(Неафіцыйны агляд)

Канвенцыя Савета Еўропы аб процідзеянні гандлю людзьмі (была адкрыта для падпісання ў Варшаве 16 мая 2005 года з нагоды 3-га Саміту кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў Савета Еўропы). 24 кастрычніка 2007 года Канвенцыя атрымала дзясятую ратыфікацыю, у выніку чаго ўступіла ў сілу 1 лютага 2008 года.
Канвенцыя ўяўляе сабой усёабдымны дагавор, у якім асноўная ўвага надаецца абароне ахвяр гандлю людзьмі і абароне іх правоў. Яна таксама накіравана на прадухіленне гандлю людзьмі і на судовае праследаванне гандляроў людзьмі. Акрамя таго, Канвенцыя прадугледжвае стварэнне эфектыўнага і незалежнага механізму маніторынгу, здольнага кантраляваць выкананне абавязацельстваў, якiя змяшчаюцца ў Канвенцыі. 

Канвенцыя не абмяжоўваецца дзяржавамі – удзельніцамі Савета Еўропы; дзяржавы, якія не з’яўляюцца членамі Савета, і Еўрапейскі саюз таксама могуць стаць Бакамі Канвенцыі.

Мэта і вобласць прымянення канвенцыі

Канвенцыя заснавана на прызнанні прынцыпу, згодна з якім гандаль людзьмі ўяўляе сабой парушэнне правоў чалавека і з’яўляецца злачынствам для годнасці і цэласнасці чалавека. Канвенцыя Савета Еўропы з’яўляецца ўсёабдымным дагаворам, мэты якога наступныя:

• Прадухіленне гандлю людзьмі
• Абарона правоў чалавека ў дачыненні да ахвяр гандлю людзьмі
• Судовае праследаванне гандляроў

Канвенцыя прымяняецца да:

• усіх форм гандлю людзьмі: нацыянальных або транснацыянальных, звязаных або не звязаных з арганізаванай злачыннасцю
• любых ахвяр: жанчын, мужчын або дзяцей
• любых форм эксплуатацыі: сексуальная эксплуатацыя, прымусовая праца або паслугі і г. д.

Меры, прадугледжаныя Канвенцыяй

• Павышэнне дасведчанасці асоб, уразлівых да гандлю людзьмі, і дзеянні, накіраваныя на стварэнне перашкод «спажыўцам», з’яўляюцца аднымі з асноўных мер па прадухіленні гандлю людзьмі.
• Ахвяры гандлю людзьмі павінны быць прызнаны ў гэтым статусе, каб не дапусціць, каб паліцыя і дзяржаўныя органы разглядалі іх як незаконных мігрантаў або злачынцаў.
• Ахвярам гандлю людзьмі прапануецца фізічная і псіхалагічная дапамога і падтрымка іх рэінтэграцыі ў грамадства. Сярод прапанаваных мер – лячэнне, кансультаванне і інфармацыя, а таксама адпаведнае жыллё. Ахвяры таксама маюць права на атрыманне кампенсацыі.
• Ахвяры маюць права мінімум на 30 дзён для аднаўлення і пазбаўлення ад уплыву гандляроў людзьмі, прыняцця рашэння адносна іх магчымага супрацоўніцтва з уладамі. Аднаўляльны від на жыхарства можа быць прапанаваны, калі гэта патрабуе іх асабістая сітуацыя або калі ахвярам неабходна застацца, каб супрацоўнічаць у крымінальным расследаванні.
• Гандаль людзьмі будзе разглядацца як крымінальнае злачынства: гандляры людзьмі і іх саўдзельнікі будуць праследавацца па законе.
• Прыватнае жыццё і бяспека ахвяр гандлю людзьмі будуць абаронены ў ходзе судовага разбору.
• Магчымасць прыцягнення да крымінальнай адказнасці тых, хто карыстаецца паслугамі ахвяры, калі яны ведаюць, што гэта асоба з’яўляецца ахвярай гандлю людзьмі.
• Канвенцыя прадугледжвае магчымасць не накладаць штрафаў на ахвяр за іх удзел у незаконнай дзейнасці, калі яны былі вымушаны зрабіць гэта ў сваёй сітуацыі.
• Грамадзянская супольнасць адыгрывае важную ролю ў прадухіленні гандлю людзьмі і абароне ахвяр. Такім чынам, Канвенцыя заахвочвае супрацоўніцтва паміж дзяржаўнымі органамі, няўрадавымі грамадскімі арганізацыямі і членамі грамадзянскай супольнасці.

Маніторынг

Механізм маніторынгу складаецца з двух элементаў: GRETA, групы незалежных экспертаў па барацьбе з гандлем людзьмі, і Камітэта Бакоў, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі Камітэта міністраў Бакоў Канвенцыі і прадстаўнікі Бакоў, якія не з’яўляюцца членамі Савета Еўропы. GRETA сочыць за ажыццяўленнем Канвенцыі; яна складае справаздачы аб ацэнцы мер, прынятых Бакамi. Тыя Бакі, якія не ў поўнай меры выконваюць меры, вызначаныя ў Канвенцыі, павінны будуць актывізаваць свае дзеянні. Акрамя таго, Камітэт Бакоў можа таксама выносіць рэкамендацыі Боку на аснове справаздачы GRETA.