Усё пачынаецца з правоў іншага чалавека і майго бясконцага абавязку іх паважаць.

Эмануэль Левінас

Агляд

Мы ўсе роўныя, але некаторыя больш роўныя за іншых. У гэтым практыкаванні ўдзельнікі бяруць на сябе пэўныя ролі і далей дзейнічаюць у залежнасці ад шанцаў і магчымасцей, якія ім выпадаюць у жыцці.

Звязаныя правы

• Права на роўнасць чалавечай годнасці і правоў
• Права на адукацыю
• Права на стандартны ўзровень жыцця, неабходны для падтрымання здароўя і дабрабыту

Мэты

• Павысіць дасведчанасць аб няроўнасці магчымасцей
• Развіць фантазію і крытычнае мысленне
• Абудзіць пачуццё суперажывання тым, каму менш пашанцавала ў жыцці

Матэрыялы

• Ролевыя карткі
• Адкрытая прастора (калідор, вялікае памяшканне або пляцоўка на вольным паветры)
• Магнітафон або прайгравальнік кампакт-дыскаў і мяккая (спакойная) музыка
• Капялюш

Падрыхтоўка

• Уважліва прачытайце інструкцыі. Праглядзіце спіс «сітуацый і падзей» і адаптуйце яго з улікам асаблівасцей групы.
• Зрабіце па адной ролевай картцы на кожнага ўдзельніка. Скапіруйце адаптаваныя карткі з дапамогай ксеракса або перапішыце ад рукі, разрэжце іх на палоскі, складзіце некалькі разоў і пакладзіце ў капялюш.

compass-key-date
  • 15 чэрвеняСусветны дзень харчавання

Інструкцыі

1. Стварыце спакойную атмасферу, уключыўшы нягучную фонавую музыку, або папрасіце ўсіх проста захоўваць цішыню.
2. Няхай кожны ўдзельнік выцягне ролевую картку з капелюша. Папрасіце яго не агучваць яе і не паказваць іншым.
3. Прапануйце ўсім заняць месцы (пажадана на падлозе) і ўважліва прачытаць свае карткі.
4. Затым папрасіце ўдзельнікаў пачаць уваходзіць у свае ролі. Каб дапамагчы ім у гэтым, зачытайце некаторыя з наступных пытанняў, робячы паўзу пасля кожнага, каб ва ўдзельнікаў быў час падумаць і вобразна ўявіць сябе і сваё жыццё.
• Як прайшло ваша дзяцінства? У якім вы жылі доме? У якія гульні гулялі? Чым займаліся вашы бацькі?
• Што ўяўляе сабой ваша штодзённае жыццё сёння? Якое ваша сацыяльнае асяроддзе? Што вы робіце па раніцах, у другой палове дня, увечары?
• Які вобраз жыцця вы ведзяце? Дзе вы жывяце? Колькі зарабляеце ў месяц? Чым займаецеся ў вольны час? Як праводзіце адпачынак?
• Што вас хвалюе, чаго вы асцерагаецеся?
5. Папрасіце ўсіх удзельнікаў захоўваць абсалютную цішыню і выстраіцца ў шарэнгу (як на лініі старту).
6. Паведаміце ўдзельнікам, што збіраецеся зачытаць спіс сітуацый і падзей. Кожны раз, калі хто-небудзь з удзельнікаў можа станоўча адказаць на зачытанае сцверджанне, ён павінен зрабіць крок наперад. Астатнія застаюцца на сваіх месцах нерухома.
7. Зачытвайце па адной сітуацыі за раз, робячы паўзу пасля кожнай з іх, каб ва ўдзельнікаў быў час зрабіць крок наперад і паглядзець на сваю пазіцыю адносна астатніх.
8. У канцы папрасіце ўсіх запомніць сваю канчатковую пазіцыю. Дайце пару хвілін для выхаду з роляў і прыступайце да аналізу на агульным абмеркаванні.

Аналіз і ацэнкаGoto top

Спытайце пра ўражанні ад практыкавання ў цэлым, а потым пераходзьце да абмеркавання закранутых праблем і высвятлення таго, чаму ўдзельнікі навучыліся.
• Якія адчуванні ўзнікалі пры пераходзе наперад або стаянні на месцы?
• У які момант тыя, хто часцей «ішоў» наперад, заўважылі, што астатнія ад іх адстаюць?
• Ці ўзнікала ў каго-небудзь адчуванне, што ў нейкі момант яго асноўныя правы чалавека парушаліся?
• Ці могуць удзельнікі адгадаць, якую ролю кожны выконваў у практыкаванні (на гэтым этапе кожны раскрывае сваю ролю)?
• Наколькі лёгка ці цяжка было ўдзельнікам іграць свае ролі? Як яны ўяўлялі сабе чалавека, ролю якога ігралі?
• Ці адлюстроўвае гэта практыкаванне ў нейкай ступені сітуацыю ў грамадстве ў цэлым? Якім чынам?
• Якія правы чалавека пастаўлены на карту ў кожнай з роляў? Ці мог хто-небудзь сказаць, што яго правы чалавека парушаліся або што ён не меў да іх доступу?
• Якія першачарговыя меры можна было б прыняць з мэтай вырашэння праблем няроўнасці ў грамадстве?

Парады для фасілітатараўGoto top

Калі практыкаванне выконваецца на вольным паветры, паклапаціцеся пра тое, каб усім было добра вас чуваць, асабліва калі ў вас вялікая група. Можа быць, варта скарыстацца дапамогай асістэнтаў, каб яны перадавалі ўдзельнікам вашы словы.

Пасля раздачы роляў на этапе абдумвання хтосьці з удзельнікаў можа паскардзіцца, што ён дрэнна ўяўляе сабе жыццё асобы, чыю ролю яму трэба сыграць. Растлумачце, што гэта не мае прынцыповага значэння і што ён павінен сыграць так, як можа, выкарыстоўваючы сваю фантазію.

Каштоўнасць гэтага практыкавання заключаецца ў тым, што ўдзельнікі наглядна бачаць павелічэнне разрыву паміж людзьмі, асабліва бліжэй да канца, калі адлегласць паміж тымі, хто ішоў наперад, і тымі, хто заставаўся на месцы, не можа не кідацца ў вочы. Для ўзмацнення гэтага эфекту важна адаптаваць ролі з улікам жыццёвых рэалій удзельнікаў практыкавання. Уносячы пэўныя карэктывы, сачыце за тым, каб магчымасць рухацца наперад (г. зн. адказваць станоўча) заставалася толькі ў мінімальнай колькасці ўдзельнікаў. Гэты прынцып прымяняецца і ў тым выпадку, калі ў вас вялікая група і вам трэба прыдумаць дадатковыя ролі.

На этапе аналізу і ацэнкі важна высветліць, на падставе чаго ва ўдзельнікаў склалася ўяўленне аб іх персанажах – на падставе асабістага вопыту ці іншых крыніц інфармацыі (з навін, кніг, анекдотаў)? Ці ўпэўнены яны ў дакладнасці ўяўленняў і інфармацыі аб гэтых асобах, на якія яны абапіраюцца? Такім чынам вы можаце паказаць, як працуюць стэрэатыпы і прадузятасці.

Заўвага.

Гэта практыкаванне распрацаваў Эльс ван Моўрык (Something Els) і іншыя.

Гэта практыкаванне асабліва карыснае, калі вы хочаце правесці сувязь паміж рознымі пакаленнямі правоў (грамадзянска-палітычнымі, з аднаго боку, і сацыяльна-эканамічнымі і культурнымі – з другога) і доступам да іх. Праблемы беднасці і сацыяльнага выключэння з'яўляюцца следствам не толькі афіцыйнага прызнання правоў, хоць менавіта ў гэтым і заключаецца праблема бежанцаў і асоб у пошуках прытулку; вельмі часта праблемай складаецца ў адсутнасці эфектыўнага доступу да гэтых правоў.

ВарыянтыGoto top

Першы варыянт дазваляе яшчэ раз паглядзець на сімволіку няроўнасці. Вам спатрэбіцца доўгая тонкая нітка або папяровая стужка, якую можна лёгка разарваць. Калі ўдзельнікі стануць у шарэнгу (як на стартавай лініі), прайдзіце ўздоўж яе, разгортваючы стужку. Пакуль вы ідзяце, кожны ўдзельнік бярэцца за стужку і аказваецца «звязаным» ёй з іншымі. Калі настане час зрабіць крок наперад, некаторыя ўдзельнікі апынуцца перад дылемай: зрабіць крок і разарваць стужку ці ж застацца на месцы. Можа здарыцца і так, што тыя, хто засталіся ззаду, будуць вінаваціць тых, хто пайшоў наперад, у тым, што яны разарвалі стужку. У такім выпадку мае сэнс нагадаць удзельнікам правіла, што кожны раз, калі нехта адказвае «так», ён павінен зрабіць крок наперад. У адваротным выпадку ён павінен заставацца на месцы і не рухацца.

Другі варыянт: правядзіце першы раўнд, як было апісана, а затым перайдзіце да другога, які дасць магчымасць выявіць недаацэненыя раней уменні. Удзельнікі іграюць тыя ж ролі. У другім раўндзе зачытайце падрыхтаваныя загадзя сітуацыі, робячы акцэнт на перавагах, якія могуць мець прадстаўнікі ўразлівых груп насельніцтва менавіта з-за іх становішча, напрыклад:
• Вы размаўляеце больш чым на дзвюх мовах і карыстаецеся імі кожны дзень.
• Вы пераадолелі свой фізічны або псіхічны недахоп, і гэта дало вам упэўненасць у сабе і досыць унутранай сілы, каб захоўваць спакой, нават стаўшы беспрацоўным.
• Вы пакутуеце ад невылечнай хваробы і лепш за іншых ведаеце каштоўнасць жыцця.
• Вы выраслі ў глухой вёсцы і лепш за іншых ведаеце, што такое экалагічны крызіс, які ўзнік з-за змены клімату.
• Вы ведаеце, як жыць са сціплым бюджэтам і дзе можна сэканоміць на куплях.

З дапамогай гэтага метаду можна падкрэсліць няроўнасць у многіх праблемных абласцях, напрыклад у доступе да вады, удзеле ў палітычным і грамадскім жыцці, у гендарных пытаннях. Калі вы засяродзіцеся на іншай праблеме, вам прыйдзецца прыдумаць іншыя ролі і сітуацыі, але пры гэтым памятайце, што некаторыя з іх могуць быць вельмі далікатнымі.

Каб атрымаць як мага больш ідэй і дамагчыся больш глыбокага разумення праблемы ўдзельнікамі, варта спачатку папрацаваць у малых групах, а затым абмяняцца думкамі на агульным абмеркаванні. У такім выпадку фасілітатару, хутчэй за ўсё, спатрэбяцца памочнікі. Паспрабуйце гэты метад у малых групах, пачынаючы з другой паловы аналізу, калі ўдзельнікі ўжо назавуць свае ролі. Папрасіце іх падумаць, у каго ў грамадстве шанцаў і магчымасцей больш, а ў каго – менш і што ў першую чаргу можна і трэба зрабіць, каб прыступіць да вырашэння праблемы няроўных магчымасцей. Можна таксама папрасіць удзельнікаў узяць у якасці прыкладу аднаго з персанажаў і вызначыць, што можна зрабіць для яго, г. зн., якую адказнасць і якія абавязкі ў адносінах да гэтага чалавека нясуць яны асабіста, грамадства і дзяржава.

Прапановы па далейшай працыGoto top

У залежнасці ад сацыяльнага кантэксту, у якім вы працуеце, вы можаце запрасіць на размову з групай прадстаўнікоў арганізацый, якія выступаюць у падтрымку тых ці іншых культурных або сацыяльных меншасцей. Даведайцеся, за што яны ў цяперашні час змагаюцца і як вы разам з маладымі людзьмі можаце ім дапамагчы. Такая асабістая сустрэча дасць магчымасць абмеркаваць некаторыя прадузятасці і стэрэатыпы, аб якіх ішла гаворка ў практыкаванні.

Калі групе захочацца даведацца больш аб праблемах няроўнасці магчымасцей у галіне адукацыі і аб мерах, якія прымаюцца для вырашэння гэтых праблем, звярніцеся да практыкавання «Адукацыя для ўсіх?».

Групе можа спатрэбіцца больш часу для таго, каб разгледзець стэрэатыпныя вобразы людзей, прадстаўленых у гэтым практыкаванні «Зрабі крок наперад». Можна выкарыстаць практыкаванне «Еўрачыгунка: выбіраем вагон» (Euro-rail ‘a la carte’) з навучальнага пакета «Усе розныя – усе роўныя» і спытаць удзельнікаў, з якімі людзьмі яны больш за ўсё або менш за ўсё хацелі б ехаць у адным вагоне.

Ідэі для дзеянняGoto top

Выкарыстайце ідэі з папярэдняга раздзела. Падумайце, як вы разам з іншымі маладымі людзьмі можаце дапамагчы арганізацыям і групам, якія працуюць з сацыяльнымі і культурнымі меншасцямі, і пераўтварыце вашы ідэі ў канкрэтныя справы.

Раздатачныя матэрыялыGoto top

PDFDownload as PDF

Ролевыя карткі

Вы – адзінокая маці, беспрацоўная. Вы – старшыня маладзёжнай арганізацыі, звязанай з палітычнай партыяй, якая ў дадзены час трымае ўладу.
Вы – дачка дырэктара мясцовага банка, вывучаеце эканоміку ва ўніверсітэце. Вы – сын імігранта-кітайца, які валодае паспяховым прадпрыемствам хуткага харчавання.
Вы – дзяўчына-мусульманка арабскага паходжання, якая жыве разам з бацькамі, якія строга прытрымліваюцца норм сваёй рэлігіі. Вы – дачка пасла ЗША ў краіне, дзе вы зараз жывяце.
Вы – салдат тэрміновай службы, які выконвае свой воінскі абавязак. Вы – уладальнік паспяховай імпартна-экспартнай фірмы.
Вы – малады чалавек з інваліднасцю, які перамяшчаецца выключна ў вазку. Вы – пенсіянер, у мінулым рабочы абутковай фабрыкі.
Вы – 17-гадовая дзяўчына-рама, якая не скончыла пачатковую школу. Вы – сяброўка маладога мастака, які ўжывае наркотыкі.
Вы – жанчына з ВІЧ сярэдняга узросту, працаўніца сэкс-бізнэсу. Вы – 22-гадовая лесбіянка.
Вы – беспрацоўны выпускнік універсітэта, які чакае першай магчымасці атрымаць працу. Вы – манекеншчыца афрыканскага паходжання.
Вы – 24-гадовы бежанец з Афганістана. Вы – 27-гадовы бяздомны.
Вы – імігрант з Малі. Вы – 19-гадовы сын селяніна ў аддаленым горным сяле.


Сітуацыі і падзеі
Зачытайце ўслых наступныя сітуацыі. Пасля зачытвання кожнай з іх дайце ўдзельнікам час вырашыць, рабіць крок наперад ці не, а таксама азірнуцца на іншых.

• У вас ніколі не было сур'ёзных фінансавых цяжкасцей.
• У вас добрае жыллё з тэлевізарам і тэлефонам.
• Вы адчуваеце, што ваша мова, рэлігія і культура карыстаюцца павагай у грамадстве, у якім вы жывяце.
• Вы адчуваеце, што ваша меркаванне па сацыяльных і палітычных пытаннях мае вагу.
• Да вас звяртаюцца за парадай па розных пытаннях.
• Вы не баіцеся, што вас спыніць паліцыя.
• Вы ведаеце, да каго звярнуцца за парадай і дапамогай у выпадку неабходнасці.
• Вы ніколі не адчувалі дыскрымінацыі з-за свайго паходжання.
• Ваша сацыяльная і медыцынская абароненасць цалкам адпавядае вашым патрэбам.
• Раз у год вы можаце сабе дазволіць паехаць на адпачынак.
• Вы можаце сабе дазволіць запрашаць да сябе сяброў на вячэру.
• У вас цікавае жыццё, і вы з аптымізмам гледзіце ў будучыню.
• Вы адчуваеце, што можаце сабе дазволіць вучыцца і працаваць па абранай вамі прафесіі.
• Вы не баіцеся праследавання ці нападкаў на вуліцах або ў прэсе.
• Вы можаце прыняць удзел у нацыянальных і мясцовых выбарах.
• Вы можаце свабодна адзначаць найбольш важныя рэлігійныя святы са сваякамі і блізкімі сябрамі.
• Вы маеце магчымасць удзельнічаць у міжнародных семінарах за мяжой.
• Мінімум раз у тыдзень вы можаце сабе дазволіць схадзіць у тэатр або ў кіно.
• Вам не трэба баяцца за будучыню сваіх дзяцей.
• Вы можаце сабе дазволіць купіць новае адзенне як мінімум раз у тры месяцы.
• Вы можаце сабе дазволіць закахацца ў любога, каго выбераце.
• Ваш прафесіянальны вопыт карыстаецца прызнаннем і павагай у грамадстве, у якім вы жывяце.
• Вы можаце карыстацца Інтэрнэтам і выгадамі, якія ён дае.
• Вы не баіцеся наступстваў змены клімату.
• Вы можаце свабодна наведаць любы сайт у Інтэрнэце, не асцерагаючыся цэнзуры.