадметы першай неабходнасці, чым мець магчымасць сказаць тое, што хочаш.
• Праца – гэта абавязак, а не права чалавека.
• Самы галоўны абавязак любога ўрада заключаецца ў тым, каб накарміць усіх сваіх грамадзян.
• Права на «адпачынак і вольны час» – гэта раскоша, даступная толькі багатым.
• Не ўрад павінен клапаціцца пра тое, каб людзі не галадалі, а самі людзі!
• Для міжнароднай супольнасці не павінна мець значэнне, як мы абыходзімся са сваімі працаўнікамі.
• Бедныя краіны павінны ў першую чаргу забяспечыць базавы ўзровень жыцця для ўсіх, а ўжо пасля клапаціцца аб палітычных і грамадзянскіх правах сваіх народаў.
• Вельмі вялікая эканамічная няроўнасць з’яўляецца парушэннем асноўных правоў.
• Сацыяльна-эканамічныя правы апісваюць ідэал будучыні, але сучасны свет яшчэ не гатовы іх гарантаваць.
• Калі правы нельга гарантаваць, то ў іх няма ніякага сэнсу.
• Некаторыя правы важнейшыя за іншых.
• Так атрымліваецца, што ў некаторых людзей правоў больш, чым у іншых.
• Некаторыя людзі самі вырашылі стаць бяздомнымі.
• Багатыя больш шчаслівыя, чым бедныя.
• Немагчыма цалкам выкараніць беднасць.
• Мы не нараджаемся з правамі, мы іх атрымліваем.

КОМПАС

Дапаможнік па адукацыі ў галіне правоў чалавека з удзелам моладзі