У цябе добрая памяць? Давай праверым!

Агляд

У гэтым практыкаванні ўдзельнікі шукаюць парныя карткі і задумваюцца над няроўнасцю адукацыйных магчымасцей ва ўсім свеце і аб дасягненні Мэты ўстойлівага развіцця нумар 4 –  якаснай адукацыі для ўсіх.

 

Звязаныя правы
  • Права на адукацыю
  • Права на поўнае раскрыццё сваіх фізічных, інтэлектуальных, духоўных, этычных і сацыяльных магчымасцей
  • Права на роўнасць
Мэты

• Пашырыць веды аб адукацыі і пра тое, як яна закранае ўсе сферы жыцця
• Развіць памяць і навыкі крытычнага аналізу
• Прывіць пачуццё адказнасці, уласнай годнасці і справядлівасці

Матэрыялы

• Набор картак на групу з трох-чатырох удзельнікаў
• Папера і ручкі для заўваг у 2-й частцы практыкавання

Падрыхтоўка
  • Прачытайце ўсе карткі са сцверджаннямі.
  • Азнаёмцеся з Мэтай устойлівага развіцця нумар 4 і яе задачамі (гл. дадатковую главу «Адукацыя»).
  • Зрабіце копіі аркушаў з гульнявымі карткамі і прыклейце іх на кардон, каб яны даўжэй вам праслужылі. Нарэжце 40 картак.
compass-key-date
  • 8 верасняМіжнародны дзень пісьменнасці

Інструкцыі

Спытайце ўдзельнікаў, што ім вядома аб Мэтах устойлівага развіцця (МУР). Пры неабходнасці коратка раскажыце пра МУР, адзначыўшы, што Мэтай устойлівага развіцця нумар 4 з’яўляецца забеспячэнне якаснай адукацыі для ўсіх да 2030 года.

Растлумачце, што практыкаванне складаецца з дзвюх частак: частка 1 – гульня на развіццё памяці; частка 2 – разгляд пытанняў і іх абмеркаванне.

Частка 1. Гульня на развіццё памяці (10 хвілін)

  1. Растлумачце, што ў гульні маецца 20 пар картак; кожная пара ўключае картку са сцверджаннем і адпаведную ёй картку з выявай. Задача ўдзельнікаў – сабраць карткі ў пары. Усе сцверджанні тычацца пытанняў, так ці інакш звязаных з Мэтай устойлівага развіцця нумар 4, правамі чалавека і адукацыяй. Пытанні (набраны курсівам) прызначаны для абмеркавання пазней.
  2. Спытайце, ці ведаюць удзельнікі гульню пад назвай «Канцэнтрацыя», «Памяць», «Пелманізм» ці «Пары», бо менавіта ў яе яны будуць гуляць у малых групах па чатыры чалавекі. Напомніце правілы: перавернутыя плячыма ўверх карткі раскладваюцца на падлозе ці на стале. Удзельнік, які пачынае гульню, пераварочвае дзве карткі. Калі картка (ці абедзве) утрымлівае сцверджанне, то ўдзельнік зачытвае назву карткі і гэта сцверджанне (але не пытанні, выдзеленыя курсівам, – яны для другой часткі практыкавання). Калі карткі не падыходзяць адна да адной, удзельнік зноў пераварочвае іх плячыма ўверх і кладзе на ранейшыя месцы. Затым дзве карткі бярэ наступны гулец. Гульня заканчваецца, калі ўсе карткі будуць перавернуты. Выйграе той, у каго картак больш.

Частка 2. Разгляд пытанняў і іх абмеркаванне (60 хвілін)
1. Запішыце ўсе пытанні на фліпчарце. Папрасіце добраахвотнікаў зачытаць назвы картак, пакуль вы будзеце іх запісваць.
2. Прапануйце групе выбраць 4–6 найбольш цікавых для яе пытанняў.
3. Падзяліце ўдзельнікаў на малыя групы па 4–5 чалавек. Прапануйце кожнай падгрупе выбраць для абмеркавання два пытанні, якія ёй здаюцца найбольш цікавымі для абмеркавання.
4. Пасля ўзгаднення і размеркавання тэм дайце групам 20 хвілін на абмеркаванне двух выбраных варыянтаў. Пытанне, надрукаванае на картцы курсівам, павінна стаць зыходным пунктам для дыскусіі.
5. Па заканчэнні 20 хвілін папрасіце ўдзельнікаў сабрацца на агульнае абмеркаванне. Разглядайце пытанні адно за адным па чарзе. Кожная група мае 5 хвілін на выкладанне свайго матэрыялу і не больш за 5 хвілін на пытанні і адказы.
6. Пасля таго як групы асветляць выбраныя пытанні, пераходзьце да аналізу.

Аналіз і ацэнкаGoto top

У вас ужо была магчымасць абмеркаваць самі пытанні, так што зараз варта ацаніць саму гульню і тое, што даведаліся ўдзельнікі:

  • Ці спадабалася ім гульня на развіццё памяці?
  • Ці падыходзіць яна як уводзіны да абмеркавання праблем адукацыі?
  • Як прайшлі абмеркаванні ў групах? Ці ўсе лічылі, што могуць прыняць у іх удзел?
  • Артыкул 26 УДПЧ абвяшчае права на адукацыю. Што такое права прадугледжвае на практыцы?
  • Ці не занадта шмат цяжкасцей стаіць на шляху адукацыі? Ці дасягальна мэта забяспечыць магчымасці інклюзіўнай і справядлівай адукацыі і навучання на працягу ўсяго жыцця для ўсіх да 2030 года?
  • Як вы лічыце, чаму адукацыя стала адной з Мэт устойлівага развіцця?
  • Што перашкаджае ажыццяўленню права на адукацыю ў вашай краіне, супольнасці або школе?
  • Які ўклад у дасягненне МУР нумар 4 у вашай краіне і (або) у краінах, якія развіваюцца, можаце ўнесці вы, ваша група, ваша супольнасць?
  • Ці існуе небяспека таго, што права на адукацыю ў галіне правоў чалавека акажацца «забытым», калі настолькі востра стаіць неабходнасць паляпшэння адукацыі, якая забяспечвае пісьменнасць і прафесіянальныя навыкі? Калі так, то што можна зрабіць?

Парады для фасілітатараўGoto top

Гэты метад закліканы ўнесці элемент забаўляльнасці ў працэс збору інфармацыі, неабходнай для абмеркавання.

Правядзенне гэтай гульні не нясе для фасілітатара асаблівых цяжкасцей. Перад выкананнем гэтага практыкавання абавязкова прачытайце ўсе карткі. Пераканайцеся, што вы ведаеце, якая картка якой адпавядае, каб даваць парады па ходзе гульні і вырашаць спрэчныя сітуацыі. Тлумачачы правілы, пакажыце адну пару для ілюстрацыі. Пакажыце, чым сцверджанне адрозніваецца ад пытання.

Вы можаце сказаць удзельнікам, што гульня называецца «Памяць», таму што ў ёй трэба запамінаць, дзе ляжаць розныя карткі, каб складаць з іх пары.

 

Другую частку практыкавання можна арганізаваць такім чынам, каб дзве розныя групы абмяркоўвалі адно і тое ж пытанне. Хутчэй за ўсё, гэта дасць больш ідэй. Падгрупам прыйдзецца дамовіцца, якія канкрэтна пытанні абмяркоўваць.

 

Вам прыйдзецца вырашыць, у які момант правядзення практыкавання лепш даць групе падрабязную інфармацыю аб МУР нумар 4. Калі і як вы гэта зробіце, будзе залежаць ад групы і даступнага часу. Вы можаце зрабіць гэта, калі будзеце апісваць само практыкаванне або падчас аналізу. Вы можаце падсумаваць мэты, каб атрымаць лепшае бачанне пытання.

 

Пры капіраванні картак мае сэнс іх павялічыць, каб тэкст лягчэй чытаўся. Калі вы прыклеіце іх на тоўстую паперу, карткі стануць больш даўгавечнымі і імі зручней будзе карыстацца.

На некаторых картках прыводзяцца скарачэнні, напрыклад АПЧ (адукацыя ў галіне правоў чалавека). Апісваючы гульню, растлумачце, што гэтыя літары азначаюць.

Помніце, што каля трэці картак змяшчаюць сцверджанні, якія адносяцца да Мэты ўстойлівага развіцця нумар 4, якая была абвешчана ААН у 2015 годзе. Астатнія карткі прысвечаны праблемам правоў чалавека і адукацыі або праблемам, якія неабходна вырашыць, каб забяспечыць якасную адукацыю для ўсіх.

ВарыянтыGoto top

Калі часу на правядзенне часткі 2 недастаткова, выкарыстайце метад, апісаны ў практыкаванні «Хвіліначку!». Кожны ўдзельнік павінен выбраць адно з пытанняў на картках, якія ў яго ёсць, і гаварыць на гэту тэму на працягу адной хвіліны, не паўтараючыся і не робячы паўз. Гэты варыянт таксама будзе карысным, калі вы лічыце, што ўдзельнікам трэба палепшыць навыкі вуснай прэзентацыі.

У другой частцы можна сэканоміць час, калі загадзя падрыхтаваць набор вельмі павялічаных картак з адпаведнымі назвамі. У такім выпадку замест таго, каб запісваць тэзісы, можна будзе проста прымацаваць гэтыя карткі да дошкі. Гэта зойме менш часу і будзе добра выглядаць.

Прапановы па далейшай працыGoto top

Шэраг праблем, закранутых у гульні на развіццё памяці, можна разгледзець і ў рамках іншых практыкаванняў. Калі вы захочаце абмеркаваць праблему суадносін бюджэту на адукацыю і іншыя сацыяльныя патрэбы і бюджэту на ўзбраенне, можна выканаць практыкаванне «Колькі нам патрэбна?». Праблемы дзіцячай працы і адсутнасці доступу да адукацыі разглядаюцца ў практыкаванні «Гісторыя Ашыка».

Ідэі для дзеянняGoto top

На картках апісаны шэраг праблем, якія стаяць на шляху дасягнення мэты забеспячэння якаснай адукацыі для ўсіх да 2030 года. Група можа выбраць нейкую адну праблему для далейшага вывучэння, пошуку ідэй па дасягненні задач і наступных дзеянняў па іх ажыццяўленні. У раздзеле 3 «Практычныя дзеянні ў падтрымку правоў чалавека» вы знойдзеце рэкамендацыі аб тым, як прыступіць да гэтай задачы.

Чаму б не напісаць пісьмо членам вашага парламента з пытаннем аб тым, што робіць ваша краіна для дасягнення задач у рамках Мэты ўстойлівага развіцця нумар 4.

 

Дадатковая інфармацыяGoto top

Права на адукацыю абвешчана ў артыкуле 26 УДПЧ. Аднак хоць дзяржавы ў цэлым прызналі гэта права і абавязаліся забяспечыць бясплатную пачатковую адукацыю для ўсіх, у рэчаіснасці бясплатная адукацыя існуе не для ўсіх, а толькі для меншасці. Задача 4.1 Мэты ўстойлівага развіцця нумар 4 з’яўляецца апошняй ініцыятывай ААН, накіраванай на забеспячэнне гэтага права для кожнага.

Існуюць і іншыя ініцыятывы па садзейнічанні прасоўвання адукацыі ва ўсім свеце. «Адукацыя для ўсіх» была тэмай Сусветнай канферэнцыі па адукацыі для ўсіх у Джамцьене, Тайланд, у 1990 годзе. Затым, у 2000 годзе, міжнародная супольнасць сабралася ў Дакары, Сенегал, на Сусветны форум па адукацыі для агляду прагрэсу, дасягнутага ў забеспячэнні базавай адукацыі, і ўмацавання прыхільнасці да адукацыі для ўсіх. Каля 1100 удзельнікаў з 164 краін прынялі Дакарскія рамкі дзеянняў, узяўшы на сябе абавязацельствы па забеспячэнні якаснай базавайадукацыі для ўсіх да 2015 года. На ЮНЕСКА была ўскладзена агульная адказнасць за каардынацыю ўсіх міжнародных удзельнікаў, а таксама за падтрыманне глабальнага імпульсу. 
На форуме было прызнана, што розныя краіны сутыкаюцца з рознымі цяжкасцямі: у адных не хапае рэсурсаў, у іншых – палітычнай волі. Адным з вынікаў форуму стала прызнанне таго, што для дасягнення мэт і задач адукацыі для ўсіх і захавання такога становішча неабходна аб'яднаць намаганні шырокага круга партнёраў з розных краінах пры падтрымцы рэгіянальных і міжнародных агенцтваў і інстытутаў.
На форуме падкрэслівалася прынцыповая важнасць навучання па тэмах устойлівага развіцця, міру, эфектыўнага ўдзелу кожнага чалавека ў жыцці грамадства і здаровай эканомікі ў ХХI стагоддзі. Пахвальным вынікам працы Сусветнага форуму па адукацыі стала вызначэнне канкрэтных мэт і тэрмінаў іх дасягнення, а таксама выпрацоўка мер, якія павінны быць прыняты на розных узроўнях для забеспячэння адукацыі для ўсіх. Ці будуць дасягнуты гэтыя мэты і прыняты намечаныя меры – гэта пытанне, адказ на які мы атрымаем толькі ў тым выпадку, калі кожны член грамадства на сваім узроўні ведае пра мэту забеспячэння адукацыі для ўсіх і ўносіць свой уклад у яе дасягненне.

Крыніца:

ЮНЕСКА: Адукацыя для ўсіх. Заключны даклад Сусветнага форуму па адукацыі, 2000 год.

Ініцыятыва Сусветнага форуму па адукацыі супала з прыняццем ААН Мэт развіцця тысячагоддзя (МРТ) да 2015 года. З 8 МРТ толькі дзве звязаны з адукацыяй: мэта 2 (забеспячэнне ўсеагульнай пачатковай адукацыі) і мэта 3 (забеспячэнне гендарнай роўнасці і пашырэння правоў і магчымасцей жанчын).

Дадатковая інфармацыя аб адукацыі для ўсіх даступна на вэб-сайце UNESCO.org; пра МРТ чытайце на www.un.org/millenniumgoals, а інфармацыю аб міжнароднай палітыцы і супрацоўніцтве ў галіне адукацыі і падрыхтоўкі кадраў шукайце на www.norrag.org.

У 2015 годзе Генеральная Асамблея ААН афіцыйна прыняла МУР, якія павінны былі прыйсці на змену Мэт развіцця тысячагоддзя. (Для атрымання агульнай інфармацыі аб МУР гл. раздзел дадатковай інфармацыі ў практыкаванні «Колькі нам патрэбна?» і www.undp.org). Мэта ўстойлівага развіцця нумар 4 тычыцца якаснай адукацыі і прадугледжвае забеспячэнне інклюзіўнай і справядлівай адукацыі і навучання на працягу ўсяго жыцця для ўсіх да 2030 года. МУР нумар 4 мае сем задач:

1 . Да 2030 года забяспечыць, каб усе дзяўчынкі і хлопчыкі атрымалі бясплатную, справядлівую і якасную пачатковую і сярэднюю адукацыю, якая прывядзе да адпаведных і эфектыўных вынікаў навучання.

2. Да 2030 года забяспечыць, каб усе дзяўчынкі і хлопчыкі мелі доступ да якаснага развіцця, догляду і адукацыі дзяцей дашкольнага ўзросту, якія падрыхтуюць іх да пачатковай адукацыі.

3. Да 2030 года забяспечыць роўны доступ да таннай і якаснай тэхнічнай, прафесійнай і вышэйшай адукацыі, у тым ліку ва ўніверсітэтах, для ўсіх жанчын і мужчын.

4. Да 2030 года істотна павялічыць колькасць моладзі і дарослых, якія маюць адпаведныя навыкі, у тым ліку тэхнічныя і прафесійныя, для занятасці, годнай працы і прадпрымальніцтва.

5. Да 2030 года ліквідаваць гендарную няроўнасць у сферы адукацыі і забяспечыць роўны доступ да ўсіх узроўняў адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі для ўразлівых груп насельніцтва, уключаючы асоб з абмежаванымі магчымасцямі, карэнных народаў і дзяцей, якія знаходзяцца ва ўразлівым становішчы.

6. Да 2030 года забяспечыць пісьменнасць і веданне лічэння ўсёй моладзі і значнай часткі дарослых, як мужчын, так і жанчын.

7. Да 2030 года забяспечыць, каб усе навучэнцы набылі веды і навыкі, неабходныя для садзейнічання ўстойліваму развіццю, у тым ліку за кошт адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця і ўстойлівага ладу жыцця, правоў чалавека, гендарнай роўнасці, заахвочвання культуры міру і ненасілля, глабальнага грамадзянства і прызнання культурнай разнастайнасці і ўкладу культуры ва ўстойлівае развіццё.

 

Дадатковую інфармацыю можна знайсці на наступных сайтах:

Раздатачныя матэрыялыGoto top

PDFDownload as PDF

 

Грошы і адукацыя
Без грошай урад не можа выконваць свае абавязацельствы. Гэта таксама пытанне стандартаў: нізкая зарплата настаўнікаў і адсутнасць навучальных матэрыялаў адмоўна адбіваюцца на якасці адукацыі. Няма грошай – няма адукацыі. 
Вы згодны з гэтым?

Гендарная роўнасць і адукацыя
Многія краіны значна прасунуліся ў справе дасягнення гендарнай роўнасці ў адукацыі. Аднак у некаторых краінах дзяўчынкам і жанчынам забаронена наведваць школу.
Ці лічыце вы, што гэта зніжае давер да МУР нумар 4?

Харчаванне і адукацыя
Праграмы «Харчаванне для адукацыі» забяспечваюць школьныя абеды або выдачу харчавання на дом, каб дзеці з бедных сем'яў былі здаровыя і маглі вучыцца.
Ці з'яўляюцца праграмы «Харчаванне для адукацыі» ключавымі для дасягнення задач МУР нумар 4?

Адукацыя для ўсіх
Папярэднія ініцыятывы па забеспячэнні пачатковай адукацыі для ўсіх не дасягнулі сваіх задач. Цяпер МУР нумар 4 ставіць задачу забяспечыць якасную адукацыю і магчымасці навучання на працягу ўсяго жыцця для ўсіх да 2030 года.
Які сэнс у пастаноўцы відавочна недасягальных мэт?

Наркотыкі і адукацыя
Ужыванне алкаголю, цыгарэт і іншых наркатычных рэчываў – праблема многіх школ і ўніверсітэтаў. Залежнасць перашкаджае навучанню і павялічвае гвалт.
Ці можа строгая ўнутрышкольная палітыка ў дачыненні да наркатычных рэчываў вырашыць праблему?

Узбраенне і адукацыя
У многіх краінах вялікая частка бюджэту накіроўваецца на ваенныя выдаткі, а на сацыяльны сектар, асабліва адукацыю, сродкаў не хапае.
Ці можна лічыць бяспеку важнейшай за адукацыю?

Педагогі і адукацыя
Добрыя настаўнікі – гэта неабходнасць. Аднак у многіх краінах, якія развіваюцца, падрыхтоўка настаўнікаў можа быць мінімальнай. 
Ці ёсць неабходнасць у мінімальных патрабаваннях, такіх як дыплом педагога, для ўсіх школьных настаўнікаў?

Міграцыя і адукацыя
Чым больш адукаваны чалавек, тым больш верагоднасць таго, што ён эмігрыруе. Мноства ўрачоў, настаўнікаў, інжынераў і спецыялістаў па інфармацыйных тэхналогіях з краін, якія развіваюцца, працуюць у Еўропе.

Ці можна з пункту гледжання этыкі апраўдаць той факт, што Еўропа выйграе дзякуючы ўцечцы мазгоў з краін, дзе гэтыя людзі сапраўды патрэбны?

Бясплатная адукацыя

Пункт 4.1 МУР абвяшчае забеспячэнне бясплатнай пачатковай і сярэдняй адукацыі для ўсіх да 2030 года.

Ці сапраўды гэта добрая ідэя? Ці не цэняць людзі нешта больш, калі павінны за гэта заплаціць?

Адукацыя ў галіне правоў чалавека

«Кожны чалавек і сацыяльны орган, арыентуючыся на УДПЧ, павінен праз навучанне і адукацыю выхоўваць павагу да правоў і свабод». Генеральная Асамблея ААН.

Якія канкрэтна «сацыяльныя органы» найбольш эфектыўна забяспечваюць адукацыю ў галіне правоў чалавека?

Глабалізацыя і адукацыя

Глабальныя ланцужкі стварэння кошту вымушаюць прадпрыемствы краін, якія развіваюцца, спецыялізавацца на выкананні пэўных задач, напрыклад вырабляць адзенне на фабрыцы, дзе ад працаўнікоў патрабуецца вельмі нізкая падрыхтоўка.

Ці зніжае глабалізацыя каштоўнасць адукацыі?

Мір і адукацыя

Адукацыю ў духу міру трэба ўключыць у афіцыйныя праграмы навучальных устаноў. Атрымання адпаведных ведаў выключна дзякуючы нефармальнаму навучанню відавочна не дастаткова.

Як бы вы ўключылі адукацыю ў духу міру ў афіцыйныя навучальныя праграмы?

Інтэрнэт і адукацыя

У многіх краінах інфармацыйныя тэхналогіі сталі найважнейшай часткай працэсу адукацыі: яны неабходны для даследчай і дамашняй работы.

Калі б кожнае дзіця ў свеце мела доступ да камп’ютара, які патэнцыял можна было б раскрыць? Якія праблемы можна было б вырашыць?

Спорт і адукацыя

 

Спартыўныя заняткі павінны абавязкова ўваходзіць у школьную праграму. Спорт вучыць таму, чаго нельга даведацца на ўроках па іншых прадметах. Ён неабходны для правільнага развіцця цела і розуму.

Ці згодны вы з гэтым сцверджаннем або лічыце, што іншыя прадметы, напрыклад прыкладныя навукі і прафесійнае навучанне, павінны мець прыярытэт?

Універсітэцкая (вышэйшая і далейшая) адукацыя

Пункт 4.3 МУР абвяшчае забеспячэнне роўнага доступу да таннай тэхнічнай, прафесійнай і вышэйшай адукацыі для ўсіх да 2030 года.

Якія меры трэба прыняць для забеспячэння «роўнага доступу» і «таннасці» на практыцы?

Сацыяльнае выключэнне і адукацыя
У некаторых еўрапейскіх краінах дзяцей цыганоў-рама аўтаматычна запісваюць у класы для разумова адсталых проста на падставе іх этнічнай прыналежнасці. У іншых іх накіроўваюць у асобныя школы або класы, якія забяспечваюць адукацыю ніжэйшай якасці і спецыяльна прызначаныя для цыганоў-рама.

Які найлепшы спосаб уключыць такіх дзяцей у адукацыйную сістэму?

Навакольнае асяроддзе і адукацыя

Пункт 4.7 МУР абвяшчае забеспячэнне ўсім навучэнцам ведаў і навыкаў, неабходных для садзейнічання ўстойліваму развіццю, да 2030 года.

Як бы вы ўключылі адукацыю ў галіне навакольнага асяроддзя ў афіцыйныя навучальныя праграмы?

Адукацыя для дарослых

Пункт 4.6 МУР абвяшчае забеспячэнне пісьменнасці значнай часткі дарослага насельніцтва да 2030 года.

Ці мэтазгодна накіроўваць грошы на праграмы ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых, а не ўкладваць іх у будучыню, фінансуючы пачатковую адукацыю?

Дысцыпліна і адукацыя

У розных краінах школы выкарыстоўваюць розныя дысцыплінарныя метады. Сярод іх цялесныя пакаранні, адхіленне ад заняткаў, дадатковая праца, выключэнне і ўдзел у працы савета школы або каледжа.

Як, на вашу думку, лепш за ўсё забяспечваць дысцыпліну ў навучальнай установе?

 

СНІД (ВІЧ) і адукацыя

 

«Першай бітвай, якую мы павінны выйграць у вайне са СНІДам, павінна стаць бітва са сцяной маўчання і кляймом ганьбы» (Кофі Анан).

Якую ролю адукацыйныя ўстановы павінны адыгрываць у барацьбе з ВІЧ (СНІДам)?